Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1. Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт
Скачать 6.39 Mb.
|
ФІЛАМАТЫ І ФІЛАРЭТЫНа захопленых Расіяй беларускіх землях не спыняўся нацыянальна-вызваленчы рух. Асноўнай крыніцай вальналюбных ідэй і памкненняў быў Віленскі універсітэт. Гэта вышэйшая навучальная ўстанова на той час з’яўляўся адной з лепшых у Еўропе. Менавіта там з ініцыятывы студэнтаў Тамаша Зана, Язэпа Яжоўскага, Адама Міцкевіча, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага ў 1817 годзе было заснавана таемнае патрыятычнае таварыства філаматаў (ад грэч. рhilomathes — аматар ведаў). У 1820 г. утварылася роднаснае таварыства філарэтаў — прыхільнікаў дабрачыннасці, кіраўнікамі якога былі філаматы. Таварыствы былі заснаваны перш за ўсё для таго, каб аб’яднаць найбольш блізкіх сяброў па вучобе, што захапляліся літаратурай, філасофіяй, іншымі навукамі і ўвогуле праяўлялі ў нечым свае здольнасці. Мэтай згуртаванняў была ўзаемадапамога ў паглыбленні адукацыі, у творчым удасканальванні, грамадская праца для дабра зняволенай Айчыны. 1 кастрычніка 1817 года адбылося першае пасяджэнне філаматаў. На ім сабраліся маладыя хлопцы, якія пагадзіліся прымаць у арганізацыю толькі надзейных і правераных сяброў па вучобе. У іх статуце падкрэслівалася, што філаматы застаюцца членамі таварыства назаўсёды. Таварыства расло не вельмі хутка, затое прыходзілі сюды папраўдзе годныя, неардынарныя маладыя людзі. Сярод іх — Міхаіл Рукевіч, Дамінік Ходзька, Ян Чачот, Ян Сабалеўскі, Ігнат Дамейка, Казімір Пясецкі і іншыя. Аб шырыні інтарэсаў філаматаў сведчыць аб’ёмісты спіс прачытаных і абмеркаваных на пасяджэннях навуковых даследаванняў і літаратурных твораў. Слухаліся і абмяркоўваліся таксама і паэтычныя творы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана і іншых паэтаў-філаматаў. Удзельнікі таварыства маюць вялікія заслугі ў вывучэнні гісторыі і культуры беларускага народа (амаль усе яны былі родам з Беларусі, якую называлі Літвою паводле гістарычнай традыцыі). Філаматы аналізавалі беларускі фальклор, звычаі і абрады, планавалі падрыхтаваць сінтэзаваную харахтарыстыку народнага жыцця. З ініцыятывы Францішка Малеўскага быў створаны Статыстычны камітэт, які збіраў спецыяльную інструкцыю з інфармацыяй аб тэрыторыі ўсяго былога Вялікага княства Літоўскага. У гэтай інструкцыі падкрэслівалася, што ўсе гэтыя звесткі патрэбны для таго, каб айчынная навука абапіралася на свае факты, а не на звесткі замежных краін. У вывучэнні роднага краю філаматы асаблівую ўвагу звярталі на асвету, яе стан, на школы. Яны імкнуліся практычна дапамагаць пашырэнню адукацыі народа: стваралі школы, падручнікі, нават пачалі распрацоўваць энцыклапедыю прыродазнаўчых навук. Вядома, такая шырокая дзейнасць філаматаў і філарэтаў не магла быць не заўважана універсітэцкімі ўладамі, якія добра разумелі небяспеку якіх бы там ні было студэнцкіх згуртаванняў. У 1823 годзе таварыства было раскрыта паліцыяй. Шмат філаматаў апынулася за кратамі. Тамаш Зан, ратуючы сяброў, усю віну ўзяў на сябе. Ён быў зняволены ў цытадэлі, іншых выслалі ў глыб Расіі. Многія з філаматаў і філарэтаў пазней здабывалі славу ў розных галінах дзейнасці. Антон Адынец, Ян Чачот, Тамаш Зан, Аляксандр Ходзька сталі вядомымі паэтамі. Язэп Кавалеўскі — прызнаным манголазнаўцам, рэктарам Казанскага універсітэта. Ігнат Дамейка прымаў удзел у паўстанні 1830 — 31 гг., а ў эміграцыі стаў вядомым вучоным-геолагам, нацыянальным героем Чылі. Іх дзейнасць ярка асвяціла дарогу новым пакаленням змагароў за народную долю. (Паводле М.