Главная страница
Навигация по странице:

  • Пытанні для самакантролю

  • ЛЕКЦЫЯ 13. Асноўныя кірункі развіцця бібліятэчнай справы і міжнароднае бібліятэчна-бібліяграфічнае супрацоўніцтва ў XX – пачатку ХХІ стст.

  • Навуковыя бібліятэкі Трэцяга рэйха

  • У сацыялістычных краінах

  • Лекции Библиотековед история. Бібліятэказнаства. Гісторыя


    Скачать 1.3 Mb.
    НазваниеБібліятэказнаства. Гісторыя
    АнкорЛекции Библиотековед история.doc
    Дата11.09.2018
    Размер1.3 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаЛекции Библиотековед история.doc
    ТипДокументы
    #24413
    страница16 из 21
    1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21

    кнігазборы духавенства

    • кнігазбор Бергеля (у Слуцку, былі рукапісы і ўсходнеславянскія старадрукі);

    прыватныя бібліятэкі прадстаўнікоў адукванага грамадства:

    • бібліятэка Масальскіх (у Бялынічах);

    • кнігазбор Слізняў (пад Слонімам);

    • Юндзілаў (у Івацэвічах);

    • Пуслоўскіх (у Мерачоўшчыне на Гродзеншчыне);

    • Тызенгаўзаў (у Паставах на Віцебшчыне);

    • Легатовіча (у Мінску);

    • збор Трамбіцкага (у Пружанскім раёне, меў рэдкія кнігі і рукапісы першага беларускага славіста, прафесара Віленскага універсітэта Міхала Баброўскага – працы па беларускім пісьменстве, гл. ЛіМ. 1970. 30 кастр.);

    • значная бібліятэка Ю.Жабы (у маёнтку Шо);

    • бібліятэка А.Ігнатовіча (у Гарадку пад Віцебскам, гл. Полымя. 1975. №8. С.247–249);

    кнігазборы беларускіх краязнаўцаў, этнографаў:

    • Аляксандра Ельскага (у Замосці Ігуменскага павета);

    • Е.Р.Раманава (у Магілёве);

    • Г.Х.Татура (у Мінску. Больш за 30 год збіраў свае кнігі. Па даведкавых бібліяфільскіх выданнях у кнігазборы значылася каля 6500 тамоў славянскіх, расійскіх і польскіх кніг, прысвечаных Беларусі; лічыцца, што кнігазбор трапіў да Я.Тышкевіча, а потым у Львоўскі музей графа Шэптыцкага, збіралася выкупіць Расійская АН);

    • П.Н.Гаховіча (у Тураве Мінскай вобл.);

    • М.Гаўсмана (у Мінску);

    • А.Хмары (у Сёмкаве, набываў кнігі па дварах і плябанях, матэрыял па справах Польшчы і Літвы, шмат рэдкіх кніг, дакументаў. Бібліятэку наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўкі, да 1888 г. збор быў у Сёмкаве, потым з сядзібай перайшоў да родных Хельхоўскіх, у 1916 г. збор налічваў 5 000 адзінак, у 1918 г. падпаў пад знішчэнне);

    асобныя бібліяфільскія калекцыі:

    • С.П.Зубакіна (у Мінску, найбольш буйны і знакаміты ў ХІХ – пачатку ХХ ст. кнігазбор выкладчыка Мінскай гімназіі, філолага. Налічваў каля 10 000 тамоў па гісторыі, прыродазнаўстве, усеагульнай і расійскай славеснасці, кнігі былі адзначаны пячаткай і экслібрысам, Беларуская Рада збіралася выкупіць кнігазбор пасля смерці З., аднак была рэквізавана бальшавікамі і стала базай для папаўнення іншых бібліятэк);

    • І.Х.Каладзеева (у Новабарысаве, самы значны кнігазбор у Расіі, прысвечаны руска-французскай вайне 1812 г., адлюстроўваючы эпоху 1805–1815 гг., быў перамешчааны ў Расію і ахвяраваны ў 1912 г. маскоўскаму музею 1812 г.);

    • П.А.Горскага (у Бабруйску);

    • Ф.А.Кудрынскага (у Нясвіжы);

    • А.М.Семянтоўскага-Курылка (у Полацку);

    • І.Я.Спрогіса (у Вільні);

    • В.І.Харкевіча (у Вільні);

    • Г.М.Юрчанка (у Віцебску) і іншыя.

    Гэтыя прыватныя зборы ўяўлялі з сябе кнігазборы на славянскіх і замежных мовах, былі даступнымі не толькі пэўнаму колу асобаў, але былі вядомымі па ўсёй Расіі. Так, амаль усе названыя бібліяфільскія кнігазборы былі адзначаны ў вядомых польскіх і расійскіх бібліяфільскіх выданнях таго часу: Радзішэўскага Ф. (Wiadomość historyczno-statystyczna o znakomitszych bibliotekach I archiwach, publicznych I prywatnych… Kraków, 1875), Парадзелава М.Я. (Адресная книга русских библиофилов и собирателей гравюр, литографий, лубков и прочих произведений печати. М., 1904), Шумскага Е.А. (Справочная книга для русских библиофилов и коллекционеров. Одесса, 1905).

    Акрамя характэрнага для Беларусі ХІХ ст. фармавання сядзібных кнігазбораў, займаліся калекцыянаваннем і пісьменнікі (У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч), навукоўцы (у Вільні, Мінску – Легатовіч, Баброўскі, Бампі, Зубакін).

    Прадстаўленая класіфікацыя калекцый можа быць дапоўнена таксама такімі асаблівасцямі, як моўная (нацыянальная): кнігазборы, якія лічыліся на той час яшчэ і польскімі (асноўная частка), расійскімі (асбліва пасля паўстання 1863–1864 гг.), яўрэйскімі (Напрыклад, Бампі, Рабіновіча, Цукермана, Ландсберга), татарскімі; а таксама рэлігійныя (езуіцкія – да 1773 г., уніяцкія – да 1836 г., іншых каталіцкіх ордэнаў (ліквідаваны ў асноўным да 1860-х гг. ХІХ ст.), праваслаўныя, зборы мячэцяў (у асноўеым рукапісныя) і старасвецкія (каля Веткі).

