Мой маб. 375291280678 Паважаныя студэнты!
Скачать 111.06 Kb.
|
Дапоўніце складаны план і тэзісы тэксту (Тэзісы – гэта коратка сфармуляваныя асноўныя палажэнні тэксту).
8) Беларуская мова: яе паходжанне і развіццё. Кароткі канспект тэмы па наступным плане:
Беларуская мова : яе паходжанне і развіцце Мова – гэта адна з найважнейшых прыкмет нацыі, падмурак этнічнага самаўсведамлення народа. Сучасны стан беларускай літаратурнай мовы – вынік працяглага і складанага працэсу яе развіцця, які непарыўна звязаны з лёсам беларускага народа, з плёнам і стратамі яго гісторыі. Таму звернемся да гісторыі, высветлім, калі ўзнікла наша мова, дзе яна развівалася, якое яе месца сярод іншых моў свету, як яна выкарыстоўвалася ў пісьменстве, у грамадскім і культурным жыцці грамадства. Беларуская мова як адна з інаеўрапейскіх моў У залежнасці ад паходжання і наяўнасці ці адсутнасці агульных рыс усе мовы свету падзяляюцца на роднасныя і няроднасныя. Сярод роднасных моў адрозніваюцца моўныя сем’і, групы і падгрупы. Моўная сям’я – вялікая суполка моў, якія ўзыходзяць да аднаго або некалькіх блізкіх старажытных дыялектаў. Выдзяляюць індаеўрапейскую, цюркскую, аўстра-азіяцкую, фіна-угорскую і інш. моўныя сем’і. Індаеўрапейская сям’я – адна з самых вялікіх у свеце. Сёння амаль кожны другі чалавек на планеце гаворыць на мове індаеўрапейскага паходжання. Гэтая сям’я спалучае ў сабе, здавалася б, зусім розныя па прыкметах мовы. Генетычная сувязь паміж індыйскімі і еўрапейскімі мовамі стала вядомай толькі з ХІХ ст., калі вучоныя адкрылі старажытнаіндыйскія рукапісы, напісаныя на санскрыце – сёння ўжо мёртвай мове, якая захоўвала шмат рысаў, уласцівых мовам, пашыраным на Еўрапейскім кантыненце. На санскрыце напісаны вядомыя эпічныя паэмы «Махабхарата» і «Рамаяна». Сёння цяжка ўявіць, што існавала адзіная індаеўрапейская мова, як і цяжка ўстанавіць, ці быў увогуле адзіны індаеўрапейскі народ. Але ў выніку параўнальна-гістарычнага аналізу фактаў розных моў тое, што на тэрыторыі сучаснай Індыі або на Блізкім Усходзе існавалі старажытныя плямёны, якія карысталіся блізкімі дыялектамі і пазней рассяліліся далёка на захад, не выклікае ніякіх сумненняў. Па іншых меркаваннях, прарадзіма індаеўрапейцаў размяшчалася на прасторы ад Дона і Паўночнага Каўказа да Дуная. На працягу некалькіх тысячагоддзяў да новай эры плямёны рассяляліся на вялікай тэрыторыі, адасабліваліся адно ад другога, мовы іх працягвалі развівацца ізалявана, набывалі шмат новых рысаў, таму цяпер вельмі цяжка знайсці агульнае ў такіх, напрыклад, мовах, як літоўская і хіндустані, але лінгвісты гэта робяць. Індаеўрапейская моўная сям’я складаецца з шаснаццаці груп, у яе ўваходзяць і некаторыя асобныя мовы. Індыйская моўная група ўключае такія мовы, як хіндустані, раджастхані, пенджабі, бенгалі, орыя, біхары, маратхі, цыганскую мову. Да яе належаць таксама мёртвыя мовы ведыйская (на ёй напісаны вядомы збор свяшчэнных тэкстаў «Веды») і санскрыт. Іранская група моў уключае персідскую, таджыкскую, курдскую, афганскую (пушту), шугнанскую, асецінскую,рушанскую, ягнобскую і некаторыя іншыя жывыя мовы, да гэтай жа групы належаць і мёртвыя старажытнаперсідская, мідыйская, сагдыйская, парфянская, скіфская. Балтыйская моўная група ўключае жывыя літоўскую і латышскую мову і мёртвую прускую. Даволі шырока распаўсюджана ў Еўропе германская моўная група, яна падзяляецца на паўночнагерманскую падгрупу (дацкая, нарвежская, ісландская, шведская і фарэрская мовы), заходнегерманскую