Главная страница
Навигация по странице:

  • СЦЯПАН НЕКРАШЭВІЧ

  • ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ

  • Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1. Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт


    Скачать 6.39 Mb.
    НазваниеБеларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт
    АнкорДапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1.doc
    Дата05.06.2018
    Размер6.39 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаДапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1.doc
    ТипДокументы
    #19985
    страница14 из 22
    1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   22

    КАРСКІ ЯЎХІМ ФЁДАРАВІЧ


    [20.12.1860(1.1.1861)—29.4.1931]

    Філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф жыў і працаваў на мяжы дзвюх эпох. І яго дзейнасць – цэлая эпоха. Нарадзіўся ў вёсцы Лаша Гродзенскага павета ў мнагадзетнай сям'і настаўніка. Яго бацька ў пошуках лепшай долі не раз пераязджаў з месца на месца (вёскі Лаша на Гродзеншчыне, Ятра і Бярозавец на Навагрудчыне, Волма на Міншчыне), што дазволіла будучаму вучонаму з маленства глыбей спазнаць Беларусь і яе духоўную культуру. Пачатковую адукацыю атрымаў у Ятранскім народным вучылішчы. На вучобу ў гімназіі не было сродкаў, таму паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча, а потым у семінарыю. Каб матэрыяльна дапамагчы сям'і, у семінарскія часы даваў прыватныя ўрокі. У 1881, закончыўшы вучобу ў семінарыі, паступіў на казённы кошт у Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут (Украіна), дзе ў свой час у колішнім юрыдычным ліцэі вучыўся Ф.Багушэвіч. У 1885 пасля выдатнага заканчэння інстытута ўладкаваўся на працу ў Вільні і на працягу 8-мі гадоў выкладаў рускую і стараславянскую мовы, а таксама рускую літаратуру ў 2-ой Віленскай гімназіі. У 1891 здаў у Варшаве магістарскі экзамен, а праз два гады за даследаванні беларускай мовы савет Кіеўскага універсітэта прысудзіў яму вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці (гэта была першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве). У 1893 ён перабраўся ў Варшаву і надоўга звязаў свой лёс з Варшаўскім універсітэтам, дзе спачатку працаваў выкладчыкам-лектарам, з 1897 прафесарам кафедры рускай і славянскай моў і рускай літаратуры, а пазней і рэктарам. За працы па беларусазнаўстве ў 1894 узнагароджаны вялікім залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. А затым былі шматлікія даследаванні ў галіне славяназнаўства. Яго «Граматыка царкоўнаславянскай мовы» вытрымала 19 выданняў. Манаграфіі, артыкулы па старажытнарускай і сучасных славянскіх мовах – усё гэта шчодры ўклад сына беларускага народа ў скарбніцу славянскай культуры.

    Але галоўны клопат жыцця Карскага – беларусістыка. 37 гадоў жыцця Карскі аддаў сваёй асноўнай працы – шматтомнай манаграфіі «Беларусы», у якой на аснове глыбокага параўнальна-гістарычнага даследавання гісторыі мовы, фальклору, пісьменнасці, шматвяковай культуры беларускага народа ўпершыню была навукова абгрунтавана яго нацыянальная самабытнасць як самастойнага славянскага народа. Тры тамы «Беларусаў», якія ўключаюць сем кніг, – гэта сапраўдная энцыклапедыя беларусазнаўства, роўнай якой, па прызнанні аўтарытэтных вучоных, няма ні ў аднаго славянскага народа. Вучоны рашуча змяніў традыцыйнае ўяўленне пра беларусаў, паказаў іх самабытны шлях развіцця, іх багатую духоўную спадчыну.

    На працягу 12-ці гадоў Яўхім Фёдаравіч бясплатна рэдагаваў самы буйны ў дарэвалюцыйны час часопіс па філалогіі – «Русский филологический вестник » , чытаў сам артыкулы, рыхтаваў у набор. А сваю выдатную бібліятэку, паводле ўспамінаў яго дачкі, без шкадавання падарыў толькі што адкрытаму тады Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту.

