Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1. Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт
Скачать 6.39 Mb.
|
Аляксандр Вайтовіч (Мінск, Беларусь) ДУХОЎНЫЯ БАГАЦЦІ НАРОДАЎ I ЎСТОЙЛІВЫ ПОСТУП ЦЫВІЛІЗАЦЫІ Ужо не першае дзесяцігоддзе аналітыкі канстатуюць, што сучасная цывілізацыя знаходзіцца на пераломным этапе свайго развіцця. Сёння мы сведкі таго, як фарміруюцца контуры новага свету. Гэта праходзіць на фоне супярэчнасцей, напружанага пошуку рашэнняў існуючых праблем. Бурныя змены ў тэхнічнай сферы, тэхналогіях радыкальна абнаўляюць прадметнае асяроддзе, у якім непасрэдна працякае жыццядзейнасць чалавека. Узнікаюць новыя тыпы камунікацый, спосабы захавання і перадачы інфармацыі, новыя формы ўзаемадзеяння культурных традыцый. Для ўсёй гісторыі чалавецтва характэрна інтэграцыя эканомік спачатку розных супольнасцей людзей, а затым розных краін. Развіццё сродкаў зносін, магчымасцей транспарту, камунікацый спрыяюць росту міжнароднага гандлю і інтэграцыі, стварэнню адзінай інфармацыйнай сусветнай прасторы. Сёння гэтыя працэсы ахопліваюць усю планету. Зараз свет становіцца падобны на адну, няхай сабе і вялікую, але адну вёску, дзе на адным канцы амаль імгненна становіцца вядома аб тым, што здарылася на другім. Гэтыя з'явы атрымалі назву «глабалізацыя». У інтарэсах чалавецтва, каб працэсы інтэграцыі праходзілі на карысць усіх суб'ектаў міжнароднай дзейнасці. Аднак даводзіцца адзначыць, што ім спадарожнічаюць прымус, сілавыя, ваенныя, тэрарыстычныя дзеянні. У глабальных планах аптымізацыі сусветнай эканомікі амаль адсутнічаюць сацыяльныя праграмы, там пануе рафініраваны падыход з максімальным выжываннем даходу, максімалізацыяй спажывецтва. Такі падыход небяспечны для будучыні чалавецтва. Пошук сіл і ініцыятыў, якія здольны ўдыхнуць у ідэю глабалізацыі гуманістычны змест, становіцца адным з важнейшых прыярытэтаў XXI стагоддзя. Гісторыя чалавецтва на нашых вачах становіцца глабальнай. Раней яна была гісторыяй асобных народаў, рэгіёнаў, гісторыяй аўтаномных сфер культуры, тэхнікі, навукі, рэлігіі. Сёння яна выразна ператвараеццца ў глабальную і адзіную гісторыю: усё, што адбываецца ў жыцці асобных краін і народаў, рэзаніруе на ўвесь свет. Голас розуму заклікае адмовіцца ў гэтых абставінах ад сілы як сродка вырашэння спрэчак, шукаць і знаходзіць паразуменне, бо лакальныя канфлікты ў сучасных умовах могуць хутка перарастаць у глабальны канфлікт. Маштаб зменаў, глабальныя зрухі прывялі да сутыкнення традыцыйнай культуры з культурай заходняй тэхнагеннай цывілізацыі. Тэхнагенная цывілізацыя па самой сваёй сутнасці вызначаецца як супольнае грамадства, якое пастаянна змяняе свае асновы. Таму ў яе культуры актыўна падтрымліваецца пастаянная генерацыя новых ідэй, канцэпцый. 3 іх некаторыя рэалізуюцца ў сённяшняй рэчаіснасці, астатнія ўяўляюцца магчымымі праграмамі будучай жыццядзейнасці, адрасаваныя наступным пакаленням. Ідэя пераўтварэння свету і падначалення чалавекам прыроды была дамінантай у культуры тэхнагеннай цывілізацыі на ўсіх этапах яе гісторыі. Пры гэтым меркавалася, што прырода — невычэрпная крыніца рэсурсаў, з якіх чалавек можа браць бясконца. На працягу ўсёй свёй гісторыі ўсё неабходнае для свайго забеспячэння, усё зыходнае, з чаго стваралася яго магутнасць, чалавецтва бярэ ў прыроды. Яно карыстаецца рэсурсамі планеты, большасць з якіх не ўзнаўляецца. На самым