Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. 1. Дапаможнік БЕЛ. МОВА Ч. Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт
Скачать 6.39 Mb.
|
2. Моватворчае асяроддзе і прагнозы развіцця Донарская функцыя традыцыйных мясцовых гаворак беларускай мовы мае, як выявілася, тэндэнцыю да затухання. Адпаведна і ўласныя мовастваральныя магчымасці дыялектаў з цягам часу будуць станавіцца абмежаванымі. I справа тут не ў раптоўным знікненні мовастваральнай самадастатковасці дыялектаў як комплексаў разнастайных слова- і формаўтваральных сродкаў. Праблема абумоўлена пераважна сацыяльна-культурнымі параметрамі. Сутнасць яе ў наступным. Статыстыка сведчыць: колькасць вяскоўцаў з кожным годам істотна змяншаецца, адначасова расце лік гараджан, але ўжо не ў такой ступені, як тое адбывалася, пачынаючы з 50 - 60-ых гадоў мінулага стагоддзя. Фактычна працэс пераканцэнтрацыі насельніцтва ў Беларусі ў яго найбольш цэласным выглядзе завершаны. Разам з пераканцэнтрацыяй адбылася таксама і урбанізацыя. Паралельна з гэтымі працэсамі завяршылася і перамяшчэнне цэнтраў развіцця культуры. Вёска страціла ці, больш дакладна, страчвае сваю гістарычна вядучую нацыянальную культура- і, натуральна, мовастваральную ролю. Сёння гэтаму спрыяе таксама і тое, што, як адзначалася, элітная частка сельскага насельніцтва — мясцовая інтэлігенцыя — мае галоўным чынам не беларускамоўную арыентацыю і, відавочна, у сваёй асноўнай масе не можа ўплываць ні на якасць гаворкі па-беларуску сваіх вясковых суседзяў, ні прэтэндаваць на сваю моўную элітарнасць. Да таго ж, колькасна ў сельскай супольнасці сярод інтэлігенцыі пераважаюць прадстаўнікі яе негуманітарнай сферы, што таксама па вядомых прычынах змяншае шанцы на яе моўна-культурнае лідэрства. Відавочна, пры такіх акалічнасцях не горад арыентуецца на вёску, а наадварот. I відавочна, гораду прадвызначана надалей ажыццяўляць функцыю культурна-асветніцкага донара, у тым ліку і моватворчую, і маўленчую. А значыць, гарадской інтэлігенцыі належыць сёння і надалей выконваць прыярытэтную ролю ў лінгвафункцыянальным працэсе ва ўмовах урбанізацыі. Такі ход заканамернага развіцця гісторыі. Выключэнняў з яго, як правіла, не назіраецца. Гэтую функцыю адпаведна свайму адметнаму сацыяльнаму статусу цяпер выпала ажыццявіць гарадской інтэлігенцыі Беларусі. Ці ёсць у яе шанцы для ўдзелу ў паўнавартасным мовастваральным працэсе? 3. Нацыянальная гарадская беларуская інтэлігенцыя: супольна ці па абодва бакі? Як агульнавядома і што падмацоўваюць даследчыя матэрыялы з розных навукова-культуралагічных крыніц, беларуская інтэлігенцыя выканала сваю гістарычную місію стваральніка літаратурнага варыянта нацыянальнай мовы. Гэта адбылося ў пачатку мінулага стагоддзя. Але адметнае тут у тым, што на той час у моўным літаратурастваральным працэсе ўдзельнічала пераважна вясковая і шляхетна-сялянская па паходжанні інтэлігенцыя. Апошняя па сутнасці не мела істотнай падтрымкі з боку гараджан, бо буйная гарадская прамыслова-вытворчая структура тады яшчэ толькі фарміравалася. У дадатак да гэтага, што трэба ўзгадаць, яшчэ ў пачатку XX ст. дарэвалюцыйны беларускі горад не быў беларускім па складзе насельніцтва (для прыкладу, беларусы складалі: у Мінску – 9 %, у Гродна – 11,6 %, у Віцебску – 12,2 %, у Гомелі – 17,4 %), а таму патэнцыяльна як бы і не мог прэтэндаваць на моўнае лідэрства. Але сутнасць праблемы не зусім у гэтым. Склад насельніцтва нават пры пануючым прадстаўніцтве карэннага этнаса на самай справе далёка не зыходны, самы ўплывовы чыннік у выбары сістэмы моўных сродкаў зносін, хоць, зразумела, важны з заканадаўчага боку. Вядучая большасць насельнікаў незалежна ад месца свайго пражывання заўжды выбірае тую моўную сістэму, якая выступае дамінуючым сродкам зносін у дадзеным тыпе камунікатыўнага асяроддзя. Прыгадаем, што на пачатку мінулага стагоддзя характар моўнай палітыкі, у тым ліку і ў галіне асветы і адукацыі, якую праводзіла расійскае самадзяржаўе ў адносінах да «іншародцаў», не быў спрыяльным для беларусаў26. Зыходзячы з гэтага, ужо можна меркаваць: тагачасны беларускі горад і не мог быць у значнай ступені беларускамоўным