Лекции Библиотековед история. Бібліятэказнаства. Гісторыя
Скачать 1.3 Mb.
|
Дзяржаўная установа “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” (НББ, у 1990–2002 гг. – дырэктар Галярыта Мікалаеўна Алейнік, з 2003 г. – Раман Сцяпанавіч Матульскі, доктар пед. навук). НББ, якая валодае найбольш поўнай у рэспубліцы універсальнай калекцыяй нацыянальных дакументаў, а таксама дакументаў, выдадзеных у замежных краінах, з’яўляецца галоўнай бібліятэкай рэспублікі, вядучай установай па прыкладных даследаваннях ў галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства, інфарматыкі і каардынацыйным цэнтрам для бібліятэк усіх сістэм і ведамстваў. Узросшая значымасць інфармацыі як глабальнага рэсурсу развіцця грамадства і роля НББ у аперыраванні гэтым рэсурсам, садзейнічалі прыняццю Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 7 сакавіка 2002 г. Загада № 153 «Аб будаўніцтве новага будынка дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”». Узвядзенне новаго будынка было аб’яўлена агульнанацыянальнай будоўляй, мэтай якой стала стварэнне унікальнага архітэктурна-будаўнічага і праграмна-тэхнічнага комплексу, накіраванага на задавальненне інфармацыйных і сацыякультурных патрэб грамадства (аўтары архітэктурнага праекта М.К.Вінаградаў і В.У.Крамарэнка). У 2005 г. будаўніцтва было завершана і бібліятэчныя фонды перамясцілася ў новае сучаснае памяшканне. 16 чэрвеня 2006 г. НББ адкрылася і для чытачоў, у распараджэнні якіх камфортныя чытальныя залы (19), дыферэнцыраваныя з улікам адукацыйнага ўзроўню карыстальнікаў, галін ведаў, відаў дакументаў і разлічаныя на 2000 месцаў з сучасным камп’ютэрным абсталяваннем; канферэнц-зала (на 490 месцаў), пункты доступу ў Інтэрнет, Музей кнігі (працуе з верасня 2006 г.), комплекс мастацкіх галерэй і службовыя памяшканні, кафэ і рэстаран, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзіцячы пакой для гульняў, аглядная пляцоўка і інш. НББ сёння – гэта не толькі асветніцкая ўстанова, але і культурна-дасугавы і рэкрэацыйны цэнтр, цэнтр сацыяльных, культурных і адукацыйных ініцыятыў. У 2006 г. фонд НББ налічваў больш за 8 млн. 332 тыс. адзінкі захоўвання, сярод якіх звыш 70 тыс. рэдкіх, старадрукаваных кніг і рукапісаў; 2,8 млн. перыядычных выданняў; 81 тыс. нот; 31 тыс. аудыёвізуальных дакументаў; 109 тыс. выяўленчых выданняў; 15 тыс. карт; 700 тыс. аўтарэфератаў дысертацый; 122 тыс. мікраформ. Выконваючы каардынацыйную функцыю, НББ штогод узгадняе навукова-даследчую і навукова-метадычную дзейнасць бібліятэк у выглядзе каардынацыйных планаў; ініцыіруе і ўзначальвае сумесныя распрацоўкі асноўных нарматыўна-рэгламентуючых дакументаў, навуковыя даследаванні ў галіне бібліятэчнай справы; удзельнічае ў сумеснай арганізацыі і правядзенні канферэнцый, семінараў, нарад і г.