    Прыватныя кнігазборы Беларусі сталі своеасаблівай і ўнікальнай з’явай у гісторыі бібліятэк ХІХ – пач. ХХ ст. ст., бо па-сутнасці выконвалі функцыі пэўных навуковых і грамадска-культурных цэнтраў Беларусі. Такім з’яўляўся, да прыкладу, Музей старажытнасцей і бібліятэка Аляксандра Ельскага (1834–1916). Кнігазбор пісьменніка, літаратара, краязнаўццы, бібліяфіла, які размяшчаўся ў яго маёнтку ў Замосці недалёка ад Мінска. Налічваў каля 10 тыс. Тамоў. Пераважалі польскія выданні, пачынаючы ад ХVI ст. да новых часоў. Былі таксама выданні на лацініцы, рускай, французскай і іншых еўрапейскіх мовах па розных галінах ведаў: па гісторыі, праву, нумізматыцы, палітыцы, белетрыстыцы, мастацтву (вельмі багаты аддзел). Шырокая карэспандэнцыя Ельскага дазваляла яму мець неабходныя бібліяфільскія кантакты з Мінскам, Вільняй, Варшавай, Кракавам, С.-Пецярбургам, Масквой, Дрэздэнам і інш. Свае творы ён друкаваў, адліваючы ўручную шрыфты для капіравання ў маёнтку, такім чынам пашыраў і распаўсюджваў свае творы па вёсках. Супрацоўнічаў з шэрагам навуковых таварыстваў: Сяброў навукі (у Вільні, куды падараваў вялікую колькасць карэспандэнцыі А.Ктркора), Кракаўскай акадэміяй, Вольным эканамічным таварыствам, Румянцаўскім музеям, Маскоўскім этнаграфічным таварыствам і інш. Апублікаваў першапачатковы спіс выданняў на беларускай мове ў часопісе “Край” (СПб., 1886. №30. С.14), у 1892 г. у 8 т. “Вялікай ілюстраванай энцыклапедыі (польскай)” надрукаваў працу “Беларуская літаратура і бібліяграфія”, у якой улічаны адзінкі беларускіх замежных выданняў, усе выданні Дуніна-Марцінкевіча, В.Карартынскага, А.Ельскага, Я.Лучыны, даюцца звесткі аб першым выданні 1891 г. “Дудкі беларускай” Ф.Багушэвіча. Ад кнігазбору па адных меркаваннях засталося 650 асобнікаў, па іншых – звыш 2 000 матэрыялаў (?), якія, у асноўным, знаходзяцца ў Польшчы (у Кракаве, Варшаве, Вільні, Мінску, Львове, Кіеве). Меў таксама багатую калекцыю аўтографаў (А.Міцкевіча – 2 партфелі, якія зараз знаходзяцца ў Кракаве).

    Асноўнымі крыніцамі фармавання бібліяфільскіх кнігазбораў быў мясцовы кніжны гандаль: у кнігарнях і на кірмашах распаўсюджваліся новыя расійскія і замежныя выданні, а таксама купляліся і прадаваліся старыя кнігі (Аляксандр Валіцкм і Соф’я Савіцкая, Бейліны, Завадскія, Сыркін, Фрумкін, Фрэнкель, Гарадзенскі, Гадлеўскі і інш.). Кніжны гандаль быў выгаднай справай. У адной толькі Вільні ў 1860-я гг. Было 15 кнігарняў, быў буйны кніжны склад купца Нэймана і вялікі кніжны магазін. У Мінску лік кнігарняў таксама быў значны: у другой палове ХІХ ст. – у сярэднім да 12 кнігараняў штогод былі адкрыты для чытачоў і пакупнікоў. Быў распаўсюджаны букіністычны гандаль. На пачатак ХХ ст. у Вільні было ўжо 40 кніжных магазінаў, 11 бібліятэк, 2 кабінеты для чытання, 35 друкарняў, 10 літаграфій, 15 хуткадрукарняў, каля 200 друкарскіх машын і 700 рабочых дзень і ноч прадаўжалі справу Ф.Скарыны (З надрукаванай справаздачы Інспектара друкарняў г.Вільні за 1902 г.). З 1818 г. у Вільні дзейнічала Друкарскае таварыства, якое мела на мэце друкаваць і распаўсюджваць у народзе сваю прадукцыю. Правінцыя жыла тым, ўто зыходзіла з цэнтра Літвы – Вільні.

    На пачатку ХІХ ст. у Беларусі была разгорнута дзейнасць Румянцаўскага гуртка па збору рэдкіх рукапісаў, дакументаў і выданняў у калекцыю графа-бібліяфіла Румянцава. Сярод сяброў гэтага гуртка былі гамяльчане, палачане, віленцы І.Грыгаровіч, І.Даніловіч, І.Лабко, П.Сасноўскі. У 18128 г. па загаду цара быў створаны Румянцаўскі музей і кніжныя скарбы, сабраныя на Беларусі, былі перавезены з С.-Пецярбурга, дзе яны былі ў асноўным сканцэнтраваны, у Маскву.

    Ужо ў 1837 г. загадам цара Мікалая І пачалася адсылка з беларускіх гарадоў грамат і “слупкоў”, рукапісных кніг у Пецярбургскую Археаграфічную камісію. Мінскі гурток Варшаўскага таварыства апекі над помнікамі мінуўшчыны на працягу ХІХ – пачатку ХХ ст. таксама займаўся аховай культурнай спадчыны, якая мела каштоўнасць для польскай дзяржавы ад вывазу ў Расію, збіраючы так званыя польскія матэрыялы, якія пасля былі вывезены ў Польшчу.

    Літаратура:

    1. Дзеля блiзкiх i прышласцi: Матэр. мiжнар. навук.-практ. канф. "Унiверсiтэты Ельскiх" (да 165-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Ельскага), Мiнск, 7 кастр. 1999 г. / Склад.: Л.Доўнар, Т.Дзем`яновiч; Рэдкал.: Доўнар Л.I. i iнш. - Мн.:Бел. ун-т культуры, РВФ "Ковчег", 1999. - 156 с., iл.