па маўленчым абліччы, як і вёска пераважна рускамоўнай ці польскамоўнай. Такім чынам, па прычыне фактычнай адсутнасці беларускамоўнага асяроддзя наўрад ці маглі на пачатку XX ст. з'явіцца лідэры нацыянальнамоўнага адраджэння сярод тагачасных гараджан і тым больш з ліку прадстаўнікоў яе вытворчай часткі, якія б супольна здзяйснялі сваю культуралагічную місію. У перыяд кароткачасовага Рэнесансу ў Беларусі беларуская частка ў агульнай колькасці гарадскога насельніцтва ўжо складала 39,3 % (перапіс 1926 г.). Гэта, зразумела, у спалучэнні з іншымі чыннікамі патэнцыяльна пашырала кола носьбітаў беларускай мовы і спрыяла ўмацаванню беларускай мовы як актыўнага сродку маўлення. Але і тады, у час Адраджэння, складвалася дастаткова спецыфічная сітуацыя: мовастваральны працэс у беларускім гарадскім асяроддзі адбываўся па сутнасці без ўплывовага ўдзелу вытворча-тэхнічнай інтэлігенцыі. Ініцыятыўнай мовастваральнай і моватворчай працай займалася пераважна філалагічна-гуманітарная інтэлігенцыя. У пасляваеннае ліхалецце аб'яднальны па моватворчай прыкмеце працэс супрацоўніцтва вытворчай і гуманітарнай частак беларускай інтэлегінцыі зноў не меў свайго лагічнага завяршэння. І не толькі па прычыне жахлівых вынікаў татальнага вынішчэння нацыянальнай гуманітарнай інтэлігенцыі ці нязначнай колькасці беларусаў у складзе гарадскога насельніцтва (яно складала 31% паводле перапісу 1959 г.). Справа ў наступным. У пачатку 50-ых гадоў XX ст. было вызначана месца Беларусі ў структуры тагачаснага індустрыяльна-прамысловага комплексу былога СССР і праведзены адпаведныя палітычна-кадравыя мерапрыемствы27 па рэалізацыі статусу Беларусі ў Савецкім Саюзе як «зборачнага (чытай: тэхніка-прамысловага — В. К.) цэха». Рэалізацыя гэтага праекта дасягалася за кошт тэхнічных кадраў з Расіі, зразумела, рускамоўных па характары маўленчай дзейнасці. А таму шанцы быць разам гуманітарна-філалагічнай беларускай інтэлігенцыі і рускамоўнай вытворчай яшчэ больш разыходзіліся. I гэта адбывалася на той момант, калі горад меў магчымасць па сістэме вуснай камунікацыі быць хутчэй беларускім, чым рускамоўным. Такому павароту ў развіцці моўнай сітуацыі ў горадзе спрыялі істотныя міграцыйныя працэсы сельскіх жыхароў ў горад, якія мелі месца ў 50 – 60-ых гадах, а таксама папярэдні характар развіцця моўнай сітуацыі ў вёсцы ў ваенны і пасляваенны час28. Гэтага не адбылося. Бракавала адпаведнай моўнай палітыкі ў спалучэнні яе з дамінантным становішчам беларускай літаратурнай мовы ў інфармацыйнай прасторы. У выніку і ў новых сацыяльна-палітычных умовах Беларусі, з усталяваннем новых ідэалагічных дактрын у грамадстве менавіта гуманітарнай частцы тагачаснай інтэлігенцыі зноў давялося трымаць штандар беларушчыны. Трымаць адной, без падтрымкі і ўзаемадзеяння з боку яе сацыяльна-вытворчага прадстаўніцтва. Такая ж сітуацыя без істотных перамен працягваецца і зараз. На першы погляд вялікай бяды ў гэтым нібыта і няма. Попрасту гістарычныя абставіны склаліся так, што беларуская інтэлігенцыя на працягу фактычна стогадовага прамежку часу не змагла інтэгравацца па моўнай прыкмеце. Адпаведна і не здолела поўнасцю выканаць сваю мова- і культуратворчую місію. Аднак, паколькі існуе вера маладога пакалення гараджан, будучых вядучых спецыялістаў у галіне прамысловасці, у жыццёвасць беларускай мовы і яе паўнавартаснае функцыянаванне29, а таксама зыходзячы з характару развіцця культуратворчых працэсаў, шанцы здзейсніць незрэалізаванае ў яе як бы застаюцца. Але гэта са сферы віртуальнага. Факт моўна непаяднанай інтэлігенцыі у Беларусі на самай жа справе не настолькі бяскрыўдны і неістотны, калі кваліфікаваць яго з пазіцый сацыяльна-камунікатыўнай запатрабаванасці мовы. Па сутнасці, з-за функцыянальна абмежаванага выкарыстання беларуская літаратурная мова з'яўляецца культурастваральным сродкам для невялікай часткі беларускага грамадства. I спецыфіка тут у тым, што гэты статус яна захоўвае амаль на працягу двух апошніх стагоддзяў. Інакш кажучы, як выступала яна сродкам стварэння галоўным чынам літаратурных твораў у іх розных тыпах форм, пачынаючы з першых беларускіх камедый, такой