Главная страница

Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1. Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт


Скачать 6.39 Mb.
НазваниеБеларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт
АнкорДапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1.doc
Дата05.06.2018
Размер6.39 Mb.
Формат файлаdoc
Имя файлаДапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1.doc
ТипДокументы
#19985
страница8 из 22
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   22

Растлумачце значэнне наступных іншамоўных слоў.

Канфедэрацыя, канфесія, кансалідацыя, інтэнсіўны, ідэнтыфікатар, катаклізм, мемуары, хранограф, палеміка, прыватны, апагей, сатыра, памфлет.

  1. Раскрыйце наступныя тэзісы.

  1. ВКЛ з'яўлялася шматэтнічнай, шматмоўнай і рознаканфесіянальнай дзяржавай.

  2. Дзяржаўнай мовай у ВКЛ з'яўлялася старабеларуская мова.

  1. Закончыце сказы.

1) Граматы, акты, судовыя статуты – гэта помнікі… 2) Летапісы, мемуары, палітычная сатыра, перакладныя рыцарскія раманы і аповесці, хронікі, хранографы, слоўнікі і граматыкі – гэта помнікі … 3) Бібліі, жыціі, евангеллі, псалтыры, павучанні – гэта помнікі …

  1. Растлумачце, чаму менавіта па помніках дзелавой пісьменнасці можна рабіць высновы аб асаблівасцях старабеларускай мовы як мовы беларускага этнасу.

  2. Раскажыце пра Статуты ВКЛ, Літоўскую метрыку, “гродскія кнігі” як пра помнікі дзелавога старабеларускага пісьменства.

  3. Прачытайце ўрывак са Статута ВКЛ 1566 г. Вызначце характэрныя рысы старабеларускай літаратурнай мовы. Параўнайце старажытную і сучасную лексіку.

Тэж уставуемъ и хочем мети абы вси посполитые люди тяглые и вси подданые княжат пановъ хоруховныхъ шляхта бояр и мещан тыхъ земль великого князства литовского от кождое дани плачэня и податъку серэбъщизны и тэж и дякъла и ото всякихъ беремен позовых которые подводами зовуть от вожэня каменя дерэва албо дров ку паленъю плитъ и вапъна на замки нашы от кошэня сена од всякое сторожи и лововъ и от иншых роботъ выняты были и вымуем и вызволяем вечными часы кроме стародавного обычаю яко подводы и коване стацэй на станехъ и на местцахъ звычайныхъ намъ государю посломъ и гонцомъ нашымъ такъ тэж и мосты направовати и новые на старых звычайных местцахъ будовати замки старые поправовати такъ и на тыхъ старых местцахъ делницы свои знову будовати и послов подыймовати то водлугъ стародавного обычаю в цэлости зоставуемъ.

Уставовати загадваць

Люди тяглые прыгонныя сяляне

7. Растлумачце, што дазваляе зрабіць выснову аб існаванні ў ВКЛ моўнай летапіснай традыцыі.

8. Складзіце і пракаменціруйце тэзіс адзначанага * абзаца.

9. Раскажыце, што вы спазналі пра хранографы ХVІ – ХVІІ стст.

10. Якія творы перакладной літаратуры карысталіся папулярнасцю на Беларусі часоў ВКЛ ?

11. Якімі новымі жанрамі папоўнілася старабеларуская літаратура ў ХVІІ ст.?

12. Выпішыце з тэксту прозвішчы аўтараў і назвы твораў вучэбнай старабеларускай літаратуры ХVІ – ХVІІ стст. Якое значэнне яны мелі?

13. Напішыце кароткі канспект “Гістарычнага каментарыя” (Дадатак 2). Сфармулюйце яго асноўную ідэю.

14. У чым асаблівасць узаемаадносін старабеларускай рэлігійнай літаратуры і царкоўнаславянскай мовы?

15. Што такое беларускі тып кніжнаславянскай мовы?

16. На якой мове (якіх мовах) пісаў свае творы Ф. Скарына?
17. Прачытайце ўжо знаёмы вам урывак з Бібліі ў перакладзе Скарыны, вызначце яго моўныя асаблівасці.
Праверце сябе.

Назапашваць, наладжваць, даследаваць, падтрымліваць, адрозніваць, зацягваць, кантраляваць, фарсіраваць, пакутаваць, выменьваць, перамолваць, засвойваць, здзекавацца, прайграваць, праігрываць, загадваць, пераконваць, замаруджваць, ахопліваць, закопваць, сцэнтраваць, прытарможваць, прагназаваць, заварваць, абсталяваць, запампоўваць, ахалоджваць, успыхваць, скручваць.
Вси речи чась имають, и своимъ замеренным бегомъ миняются вси речи под солнцемъ. Часъ нарожению, часъ смерти, часъ насадити и часъ выкопати насаженное, часъ убити и часъ уздравити, часъ разрушити и часъ сооружити, часъ плачу и часъ веселия, часъ тужения и часъ скакания, часъ розметывати камение и часъ собирати е (их), часъ обнимания и часъ отдалятися от обнимания, часъ изыскати и часъ истратити, часъ соблюсти и часъ покинути, часъ розодрания а часъ исшития, часъ молчания и часъ молвения, часъ милости и часъ ненависти, часъ войны и часъ миру ( Ф.Скарына, «Библия руска»).

18. Раскажыце пра ўклад у развіццё старабеларускай мовы і кнігадрукавання С. Буднага і В. Цяпінскага.