    2. Доўнар Л.І. Мiнскiя кнiгазборы ХIХ стагоддзя // Здабыткi. – Мн., 1998. – Вып. 3. – С. 60-72.

    3. Емец И.П. [Краткий исторический очерк развития библиотечного дела в Белоруссии…] // Новицкая Л. Библиотечное дело в Белоруссии (XVI в. – 1917 г.) : библиогр. указ. Мн., 1982. С.32-68.

    4. Ильевский З. Павленковская библиотека в Остромечеве // Свіцязь. Мн., 1989. С. 207-210.

    5. Кісялёва В. Бібліятэкі імя Ф.Ф.Паўленкава // Помнікі гісторыі і культуры. 1985. №1. С.36.

    6. Колоско Н.М. Из истории библиотечного дела в Белоруссии до Великой Октябрьской социалистической революции // Библиотечное дело в БССР. Мн., 1968. С.5-11. р/ф, аб, к/х.

    7. Леончиков В.Е. Е.И.Хлебцевич – видный советский библиотековед и библиограф // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. Мн., 1976.

    8. Лявончыкаў В.Е. Бібліятэчна-бібліяграфічная дзейнасць Аляксандра Ельскага // Бібліятэчны свет. 2001. №2. С.24-25.

    9. Мархель У.І. Кнігазбор Сыракомлі // Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977. С.69-107. Тое самае: Свіцязь. Мн., 1989. С.222-228.

    10. Ошерович С.О. К истории библиотечного дела в городе Минске // Библиотечное дело в БССР. Мн., 1969. С.23-26.

    11. Падліпскі А. Віцебскія кнігалюбы мінулага: З гісторыі прыватных бібліятэк ХІХ – пач. ХХ ст. // Свіцязь. Мн., 1989. С. 211-221.

    12. Пакала М.І. Публічныя бібліятэкі: [На Беларусі] // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. № 3. С.26-27.

    13. Покало М.И. Губернские публичные библиотеки Белоруссии в первой половине ХІХ в. // Книга в Белоруссии: книговедение, источники, библиография. Мн., 1981. С.123-135.

    14. Покало М.И. История библиотечного дела в БССР. Мн., 1986. С.31-59.

    15. Умецкая Я. Патаемная бібліятэка народнікаў: [Віцебск. 1884 г.] // Беларусь. 1972. № 6. С.28.

    16. Цыбуля В.А. Грамадскія спецыяльныя бібліятэкі Беларусі (ХIX – пач. ХХ ст.) // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1976. №2. С.31-33.

    17. Цыбуля В.А. Народная бібліятэка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1977. №3. С.33-34; №2. С.86-95.

    Пытанні для самакантролю

    1. З чым было звязана закрыццё ў Беларусі бібліятэк вышэйшых навучальных устаноў у першай палове ХІХ ст.?

    2. Калі ў Беларусі узнікаюць першыя публічныя бібліятэкі?

    3. Якія функцыі выконвалі кабінеты для чытання пры кніжных лаўках?

    4. Калі і дзе ў Беларусі была створана першая спецыяльная сельскагаспадарчая бібліятэка?

    5. Як паўплываў на становішча публічных бібліятэк загадМ. Мураўёва ад 28 сакавіка 1864 г.?

    6. Учыё падпарадкаванне перадаваліся гарадскія і грамадскія бібліятэкі ў адпаведнасці з царскім загадам 1867 г.?

    7. Па чыёй ініцыятыве ствараліся грамадскія бібліятэкі і якія бібліятэкі гэтатага тыпу вы ведаеце?

    8. Дзе была адкрыта першая бібліятэка пры народным вучылішчы (народная бібліятэка)?

    9. Якімі дакументамі рэгулявалася дзейнасць народных бібліятэк і народных чытальняў пры навучальных установах?

    10. Якія нелегальныя бібліятэкі вы ведаеце?

    11. Калі былі адменены спісы забароненых кніг і правілы аб наглядзе за народнымі бібліятэкамі?

    12. Якія публічныя бібліятэкі былі адкрыты ў Мінску на пачатку ХХ ст.?

    13. Хто з’яўляўся ініцыятарам адкрыцця бясплатных народных бібліятэк?

    14. Калі ўпершыню з’явіліся праекты арганізацыі сеткі бібліятэк?

    15. Бібліятэкі якіх навуковых і культурных таварыстваў вы ведаеце?

    16. Як вы разумееце ролю прыватных кнігазбораў як навуковых і культурных цэнтраў тагачаснай Беларусі, з чым гэта было звязана?


    ЛЕКЦЫЯ 13. Асноўныя кірункі развіцця бібліятэчнай справы і міжнароднае бібліятэчна-бібліяграфічнае супрацоўніцтва ў XX –пачатку ХХІ стст.

    Бібліятэчная справа паміж дзьвюмя сусветнымі войнамі. Навуковыя бібліятэкі. У выніку разбурэння бібліятэк, разрыву навуковых сувязяў з Германіяй, ізаляцыяй ад нямецкай навукі, крызісу у пэўных сферах навукі і прамысловых даследаванняў адпаведна ўзнікае неабходнасць стварэння спецыялізаваных служб дакументацыі па збору замежных публікацый у галіне навуковых даследаванняў. Так, у Вялікабрытаніі ў 1916 г., у Германіі ў 1920 г. ствараюцца таварыствы тыпу экстраннай дапамогі навуцы. Пры названым таварыстве ў Германіі быў створаны таксама Камітэт па справах бібліятэк. Упершыню ў гісторыі бібліятэчнай справы з боку дзяржавы быў зроблены крок у дапаамозе бібліятэкам па камплектаванні замежнай літаратурай. Гэта садзейнічала далейшай спецыялізацыі навуковых бібліятэк Германіі. Прынцыплва новы падыход да камплектавання быў звязаны і з ростам кнігавыдавецкага патоку.