    Яркая і неардынарная асоба, чалавек энцыклапедычнай эрудыцыі і шматграннага таленту, Яўхім Фёдаравіч Карскі з’яўляецца аўтарам звыш 700 навуковых прац у галіне філалогіі. Адзіны з беларусаў, хто атрымаў у дарэвалюцыйны час званне акадэміка Пецярбургскай Акадэміі навук, рэктар Варшаўскага універсітэта, правадзейны член Інстытута беларускай культуры, Чэшскай Акадэміі навук, уладальнік імянных прэмій і медалёў Ламаносава, Бацюшкава, Ахматава. Старшыня слоўнікавай Камісіі і Камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага універсітэта...Усё гэта — Яўхім Фёдаравіч Карскі.

    (Паводле Г.В. Кісялёва)

    «НАША НІВА»

    Штотыднёвая, грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета, якой належыць велізарная роля ў згуртаванні ўсіх нацыянальных сіл, што змагаліся за адраджэнне Беларусі. Разам з тым «Наша ніва» з’яўляецца практычна першай беларускай газетай (пасля «Мужыцкай праўды»). У выніку падзей рускай рэвалюцыі 1905 г. была знята забарона друку на нацыянальнай мове. Беларусы ўпершыню атрымалі магчымасць узяць у рукі нумар газеты на роднай мове, якая доўгі час была забаронена.

    «Наша ніва» выдавалася з 10(23).11.1906 г. да 7(20).8.1915 г. у Вільні на беларускай мове кірыліцай, да 18(31). 10.1912 г. і лацінкай. Заснавана лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі I. і А. Луцкевічамі, В. Ваноўскім, А. Уласавым, А. Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я. Купала, Я. Колас, З. Бядуля, В. Ластоўскі, Ядвігін Ш., С. Палуян і інш. Газета друкавала вершы, нарысы, мастацкую прозу, навукова-палулярныя артыкулы. Гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тысячы сталых і часовых карэспандэнтаў у гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Газета здолела зрабіцца сапраўды народнай, агульнабеларускай. Дастаткова сказаць, што за першыя тры гады тут было надрукавана болей за дзевяцьсот допісаў з 490 мястэчак і вёсак.

    Нязменнымі ў «Нашай ніве» заставаліся ідэя сацыяльна-палітітычнага, эканамічнага і культурнага адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з іншымі народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанацыянальная пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». Выданне арыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтральных і мясцовых органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феадальнага прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі, культурна-нацыянальную аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сацыяльна-эканамамічнай праграмы БСГ «Наша ніва» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод беларускага працоўнага народа – сялян, рабочых, рамеснікаў, народнай інтэлігенцыі. «Наша ніва» асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызваленчага руху, выкрывала дэяржаўную эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных палітычных груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нацыянальнымі меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Наша ніва» высвятляла сацыяльнае бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША, выкрывала імперыялістычную сутнасць 1-й сусветнай вайны.

    Найважнейшай задачай «Наша ніва» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нацыянальнага стылю культуры і нацыянальнай школы беларускай літаратуры, тэатральага, музычнага і выяўленчага мастацтва шляхам засваення культурных традыцый і творчых здабыткаў сусветнай культуры. На яе старонках упершыню апублікаваны многія творы Я. Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я. Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, лепшыя дарэвалюцыйныя вершы і артыкулы З. Бядулі, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, К. Каганца, У. Галубка, К. Буйло, А. Гурло, Я. Журбы, А. Паўловіча, Ядвігіна Ш., А. Петрашкевіча і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я. Купалы, Я. Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў і інш.). Яе супрацоўнікі даследавалі народны побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізацыйную і навуковую працу па даследаванні гісторыі беларускай культуры і яе тагачаснага стану, стваралі музычна-тэатральныя гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні.