19. Які ўзровень развіцця старабеларускай мовы і літаратуры прадэманстравалі помнікі палемічнай і гамілетычнай (прапаведніцкай) літаратуры?

20. Дакажыце, што ХVІ ст. справядліва называюць “залатым векам” у гісторыі беларускай культуры, мовы і літаратуры.
6. Новая беларуская літаратурная мова
У канцы XVIII ст. беларускі народ апынуўся ў новых палітычных, культурных і эканамічных умовах. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай гэтая дзяржава была раздзелена паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. Этнічна беларускія землі амаль цалкам увайшлі ў склад Расійскай імперыі. Са знікненнем дзяржавы перастала існаваць патрэба ў існаванні дзяржаўнай мовы, таму старабеларуская літаратурная мова скончыла свой шлях развіцця і на яе месца прыйшла новая беларуская літаратурная мова, мова вядомых і знакамітых прадстаўнікоў беларускай літаратуры, культуры, публіцыстыкі ХІХ—ХХ стст.

Беларуская нацыянальная мова пачала стварацца ў вельмі неспрыяльных умовах. Пасля паўстанняў 1833 і 1863 гг. царскі ўрад вырашыў зрабіць усё, каб словы беларускі, беларус, Беларусь назаўсёды выкрэсліліся з нацыянальнай свядомасці нашых продкаў. У 1840 г. Мікалай І уводзіць на тэрыторыі Беларусі рускую мову ў якасці мовы справаводства, навучання, рэлігійнага набажэнства. У тым жа годзе афіцыйным царскім указам забаронена ўвогуле ўжываць назву Беларусь. Пачалася актыўная русіфікацыя беларускіх земляў. І рускія, і польскія лінгвісты разглядалі беларускую мову як дыялект або польскай, або рускай моў. У такіх умовах узніклі ананімныя вершаваныя беларускія творы, якія існавалі ў рукапіснай і вуснай формах і набылі шырокую папулярнасць сярод беларусаў. Аўтарства ананімных сатырычных паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» прыпісваецца зараз адпаведна В.Равінскаму і К.Вераніцыну. У першай палове ХІХ ст. на беларускай мове пісалі свае творы Я.Баршчэўскі, Я.Чачот (гл. Дадатак 1), В.Дунін-Марцінкевіч, У.Сыракомля.

Цікава, што ў асноўным гэтыя аўтары для перадачы сваіх твораў на пісьме карысталіся лацінскім алфавітам і добра адлюстравалі фанетычныя рысы беларускіх гаворак: цеканне, дзеканне, аканне, яканне, таму нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы пачалі складвацца ўжо тады на старонках першых літаратурных твораў новай пары. У першай палове ХІХ ст. былі напісаны граматыкі беларускай мовы П.Шпілеўскім і К.Нядзведскім, але па палітычных матывах афіцыйныя ўлады не дазволілі іх надрукаваць.

Традыцыі творчай інтэлігенцыі пачатку ХІХ ст. падхапіў славуты беларускі філосаф, паэт, публіцыст Ф.Багушэвіч, якога лічаць прамоўцам і прапагандыстам беларускай мовы і беларускай нацыі. Яго прадмовы да зборнікаў вершаў «Дудка беларуская» (1891 г.) і «Смык беларускі» (1894 г.) змяшчаюць гарачыя заклікі ў абарону беларускай мовы, культуры і самабытнасці беларусаў.

Новая беларуская літаратурная мова працягвала ўдасканальвацца пад пяром такіх славутых мастакоў слова, як А.Гурыновіч, Я.Лучына, А.Ельскі, Ядвігін Ш. і інш. Гэтыя літаратары пачалі ўводзіць ва ўжытак кірылічны шрыфт. Найбольшага росквіту дасягнула беларуская літаратурная мова ў пачатку ХХ ст., звязана гэта ў першую чаргу з дзейнасцю першай беларускай газеты «Наша Ніва» (гл. Дадатак 1), а перыяд гэты, такі важны для гісторыі беларускай мовы, літаратуры, культуры, так і называецца – «нашаніўскі» перыяд.

Пасля рэвалюцыі 1905 г. царскім законам «Аб свабодзе друку» (1906 г.) быў дадзены дазвол на друкаванне газет на некаторых нацыянальных мовах, якія гучалі ў шматэтнічнай краіне пад назвай Расійская імперыя. На Беларусі адразу пачало выдавацца некалькі газет – «Наша доля», «Наша Ніва», «Bielarus». Менавіта на старонках гэтых выданняў пачала фіксавацца жывая беларуская мова і выпрацоўвацца прынцыпы літаратурнай мовы.

У 20-я гг. ХХ ст. беларуская мова і культура перажывалі небывалы ўздым. Маладой дзяржаве тэрмінова стала патрэбнай выпрацаваная адзіная літаратурная мова тытульнай нацыі – беларускага народа. Распрацоўка норм беларускай мовы належыць такім буйным навукоўцам і культурным дзеячам, як Б.Тарашкевіч (гл. Дадатак 1), Я. Лёсік (гл. Дадатак 1), С. Некрашэвіч (гл. Дадатак 1), А. Багдановіч, Р. Астроўскі, Я. Станкевіч. Беларускі правапіс таго часу быў пабудаваны згодна з «Граматыкай беларускае мовы» Браніслава Тарашкевіча (1892—1941 гг.). Згодна з гэтай граматыкай былі напісаны ўсе падручнікі для школ, складаліся шматлікія слоўнікі. У 20-я гг. выходзіла шмат перыядычных выданняў, якія таксама карысталіся дадзенымі правіламі.