д. У НББ распрацаваны асноўныя дакументы, рэгламентуючыя збор і захоўванне бібліятэчных фондаў – “Інструкцыя па ўліку і захаванасці бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь” (2002), праект “Палажэння аб нацыянальным фондзе кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь” (2001), праект “Мэтавай праграмы па кансервацыі, рэстаўрацыі і захаванасці помнікаў кніжнай культуры”, якімі кіруецца створаная ў бібліятэцы фондавая камісія. Найбольш каштоўная частка кнігазбору НББ захоўваецца ў навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства (створаны ў 2005 г. на аснове аддзела рукапісаў, старадрукаў і рэдкіх кніг). У рукапісным фондзе аддзела налічваецца каля 1700 адзінак захоўвання рукапісных кніг і архіўных матэрыялаў, якія з’яўляюцца часткай Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі. Старэйшыя рукапісныя кнігі ў зборы датуюцца XIV ст., як “Тайная тайных, або Арыстоцелевы вароты” на старажытнабеларускай мове, помнікі славянскага і заходнееўрапейскага пісьменства, калекцыя ўсходніх рукапісаў XIV–XX стст. Вылучаюцца калекцыі рукапісных кніг старажытнай традыцыі, у тым ліку беларускага паходжання, калекцыя спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі. Фонд архіўных матэрыялаў уключае асабістыя фонды К. Каганца, І. Сіманоўскага, Я. Хлябцэвіча, Н. Ватацы, збор матэрыялаў дзеячаў навукі і культуры Беларусі, куды ўваходзяць творчыя рукапісы Ц. Гартнага, З. Бядулі, Я. Коласа і інш. У калекцыі старадрукаў (да 1830 г.) знаходзіцца больш за 30 тыс. асобнікаў: 43 асобнікі інкунабулаў (першадрукаў XV ст.); каля 200 – палеатыпаў (выданняў 1501–1550 гг.), сярод якіх адзіны збор ў Беларусі выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны (10 выпускаў у 6 пераплётах, якія выйшлі ў Празе ў 1517–1519 гг.). Калекцыя кірылічных друкаў уключае 1100 кніг, у склад якіх уваходзяць каля 200 асобнікаў (больш за 100 выданняў) з беларускіх друкарняў Пятра Мсціслаўца, Васіля Гарабурды, братоў Мамонічаў, друкарняў Еўя, Куцейна, Магілёва, Супрасля, Гродна; тры кнігі Івана Фёдарава; шэраг выданняў расійскага і украінскаша паходжання. У зборы беларускіх выданняў на лацініцы XVI–XVIII стст. Знаходзяцца унікальныя асобнікі з брэсцкай друкарні Мікалая радзівіла Чорнага, з друкарняў Ашмян, Слуцка, Нясвіжа, Полацка, Вільні і інш. Каля 2 тыс. асобнікаў налічвае калекцыя рускага грамадзянскага друкуXVIII ст. Беражліва захоўваюцца ў бібліятэцы рэдкія выданні, якія адлюстроўваюць эпохі і падзеі гістарычнай значнасці, нелегальныя і забароненя выданні, выданні з непаўторнымі адметнымі рысамі, як пераплёт, экслібрысы, пячаткі, уладальніцкія і чытацкія паметы і запісы; аўтографы (М. Багдановіча, М. Гогаля, І. Буніна, А. Франса, В. Гюго, М. Цвятаевай, М. Шагала). Дадатным чынам на захаванасці дакументаў адбілася ўкараненне аўтаматызацыі. З 1993 г. НББ фарміруе электронныя інфармацыйныя рэсурсы: электронны каталог па ўсіх відах дакументаў; шэраг праблемна-арыентаваных, бібліяграфічных, графічных, фактаграфічных баз данных; перавод у лічбавую форму фонда грамзапісаў і інш. Агульны аб’ём баз даных, генерыруемых Нацыянальнай бібліятэкай, складае звыш 2 млн. запісаў. Іх тэматыка адпавядае асноўнай канцэптуальнай ідэі фарміравання інфармацыйных рэсурсаў профільным для НББ галінам ведаў і закрывае сегмент сацыягуманітарнага кірунку (БД “Культура і мастацтва”, “Radziviliana”, “Кнігазнаўства”, “Гісторыя кніжнай культуры Падляшша”, “Чарнобыль”, “Беларусь у асобах і падзеях”, “Гісторыя Беларусі”, “Грамадскія навукі”, “Геральдыка”, “Хроніка культурнага жыцця Беларусі” і інш.). У рамках Дзяржаўнай праграмы інфарматызацыі на 2002–2005 гг. створаны электронны “Імідж–каталог”, які з’яўляецца адлюстраваннем Генеральнага каталога НББ. Павышэнню эфектыўнасці абслугоўвання аддаленых карыстальнікаў садзейнічае “Віртуальная даведачная служба” на сайце бібліятэкі і служба “Электронная дастаўка дакумента”. У 1998 г. быў распрацаваны сайт НББ. З 2002 г. пачынаецца адлік выпуску электронных выданняў НББ. У НББ распачаўся новы этап рэканструкцыі рэпертуару кнігі Беларусі. Сучасныя тэхналогіі дазволілі ствараць электронныя копіі дакументаў, што забяспечвае іх больш надзейную захаванасць. Так, НББ выступіла з ініцыятывай стварэння Праграмы “Памяць Беларусі”, распрацоўка якой пачалася ў 2005 г. сумесна з супрацоўнікамі музеяў і архіваў. Каардынуючай арганізацыяй Праграмы стала НББ. Рэалізацыі Праграмы “Памяць Беларусі” будзе спрыяць і яшчэ адна дзяржаўная праграма – “Электронная Беларусь”. У НББ распрацоўваюцца праекты бібліяграфічнай рэканструкцыі гістарычных кніжных збораў, аднымі з важнейшых з’яўляюцца бібліятэка Радзівілаў (усяго ў НББ захоўваецца звыш 2000 кніг) і бібліятэка Храптовічаў (захоўваецца ў Украіне). Штогод у НББ выпускаецца звыш 30-ці розных матэрыялаў для бібліятэк рэспублікі: навукова-метадычных і практычных, гісторыка-дакументальных і аналітычных. Значную работу ў галіне бібліятэчнай справы рэспублікі праводзіць навукова-даследчы аддзел бібліятэказнаўства, які адным з галоўных аб’ектаў навукова-метадычнага ўздзеяння вызначыў сетку публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры. У 2002–2005 гг. галоўны рэдактар часопіса “Бібліятэчны свет” – Людміла Генадзьеўна Кірухіна, намеснік дырэктара па навуковай рабоце НББ. Маштабнай часткай дзейнасці НББ з’яўляецца бібліяграфічная дзейнасць, акрэсленая такімі задачамі, як забеспячэнне бібліяграфічнага ўліку нацыянальнага дакумента; уліку і якаснага раскрыцця беларусазнаўчага дакумента; поўны ўлік нацыянальных крыніц бібліяграфічнай інфармацыі; забеспячэнне стварэння нацыянальнай сістэмы зводных каталогаў; стварэнне сістэмы навукова-дапаможных і рэкамендацыйных бібліяграфічных крыніц беларусазнаўчай і гуманітарнай тэматыкі; каардынацыя бібліяграфічнай дзейнасці ў краіне; вядзенне навукова-даследчай і навукова-метадычнай дзейнасці ў галіне бібліяграфіі. Вынікі навукова-даследчай дзейнасці ў галіне кніжнай культуры знаходзяць адлюстраванне ў правядзенні міжнародных “Кнігазнаўчых чытанняў” (з 1998 г.), выданні навуковых зборнікаў НББ “Здабыткі” (з 1995 г.) і “Матэрыялы Кнігазнаўчых чытанняў”, рэдагаванне якіх ажыццяўляе Таццяна Іванаўна Рошчына. Штогод НББ арганізуе і праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі па розных кірунках бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці, павышэнню кваліфікацыі; займаецца актыўнай кнігавыдавецкай дзейнасцю; наладжвае і падтрымлівае міжнародныя і міждзяржаўныя сувязі ў галіне кнігаабмену (больш за 300 арганізацый з 53 краін свету). Бібліятэкай праведзены такія значныя рэспубліканскія навуковыя даследаванні, як “Гісторыя бібліятэчнай справы ў Беларусі” (з 1974 г.), “Чытач навуковай бібліятэкі г.Мінска і праблемы ўдасканалення яго абслугоўвання” (1994), “Структура і дынаміка дзіцячага чытання” (1994–1997), “Публічныя бібліятэкі Беларусі ў сацыякультурным асяроддзі” (2001), “Праблемы бібліятэчнага абслугоўвання жыхароў маланаселеных пунктаў”, “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў дакументах. 