    Пасля першай сусветнай вайны ў абслугоўванні чытачоў важнейшую ролю адыгрывалі буйнейшыя навуковыя бібліятэкі універсальнага профілю і, у першую чаргу, – нацыянальныя. У гэты перыяд асабліва інтэнсіўна развіваецца Нацыянальная бібліятэка ў Парыжы. У 1934 г. для бібліятэкі было пабудавана 8-павярховае кнігасховішча ў Версалі. Буйнейшай жа бібліятэкай свету становіцца Бібліятэка Кангрэса ЗША – нацыянальная бібліятэка краіны. У 1939 г. адкрыты 2-гі будынак бібліятэкі Джона Адамса для размяшчэння ў ім 10-мільённага збору, тамсама быў размешчаны і аддзел рэдкіх кніг.

    У першай палове ХХ ст. асноўнай тэндэнцыяй у камплектаванні бібліятэк з’яўляецца адмова ад вычарпальнага камплектавання, якое было абгрунтавана нямецкім бібліятэказнаўцам Георгам Леям (1877–1968). Пад універсальнай бібліятэкай сталі разумець бібліятэку універсальнага профілю, якая мае пры гэтым абавязкова яскрава выражаную спецыялізацыю ў профілі камплектавання і пэўныя навукова абгрунтаваныя абмежаванні рамак гэтага профілю.

    У 1920–30-я гг. актыўна развіваюцца спецыяльныя бібліятэкі. Найбольш інтэнсіўна гэты працэс адбываецца ў ЗША, дзе актыўна працуе, створаная ў 1909 г. Асацыяцыя спецыяльных бібліятэк. Ствараюцца таксама бібліятэкі даследчыцкіх устаноў і фірм – тэхнічныя бібліятэкі, якія засноўваюць адпаведныя асацыяцыі, напрыклад, у 1924 г. у Вялікабрытаніі створана Асацыяцыя бібліятэк і інфармацыйнае бюро.

    Паміж бібліятэкамі складваюцца адносіны, заснаваныя на каардынацыі іх дзейнасці: у планаванні, абмене бібліяграфічнай інфармацыяй, дакументамі. Актыўна развіваецца міжбібліятэчны бібліятэчны абанемент (МБА). У 1924 г., напрыклад, уся Германія ўжо была ахоплена МБА. Развіваецца ідэя стварэння зводных друкаваных каталогаў бібліятэк пэўнай краіны.

    Эфектыўнай формай узаемадзеяння бібліятэк лічыцца цэнтралізаваная каталагізацыя. Так, у ЗША Цэнтральнае бюро каталагізацыі стала абслугоўваць 3 тыс. бібліятэк.

    Інтэнсіўна вялася ў 1920–30-я гг. сумесная бібліяграфічная работа. Прыкладам можа быць дзейнасць бібліятэк скандынаўскіх краін, якія спецыялізаваліся ў галіне сельскай гаспадаркі, тэхнікі, педагогікі і медыцыны.

    Пасля першай сусветнай вайны ўзнікла неабходнасць устанаўлення больш цесных прафесійных сувязяў і кантактаў паміж рознымі краінамі ў галіне бібліятэчнай справы. Значную падтрымку міжнароднаму супрацоўніцтву аказваў, створаны ў 1895 г. у Бруселі па ініцыятыве Поля Атле (1868–1944) Міжнародны бібліяграфічны інстытут, які ініцыіраваў распрацоўку УДК, праект бібліяграфічнай рэгістрацыі артыкулаў у навуковых часопісах або праект стварэння Універсальнага бібліяграфічнага рэпертуару. У 1931 г. Міжнародны бібліяграфічны інстытут перайменаваны ў Міжнародны інстытут дакументацыі, а ў 1937 г. – у Міжнародную федэрацыю па дакументацыі – ФІД. У 1927 г. на канферэнцыі Бібліятэчнай асацыяцыі ў Эдынбургу, прысвечанай яе 50-годдзю, было прапанавана стварыць Міжнародную федэрацыю бібліятэчных асацыяцый (ІФЛА). Першы кангрэс ІФЛА быў праведзены ў 1929 г. у Італіі, у якім прымалі ўдзел і прадстаўнікі з СССР.

    Народныя бібліятэкі. Пасля першай сусветнай вайны захоўвалася і развівалася канцэпцыя народнай бібліятэкі (у Германіі, у краінах Паўднёвай Еўропы). Так, у Германіі, у Лейпцыгу ў 1924 г. з мэтай больш поўнага выкарыстання патэнцыялу народных бібліятэк быў створаны Інстытут вывучэння чытача і пісьменства.

    У 1920-я гг. інтэнсіўна развіваюцца публічныя бібліятэкі як ў Еўропе, так і ў Азіі. У значнай ступені ўплыў на іх развіццё аказвала англа-амерыканская канцэпцыя публічных бібліятэк, якая заключалася, у першую чаргу, у распрацоўцы і прыняцці бібліятэчных законаў. У лідэры ў гэтай справе выйшла Чэхія, якая атрымала незалежнасць у 1918 г. Ужо ў 1919 г. у Чэхіі быў прыняты бібліятэчны закон (на працягу 10 год павінны былі быць створаны бібліятэкі ва ўсіх гарадах і вёсках). Сродкі выдзяляліся органамі мясцовага кіраўніцтва. У 1921 г. быў прыняты бібліятэчны закон у Фінляндыі, які садзейнічаў стварэнню сеткі бібліятэк з галаўнымі бібліятэкамі і іх філіяламі. Ідэі стварэння публічных бібліятэк па англа-амерыканскім узоры спалучаліся з нацыянальнай спецыфікай, якая выражалася, напрыклад, у архітэктурна-планіровачным вобліку бібліятэк.

