Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1. Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт
Скачать 6.39 Mb.
|
ІІ. З ГІСТОРЫІ ПІСЬМА
Пісьмо адыгрывае надзвычай важную ролю ў чалавечым грамадстве. Дзякуючы пісьму, людзі могуць выкарыстоўваць запас ведаў, назапашаны чалавецтвам ва ўсіх галінах яго дзейнасці, развіваць далей спадчыну мінулага і захоўваць вопыт многіх пакаленняў для будучыні. Пісьмо прайшло доўгі і складаны шлях развіцця, які ахоплівае перыяд у некалькі тысяч гадоў. Яго ўзнікненне было выклікана практычнай патрэбай пашырэння сувязей паміж людзьмі пры іх зносінах на вялікіх адлегласцях і неабходнасцю захавання і перадачы ведаў наступным пакаленням. Сапраўдная гісторыя пісьма пачынаецца з таго моманту, калі з’яўляецца пісьмо пры дапамозе графічных выяў. Але і да гэтага людзі зносіліся на адлегласці разнастайнымі спосабамі і сродкамі. Адны з іх насілі наўмысны характар, другія – ненаўмысны. Напрыклад, сляды чалавека на пяску ці мяккай зямлі, попел ад вогнішча, рэшткі ежы заўсёды “апавяшчалі” другіх людзей аб тым, што тут ступала нага чалавека. У якасці сігналаў маглі выступаць таксама дым ад вогнішча, пах прыгатаванай ежы. Чалавек, пачуўшы ці ўбачыўшы гэтыя сігналы, разумеў, што дзесьці недалёка знаходзіцца другі чалавек ці група людзей. Такія спосабы “апавяшчэння” насілі ненаўмысны характар. Падобныя сітуацыі маглі неаднаразова паўтарацца. На падставе гэтага з часам складвалася і наўмыснае выкарыстанне такіх сігналаў у якасці сродкаў зносін. Чалавек, напрыклад, пачынаў наўмысна звяртаць увагу іншых людзей на свае сляды з мэтай арыенціроўкі на мясцовасці і арыентаваўся па іх сам. Навыкі арыенціроўкі па слядах, выпрацаваныя ў чалавека ў выніку пастаяннага палявання на жывёл, прывялі да таго, што ў якасці пуцявых знакаў сталі выкарыстоўвацца камяні, галінкі дрэў і г.д., бо прадметы, пакладзеныя ў пэўным месцы, былі больш надзейным сродкам камунікацыі, чым сляды на пяску ці зямлі, каторыя маглі хутка размывацца. Да ліку сродкаў зносін народаў першабытнай культуры трэба аднесці таксама розныя сімвалічныя ”пасланні”. Прыкладам такой сімвалічнай сігналізацыі можа служыць “пісьмо” старажытных скіфаў персам, якое ўпамінаецца грэчаскім гісторыкам Герадотам (V ст. да н.э.). Гэтае “пісьмо” складалася з птушкі, мышы, жабы і стрэл, што было расшыфравана як “ваенны ультыматум”: “Калі вы, персы, не навучыцеся лятаць, як птушкі, скакаць па балотах, як жабы, хавацца ў норы, як мышы, то будзеце асыпаны нашымі стрэламі, як толькі ступіце на нашу зямлю”. Тут кожны прадмет нешта сімвалізуе: мыш – “хавацца”, птушка – “лятаць”, страла – “паражаць” і г.д. Сэнс такога “пісьма” разгадалі жрацы персідскага цара Дарыя, якія зыходзілі з сімвалізацыі і ведання жыцця і побыту скіфаў. Аналагічная сістэма апавяшчэння была ў народнасці Тыбета лутзу. Вядома, што лутзу паслалі аднойчы кітайцам як знак аб’яўлення вайны дзеравяку з зарубкамі, прымацаваўшы да яе пяро, кавалак абпаленага дрэва і рыбу. Зарубкі абазначалі вялікую колькасць салдат, што прымуць удзел у паходзе; пяро – хуткасць, з якой ажыццявіцца гэты напад; абпаленае дрэва павінна было паказаць, што лутзу спустошаць усё на сваім шляху; рыба – што ўсе ворагі будуць утоплены. Некаторыя народы Суматры адначасова ўжываюць у якасці сродку зносін самыя прымітыўныя сімвалы разам з графічным пісьмом. У гэтых адносінах арыгінальным з’яўляецца так называемае “пажарнае пісьмо” батакаў (рыс. 1). Выхадзец з гэтага племені ўжывае “пажарнае пісьмо”, калі лічыць сябе кроўна пакрыўджаным. Яно звычайна складаецца з аднаго ці двух бамбукавых цыліндраў, на якіх графічна перадаецца скарга адправіцеля “пісьма”. Да цыліндра прывязваецца пучок-трут з какосавых валокнаў, які ўжываецца пры падпале, крэсіва ці мадэлі мяча, нажа, стрэльбы і г.