Нацыянальна-культурнае адраджэнне паставіла важныя задачы навуковага вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, распрацоўку праблем лексікі, тэрміналогіі, гісторыі беларускай мовы, складанне і выданне падручнікаў, вучэбных праграм. Таму ўзнікла патрэба ў адкрыцці адпаведнай навуковай установы. 30 студзеня 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), які потым пераўтварыўся ў Беларускую Акадэмію Навук. Сярод першых

правадзейных членаў гэтай установы былі Я.Колас, Я.Купала, Я. Лёсік (гл. Дадатак 1), С. Некрашэвіч (гл. Дадатак 1), Я. Карскі (гл. Дадатак 1), М. Грамыка, М. Азбукін, М. Піятуховіч, М. Доўнар-Запольскі, Б. Эпімах-Шыпіла і інш.

20-я гг. ХХ ст. – час, калі ў беларускую літаратуру прыйшло шмат знакамітых паэтаў, празаікаў, публіцыстаў. Толькі за перыяд з 1920 па 1926 гг. пачалі сваю творчую дзейнасць каля 500 маладых літаратараў. У іх былі розныя здольнасці, густы і творчыя схільнасці, розныя палітычныя погляды. Частка з іх прадстаўляла новую літаратурную плынь «бурапены». Для яе былі характэрны рэвалюцыйны рамантызм, сацыялістычная скіраванасць. Вясной 1923 г. стаў выходзіць літратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс
Звярніце ўвагу на пераклад наступных словазлучэнняў з дзеепрыметнікамі.

Катящийся контакт – кантакт з качэннем, сопрягающий конденсатор – кандэнсатар спалучэння, следящая система – сістэма сачэння, самобалансирующий прибор – прыбор з самабалансіроўкай, самосинхронизирующийся двигатель – рухавік з самасінхранізацыяй, считывающий прибор – прыбор для счытвання; составляющая обратной последовательности – састаўляльная адваротнай паслядоўнасці, запоминающее устройство – запамінальнае прыстасаванне, согласующий трансформатор – узгадняльны трансфарматар, магнитодвижущая сила (МДС) – магнітарухальная сіла (МРС), расщепляющее устройство – расшчапляльнае прыстасаванне, трущиеся поверхности – цярыльныя паверхні; самопишущий измерительный прибор – самапісны вымяральны прыбор, противодействующий момент – процідзейны момант, моющее средство – мыйныя сродкі, нормирующий множитель – нармоўны множнік.
«Маладняк», а ўжо ў лістападзе творчыя сілы аб’ядналіся вакол гэтага выдання ў аднайменную літаратурную суполку і сталі называць сябе «маладнякоўцамі» (А.Александровіч, А.Бабарэка, А.Вольны, А.Дудар, Я.Пушча, М.Чарот і інш.). У Маскве быў створаны філіял гэтага аб’яднання, які ўзначальваў У. Дубоўка. У 1926 г. утвараецца новая арганізацыя – «Узвышша» (К.Чорны, К.Крапіва, З.Бядуля і інш.), у 1927 – «Пробліск» і «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна».

Усталяванне сталінскага таталітарнага рэжыму ў 30-я гг. негатыўна адбілася на станаўленні і развіцці беларускай культуры, літаратуры і мовы. У 1933 г. была зроблена рэформа беларускага правапісу, згодна з якой быў спрошчаны фанетычны прынцып перадачы асаблівасцей беларускага вымаўлення, сістэма скланення назоўнікаў стала вельмі набліжанай да рускай мовы (зніклі формы тыпу у палёх, у садох) і г.д. Але самы моцны ўдар быў нанесены беларускай інтэлігенцыі і маладым творчым сілам. На Беларусі пачалася кампанія супраць «нацыянал-дэмакратаў» («нацдэмаў») – такі ярлык замацавалі амаль за ўсімі маладымі літаратарамі, вядомымі навукоўцамі, дзеячамі культуры. Многіх саслалі ў паўночныя і ўсходнія раёны Расіі (У. Дубоўку, А. Пальчэўскага), многія былі арыштаваны (Я. Лёсік, М. Хведаровіч), многіх расстралялі. За адзін дзень, напрыклад, у Мінску было расстраляна восем літаратараў: А. Дудар, М. Зарэцкі, П. Галавач, А. Вольны, В. Каваль, В. Сташэўскі, В. Маракоў, І. Харык. Збіраліся матэрыялы для арышту Я. Коласа і Я. Купалы. У 1938 г. выходзіць пастанова СНК і ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». Партыйны апарат, справаводства, адукацыя, навука і часткова культурная сфера грамадства пачынаюць карыстацца рускай мовай.

У складаных умовах беларуская мова і беларуская культура працягвалі развівацца і ў пасляваенныя гады. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, наша літаратура папоўнілася такімі імёнамі, як У. Караткевіч, І. Мележ, І. Шамякін, Я. Брыль, Н. Гілевіч, В. Быкаў, У. Арлоў і інш. У часы хрушчоўскай адлігі былі вернуты забытыя імёны рэпрэсаваных літаратараў (У. Дубоўкі, Я. Пушчы, С. Грахоўскага, А. Звонака, М. Хведаровіча). На высокую ступень узнялася беларуская драматургія (У. Галубок, К. Крапіва, А. Маўзон, А. Макаёнак, А. Петрашкевіч, А. Дудараў і інш.).