1921–2005 гг.” (з 2004г.) інш. Спецыялісты бібліятэкі ўдзельнічаюць у рабоце прафесійных арганізацый: ІФЛА, Еўрапейскай камісіі па публічных бібліятэках пры Савеце Еўропе, Польска-беларускай камісіі па захаванню дакументальнай спадчыны, Рабочай групы бібліятэкараў і дакументазнаўцаў краін Усходняй, Цэнтральна-Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы і інш. НББ – адна з заснавальніц Бібліятэчнай Асамблеі Еўразіі. Бібліятэка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН, Савета Еўропы, АБСЕ, ЮНЕСКА. У партнёрстве з пасольствамі, культурнымі цэнтрамі, нацыянальнымі бібліятэкамі замежных краін НББ праводзіць шырокамаштабныя акцыі: прэзентацыі, кніжныя выставы, літаратурныя вечарыны. Вынікам многіх сумесных мерапрыемстваў становяцца дабрачынныя акцыі, дзякуючы якім фонды бібліятэкі папаўняюцца новымі выданнямі і калекцыямі. Дзяржаўная установа “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска” (ЦСДБ), уключае на сучасны момант Цэнтральную дзіцячую бібліятэку імя М. Астроўскага (дырэктар у 1974–2006 гг. – Ліна Міхайлаўна Сачко, з 2006 г. – Таццяна Аляксееўна Швед), 17 дзіцячых бібліятэк і 6 філіялаў. Гэта адзінае ў рэспубліцы самастойнае аб’яднанне толькі дзіцячых бібліятэк. Вядучым накірункам у першай палове 1990-х гадоў у працы дзіцячых бібліятэк было нацыянальнае адраджэнне, дзякуючы якому распаўсюджваліся краязнаўчыя веды, развівалася цікавасць да гісторыі і культуры Беларусі. З 1994 г. пачаў праводзіцца рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. У 1998 г. сярод лепшых за свой “Гістарычны нарыс” была прызнана Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя А. Астроўскага. Пачынаючы з другой паловы 1990-х гадоў асноўным акцэнтам у дзейнасці дзіцячых бібліятэк становіцца задавальненне і развіццё інфармацыйных, культурных, адукацыйных, дасугавых патрэб і інтарэсаў чытачоў праз выкарыстанне сучасных тэхналогій. Аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў у дзіцячых бібліятэках пачалася ў 1995 г., калі ЦСДБ г.Мінска выйграла грант Беларускага фонда Сораса на 5,2 тыс. долараў. Для аўтаматызацыі бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў была выкарыстана АБІС, распрацаваная фірмай “ИНЕАК”, праграма “ALIS”. Для пачатку 2000-х гадоў характэрна інтэнсіфікацыя працэсу камп’ютэрызацыі дзіцячых бібліятэк Беларусі, насычэнне іх электронным, адуыёвізуальным абсталяваннем. Самым высокім узроўнем укаранення камп’ютэрных тэхналогій вылучаецца ЦСДБ г.Мінска, дзе на пачатак 2007 г. аўтаматызаванымі з’яўляюцца ўсе бібліятэкі. У Цэнтральнай бібліятэцы з 2003 г. працуе Інтэрнет. Ва ўсіх дзіцячых бібліятэках створаны лакальныя сеткі, аўтаматызаваны ўсе тэхналагічныя працэсы, уключаючы абслугоўванне. У ЦСДБ створаны і з 2005 года рэалізуецца праект па інфарматызацыі дзейнасці бібліятэк, дзе запланавана стварэнне мультымедыйных цэнтраў у 8 дзіцячых бібліятэках сталіцы з падключэннем да Інтэрнет. Амаль усе дзіцячыя бібліятэкі працуюць па сваіх уласных праграмах, якія распрацоўваюцца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі, як “Чытаючыя дзеці – чытаючая