д. Такое “пасланне” пакрыўджаны прымацоўвае к дому свайго крыўдзіцеля, а затым прыводзіць у выкананне сімвалічна паказаны падпал ці забойства. Праверце сябе. Востравугольнік, вуглярод, водапранікальнасць, вогнетрывалы, радыеактыўнасць, раўнамерны, высокачастотны, сярэднеарыфметычны, рознакаляровы, тэлеграф, электралямпа, шклокрышталічны, зносастойкі, газатэрмічны, рэзальваметрыя, рэзольваметрычны, палітэхнікум, політэхнічны, вуглякіслы, стагоддзе, фатаграфія, матацыкл, азотнатукавы, фосфарнакіслы, прыродазнаўства, восемсот, малочнакіслы, коксагазавы, землекарыстанне, стоградусны, фотасінтэз, штодзень, мотагонкі, своеасаблівы. Рыс. 1. “Пажарнае пісьмо” батакаў З цягам часу такі від зносін перастаў задавальняць людзей, бо ў ходзе развіцця і ўдасканалення чалавека, па меры назапашвання ім вялікай колькасці звестак і фактаў аб рэчаіснасці не заўсёды было магчыма знайсці знак для абазначэння менавіта таго, што чалавек хацеў перадаць. Выхад быў знойдзены ў выкарыстанні ўмоўнай сігналізацыі. Ва ўмоўнай сігналізацыі прадметы, рэчы самі па сабе нічога не выражаюць, яны выкарыстоўваюцца толькі як умоўныя знакі. “Пісьмо” ўмоўнымі знакамі прадугледжвае папярэднюю дамоўленасць людзей аб тым, што той ці іншы прадмет павінен абазначаць. З напісання ўмоўнымі сігналамі найбольш вядомы “пісьмо” кіпу, вампум, зарубкі на бірках і інш. Напрыклад, перуанскае “пісьмо” старажытных інкаў кіпу ўяўляла сабой сістэму шнуроў з шэрсці рознага колеру з завязанымі на іх простымі і складанымі вузламі, кожны з якіх меў пэўнае значэнне. Напрыклад, просты абазначаў 10, двайны – 100, трайны – 1000, два простыя побач – 20, два двайныя вузлы – 200 і г.д. Жоўты колер шнура абазначаў золата, белы – срэбра, зялёны – хлеб, чырвоны – салдат і г.д. Часта шнуры навязваліся на палачку (рыс. 2), якая пасылалася з ганцом як “пісьмо”. Рыс. 2. Перуанскае “пісьмо” кіпу Іракезскае “пісьмо” вампум уяўляе сабой ніці з нанізанымі на іх кружочкамі з ракавін рознага колеру і памераў. Белы колер ракавін звычайна звязваўся са шчасцем, здароўем, дабрабытам; цёмны – з няшчасцем, барацьбой, смерцю і г.д. Выкарыстоўваючы ніці з пэўна размешчанымі ракавінамі розных колераў, можна было выразіць адносна складаную думку. Звычайна асобныя ніці з ракушкамі звязвалі разам, утвараючы шырокія паясы вампум (рыс. 3). Рыс. 3. “Пісьмо” вампум Прадметныя спосабы зносін захавалі сваё прымяненне і ў наш час: хлеб і соль як знак гасціннасці ў славян; знакі адрознення ў вайскоўцаў, якія ўказваюць на званне і род войск; рознага колеру сцягі, якія сімвалізуюць тую або іншую дзяржаву; чорная вопратка, якая сведчыць аб жалобе; кальцо на руцэ – замужам ці жанаты і г.д. Часта прадметныя спосабы зносін досыць зручныя і пры перадачы паведамленняў на вялікія адлегласці (сістэма сігналізацыі сцяжкамі ці ліхтарамі, светлафорамі і семафорамі, бакены на рэках і г.д.). Спосабы зносін людзей пры дапамозе прадметаў з’явіліся задоўга да ўзнікнення пісьма. Яны адыгрывалі вялікую ролю ў камунікацыі чалавека на адлегласці і ў часе. Аднак яны яшчэ не былі пісьмом ў сапраўдным сэнсе гэтага слова. Гэта была толькі падрыхтоўчая прыступка, першы крок да сапраўднага пісьма. Але за ім значна лягчэй было зрабіць наступныя крокі, якія складалі ўжо якасна новы этап у зносінах людзей – выкарыстанне з гэтай мэтай розных графічных знакаў. 2. Асноўныя этапы развіцця пісьма Уласна пісьмо, г.зн. начартальнае пісьмо, – гэта пісьмо, звязанае з выкарыстаннем графічных (ад грэч. graphikos – пісьмовы, начартальны) знакаў (малюнкаў, літар, лічбаў) для фіксацыі і перадачы пісьмовай мовы. У развіцці начартальнага пісьма гістарычна змянілася некалькі тыпаў: піктаграфічнае, ідэаграфічнае, складовае і літарна-гукавое (фанемаграфічнае). Кожны з гэтых тыпаў вызначаўся тым, якія элементы гукавой мовы (цэлыя паведамленні, асобныя словы, склады ці фанемы) служылі адзінкай пісьмовага абазначэння. Спішыце, устаўляючы , дзе трэба, замест кропак прапушчаныя літары. На…уковы, …окіс, на…огул, атам ….угляроду, мой …опыт, …оптыка, …астравы, за…ржавець, …угал, па…уцінне, шмат …абласцей, …участак, …олава, многа …льну, дрот …ржавы, па…мкнуцца, адно …мгненне. 