    Газета прапагандавала здабыткі іншанацыянальных культур, змяшчала ў перакладзе на беларускую мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, Т.Шаўчэнкі, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Л.Талстога, М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, Ч.Дарвіна.

    На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы, бо выдавалася яна ў той час , калі яшчэ адсутнічалі нарматыўныя слоўнікі, граматыкі, спецыяльныя лексікаграфічныя і лексікалагічныя працы. Дзесяцігадовы «нашаніўскі» перыяд з’яўляецца вырашальным у фарміраванні беларускай літаратурнай мовы.

    «Наша ніва» была свайго роду грамадскім інстытутам беларускай культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907 – 13 гг. яе намаганнямі апублікаваны зборнікі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я. Коласа, «Вянок» М. Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літаратуразнаўчыя брашуры Зямкевіча. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, народнай адукацыі, культуры,экалогіі, папулярызацыя прыродазнаўчых, эканамічных, сельскагаспадарчых і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі літаратуры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, рэлігіязнаўстве. Важнай крыніцай па гісторыі беларускай літаратуры, мовы, журналістыкі, мастацтва з'яўляецца архіў «Нашай нівы» Беларускага музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва).

    (Паводле У.М. Конана)
    СЦЯПАН НЕКРАШЭВІЧ

    Беларускі мовазнавец Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч нарадзіўся 8 мая 1883 г. у в. Данілаўка Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут (1913). 3 1918 г. загадваў беларускай секцыяй пры губернскім аддзеле народнай асветы г. Адэса, вёў арганізацыйную і культурна-масавую работу сярод дэмабілізаваных беларусаў-салдат і беларусаў-бежанцаў. Дзякуючы яго намаганням, да пачатку 1918 г. навучальнага года ў Адэсе было адкрыта 30 пачатковых беларускіх школ і беларуская гімназія. Вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце (скончыў 2 курсы). 3 1920 г. у Мінску, дзе працуе ў апараце Наркамасветы БССР, займаючы розныя кіраўнічыя пасады: загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела, інспектара навуковых устаноў, старшыні Навукова-тэрміналагінай камісіі, намесніка старшыні Галоўпрафасветы і інш. С.М. Некрашэвіч прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі Інбелкульта і ў 1922 – 25 гг. узначальваў яго. У 1926 – 28 гг. ён старшыня аддзела гуманітарных навук, кіраўнік класа мовы і літаратуры, старшыня слоўнікавай камісіі Інбелкульта. Арганізацыйную і навуковую дзейнасць спалучаў з выкладчыцкай у Белдзяржуніверсітэце: у 1923 – 25 гг. вёў беларусазнаўства на медыцынскім факультэце, а з 1927 г. чытаў курс беларускай дыялекталогіі на педагагічным факультэце. У пачатку 1925 г. быў камандзіраваны ў Навукова-даследчы інстытут мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце, дзе да ліпеня 1926 г. займаўся беларускай мовай пад кіраўніцтвам акадэміка Я.Ф. Карскага.

    Пастановай СНК БССР ад 26 снежня 1928 г. быў зацверджаны акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Адначасова (з 1929) з'яўляўся дырэктарам акадэмічнага Інстытута мовазнаўства, старшынёй камісій правапіснай і па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы. 21 ліпеня 1930 г. арыштаваны і высланы ў г. Сарапул Удмурцкай АССР. На зыходзе 1937 г. арыштаваны паўторна, прывезены ў Мінск і 20 снежня расстраляны.

    Асноўны кірунак навуковай дзейнасці С.М. Некрашэвіча – лексікаграфічны. Як старшыня Навукова-тэрміналагічнай камісіі, ён непасрэдна ўдзельнічаў у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па розных галінах ведаў. Апрацаваная і зацверджаная на пасяджэннях камісіі Інбелкульта беларуская навуковая тэрміналогія спачатку публікавалася ў «Вестнике Народного Комиссариата Просвещения», а з 1922 г. выдавалася асобнымі выпускамі.