    Развіццё бібліятэчнай справы ў СССР, зразумела, мела свае асаблівасці.У аснову арганізацыі бібліятэчнай справы быў пакладзены прынцып “сацыялістычнага бібліятэчнага будаўніцтва”. Пасля 1922 г. ён становіцца абавязковым для ўсіх саюзных рэспублік. Бібліятэчная справа развіваецца ў супярэчлівых умовах: з аднаго боку рэалізуюцца ідэі І Усерасійскага з’езду (1911 г.), з другога боку – таталітарны рэжым з жорсткім кантролем, ліквідацыя недзяржаўнай формы бібліятэк. Ужо ў першым ленінскім праграмным дакуменце ўказвалася аб актыўным выкарыстанні бібліятэк новай уладай (работа “О задачах Публичной библиотеки в Петрограде”). У лістападзе 1917 г. быў створаны Народны камісарыят асветы, стаў ажыццяўляць кіраўніцтва сістэмай бібліятэчнага абслугоўвання. Нацыянальнай бібліятэкай новай дзяржавы ў адпаведнасці з пастановай Прэзідыума ЦВК СССР ад 6 лютага 1925 г. стала Дзяржаўная бібліятэка СССР імя У.І.Леніна, ранейшая Румянцаўская бібліятэка. Збор і захоўванне ўсёй друкаванай прадукцыі, якая выходзіла на тэрыторыі краін. Праўда, усё, што выходзіла на рускай мове і на мовах іншых народаў СССР за межамі, у асноўным, трапляла ў “спецсховы”. У 1927 г. пачалося ўзвядзенне новага будынку для бібліятэкі. Губернскія (абласныя) бібліятэкі разглядаліся ў той час як навуковыя бібліятэкі.

    У 1920-я гг. у іх асяроддзі ідзе працэс каардынацыі і кааперацыі, робяцца спробы стварэння асацыяцый навуковых бібліятэк. У 1930 г. створана адзіная сетка акадэмічных бібліятэк Ленінграда.

    Развіваецца сістэма падрыхтоўкі кадраў для бібліятэк. У 1918 г. па указанні Н.К. Крупскай пачата падрыхтоўка бібліятэкараў у Інстытуце пазашкольнай адукацыі (С.-Пецярбургскі універсітэт культуры і мастацтваў). У 1930 г. адкрыты Маскоўскі бібліятэчны інстытут (Маскоўскі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў).

    17 ліпеня 1918 г. выйшаў дэкрэт Савета народных камісараў “Аб ахове бібліятэк і кнігасховішчаў РСФСР”. На самай справе паклаў пачатак маштабнай нацыяналізацыі бібліятэк. Рэквізацыі падлягалі нават прыватныя бібліятэкі, у якіх было больш за 500 кніг, і нават звыш 100. Па нормах Народнага камісарыята асветы бібліятэка аднаго вучонага не павінна перавышаць 2 тыс. тамоў.

    На аснове нацыяналізаваных фондаў ствараліся і новыя бібліятэкі: навуковыя (Акадэміі грамадскіх навук, Дзяржаўная навукова-тэхнічная і эканамічная бібліятэка, Нэофілалагічная (замежнай літаратуры) бібліятэка). На дзяржаўным узроўні прымаліся рашэнні аб продажы цэлых бібліятэк за мяжу ў адпаведнасці з пастановай Савета народных камісараў ад 23 студзеня 1928 г. “О мерах к усилению экспорта и реализации за границей предметов старины и искусства”. Пераразмеркаваныя бібліятэчныя складзіраваліся і вельмі слаба апрацоўваліся. У 1923 г. з’явілася інструкцыя Н.К.Крупскай аб забароне выдаваць чытачам “ідэалагічна шкодную літаратуру”. Праўда, у 1920-я гг. спрабавалі ўвесці УДК, вялася работа па падрыхтоўцы цэнтралізаванага выпуску друкаваных картак для бібліятэк краіны. Ідэалагічны ціск пабуджаў на распрацоўку практычных і навуковых пытанняў у галіне бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці. У 1930-я гг. у СССР склаўся прынцыпова іншы тып агульнадаступнай бібліятэкі – “масавая” – разнавіднасць агульнадаступнай бібліятэкі таталітарнай дзяржавы. Бібліятэка лічылася адным з важнейшых сацыяльных інстытутаў, які выконваў не толькі адукацыйныя і асветніцкія функцыі, але і пэўныя ідэалагічныя (у адпаведнасці з ленінскім прынцыпам партыйнасці). Масавая бібліятэка СССР – інструмент “дзяржаўнага гвалту”, для якога быў характэрны уніфікаваны фонд, абавязковае кіраўніцтва чытаннем. На аснове цэнтралізаванага дзяржаўнага кіраўніцтва сетка масавых бібліятэк ахоплівала ўсю краіну. Аднак масавая бібліятэка была максімальна набліжана да насельніцтва і з’яўлялася бясплатнай. Ёй належыць і значная роля ў ліквідацыі безграматнасці насельніцтва. З замежнага вопыту прымаліся ў асноўным тэхналагічныя элементы бібліятэчнай работы. Упершыню ў праекце пастановы “О постановке библиотечного дела” 1918 г. У.І.Ленін выкарыстаў паняцце швейцарска-амерыканская бібліятэчная сістэма. На канец 1938 г. сетка масавых бібліятэк уключала 77,5 тыс. бібліятэк: 38,5 тыс. – дзяржаўныя, 19,3 тыс. – калгасныя, 15,3 тыс. – прафсаюзныя, 4,5 тыс. – іншыя бібліятэкі.