2.1. Піктаграфічнае пісьмо Першапачатковым этапам начартальнага пісьма было пісьмо малюнкавае, ці піктаграфічнае (ад лац. pictus – намаляваны і грэч. grapho – пішу). У ім змест цэлага паведамлення перадаваўся з дапамогай рэалістычных або сімвалічных малюнкаў, якія называюцца піктаграмамі (гл. рыс. 4). Р ыс. 4. Піктаграфічны запіс умоў абмену паўночнаамерыканскім індзейцам 30 забітых ім на паляванні баброў на бізона, марскую выдру і авечку: 1 – 30 рысак побач з выявай бабра паказваюць на колькасць забітых баброў; 2 – стрэльба, якой яны былі забіты; 3 – знак скрыжаваных рук, які сімвалізуе абмен; 4 – бізон; 5. – марская выдра; 6 – авечка. Праверце сябе. Навуковы, вокіс, наогул, атам вугляроду, мой вопыт, оптыка, астравы, заржавець, вугал, павуцінне, шмат абласцей, участак, волава, многа льну, дрот іржавы, памкнуцца, адно імгненне. Прынцыповая асаблівасць піктаграфічных знакаў у тым, што за піктаграмай не замацавана канкрэтная моўная адзінка, што яна не адлюстроўвае фанетыку маўлення, яго падзел на словы і сінтаксічныя адзінкі. Таму піктаграму можна растлумачыць на розных мовах. Пры гэтым яе можна “прачытаць” як слова, сінонім гэтага слова, словазлучэнне, сказ з рознымі варыяцыямі сэнсу, некалькі сказаў. П ершы этап у гісторыі піктаграфіі прадстаўлены самымі простымі малюнкамі, якія паказвалі падзеі, з’явы і г.д. Тут усё, што мела нагляднасць, знаходзіла прамое выражэнне ў малюнках, якія ствараліся для кожнага канкрэтнага выпадку і не былі ўстойлівымі. Знакі гэтай разнавіднасці атрымалі назву наглядна-выяўленчых піктаграм (рыс. 5). Рыс. 5. “Зімовыя аповеды” паўночнаамерыканскага індзейца Янканай-дакота. “Аповеды” ахопліваюць час з зімы 1800/01 да зімы 1870/71; напісаны на скуры бізона. Кожны год абазначаўся выявай, якая перадавала самыя важныя падзеі гэтага года (эпідэмію, смерць знакамітых, удалае паляванне і г.д.). Гады лічыліся па зімах, таму і летапісы мелі назву зімовыя аповеды”. Н екаторыя выявы поўнасцю набылі ўмоўны характар (напрыклад, любоўнае пісьмо маладой юкагіркі – рыс. 6). Такія малюнкі атрымалі назву ўмоўных піктаграм. Рыс. 6. Любоўнае пісьмо маладой юкагіркі да жанатага рускага Змест пісьма: “Ты ідзеш, ты кахаеш рускую, якая перапыняе табе шлях да мяне; з’явяцца дзеці, і ты будзеш шчаслівы. А я буду вечна сумаваць і думаць толькі пра цябе, калі б нават і знайшоўся іншы мужчына, які б закахаўся ў мяне”. Рамка АВ абазначае дом. Фігура С – дзяўчыну, якая сумуе. F – гэта руская жанчына з шырокай спадніцай Н. G – рускі мужчына. Сімпатыя рускай да свайго мужа выражана пры дапамозе перакрыжаваных ліній, што паміж імі. Р і Q – двое дзяцей пары F і G. К, L сімвалізуюць горкае каханне юкагіркі, што падкрэсліваецца лініяй J. М выражае думкі і сум юкагіркі па каханым. О – юкагір, думкі якога N прыкаваны да дзяўчыны. Піктаграфія – досыць даступны від пісьма, асабліва пры выкарыстанні наглядна-выяўленчых сродкаў перадачы паведамлення. Да таго ж піктаграфія не звязана з канкрэтнай мовай. У сувязі з гэтым выкарыстанне піктаграфіі (у адрозненне ад наступных тыпаў пісьма) не патрабавала спецыяльнага навучання пісьму і рабіла яе зручным сродкам зносін разнамоўных плямёнаў. Дзякуючы такому характару, яна мае некаторае прымяненне і ў наш час (напрыклад, алімпійская сімволіка, дарожныя знакі, указальнікі на выставах і г.д.). Тое, што піктаграфія звычайна характарызавалася нагляднасцю і была даступнай для ўсіх, з’яўлялася, безумоўна, станоўчым фактам. Аднак такому пісьму былі ўласцівы і значныя недахопы. Так, з’яўляючыся недасканалым, прымітыўным і неўпарадкаваным пісьмом, піктаграфія дапускала розныя тлумачэнні паведамленняў і не давала магчымасці перадаваць складаныя паведамленні, якія змяшчалі адцягненыя паняцці (напрыклад, смеласць, страх, гнеў, сон і г. д.). Па гэтай прычыне піктаграфічнае пісьмо на пэўнай ступені развіцця чалавечага грамадства перастала задавальняць патрэбы пісьмовых зносін. І тады на яго аснове ўзнікае другі тып пісьма, больш дасканалы, – пісьмо ідэаграфічнае. Запішыце па-беларуску. Дефект, деформация, теплота, коэффициент, деталь, цилиндр, дырка, технический, картотека, твердый, модификация, термометр, теорема, ориентир, мультистабильность, метрический, реактор, тело, синтез, термопара, диэлектрический, унипотентный, фреттинг-коррозия, монтер, гвардейский. 