пачатку сваёй гісторыі чалавецтва, падключаючыся да натуральных працэсаў у прыродзе, актыўна не ўмешвалася ў іх. Сёння сітуацыя зусім іншая. Чалавек не толькі змяняе прыродныя біяхімічныя цыклы, ён стварае новыя, уключае ў зварот новыя рэчывы. Прыродныя сістэмы не ў стане адаптавацца за кароткі час да гэтых новых штучных цыклаў і рэчываў. Многія рэсурсы планеты – энергетычныя, сыравінныя, у многіх рэгіёнах водныя і іншыя – вычэрпваюцца; змяншаецца разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету; прырода забруджваецца шкоднымі для біясферы рэчывамі. Усё гэта можна абазначыць як адну глабальную экалагічную праблему, якая, калі яе не вырашаць, прывядзе да глабальнага экалагічнага крызісу і да катастрофы. Рашэння няма ні на шляху стварэння цывілізацыі, якая не залежыць ад прыроды, уключаючы біясферу, ні ў руху назад, «у пячоры», гэта значыць у вяртанні да жыцця, калі чалавецтва не ўздзейнічае істотным чынам на прыроду, бо апошняе непазбежна прывядзе да дэградацыі. Выйсце ў стварэнні новай мадэлі, новай стратэгіі развіцця грамадства і экалагічнай культуры, якая прадугледжвае згоду, эвалюцыю прыроды і грамадства. Беларусь, як ніхто іншы, спазнала на сабе вынікі бяздумнага эксплуатавання прыродных рэсурсаў. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС стала для нас нацыянальнай катастрофай. Поруч з экалагічнай праблемай стаіць яшчэ адна глабальная праблема, якая датычыцца сферы культуры, – гэта міфалагізацыя грамадскай свядомасці з дапамогай магутных сродкаў масавай інфармацыі і навейшых тэхналогій, уздзеянне на чалавечую псіхіку і інтэлект з мэтай стварыць «аднамернага» індывідуума. Дзеля гэтага выкарыстоўваюць дэзінфармацыю, навязванне гатовых думак і меркаванняў. Гэта духоўны Чарнобыль. У выніку міфалагізацыі вялікая колькасць людзей траціць магчымасць рэальна ўспрымаць і ўсведамляць сітуацыю, адэкватна аналізаваць і асэнсоўваць падзеі і працэсы, рабіць правільныя высновы, выпрацоўваць адэкватныя паводзіны. Гэтыя прыёмы шырока выкарыстоўваюцца для «ідэалагічнага» забеспячэння карыслівых дзеянняў. Міфалагізацыя падрывае, змяншае сукупны інтэлект чалавецтва, так неабходны для пераадолення пагроз, з якімі яно сутыкаецца ў працэсе свайго развіцця. Яна таксама дэфармуе свядомасць, мараль саміх міфалагізатараў, уключаючы і задзейнічаных у гэтым працэсе работнікаў сродкаў масавай інфармацыі. Такім чынам, сутнасць гэтай глабальнай праблемы ў дэфармацыі асобы як у масе міфалагізуемых, так і міфалагізатараў. Такія дзеянні, якія абапіраюцца на велізарныя магчымасці сучасных інфармацыйных тэхналогій, уплываюць на масавую свядомасць, прымушаюць сур'ёзна задумацца над небяспекай устанаўлення «інфармацыйнага таталітарызму». Таму адной з асноўных праблем сёння з'яўляецца праблема захавання чалавека як асобы. Зменлівы свет абрывае многія карані, прымушае чалавека жыць у розных традыцыях, у розных культурах, прыстасоўвацца да новых абставін. Сучасная тэхніка дазваляе хутка кантактаваць людзям, якія жывуць на розных кантынентах. Пры гэтым можна атрымаць уяўленне пра тое, што робіцца за тысячы кіламетраў, і не ведаць суседзяў па лесвічнай пляцоўцы. Гэта цікавы феномен адзіноцтва чалавека пры адначасовай глабалізацыі свету. Нягледзячы на поспехі ў дакладных і тэхнічных навуках і ў стварэнні цудоўных тэхналогій – пранікненне ў тайны светабудовы і структуры рэчыва, пазнанне фундаментальных законаў узаемадзеяння, адкрыццё механізмаў спадчыннасці, распрацоўку найноўшых хірургічных тэхналогій і г.