Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1. Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт
Скачать 6.39 Mb.
|
ЛАЎРЭНЦІЙ ЗІЗАНІЙ[Тустаноўскі; ? – 1634(?)]Беларускі педагог-гуманіст, царкоўны дзеяч, мовавед, перакладчык. Паводле адных звестак, паходзіў з дробнамаянтковай шляхты Трокскага ваяводства, паводле другіх – з мястэчка Тустынь на Валыні. Адукацыю атрымаў у Астрожскай школе на Валыні. Працаваў настаўнікам царкоўнаславянскай і грэчаскай моў у Львоўскай (да 1592 г.), Брэсцкай (1592-95 гг.), Віленскай (1595-97 гг.) брацкіх школах. Калі быў у Брэсце, падрыхтаваў вучэбныя кнігі «Азбука з Лексісам» і «Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова...» Вільня, 1596 г.). Яго «Азбуку» можна ўмоўна падзяліць на тры часткі: матэрыял, які вучыць чытаць і пісаць; дапаможны лексічны матэрыял; царкоўныя палемічныя тэксты і малітвы. Таму кніга магла выкарыстоўвацца і ў царкоўным, і ў свецкім навучанні. Складальнікам першых дзвюх частак быў Лаўрэнцій Зізаній, апошняй – яго брат Стэфан. Пры выданні «Азбукі» выкарыстаны клішэ з выданняў Ф. Скарыны. У «Лексіс» – беларускі слоўнік (1061 слова) – уключаны словы з народнай гутарковай мовы, што спрыяла развіццю мовы, якая потым стала часткай літаратурнай, свецкай, прыведзены самыя разнастайныя звесткі па ваеннай гісторыі, прававым становішчы розных сацыяльных груп насельніцтва ў дзяржаве, па філасофіі, геаграфіі, этнаграфіі, біялогіі, медыцыне. Слоўнік 3ізанія – сведчанне яго рацыяналістычнага падыходу да вывучэння розных з'яў рэчаіснасці; адна з крыніц уяўлення пра ўзровень тагачасных ведаў аб развіцці рамёстваў, аб прафесіях, вырабах і гандлі. Яго гуманістычныя тэндэнцыі выявіліся ў раскрыцці ўсяго навучальнага метаду для простых людзей. Тлумачэнні, якія 3ізаній робіць у сваім слоўніку, далёкія ад навуковага аналізу ўсіх паняццяў, але ён імкнецца проста растлумачыць многія словы і паняцці. Слоўнік 3ізанія – значная культурна-асветніцкая з'ява ў гісторыі Беларусі. 12.2.1596 г. у друкарні Віленскага Святадухаўскага брацтва выдадзена «Грамматіка словенска...». Яна складаецца з уводзін, арфаграфіі, этымалогіі, прасодыі. Сінтаксіс даецца невялікімі часткамі ва ўсіх раздзелах. У кнізе на кожнае правіла прыведзена шмат прыкладаў і практыкаванняў для замацавання навучальнага матэрыялу. На першых старонках вучням тлумачыцца неабходнасць свецкіх ведаў. Выданне «Грамматіки...» замацавала агульнаграмадскую думку пра неабходнасць вывучэння «сямі вольных мастацтваў», падкрэслівала іх вялікую ролю ў развіцці адукацыі. Гэтым 3ізаній звярнуў на сябе ўвагу многіх князёў, якія імкнуліся даць добрую адукацыю сваім дзецям. Верагодна, у 1620 – 23 гг. 3ізаній працаваў над «Катэхізісам Вялікім», у якім выкладзены не толькі догматы праваслаўя ў пытаннях і адказах, але і веды па гісторыі, прыродазнаўстве, астраноміі і інш. навуках. Рукапіс кнігі быў зроблены на беларускай мове. Аднак у Кіеве ён не змог выдаць гэтую кнігу, бо на той час у Вялікім княстве Літоўскім распачалася жорсткая барацьба паміж праваслаўем і каталіцызмам. 3ізаній вырашыў паспрабаваць надрукаваць кнігу ў Маскве. Разам са сваімі сынамі Іванам і Аляксандрам у красавіку 1626 г. ён прыехаў у Пуціўль і заявіў, быццам ў Рэчы Паспалітай яго прыгняталі, таму ён едзе з лістамі да цара і патрыярха. Праз месяц 3ізанію з сынамі дазволілі ехаць ў Маскву. Для друкарскай справы 3ізаній атрымаў 150 рублёў. Друкаванне кнігі закончана каля 27.1.1627 г.. Але яна, відаць, не была прызнана афіцыйнаю царквой, таму, верагодна, Філарэт загадаў спаліць усе надрукаваныя кнігі. Цудам захавалася толькі 5 дэфектных экзэмпляраў. У «Катэхізісе» знайшлі месца тагачасныя прыродазнаўчыя веды. Светапогляд 3ізанія характарызуе рацыяналістычны падыход да тлумачэння розных з'яў прыроды. Светапогляд 3ізанія быў дуалістычны. 