Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1. Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт
Скачать 6.39 Mb.
|
ЯЗЭП ЛЁСІКБеларускі грамадскі дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог Я.Ю. Лёсік нарадзіўся 6-га лістапада 1883 г. ў в. Мікалаеўшчына Мінскай вобласці. Дзядзька па матчынай лініі Якуба Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Скончыў Ноўгарад-Северскае гарадское вучылішча (1902). За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 г. быў арыштаваны і пасаджаны ў турму, з якой уцёк у 1907 г. У 1911 г. быў арыштаваны паўторна і сасланы на пажыццёвае пасяленне ў Сібір, дзе жыў каля г. Кірэнск Іркуцкай вобласці і каля г. Бадайбо. Вярнуўся на Беларусь пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. У 1917 г. ўвайшоў у Беларускую сацыялістычную грамаду. Удзельнічаў у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Быў адным са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Рэдагаваў газеты «Вольная Беларусь» (1917 – 18) і «Беларусь» (1920), выступаў у друку з публіцыстычнымі артыкуламі пра актуальныя пытанні дзяржаўнага і грамадскага ладу краю, культурна-асветныя, нацыянальныя задачы беларускага народа і інш. У 20-я гады Я. Лёсік выкладаў беларускую мову на Мінскіх лектарскіх курсах, у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Белпедтэхнікуме. 3 1922 г. правадзейны член Інбелкульта. Уваходзіў у склад акадэмічнай рады гэтай установы, рады аддзела гуманітарных навук, узначальваў 1нстытут навуковай мовы, працаваў на кафедрах гісторыі беларускай мовы і жывой беларускай мовы, уваходзіў у правапісную, дыялекталагічную камісіі і камісію беларускай літаратурнай мовы. У 1928 г. Я. Лёсік быў зацверджаны правадзейным членам Беларускай акадэміі навук. У Інстытуце мовазнаўства ён працаваў намеснікам дырэктара і ўзначальваў Тэрміналагічную камісію. У ліпені 1930 г. Я. Лёсік быў беспадстаўна арыштаваны, у снежні пазбаўлены звання акадэміка, а ў красавіку 1931 г. высланы ў г. Камышын Сталінградскай вобласці. Жыў у горадзе Нікалаеўскі, дзе працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў педтэхнікуме. У 1935 г. пераехаў на Браншчыну, але ў 1936 г. вымушаны быу вярнуцца ў Сталінградскую вобласць. Жыў у г. Дубаўка, а з 1937 г. – у г. Аткарск Саратаўскай вобласці. У час ссылкі напісаў сваю апошнюю працу — «Синтаксис русского языка» для педвучылішчаў, рукапіс якой быў канфіскаваны пры апошнім арышце ў 1938 г. Памёр у 1940 г. ў турме Саратава. Пастановай судовай калегіі Вярхоўнага суда БССР ад 10 чэрвеня 1988 г. справа ў адносінах Я. Лёсіка спынена, а з 17 мая 1990 г. ён адноўлены ў званні акадэміка. У гісторыі беларускай мовазнаўчай навукі Я. Лёсік пакінуў след як арганізатар і ўдзельнік мовазнаўчага жыцця ў 20-я гг., як аўтар шматлікіх навукова-практычных дапаможнікаў і навуковых прац па беларускай мове. Падручнікі Я.