д., – чалавецтва зусім недастаткова праявіла сябе ў карэктным прымяненні ведаў і мудрасці. Гуманітарныя веды не перайшлі ў належнай ступені ў свядомасць грамадства, паводзінныя ўстаноўкі, нормы, каштоўнасці індывідуума, яго сацыяльную сутнасць (падобна да таго, як прырода сфарміравала яго біялагічную сутнасць). Светапоглядныя і маральныя ўстаноўкі ўладных структур дазваляюць некаторым з іх на пачатку трэцяга тысячагоддзя кіравацца не мудрасцю, не сілай закона, а законам сілы дзеля сваіх карыслівых інтарэсаў. Разрыў паміж сённяшняй магутнасцю чалавека і набытымі ім у працэсе цяжкай эвалюцыі адмоўнымі ўласцівасцямі, якія ўвайшлі ў яго біялагічную сутнасць, – гэта самая складаная і цяжкая супярэчнасць, якую чалавецтву неабходна пераадолець дзеля сваёй будучыні. Хуткіх шляхоў вырашэння гэтай супярэчнасці сёння не праглядваецца. Выкарыстанне для змянення біялагічнай сутнасці чалавека метадаў геннай інжынерыі тоіць у сабе новую небяспеку і непрадказальныя вынікі. Сёння і пісьменнікамі-фантастамі, і некаторымі вучонымі абмяркоўваюцца магчымасці генетычнага «паляпшэння» чалавека. Пры іх рэалізацыі вынікі пагражаюць ператварыцца, вобразна кажучы, у супербаявік, але без «hарру еnd'а». Пры сучасным узроўні маралі ў грамадстве заўсёды знойдуцца ўплывовыя людзі, палітыкі, уладныя структуры, якія захочуць генную інжынерыю чалавека прымяніць як сродак барацьбы, як сродак рэалізацыі рознага кшталту амбіцый. I нават калі б гэта не адбылося, то перабудова біялагічнай сутнасці чалавека азначае таксама змену яго эмацыянальнага свету, змяненне яго культурных традыцый. Генетычнае ўмяшанне ў біялагічную сутнасць чалавека павінна быць заканадаўча забаронена ва ўсім свеце. Зараз на нашай планеце ідзе напружаны пошук новых шляхоў развіцця, новых арыенціраў. Прычым паміж сабой сутыкаюцца і ўступаюць у дыялог розныя культурныя традыцыі. I чалавецтва ўсведамляе, што патрэбна вучыцца весці гэты дыялог. Трэба вучыцца разумець адзін аднаго. Чалавека патрэбна выхоўваць у духу павагі да дасягненняў самых розных культур. Гэта ўніверсальнае патрабаванне, якое датычыцца любой асобнай культуры, любога народа. Працэсы глабалізацыі ўяўляюць пагрозу культурнай разнастайнасці. Неабходна знайсці ўмовы, якія б забяспечылі захаванне культурнай поліфанічнасці свету, які падобны на луг з мноствам кветак, а не на гладкую аднастайную пляцоўку пасля асфальтаўкладчыка. Побач з вялікімі сусветнымі мовамі павінны захоўвацца і развівацца мовы невялікіх па колькасці народаў. Сусветныя мовы будуць забяспечваць інтэграцыю эканомік краін, абмен навукова-тэхнічнымі дасягненнямі. А ў паўсядзённым жыцці асобных нацыянальных супольнасцей застануцца нацыянальныя мовы, іх захаванне і ўзбагачэнне – гэта пытанне адказнасці вучоных, палітыкаў, высокапастаўленых кіраўнікоў вытворчасці і эканомікі. Беражыце і шануйце родную мову – гэта не толькі наш нацыянальны скарб, гэта і скарб сусветнай культуры. Навука таксама актыўна павінна выступаць за захаванне культурнай разнастайнасці ў свеце, уключаючы і моўную. У новых умовах спатрэбяцца інтэграваныя намаганні гуманітарных і дакладных навук. Для гэтага навучэнец у вышэйшай школе павінен атрымліваць не толькі адукацыю, але і навык даследчай работы, гэта значыць, неабходна