Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1. Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт
Скачать 6.39 Mb.
|
[26.9(7.10). 1788—26.7(6.8). 1877]Мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф. Нарадзіўся ў вёсцы Гразівец Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Чавускі раён) у сям'і псаломшчыка. Адукацыю атрымаў у Магілёўскай гімназіі, потым у Магілёўскай духоўнай семінарыі. Там ён грунтоўна авалодаў стараславянскай, лацінскай, грэчаскай і французскай мовамі, вывучаў польскую і старажытнаяўрэйскую мовы, што, пры дасканалым валоданні беларускай і рускай мовамі, адкрывала яму шырокія перспектывы даследчыка ў галіне мовазнаўства. 3 1812 Насовіч працаваў выкладчыкам рускай мовы і славеснасці вышэйшага аддзялення Аршанскага духоўнага вучылішча, выкладчыкам, рэктарам Мсціслаўскага духоўнага вучылішча (1813 – 22 гг.), загадчыкам, наглядчыкам, выкладчыкам Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў (1822 – 43 гг.). Пераезды па службе, а таксама падарожжы па Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губернях далі яму магчымасць глыбока пазнаёміцца з народнай творчасцю, сабраць багаты лексічны, фразеалагічны і фальклорны матэрыял з розных рэгіёнаў Беларусі. Таму, выйшаўшы ў 1843 г. у адстаўку і пасяліўшыся ў Мсціславе, ён заняўся навуковай работай. У выніку цеснага супрацоўніцтва з Археаграфічнай камісіяй, этнаграфічным аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства, Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Пецярбургскай Акадэміі навук ён распачаў падрыхтоўку першага гістарычнага слоўніка беларускай мовы пад назвай «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», выдадзеных у 1853 годзе, рукапіс якога завяршыў у 1867. У ім ён даў тлумачэнне і лексікаграфічную інтэрпрэтацыю 13 тысячы слоў (рукапіс зберагаецца ў бібліятэцы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу). Значнае месца ў яго творчай спадчыне займаюць фальклорна-этнаграфічныя працы, у якіх аналізуецца і асэнсоўваецца жыццё і побыт народа, яго духоўны свет і мараль, звычаі і павер'і, практычная мудрасць і вусная паэтычная творчасць. Здабыткам беларускай фалькларыстыкі сталі яго зборнікі «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Зборнік беларускіх прыказак» (1867). У апошнім ён змясціў каля 3500 прыказак, прымавак і блізкіх да іх прыгаворак, праклёнаў, скорагаворак і інш., тонка прааналізаваў змест і сэнс «маральна-практычнай філасофіі простага народа», мудрых гаспадарчых і прыродных назіранняў. У многіх выпадках ён высвятляў паходжанне, прыводзіў эквіваленты з рускай, а часам і іншых моў. За гэты зборнік яму прысуджаны залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства, ён абраны членам гэтага таварыства па аддзяленні этнаграфіі. У зборніку «Беларускія песні» (1873), акрамя 350 тэкстаў песень, даследчык змясціў шэраг артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Падрыхтаваны Насовічам зборнік, у якім былі сабраны беларускія вусна-паэтычныя творы (байкі, легенды, павер'і, быліны, анекдоты і інш.), не быў выдадзены, і сёння лёс яго невядомы. Да гэтых зборнікаў Насовіч пісаў прадмовы, дзе выказваў свае погляды на беларускую народную вусна-паэтычную творчасць народа, рабіў фанетыка-граматычныя і лексічныя каментарыі, тлумачэнне асобных выразаў і слоў. Значную ўвагу надаваў Насовіч пытанням гісторыі, асабліва старажытнай гісторыі Беларусі. У гісторыка-лінгвістычным даследаванні «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» ён даводзіў, што назвы плямён «дрыгавічы», «радзімічы» і «крывічы» паходзяць ад беларускіх народных слоў. Ён пераклаў з лацінскай мовы трохтомную працу А.Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і Вялікага княства Літоўскага і праліта святло на гісторыю беларускіх зямель у часы з 1217 па 1696 гг. Іван Іванавіч – аўтар грунтоўнай (каля 1000 старонак) гісторыка-мемуарнай працы «Успаміны з майго жыцця», дзе дадзена шырокая панарама тагачаснага грамадства, раскрыты духоўныя інтарэсы і маральнае аблічча беларускай інтэлігенцыі з канца 18 да сярэдзіны 19 ст. Значнае месца ў гэтым творы адведзена педагагічным ідэям самога Насовіча, які больш як 30 гадоў працаваў на ніве асветы (рукапіс захоўваецца ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН Беларусі). Асноўнае месца ў навуковай спадчыне Насовіча займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы», над якім ён самааддана працаваў 16 гадоў (скончыў у 1863 г., выдадзены ў 1870 г.). Гэта навукова- лінгвістычны летапіс народа і часу, самы поўны на той час збор лексікі і фразеалогіі жывой беларускай мовы , які ахоплівае больш за 30 тысяч слоў. У гэтым арыгінальным і непаўторным творы засведчаны стан і ўзровень развіцця беларускай мовы сярэдзіны 19 ст., данесены нашчадкам лексічныя скарбы і фразеалагічнае багацце нацыянальнай мовы. Матэрыялы для слоўніка Насовіч чэрпаў з гаворак Магілеўшчыны, Міншчыны, Віцебшчыны, Гродзеншчыны, некаторых паветаў Прывіленскага краю – г. зн. усяго моўнага ландшафту тагачаснай Беларусі. Аўтар свядома не ўключаў у рэестр словы, агульныя для беларускай і рускай моў. Для пацвярджэння ўжывальнасці слоў і дакладнасці тлумачэння іх семантыкі выкарыстоўваў самы аўтарытэтны ілюстрацыйны матэрыял – народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы. Многія словы ўзяты са старабеларускіх пісьмовых помнікаў. Усе значэнні слоў і словазлучэнняў раскрываюцца аўтарскімі тлумачэннямі і цытатамі з дыялектнай, фальклорнай ці агульналітаратурнай мовы; часам даецца этымалогія слоў. Такім чынам, у «Слоўніку...» шырока выкарыстана жывое народнае беларускае слова, да гэтага часу ён з'яўляецца унікальным творам у беларускай лексікаграфіі. (Паводле І.П. Хаўратовіча) |