падгрупу (нямецкая, англійская, галандская, фламандская, новаяўрэйская і інш. мовы); усходнегерманская падгрупа прадстаўлена ўжо мёртвымі мовамі (гоцкай, бургундскай і вандальскай). Да мёртвай цяпер лацінскай мовы ўзыходзіць уся раманская група моў (іспанская, французская, партугальская, італьянская, правансальская, сардзінская, каталанская, румынская, малдаўская, рэтараманская). Кельцкая група моў уключае ў сябе ірландскую, шатландскую, брэтонскую, валійскую, гальскую мовы. Адной з самых вялікіх моўных груп з’яўляецца славянская, яна падзяляецца на тры падгрупы: заходнеславянскую (польская, чэшская, кашубская, славацкая, верхне- і ніжне- сербскалужыцкая і мёртвая палабская мовы), усходнеславянскую, самую вялікую, на ёй гаворыць каля 180 млн. чалавек (руская, беларуская, украінская), і паўднёваславянскую (балгарская, македонская, сербская, харвацкая, славенская і мёртвая стараславянская мовы). Зараз індаеўрапейскія мовы вельмі адрозніваюцца між сабой, але быў перыяд іх блізкасці, калі існавала адзіная індаеўрапейская мова, якая толькі падзялялася на дыялекты. Ад тых часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся даволі вялікі пласт слоў, якімі карысталіся тысячы гадоў таму назад старажытныя індаеўрапейцы (арыі), у якіх замацоўвалі яны свае веды аб навакольным свеце і аб сабе. Так, у беларускай мове індаеўрапейскімі паводле паходжання з’яўляюцца тэматычныя групы слоў, што абазначаюць паняцці духоўнага і культурнага жыцця: бог, вера, дух, дзіва, бяда і інш.; часавыя паняцці: век, месяц, дзень, ноч, вечар і інш.; назвы з’яў прыроды: агонь, вада, вецер, дым, неба, снег, холад і інш.; тэрміны роднасці, сваяцтва і іншых адносін паміж людзьмі: маці, брат, сястра, зяць, госць, друг і інш.; назвы частак цела чалавека: вока, вуха, зуб, кроў, мозг, нос і інш.; найменні жывых істот, раслін: звер, алень, воўк, вуж, каза, журавель, дуб, бяроза, вярба, лен, зерне, семя і інш.; назвы прымет якасці: новы, стары, жывы, злы, сухі і інш.; назвы дзеянняу, стану: быць, браць, будзіць, верыць, гарэць, драмаць і інш. Можна параўнаць, з якой ступенню падабенства гучаць у розных мовах некаторыя словы. Параўн.: бел. дзень, рус. і ўкр. день, польск. dzień, літ. deinâ, ст.-інд. dinam, лац. dies, ст.-ірланд. denus, англ. day, фр. doi і г.д. 2. Беларуская мова як адна са славянскіх моў Беларуская мова атрымала ў спадчыну індаеўрапейскую лексіку з мовы старажытных славянскіх плямёнаў, што вылучыліся з агульнаіндаеўрапейскага этнічнага адзінства недзе на мяжы III і II тыс. да н. э. Некаторы час ( да сярэдзіны першага тысячагоддзя нашай эры) славяне жылі сумесна на адносна невялікай тэрыторыі. Праўда, вучоныя спрачаюцца, дзе яна знаходзілася. Яе шукаюць на тэрыторыі сучаснай Польшчы (паміж Одрай і Віслай), ля падножжа Карпат і ў стэпах Паўдневай Украіны. Але найбольш верагодна, што месцам першаснага прыпынку славян стаў раёён вярхоў Прыпяці, Буга, Віслы. Гэта быў агульны перыяд гісторыі славян – агульнаславянскі. Мову славян гатага перыяду называюць агульнаславянскай, або праславянскай. Праславянская мова не была аднолькавай на усей тэрыторыі. Яна члянілася на дыялекты. Вучоныя вылучаюць тры асноўныя яе дыялекты, якія ўмоўна называюць усходнім, заходнім, паўднёвым. Носьбіты славянскіх дыалектаў у старажытнасці былі ў асабліва блізкіх адносінах з балтамі (носьбітамі балтыйскіх дыалектаў). Магчыма, нейкі час існавала адзінства, якое дазваляе гаварыць пра агульную балта-славянскую мову-продак славянскіх і балтыйскіх моў. Паступова славяне пашыралі тэрыторыю свайго рассялення. У I тысячагоддзі н.