інтэграцыя навукі і адукацыі. Ён павінен атрымліваць і гуманітарныя і дакладныя веды, для чаго неабходна чытаць лекцыі не толькі па гуманітарных навуках на прыродазнаўчых і тэхнічных факультэтах, але і лекцыі па асновах прыродазнаўства на ўсіх факультэтах, гэта значыць неабходна стварыць новы спосаб бачання свету, які сінтэзуе гуманітарныя і прыродазнаўчыя падыходы. Урэшце, з вышэйшай школы павінна выходзіць асоба, здольная самастойна асэнсоўваць свет і грамадства, здольная супрацьстаяць міфалагізацыі. Новыя гістарычныя рэаліі, патрабаванні часу, зрухі сусветнага размаху высвецілі для нас самае неабходнае: паважай чужое, але ведай і паважай свае. Ведаць сваю мову, гісторыю, культуру – гэта неабходныя складнікі цывілізаванага дыялогу, дыялогу суб'ектаў культурнай супольнасці. Пра гэта клапоціцца і законатворчасць нашай краіны. У прыватнасці, удасканальваецца Закон «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь», бо ёсць неабходнасць паўнавартасна замацаваць, што культура Рэспублікі Беларусь з'яўляецца унікальным комплексам стваральнай дзейнасці складаючых беларускі народ этнічных супольнасцей, важным кампанентам сусветнай цывілізацыі. Узровень нацыянальнай культуры ўплывае на прадстаўнічасць Беларусі ў міжнароднай супольнасці, на супрацоўніцтва з іншымі краінамі свету. Сёння наспела неабходнасць вырашэння пытання аб культурнай прысутнасці беларусаў у Еўропе, ва ўсім свеце. Час дыктуе патрэбу збірання інтэлектуальных сіл нацыі. Няпросты шлях гісторыі раскідаў беларусаў па ўсім свеце. Ідэалогія ў пэўны перыяд паставіла заслоны да іх супрацоўніцтва. Сённяшні дзень ставіць пытанне аб узаемадзеянні з беларускай дыяспарай, задачы: уважліва вывучаць жыццё беларусаў за мяжой, бачыць беларускае ў кантэксце славянскага, знаёмства з інтэлектуальным жыццём постсавецкіх рэспублік, з гісторыяй еўрапейскіх і іншых народаў. Вераніка Курцова (Мінск, Беларусь) БЕЛАРУСКАЯ МОВА: САЦЫЯЛЬНА-ЛІНГВАЛЬНЫЯ ШАНЦЫ НА ЖЫЦЦЁВАСЦЬ 1. Стан дыялектнай сістэмы беларускай мовы і сацыяльныя шанцы на яе функцыянаванне Згодна з навуковымі лінгвапрагнозамі, у будучым развіццё беларускай нацыянальнай мовы можа ісці ў двух напрамках. Першы з іх аптымістычны: беларуская літаратурная мова стане поўнафункцыянальным інфармацыйна-камунікатыўным сродкам зносін. Але сёння гэта пакуль што немагчыма, паколькі патрэбна дробязь – статус «найбольшага спрыяння» мове тытульнай нацыі, рэалізаваны праз сістэматызаваны комплекс мерапрыемстваў адпаведнай нацыянальнай моўнай палітыкі17. Заканадаўчая база для гэтага ёсць. Існуюць і рэальныя знешнія падставы для падтрымкі намаганняў дзяржавы ў дадзеным кірунку. Так, жыхары рэспублікі падчас апошняй перапіснай кампаніі заявілі, што амаль палова з тых, што лічаць сябе беларусамі па этнанацыянальнай прыкмеце (такіх каля 80%), заўжды і ўсюды размаўляюць на роднай мове. Але разам з тым, аптымістычны прагноз, як відаць, з'яўляецца пакуль што патэнцыяй, і ўвасабленне яго ў рэальнасць залежыць у першую чаргу ад сферы дзяржаўных інтарэсаў18. Згодна з песімістычным прадбачаннем, нацыянальную мову беларусаў у самы бліжэйшы час чакае незайздросны лёс. Гэта шлях развіцця па ірландскай мадэлі. Інакш кажучы, гэта напачатку амаль паўбыццё, блізкае да заняпаду, а ў наступным і само выміранне19. Натуральна, узнікае пытанне: няўжо зараз становішча нацыянальнай літаратурнай мовы і моўнай