3 аднаго боку, вучоны схіляўся да тэалогіі, з другога — выказваў рацыяналістычныя думкі, якія былі вынікам высокай эрудыцыі. Маскоўскае духавенства не магло пагадзіцца з такімі думкамі, бо гэта супярэчыла тэалагічным поглядам аб будове сусвету і Бібліі. 19.2.1627 г. 3ізаній вярнуўся ў Кіеў. Апошняе ўпамінанне пра 3ізанія адносіцца да 8.2.1634 г. у Луцкай гарадской кнізе, дзе пазначана, што ён праз свайго дружбака М.Федаровіча звярнуўся да намесніка Луцкага староства М.Крынскага з нагоды юрыдычнага абгрунтавання яго права на маёмасць, адпісаную яму князем Я.Карэцкім. Сам 3ізаній на той час быў хворы і слабы. Гэты дакумент сведчыць, што ён быў небагаты чалавек, усё жыццё працаваў і жыў за кошт сваіх мецэнатаў. Заслуга Лаўрэнція Зізанія ў стварэнні навукова-педагагічнай літаратуры, што адкрывала шлях да свецкай адукацыі. Асаблівае эначэнне мела яго творчасць, у якой пашыраліся гуманістычныя погляды на шэраг з'яў у прыродзе і быў новы падыход да вывучэння праблем мовы ў брацкіх школах Беларусі і Украіны. (Паводле М.Б. Батвінніка) МЯЛЕЦІЙ СМАТРЫЦКІ (свецкае імя Максім Герасімавіч; каля 1578—27.12.1633) Грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, пісьменнік. Нарадзіўся ў мястэчку Смотрыч (цяпер Дунаявецкі раён Хмяльніцкай вобласці) у шляхецкай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі — вядомага палеміста, аўтара антыкаталіцкіх твораў, рэктара Астрожскай школы. Скончыўшы філасофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі, Сматрыцкі займаўся педагагічнай дзейнасцю ў праваслаўных брацкіх школах Вільні, Мінска, Кіева. Паводле Баркалабаўскага летапісу, князь Б.Саламарэцкі па рэкамендацыі К.Астрожскага ў 1600 г. запрасіў Сматрыцкага настаўнікам да свайго сына Багдана. 3 гэтага часу Сматрыцкі надоўга звязаў свой лёс з сям'ёй памянёнага князя, часта жыў у яго маёнтках Саламарэчча пад Мінскам і Баркалабава на Магілёўшчыне. Разам з сынам князя ён прадаўжаў адукацыю ў розных гарадах Сілезіі, Славакіі, Германіі, слухаў лекцыі ва універсітэтах Лейпцыга, Нюрнберга, Вітэнберга, дзе жыў і прапаведаваў Мартын Лютэр. Відаць, за мяжой Сматрыцкі атрымаў ступень доктара медыцыны, пра што сведчыць тытульны ліст яго «Апалогіі» (1629, Львоў). Вярнуўшыся з-за мяжы, Мялецій жыў у таго ж князя пад Мінскам. У той час ішло бязлітаснае змаганне дзвюх цэркваў – каталіцкай і праваслаўнай. Уключыўшыся ў гэту барацьбу, Сматрыцкі напісаў шэраг брашур, у якіх не прызнаваў правамоцнасць уніі, даваў парады пра спробы супраціўлення распаўсюджванню уніяцкага веравызнання, садзейнічаў стварэнню ў Мінску праваслаўнага брацтва. Антыезуіцкая накіраванасць яго твораў і дзейнасці выклікала да Сматрыцкага павагу і давер насельніцтва, якое бачыла ў яго асобе свайго абаронцу. Адзін з лепшых яго тагачасных твораў па змесце, форме і перадачы пачуццяў – «Трэнас, альбо Лямант усходняй царквы» (1610), за прыгожы і вобразны стыль якога Сматрыцкага называлі Златавустам. У цэнтры вобраз праваслаўнай маці-царквы, якая плача і пакутуе. У ім адлюстраваны трагічны лёс народа, разбурэнне жыцця грамадства, смута і спусташэнне ў краі. Гэты плач і пакуты —трагедыя народа, які плача ад бяссілля ў няроўнай барацьбе з тонка спланаваным і арганізаваным каталіцка-уніяцкім наступам, ад гаротнага становішча і пакут праваслаўных, што церпяць ганенні, ад пагрозы разбурэння дзяржавы і гібелі ў ёй няпольскіх народаў. Галоўная тэма «Трэнаса...» — усебаковая крытыка каталіцкай царквы ад яе догматаў да маральнага абрысу яе святароў. Пасля выдання «Трэнаса...» паводле ўказа Жыгімонта III на праваслаўнае брацтва абрынуліся рэпрэсіі: яго друкарня была зачынена, кнігі і шрыфт знішчаны, накладзены штраф у 5 тыс. злотых, карэктар Л.Карповіч быў зняволены ў турму, аўтара ад пакарання выратаваў псеўданім (Феафіл Арфалог). Сіла довадаў, логікі і пачуццяў «Трэнаса...» была такая, што яго прыцягальная моц не страціла свайго значэння на працягу ўсяго стагоддзя. Твор захоўвалі, перадавалі з пакалення ў пакаленне, перапісвалі ад рукі. Сваю антыкаталіцкую дзейнасць Сматрыцкі працягваў і надалей. Пасля смерці Карповіча ён быў абраны настаяцелем Святадухаўскага манастыра, узначаліў праваслаўнае брацтва ў Вільні. Яго дзейнасць як педагога і вучонага-філолага на працягу ўсяго жыцця была цесна звязана з праваслаўнымі брацтвамі ў Вільні, Мінску, Кіеве. У брацкіх школах ён выкладаў стараславянскую, грэчаскую і лацінскую мовы, быў рэктарам брацкай школы ў Кіеве (1616-17 гг.). Абагульненнем навуковай працы і педагагічнай практыкі Сматрыцкага з'явілася «Грамматики славенския правилное синтагма», выдадзеная ў Еўі (каля Вільні) у 1619 г. Яе выданнем Сматрыцкі фактычна працягваў барацьбу супраць польска-каталіцкага засілля, адстойваў і сцвярджаў правы беларусаў на захаванне сваёй мовы як асновы культуры, спрыяў умацаванню нацыянальнай самасвядомасці, абараняў мову і самабытную культуру ад нападкаў каталіцкіх палемістаў. 3 выданнем «Грамматики...» гаворка пра беларускае пісьменства з абстрактнай катэгорыі станавілася практычным здабыткам народа. На першае месца ён ставіў практычнае прызначэнне — навучыць правільна гаварыць і пісаць. Па аналогіі з грэчаскай мовай Сматрыцкі падзяліў граматыку на арфаграфію, этымалогію, сінтаксіс і прасодыю. Менавіта Сматрыцкі ўвёў 10 знакаў прыпынку, якія захаваліся да нашага часу. Захоўвае сваё значэнне да нашага часу і знойдзеная Сматрыцкім галоўная прыкмета падзелу дзеясловаў на спражэнні. Сматрыцкі падводзіць вынікі і сцвярджае, што на стараславянскай мове можна ствараць паэтычныя творы. Ён прапануе правілы вершаванага мастацтва, уводзіць метрычны размер, што спрыяла вызваленню ад сілабічнага ладу, чужога ўсходнеславянскім мовам. «Грамматика...» абагульніла ўжо вядомыя і стварыла новыя правілы і законы выкарыстання моўных форм. Пра высокі ўзровень граматычнай думкі, выказанай Сматрыцкім, сведчыць сам факт захавання навуковага значэння яго «Грамматики...» на працягу амаль 150 гадоў. Мялецій Сматрыцкі займае значнае месца ў гісторыі грамадска-палітычнай думкі Беларусі і Украіны 1-й чвэрці 17 ст. як рэлігійны дзеяч, таленавіты пісьменнік-публіцыст, як філолаг і педагог. Яго біяграфія – цікавая старонка тагачаснай гісторыі Беларусі. Больш за 30 гадоў ён жыў у розных гарадах і мястэчках Беларусі, у Вільні – цэнтры нацыянальна-рэлігійнага і грамадскага руху як актыўны яго ўдзельнік і сведка цяжкай і ўпартай барацьбы «русінаў» за сваё выжыванне. Апошнія гады жыцця правёў у Дзерманскім манастыры. Лісты таго часу адлюстроўваюць яго душэўны неспакой і разгубленасць. (Паводле К.