У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. сітуацыя ў краіне кардынальна змянілася, што не магло не адбіцца на статусе беларускай мовы і беларускай культуры. У выніку распаду былога СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай (1990 г., Закон аб мовах) і пачала шырока выкарыстоўвацца ў афіцыйнай, прававой, адукацыйнай, навуковай сферах жыцця грамадства. Актыўна вывучаліся не толькі хрэстаматыйныя беларускія аўтары, з нябыту падняліся раней забароненыя імёны. Пэўная зацікаўленая частка грамадства вырашыла карыстацца не правапісам, які быў рэфармаваны ў 1933 і 1957 гг., а варыянтам беларускай літаратурнай мовы 20-х гг., г.зн. «тарашкевіцай».

У 1995 г. адбыўся рэферэндум, паводле якога ў краіне законна аб’яўлена беларуска-рускае двухмоўе. Беларуская мова зноў стала выкарыстоўвацца пераважна ў сферах мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, гуманітарнай навукі, адукацыі. На сённяшні дзень праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная, наша мова ўключана ЮНЭСКА ў спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Рэальна беларуская мова як сродак камунікацыі жыве ў вёсках у выглядзе гаворак і ў колах творчай інтэлігенцыі, якія імкнуцца зберагчы нацыянальны скарб для нашчадкаў.

Беларускае слова можна пачуць і за мяжой. У такіх краінах, як ЗША, Канада і інш., створаны беларускія дыяспары з нашчадкаў эмігрантаў, якія таксама цікавяцца сваімі каранямі, імкнуцца вывучыць бацькоўскую мову, каб адчуць сябе членамі вялікай сям’і беларусаў. За мяжой стваралі і ствараюць свае творы Н.Арсеннева, А.Барскі, М.Сяднёў, А.Салавей, М.Гайдук і інш.
Пытанні і заданні

  1. Напішыце кароткі канспект тэксту, выкарыстоўваючы наступныя пытанні як план.

1) У якіх умовах пачала складвацца новая (нацыянальная) беларуская літаратурная мова? 2) З творчасцю якіх пісьменнікаў звязана фарміраванне беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ ст.? 3) Якую ролю ў гісторыі новай беларускай літаратурнай мовы адыграла газета “Наша ніва”? 4) Як працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст. адбіўся на стане беларускай мовы? 5) Як складваўся лёс беларускай літаратурнай мовы ў 30-я гг. ХХ ст.? У 50-80-я гг.? 6) Як паўплываў на стан беларускай мовы “Закон аб мовах” 1990 г.? 7) Якія наступствы для лёсу беларускай мовы мае майскі рэферэндум 1995 г.?

2. Вызначце і пракаменціруйце, які перыяд гісторыі беларускай мовы адлюстраваны ў наступным урыўку з сатырычнай камедыі Янкі Купалы “Тутэйшыя”. “Нібы вучоныя” – Усходні вучоны і Заходні вучоны -- прыходзяць да беларускага настаўніка Янкі Здольніка, каб паглядзець на “праўдзівы тып беларуса” і зрабіць “навуковыя нататкі”.

  • Заходні вучоны (запісваючы ў нататкі, голасна). Януш Здольніцкі. Незаводне тып Всходнё-Крэсовэго поляка з немалон дозон крві познаньско-гуральскей. Людносць абэцне розкшэвя сень на две галэні родовэ: племён бялорусінув і племён тэж-бялорусінув з паходзэня рэнегатув і дэгенератув. Мова ойчыста – огульно-польска, незвычайне удосконалёна, ено з велькон домешкон незрозумялых слув.

Усходні вучоны (таксама запісваючы ўперамежку з Заходнім вучоным). Іоан Здольніков. Ісціно-русскій ціп Северо-Западной Обласці і безусловно з прымесью монгольско-фінской крові. Народность ныне распадается на две родовые ветві: племя – белорусы і племя – тожэ-белорусы, ісходяшчэе от ренегатов і дзегенератов. Родной язык – общэрусскій, веліколепно усовершэнствованный, но с большой прімесью непонятных слов.

3. Прачытайце наступны ўрывак з газеты «Наша Ніва». Якія асаблівасці беларускай марфалогіі і арфаграфіі таго часу вы можаце адзначыць? Запішыце гэты тэкст згодна з сучаснай беларускай арфаграфіяй.

Як усьцерагчы дзяцей ад хваробы ?

Найперш бацькі павінны крэпка помніць тое, што усьцерагчы дзіцё ад хваробы шмат лягчэй, чым вылячыць, калі яно ўжо захварэло. Усьцерагчы дзіцё ад хваробы можэ кожны, а выратаваць ня можэ часам і найлепшы лекар. Вось-жэ, хто любіць сваіх дзяцей, той заўсёды можэ адагнаць ад іх усякую хваробу разумным доглядам.

Найглаўнейшая рэч у даглядзе за дзяцьмі – гэта чыстата. Як толькі дзіцё прыйшло на сьвет, трэба яго выкупаць у цёплай вадзе, асьцярожненька абмываючы. Ведама, што гэтаго ня можэ рабіць сама матка, але бабка ці йшчэ хто другі... Дзіцятко канечне трэба праз увесь першы месяц купаць што-дня, бо гэта дужа добра робіць для развіцьця дзіцяці. Пялёнкі заўсёды павінны быць сухіе і чыстые, бо толькі тады можна утрымаць цела ў чыстаце. Так сама, каб дзіцятко вырасло на здароваго чэлавека, у тэй хаці, дзе яно ляжыць, павінно быць чыстае паветрэ.