2.2. Ідэаграфічнае пісьмо З’яўленне ідэаграфічнага пісьма на змену піктаграфіі звязана гістарычна з далейшым развіццём чалавечага мыслення і, такім чынам, мовы, з набытай імі здольнасцю да большых абстракцый, з уменнем чалавека раскладаць маўленне на элементы – словы. Сам тэрмін “ідэаграфія” (ад грэч. idea – паняцце і grapho – пішу) указвае на здольнасць гэтага пісьма перадаваць адцягненыя паняцці, увасобленыя ў словах. У адрозненне ад піктаграфіі, ідэаграфічнае пісьмо фіксуе паведамленне даслоўна і перадае таксама словапарадак. Яно мае ўжо строга ўстаноўленыя і ўстойлівыя абрысы графічных знакаў. Тут той, хто піша, не прыдумвае знакі, як гэта было ў піктаграфіі, а бярэ іх з гатовага набору. Ідэаграфічнае пісьмо ўзнікла на аснове піктаграфіі. Эвалюцыя піктаграфічнага пісьма ішла ў тым напрамку, што кожны выяўленчы знак піктаграмы, усё больш і больш адасабляючыся, стаў звязвацца з пэўным словам. Паступова гэты працэс настолькі развіўся і пашырыўся, што прымітыўныя піктаграмы, страціўшы сваю ранейшую нагляднасць, пачалі выступаць як умоўныя знакі пры абазначэнні не толькі слоў з адцягненым значэннем, але і слоў, якія называюць канкрэтныя прадметы, рэчы. Такім шляхам піктаграфічнае пісьмо пераўтварылася ў больш дасканалае і ўпарадкаванае ідэаграфічнае пісьмо. Працэс гэты адбываўся не адразу, не раптам, а заняў, мабыць, некалькі тысячагоддзяў. Таму цяжка вызначыць мяжу, дзе заканчваецца піктаграфічнае пісьмо і пачынаецца ідэаграфічнае. Праверце сябе. Дэфект, дэфармацыя, цеплыня, каэфіцыент, дэталь, цыліндр, дзірка, тэхнічны, картатэка, цвёрды, мадыфікацыя, тэрмометр, тэарэма, арыенцір, мультыстабільнасць, метрычны, рэактар, цела, сінтэз, тэрмапара, дыэлектрычны, уніпатэнтны, фрэтынг-карозія, манцёр, гвардзейскі. Найбольш распаўсюжданымі і старажытнымі разнавіднасцямі ідэаграфіі з’яўляюцца егіпецкае і кітайскае іерагліфічнае пісьмо, а таксама клінапіснае пісьмо. Іерагліфічнае пісьмо (ад грэч. hieros – свяшчэнны і glyphe – разьба) узнікла ўпершыню ў Егіпце каля ІV тысячагоддзя да н.э. і праіснавала да другой паловы ІІІ стагоддзя н.э. Такое пісьмо часцей за ўсё выкарыстоўвалі для манументальных надпісаў на сценах храмаў і грамадскіх будынкаў, статуях багоў, грабніцах (рыс. 7). Таму егіпецкія іерогліфы ранняга перыяду называюць манументальным пісьмом. Кожны малюнак-іерогліф высякаўся самастойна, без звязвання яго на пісьме з іншымі знакамі. Як правіла, яны пісаліся зверху ўніз слупкамі, справа налева. Зрэдку сустракаліся надпісы слупкамі злева направа (рыс. 8) і справа налева ў гарызантальны радок. Напрамак радка ўказвалі твары, рукі і ногі намаляваных фігур, якія заўсёды глядзелі ў бок пачатку радка. З увядзеннем папірусу гарызантальны напрамак пісьма справа налева замацоўваецца і паступова становіцца паўсюдным. Рыс. 7. Іерагліфічны надпіс на сцяне грабніцы Рыс. 8. Узор пісьма старажытных егіпцян Пазней пісьмо іерогліфамі пераўтварылася ў іератычнае пісьмо (рыс. 9), а затым у дэматычнае. У пачатку нашай эры іх замяніла копцкае пісьмо (рыс. 10), а пасля таго, як Егіпет быў заваяваны арабамі, – арабскае, якое абслугоўвае егіпцян і зараз. Рыс. 9. Іератычнае пісьмо Рыс. 10. Копцкае пісьмо Кітайская іерагліфічная сістэма існуе ўжо больш за тры з паловай тысячы гадоў. У цяперашні час у Кітаі вядома некалькі разнавіднасцей каліграфічных почыркаў, сярод якіх найбольш распаўсюджанае пісьмо “кайшу”, распрацаванае каля 350 г. н.э. каліграфам Ван Сіджы (рыс. 11). На яго аснове пабудаваны сучасныя друкарскія шрыфты. Рыс. 11. Некаторыя ўзоры почыркаў кітайскага іерагліфічнага пісьма розных гістарычных эпох Сучасныя кітайскія іерогліфы падзяляюцца на шэсць катэгорый: выяўленчыя, указальныя, састаўныя, відазмененыя, мнагазначныя і фанетычныя. Такі від пісьма вельмі складаны для засваення, што абумоўлена многімі прычынамі. Па-першае, неабходнасцю запамінання вялікай колькасці іерогліфаў. Напрыклад, каб чытаць газеты і часопісы, папулярную грамадска-палітычную і мастацкую літаратуру, неабходна ведаць каля 5-6 тысяч іерогліфаў, а веданне 