Лёсіка былі адным з самых пашыраных сродкаў навучання беларускай мове сярод розных груп насельніцтва, яны неаднаразова перавыдаваліся (дапаможнік па правапісе, напрыклад, 8 разоў). У значнай ступені дзякуючы ім у Савецкай Беларусі стала шырока выкарыстоўвацца правапісная сістэма беларускай мовы, зафіксаваная ў «Беларускай граматыцы для школ» (1918) Б. Тарашкевіча. Ад падручнікаў Я. Лёсіка, а таксама ад распрацаваных ім у 20-я гг. слоўнікаў лінгвістычнай тэрміналогіі ідзе сталая традыцыя выкарыстання ў беларускім мовазнаўстве многіх лінгвістычных тэрмінаў (напрыклад, назоўнік, прыметнік, займеннік, лічэбнік, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе, злучнік, прыназоўнік, выклічнік, выказнік і інш.). Адным з першых у беларускім мовазнаўстве Я. Лёсік пачаў грунтоўна распрацоўваць пытанні нацыянальнай літаратурнай мовы, займаўся праблемамі правапісу, займаўся пытаннямі граматычнай нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Я. Лёсік таксама пісаў мастацкія творы. Яго пісьменніцкі талент быў заўважаны і высока ацэнены М. Гарэцкім, які асабліва вылучыў «Апавяданне без назвы» (1917—19). Я. Лёсік перарабіў на літаратурную мову і апублікаваў «Пінскую шляхту», а таксама пераклаў на беларускую мову празаічныя часткі камедыі-оперы «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча, фрагменты са «Шляхціца Завальні...» Я. Баршчэўскага і інш. творы. Уклаў некалькі літаратурных чытанак для школ. Вобраз Я.Лёсіка адлюстраваны ў паэме «Новая зямля» Я.Коласа (эпізадычна) і ў рамане «Пабуджаныя» Г. Далідовіча (персанаж Максім Лашковіч). (Паводле С.М. Запрудскага) БРАНІСЛАЎ ТАРАШКЕВІЧВядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец, мовазнавец і перакладчык Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч нарадзіўся 20 студзеня 1892 г. у засценку Мацюлішкі (цяпер Літва). Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага універсітэта (1916), працаваў у ім прыват-дацэнтам грэчаскай і лацінскай моў. 3 1918 г. загадваў культурна-асветным аддзелам Пецярбургскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1919 г. выкладаў беларускую і грэчаскую мовы ў Мінскім педінстытуце, у 1920 г.— загадваў беларускім сектарам дэпартамента асветы так званай Сярэдняй Літвы, у 1921 — 1922 г. працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі і быў адным з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. У 1922 г. выбраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. За абарону правоў беларускага насельніцтва і палітычную дзейнасць у студзені 1927 г. арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У 1930 г. з мэтай дыскрэдытацыі яго выпусцілі на волю, але праз год зноў арыштавалі і ў лістападзе 1932 г. асудзілі на 8 гадоў катаржнай турмы. У верасні 1933 г. быў абменены на савецкага палітвязня і жыў у Маскве, працаваў у Міжнародным аграрным інстытуце загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі. У маі 1937 г. арыштаваны і па беспадстаўным абвінавачанні ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы 29 лістапада 1938 г. расстраляны. Беларускім мовазнаўствам Б. Тарашкевіч займаўся на працягу ўсяго свайго жыцця. Яшчэ студэнтам 3-га курса Пецярбургскага універсітэта ён апублікаваў у часопісе «Раніца» (1914, № 1) артыкул «Не пакідайце сваёй мовы», у якім заклікаў суайчыннікаў шанаваць родную мову, таму што яна з'яўляецца душой народа, запісваць мясцовую лексіку і розныя віды вуснай народнай творчасці — казкі, легенды, песні, прыказкі, загадкі. У 1913 г. па прапанове Я. Купалы Браніслаў Тарашкевіч пачаў працаваць над беларускай граматыкай, і ў 1918 г. ў Вільні яна ўбачыла