4. Выберыце з Дадатку 1 адпаведныя тэме артыкулы, падрыхтуйце па іх выступленні (аглядныя рэфераты).


КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ ПА ТЭМЕ
1. Выберыце правільныя варыянты адказу.

1. Першы перыяд развіцця беларускай літаратурнай мовы ахоплівае час:

а) X – XIV стст.;

б) VII – VIII стст.;

в) VIII - XIV стст.;

г) XIV – XVIII стст.

2. Першыя пісьмовыя помнікі, створаныя на старажытнарускай (агульнаўсходнеславянскай) мове, узыходзяць да:

а) X ст.;

б) XIII – XIV стст.;

в) яны не дайшлі да нас.

3. Старажытнаруская мова – пісьмовая мова, якая належыць

а) беларускаму народу;

б) рускаму народу;

в) рускаму, беларускаму і ўкраінскаму народам разам.

4. Такія літаратурныя творы, як «Аповесць мінулых гадоў», «Руская праўда», «Слова пра паход Ігаравы» і інш. былі напісаны:

а) у XIV- XVIстст.;

б) у XI - XIVстст.;

в) у XIV - XVIII стст.

5. Найбольш яркімі прадстаўнікамі царкоўнакніжнага стылю ў першы перыяд развіцця беларускай псьменнасці былі:

а) Лазар Богша;

б) А.Смаленскі і К.Смаляціч;

в) Кірыла Тураўскі.

6. Шматлікія дагаворныя граматы (Грамата Гердзеня, Дагаварная грамата смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і гоцкім берагам і інш.) старажытнарускага перыяду развіцця беларускай мовы адносяцца да ўзору тагачаснага:

а) справавога пісьменства;

б) свецкай літаратуры;

в) царкоўнакніжнай літаратуры.

7. Росквіт старабеларускай літаратурнай мовы прыпадае на:

а) X – XIV стст.;

б) XVII - XVIII стст.;

в) XVI - XVII стст.;

г) XIV - XV стст.

8. Першыя друкаваныя перакладныя біблейскія кнігі сярод усходнеславянскіх народаў з’явіліся:

а) на Беларусі;

б) у Маскве;

в) на Украіне;

г) у ВКЛ.

9. Аўтарам першага перакладнога біблейскага тэксту на старабеларускую мову быў:

а) Сымон Будны;

б) Кірыла Тураўскі;

в) Васіль Цяпінскі;

г) Францыск Скарына.

10. Да ліку ўзораў справавой літаратуры, створанай на старабеларускай мове, належаць творы:

а) Актавыя кнігі ВКЛ, «Літоўская метрыка», «Трыбунал», Статут ВКЛ і інш.;

б) «Хроніка Стрыйкоўскага», «Прамова Мялешкі», «Аповесць пра Трыстана», «Літоўская метрыка»

в) «Ліст да Абуховіча», Актавыя кнігі ВКЛ, «Хроніка Стрыйкоўскага», Дзённік Ф.Еўлашэўскага, «Дыярыуш» А.Філіповіча, Баркалабаўскі летапіс і інш.

11. Ужыванне старабеларускай літаратурнай мовы ў якасці дзяржаўнай было забаронена ў:

а) 1840 г.;

б) 1696 г.;

в) у канцы 18 ст.

12. На працягу XVІІІ – пач. XIХ ст. беларуская мова існавала:

а) у вуснай форме;

б) у пісьмовай форме;

в) у вуснай і пісьмовай формах адначасова.

13. Першыя ананімныя пісьмовыя творы на новай беларускай літаратурнай мове з’явіліся:

а) у першай палове XIХ ст.;

б) у канцы XVІІІ ст.;

в) у канцы XIХ ст.

14. Узорам першай газеты, надрукаванай беларускай лацінкай, была:

а) «Наша Ніва»;

б) «Мужыцкая праўда»;

в) «Дзянніца».

15. Газета «Наша Ніва» выходзіла:

а) у сярэдзіне XIХ ст.;

б) у 1906—1915 гг.;

в) у 30-я гг. ХХ ст.

16. Руская і беларуская мовы набылі статус дзяржаўных у выніку рэферэндуму:

а) 1995 г.;

б) 1938 г.;

в) 1920 г.

2. Пракаменціруйце прыведзеную ніжэй інфармацыю. Якія высновы яна дазваляе зрабіць?

У 1620 г. пасля белагорскага паражэння чэхі страцілі дзяржаўную самастойнасць, і да канца ХVІІІ ст. чэшская мова была выцеснена з усіх сфер грамадскага жыцця. У Аўстрыйскай імперыі, куды тады ўваходзіла Чэхія, адзінай дзяржаўнай мовай была нямецкая, а чэшская з 1784 года не вывучалася ў школах. У другой палове ХVІІІ ст. Ф.Пельцл, аўтар адной з чэшскіх граматык на нямецкай мове, адзначаў: “Калі-небудзь чэшскія землі апынуцца ў такім стане, што ад славянскай мовы застануцца толькі найменні гарадоў, вёсак і рэк”. Праз стагоддзе вядомы чэшскі лінгвіст Й.Добраўскі пісаў свайму славенскаму калегу В. Капітару: “Справа нашага народа, калі не паможа пан бог, абсалютна безнадзейная”.