8-10 тысяч іерогліфаў сведчыць аб высокай падрыхтоўцы кітайца. Па-другое, складанасцю напісання многіх знакаў (напрыклад, большасць найбольш ужывальных іерогліфаў мае ў сярэднім па 11 штрыхоў кожны, а некаторыя налічваюць да 50 і больш рысачак). Па-трэцяе, неабходнасцю засваення пры вывучэнні іерогліфаў не толькі іх напісання, але і гучання і значэння слоў. На аснове кітайскага пісьма ўзнікла і пісьмо суседніх з кітайцамі народаў (в’етнамскага, японскага, карэйскага). Не менш старажытным за егіпецкія і кітайскія іерогліфы з’яўляецца клінапіс. Гэта сістэма пісьма, якая ўжывалася ў рабаўладальніцкі перыяд старажытнымі жыхарамі Месапатаміі, а пазней распаўсюдзілася па ўсёй Пярэдняй Азіі. Клінапіс часам называюць пісьмом на гліне, таму што матэрыялам для яго служылі гліняныя пліткі, на якіх пры дапамозе драўлянага ці трысняговага разца выціскаліся патрэбныя графічныя знакі (рыс.12). Рыс. 12. Асіра-вавілонскі клінапіс Пры націсканні разцом на мяккай гліне заставалася характэрнае паглыбленне, патоўшчанае зверху, у месцы націскання, і ўсё больш завостранае і менш глыбокае ўнізе, па меры адцягвання разца. Паглыбленні такога роду па сваім знешнім выглядзе нагадвалі клін. Таму і назва такой сістэмы пісьма – клінапіс. 2.3. Складовае (сілабічнае) пісьмо Складовым, ці сілабічным (ад грэч. syllabe– склад), называецца такое пісьмо, у якім кожны графічны знак абазначае склад. Яно ўзнікла значна пазней за ідэаграфію (калі з’яўленне самых старажытных ідэаграфічных сістэм адносіцца да ІV-ІІІ тысячагоддзяў да н.э., то складовых – да ІІ-І тысячагоддзяў да н.э. і нават да І тысячагоддзя н.э.). Такое больш позняе фарміраванне складовага пісьма тлумачыцца некалькімі прычынамі. Па-першае, адносна цяжкім раскладаннем маўлення на фанетычныя адзінкі (склады) у параўнанні, напрыклад, з раздзяленнем яго на сэнсавыя адзінкі (словы), бо чляненне на склады прадугледжвае больш развітую здольнасць мыслення да аналізу. Па-другое, адсутнасцю непасрэднай нагляднай сувязі паміж складам і складовым знакам, у той час як паміж словам і адпаведнай ідэаграмай такая сувязь існавала. Па-трэцяе, кансерватыўным уплывам каст жрацоў, прафесійных пісараў (Егіпет, Вавілон і інш.) і вучонай бюракратыі (Кітай), якія імкнуліся да манапалізацыі пісьма і перашкаджалі яго спрашчэнню і агульнадаступнасці. Гістарычна фарміраванне складовага пісьма ішло рознымі шляхамі. Зыходзячы з гэтага, усе складовыя сістэмы прынята падраздзяляць на чатыры групы. Запішыце па-беларуску, падкрэсліце падоўжаныя зычныя. Сумма, металл, аккредитив, прогресс, комиссия, диссоциация, диффузия, эффективный, прессование, аннотация, асимметрия, процесс, грамм, биомасса, тонна, возвышенность, сталью, пятью, рассада, побережье, коррозия, колонна, влажностью, наблюдение, исследование, аппарат, улучшение, повышение, сравнение, кристалл, покрытие, понижение, среда (окружающая). Да першай групы належаць складовыя сістэмы (шумерская, асіра-вавілонская, урарту, мінойская, кіпрская, майя і інш.), якія ўзніклі ў выніку ўнутранага пераўтварэння ідэаграфічных сістэм ці на іх аснове. Праўда, ні адна з гэтых сістэм не з’яўляецца чыста складовай, таму іх часта называюць складова (сілаба) - ідэаграфічнымі. Напрыклад, кіпрскае складовае пісьмо налічвае 55 знакаў, з якіх 5 абазначаюць галосныя, а 50 – спалучэнні зычнага з галосным (рыс. 13). Рыс. 13. Кіпрскае складовае пісьмо У другую групу ўваходзяць складовыя сістэмы (індыйскія – кхароштхі, брахмі; эфіопская), якія з’явіліся на аснове кансанантна-гукавога пісьма шляхам яго вакалізацыі. Для іх былі характэрны поўная адсутнасць ідэаграм, большая стройнасць, прымяненне для абазначэння складоў з аднолькавымі галоснымі гукамі знакаў, блізкіх па сваёй графічнай форме. У трэцюю ўваходзяць складовыя сістэмы, якія ўзніклі першапачаткова як дапаўненне да ідэаграфічных для абазначэння граматычных афіксаў (японская кана, карэйская кунмун). Яны пачалі функцыянаваць у тых мовах, якія характарызаваліся наяўнасцю граматычных форм, не перадаваемых ідэаграмамі. Складовыя знакі абазначалі тут толькі афіксы з