жа і засталася, па сутнасці, яе ніша ў сучаснай інфармацыйнай прасторы. Усё астатняе ва ўмовах Беларусі ў інфармацыйнай сферы належыць рускай мове. 3 улікам стану і развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій якраз гэта становіцца найбольш небяспечным. Уратаваць сітуацыю сёння яшчэ магчыма. Для гэтага, як паказана вышэй, існуюць і лінгвальныя, і сацыяльныя перадумовы. Аднак жыццесцвярджальны прагноз прыхільнікаў аптымістычнага лёсу беларускай літаратурнай мовы здзейсніцца толькі пры ўмове выхаду яе за межы культурастваральнай нішы і існавання ў дастаткова шырокай інфармацыйнай прасторы. Якраз гэта ў сваю чаргу можа паспрыяць таксама і завяршэнню паяднання беларускай інтэлігенцыі па моўнай прыкмеце. Але вырашэнне падобных задач — у сферы дзяржаўнай кампетэнцыі, і яны могуць ажыццявіцца праз адпаведную праграму дзяржаўнай моўнай палітыкі пры вядучай ролі ў ёй інстытута нацыянальнай моўнай адукацыі. Першазначнасць менавіта гэтых чыннікаў у беларускай нацыянальна-моўнай праблематыцы падмацоўваецца самой гісторыяй Беларусі. Так, у 1864 г. былы папячыцель Віленскай вучэбнай акругі I.П.Карнілаў пісаў, што супраць паланізацыі нельга змагацца толькі войскамі і паліцыяй, бо гэта можа выклікаць пратэсты, нянавісць і варожасць. «Трэба, каб расійская думка, расійскае слова і расійская кніга маральна заваявалі гэты край паўсюдна»30. Больш за тое, ён лічыў, што для паспяховай русіфікацыі краю патрэбны толькі тры рэчы: «рускі склад адміністрацыі, першаснае значэнне праваслаўя і рускай школы»31. Нельга не згадзіцца, што гэтае самае патрэбна здзейсніць дзяржаўным інстытуцыям у Беларусі і сёння, толькі з дакладнасцю наадварот. Пры гэтым варта, аднак, усведамляць, што зварот да ўтварэння адзінамоўнай нацыянальнай беларускай інфармацыйна-камунікатыўнай прасторы ў сённяшніх гістарычных умовах ужо не толькі не магчымы, але і не пажаданы. Беларусь як была на працягу ўсёй сваёй гісторыі шматмоўнай, такой яна павінна і застацца. У моўнай сферы рэспублікі найперш трэба змяніць становішча моў, а тым самым вызначыць пазіцыю і месца кожнай з іх. А якую з іх выбраць у якасці сродку камунікацыі — права і магчымасць самой асобы. Наданне ж статусу дамінантнай мовы беларускай літаратурнай мове і забеспячэнне яе функцыянальнай актыўнасці абумоўлена неабходнасцю ўсведамлення пазнаваўчай каштоўнасці любой мовы свету. У свой час сусветна вядомы лінгвіст Б. Л. Уорф у сярэдзіне мінулага стагоддзя пісаў: «Тыя, хто ўяўляе сабе чалавецтва будучага з адной мовай, няхай сабе англійскай, нямецкай ці рускай, надзвычай памыляюцца, калі прымаюць за ідэал тое, што можа прынесці найвялікшую шкоду развіццю чалавечага мыслення»32. Таму, каб не страціць беззваротна беларускую мову ў працэсе глабалізацыі сучаснай інфармацыйнай прасторы і захаваць яе як адзін з унікальных помнікаў і сродкаў чалавечай культуры, пра яе мы вымушаны дбаць сёння. Аляксандр Лукашанец (Мінск, Беларусь) ПЕРСПЕКТЫВЫ РАЗВІЦЦЯ I КАРЫСТАННЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ Праблема развіцця і выкарыстання беларускай мовы ў разнастайных сферах грамадскага ўжытку не толькі не страціла сваёй актуальнасці ў пачатку трэцяга тысячагоддзя, але, наадварот, набывае асаблівую вастрыню. Гэта абумоўлена ў першую чаргу наступнымі прычынамі: а) асаблівасцямі развіцця беларускай мовы ў папярэдні перыяд, у прыватнасці ў другой палове XX стагоддзя; б) характарам сучаснай моўнай сітуацыі і месцам у ёй беларускай мовы; в) тымі супярэчлівымі працэсамі, што вызначалі развіццё і фун-кцыянаванне беларускай мовы ў апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя. Менавіта гэтыя акалічнасці вызначаюць характар сучасных працэсаў у развіцці сістэмы беларускай літаратурнай мовы, а таксама асаблівасці яе функцыянавання ў грамадстве. Гэтыя ж акалічнасці, як уяўляецца, будуць вызначаць і развіццё сістэмы мовы і яе месца ў грамадстве ў бліжэйшую перспектыву. Беларуская мова ў другой палове XX стагоддзя функцыянуе і развіваецца выключна ва ўмовах масавага блізкароднаснага беларуска-рускага двухмоўя. 3 сітуацыяй двухмоўя, у першую чаргу звязана неадназначнасць працэсаў як унутрымоўнага, так і сацыялінгвістычнага плану. 