Я. Рыбко) ЧАЧОТ ЯН АНТОНІ ТАДЭВУШАВІЧ(7.7.1796 – 23.8.1847) Паэт, фалькларыст і драматург. Нарадзіўся ў вёсцы Малюшычы Навагрудскага павета ў сям'і арандатара Тадэвуша Чачота і Клары Гасіцкай. Маленства прайшло ў маёнтку графа Тызенгаўза, дзе яго бацька быў аканомам. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай дамініканскай школе, у старэйшых класах якой зблізіўся і на ўсё жыццё пасябраваў з Адамам Міцкевічам. У 1815 г. паступіў на аддзяленне маральных і палітычных навук Віленскага універсітэта. Але, не маючы сродкаў на плату за навучанне, праз год пакінуў вучобу і ўладкаваўся ў Віленскае бюро па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў. Душою і справамі ён застаецца з універсітэцкімі сябрамі, і, калі ў 1817 г. у асяроддзі віленскіх студэнтаў нараджаецца тайнае таварыства філаматаў, Чачот у 1818 г. становіцца яго членам. Ледзь не з дзяцінства ён спрабаваў сябе ў паэзіі. У філамацкі перыяд захапіўся стварэннем вершаў на роднай мове, і яго творы карысталіся вялікім поспехам на пасяджэннях таварыства. На паэтычным турніры, які адбыўся 21.12.1818 г., Ян Чачот прызнаны трэцім паэтам пасля А.Міцкевіча і Т.Зана. У 1819 г. ён напісаў некалькі беларускамоўных імянных вітанняў і драматычных сцэнак, заснаваных на беларускім фальклоры. У вершах і баладах ён адстойваў інтарэсы самага бяспраўнага класа тагачаснага беларускага грамадства — сялянства, заклікаў паважаць простага мужыка, паляпшаць яго дабрабыт, крытыкаваў жорсткасць прыгоннікаў, выказваўся за адмену прыгоннага права. Вырашэнне праблем беларускага селяніна ён бачыў пераважна ў дабраце і іншых маральных вартасцях пана. Паэт заклікаў паноў зацікавіцца хараством народных абрадаў, песень, паданняў, прыгледзецца да іх стваральніка — селяніна і спрыяць паляпшэнню яго долі. Прасякнутыя сапраўднай народнасцю і павагай да мужыка-беларуса, яго песні і балады зрабілі важкі ўплыў на творчасць Міцкевіча. Адначасова з беларускімі вершамі Чачот працягваў пісаць і на польскай мове. У гэты час ён стварыў вершаваную гісторыю Літвы і Польшчы, рамантычныя балады «Свіцязь-возера», «Мышанка», «Навагрудскі замак», «Калдычэўскі шчупак». У аснове яго балад былі паданні, якія паэт чуў у дзяцінстве на Навагрудчыне. Гэтымі творамі ён праславіўся як паэт-фалькларыст і ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры. У 1821 г. таварыства філаматаў пераўтварылася ў патрыятычнае таварыства філарэтаў, яно было больш заканспіраванае, але і гэта не выратавала яго членаў ад арыштаў і рэпрэсій, якія пачаліся ў 1823 г. Пасля выкрыцця царскімі ўладамі віленскіх студэнцкіх згуртаванняў у 1823 г. Чачот зняволены ў Віленскую турму, потым сасланы на Урал, дзе адбываў турэмнае зняволенне ў крэпасці Кізіл, у 1825 г. пераведзены ва Уфу, у 1831 г. — у Цвер. Толькі праз 10 гадоў паэту дазволілі вярнуцца на Беларусь. На радзіме ён працаваў сакратаром кіраўніцтва Бярэзінскім каналам, бібліятэкарам у графа Храптовіча. Са ссылкі Чачот вярнуўся цяжка хворым, але знайшоў у сабе сілы зноў займацца творчай справай. Ён вывучаў фальклор, збіраў і перакладаў беларускія народныя песні. У вёсцы Бортнікі на Навагрудчыне ён запісаў і склаў цэлы зборнік беларускіх народных песень (не захаваўся). На працягу 1837—46 гг. сабраў і выдаў у Вільні 6 фальклорных зборнікаў «Сялянскія песні», куды ўвайшло каля 1000 песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале, уласна беларускія вершы, а таксама прыказкі і прымаўкі, слоўнік беларускай мовы (200 слоў). Амаль кожны з гэтых зборнікаў адкрываўся прадмовамі, у якіх аўтар з глыбокай сімпатыяй адзначаў асаблівасці фальклору і мовы беларускага народа. (Паводле А. Мальдзіса) НАСОВІЧ ІВАН ІВАНАВІЧ |