    У лютым 1925 г. Інбелкульт прыняў рашэнне ўкласці слоўнік жывой беларускай мовы. Была створана спецыяльная камісія, якую ўзначаліў С.М. Некрашэвіч. У хуткім часе ён вызначыў і навукова абгрунтаваў тып слоўніка як тлумачальны, крыніцы лексічнага матэрыялу, метады збірання і структуру слоўнікавых артыкулаў. Слоўнік павінен быў абнародаваць з навуковымі каментарыямі лексічныя багацці беларускай мовы з усёй этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі ад пачатку 19 ст. да апошняга часу. Крыніцамі лексічнага матэрыялу былі вызначаны народная мова, лепшыя фальклорныя запісы, літаратурная мова і лексікаграфічныя працы. Да канца 1927 г. картатэка ўжо налічвала больш за 400 000 адзінак. 20 лістапада 1929 г. быў зацверджаны канчатковы праект слоўніка, і камісія прыступіла да непасрэднай распрацоўкі слоўнікавых артыкулаў, аднак у сувязі з арыштам С.М. Некрашэвіча і іншых выканаўцаў работа над слоўнікам жывой беларускай мовы спынілася. Багатая картатэка і апрацаваныя слоўнікавыя артыкулы загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

    Улічваючы вялікую патрэбу ў лексікаграфічных даведніках практычнага тыпу (слоўнік жывой беларускай мовы меркавалася выдаць толькі ў канцы 30-х гадоў), С.М. Некрашэвіч і М.Я. Байкоў па даручэнні Інбелкульта ўзяліся за падрыхтоўку перакладных слоўнікаў. У 1925 г. яны выдалі «Беларуска-расійскі слоўнік», а ў 1928 – «Расійска-беларускі слоўнік». Працы адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні беларускай літаратурнай мовы.

    С.М. Некрашэвіч шмат займаўся правапісам і беларускай дыялекталогіяй. Распрацоўкі Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча ў галіне лексікаграфіі залажылі тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялектных слоўнікаў беларускай мовы.

    (Паводле К. Германовіча)
    ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ

    Беларускі гісторык, мовазнавец, пісьменнік, публіцыст, літаратуразнавец, выдавец, грамадска-палітычны дзеяч Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі нарадзіўся 1 лістапада 1883 г. ў засценку Калеснікі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласці) у сям'і дробных арандатараў-земляробаў. Скончыў Пагосцкую пачатковую школу, вучыўся ў Дзісенскім павятовым вучылішчы, слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. 3 1902 г. займаўся палітычнай і грамадска-культурнай дзейнасцю. У 1909 – 14 гг. сакратар газеты «Наша ніва», у 1916 – 17 гг. рэдактар газеты «Гоман», з 1918 г. сакратар Беларускага навуковага таварыства. 3 14.12.1919 г. Старшыня Рады Народных Міністраў ВНР. У 1920 г. эмігрыраваў з урадам ВНР у Коўна, у 1923 г. адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. 3 1923 да 1927 года выдаваў літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч». Па запрашэнні Інбелкульта прыняў удзел у працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Тады ж атрымаў ад кіраўнікоў БССР прапанову пераехаць у Мінск. 3 1927 г. дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея, неадменны сакратар Інбелкульта. 26.12.1928 г. В. Ластоўскі быў зацверджаны правадзейным чле­нам Беларускай акадэміі навук. Удзельнічаў у працы Правапіснай камісіі Інстытута мовазнаўства. Увесну 1930 г. па сфабрыкаваным абвінавачанні арыштаваны, 6.12.1930 г. пазбаўлены звання акадэміка, а ў 1931 г. высланы ў г. Саратаў. Працаваў ва універсітэцкай бібліятэцы загадчыкам аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў. У 1937 г. зноў арыштаваны і 23.1.1938 г. засуджаны на смерць Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Часткова рэабілітаваны ў 1958 г., цалкам – у 1988 г., 17.5.1990 г. адноўлены ў званні акадэміка.