3 аднаго боку, сістэма беларускай літаратурнай мовы ў другой палове XX стагоддзя працягвае паслядоўна і дынамічна развівацца. Удасканальваюцца і шліфуюцца яе нормы, інтэнсіўна папаўняецца лексічны састаў, завяршаецца фарміраванне асноўных функцыянальных стыляў, канчаткова фарміруецца аснова навуковай беларускай тэрміналогіі, ствараецца разнастайная па сваіх жанрах і зместу мастацкая літаратура. Разам з тым, бясспрэчным фактам з'яўляецца тое, што ў гэты перыяд на беларускую мову, на развіццё яе слоўнікавага складу і літаратурных норм самы непасрэдны ўплыў аказвае руская мова. Праз пасярэдніцтва рускай мовы ў беларускую трапляюць іншамоўныя запазычанні, значная колькасць лексем або непасрэдна запазычваецца, або калькуецца з рускай мовы. Усё гэта дало падставы пазней гаварыць пра выразную русіфікацыю беларускай мовы ў другой палове XX стагоддзя. Тым не менш, нягледзячы на адзначаныя моманты, беларуская мова другой паловы XX стагоддзя, безумоўна, з'яўляецца высокаразвітай літаратурнай мовай, якая здольна паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства. Характэрнай асаблівасцю разглядаемага перыяду ў развіцці беларускай мовы з'яўляецца тое, што за параўнальна кароткі адрэзак часу беларуская мова зведала розныя, часта рэзка процілеглыя ўплывы і тэндэнцыі. Гэта ў першую чаргу наклала адбітак не толькі на характар і напрамак саміх моўных працэсаў, але і на іх грамадскую ацэнку. У выніку ў некаторых выпадках пад уплывам фактараў нелінгвістычнага парадку назіраюцца дыяметральна процілеглыя ацэнкі адных і тых жа аб'ектыўных моўных фактаў, розныя погляды на літаратурную норму і яе межы. 3 другога боку, пад уплывам перш за ўсё тых жа знешнелінгвістычных фактараў адзначаны перыяд характарызуецца паступовым выцясненнем беларускай мовы з найбольш значных і ўплывовых сфер зносін. Фактычна ў сённяшніх умовах беларуская мова — мова тытульнай нацыі і адна з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь — займае другараднае становішча ў моўнай сітуацыі. Яе роля зведзена да мінімуму ў такіх грамадскіх сферах, як дзяржаўнае кіраванне, справаводства, вышэйшая адукацыя, навука. Істотна скарацілася і колькасць актыўных карыстальнікаў беларускай мовы. Адзначаная акалічнасць самым непасрэдным чынам уплывае і на развіццё самой сістэмы беларускай мовы, што праяўляецца ў першую чаргу ў недастатковым развіцці асобных функцыянальных стыляў (афіцыйна-дзелавога, навуковага), фарміраванні асобных тэрмінасістэм і г.д. Усё гэта ставіць пад пагрозу поўнафункцыянальнасць беларускай мовы ў трэцім тысячагоддзі. Сур'ёзнасць праблемы заключаецца яшчэ і ў тым, што толькі на тэрыторыі Беларусі беларуская мова можа найбольш поўна рэалізаваць свае камунікатыўныя функцыі. Таму поўнае яе выцясненне хаця б з адной сферы грамадскага ўжытку будзе непапраўнай стратай. А гэта азначае, што ў сённяшніх умовах задача пашырэння ўжытку беларускай мовы ва ўсе важнейшыя сферы жыцця сучаснага грамадства з'яўляецца, відаць, найбольш актуальнай. Неабходнай умовай для гэтага з'яўляецца, відавочна, наяўнасць стабільных літаратурных норм, без чаго немагчыма паспяховая канкурэнцыя з другой, больш моцнай у камунікатыўных адносінах і больш пашыранай у грамадстве мовай. Менавіта з гэтых пазіцый павінны ацэньвацца і прагназавацца ўсе працэсы, што адбываюцца ў сістэме сучаснай беларускай мовы. Трэба таксама канстатаваць, што намаганні па пашырэнні беларускай мовы ў найбольш важныя і ўплывовыя сферы грамадскага ўжытку, якія мелі месца ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, хаця і садзейнічалі ў значнай ступені павышэнню яе грамадскага прэстыжу, пэўнаму ўмацаванню ў такіх сферах, як мова рэкламы і інфармацыі, СМІ, школьнае навучанне, але, на жаль, не далі чакаемых вынікаў. Гэты працэс, вельмі актыўны ў першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя, па розных прычынах аб'ектыўнага і суб'ектыўнага плану фактычна спыніўся к канцу дзесяцігоддзя. Больш таго, пачаўся адваротны працэс, які звёў да мінімуму дасягнутыя станоўчыя вынікі, асабліва ў сферы школьнага навучання, справаводства, дзяржаўнага