сітуацыі ў Беларусі настолькі крытычнае? А моўны заняпад такі глыбокі, што ўласнамоўныя шанцы на жыццёвасць ужо вынішчаны, бо, па-першае, цалкам разбурана дыялектнае падложжа кадыфікаванага варыянта беларускай мовы і, па-другое, колькасць носьбітаў дыялектных моўных традыцый мізэрная. Агульнавядома: лінгвістычным грунтам новай сучаснай беларускай літаратурнай мовы сталі яе традыцыйныя мясцовыя гаворкі. Функцыю выдатнага донара, бездакорнага пастаўшчыка рэгіянальнага моўнага матэрыялу выконвалі яны, нягледзячы на розныя негатыўныя адносіны да дыялектаў як натуральнага і заканамернага прадукту моўнага развіцця, на працягу амаль усяго папярэдняга стагоддзя. Разам з тым, інфармацыйна і камунікатыўна незбалансаваная білінгвальная сітуацыя, што мела месца ў Беларусі ў папярэднія дзесяцігоддзі і працягваецца зараз, зразумела, не абмінула сельскую мясцовасць, дакладней, традыцыйныя мясцовыя гаворкі розных яе рэгіёнаў. Яшчэ большы ўплыў на цяперашні стан гаворак беларускай мовы аказалі шматлікія сацыяльна-эканамічныя, у тым ліку і міграцыйныя, працэсы, што пачаліся фактычна пасля Айчыннай вайны. Аднак нягледзячы і на такі неспрыяльны фон, наяўныя фундаментальныя працы па беларусазнаўству, а гэта найперш «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963 г.), «Лексічны атлас беларускіх гаворак у пяці тамах» (1993-1995 гг.), а таксама публікацыі сацыялінгвістычнага тыпу20, засведчылі: традыцыйны дыялектны ландшафт беларускай мовы па сённяшні дзень захаваў сваю тэрытарыяльную цэласнасць і непарушнасць21. Таму шматузроўневая, іерархічна ўпарадкаваная групоўка гаворак беларускай мовы на сёння захоўваецца поўнасцю. Але толькі апошняе, безумоўна, не азначае, што дыялектнае маўленне на працягу другой паловы XX ст. не зведала ніякіх структурна-семантычных змен. Натуральна, яны адбыліся. Найперш, гаворка сённяшніх вяскоўцаў з'яўляецца сацыяльна і камунікатыўна размеркаванай. Прынамсі, вынікі комплекснага сацыялінгвістычнага даследавання, праведзенага навукоўцамі Інстытута мовазнаўства ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў у розных тыпах камунікатыўнага асяроддзя ў Беларусі ў яе розных геаграфічных рэгіёнах, засведчылі22: пашыраным сродкам пісьмовага забеспячэння незалежна ад тыпу камунікатыўнага асяроддзя з'яўляецца ў абследаваных сферах гаспадарання ў рэспубліцы руская мова. Але выкарыстанне яе як сродку вусных зносін у горадзе і вёсцы адрознае. Сельскае насельніцтва паводле ўжывання моўных сродкаў маўлення застаецца пераважна дыялектнамоўным. Традыцыйныя мясцовыя гаворкі выкарыстоўваюцца сяльчанамі не толькі ў сям'і, пры зносінах з аднавяскоўцамі, але і на працы. I толькі падчас грамадскіх мерапрыемстваў сельскія жыхары арыентуюцца галоўным чынам на рускамоўны рэпертуар. Зараз няма патрэбы вызначаць якасць такой рускамоўнай гаворкі на падставе мовазнаўчых крытэрыяў, мы гаворым адно пра суб'ектыўны выбар сістэмы моўнай камунікацыі. Прыярытэты тут не за беларускай мовай. Яны былі такімі не толькі ў час абследавання, такімі ж яны засталіся, відавочна, і зараз. Істотна і тое, што рускамоўнай па арыентацыі з'яўляецца ў сельскай мясцовасці, як правіла, мясцовая інтэлігенцыя, прадстаўнікі яе вытворчай і невытворчай частак. Гэта элітарная і, адпаведна, сацыяльна найбольш уплывовая група вяскоўцаў. Паколькі яе моўныя арыенціры маюць адрозную ад колькасна пануючай часткі