э. славянская гаворка ўжо гучала ў паўночных раёнах Усходняй Еўропы, на Балканах, на тэрыторыі сучаснай Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Румыніі, у Малой Азіі. Славянская каланізацыя, асіміляцыя неславянскага насельніцтва ішла ў гэты час даволі інтэнсіўна. Але падчас вандровак славян па Еўропе сувязі паміж імі паслабляліся. Гэта прывяло ўрэшце (прыкладна ў сярэдзіне 1 тыс. н.э.) да распаду агульнаславянскага моўнага адзінства, якое мае гісторыю у некалькі тясячагоддзяў. На аснове ўзаемадзеяння дыялектаў, што былі ў недрах праславянскай мовы, і гаворак мясцовага асіміляванага насельніцтва паступова пачалі складвацца славянскія моўныя групы і асобныя мовы. Такім чынам, падобна на тое, як дрэва расце з кораня, ствол яго мацнее і галініцца, так і сучасныя славянскія мовы выраслі з праславянскай мовы, карані якой ідуць у глыб вякоў, да мовы праіндаеўрапейскай. Крона сучаснага славянскага “моўнага дрэва” мае галіны, у якіх групуюцца: 1) усходнеславянскія мовы, 2) заходнеславянскія мовы, 3) паўднёваславянскія мовы. Кожная з гэтых галін мае розную колькасць адгаліванняў. Беларуская мова разам з рускай і ўкраінскай належыць да группы ўсходнеславянскіх моў. Усходнеславянская група – самая малая па колькасці моў, але самая вялікая па колькасці славян, што гавораць на мовах гэтай групы (звыш за 180 млн.чалавек). Носьбіты ўсходніх славянскіх дыялектаў, на аснове якіх сфарміраваліся беларуская, руская і ўкраінская мовы, пачалі актыўна засяляць Усходнюю Еўропу у сярэдзіне 1 тыс. н.э. Традыцыйна доўгі час лічылася, што на базе гэтых дыялектаў, якія мелі высокую ступень агульнасці, у XI ст. узнікла адзіная старажытнаруская літаратурная мова. Яна праіснавала да канца XIII ст., а затым распалася на тры мовы: рускую, беларускую, украінскую. Аднак сёння тэзіс аб поўным дыялектным адзінстве ўсходнеславянскіх моў і адзінай старажытнарускай мове падлягае сумненню. Вучоныя лічаць, што можна гаварыць толькі пра адносна адзіную пісьмова-літаратурную мову ўсходніх славян старажытнага часу (г. зн. яны пісалі амаль аднолькава, на стараславянскай мове – першай літаратурна-пісьмовай мове славян, распрацаванай у IX ст.), але гаварылі па-рознаму. Моўныя продкі беларускай, рускай, украінскай моў, відавочна, належалі да розных, хоць і блізкіх, дыялектных груповак праславянскага свету. А гэта азначае, што яны не мелі адзінай моўнай “калыскі”, кожная з іх развівалася сваім шляхам з праславянскіх дыялектаў. Старажытныя пісьмовыя помнікі ўсходніх славян выразна адлюстроўваюць адметныя рысы, уласцівыя адпаведна будучым беларускай, рускай і ўкраінскай мовам. Разам з тым можна гаварыць і пра шэраг істотных, агульных для гэтых моў асаблівасцей, што адрозніваюць іх ад заходніх і паўднёваславянскіх моў: напрыклад, поўнагалосныя формы голова – галава (у заходніх і паўднёвых славян –glova,glava); пачатковае о/а ў словах тыпу один-адзін, олень-алень (замест е у заходне- і паўднёваславянскіх мовах) і інш. На працягу апошняга тысячагоддзя славянскія мовы развіваліся ў розных умовах. Тым не менш і сёння здзіўляе незвычайная блізкасць гэтых моў у лексічным складзе і структуры слова, у агульнасці каранёў, граматычных форм, сінтаксічных канструкцый. Ва ўсіх славянскіх мовах амаль аднолькава гучаць старажытныя словы, звязаныя з сямейнымі і вытворчымі адносінамі, з раслінным і жывёльным светам, назвы пор года, частак чалавечага цела