свет. Гэтая праца была высока ацэнена спецыялістамі, некалькі разоў перавыдавалася і адыграла выключна вялікую ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Менавіта як аўтар «Беларускай граматыкі для школ» Б. А. Тарашкевіч у 1928 г. быў абраны правадзейным членам АН БССР. «Беларуская граматыка для школ» — праца, у якой упершыню былі вызначаны правапісныя і граматычныя нормы сучаснай беларускай мовы. Тарашкевіч здолеў, як ніхто да гэтага, выявіць галоўныя заканамернасці беларускай літаратурнай мовы, гістарычна абумоўленую сувязь яе з цэнтральнымі беларускімі гаворкамі. Улічваючы традыцыі беларускага кнігадрукавання, ён замацаваў фанетычны прынцып напісання галосных, а для перадачы зычных – марфалагічны. Асобна быў распрацаваны правапіс запазычаных слоў. Правільна былі вызначаны галоўныя граматычныя катэгорыі беларускай мовы, характэрныя для яе формы словазмянення. Сфармуляваныя ў граматыцы правілы атрымалі ўсеагульнае прызнанне, многія замацаваліся ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. На аснове граматыкі Тарашкевіча хутка сталі выходзіць падручнікі беларускай мовы іншых аўтараў. З выхадам граматыкі Тарашкевіча пачаўся працэс стабілізацыі норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы, быў створаны грунт для яе далейшай граматычнай распрацоўкі, удасканалення ўласцівых ёй структурных элементаў. Б.А. Тарашкевіч займаўся і іншымі лінгвістычнымі даследаваннямі. Так, у 1923 г. ім завершаны і здадзены ў друк «Сінтаксіс беларускай мовы», які, на жаль, па нейкіх прычынах не выйшаў, прычым рукапіс яго да гэтага часу не знойдзены. У 1933 г. Б.А. Тарашкевіч пісаў з турмы да пракурора ў Вільню, што ўжо доўгі час працуе над гістарычнай граматыкай беларускай мовы. Магчыма, праца была закончана, аднак яе лёс пакуль невядомы. Тое ж можна сказаць і пра доктарскую дысертацыю Б.А. Тарашкевіча «Стыль і фанетыка Лаўрэнцьеўскага летапісу», назва якой вядома з матэрыялаў аб судовым працэсе над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой. Б.А. Тарашкевіч пераклаў на беларускую мову два сусветна вядомыя паэтычныя творы – «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча. Пераклад «Іліяды» ён пачаў у час працы ў Петраградскім універсітэце, а закончыў у 1927 г. у адной з самых суровых турмаў Польшчы – на Вронках. Месцазнаходжанне рукапісу да гэтага часу невядома. У перыядычным друку апублікаваны толькі дзве перакладзеныя песні «Іліяды» з прадмовай перакладчыка. Паэма Міцкевіча «Пан Тадэвуш» была перакладзена ў турэмных засценках у 1931 – 32 гг. Рукапіс перакладу захаваўся і быў выдадзены ў 1981 г. ў Мінску і ў 1984 г. ў Польшчы. Гэты пераклад атрымаў высокую ацэнку беларускіх і польскіх спецыялістаў. (Паводле К. Германовіча) Дадатак 2 Гістарычны каментарый Як вядома, праваслаўе вельмі рана стала пашырацца на Беларусі – ужо ў ІХ ст. Аднак падчас стварэння Вялікага княства Літоўскага такую ж моц на нашых землях стала набываць яшчэ адна плынь хрысціянства – каталіцызм. У 1387 г. адбылося афіцыйнае прыняцце каталіцызму ў ВКЛ, які падтрымліваўся вялікакняжацкай уладай літоўскіх баяр, а рэгіён распаўсюджвання гэтага веравызнання абмяжоўваўся першапачаткова Жамойціяй, паўночна-заходнімі беларускімі землямі, заходняй Украінай. Крэўская унія