граматычным значэннем, у той час як карані слоў перадаваліся ідэаграмамі (рыс. 14). Рыс. 14. Фраза Стары ловіць рыбу вудай напісана японскай канай Да чацвёртай групы адносяцца вынайдзеныя ў ХІХ-пачатку ХХ ст. складовыя сістэмы, якія прызначаліся для невялікіх народнасцей Амерыкі, Афрыкі і Азіі: пісьмо індзейскага племені чырокі (налічвала 85 знакаў), пісьмо канадскіх індзейцаў кры (12 знакаў), пісьмо ліберыйскага народа ваі (226 знакаў) і інш. 2.4. Літарна-гукавое (фанемаграфічнае) пісьмо Літарна-гукавым прынята называць такое пісьмо, у якім кожны графічны знак (літара) абазначае не цэлае слова, як у ідэаграфіі, і не склад, як у складовым пісьме, а асобны тыповы гук – фанему. Таму яго часам называюць фанемаграфічным ці нават фанематычным. Праверце сябе. Сума, метал, акрэдытыў, прагрэс, камісія, дысацыяцыя, дыфузія, эфектыўны, прэсаванне, анатацыя, асіметрыя, працэс, грам, біямаса, тона, узвышша, сталлю, пяццю, расада, узбярэжжа, карозія, калона, вільгаццю, назіранне, даследаванне, апарат, паляпшэнне, павышэнне, параўнанне, крышталь, пакрыццё, паніжэнне, асяроддзе. У агульнай гісторыі развіцця пісьменства літарна-гукавое пісьмо сфарміравалася значна пазней за складовае. Гэта тлумачыцца тым, што літарна-гукавыя сістэмы прадугледжваюць ужо больш развітую здольнасць да раскладання маўлення на самыя простыя яго элементы – гукі (фанемы), чым гэта назіралася ў перыяд фарміравання папярэдніх сістэм. Узнікненне літарна-гукавога пісьма ў чыстым яго выглядзе было для многіх народаў свету несумненным крокам наперад, бо значна палягчала перадачу мовы на вялікія адлегласці пры дапамозе мінімальнага набору пісьмовых знакаў, садзейнічала распаўсюджанню пісьменнасці і тым самым аб’ектыўна спрыяла руху наперад грамадства. Літарна-гукавое пісьмо выступае ў двух відах: кансанантна-гукавым і вакалізована-гукавым. Кансанантна-гукавое пісьмо (называецца так, бо яго знакамі абазначаліся толькі зычныя гукі – кансананты) з’яўляецца больш старажытным відам літарна-гукавога пісьма. З’яўленне яго ў чыстым выглядзе адносіцца да другой паловы ІІ тысячагоддзя да н.э. Кансанантна-гукавыя сістэмы пісьма (пратасінайская, угарыцкая, інікійская, старажытна-яўрэйская, арамейская, арабская і інш.) узніклі і замацаваліся пераважна ў тых мовах, дзе значэнне, заключанае ў корані, звязана з зычнымі гукамі, якія і абазначаліся на пісьме пэўнымі літарамі. Галосныя гукі, праслойваючыся паміж зычнымі, служылі для ўтварэння граматычных форм і вытворных слоў. Галосныя не мелі асобных літар для свайго абазначэння і дадумваліся пры чытанні. Гэта стварала, з аднаго боку, досыць эканомнае пісьмо, якое дазваляла абыходзіцца невялікай колькасцю розных графічных знакаў (ад 20 да 30), а з другога боку, рабіла такое пісьмо менш дакладным, чым, напрыклад, вакалізована-гукавое, у перадачы маўлення і часта рабіла цяжкім разуменне напісанага. *Пад фанемамі ў дадзеным выпадку разумеюцца тыя гукі мовы, пры змяненні якіх звычайна мяняецца і значэнне слова: дом, том, ком, лом, сом; дом, дум, дам, дым. Рыс. 15. Разнавіднасці паўднёвасеміцкага пісьма Вакалізована-гукавое пісьмо – наступны этап у развіцці літарна-гукавога пісьма. Яно ўзнікла на пачатку І тысячагоддзя да н.э. і звязана з абазначэннем на пісьме як зычных, так і галосных гукаў (фанем). Гэта найбольш зручнае пісьмо для большасці народаў свету. Яно забяспечвае пры дапамозе абмежаванай колькасці знакаў (ад 20 да 40) дакладную перадачу гукавой мовы гэтых народаў. Асаблівасцю літарна-гукавога пісьма ў параўнанні з іншымі пісьмовымі сістэмамі з’яўляецца яго цесная сувязь з фанетыкай пэўнай мовы і прастата ўжывання, што значна палягчае навучанне пісьму і карыстанне ім. Перадача на пісьме гукавога боку мовы – выдатнае дасягненне чалавецтва. Першы крок для абазначэння літарамі не толькі зычных, але і галосных гукаў быў зроблены старажытнымі грэкамі. Прычынай такога пераходу ад кансанантнага пісьма да вакалізованага паслужыла тое, што ў грэчаскай мове карані слоў і афіксы складаліся як з зычных, так і з галосных гукаў. Прычым галосныя гукі адыгрывалі не меншую ролю, чым зычныя, у адрозненні гукавых абалонак і, значыць, сэнсавага зместу слоў. Рыс. 16. Старажытнагрэчаскі бустраферон Да вакалізована-гукавога пісьма, акрамя грэчаскага, адносяцца таксама армянскае і грузінскае пісьмо, малаазійскія алфавіты (фрыгійскае, лікійскае, карыйскае пісьмо), этрускае пісьмо і яго адгалінаванні (венецкае, лепонцкае і інш.), лацінскае пісьмо, рунічнае і агамічнае пісьмо, а таксама славянскае. 