сельскіх жыхароў накіраванасць, то ў сувязі з апошнім меркавальна можам сцвярджаць: сельская інтэлігенцыя для іншых сацыяльных груп вяскоўцаў пераважна не з'яўляецца зараз — і наўрад ці стане такой заўтра — прыкладам у выбары сістэмы беларускамоўнага маўлення і ўзорам яе рэалізацыі. У адносінах да стану дыялектных моўных сістэм як комплексаў адрознівальных структурна-семантычных асаблівасцей выяўлена: змены закранулі і саму моўную сістэму23. У першую чаргу вельмі інтэнсіўна мяняецца слоўнікавы склад сродкаў маўлення. Устаноўлена, што незалежна ад дыялектнага рэгіёна і дыялектнай зоны беларускай мовы ён насычаны рускамоўнымі лексічнымі адзінкамі. Але, як вядома ў мовазнаўстве, лексічныя сродкі па прычыне іх дынамічнасці не выступаюць у мове ў якасці яе канстытуцыйнай прыкметы24. Адметнасць і спецыфіка любой мовы ў яе фанетыка-граматычнай арганізацыі. У адносінах да стану граматычнага ладу гаворак засведчана, што некаторыя рысы, дыягнастычныя ў фанетыка-марфалагічным ладзе сучасных структурна-тэрытарыяльных дыялектных згрупаванняў, а таксама іх рудзіментныя элементы, ужо не адзначаюцца ў дыялектным маўленні цяперашніх вяскоўцаў. Аднак і гэта тыповы працэс у дынаміцы развіцця моўнай сістэмы дыялектаў. Нарэшце, лінгвістамі адзначаецца: змены трансфармацыйнага тыпу маюць месца ў фанетычнай сістэме мясцовых гаворак. Яны рэгіянальна адрозныя. Але ўжо ёсць і такія, што фіксуюцца у пераважнай большасці гаворак асноўнага дыялектнага масіву. Так, у даследчых сацыялінгвістычных працах канстатуецца, што ў сучасным дыялектным маўленні ў пэўных лексіка-граматычных умовах досыць часта адсутнічае чаргаванне заднеязычных гукаў /г/, /к/, /х/ са свісцячымі /з/, /с/, адпаведна маюць месца словаформы: на лугу, у стагу, на берагу і да т. п. замест на лузе, у стозе, на беразе і інш. Дадзены тып чаргавання з'яўляецца выразнай адметнасцю беларускага маўлення наогул, яе гістарычнай спадчынай. Адсутнасць пазіцыйнай мены гэтых гукаў выяўлена ў розных сацыяльных групах сельскіх насельнікаў. I гэта трывожны сігнал аб стане фанетыка-марфалагічнай структуры гаворак асноўнага масіву беларускай мовы. Аднак усе ў сукупнасці наяўныя змены, тыповыя ў дынаміцы развіцця дыялектнай сістэмы і інтэрферэнтнага характару, не з'яўляюцца на сёння пагражальнымі для агульнага стану дыялектнай сістэмы беларускай мовы. Так, яны небяспечныя, але зараз, аб чым можна гаварыць пераканальна, падложжа літаратурнай мовы беларусаў, традыцыйныя мясцовыя гаворкі функцыянуюць. Яны захаваліся не толькі ў цэласным тэрытарыяльным выглядзе. Яны існуюць як адметная моўная сістэма ў комплексе сваіх адрознівальных асаблівасцей. I самае галоўнае: яны служаць натуральным сродкам зносін жыхароў сельскай мясцовасці Беларусі. Няхай сабе ўжо без пэўнай часткі. Таму з гэтага боку, у адносінах да стану дыялектнай асновы літаратурнай нацыянальнай мовы, беларуская мова мае ўсе шанцы на жыццёвасць і жыццядзейнасць ў новым стагоддзі. Праўда, калі большай частцы нацыянальнага дыялектнага ландшафту пакуль што не пагражае татальнае зруйнаванне, то яе чарнобыльскі лінгваанклаў, найперш прымусова вылюднелая тэрыторыя, — гэта тое, дзе спрадвечныя мясцовыя гаворкі ўжо не загучаць. Hi ў іх ранейшым выглядзе, ні ў змадэрнізаваным абліччы. Не загучаць ні сёння, ні заўтра, ніколі. Гэта незваротны моўны скарб. Дзякаваць, што ён хоць часткова ўвекавечаны беларускімі