дала пачатак сцвярджэнню каталіцызму ў ВКЛ і прывяла ў рух той механізм, які праз стагоддзе карэнным чынам змяніў становішча праваслаўнай і каталіцкай цэркваў на тэрыторыі княства. У выніку уніі каталіцкі касцёл атрымаў вялікія прывілеі ў Літве, якія і былі выкарыстаны каталіцкім духавенствам у самыя бліжэйшыя часы. У 1387-88 гг. у Вільні было створана каталіцкае біскупства; былі пабудаваны каталіцкія храмы ў Медніках, Крэве, Гайне і Абольцах. «Адразу займеўшы тое, чаго ў Еўропе духавенства дамагалася стагоддзямі, каталіцкі касцёл стаў магутнай сілай у Літве, а потым і ў Беларусі. Для праваслаўнай царквы стварэнне Віленскага біскупства было моцным ударам, бо асудзіла яе на страты на карысць касцёла»8. Працэс дзейнасці каталіцкага касцёла на нашых землях падмацоўваўся актыўным функцыянаваннем каталіцкіх манаскіх ордэнаў. У азначаемы перыяд на тэрыторыі ВКЛ іх было ўжо пяць: бенедыктынцы, канонікі (інакш белыя аўгусцінцы), аўгусцінцы, дамініканцы, францысканцы. Актыўнай місіянерскай дзейнасцю каталіцкага касцёла абумоўлены і ўплыў польскай мовы на беларускую, які пачаўся ўжо ў ранні перыяд развіцця мовы беларускай пісьменнасці, бо пісьменнасць па-ранейшаму абслугоўвала ў першую чаргу духоўную сферу грамадскага жыцця. «На працягу амаль чатырох стагоддзяў беларуская літаратурная мова развівалася ва ўмовах беларуска-польскага двухмоўя, якое пакінула ў яе лексічнай сістэме значныя сляды»9. З пранікненнем каталіцызму на беларускіх землях пачала гучаць і латынь. Такім чынам, «рэлігійная сітуацыя ў ВКЛ у канцы XIV - XV стст. характарызавалася наяўнасцю дзвюх хрысціянскіх цэркваў - праваслаўнай і каталіцкай, а таксама іудаізму, мусульманства і язычаства»10. Прычым даследчыкі адзначаюць надзвычайную талерантнасць і верацярпімасць вернікаў розных канфесій - праваслаўя, каталіцызму, мусульманства і іудаізму – адзін да аднаго. Адным з накірункаў дзяржаўнай палітыкі ў балта-славянскім грамадстве выступала верацярпімасць. Так, пры ярка выражанай арыентацыі вярхоўных літоўскіх князёў у бок «латинства» (г.зн. каталіцызму) на працягу амаль трох стагоддзяў (з к. XIII да сяр. XVI) праваслаўная царква адчувала сябе досыць свабодна на гэтых землях: будаваліся новыя храмы, адчыняліся манастыры. Напрыклад, перад самай Люблінскай уніяй (1569 г.) у сталіцы ВКЛ – Вільні было 15 праваслаўных храмаў і 14 касцёлаў, гэта пры дамінанце каталіцкіх вернікаў. У ВКЛ юрыдычна была зафіксавана незалежнасць юрысдыкцыі мітрапаліта і праваслаўнага епіскапату ад свецкіх улад. З другога боку, такая незалежнасць ад дзяржавы зусім не спрыяла развіццю праваслаўя як дзяржаўнага веравызнання ў ВКЛ. Багатыя магнаты не апекаваліся праваслаўнай царквой, святары існавалі толькі за кошт падаткаў і дабрачынных ахвяраванняў прыхаджан. У адрозненне ад ксяндзоў, біскупаў і іншых каталіцкіх святароў, праваслаўныя «служители Бога» мелі вялікія сем’і, ім трэба было клапаціцца аб будучым сваіх дзяцей, аб утрыманні прыходаў. Без дзяржаўнай падтрымкі рабіць гэта было не так проста. Геапалітычнае становішча ВКЛ, адносна высокі ўзровень беларускай культуры абумовілі даволі ранняе пранікненне ў яе ідэй Адраджэння і Рэфармацыі. Па прыкладу еўрапейскіх краін на беларуска-літоўскіх землях арганізуюцца ў дадатак да наяўных