А вось як пісаў пра нашых бліжэйшых заходніх суседзяў замежнік Іеронім Вістар у 1542 годзе: “Я не магу не здзіўляцца таму, што ў той час, як усялякі іншы народ шануе, развівае, упрыгожвае і старанна апрацоўваае сваю мову, польскі народ пагарджае сваёй мовай… Прычынай таму служыць польская ўласцівасць быць больш схільным да чужых звычак, спраў, людзей і моў, чым да сваіх уласных”.

3. 9-10 ліпеня 2002 г. у Мінску праходзіў Міжнародны сімпозіум “Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі”. Пазнаёмцеся з тэкстамі дакладаў некаторых беларускіх вучоных – удзельнікаў сімпозіуму. (гл. Дадатак ІІІ) Складзіце аглядны рэферат. Правядзіце “круглы стол” па тэме “Беларуская мова: лёс і перспектыва”.
4. Адкажыце на наступныя пытанні без апоры на тэкст.

1. Як класіфікуюцца мовы свету паводле паходжання? Якое месца займае беларуская мова сярод іншых моў свету?

2. Што вы ведаеце пра індаеўрапейскую моўную сям’ю? Якія групы моў яна ўключае? Якія словы захаваліся ў беларускай мове з індаеўрапейскага перыяду?

3. Як доўга працягваўся праславянскі перыяд у гісторыі беларускай мовы? Якія мовы сфарміраваліся на аснове праславянскай?

4.Якія помнікі пісьменнасці часоў агульнаўсходнеславянскага моўнага перыяду вы ведаеце?

5. Якія славутыя імёны нашых суайчыннікаў «залатога веку» ў гісторыі беларускай мовы, літаратуры і культуры запомніліся вам больш за ўсё?

6. На якія групы падзяляюцца помнікі старабеларускай пісьменнасці? Коратка ахарактарызуйце кожную з іх.

7. Калі пачаўся заняпад старабеларускай літаратурнай мовы? З якімі палітычнымі падзеямі гэта было звязана?7

8. Калі пачаўся працэс фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы? Ахарактарызуйце дзейнасць асноўных прадстаўнікоў гэтага перыяду.

9. З дзейнасцю якога друкаванага выдання звязана ўнармаванне новай беларускай літаратурнай мовы? Якія вядомыя беларускія паэты, празаікі, гісторыкі, публіцысты друкаваліся ў ім?

10. Чым характарызуецца стан беларускай мовы ў перыяд 20-х гг. ХХ ст.?

11. З якімі падзеямі ў палітычным і грамадскім жыцці Беларусі звязаны перыяд скарачэння функцый беларускай мовы?

12. Якія змены ў беларускай арфаграфіі і марфалогіі адбыліся пасля рэформы правапісу 1933 г.?

13. У чым адметнасці пасляваеннага перыяду ў гісторыі беларускай мовы?

14. Што агульнага і што адметнага ў гістарычным развіцці беларускай і астатніх славянскіх моў? Гісторыя развіцця і сучасны стан якой славянскай мовы нагадвае лёс беларускай мовы?

Дадатак 1
АЎРАМІЙ СМАЛЕНСКІ (ПРАЦАЛЮБІВЫ)

Асветнік, рэлігійны і грамадскі дзеяч, мастак. Нарадзіўся ў сярэдзіне 12 ст. у Смаленску ў заможных бацькоў, якія да яго мелі 12 дачок. 3 дзяцінства выхаваны ў духу строгай хрысціянскай набожнасці і прывучаны да сістэматычных кніжных заняткаў. Пасля смерці бацькоў раздаў усю іх маёмасць манастырам, цэрквам і бедным, а сам пайшоў у манастыр, размешчаны ў ваколіцах Смаленска. Тут ён старанна вывучаў творы Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, жыціі святых. Жывучы за манастырскімі сценамі, ён сабраў вакол сябе гурток адукаваных і адданых сваёй справе землякоў-кніжнікаў. Аўрам і ягоныя аднадумцы перапісвалі і распаўсюджвалі кнігі. Вучоны смалянец клапаціўся пра тое, каб яны былі зразумелыя кожнаму пісьменнаму чалавеку, таму тлумачыў незразумелыя словы, упрыгожваў кнігі малюнкамі. У гэты час смаленскі князь Раман Расціслававіч заснаваў у горадзе вучылішча, у якім навучаліся па славянскіх, грэчаскіх і лацінскіх кнігах. Аўрамій актыўна садзейнічаў росквіту гэтага вучылішча, дапамагаў фарміраваць яго бібліятэчны фонд. Пасля трыццаці гадоў манаскага служэння ў 1198 г. ён прыняў сан прэсвітэра і стаў шырока вядомы як прапаведнік і настаўнік не толькі для манаскай браціі, але і для недухоўных асоб. Гэта выклікала зайздрасць у часткі духавенства, і Аўрамію давялося перайсці ў Крыжаўзвіжанскі манастыр у Смаленску. Сюды да яго пачало прыходзіць яшчэ больш людзей за духоўнай парадай, настаўленнем. Ён актыўна ўдзельнічаў у аздабленні храма, намаляваў для яго два абразы. Няспынныя пропаведзі і поспех у вернікаў зноў выклікалі зайздрасць у духавенства і гарадской знаці. Прэсвітэра абвінавацілі ў ерасі і распаўсюджванні забароненых кніг, а таксама ў спакушэнні жанчын і пераманьванні духоўных дзяцей. На судзе, які ўзначальвалі князь і епіскап, ён змог апраўдацца, але яму забаранілі свяшчэннадзейнічаць і загадалі вярнуцца ў той жа самы манастыр. Але папулярнасць Аўрамія ў народзе была такой вялікай, што царкоўныя ўлады вымушаны былі адмяніць сваю забарону на прапаведніцтва і прызначылі яго ігуменам новага манастыра. Па-ранейшаму да яго сыходзіліся розныя людзі, каб паслухаць разумныя парады і настаўленні. Аўрамій заклікаў смалян няўхільна прытрымлівацца маральных прынцыпаў хрысціянства, клапаціцца пра духоўнае ўдасканаленне жыцця, увесь час помніць пра Бога, маліцца дзень і ноч. Памёр ён да 1224 г., пражыўшы ў манастве 50 гадоў. Пасля смерці, як і пры жыцці, Аўрамія шанавалі смаляне як нястомнага прапаведніка рэлігійнага пакаяння і непазбежнасці страшнага суда. За актыўнае прапаведанне хрысціянства і ўзорнае жыццё праваслаўная царква кананізавала яго. Яго вучань манах Яфрэм напісаў «Жыціе прападобнага Аўрамія Смаленскага».

