Главная страница
Навигация по странице:

  • Родавы тып маўленчых жанраў Відавы тып маўленчых жанраў

  • Навроцкая. Змест


    Скачать 468.23 Kb.
    НазваниеЗмест
    АнкорНавроцкая
    Дата16.12.2021
    Размер468.23 Kb.
    Формат файлаdocx
    Имя файлаbelaruskaya_mova_kultura_maulennya.docx
    ТипДокументы
    #305790
    страница12 из 24
    1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   24

    2.4. Спецыфіка перакладу на беларускую мову



    Пераклад – гэта адшукванне адпаведнікаў (па значэнні) розных адзінак дзвюх ці некалькіх моў. Галоўная задача, якая паўстае перад перакладчыкам – дакладна асэнсаваць усю выразна-эмацыянальную сістэму аўтара, усвядоміць яе функцыі і перадаць іх сродкамі сваёй мовы.

    Асабліваць перакладу з блізкароднасных моў палягае ў тым, што неабходна размяжоўваць асаблівасці кожнай з моў.

    Спецыфіка беларускай мовы, яе лексічнай, словаўтваральнай, граматычнай сістэмы і магчымыя трансфармацыі пры перакладзе на рускую мову ў большасці разгледжаны ў папярэднім раздзеле.

    Звернем увагу на некаторыя асобныя выпадкі, якія могуць выклікаць цяжкасці. Так, пры перакладзе тэкстаў на беларускую мову неабходна ўлічваць наступныя асаблівасці:

    1) беларускія пытальныя сказы нярэдка пачынаюцца з часціцы ці, якая стаіць у пачатку сказа. У рускай мове ёй адпавядае ли/ль:

    Будем ли мы стараться изучать свою культуру, свой язык? – Ці будзем мы старацца вывучаць сваю культуру, сваю мову?

    Я ль не говорил? – Ці ж я не казаў?

    Не рано ли? – Ці не зарана?

    2) руская пытальная часціца разве па-беларуску перакладаецца часціцай хіба´: Разве можно быть образованным человеком и не знать национального языка? – Хіба можна быць адукаваным чалавекам і не ведаць нацыянальнай мовы?

    3) займеннікі кто-то, что-то, кое-кто, кое-что, кое-какой перакладаюцца на беларускую мову як нехта, нешта, абы-хто, абы-што, сякі-такі, хто-ніхто, які-ніякі, чый-нічый, сёй-той і інш.;

    4) пры перакладзе фразеалагізмаў нельга ігнараваць нацыянальныя традыцыі. Гэта можа прывесці да недарэчнасцей, напрыклад: метать гром и молнии памылкова перакладаецца як шпурляць гром і маланкі (правільна: даваць перуноў), по щучьему велению – па шчупаковаму загадзе (на шчупакова казанне), утро вечера мудренее – раніца мудрэйшая за вечар (пераначуем – болей пачуем), олух царя небесного – ёлупень цара нябеснага (асёл маляваны). Такім чынам, неабходна выбіраць нацыянальна спецыфічныя фразеалагізмы.

    Перш чым пачаць перакладаць пэўны тэкст на беларускую мову, варта прачытаць яго цалкам на рускай мове. Трэба добра ведаць змест, сюжэт, структуру тэксту, правільна зразумець значэнне слоў. Толькі ў такім выпадку можна зрабіць асэнсаваны пераклад з рускай мовы на беларускую. Так, у беларускай мове разгалінаваная сістэма сінонімаў, якія адрозніваюцца адценнямі значэння. Улічваць іх неабходна, каб папярэдзіць моўныя недарэчнасці. Напрыклад, рускае слова угол па-беларуску можа перакладацца як рог (на рагу вуліцы), вугал (прамы), кут (сядзець на куце), рус. любіць – бел. любіць (маці, радзіму, музыку) і кахаць (мужа, жонку) і г.д.

    Такім чынам, асноўнае, што трэба ўлічваць пры перакладзе, – гэта змест кожнага слова, спалучальнасць слоў, бо паслоўны пераклад не заўсёды адпавядае зместу выказвання.

    3. Маўленчая камунікацыя. Тэкст як асноўная камунікацыйная адзінка




    3.1. Формы і тыпы маўлення. Паняцце тэксту. Маўленчыя жанры



    Нягледзячы на тое, што мова і маўленне знаходзяцца ў цеснай узаемасувязі, яны адрозніваюцца як сістэма структурных элементаў і рэалізацыя, выкарыстанне гэтай сістэмы.