кіравання. Таму беларуская мова, хаця і ўмацавала ў нейкай ступені свой грамадскі прэстыж, па сутнасці, застаецца на другарадных пазіцыях як сродак зносін. Акрамя ўсяго іншага, сітуацыя двухмоўя ў яго сённяшнім выглядзе і моцная канкурэнцыя з боку рускай мовы робіць надзённай таксама праблему захавання нацыянальнай адметнасці беларускай мовы, што знайшло свае адлюстраванне ў пурыстычных «дэрусіфікатарскіх» падыходах да ацэнак літаратурнай нормы і тых актыўных працэсаў, якія адбываюцца на розных узроўнях моўнай сістэмы. Гэта прывяло да таго, што ў 90-я гады XX ст. працэс пашырэння беларускай мовы ў розных сферах ужытку адначасова справакаваў ажыўленне пурыстычных тэндэнцый у сферы сістэмы самой беларускай літаратурнай мовы, якія закранулі ўсе яе ўзроўні, асабліва слоўнікавы склад, сістэму словазмянення і арфаграфію. У беларускай мове канца XX стагоддзя гэтыя пурыстычныя тэндэнцыі набылі ярка выражаную тэндэнцыю адштурхоўвання ад рускай мовы, што стала асабліва адчувальным у слоўнікавым складзе беларускай мовы. У прыватнасці, гэта акрэслілася ў імкненні да рэвізіі і пераацэнкі нарматыўнага статусу наяўных моўных сродкаў. У значнай ступені зразумелыя і часта апраўданыя пурыстычныя дэрусіфікатарскія памкненні, на жаль, у колькасных адносінах значна перавысілі разумныя межы, у выніку чаго рэальныя страты для сістэмы беларусай мовы аказаліся больш значнымі ў параўнанні з набыткамі: фактычна было парушана адзінства літаратурных норм на ўсіх узроўнях мовы. Больш таго, адбылася палярызацыя беларускамоўнага грамадства паводле моўных густаў і амбіцый. Фактычна сёння мы сутыкнуліся з сітуацыяй паралельнага існавання двух літаратурна-пісьмовых варыянтаў беларускай мовы. Аднак апошняе асабліва небяспечна ва ўмовах двухмоўя, таму што значна зніжае канкурэнтаздольнасць беларускай мовы ў найбольш важных і ўплывовых сферах грамадскага ўжытку, ускладняе яе рэальнае выкарыстанне, асабліва ў сферы школьнага навучання і СМІ. Больш таго, нярэдка некаторыя заканадаўцы сучаснай моўнай моды ўласнае няведанне элементарных норм беларускай літаратурнай мовы выдаюць за патрэбу да яе ўдасканалення. Менавіта гэтыя аспекты, як уяўляецца, будуць вызначаць у бліжэйшай перспектыве асаблівасці развіцця беларускай мовы і яе функцыянаванне ў грамадстве. Таму самай важнай задачай сучаснага развіцця беларускай мовы з'яўляецца неадкладная стабілізацыя літаратурных норм, што можа быць дасягнута толькі ў выніку разумнага кампрамісу паміж прыхільнікамі розных падыходаў да названай праблемы (паміж так званымі рэфарматарамі і традыцыяналістамі). Толькі ў такім выпадку беларуская мова зможа эфектыўна выкарыстоўвацца ў сферы школьнага навучання, сродках масавай інфармацыі, рэкламе і г.д., а таксама прэтэндаваць на рэальнае пашырэнне ў якасці сродку зносін. Разам з тым неабходна адзначыць, што, нягледзячы на адзначаныя негатыўныя моманты, намінатыўная сістэма беларускай мовы па-ранейшаму захоўвае сваю здольнасць да намінацыі самых разнастайных з'яў рэчаіснасці, аператыўна рэагуе на ўсе змены ў жыцці грамадства. Гэта праяўляецца ў інтэнсіўным развіцці слоўнікавага складу беларускай мовы. 3 аднаго боку, яна валодае развітай сістэмай словаўтваральных спосабаў і сродкаў для ўтварэння новых лексічных адзінак. 3 другога боку, беларуская мова адкрыта для іншамоўных запазычанняў і валодае шырокімі адаптацыйнымі магчымасцямі, што забяспечвае свабоднае і натуральнае ўваходжанне іншамоўных адзінак у лексічную і словаўтваральную сістэмы. Таму развіццё слоўнікавага складу беларускай мовы ў бліжэйшым будучым будзе праходзіць, як уяўляецца, у рэчышчы дзвюх асноўных тэндэнцый, што вызначаюць сучаснае развіццё большасці славянскіх моў: тэндэцыяй да інтэрнацыяналізацыі і тэндэнцыяй да нацыяналізацыі. 