3. Беларускае пісьмо. З гісторыі беларускай графікіБеларускае пісьмо — літарна-гукавое. Яно ўключае сістэму графічных знакаў (літары, пунктуацыю), з дапамогай якіх дакладна перадаецца гукавы склад кожнага слова нашай мовы. Літара — умоўны пісьмовы знак гука, а сукупнасць літар, размешчаных у традыцыйна ўстаноўленым парадку, называецца алфавітам. Сам тэрмін «алфавіт» паходзіць ад назвы першых дзвюх літар грэчаскага алфавіта — альфа і б эта. Яны былі ўзяты з фінікійскага пісьма (фінікійцы – стваральнікі першай літарнай сістэмы пісьма; жылі на ўсходнім узбярэжжы Міжземнага мора). Першая з іх мела выгляд галавы быка (бык па-фінікійску — алеф), другая — выгляд дома (па-фінікійску — бэт). Паступова гэтыя знакі пачалі азначаць літары а і б. У моўнай практыцы часам ужываецца замест слова «алфавіт» тэрмін «азбука». Ён ідзе ад назваў першых літар старажытнага славянскага алфавіта «аз» і «букі». У графічных адносінах літары алфавіта падзяляюцца на друкаваныя і рукапісныя, вялікія (загалоўныя) і малыя (радковыя). Існуе цэлая сістэма шрыфтоў, кожны з якіх прадугледжвае пэўную форму (малюнак) літар і адпаведныя іх памеры. У беларускім алфавіце 32 літары: 10 літар для абазначэння галосных гукаў і 21 літара для перадачы зычных гукаў. Літара ь (мяккі знак) гука не абазначае. Ёсць спецыяльны знак — апостраф ('). Дж і дз з’яўляюцца дыграфамі. У сучаснай беларускай мове яны абазначаюць афрыкаты [дж] і [дз]. Кожная літара ў алфавіце мае сваю назву, якую нельга блытаць з яе гукавым значэннем. Усе літары беларускага алфавіта выразна адрозніваюцца паміж сабой. Парадак размяшчэння літар у алфавіце ўмоўны, ён не мае прамых адносін да пісьма і не мае якога-небудзь лагічнага абгрунтавання. (Гэта традыцыя, якая ідзе яшчэ ад фінікійскага пісьма.) Але яго трэба ведаць, бо гэта важна ў практычных мэтах. Па алфавіту размяшчаюцца словы ў слоўніках, па алфавіту складаюцца розныя спісы, каталогі, картатэкі і г. д. Пры гэтым выкарыстоўваецца так званы «строгі» алфавіт, г. зн. улічваецца алфавітнае становішча не толькі першай літары слова, але і ўсіх астатніх. Непасрэдным папярэднікам беларускага алфавіта было славянскае пісьмо — кірыліца. Разам з тым, гісторыя беларускага пісьменства звязана і з другой графічнай сістэмай — лацініцай, ці лацінкай. У I тысячагоддзі да н. э. у выніку каланізацыі грэкамі Італіі з грэчаскім пісьмом (заходнім яго варыянтам) пазнаёміліся розныя народы Італіі, у тым ліку і этрускі (VII ст. да н. э.). Ад этрускаў яно стала вядома лацінам — італійскаму племені, якое заснавала Рым. У VI ст. да н. э. лаціны на аснове грэчаскага пісьма стварылі свой алфавіт — лацініцу. Лацініца (лацінка) уключала 23 літары. Некаторыя грэчаскія літары ў яе не ўвайшлі, некаторыя змянілі гукавое значэнне. Змяніліся і назвы літар: замест «альфа», «бэта» сталі ўжывацца: А — а, В — бэ, С — цэ і г. д. У эпоху Рымскай імперыі лацінская мова і пісьмо значна пашырыліся ў Еўропе. А ў сярэднія вякі з пераходам у хрысціянства народаў Еўропы лацінская мова стала афіцыйнай мовай царквы, а затым і навукі амаль ва ўсіх еўрапейскіх дзяржавах. На працягу стагоддзяў лацінская мова была міжнароднай мовай еўрапейскага культурнага свету, а лацінскі алфавіт быў прыняты большасцю народаў Еўропы. С ёння алфавітамі, пабудаванымі на аснове лацініцы, карыстаецца трэцяя частка насельніцтва свету. Гэта большасць народаў Еўропы, Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі, некаторыя народы Азіі. Лацінкай карыстаюцца нашы суседзі — літоўцы, латышы, эстонцы, з славянскіх народаў — палякі, чэхі, славакі, харваты і інш. 3 старажытнага ўсходнегрэчаскага пісьма развілося ў V— IV стст. да н. э. класічнае грэчаскае, а затым візантыйскае пісьмо, з якога, у сваю чаргу, узнікла і славянскае пісьмо. У 863 г. візантыйскі імператар накіраваў у Маравію (тэрыторыя сучаснай Чэхіі) місію на чале з двума братамі — асветнікамі Канстанцінам і Мяфодзіем. 