    Як ужо адзначалася вышэй, мова – гэта сродак зносін, упарадкаваная сукупнасць моўных адзінак, якія існуюць як аб’ектыўная рэчаіснасць, у той час як маўленне – канкрэтнае ўжыванне гэтага сродку, сам працэс зносін.

    Камунікацыя – шырокае паняцце. Яна можа рэалізоўвацца з дапамогай невербальных (жэсты, міміка, спецыфічныя сігналы, знакі) і вербальных (слоўных) сродкаў. Аднак найбольш распаўсюджаны і дзейсны від камунікацыі ў грамадстве – маўленчая (вербальная). Маўленчая дзейнасць – гэта сапраўдны ўніверсальны сродак зносін паміж людзьмі.

    Адрозніваюць наступныя формы маўлення: вуснае і пісьмовае, знешняе і ўнутранае, публічнае і непублічнае, падрыхтаванае і непадрыхтаванае (спантаннае),маналагічнае і дыялагічнае.

    Паколькі вуснае маўленне адбываецца ва ўмовах непасрэднага кантакту суразмоўцаў, то значна ўзрастае роля дапаможных маўленчых сродкаў (інтанацыі, тэмбру, паўз, лагічнага націску і г.д), а таксама невербальных сродкаў (рухі, выраз твару). Усе гэтыя сродкі суправаджаюць выказванне, узмацняюць яго выразнасць і робяць працэс паразумення больш эфектыўным. Нездарма Бернард Шоу гаварыў, што ёсць пяцьдзесят спосабаў сказаць “так” і пяцьсот спосабаў сказаць “не”, але ёсць толькі адзін спосаб напісаць гэта [23, с. 35]. Паводле розных звестак навукоўцаў, у працэсе камунікацыі з дапамогай невербальных сродкаў перадаецца ад 45% да 80% інфармацыі.

    Вуснае маўленне можа быць падрыхтаваным публічным (лекцыя, даклад) і непадрыхтаваным непублічным (гутарка па тэлефоне). Аднак усім відам вуснага маўлення ў большай ці меншай ступені ўласціва непасрэднасць і высокі ўзровень эмацыянальнасці.

    У адрозненне ад вуснага маўлення, пісьмовае не мае іншых дапаможных сродкаў выразнасці, акрамя моўных. Гэта звычайна падрыхтаванае маўленне, больш строгае па форме (дакладней выбраны словы) і складанае па змесце (пераважаюць складаныя сказы).

    Трэба адзначыць, што калі вуснаму падрыхтаванаму публічнаму маўленню будуць адпавядаць характарыстыкі толькі пісьмовага, яно не будзе добра ўспрымацца слухачом, створыцца эфект завучанасці, манатоннасці. Непасрэднасць і эмацыйнасць вуснага маўлення дапамагаюць пазбегнуць камунікацыйных няўдач, напрыклад, пры выступленні з дакладам на канферэнцыі, абароне дыпломнага праекта.

    Унутранае маўленне характарызуецца стыхійным афармленнем думкі, без дакладнай слоўнай фармулёўкі ў выказванне. Яму ўласцівы адрывістасць, хуткасць мыслення, сцісласць, паколькі сам сабе чалавек не мае патрэбы апісваць падрабязна тое, што ён робіць або збіраецца рабіць. Часам нейкую інфармацыю асоба можа ведаць на ўзроўні ўнутранага маўлення (мець пра яе пэўнае ўяўленне), але не можа яе выказаць на ўзроўні знешняга маўлення.

    У знешнім маўленні афармленне думкі мае вусную ці пісьмовую форму. Гэты від маўлення разлічаны на ўспрыманне іншай асобай, таму яму неабходна паўната ў афармленні думкі, пабудова дакладнага, выразнага выказвання. Знешняе маўленне можа быць маналагічным ці дыялагічным.

    Маналог (грэч. monos – адзін, logos – слова, маўленне) – разгорнутая форма маўлення ад першай асобы, прызначаная для слухача або чытача і разлічаная на яго ўспрыманне. Маналог структурна і сэнсава звязаны. Асобныя часткі маналога могуць змяшчаць у сабе сродкі, характэрныя для дыялагічнага маўлення (звароткі, рытарычныя пытанні і інш.). Іх мэта – актывізаваць увагу адрасата, зацікавіць яго.