(Паводле В.П.Оргіша)

КЛІМЕНТ СМАЛЯЦІЧ,

Клім Смаляціч (? — пасля 1164 г.)

Царкоўна-палітычны дзеяч, мысліцель, пісьменнік. Нарадзіўся ў 1-й палове 12 ст. у Смаленску. Быў манахам Зарубскага манастыра каля Кіева. Стаў вядомы дзякуючы сваёй рознабаковай адукаванасці, рэдкай эрудыцыі, выдатнаму літаратурнаму таленту. Як сцвярджае Іпацьеўскі летапіс, Клімент Смаляціч «быў кніжнік і філосаф, якіх у Рускай зямлі не бывала». Высокую на той час адукацыю ён, верагодна, атрымаў у Канстанцінопалі.

Паводле яго пераканання, мітрапаліты-грэкі, якія дрэнна валодалі славянскай мовай, не маглі даць столькі карысці для царкоўнага ўпарадкавання і народнай асветы, колькі можна было чакаць ад мітрапалітаў мясцовага паходжання. Назначэнне мітрапалітаў-чужаземцаў без адабрэння княжацкай улады служыла зручнай падставай для ўмяшання грэчаскіх імператараў у справы славянскіх дзяржаў. Усё сваё жыццё Клімент Смаляціч звязваў з барацьбой за царкоўную незалежнасць ад Візантыі. Але ідэя рускай праваслаўнай аўтаноміі, якую так энергічна адстойваў вучоны манах са Смаленска, здзейснілася на практыцы толькі ў канцы 16-га стагоддзя.

Да нас дайшоў толькі адзін твор Клімента Смаляціча — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У гэтым «Пасланні...», разглядаючы тэарэтычныя пытанні, Смаляціч абвяргае высунутыя супраць яго абвінавачванні, прыводзіць аргументы ў абарону свайго права кіраваць царквой. Асноўныя разыходжанні, што служылі падставай для дыскусій паміж Кліментам і Фамой, — рознае разуменне таго, як і да якіх межаў можна інтэрпрэтаваць тэксты Свяшчэннага пісання, ці правамерна наогул яго пашыранае, сімвалічнае тлумачэнне. Паводле меркаванняў Смаляціча, важнае не толькі літаральнае, але і сімвалічнае разуменне біблейскіх тэкстаў, іх творчая інтэрпрэтацыя.

Для распрацоўкі і выкладання ўласных поглядаў Клімент Смаляціч шырока выкарыстоўвае працы Феадарыта Кірскага, Нікіты Гераклійскага, рацыяналістычныя метады для тлумачэння рэлігійных тэм. Апісваючы сваё ўяўленне пра сусвет, ён спасылаецца не толькі на хрысціянскіх, але і антычных аўтараў — Гамера, Платона, Арыстоцеля. Яго асноватворнае ўяўленне пра сусвет — гэта перакананне ў тым, што ўсё існае мае мэтазгодную будову, «усё ўладжваецца, падтрымліваецца і мае поспех сілай боскай, бо няма другой дапамогі, акрамя дапамогі боскай, і іншай сілы, акрамя сілы боскай». Мысліцель характарызуе Бога як непазнавальную абсалютную істоту, якая, аднак, пазнаецца ў сваіх тварэннях. Чалавек, які адкрывае для сябе разумную пабудову свету, становіцца, такім чынам, на шлях пазнання Бога-творцы, знаходзіць вышэйшы сэнс свайго існавання. Важнае месца ў светапоглядзе Клімента Смаляціча займае ідэя няхцівасці. Яго адмова ад усяго, уключаючы царкоўную маёмасць, у той час як многія манастыры, цэрквы, асобныя свяшчэннаслужыцелі з'яўляліся буйнымі ўласнікамі, была не зусім тыповая.