С. Пракошына) Метрыка Вялікага княства Літоўскага Іншая назва —Літоўская метрыка— дзяржаўны архіў Вялікага княства Літоўскага 14—18 ст. Яна змяшчае акты, якія выдаваліся ад імя вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, разнастайныя дакументы сеймаў, урадавых і прыватных асоб, судовыя рашэнні, запаветы, інструкцыі і справаздачы паслоў, воінскія і казначэйскія рэестры і г. д. Метрыка — першаступенная крыніца для вывучэння гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы, унікальны помнік пісьмовай прававой культуры Беларусі і Літвы эпохі Вялікага княства Літоўскага. У яе аснове — дакументы прыватных канцылярый літоўскіх князёў Вітаўта, Свідрыгайлы і Жыгімонта. Да пачатку 16 ст. Метрыка захоўвалася ў Трокскім замку, пазней, да 1765 г.,— у Вільні. Паводле спецыяльнага рашэння сейма 1538 г. кнігі Метрыкі вяліся і захоўваліся з асаблівай акуратнасцю. У 1594 г. па распараджэнні канцлера Льва Сапегі Метрыку пачалі перапісваць, прычым старыя арыгінальныя кнігі захоўвалі ў архіве, а новыя перадавалі ў канцылярыю канцлера або падканцлера для агульнага карыстання. Значная частка матэрыялаў Метрыкі загінула падчас шматлікіх войнаў. Арыгінальных кніг захавалася вельмі мала. У наш час вядома каля 600 тамоў Метрыкі, большая частка іх захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве. Матэрыялы Метрыкі ад пачатку яе стварэння прыкладна да сярэдзіны 17 ст. напісаны пераважна на беларускай мове, пазнейшыя — на польскай і лацінскай. У кнігах Метрыкі пачатку 17-га ст. значная колькасць дакументаў на польскай мове пачынаецца і канчаецца традыцыйнымі формуламі на афіцыйнай беларускай мове. У некаторых кнігах судовыя справы запісаны настолькі падрабязна, што часам займаюць да 50-ці старонак тэксту і фактычна ўяўляюць спецыяльныя юрыдычныя нарысы. Для гісторыкаў беларускай мовы дакументы Метрыкі каштоўныя яшчэ тым, што ўсе яны пашпартызаваныя — змяшчаюць дакладныя звесткі, дзе і калі дакумент быў запісаны. Матэрыялы Метрыкі практычна не адлюстроўваюць мясцовых дыялектных моўных асаблівасцей. У іх увасобілася беларуская мова як дзяржаўная мова Вялікага княства Літоўскага. Яна ўжывалася ў заканадаўстве, судах, канцылярыях і войску па ўсёй тэрыторыі дзяржавы. Дзяржаўнае значэнне мовы садзейнічала пераўтварэнню жывых народных гаворак у моцную і высокаразвітую дзяржаўна-літаратурную мову, якая пастаянна развівалася і ўдасканальвалася. Яна жывілася прытокам розных народных элементаў, шляхам пераносу і асэнсавання адпаведных уласных слоў або запазычанняў з іншых моў, выпрацоўвала новыя словы і тэрміны тэарэтычнай і адцягненай думкі, душэўных эмоцый, права і адміністрацыі, рамяства і тэхнікі, промыслу і гандлю. Арфаграфічная сістэма і граматычны лад мовы Метрыкі істотна не адрозніваюцца ад іншых разнавіднасцей старабеларускага пісьменства. Але ў слоўнікавым складзе Метрыкі прыкметна вылучаюцца пласты канцылярска-юрыдычнай і адміністрацыйна-прававой тэрміналогіі. У дакументах адлюстравана шырокая дыферэнцыяцыя судоў розных інстанцый. У судовыя кнігі Метрыкі ўносіліся самыя разнастайныя дакументы, якія ў залежнасці ад зместу і прызначэння забяспечваліся адпаведнымі назвамі. 3 другой паловы 19 ст. Метрыка страціла сваё практычнае значэнне, затое засталася надзвычай багатай крыніцай разнастайных звестак па гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Матэрыялы Метрыкі сталі даступныя даследчыкам дзякуючы іх публікацыі, што пачалася з сярэдзіны 19 ст. і працягвалася на пачатку 20 ст. (Паводле А.І. Жураўскага) |