    Дыялог (грэч. dialogos – размова, гутарка) – форма маўлення, у якой удзельнічаюць два ці некалькі чалавек9 і якая характарызуецца непасрэднай сувяззю выказванняў з сітуацыяй. Выказванне ў дыялогу называюць рэплікай. Рэплікі хоць і звязаны паміж сабой па сэнсе і будове, але характарызуюцца непасрэднасцю, непадрыхтаванасцю, эмацыйнасцю. Значную ролю ў вуснай форме дыялогу адыгрываюць пазамоўныя сродкі (інтанацыя, жэсты і інш).

    Мова і маўленне належаць да маўленчай дзейнасці – сукупнасці псіхафізіялагічных дзеянняў чалавечага арганізма, якія неабходныя для фарміравання, перадачы і ўспрыняцця думкі [23, с. 38]. Вынікам маўленчай дзейнасці чалавека з’яўляецца тэкст.

    Паводле сучасных лінгвістычных падыходаў, зыходнай адзінкай вербальнай камунікацыі з’яўляецца менавіта тэкст, а не выказванне, паколькі любое выказванне не выкарыстоўваецца ізалявана, а ў пэўнай сістэме, якой і выступае тэкст [37, с. 146]. Як адзначае прафесар А. Я. Супрун, “тэкст, уласна кажучы, галоўная ці нават адзіная выява мовы. Нічога, апрача тэкстаў, для спасціжэння мовы нам не дадзена” [42, с. 259].

    Тэкст (ад лац. textum – тканіна, сувязь, будова) – твор маўленчай дзейнасці (напісаны, надрукаваны або вусны), які валодае сэнсавай і структурнай звязнасцю і завершанасцю.

    У залежнасці ад спосабу перадачы зместу і арганізацыі тэксту адрозніваюць тыпы маўлення (іх яшчэ называюць тыпы тэкстаў): апісанне, апавяданне і разважанне, а таксама доказ як падтып разважання. Кожны з іх вызначаецца ўласнай кампазіцыяй і характэрнымі асаблівасцямі зместу.

    Апавяданне выкарыстоўваецца для дынамічнай перадачы фактаў, з’яў, дзеянняў і г.д. Падзеі ў тэксце такога тыпу разгортваюцца ў часе і прасторы. У моўнай арганізацыі гэта прадвызначае пераважнае выкарыстанне дзеясловаў.

    Апісанне ўжываецца для статычнай (у адных часавых і прасторавых межах) характарыстыкі асоб, прадметаў, з’яў і г. д. Прыметы аб’екта пералічваюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Найбольш важнай асаблівасцю апісання з’яўляецца адсутнасць развіцця дзеяння, таму ў такіх тэкстах часцей выкарыстоўваюцца назоўнікі, прыметнікі, радзей дзеясловы-выказнікі, якія, як правіла, маюць аднолькавую форму і значэнне знаходжання або існавання (прысутнічае, функцыянуе, размяшчаецца і г. д.).

    Разважанне – такі тып маўлення, які мае на мэце апісаць прычынна-выніковыя сувязі фактаў навакольнай рэчаіснасці. Для разважання ўласцівы лагічны і аргументаваны выклад думкі, які звычайна адбываецца паводле наступнай схемы: тэзіс (выказваецца пэўнае меркаванне) – доказ (аргументы, прыклады) – выснова (вынік роздуму). Сярод моўных канструкцый пераважаюць складаназалежныя сказы, выкарыстоўваюцца парныя злучнікі (калі – то, так – як, не толькі – але і, наколькі – настолькі і інш.) Доказ лічыцца падтыпам разважання і звычайна выкарыстоўваецца ў дакладных навуках (матэматыка, геаметрыя) пры разглядзе тэарэм і ўраўненняў.

    Адзначым, што элементы розных тыпаў тэкстаў могуць спалучацца. Так, апавяданне можа перакрыжоўвацца з апісаннем і разважаннем, апісанне часам пераходзіць у апавяданне, а разважанне – у апісанне.

    У залежнасці ад функцыянальна-стылістычнай і жанравай прыналежнасці (мастацкі, публіцыстычны, навуковы тэкст, апавяданне, нарыс, анатацыя і г.д.) тэксты таксама будуць мець сваю спецыфічную будову і асаблівыя моўныя сродкі.