праваслаўных і каталіцкіх школы арыянскія і кальвінісцкія. У 60-я гг. XVI ст. у кальвінізм пераходзіць большая частка беларускіх і літоўскіх магнатаў. Беларусь падтрымлівала ў тыя часы даволі цесныя кантакты з Еўропай, моладзь навучалася ў еўрапейскіх, у тым ліку нямецкіх універсітэтах. Вяртаючыся на радзіму, яна распаўсюджвала ідэі Марціна Лютэра і Жана Кальвіна сярод сваіх суайчыннікаў. Аднак рэфармацыйны рух не ахапіў бы так хутка вялікі пласт тагачаснага грамадства, калі б не быў падтрыманы вялікакняжацкай шляхтай, у першую чаргу вядомымі магнатамі з роду Радзівілаў. Вялікі канцлер і віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны і гетман найвышэйшы Мікалай Радзівіл Руды ў 1553 г. прынялі новую веру і перайшлі з каталіцызму ў пратэстантызм. Гэты год стаў пераломным у канфесійнай гісторыі Беларусі. Трэба адзначыць, што ў тыя часы за магнатамі прымалі новую веру і залежныя ад іх асобы: дробная шляхта, слугі і г.д. Такім чынам, пераход на новае веравызнанне ажыццяўляўся не паасобна і не толькі цэлымі сем’ямі, але і цэлымі панскімі дварамі і невялікімі населенымі пунктамі. Па прыкладу Радзівілаў новую веру прымаюць вядомыя шляхецкія беларускія сем’і: Сапегі, Кішкі, Хадкевічы, Тышкевічы і інш. Сярэднія слаі насельніцтва (асабліва яскрава гэтая тэндэнцыя праяўлялася ў Віцебску) таксама даволі хутка прынялі пратэстанцкую веру. У пачатку 50-х гг. XVI ст. Мікалай Радзівіл Чорны заклаў у Брэсце (тады Берасце) першы кальвінісцкі сабор і заснаваў друкарную майстэрню. Аднак у іншых гарадах Беларусі (Нясвіж, Клецк, Навагрудак, Віцебск, Мінск, Полацк і інш.) цэрквы і касцёлы проста рэфармаваліся і перабудоўваліся ў духу кальвінізму. Пратэстанты для прапаганды свайго веравызнання на тэрыторыі Беларусі карысталіся польскай мовай, на ёй выдавалі шматлікую тэалагічную літаратуру. Напрыклад, у 1536 г. у Кракаве выйшаў польскі пераклад «Катэхізіса» М. Лютэра, а ў 1547 г. там жа быў выдадзены польскі лютэранскі катэхізіс. М. Радзівіл Чорны ініцыіраваў выданне Бібліі на польскай мове ў Брэсце. З усіх рэфарматарскіх плыняў на Беларусі найбольшае распаўсюджанне атрымаў кальвінізм, паколькі менавіта гэтае веравызнанне ў максімальнай ступені адпавядала духу тагачаснага грамадства, барацьбе супраць феадальных традыцый і імкненню да новага віду сацыяльна-эканамічных адносін у дзяржаве. Швейцарскія тэолагі, у прыватнасці сам Жан Кальвін, вельмі цікавіліся лёсам беларуска-літоўскай Рэфармацыі і вялі перапіску з некаторымі мясцовымі магнатамі і прапаведнікамі. У сярэдзіне XVI ст. кальвінісцкія магнаты і шляхта сумесна з праваслаўнымі феадаламі дабіваюцца роўных правоў з католікамі на тэрыторыі ВКЛ. Такім чынам, у гэты перыяд беларускае насельніцтва аказалася падзеленым па трох плынях хрысціянскага веравызнання: праваслаўю, каталіцызму і пратэстантызму. «Талерантнасць, або верацярпімасць, з’яўляюцца яркай адметнай асаблівасцю беларускай культуры эпохі Адраджэння. Менавіта дзякуючы гэтай яе якасці быў магчымы той духоўны росквіт, які справядліва вызначаны даследчыкамі як «золотой век» у гісторыі Беларусі»11. Улічваючы стракаты сацыяльны, канфесійны і эканамічны склад беларуска-літоўскага грамадства, відавочна, што рэфармацыйны рух на Беларусі не мог заставацца адналітым. У