3 першай тэндэнцыяй звязана папаўненне слоўнікавага складу беларускай мовы іншамоўнымі словамі, якія называюць актуальныя з'явы рэчаіснасці, а таксама ўтварэнне на іх базе новых лексічных адзінак з дапамогай уласных і запазычаных словаўтваральных сродкаў. Напрыклад, маркетынг – маркетынгавы; дылер – дылерскі; спонсар – спонсарскі, спонсарства; інаўгурацыя – інаўгурацыйны; камп'ютэр – камп'ютэрны, камп'ютэршчык, камп'ютэршчыца, камп'ютэрызаваць, камп'ютэрызацыя; лобі – лабіраваць, лабіраванне і інш. Працэсы, што адбываюцца ў рэчышчы названай тэндэнцыі маюць характар руху звонку ўнутр сістэмы (запазычванне і пашырэнне ва ўжыванні іншамоўных лексічных адзінак тыпу дылер, кілер, маркетынг, рэйтынг, холдынг) з адначасовым расшырэннем унутры сістэмы (утварэнне на базе іншамоўных запазычанняў новых лексічных адзінак: дылерскі, маркетынгавы, холдынгавы). Тэндэнцыя да нацыяналізацыі (ці маніфестацыі спецыфічных моўных рыс) звязана, як адзначалася вышэй, з пурыстычнымі падыходамі і накіравана ў асноўным на рэвізію існуючых моўных сродкаў. Пры гэтым галоўным крытэрыем адбору з'яўляецца ступень падабенства ці адрознення ад адпаведных адзінак рускай мовы. Змены ў слоўнікавым складзе мовы ў межах названай тэндэнцыі абумоўлены складанымі працэсамі ўнутрысістэмнага перамяшчэння. 3 аднаго боку, гэта рух ад перыферыі да цэнтра: вяртанне ў актыўны ўжытак устарэлай і рэгіянальнай лексікі (напрыклад, мытня, мытны, мытнік; аповяд, выступ, наступ, мысляр, лётнік, рэзервіста, амбасадар, міліцыянт, спартовы, вечаровы, нармалёвы і інш. замест таможня, таможанны, таможнік; апавяданне, выступленне, наступленне, мысліцель, лётчык, рэзервіст, пасол, міліцыянер, спартыўны, вячэрні, нармальны). 3 другога боку, паколькі актуалізацыя прыведзеных лексічных адзінак не звязана з неабходнасцю называння новых з'яў рэчаіснасці, а толькі з імкненнем замяніць тыя адзінкі, што да нядаўняга часу актыўна функцыянавалі ў мове, паралельна назіраецца рух ад цэнтра да перыферыі (вывад з актыўнага ўжытку лексем тыпу мысліцель, радавы, выстаўка, тыраж, экземпляр і інш.). Больш таго, перамяшчэнне ад цэнтра да перыферыі мае тэндэнцыю выхаду нават за межы сістэмы нацыянальнай мовы наогул. Напрыклад, фармулёўкі тыпу «гэта не характэрна для беларускай мовы» фактычна азначаюць, што тая ці іншая лексічная адзінка выводзіцца не толькі за межы літаратурнай нормы, але і наогул за межы беларускай мовы. Ілюстрацыяй тут могуць паслужыць словы тыпу суфіксальны, прэфіксальны, выступаючы, нармальны, радавы, мысліцель, замест якіх прапануюцца суфіксавы, прэфіксавы, нармалёвы, шараговец, мысляр. 3 тэндэнцыяй да нацыяналізацыі звязаны таксама працэс унутрымоўнага развіцця, які ілюструецца ўтварэннем новых матываваных адзінак з дапамогай разнастайных словаўтваральных сродкаў: шараговец, бубнач, бальшыня, лецішча, наступант. Такім чынам, нягледзячы на супярэчлівасць сучасных працэсаў, намінатыўная сістэма беларускай мовы развіваецца дынамічна, у адпаведнасці з патрэбамі моўнай практыкі. Усе гэта стварае добрыя перспектывы для паспяховага выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх камунікатыўных сферах сучаснага грамадства. Безумоўна, усё гэта вымагае неадкладнай стабілізацыі літаратурных норм у сферы словаўжывання, словазмянення і асабліва правапісу. Што ж датычыцца праблемы рэальнага карыстання беларускай мовай, то тут перспектывы значна больш сціплыя. Нават пры самых спрыяльных умовах, відаць, нельга разлічваць, што беларуская мова ў бліжэйшы час зможа заняць належнае месца ў такіх грамадскіх сферах зносін, як дзяржаўнае кіраванне, справаводства, вышэйшая адукацыя, сродкі масавай інфармацыі, рэклама. Гэта справа больш працяглага перыяду і вымагае вельмі абдуманых і ўзважаных крокаў не толькі з боку грамадскасці, але і з боку дзяржаўных структур. Таму невыпадкова, што для значнай часткі грамадзян Рэспублікі Беларусь беларуская мова сёння з'яўляецца не столькі рэальным сродкам зносін, колькі сімвалам нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Менавіта гэта адлюстроўваюць дадзеныя перапісаў насельніцтва. Так, паводле апошняга перапісу насельніцтва 1999 года беларускую мову ў якасці роднай назвалі 85,6% беларусаў, 9,1% рускіх, 67,1% палякаў, 14,3% украінцаў. Усё гэта сведчыць аб тым, што са змяншэннем ролі беларускай нацыянальнай мовы як сродку камунікацыі паміж членамі грамадства ўсё больш прыкметнай, самастойнай і актуальнай становіцца функцыя беларускай мовы як сімвала нацыянальнай самаідэнтыфікацыі