    У апошні час навукоўцы вывучаюць тэкст з пункту гледжання камунікацыйных патрэб і размяжоўваюць тры групы тэкстаў:

    1) тэксты, змест якіх заўсёды разгортваецца паводле абавязковых інфармацыйных мадэляў, што склаліся і прынятыя ў пэўнай камунікацыйнай сферы і з’яўляюцца адной з асноўных прымет пэўнага жанру, напрыклад, тэкст інструкцыі да нейкага прыбора, тэкст тэатральнай афішы і да т. п. Без ведання такіх мадэляў немагчыма правільна стварыць тэкст такога жанру. Важна, што крытэрыем цэласнасці і камунікацыйнай правільнасці для чытача такога тыпу тэкстаў будзе захаванне ўсіх складнікаў абавязковай мадэлі.

    2. Тэксты, змест якіх разгортваецца паводле мадэляў, якія маюць дастаткова агульны характар, і кампаненты зместу могуць не толькі пашырацца, але і скарачацца, прычым паслядоўнасць выкладу звестак можа вар’іравацца (рэцэнзія, характарыстыка, аўтабіяграфія і г. д.).

    3. Тэксты нерэгламентаваных інфармацыйных мадэляў, змест якіх не строга не вызначаны з боку жанру і камунікацыйнай сферы, хаця і існуюць узоры, на якія яны могуць арыентавацца (прыватная перапіска, большасць жанраў мастацкай літаратуры і г. д.) [37, с. 147].

    З паняццем вербальнай камунікацыі неразрыўна звязаны маўленчыя жанры, дзе адбор і арганізацыя моўных сродкаў маюць сваю спецыфіку. Звернем увагу на вусныя публічныя маналагічныя жанры маўлення, якія вылучаюць навукоўцы для сучасных умоў [4, с. 438 - 439].

    Табліца 10. Маўленчыя жанры


    Родавы тып маўленчых жанраў

    Відавы тып маўленчых жанраў

    Сацыяльна- палітычнае красамоўства

    даклад-справаздача

    палітычная прамова

    агітацыйная прамова

    мітынговая прамова

    парламенцкая прамов

    Красамоўства ў ВНУ

    лекцыя

    даклад

    Школьнае красамоўства

    школьная лекцыя на ўроку

    лекцыя для бацькоў

    Акадэмічнае красамоўства

    навуковы даклад

    агляд

    рэферат

    Сацыяльна- побытавае красамоўства

    пахвальная прамова,

    застольная прамова

    вусны бытавы расказ

    Лекцыйнае красамоўства

    лекцыя-дэманстрацыя (суправаджае фільм, канцэрт, экскурсію і г. д.)

    лекцыя-рэпартаж, успамін, інструктаж і г. д.

    лекцыя аб міжнародным становішчы

    рэлігійнае красамоўства

    пропаведзь

    палеміка

    трактат

    Судовае красамоўства

    абвінаваўчая прамова

    абараняльная прамова

    Ваеннае красамоўства

    прамова-загад

    інструкцыйная прамова

    натхняльная прамова

    Дыпламатычнае красамоўства

    прамова на міжнароднай канферэнцыі

    выступленне ў працэсе пэўнага дыпламатычнага акту


    У сувязі з маўленчымі жанрамі цікавым пытаннем з’яўляецца выкарыстанне беларускай мовы ў кожным жанры маўлення. Навукоўцы прыходзяць да думкі, што чым у большай ступені выяўляецца інтэрнацыяналізацыя ў той ці іншай сферы зносін, тым у большай ступені рэалізавана тэндэнцыя пераходу да мовы міжнацыянальных зносін (у выпадку Беларусі мовай міжнацыянальных зносін з’яўляецца руская) [4, с. 439].

    Аднак беларускамоўнае красамоўства ў розныя гістарычныя перыяды і ў сучасных умовах прадстаўлена не менш шырока, чым рускамоўнае. Выдатнымі прадстаўнікамі беларускага рэлігійнага красамоўства з’яўляюцца Кірыла Тураўскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, школьнага – Якуб Колас (працаваў настаўнікам), судовага – Францішак Багушэвіч (быў адвакатам), акадэмічнага – сучасныя аўтарытэтныя даследчыкі беларускай мовы, літаратуры, культуры Арнольд Міхневіч, Генадзь Цыхун, Адам Мальдзіс, Таццяна Шамякіна, Таццяна Казакова, Сяргей Запрудскі, Таццяна Рамза, Галіна Малажай, Аляксандр Лукашанец і іншыя.

    1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   24


    написать администратору сайта