1х мэтай было стварэнне славянскай пісьменнасці і пераклад на славянскую мову грэка-візантыйскіх богаслужэбных кніг. Канстанцін, які пасля пастрыжэння ў манахі атрымаў імя Кірыла, і быў стваральнікам славянскай азбукі. Да 24 літар грэчаскага алфавіта ён дадаў яшчэ 19 літар для спецыфічна славянскіх гукаў (літары ц, ш былі ўзяты з яўрэйскага пісьма, астатнія створаны спецыяльна). У гонар Кірылы азбука была названа кірыліцай. Вядомы і другі славянскі алфавіт – глаголіца. Ён падобны да кірыліцы (літары адрозніваюцца па форме). На ўсходнеславянскія землі глаголіца трапіла ў канцы X — пачатку XI ст. з прыняццем хрысціянства (988 г.). Графіка кірыліцы значна змянілася з X па XVIII ст. (устаў, паўустаў, скорапіс). На аснове кірыліцы склаліся сучасныя славянскія сістэмы пісьма — беларуская, руская, украінская, балгарская, македонская, сербская. На рускай аснове ў савецкі час створаны алфавіты асецінаў, якутаў, комі, удмуртаў, а таксама алфавіты многіх народаў мусульманскага свету (татараў, узбекаў, казахаў, таджыкаў, туркменаў і інш.), якія ў дарэвалюцыйнай Расіі карысталіся арабскім пісьмом. Старажытная беларуская мова, якая пачала развівацца з XII—XIV стст., карысталася традыцыйным кірыліцкім алфавітам. Да XVI ст. кірыліцкае пісьмо было толькі рукапісным. У XVI ст. (1517 г.) Ф. Скарына заснаваў усходнеславянскае кнігадрукаванне. 3 гэтага часу ў беларускім пісьменстве сталі ўжывацца і рукапісныя, і друкаваныя літары. На аснове кірыліцы Ф. Скарына стварыў шрыфт, у якім былі загалоўныя (вялікія) і радковыя (малыя) літары. Гэты шрыфт стаў узорам і для іншых друкароў: С.Буднага, В.Цяпінскага, I.Фёдарава, П.Мсціслаўца і інш. Кірыліцкім пісьмом карысталіся на Беларусі да канца XVII —пачатку XVIII ст. Пасля забароны (1696 г.) польскім сеймам выкарыстоўваць беларускую мову ў справаводстве афіцыйнай на Беларусі становіцца польская мова, у аснове графічнай сістэмы якой ляжыць лацінскае пісьмо. Паступова ў творах, напісаных па-беларуску, пачынае таксама выкарыстоўвацца лацінская графіка (лацінка ў яе польскім варыянце), якая дагэтуль служыла толькі для афармлення польскіх і лацінскіх тэкстаў. Зрэдку выкарыстоўвалася і кірыліца. Па сутнасці, да самага пачатку XX ст. беларусы карысталіся дзвюма графічнымі сістэмамі — лацінкай і кірыліцай. Лацінкай былі надрукаваны творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, першая беларуская газета «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага і інш. Традыцыйная кірыліца к гэтаму часу моцна змянілася. У 1708 г. загадам Пятра I у Расіі была праведзена афіцыйная рэформа кірыліцкага пісьма. Былі выкінуты юсы, амега, ксі, псі і інш., спрошчаны знешні выгляд літар. Па форме яны былі набліжаны да лацініцы. Замест кірылічных назваў былі прынятыя лацінскія назвы (а, бэ, вэ, гэ і інш.). Рэфармаваная кірыліца атрымала назву грамадзянскай («гражданскай») азбукі, ці «грамадзянкі» («гражданкі»). Узоры літар грамадзянскага алфавіта прапанаваў Пятру I беларус Ілья Капіевіч, манах, асветнік, кнігавыдавец, якога лёс звёў з рускім царом у Галандыі. Грамадзянская азбука не была нейкай новай сістэмай пісьма, яна толькі развівала кірыліцу. За тысячагадовае існаванне кірыліцы ва ўсходніх славян было ўведзена ўсяго некалькі новых літар. У беларускім варыянце кірыліцы пры станаўленні графічнай сістэмы новай беларускай літаратурнай мовы замацаваліся літары ў, і, знак апостраф ('), а таксама дыграфы дж, дз для перадачы спецыфічна беларускіх гукаў. К XX ст. многія літары выйшлі з ужытку. У такім змененым выглядзе беларускі алфавіт захаваўся да нашых дзён. Пасля кастрычніцкіх падзей 1917 г. гэты алфавіт, у аснове якога «грамадзянка», быў замацаваны як адзіны графічны сродак беларускай літаратурнай мовы. ПЫТАННІ І ЗАДАННІ 1. Дапоўніце табліцу, абапіраючыся на інфармацыю тэкстаў:
|