    Навуковыя бібліятэкі Трэцяга рэйха. У 1933 г. у Германіі ўсталёўваецца ўлада нацыянал-сацыялістаў, а бібліятэка становіцца, як і ў СССР, магутным аб’ектам ціску з боку дзяржавы. У ёй таталітарная дзяржава бачыла патэнцыянальную небяспеку для свайго існавання. Таму дзяржава пачала ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю бібліятэк: у фарміраванні іх фондаў, у абслугоўванні чытачоў. Усё было падпарадкавана жорсткай ідэалогіі: навука, адукацыя. Навуковыя бібліятэкі падпарадкоўваліся Міністэрству навукі, адукацыі і народнай асветы Рэйха. У 1934 г. была створана Служба камплектавання нямецкіх бібліятэк. У 1936 г. міністр прапаганды Ёзэф Гебельс забараняе імпарт замежных публікацый, а з 1937 г. – дапускаецца толькі са згоды Тайнай паліцыі (Гестапа). Жорсткія правілы кантроля распаўсюдзіліся і на кнігаабмен, на дары і выданні, якія прывозіліся з-за мяжы. Усё, што было створана ў навуцы не немцамі лічылася непрыдатным для Германіі. Камплектаванне навуковых бібліятэк было накіравана “на адлюстраванне народных поглядаў пры максімальным скарачэнні замежнай літаратуры і акцэнце на каштоўных нямецкіх па духу творах”. Праводзіліся чысткі персанала, фонда: ішло вызваленне ад марксісцкіх твораў, сацыял-дэмакратычных выданняў, адзін экземпляр якіх накіроўваўся ў спецфонды забароненай літаратуры (ствараліся ў буйнейшых навуковых бібліятэках з мэтай іх вывучэння. Правядзення 9 лістапада 1938 г. “крыштальная” ноч мела негатыўны ўплыў і на бібліятэчную справу. Напрыклад, каб атрымаць чытацкі білет, чытач-замежнік павінен быў даказаць сваё арыйскае паходжанне. Такім чынам, самая дасканалая ў свеце сістэма навуковых бібліятэк перастала быць асноўным каналам абмену навуковай інфармацыяй.

    Пасляваенны час.Другая сусветная вайна нанесла значныя страты і разбурэнні бібліятэкам і бібліятэчным фондам. Страты толькі масавых бібліятэк у СССР склалі 100 млн. кніг. З Германіі ў 1945–1946 гг. было прывезена ў якасці трафеяў да 10 млн. тамоў. У 1943 г. у Маскве быў створаны Дзяржаўны фонд літаратуры, які займаўся папаўненнем савецкіх бібліятэк, якія панеслі страты ў гады вайны.

    У 1944 г. Любоў Барысаўна Хаўкіна заклікала да вывучэння замежнага вопыту на навуковым узроўні. Аднак з канца 1940-х у 1950-я гады наступіў перыяд “халоднай вайны”, калі бібліятэкі і цалкам бібліятэчная справа былі ўцягнуты ў гэты працэс. Савецкія друкаваныя матэрыялы яшчэ з 1944 г. праходзяць асобую рэгістрацыю ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША, якая супрацоўнічае з ФБР. Асаблівасць “халоднай вайны” – актыўнае насаджэнне свайго бібліятэчнага вопыту, якое было характэрна для ЗША і СССР. У “хрушчоўскую адлігу” (з сярэдзіны 1960-х гг.) сітуацыя мяняецца і ў першую чаргу ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва. Пачынае выходзіць зборнік “Библиотековедение и библиография за рубежом”, які выдае Дзяржаўная бібліятэка СССР імя У.І.Леніна. Рэдагаваўся зборнік у навуковым цэнтры па вывучэнні замежнага вопту. Актывізаваліся міжнародныя навуковыя канферэнцыі і семінары.

    У сацыялістычных краінах агульным для бібліятэчнай справы быў працэс “саветызацыі” бібліятэчнай справы: дзяржаўнае цэнтралізаванае кіраўніцтва, уніфікацыя бібліятэк усіх тыпаў і відаў, планавы падыход, сістэма метадычнага кіравання і г.д. Дзяржава кантролявала выпуск друкаванай прадукцыі. Для раскрыцця фондаў выкарыстоўвалас, распрацаваная ў СССР Бібліятэчна-бібліяграфічная класіфікацыя (ББК). У ГДР у 1967 г. была створана гарадская сістэма кааперацыі бібліятэк, якая ўключала і навуковыя і агульнадаступныя бібліятэкі. Ва Усходняй Германіі захоўвалася традыцыя класічнай бібліятэчнай справы краіны, у прыватнасці, сістэма рэферэнтаў. Нзіраецца працэс ўзвядзення новых будынкаў для бібліятэк, для якіх неабзодны былі новыя памяшканні ў сувязі са значным павелічэннем колькасці друкаванай прадукцыі. У Польскай народнай рэспубліцы ў бібліятэчнай справе адсутнічаў афіцыёз і дэмагогія. У Польшчы склалася бібліятэказнаўства як навука; нацыянальная бібліятэчная сістэма, якую ўзначальвала Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве; развівалася дзяржаўная падтрымка бібліятэчнай справы. У шэрагу краін сацыялістычнага лагеру ў галіне статыстычных паказчыкаў даходзіла да абсурду. Напрыклад, у Румыніі, у якой агульная колькасць насельніцтва складала 22 млн. 755 260 чалавек, бібліятэчным абслугоўваннем было ахоплена 26 млн. 700 000 чытачоў.

    Першы глыток свабоды ў савецкіх бібліятэках адчулі ў час хрушчоўскай “адлігі”. Менавіта тады, чытачы змаглі пазнаёміцца з перакладнымі выданнямі заходнееўрапейскай і амерыканскай літаратуры, а таксама прачытаць першыя публікацыі А.Салжаніцына і іншыхбудучых дысідэнтаў. Аднак ў той самы час была разгорнута беспрэцэдэнтная вайна з рэлігіяй, у выніку якой амаль усе рэлігійныя выданні сталі недаступнымі для масавага чытача.

    У брэжнеўскі час, разам з інтэнсіўным развіццём бібліятэчнай сеткі, назіраецца аднабаковы падыход да камплектавання бібліятэчных фондаў. Бібліятэкі былі перагружаны шматлікімі выданнямі работ класікаў марксізму-ленінізму, матэрыяламі апошніх з’ездаў КПСС, такмімі, напрыклад, “шэдэўрамі веку”, як “Малая Земля”, “Цаліна” і інш. У той самы час актыўна працаваў Галоўліт, друкаваліся спісы забароненай літаратуры, ішла вайна з так званай дысідэнцкай літаратурай, якую ніхто не чытаў, але ўсе абмяркоўвалі. У СССР праводзілася палітыка татальнай русіфікацыі.