сярэдзіне 60-х гг. XVI ст. беларускія пратэстанты падзяліліся на два лагеры: большая частка іх засталася кальвіністамі, меншая прыняла арыянства, апошнія вызначаліся вельмі радыкальнай праграмай (напрыклад, арыяне ставілі пад сумненне асноўны дагмат хрысціянства – дагмат аб існаванні Святой Тройцы). І беларускія арыяне, і італьянскія антытрынітарыі, і нямецкія анабаптысты імкнуліся да аднаго – да роўнасці кожнай асобы, створанай Богам, незалежна ад яе маёмаснага і сацыяльнага становішча. Для таго часу гэта былі дастаткова прагрэсіўныя погляды. З пачаткам рэфармацыйнага руху на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ўзнікла і пашырылася кнігадрукаванне, што дало магчымасць не толькі распаўсюджанню кніг рэлігійнага зместу на царкоўнаславянскай мове, але і выданню твораў гамілетычнага характару на старабеларускай мове, перакладаў на беларускую мову псалтыра і некаторых іншых частак Свяшчэннага Пісання. На працягу XVI ст. была ажыццёўлена поўная замена царкоўнаславяншчыны беларускай мовай у паасобных сферах рэлігійнага жыцця. Пераклад рэлігійнай літаратуры, у прыватнасці тэкстаў Свяшчэннага Пісання, на Беларусі звязаны з дзейнасцю такіх рэфарматараў, як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мялецій Сматрыцкі і інш. Рэфармацыйны рух пакінуў значны след у гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі на Беларусі і ў значнай ступені акрэсліў будучы шлях развіцця беларсукага этнасу. Рэфармацыя «спрыяла эвалюцыі грамадскага ладу, фарміраванню шляхецкай дэмакратыі, развіццю рэнесансава-гуманістычных і рацыяналістычных тэндэнцый у духоўным жыцці, станаўленню новых форм культуры, пашырэнню міжнародных культурных сувязей»12. Пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага (1565 г.) і асабліва пасля Люблінскай уніі (1569 г.) на Беларусі пачалося наступленне контррэфармацыі. Каталіцкі касцёл імкнуўся максімальна хутка адваяваць страчаныя пазіцыі. Дзеля барацьбы з пратэстантамі ў Еўропе быў створаны манаскі ордэн «Таварыства Ісуса» (ордэн езуітаў), які на працягу XVI-XVIII стст. склаў на Беларусі даволі разгалінаваную і прадуманую сістэму прадстаўнікоў, адукацыі насельніцтва і прапаганды каталіцызму. На тэрыторыі ВКЛ былі створаны спецыяльныя органы кіравання – кангрэгацыі, вялікая колькасць калегіумаў – для падрыхтоўкі каталіцкіх святароў. Галоўным ідэолагам контррэфармацыі на Беларусі быў П. Скарга, заснавальнік і першы рэктар Віленскай езуіцкай акадэміі, з якой пасля ўтварыўся Віленскі універсітэт. Менавіта ён заснаваў езуіцкія калегіумы ў Полацку, Рызе і Дэрпце (сёння Тарту, Эстонія). У перыяд наступлення контррэфармацыі на Беларусі дзейнічала каля 24 каталіцкіх манаскіх ордэнаў, сярод іх – бенедыкцінцы, дамініканцы, кармеліты, францысканцы і інш. Хоць барацьба ў ВКЛ супраць пратэстантаў і не прыняла такога жорсткага і крывавага характару, як, напрыклад, у Францыі (узгадаем Варфаламееўскую ноч у Парыжы 24.08.1572), аднак і тут учыняліся пагромы, забараняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні. Увогуле контррэфармацыя на беларускіх землях набыла свой адметны характар, таму што радыкальна настроеныя езуіты вырашылі адным ударам пакончыць і з рэфарматарскім рухам, і з праваслаўем. Менавіта контррэфармацыя спрыяла