і г. д. Па падліках вучоных, з перашай тысячы найбольш частотных, ужывальных слоў ва ўсіх славянскіх мовах супадае каля 50 працэнтаў. Усе гэта – водгалас старажытных сувязей продкаў славян. Разам з тым блізкасць славянскіх моў часткова тлумачыцца і агульнасцю гістарычнага лёсу асобных груп славян. На падставе вывучэння міжславянскіх моўных сувязей вучоныя імкнуцца рэканструяваць малюнак узаемных адносін славян у глыбокай старажытнасці. Лічыцца, што чым больш агульных старажытных рыс мае пэўная славянская мова з астатнімі, тым бліжэй да цэнтра старажытнай праславянскай моўнай прасторы знаходзіліся яе носьбіты, і наадварот, чым менш такіх агульных рыс і з меншай колькасцю славянскіх моў яна звязана, тым далей ад цэнтра былі яе носьбіты ў старажытнасці. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: якое месца займалі продкі беларусаў у праславянскай моўнай прасторы? Адназначнага адказу пакуль няма. Аднак многія даследчыкі лічаць, што мова продкаў беларусаў пэуны час займала цэнтральнае месца ў праславянскім свеце. Так, рускі вучоны А. Шахматаў меркаваў, што продкі беларусаў займалі прамежкавае становішча паміж продкамі рускіх, украінцаў і прадстаўнікамі заходніх славян. Сведчанне таму – шэраг агульных для беларускай і заходніх моў працэсаў, сярод якіх найважнейшымі з яўляюцца дзеканне, цеканне, страта мяккага (р). Беларускі даследчык П. Бузук таксама лічыў, што беларуская мова знаходзілася ў цэнтры праслявянскай моўнай прасторы, пра што сведчаць шматлікія рысы, якія звязваюць беларускую мову з мовамі ўсходніх і заходніх славян. Паводле А. Трубачова, продкі беларусаў разам з украінцамі былі бліжэй да носьбітаў дыялектаў, якія леглі ў аснову паўднёваславянскіх моў (сербскай, харвацкай, славенскай, лужыцкай). Ля вытокаў беларускай мовы У розны час і рознымі шляхамі славяне дасягнулі тэрыторіі сучаснай Беларусі. Археолагі вылучаюць некалькі этапаў засялення славянамі беларускіх земляў, якія да гэтага ўжо былі часткова асвоены такімі балцкімі і угра-фінскімі плямёнамі, як літва, лотва, дайнова, яцвягі, голядзь, латыгола і інш. Апошняя хваля масавай славянскай міграціі на Беларусь прыпадае на VI ст. н.э. Аселі тут пераважна плямёны крывічоў, палачан, дрыгавічоў, радзімічаў, якія мелі многа агульнага ў культуры і мове. З VI-VII стст. пачынаецца доўгі і няпросты шлях кансалідацыі гэтых славянскіх плямёнаў, а таксама балтаў і угра-фінаў, якія жылі тут раней, у беларускую народнасць. Славяне, на думку вучоных, прыйшлі на Беларусь хутчэй за ўсё з захаду (з басейна Віслы і Одры) і, магчыма, з паўднёвага захаду (з берагоў сярэдняга і ніжняга Дуная). Яны прынеслі з сабою свае племянныя дыялекты праславянскай мовы, блізкія да гаворак заходніх суседзяў і суродзічаў – будучых палякаў, чэхаў, славакаў, а таксама ўкраінцаў. Гэтыя дыялекты актыўна ўзаемадзейнічалі з балцкімі і угра-фінскімі гаворкамі мясцовага насельніцтва. Славянскія дыялекты паступова асімілявалі (выцеснілі) балцкія. (параўн.: бел.Лучоса і літ. Laukesa, бел. Нявежа і літ. Nevezis). Ад апошніх засталася ў беларускай мове толькі багатая тапаніміка ды гідраніміка (напрыклад, большасць назваў рэк і вадаёмаў на Беларусі балцкага паходжання). Старажытныя крывіцкая і дрыгавіцкія племянныя саюзы паступова перараслі ў дзяржаўныя супольнасці, феадальныя княствы, якія атрымалі пазней назвы Полацкае, Турава-Пінскае, Смаленскае і інш. Ужо ў VIII ст. узнік буйны на той час цэнтр крывічоў – Полацк (у пісьмовых помніках упамінаецца з 862 г.). |