асобы. Гэтую акалічнасць адлюстроўваюць прыведзеныя лічбы. Разам з тым, яны даюць падставы для «асцярожнага» («стрыманага») аптымізму адносна перспектыў выкарыстання беларускай мовы. Хаця значная колькасць насельніцтва Беларусі і не карыстаецца сёння актыўна беларускай мовай у сваей дзейнасці, аднак лаяльна ставіцца да яе, лічыць сваёй роднай мовай. Менавіта гэтая функцыя нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларускай мовы ў двухмоўным грамадстве, як уяўляецца, можа і павінна адыграць галоўную ролю ў захаванні яе статуса як поўнафункцыянальнай мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь і з'яўляецца базай для пашырэння ў найбольш важныя і ўплывовыя сферы ўжытку. V. Функцыянальныя стылі беларускай літаратурнай мовы. 1. Агульныя звесткі Як і іншыя нацыянальныя мовы, беларуская мова існуе ў дзвюх формах – дыялектнай і літаратурнай. Дыялектная мова – гэта мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – гэта мова аднаго ці некалькіх населеных пунктаў з аднатыпнымі моўнымі рысамі. Мясцовыя гаворкі распаўсюджаны толькі на пэўнай тэрыторыі, выкарыстоўваюцца звычайна ў вуснай форме, часцей сялянствам. Гаворкі аб’ядноўваюцца ў дыялекты. На тэрыторыі Беларусі выдзяляюць два дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Кожны з гэтых дыялектаў мае свае асаблівасці ў лексіцы, фанетыцы, марфалогіі і сінтаксісе, якія адрозніваюць іх адзін ад аднаго і ад літаратурнай мовы. Паміж паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім дыялектамі вылучаюцца сярэднебеларускія гаворкі, якія з’яўляюцца пераходнымі. У апошні час новыя дыялекты не ўтвараюцца, нівеліруюцца, і таму страчваюцца дыялектныя асаблівасці, знікаюць мясцовыя словы і выразы. Генетычна сучасная літаратурная мова грунтуецца на гаворках цэнтральнай часткі Беларусі, але ў працэсе развіцця яна сінтэзавала найбольш характэрныя для большасці беларускіх гаворак рысы і таму не супадае цалкам з якім-небудзь тэрытарыяльным дыялектам, г.зн. мае наддыялектны характар. На працягу некалькіх пакаленняў літаратурная мова апрацоўвалася майстрамі беларускай літаратуры. Беларуская літаратурная мова – гэта вышэйшая, унармаваная, агульнапрынятая і абавязковая для ўсіх членаў грамадства, стылістычна разгалінаваная форма нацыянальнай мовы. Наяўнасць нормы – істотная асаблівасць літаратурнай мовы, якая адрознівае яе ад дыялектнай. Пад нормай разумеюцца выпрацаваныя грамадствам і пісьмова замацаваныя (ці кадыфікаваныя) у нарматыўных слоўніках, даведніках, граматыках узоры, правілы, якім падпарадкоўваюцца вымаўленне і напісанне слоў, выбар слоў, ужыванне граматычных формаў, пабудова словазлучэнняў і сказаў. Кадыфікаваная, узаконеная норма з’яўляецца абавязковай для ўсіх носьбітаў літаратурнай мовы. Спецыфіка літаратурнай мовы выяўляецца і ў тым, што яна існуе ў дзвюх разнавіднасцях – вуснай і пісьмовай (дыялектная мова – толькі ў вуснай). Вуснае маўленне – гэта пераважна дыялагічнае маўленне. Таму для яго ўласцівы такія рысы, як спантаннасць (выказванне звычайна не абдумваецца загадзя, ствараецца як быццам “на хаду”), эмацыянальнасць, наяўнасць пытальных сказаў, паўтораў, простых, няпоўных канструкцый, змест якіх абумоўлены папярэднім выказваннем. Пісьмовае маўленне – прадуманая, апрацаваная фіксацыя літаратурнай мовы з мэтай перадачы думкі, узнаўлення сказанага. Яно мае спецыфіку ў адборы слоў, граматычных канструкцый, больш складаны сінтаксіс, максімальна ўзбагачаны слоўнік. Літаратурная мова выкарыстоўваецца ў розных галінах жыцця і дзейнасці чалавека – у навуцы і палітыцы, асвеце і культуры, у прэсе і на дзяржаўнай службе, у мастацкай літаратуры, выконваючы самыя разнастайныя функцыі: камунікатыўную, кагнітыўную, эстэтычную, рэгулятыўную і г.