ў першую чаргу заключэнню Брэсцкай уніі (1596 г.) і стварэнню уніяцкай царквы на Беларусі. Глебу для заключэння Брэсцкай уніі падрыхтавала не толькі моцная пазіцыя каталіцызму ў Рэчы Паспалітай у канцы XVI ст., але і заняпад праваслаўнай царквы. Прычын таму некалькі, сярод іх «недахопы апекі з боку дзяржавы, якая ... адкрыта падтрымлівала лацінскі касцёл, а таксама нестабільнасць самога царыгародскага патрыярхату, сувязі Кіеўскай мітраполіі з якім аслаблі»13. Да таго ж ужо на працягу некалькіх стагоддзяў на Беларусі і Украіне не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы для праваслаўнага духавенства. Праваслаўныя святары вызначаліся невуцтвам і непісьменнасцю ў самых элементарных пытаннях веры. Яны тым больш праігрывалі побач з адукаванымі каталіцкімі ксяндзамі і манахамі, якія ведалі некалькі моў, неаднойчы бывалі ў Еўропе, часта мелі вышэйшую адукацыю. Нават лепшая частка праваслаўных вернікаў была гатова перайсці на бок каталіцызму толькі таму, што яны ў сваім духоўным і інтэлектуальным развіцці ўжо даўно пераўзышлі сваіх «духоўных настаўнікаў». У выніку Брэсцкай уніі праваслаўная царква на Беларусі і Украіне (на чале з Кіеўскай мітраполіяй) аб’ядналася з каталіцкім касцёлам пры арганізацыйным падпарадкаванні рымскаму папе і пры захаванні праваслаўнай абраднасці, прычым праваслаўе павінна было прыняць і каталіцкую дагматыку па асноўных пытаннях веры. Пасля уніі былі напісаны 33 «берасцейскія артыкулы», у якіх выкладзены дагматычныя, абрадава-літургічныя, іерархічныя і юрыдычныя асновы грэка-каталіцкага веравызнання і становішча грэка-каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. Напачатку уніяцкая царква сустрэла моцнае супраціўленне з боку праваслаўнага духавенства і вернікаў, пераважна з мяшчанскага асяроддзя. Аплотам праваслаўя на Беларусі ў тыя часы з’яўляліся праваслаўныя брацкія школы. Сістэмная арганізацыя іх пачынаецца з таго часу, калі «стало очевиднымъ для всехъ, что польское правительство, руководимое iезуитами, настойчиво домогается поработить папе русскую церковь и полонизировать русскій народъ и что, с другой стороны, на его веру и национальность покушаются и протестанты. Тогда-то и явилась потребность соединить православныя силы в братства ... и укрепить национальное и православно-религиозное сознание»14. Адна з прычын непрыняцця уніяцкай царквы праваслаўным духавенствам — увядзенне ў набажэнства беларускай (у тыя часы яна называлася «рускай») мовы. Падчас літургіі уніяцкая царква карысталася царкоўнаславянскай мовай, аднак у казаннях, споведзях дазваляла і беларускую мову, ды і сама царкоўнаславянская мова ў XVII ст. была моцна абеларушчана. «Аднак важнейшым у гісторыі ўзаемаадносін беларускай і царкоўнаславянскай моў старажытнага перыяду было выцясненне царкоўнаславянскай мовы з галіны навукі і культуры. Выданне кніг гамілетычнага характару на беларускай мове, пераклад у гэты ж час псалтыра і евангелля служаць доказам крызісу царкоўнаславянскай мовы і звужэння сферы яе ўжывання за кошт расшырэння грамадскіх функцый беларускай мовы»15. У сваю чаргу праваслаўныя святары трымаліся царкоўнаславянскай мовы як адной з самых значных святыняў сваёй царквы і не прымалі ўвядзенне ў набажэнства іншых, «народных», моў. Вострая