лінгвістамі, найперш у такіх фундаментальных працах, як Дыялекталагічным і Лексічным атласах беларускіх народных гаворак, а таксама рэгіянальных слоўніках. Характарыстыка сацыяльнага боку маўлення, на самай справе неад’емнага і непадзельнага ад моўнага, не з'яўляецца ў параўнанні з уласна лінгвістычным прагнозам у такой ступені суцяшальнай. Прыгадаем толькі некаторыя статыстычныя выкладкі. Згодна з апошнім перапісам, колькасцъ жыхароў у сельскім рэгіёне Беларусі склала крыху больш за 31%. Гэта не мала ў параўнанні з іншымі урбаністычна-прамысловымі дзяржавамі свету. Але бяда тут у тым, што якраз сярод дадзенай колькасці вяскоўцаў пераважаюць людзі немаладога ўзросту. А менавіта яны з'яўляюцца носьбітамі моўных традыцый, менавіта ў іх гаворцы асаблівасці дыялектнага маўлення ўвасабляюцца найбольш поўна і разнастайна. Патомныя пакаленні вяскоўцаў, што ідуць ім на змену, ужо маюць пераважна іншую моўную арыентацыю. Не з'яўляецца цалкам уласнадыялектным таксама і рэпертуар сродкаў іх гутарковага маўлення. Але і такая бяда яшчэ не ліха. Як канстатуюць аўтары сацыялінгвістычнага даследавання «Тыпалогія двухмоўя і шматмоўя ў Беларусі», амаль траціна сельскіх насельнікаў Беларусі вызначыла сваё маўленне як змешанае, інакш кажучы, прызнала, што размаўляе на «трасянцы». Заўважым для ўразумення: «трасянка», што пашырана ў вёсцы, ды і гарадах, з боку сваіх моўных асаблівасцей, найперш фанетыка-граматычнай арганізацыі, застаецца ўсё ж бліжэйшай да рэгіянальных традыцыйных мясцовых гаворак, чым да рэгіянальнага рускамоўнага маўлення25. Асобныя рысы рускай мовы, якія адзначаюцца ў падобным маўленні, хутчэй адпавядаюць лінгвістычнай «інкрустацыі», чым выступаюць паказчыкамі крызісу дыялектаў беларускай мовы. Відавочна, такая гаворка, у параўнанні яе з уяўным тыпова дыялектным маўленнем, дастаткова рэдукаваная і змененая па знешнім абліччы. Іншая рэч, што чуецца яна далёка не з вуснаў людзей сталага веку. А значыць, у зусім неаддаленай перспектыве менавіта дадзены тып маўлення прэтэндуе стаць пераважным сродкам зносін у вёсцы. Аднак і такі характар развіцця сацыяльна-камунікатыўных працэсаў у сельскай мясцовасці Беларусі не самы небяспечны і тым больш не трагічны. Пагроза ў іншым. Сённяшняе маладое пакаленне сяльчан, цяперашніх школьнікаў, у якасці сістэмы сродкаў камунікацыі выбірае не мясцовую гаворку (выбраць яе фактычна немагчыма па прычыне грэблівых адносін да апошняй), а рускую мову. 3 улікам шматлікіх фактараў развіцця сацыяльна-эканамічных працэсаў у вёсцы, і найперш у яе прамысловых агракомплексах, якія, па прычыне зыходу з’явы «неперспектыўных» вёсак, стануць аднымі з пашыраных тыпаў паселішчаў сельскага жыхарства, можна прадбачыць, якая моўная сістэма прэтэндуе стаць у будучым рэальным сродкам зносін. А вось такое развіццё падзей можа, зразумела, падарваць трывалы лінгвальны грунт вартаснага функцыянавання нарматыўнай беларускай мовы з-за незапатрабаванасці дыялектнай моўнай сістэмы. Аднак падобны працэс сацыяльна-моўнай дынамікі — прагноз перспектыўнага тыпу. Сёння і на бліжэйшае дзесяцігоддзе глыбокага сацыяльна-моўнага заняпаду традыцыйных мясцовых гаворак беларускай мовы не прадбачыцца. Відавочна, і развіццё яе на ўзор ірландскай мовы ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі — прагноз папярэдні і не дастаткова абгрунтаваны з сацыяльна-лінгвальных пазіцый. |