д. Функцыя зносін (камунікатыўная) рэалізуецца пераважна ў бытавой сферы, кагнітыўная (пазнавальная) функцыя – пераважна ў сферы навукі і адукацыі, пабуджальная (экспрэсіўная) – у друку, эстэтычная – у сферы мастацтва, рэгулятыўная – у справаводстве. З улікам функцый мовы, а таксама сферы і мэты зносін у літаратурнай мове вылучаюцца функцыянальныя стылі. Стыль – гэта разнавіднасці мовы, якія адрозніваюцца паміж сабой сферай абслугоўвання грамадскага жыцця і ўласцівымі ім моўнымі сродкамі. Кожны стыль мае свае задачы і характарызуецца адпаведнымі яму моўнымі асаблівасцямі. У сучаснай беларускай мове выдзяляецца пяць функцыянальных стыляў: мастацкі, навуковы, публіцыстычны, афіцыйна-справавы, размоўны. Для ўсіх стыляў характэрна наяўнасць міжстылёвых (нейтральных) моўных сродкаў. Гэта, а таксама пранікненне элементаў аднаго стылю ў другі без парушэння стылістычнай цэласнасці тэксту сведчыць аб незамкнутасці стыляў. Найбольш пранікальнымі лічацца мастацкі і публіцыстычны стылі, найменш – афіцыйна-справавы. Размоўны (размоўна-бытавы, гутарковы) стыль абслугоўвае сферу бытавых зносін і часцей выкарыстоўваецца ў форме вуснага маўлення (у пісьмовай форме ў тэкстах мастацкага стылю, асобных жанрах публіцыстычнага). Асаблівасці жывога, вуснага маўлення вызначаюць у большасці асаблівасці размоўнага стылю, для якога характэрна нязмушанасць, суб’ектыўнасць, дыялагічнасць і эмацыянальнасць. Мастацкі стыль выконвае агульную для ўсіх стыляў камунікатыўную функцыю, выкарыстоўвае сродкі ўсіх функцыянальных стыляў, толькі для яго характэрна эстэтычная функцыя. У мастацкім стылі ўсе пласты лексікі з яе прамым і пераноснымі значэннямі, экспрэсіўна-эмацыянальнымі афарбоўкамі, усе сродкі граматыкі і асабліва сінтаксісу, багатая фразеалогія беларускай літаратурнай мовы і нават розныя нелітаратурныя моўныя адзінкі (дыялектызмы, жарганізмы і інш.) эстэтычна матывуюцца і рэалізуюцца індывідуальна. Задача мастацкага стылю – намаляваць карціну рэчаіснасці, паказаць думкі і пачуцці аўтара. Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-палітычных і літаратурна-мастацкіх часопісах, у сродках масавай камунікацыі, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях. Важнейшымі асаблівасцямі яго з’яўляюцца папулярнасць, інфармацыйнасць, вобразнасць, палемічнасць выкладу. Задача публіцыстычнага стылю – фарміраваць светапогляд чытача, абуджаць грамадзянскія якасці асобы. Афіцыйна-справавы стыль абслугоўвае афіцыйна-справавую, канцылярскую, юрыдычную, дыпламатычную сферы грамадскай дзейнасці чалавека. Рэалізуецца ён у дзяржаўных дакументах, указах, дагаворах, законах і кодэксах, актах, даверанасцях, пратаколах, аб’явах, заявах, справаздачах і інш. службовых дакументах. Усе віды афіцыйна-справавых тэкстаў аб’яднаны адсутнасцю, з аднаго боку, экспрэсіўна-эмацыянальнай лексікі і экспрэсіўных сінтаксічных адзінак, а з другога – наяўнасцю своеасаблівай лексікі і сінтаксісу, якія ўжываюцца па традыцыі і ў адпаведнасці з нормамі гэтага стылю. Галоўнае ў мове афіцыйных дакументаў – наяўнасць моўных клішэ (стандартных выразаў), паслядоўнасць і строгая дакладнасць выкладу фактаў, аб’ектыўнасць ацэнак. Навуковы стыль абслугоўвае навуковую дзейнасць грамадства і выкарыстоўваецца пераважна ў пісьмовай форме ў навуковай літаратуры – манаграфіях, артыкулах, дысертацыях, дакладах, справаздачах аб навукова-даследчай працы і інш. З развіццём сродкаў масавай камунікацыі, а таксама з павелічэннем ролі навукі ў грамадстве і ростам розных кантактаў навукоўцаў (з’езды, канферэнцыі, сімпозіумы) узрастае роля і вуснай формы навуковай мовы. Экстралінгвістычныя прыкметы навуковага стылю – гэта дакладнасць фармулёвак, навуковая доказнасць, паслядоўнасць у тлумачэнні фактаў або з’яў, абстрактнасць, лаканічнасць думкі і аб’ектыўнасць. Яны арганізуюць усе моўныя сродкі, якія фарміруюць навуковы стыль. Тут не дапускаецца выкарыстанне дыялектных і стылістычна афарбаваных слоў, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі. Амаль кожнае слова ў навуковым тэксце абазначае паняцце. Мэта навуковых тэкстаў – данесці да чытача аргументаваную інфармацыю, выкладзеную лагічна, ясна, дакладна і аб’ектыўна. ГЭТА ЦІКАВА Слова “стыль” (ад лац.stilus) паходзіць ад назвы вострай палачкі, якая ўжывалася ў Старажытнай Грэцыі і Рыме: людзі пісалі на дошчачках, залітых воскам. Вострым канцом палачкі выводзілі літары, тупым – выпраўлялі, загладжвалі напісанае. Тады ж узнік выраз “saepe vertere stylum” – “часцей паварочвай стыль”, г. зн. пішы і папраўляй. |