нацыя”, “Праграма супрацоўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праслаўнай Царквы у галіне культурнай і творчай дзейнасці, аховы, адраджэння і развіцця гістарычнай і культурнай спадчыны”. Старэйшай бібліятэкай у Цэнтралізаванай сістэме дзіцячых бібліятэк Мінска з’яўляецца Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага (створана ў 1924 г.), якая і ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва ўсімі дзіцячымі бібліятэкамі горада. Бібліятэкай карыстаюцца 21 510 чытачоў (2006 г.). Фонд налічвае каля 116000 экз. дакументаў (на 01.01.07), а кнігавыдача – 334000 за 2006 г. Цэнтральная бібліятэка з’яўляецца не толькі інфармацыйным, але і культурным цэнтрам, месцам правядзення вольнага часу дзяцей і падлеткаў. Штогод у бібліятэцы праводзіцца больш за 400 мерапрыемстваў для чытачоў усіх узростаў. Асноўным кірункам у дзейнасці застаецца прапаганда беларускай гісторыі і культуры. Першыя 10 год ХХІ ст. абвешчаны ААН дзесяцігоддзем культур свету і ненасілля ў інтарэсах дзяцей планеты. У адпаведнасці з гэтым у Цэнтральнай бібліятэцы ажыццяўляецца комплексная праграма “Свет праз культуру”. Таму адным з прыярытэтаў у дзейнасці з’яўляецца супрацоўніцтва з амбасадамі розных краін: ЗША, Турцыі, Літвы, Кітая, Германіі, Францыі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Швецыі, Чэхіі, Японіі, Польшчы і інш. На базе дзіцячай бібліятэкі № 5 г.Мінска створаны інфармацыйны цэнтр японскай культуры. У 2001 г. у Цэнтральнай бібліятэцы адкрыты мультымедыйны цэнтр, які забяспечваецца CD-ROM, відэа- і аўдыёматэрыяламі з дапамогай амбасады ЗША, Інстытута імя Гётэ. Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г.Мінска сумесна з Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй выступіла ў 1999 г. заснавальнікам часопіса “Бібліятэка прапануе”. Нулявы нумар часопіса выйшаў у лютым 1999 г. і быў прысвечаны дваццацігадоваму юбілею Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г.Мінска. Аднак толькі ў лютым 2000 г. выданне атрымала афіцыйнае пасведчанне аб рэгістрацыі і стала выходзіць рэгулярна (4 нумары, а з 2003 г. – 6 нумароў у год).У 2005 г. была праведзена перарэгістрацыя часопіса ў сувязі з выхадам з ліку яе заснавальнікаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Галоўным рэдактарам часопіса зараз з’яўляецца Таццяна Аляксееўна Швед, дырэктар ЦСДБ. Спецыяльныя бібліятэкі На 01.01.2007 г. у Беларусі налічваецца каля 5,5 тыс. спецыяльных бібліятэк з сукупным аб’ёмам фонду каля 150 млн. экз. Дзейнасць большасці спецыяльных бібліятэк каардынуюць рэспубліканскія навуковыя бібліятэкі, якія размяшчаюцца ў сталіцы. Дзяржаўная установа “ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі” (з 1995 г. абавязкі дырэктара выконвала Святлана Мікалаеўна Емельянава, з лістапада 1999 г. – дырэктар Наталля Юр’еўна Бярозкіна, канд. гіст. навук) з’яўляецца буйнейшай інфармацый установай, якая забяспечвае дзейнасць вучоных і спецыялістаў розных галін, навукова-даследчых арганізацый; праводзіць даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі, інфармацыйных тэхналогій. Знаходзіцца ў падпарадкаванні НАН Беларусі: упаўнаважаным органам, які ажыццяўляе навукова-метадычнае кіраўніцтва ЦНБ НАН Беларусі, з’яўляецца