    Змены ў сферы бібліятэчнай дзейнасці, асабліва адчувальныя, пачаліся напярэдадні 1989 г. і пэўнай кропкай адліку новага часу ў жыціі еўрапейскіх бібліятэк стала разбурэнне Берлінскай сцяны:

    • адмова ад уніфікацыі ў назвах бібліятэк. Першая – Дзяржаўная бібліятэка Эстоніі – Нацыянальная бібліятэка Эстоніі; Дзяржаўная бібліятэка ЧСР – Нацыянальная бібліятэка ў Празе; Дзяржаўная бібліятэка Румыніі – Нацыянальная бібліятэка Румыніі.

    • змена статуса: выкарыстанне ў поўным аб’ёме патэнцыялу гэтага тыпу бібліятэк. Для нацыянальных бібліятэк адкрываецца магчымасць рэальнай інтэрграцыі ў сусветныя бібліятэчныя працэсы.

    • працэсы абнаўлення адбываліся і ў жыцці прафесійнай бібліятэчнай супольнасці. У 1989 г. створана Ленінградскае, цяпер Пецярбургскае бібліятэчнае таварыства і Маскоўскае бібліятэчнае таварыства. У пачатку 1990-х гг. ствараюцца Расійская бібліятэчная асацыяцыя, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя (у 1992 г.).

    • прымаюцца законы аб бібліятэчнай справе (у Расіі ў 1994 г., у Беларусі – у 1995 г. быў прыняты Закон аб бібліятэчнай справе РБ”);

    • ліквідуецца цэнзура і адкрываюцца спецфонды;

    • бібліятэкі атрымліваюць права на падпіску любых перыядычных выданняў незалежна ад іх палітычнага кірунку;

    • значную ролю ў дэмакратызацыі бібліятэчнай справы адыграла сістэма Інтэрнет.

    У новых умовах бібліятэчная сістэма, напрыклад, Расіі будуецца на спалучэнні трох узроўняў бібліятэк – (г.зн. дзяржаўных бібліятэк), рэгіянальнага (г.зн. бібліятэк суб’ектаў Федэрацыі) і мясцовага ўзроўня. Кожны рэгіён атрымаў магчымасць распрацоўваць самастойную бібліятэчную палітыку з улікам спецыфікі дадзенага рэгіёна. Нарэшце, на заканадаўчым узроўні было вырашана пытанне аб агульнарасійскіх нацыянальных бібліятэках – гэта РНБ і РДБ. У 2000 г. прынята федэральная праграма захавання бібліятэчных фондаў бібліятэк Расіі. Усяго ў Расіі звыш 130 тыс. бібліятэк. Асноўнымі друкаванымі перыядынымі органамі з’яўляюцца – “Библиотека”, “Библиотечное дело”. Выйшла “Библиотечная энциклопедия” (.....).

    Асноўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўчай думкі зрабілі К.І.Абрамаў, Ю.У.Грыгор’еў, Ю.Н.Сталяроў, А.М.Ванееў.

    Міжнароднае бібліятэчна-бібліяграфічнае супрацоўніцтва. Пасля другой сусветнай вайны назіраецца ўзмацненне актыўнасці навуковых бібліятэк у пошуку шляхоў кааперацыі. У 1946 г. у рамках ААН была створана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры – ЮНЕСКА, штаб-кватэра якой размясцілася ў Парыжы. Асноўным органам гэтай міжнароднай арганізацыі з’яўляецца Генеральная канферэнцыя, якая збіраецца 1 раз на два гады. На сесіях зацвярджаецца праграма, бюджэт, выбіраецца Выканаўчы савет, па прадстаўленні якога назначаецца Генеральны дырэктар. Супрацоўніцтва з краінамі ажыццяўляецца праз нацыянальныя камісіі па справах ЮНЕСКА. Першыя праекты і праграмы ЮНЕСКА па бібліятэчнай справе тычыліся дапамогі дзяржавам-членам ЮНЕСКА ва ўзнаўленні знішчаных у час вайны бібліятэк. У 1949 г. быў прыняты Маніфест ЮНЕСКА аб публічных бібліятэках. З 1951 г. наладжаны збор бібліятэчнай статыстыкі дзяржаў-членаў ЮНЕСКА. З моманту ўзнікнення ЮНЕСКА праяўляе цікавасць да школьных і дзіцячых бібліятэк. З 1947 г. выходзіў Бюлетэнь ЮНЕСКА для бібліятэк (6 нумароў у год), з 1957 г. – выходзіў і на рускай мове. З 1979 г. – гэта “Часопіс ЮНЕСКА па інфарматыцы, бібліятэчнай справе і архівазнаўству” (выходзіць штоквартальна). ЮНЕСКА выдае таксама серыі манаграфій па бібліятэчнай справе. З 1972 г. пачалося ажыццяўленне канцэпцыі міжнароднай сістэмы перадачы інфармацыі ЮНІСІСТ. У 1974 г. былі распрацаваны рэкамендацыі па стварэнні нацыянальных сістэм інфармацыі – НАТІС. Праграмы НАТІС і ЮНІСІСТ сталі новым этапам дзейнасці ЮНЕСКА. Іх ажыццяўленне садзейнічае арганізацыі служб дакументацыі, бібліятэк, архіваў на нацыянальнай, рэгіянальнай і міжнароднай аснове. У адпаведнасці з гэтымі праграмамі ў 1976 г. была прынята Агульная праграма па інфармацыі, якая патрабуе каардынацыі інфармацыйнай дзейнасці ЮНЕСКА і спецыялізаваных устаноў ААН, а таксама супрацоўніцтва з адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі – ІФЛА.ФІД. ІСО. З 1992 г. ЮНЕСКА ажыццяўляе праграму “Памяць свету” па ахове і прапагандзе сусветнай дакументальнай спадчыны. Мэта праграмы – стварэнне новых падыходаў да аховы дакументальнай спадчыны, дэмакратызацыя доступу да яе, забеспячэнне больш шырокіх ведаў аб значнасці гэтай спадчыны і неабходнасці яе захавання. Асноўныя задачы праграмы – абарона рукапісных, друкаваных і аўдыёвізуальных збораў; захаванне бібліятэчных і архіўных каштоўнасцей, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння; пашырэнне ўзаемнай інфармацыі дзяржаў-удзельніц Праграмы аб сваёй дакументальнай спадчыне і аблягчэнне доступу да яе, забеспячэнне найлепшых умоў захавання, кансервацыі і бяспекі. На падставе Праграмы “Памяць свету” распрацоўваюцца нацыянальныя праграмы – “Памяць Амерыкі”, “Памяць Расіі”, Памяць Беларусі” (падрыхтаваны праект) і інш. У складзе ЮНЕСКА звыш 140членаў.