    Сталенне В. Ластоўскага як даследчыка мовы прыпала на часы ўздыму беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку 20 ст. Ен быў адным з ідэолагаў нацыянальнага рамантызму – ідэйнай плыні беларускага адраджэння, якая выразна выявілася ў мастацкай і навуковай творчасці Я. Купалы, М. Багдановіча, 3. Бядулі, У. Жылкі. В. Ластоўскі пачаў друкавацца з 1909 г. у «Нашай ніве», дзе змяшчаў мастацкія творы і навукова-папулярныя артыкулы па этнаграфіі, гісторыі, фалькларыстыцы. Першая навуковая манаграфія даследчыка – «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910) – мае раздзелы, прысвечаныя гісторыі пісьменства. У артыкулах закранаў праблемы паходжання беларускай мовы, яе самабытнасці, гістарычнага абшару. Дзеля забеспячэння беларускіх школ неабходнай літаратурай В. Ластоўскі ўклаў некалькі чытанак і падручнікаў. Чытанкі маюць апарат спасылак – тлумачэнняў лексікі. Намаганнямі В. Ластоўскага ў Коўне выйшлі перакладзеныя з рускай мовы падручнікі па астраноміі, біялогіі, анатоміі, батаніцы, сусветнай гісторыі, рыхтаваліся арыгінальныя рукапісы дапаможнікаў па трыганаметрыі, геаметрыі, хіміі, мінералогіі. Іх рэдагаванне вымагала распрацоўкі тэрміналогіі з розных галін ведаў, і В. Ластоўскі заняўся ўкладаннем тэрміналагічных спісаў. Асаблівасці тэрміналогіі – перавага ўласнабеларусіх тэрмінаў над інтэрнацыяналізмамі ды іншымі запазычаннямі, пазбяганне супадзенняў з рускімі і польскімі адпаведнікамі, выкарыстанне сінанімікі.

    Даследуючы этнагенез беларусаў на матэрыяле мовы, анамастыкі, духоўнай і матэрыяльнай культуры, вучоны прыйшоў да высновы пра неабходнасць укаранення першаснай саманазвы беларусаў крывічы. Ужыванне імёнаў Беларусь, Белая Русь у дачыненні да нашай зямлі лічыў пазнейшымі, прынесенымі звонку. Тэрміны ж Літва, ліцвіны абазначалі, на думку Ластоўскага, дзяржаўна-палітычную прыналежнасць.

    Грунтоўна займаўся В. Ластоўскі моўна-стылістычным аналізам фальклорнага тэксту, супастаўляльна-тыпалагічным вывучэннем культуры і мовы, даследаваў індаеўрапейскія асновы беларусістыкі.

    Плёнам шматгадовай працы ў галіне беларускай лексікалогіі, тэрміналогіі, анамастыкі стаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924; факсімільнае перавыд., Мінск, 1991; каля 17 тыс. слоўнікавых артыкулаў). Беларускую частку слоўніка склалі матэрыялы, якія Ластоўскі пачаў збіраць яшчэ ў 1902 г., запісваючы «цікавыя» словы, пачутыя ў народзе або знойдзеныя ў кнігах. Слоўнік спалучае рысы перакладнога, тлумачальнага, сінанімічнага, часткова этымалагічнага і энцыклапедычнага слоўнікаў. Значэнне слова ілюструецца прыкладамі з дыялектаў або фальклору. Найважнейшая асаблівасць слоўніка – вялікая колькасць наватвораў, якія Ластоўскі ўводзіў тады, калі пошукі ўласнабеларускай лексікі ў дыялектах і помніках пісьменства не давалі выніку (напрыклад: гудзьбіт «музыкант», кудар «чародей», хваласьпеў «гимн»). Слоўнік Ластоўскага мае выразны індывідуальна-творчы характар і не прэтэндуе на нарматыўнасць.

    (Паводле В. Вячоркі, С. Шупа)

    1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   22


    написать администратору сайта