ідэалагічная барацьба паміж праваслаўнымі і уніятамі прывяла да адраджэння царкоўнаславянскай мовы. Аднак царкоўнаславянская мова была адроджана толькі ў рэлігійнай сферы жыцця грамадства, прычым сярод кніг, выдадзеных на царкоўнаславянскай мове за два стагоддзі (XVI-XVIII), амаль усе прызначаліся толькі для выкарыстання падчас літургіі і былі непасрэдна звязаны з набажэнствам. Ніякай арыгінальнай літаратуры на царкоўнаславянскай мове (павучэнняў, слоў, казанняў) за гэты час створана не было. Брэсцкая унія карэнным чынам змяніла канфесійны расклад беларускага грамадства. Перад апошнім падзелам Рэчы Паспалітай (1795) асноўную колькасць беларускіх вернікаў складалі уніяты (75%), католікаў налічвалася 18%, а праваслаўных толькі 6,5%. Нягледзячы на параўнальна невялікі працэнт прадстаўнікоў каталіцызму, касцёл па-ранейшаму працягваў адыгрываць асноўную ролю ў дзяржаўнай палітыцы тагачаснага грамадства, бо менавіта гэтае веравызнанне выбрала шляхта і вядучыя магнаты. Веравызнанне стала выконваць не толькі духоўную функцыю, але і функцыю сацыяльна-нацыянальнага разгалінавання грамадства. Менавіта з тых часоў у беларускім грамадстве ўзнікае ўзаемазалежнасць: католік — паляк, праваслаўны — беларус. Такім чынам рэлігійная апазіцыя набыла нацыянальны характар. У пачатку XVII ст. польская мова і польская культура сталі дамінаваць амаль ва ўсіх сферах грамадскага жыцця: у юрыдычнай, духоўнай і г.д. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) на далучаных да Расійскай імперыі беларускіх землях уніяты спачатку заставаліся ў складзе Полацкай епархіі і паступова адбыліся значныя пераходы з уніяцтва ў праваслаўе. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай быў выдадзены спецыяльны ўказ «Аб адхіленні ўсялякіх перашкод для павароту уніятаў да праваслаўнай грэчаскай веры». Амаль за адзін год (са жніўня 1794 па сакавік 1795) у праваслаўе перайшлі каля 1,5 млн. беларускіх і ўкраінскіх уніятаў. На працягу некалькіх стагоддзяў прадстаўнікі літоўска-беларускага грамадства былі падзелены на некалькі канфесій. Канфесійная афарбоўка беларускага этнасу некалькі разоў мянялася, прычым часта — вельмі кардынальна. Талерантнасць і верацярпімасць былі адзіным шляхам для асобы захаваць сябе. Добразычліва і мірна прыняць суседа незалежна ад таго, якога ён веравызнання, — асноўны кодэкс паводзін прадстаўніка старабеларускага грамадства. Для часоў рэлігійных войнаў і канфесійнай нецярпімасці гэта было не толькі прагрэсіўным, гэта было выратавальным. У наш час на тэрыторыі Беларусі існуе каля 26 канфесій, «што з’яўляецца сведчаннем гістарычнай традыцыі мірнага суіснавання розных веравызнанняў і працягам талерантнасці, характэрнай для беларускага этнасу яшчэ з сярэдневякоўя»16. Аб прыкладах канфесійнай талерантнасці ў старабеларускім грамадстве мы чытаем у «Гістарычных запісках» Ф.Еўлашэўскага (II пал. XVI ст.), аўтар якіх, пратэстант, быў аднойчы ў гасцях у каталіцкага свяшчэнніка. Прысутныя на вячэры італьянцы вельмі здзівіліся: як такое можа быць, каб два чалавекі, што вызнавалі такія розныя, бадай супрацьлеглыя напрамкі хрысціянства, сядзелі за адным сталом. На гэта католік адказаў: «В нас з того жадна ненавист не быва и милуемы се яко з добрыми приятелы». Дадатак 3 |