Большасць запазычаных слоў, якія маюць спалучэнні галосных, пішуцца згодна з правіламі беларускай арфаграфіі. У некаторых выпадках іншамоўныя спалучэнні захоўваюцца нязменна.
Калі спалучэнні іо, йо вымаўляюцца як два склады, тады яны на пісьме абазначаюцца:
паміж зычнымі – літарамі іё (ыё) пад націскам і ія (ыя) не пад націскам: біёлаг, біёграф, дамініён, Ліён, аксіёма, бібліёграф, Галакціён, Гесіёд, патрыёт, рацыён, радыёла, стадыён, бастыён; біяло'гія, бібліятэ'ка, геліятро'п, піяне'р, ажыята'ж, перыяды'чны, патрыяты'зм, акцыяне'рны, нацыяна'льны, рацыяналіза'тар;
у пачатку слова – літарамі іо пад націскам і іа не пад націскам: іо'н, іо'нны, Іо'сіф; Іані'чнае мора, іані'йцы, іаніза'цыя, Іакага'ма, Іаркшы'р, Іашка'р-Ала', Іаа'н.
Калі спалучэнні іо, йо вымаўляюцца як адзін склад, тады на пісьме яны перадаюцца:
пасля галосных – праз ё пад націскам і я не пад націскам: раён, раённы, маёр, Маёраў, Лаёла; маянэ'з, маяра'н, маяра'т, раяні'раванне;
у пачатку слова – праз ё: ёг, ёгурт, ёд, ёдзісты, ёт (гук), ёта (літара), ётацыя, ёдаформ, ёднаваты, ётаваны.
Спалучэнне іе абазначаецца на пісьме літарамі іе (ые): гігіе'на, кліе'нт, аўдые'нцыя, арыента'цыя, абітурые'нт, кліенту'ра, іера'рхія, іе'на, іеро'гліф, Іерусалі'м, іерыхо'нскі.
Спалучэнне йе заўсёды вымаўляецца як адзін склад і на пісьме ў пачатку слова і пасля галосных перадаецца праз е: езуіт, праект, канвеер, траекторыя, Феербах, Маерава, фае.
Спалучэнне іа абазначаецца на пісьме літарамі ія (ыя) незалежна ад месца націску: авія'цыя, лія'на, генія'льны, Ілія'да, энтузія'зм, фартэпія'на, піяні'ст, сацыялі'зм, сацыя'льны, варыя'нт, матэрыя'л, матэрыялі'зм, дыя'метр, дыяпазо'н, дыяфра'гма.
Спалучэнне йа на пісьме перадаецца:
пасля галосных і ў пачатку слова – праз я: раяль, пляяда, сакваяж, лаяльны, Савоя, Малая, Мая, ярус, яхта, ярд, яхант, ятаган;
пасля зычных л, с, ц (мяккага), дз і непрыставачных н і з – праз ья, пасля астатніх зычных – праз ’я: мільярд, мільярдны, кальян, мадзьяр, альянс, мільярдэр, саф’ян.
Правапіс прыстаўных галосных і прыстаўных і ўстаўных зычных У беларускай мове ёсць прыстаўныя зычныя в, г і галосныя і, а.
Прыстаўныя галосныя
Прыстаўная галосная і пішацца:
у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай літарай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы;
у пачатку некаторых слоў перад спалучэннямі зычных з першымі літарамі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці слова, што заканчваецца на зычную: іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча; ілгун, ільдзіна. Іржуць коні, калёсы скрыпяць ад Дона да Буга (Куп.). Часамі на цэлыя кіламетры рассцілалася дарога роўным, нібы выбеленым на сонцы, ільняным палатном (К-с). Калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосную, і пасля яго няма знака прыпынку, то прыстаўная літара і не пішацца: Азалаціла восень поле ржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі (К. Ч.). Люблю я прыволле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў... (К-с).
У некаторых словах можа з’яўляцца прыстаўная галосная а: імшара і амшара, іржаны і аржаны, іржышча і аржанішча.
Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і і а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, заржаць, зардзецца, замглёны, замшэлы, прымчацца, вокамгненна. Прыстаўныя і ўстаўныя зычныя
Прыстаўная літара в пішацца перад націскным о:
у пачатку слоў: во'зера, во'льха, во'сень, во'спа, вось, во'кны, во'тчына, во'йкаць, во'бад, во'рыва, во'блака, во'бласць, во'страў, Во'гненная Зямля, Во'льга і інш., у вытворных ад іх словах пасля прыставак: абво'страны, адво'рваць, паво'йкаць, уво'сень; але: о'каць (і вытворныя ад яго), о'дум. Пры змене месца націску о пераходзіць у а і прыстаўная в у гэтых словах не пішацца: абады', азёрны, асе'нні;
перад прыстаўкамі о-, об-, од- (от-): во'кіс, во'кісел, во'клік, во'кліч, во'крык, во'пыт, во'піс, во'бземлю, во'бмацкам, во'быск, во'дгалас, во'дгук, во'ддаль, во'дзыў, во'дпаведзь, во'дпуск, во'дсвет, во'дступ, во'труб’е і інш., а таксама наво'бмацак, наво'ддалек, паво'дле, наво'дшыбе і інш.;
у запазычаных словах: во'хра, во'цат і вытворных ад іх: во'хрыць, паво'хрыць, вòцатнакі'слы і інш.
У словах во'ка, во'стры, во'сем, вако'л і вытворных ад іх прыстаўная в захоўваецца незалежна ад месца націску: вачэ'й, вача'мі, заво'чны, увачаві'дкі, уваччу'; вастры'ць, вастрыня', завастрэ'нне; васьмёра; вако'ліца, навако'лле, вако'лічны.
Перад націскным о у сярэдзіне некаторых слоў пішацца ўстаўная літара в: ніво'дзін, Ляво'н, Ляво'нчанка, Радзіво'наў і інш.
Прыстаўная літара в не пішацца ў запазычаных словах і некаторых уласных імёнах і назвах перад пачатковым націскным [о]: о'пера, о'перны, о'да, о'рдэн, о'фіс, Оксфард, Ом, Омск, Орша і інш.
Прыстаўная літара в пішацца:
перад каранёвым у ў пачатку слоў: ву'гал, ву'да, ву'галь, вуж, ву'зел, ву'зы, ву'ліца, вунь, вус, ву'сны, ву'ха, ву'чань, а таксама ў вытворных ад іх словах незалежна ад месца націску: абву'глены, каменнаву'гальны, чатырохвуго'льнік, заву'лак, наву'дзіць, вудзі'льна, вузлы', вузлава'ты, вуса'ты, чарнаву'сы, вуса'ч, вучы'цца, наву'ка, навуча'льны, педвучы'лішча, вушэ'й, вуша'мі, завушні'цы, лапаву'хі, залатаву'ст і інш.;
перад націскнымі прыстаўкамі у-, уз- (ус-): ву'праж, ву'згалаўе, ву'сцілка, ву'сціш, ву'сцішна.
Устаўная літара в пішацца ў сярэдзіне слоў:
перад націскным у: паву'к, ціву'н, караву'л, есаву'л, а таксама ў вытворных ад іх словах незалежна ад месца націску: павукі', павуці'нне, павучо'к; цівуно'м; караву'льны; есаву'льскі;
перад у ва ўласных імёнах і геаграфічных назвах: Матэвуш, Навум, Навумаўка, Тадэвуш.
Прыстаўная літара в не пішацца перад націскным пачатковым у:
у запазычаных словах: у'льтра, ультрафіяле'тавы, у'нтэр, у'нікум, у'нія, у'рна; але: ву'стрыца;
ва ўласных імёнах і назвах: Ульяна, Ула, Умань, Уздзенскі раён, Узда, Урал, Узбекістан, Украіна, Ушачы, Уэльс і інш.
Прыстаўная літара г пішацца ў займенніках гэты, гэтакі, гэтулькі і ў прыслоўях гэтак, гэтаксама, дагэтуль, адгэтуль.
З прыстаўной літарай г пішуцца выклічнікі: гэй, го, га.
|