Нацыянальны цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій.. Універсальныя фонды бібліятэкі налічваюць звыш 3 млн. экз. дакументаў розных відаў. Сярод іх шырока прадстаўлена навуковая і навукова-папулярная літаратура універсальнай тэматыкі, даведачна-энцыклапедычныя, літаратурна-мастацкія выданні, матэрыялы на нетрадыцыйных носьбітах. Асаблівы гонар акадэмічнай бібліятэкі – кніжная калекцыя Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, а таксама – калекцыі рукапісных кніг (у тым ліку кнігі на беларускай мове арабскай графікай), помнікі славянскага кнігідрукавання XVI – XVIII стст., кнігі грамадзянскага друку, замежныя еўрапейскія кнігі, выданні на беларускай мове ХІХ – ХХ стст., архіўны збор выданняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кнігі з аўтографамі і даравальнымі надпісамі выдатных дзеячаў беларускай навукі і культуры, прыватныя зборы А. Багдановіча, М. Гарэцкага, П. Беркава. Усяго ў спецыялізаваным аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук захоўваецца звыш 65 тыс. друкаваных адзінак і 50 рукапісных архіўных фондаў беларускіх вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, дзяржаўных дзеячаў. У бібліятэцы створаны мемарыяльны пакой беларускага паэта Пятра Глебкі. Фонд аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў мае 5 інкунабулаў, звыш 2 тыс. заходнееўрапейскіх выданняў XVI – XVIII стст. (з друкарняў Альдаў, Эцьенаў, Плантэнаў, Эльзевіраў і інш., творы вядомых вучоных эпохі Адраджэння І. Кеплера, М. Каперніка, Р. Дэкарта). Калекцыю кірылічнага друку складаюць каля 500 асобнікаў. Сярод старадрукаў беларускага паходжання – выданні з друкарняў Вільні, Нясвіжа, Цяпіна, Куцейна, Магілёва, Брэста і інш. Ёсць у бібліятэцы і прыжыццёвыя публікацыі Сімяона Полацкага “Псалтырь в стихах” (1680), “Вечеря душевная” (1683). У бібліятэцы захоўваецца адзіны на беларусі экземпляр Брэсцкай, або радзівілаўскай Бібліі 1563 г.Звыш 500 асобнікаў расійскіх выданняў аб’яднаны ў калекцыю грамадзянскага друку. Выданні ХІХ – ХХ стст. прадстаўлены шэрагам гісторыка-этнаграфічных даследаванняў М. Нікіфароўскага, М. Доўнар-Запольскага, А. Сержпутоўскага, А. Харузіна, Е. Раманава; творамі пачынальнікаў беларускай літаратуры Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Плуга, М. Агінскага, А. Ельскага і інш. Значнае месца займаюць беларускамоўныя выданні першых беларускіх выдавецкіх таварыстваў пач. ХХ ст. у С.-Пецярбургу і Вільні. У ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца найбольш значны ў краіне фонд замежнай літаратуры, у тым ліку перыядычных выданняў і выданняў, што прадаўжаюцца (каля 1 млн.). У бібліятэцы наладжаны шырокія кнігаабменныя сувязі з больш за 528 арганізацыямі з 55 краін. Бібліятэка атрымлівае больш за 700 назваў замежных часопісаў. Бібліятэка стала першай удзельніцай ад Беларусі ў міжнароднай праграме INTAS (Міжнародная сетка доступу да навуковых публікацый, Вялікабрытанія) па бясплатнаму забеспячэнню вучоных інфармацыяй з замежных часопісаў. ЦНБ НАН Беларусі ўзначальвае Цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму (ЦБС) НАН Беларусі, структуру якой у 2007 г. склалі непасрэдна ЦНБ НАН Беларусі і 25 бібліятэк пры навуковых установах НАН