(Паводле В.П.Оргіша)
КІРЫЛА ТУРАЎСКІ

(каля 1130-каля 1182)

Старажытнарускі (старабеларускі) пісьменнік, прапаведнік, царкоўны дзеяч. Звестак пра яго жыццё няшмат. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыціе» — кананічная царкоўная біяграфія: «Гэты шчасны Кірыла, — гаворыцца ў ёй, — нарадзіўся і выхаваўся ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў, ён не любіў, аднак жа, багацця і тленнай славы гэтага свету, але найперш стараўся спасцігнуць вучэнне боскіх кніг і добра напрактыкаваўся ў святых пісаннях». Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з тураўскіх манастыроў. «Пасля гэтага, — піша аўтар яго «Жыція», — імкнучыся да большага подзвігу, ён зачыніўся ў стоўпе і прабыў там пэўны час, працуючы ў поце і малітвах, напісаў тут шмат якія пісанні боскія». Кірыла Тураўскі быў першым вядомым на Русі «стоўпнікам» (зачыніўся ў манастырскай вежы, каб поўнасцю аддацца роздуму і малітвам). Там ён не толькі сузіраў свет Божы і маліўся: у затвор малады паслушнік перанёс багатую на той час бібліятэку і напісаў там свае першыя творы.

Каля 1169 г. князь Юрый Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць епіскапства. Сваю пасаду ён разглядаў як нялёгкі абавязак хрысціяніна і асветніка, бо яго ўзнёсла-паэтычная натура не была схільнай да іерархічнай кар'еры і царкоўнага адміністратарства.

На думку даследчыкаў (І.Яроміна, В.Чамярыцкага), да літаратурнай спадчыны К.Тураўскага належаць 8 слоў-казанняў, 2 прытчы пра душу і цела, альбо пра сляпога і кульгавага, 2 казанні пра манаскі чын і ангельскі вобраз, 2 пасланні да Васіля ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе з найбольшай глыбінёй выявіліся асоба пісьменніка, яго духоўныя перажыванні. Апошнія творы Кірыла Тураўскі напісаў, верагодна, ужо пасля таго, як зноў адышоў ад грамадска-царкоўнай дзейнасці, жыў у келлі пры царкве св. Міколы ў Тураве, засяродзіўшыся на малітвах і багаслоўскай творчасці. Памёр асветнік у апошняе дзесяцігоддзе 12 ст. Яго памяць царква шануе 28 красавіка па старому стылю.

Казанні, альбо «Словы», святога Кірылы ахопліваюць велікодны цыкл нядзельных і святочных дзён ад Вербніцы да Ушэсця. Кожнае з іх, з'яўляючыся класічным творам красамоўніцкага мастацтва, адлюстроўвае пэўную грань багаслоўска-філасофскіх і грамадска-этычных поглядаў пісьменніка.

Спавядальныя малітвы Кірылы Тураўскага - шчырае лірычнае самараскрыццё душы чалавека перад сваімі нябеснымі бацькамі — Богам Айцом, Сынам Божым, Маці Боскай і заступнікамі людзей перад Богам, яго святымі. Бог, кажа паэт у сваіх малітвах, стварыў чалавека самаўладным, а ён падпарадкаваўся граху , зацямніўшы сваю першаствораную красу. I вось чалавек просіць Хрыста ўкрыжаваць цела яго страхам боскім, вызваліць думкі ад усяго зямнога і далучыць да нябеснага, а Багародзіцу моліць заступіцца за яго перад нябесным Царом.

Праблему чалавека ў яго грамадскім быцці Кірыла Тураўскі сімвалічна выявіў у дзвюх прытчах (кароткай і падрабязнай) пра сляпога і кульгавага, альбо пра чалавечую душу і цела. Пісьменнік выкарыстаў як сюжэтную аснову евангельскае апавяданне пра «дамавітага» гаспадара, які пасадзіў вінаград і паставіў варту ля яго варотаў. Але развіў гэты сюжэт у складаны красамоўніцкі твор дыдактычна-філасофскага і сацыяльна-этычнага зместу. Дамавіты гаспадар тут сімвалізуе Бога, стваральніка сусвету, сад-вінаград (вертаград) — зямля і «свет гэты», кульгавы — цела чалавека, а сляпы — яго душа, агароджа вакол саду —законы і запаведзі Божыя, а незачыненыя вароты, якія вядуць у сад, — шлях да пазнання Творцы і створанага ім сусвету. Сляпы і кульгавы, аб'яднаўшы свае сілы (сляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў дарогу), самавольна трапілі ў сад, каб паспрабаваць забароненых пладоў. «Сляпая» душа і «кульгавае» цела сімвалізуюць недасканаласць чалавечага грамадства, якое «кантрабандай» авалодала тайнамі боскага тварэння, не ў стане (па сваёй грахоўнасці і маральнай недасканаласці) выкарыстаць іх для дабра.

Для хрысціянскай культуры таго часу багаслоўская паэтычная, красамоўніцкая і асветніцкая творчасць Кірылы Тураўскага была сапраўдным адкрыццём красы і мастацкай выяўленчай сілы роднай мовы. Пісьменнік добра ведаў класічную візантыйскую рыторыку і паэтыку, творча выкарыстаў гэту багатую эстэтычную традыцыю, узбагаціўшы культуру і мову свайго народа. 3 пазнейшых беларускіх асветнікаў бадай што адзіны Сімяон Полацкі дасканала валодаў красамоўніцкім майстэрствам, хоць і ўступаў свайму выдатнаму папярэдніку ў сіле і прыгажосці лірычнага самавыяўлення. (Паводле У.М. Конана)
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   22


написать администратору сайта