    У 1947 г. узнавіла сваю дзейнасць Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый ІФЛА, створаная ў 1927 г., – незалежная міжнародная арганізацыя, якая мае афіцыйны кансультатыўны статус у ЮНЕСКА. Яе мэты – пашырэнне міжнароднага ўзаемаразумення, супрацоўніцтва, развіцця навуковых даследаванняў у ва ўсіх галінах бібліятэчнай дзейнасці і інфарматыкі. Асноўнымі органамі арганізацыі з’яўляецца Савет і Выканаўчае бюро. Датацыі выдзяляюцца ЮНЕСКА. З 1975 г. выдае свой штоквартальны часопіс. Адной з асноўных праграм ІФЛА – праграма Універсальнага бібліяграфічнага уліку (УБУ), пытанне аб стварэнні якой было пастаўлена ў 1970 г. на сесіі ІФЛА ў Маскве, і асноўны прынцып гэтай праграмы заключаецца ў максімальна аператыўным прадстаўленні дакумента ў максімальна поўнай форме і з максімальнай дакладнасцю. З 1974 г. Міжнародны цэнтр УБУ размяшчаецца ў Лондане. Створана таксама праграма па ўсеагульнай даступнасці выданняў – ЮАП. Вялікай увагі заслугоўвае праграма ІФЛА “Захаванасць і кансервацыя” (ПАК), распрацаваная ў 1980-я гг., – накіравана на міжнародную каардынацыю дзейнасці бібліятэк, у тым ліку ў сферы дзейнасці навуковых лабараторый. Мэта праграмы – размеркаванне абавязкаў паміж бібліятэкамі па захаванасці фондаў. ІФЛА распрацаваны адзіныя правілы і міжнародныя стандарты каталагізацыі твораў друку, адзіныя правілы Міжнароднага міжбібліятэчнага кнігаабмену (ММБА). У структуры ІФЛА створаны камісія па бібліяграфіі (з 1965 г.), камісія па бібліятэказнаўстве і навуковых даследаваннях (створана ў 1970–1975 гг.). ІФЛА супрацоўнічае з ФІД і ІСО.

    У складзе ІФЛА каля 1800 членаў, уключаючы 155 асацыяцый. 1118 устаноў і 425 індывідуальных членаў са 154 краін свету, якія прадстаўляюць усе тыпы бібліятэк. Падрабязная інфармацыя пра ІФЛА на яе сайце – www.ifla.org.

    У 1944 г. на аснове Міжнароднай федэрацыі нацыянальных асацыяцый па стандартызацыі быў створаны Камітэт Аб’яднаных Нацый па каардынацыі распрацоўкі стандартаў. У 1946 г. перайменаваны ў Міжнародную арганізацыю па стандартызацыі – ІСО. Асноўная мэта ІСО – садзейнічанне стандартызацыі ў сусветным маштабе для аблягчэння міжнароднага тавараабмену і ўзаемадапамогі, а таксама для пашырэння супрацоўніцтва ў галіне інтэлектуальнай, навуковай, тэхнічнай і экалагічнай дзейнасці; ІСО вызначае прынцыповыя асновы стандартызацыі, распрацоўвае і публікуе міжнародныя стандарты; садзейнічае міжнароднаму абмену вопытам стандартызацыі, каардынуе намаганні ўсіх міжнародных і нацыянальньных органаў стандартызацыі. Адным з дасягненняў ІСО з’яўляецца распрацоўка Міжнароднай стандартнай сістэмы індэксавання кніг ISBN. У адпаведнасці са статутам ІСО членамі яе з’яўляюцца нацыянальныя арганізацыі па стандартызацыі (з 1993 г. – Беларусь). Органы ІСО – Генеральная асамблея, Савет, які ўзначальвае прэзідэнт, Цэнтральны сакратарыят знаходзіцца ў Жэневе. Асноўны від публікацый ІСО – стандарты, перыядычныя выданні

    З 1937 г. Міжнародны інстытут дакументацыі быў рэарганізаваны ў Міжнародную федэрацыю па дакументацыі – ФІД. Займаецца сродкамі давядзення навуковай інфармацыі да спажыўца, удасканаленнем УДК, выдае праўкі да УДК. У рабоце ФІД прымаў удзел індыйскі бібліятэказнаўца Шыалі Рымамрыта Ранганатан (1892–1972). Вядомы сваёй працай “Пяць законаў бібліятэчнай навукі”. Адзін з законаў ён ахарактарызаваў як “Закон неперадузятасці (беспристрастия)”: не навязваць уласнага меркавання пра кнігі чытачу, быць аб’ектыўным у працы, ацэнцы палітычных падзей. Распрацаваная ім і апублікаваная ў 1934 г. “Класіфікацыя двухкроп’ем” аказала значны ўплыў на развіццё бібліятэчных класіфікацый. З 1954 г. ён узначальваў Міжнародную камісію па вывучэнні агульных метадаў бібліятэчнай класіфікацыі. Шэраг пачынанняў ФІД апошніх гадоў паказвае, што і гэта міжнародная арганізацыя вырашае задачы з улікам і сацыяльнай спецыфікі краін і кантынентаў. Займаецца таксама пытаннямі падрыхтоўкі кадраў інфармацыйных работнікаў. ФІД правяла некалькі міжнародных канферэнцый па пытаннях адукацыі. Мае рэгіянальныя камісіі з сакратарыятам у Бразільскім інстытуце бібліяграфіі і дакументацыі (Рыо-дэ-Жэнейра) і ў Нацыянальным цэнтры навукова-тэхнічнай інфармацыі ў Токіа.
    1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21


    написать администратору сайта