Беларусі, 13 з якіх – філіялы ЦНБ НАН Беларусі (усе знаходзяцца ў Мінску), 12 – бібліятэкі інстытутаў і знаходзяцца: у Мінску (7), Віцебску (1), Гомелі (2), Гродна (1), і Магілёве (1). Такім чынам, у Мінску размяшчаецца 21 з 25 біліятэк ЦБС НАН Беларусі. Штогод ЦБС НАН Беларусі абслугоўвае звыш 5 тыс. карыстальнікаў, якім выдаецца больш за 600 тыс. экз. дакументаў, выконваецца больш за 13 тыс. бібліяграфічных і фактаграфічных даведак. У 1999 г. у ЦНБ НАН Беларусі была распрацавана “Канцэпцыя развіцця сістэмы інфармацыйнага забеспячэння НДУ НАН Беларусі”, пры рэалізацыі якой усе бібліятэкі сістэмы будуць абсталяваны сучаснымі камп’ютэрамі і аб’яднаны адзінай сеткай. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі адна з першых сярод бібліятэк краіны дала магчымасць сваім карыстальнікам выхаду ў Інтэрнет (з 1997 г.). З 1994 г. у бібліятэцы вядзецца электронны каталог новых паступленняў, ажыццяўляецца рэтраканверсія алфавітнага каталога. З 1998 г. бібліятэка адкрыла свой уласны WWW-сервер, і цяпер любы карыстальнік Інтэрнет мае доступ да інфармацыі пра ЦНБ НАН Беларусі, пра наяўнасць набываемых і ствараемых баз даных і г.д. У рэжыме online арганізаваны доступ да электроннага каталога бібліятэкі. У 1998 г. пачата і эксплуатацыя нацыянальнага зводнага электроннага каталога, створанага на базе НББ і ЦНБ НАН Беларусі. У 2000 г. у рамках Праграмы работ па развіццю навукова-інфармацыйнай камп’ютэрный сеткі Рэспублікі Беларусь у ЦНБ НАН Беларусі быў распрацаваны і праект па стварэнню Цэнтра Інтэрнет-доступу да электронных навуковых рэсурсаў. Дзякуючы ўступленню ў кансорцыум расійскіх бібліятэк і навуковых устаноў ЦНБ НАН Беларусі атрымала доступ да Навуковай электроннай бібліятэкі, створанай пры Расійскім фондзе фундаментальных даследаванняў (больш за 900 тыс. артыкулаў з больш 1,5 тыс. назваў часопісаў сусветна вядомых навуковых выдавецтваў. Адной з паслуг, што развіваюцца найбольш імкліва, з’яўляецца электронная дастаўка дакументаў. Важным кірункам у навукова-бібліяграфічнай рабоце ЦНБ НАН Беларусі з’яўляецца стварэнне ўласных бібліяграфічных баз даных, якія бібліятэка вядзе з 1990 г. па актуальных напрамках развіцця навукі. Сёння створана 14 баз даных, сярод якіх “Прырода Беларусі”, “Нацыянальная акадэмія навук Беларусі”, “Навука і навукова-даследчая работа на Беларусі”, “Беларускае мовазнаўства” і інш., на аснове якіх ажыццяўляецца выданне бібліяграфічных паказальнікаў. Так, выйшла 10 рэтраспектыўных паказальнікаў рэтраспектыўнага характару і 11 бягучых бібліяграфічных дапаможнікаў, якія адлюстроўваюць выданні Акадэміі навук; 26 бягучых бібліяграфічных паказальнікаў бібліятэкі ахопліваюць звесткі пра навуку і навукова-даследчую работу ў Беларусі за перыяд з 1969–1994 гг. і інш. Сумесна з інстытутамі НАН Беларусі былі падрыхтаваны і выдадзены рэтраспектыўныя бібліяграфічныя дапаможнікі “Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць” (1990), “Археалогія Беларусі. 1976–1990” (1997); серыя “Бібліяграфія вучоных Беларусі”. Сумесна з НББ і рэспубліканскімі галіновымі бібліятэкамі генерыруецца база даных “Чарнобыль”. ЦНБ НАН Беларусі падрыхтавала і выдала каля 30 навуковых зборнікаў у галіне гісторыі кнігі і бібліятэчнай справы Беларусі, 5 манаграфій, вучэбны дапаможнік. На базе ЦНБ НАН Беларусі выходзіў электронны бюлетэнь “Веснік Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі”, дырэктар бібліятэкі Н.Ю. Бярозкіна з’яўлялася галоўным рэдактарам часопіса “Бібліятэчны свет” (1996–2001). Дзяржаўная установа “Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь” (ПБ, у 1983 – 1996 гг. – дырэктар Эдуард Мікалаевіч Цыганкоў, з 1996 г. – Сафія Васільеўна Юдо). 9 кастрычніка 1991 г. з назвы бібліятэкі знята імя М. Горкага, а 26 верасня 1994 г. распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Урадавая бібліятэка была перайменавана ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь з падпарадкаваннем Адміністрацыі Прэзідэнта. ПБ – буйнейшы ў Беларусі цэнтр інфармацыі па праву, эканоміцы, дзяржаўным кіраванні. Бібліятэка мае статус навуковай і валодае зборам айчынных і замежных дакументаў, колькасць якіх перавышае 1,5 млн. адзінак захоўвання на традыцыйных і электронных носьбітах. Штогод бібліятэка абслугоўвае больш за 10 тыс. чытачоў, кнігавыдача складае каля 1 млн. экз. Першачарговымі задачамі ў дзейнасці бібліятэкі з’яўляюцца аператыўнае і якаснае інфармацыйна-бібліяграфічнае абслугоўванне Прэзідэнта і яго Адміністрацыі, Нацыянальнага Сходу, Савета Міністраў, Канстытуцыйнага і Вярхоўнага Судоў, Выканаўчага Сакратарыята СНД, міністэрстваў, ведамстваў і іншых. ПБ – своеасаблівае навукова-аналітычнае падраздзяленне Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Штодзённа кіраўніцтва рэспублікі атрымлівае дайджэст прэсы па трох кірунках: “Эканамічная рэформа РБ”, “Палітычная эліта”, “Прэзідэнт і яго акружэнне ў люстэрку прэсы”, а таксама бібліяграфічную інфармацыю па іншых тэмах. Для ажыццяўлення даведачна-інфармацыйных функцый аналітычна распісваецца звыш 1000 перыядычных выданняў розных краін. У 1994 г. паміж Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (Сусветным Банкам) і Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь быў заключаны мемарандум аб наданні апошняй статуса дэпазітарыя дакументаў Сусветнага Банка, што паспрыяла назапашванню унікальнай у Беларусі калекцыі кніг, атласаў, лістовак, статыстычных справаздач, тэхнічных дакументаў і CDROM, якія ўтрымліваюць разнастайную інфармацыю аб пераходных эканоміках іншых краін. Пачынаючы з 1993 г. бібліятэка змагла аўтаматызаваць усе асноўныя бібліятэчныя працэсы. З 1994 г. вядзецца электронны каталог, які налічвае звыш 250 тыс. запісаў; у электроннай картатэцы артыкулаў (вядзецца з 1995 г.) – 500 тыс. запісаў; электронны каталог серыяльных выданняў (з 1996 г.); электронны каталог выданняў Сусветнага банку (з 1996 г.). Поўнасцю ў электронную форму пераведзены генеральны алфавітны каталог кніг на беларускай мове. Аўтаматызаванае абслугоўванне вядзецца на аснове разнастайных баз даных, у тым ліку і ўласнай генерацыі: “История фабрик и заводов Республики Беларусь”, “Грамадскія і палітычныя дзеячы Беларусі”, “Дары” (выданні, падораныя Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь; выданні, падораныя бібліятэцы). Бібліятэка мае сваю старонку ў Інтэрнеце і прадастаўляе Інтэрнет-доступ да баз даных для карыстальнікаў з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу і Савета Міністраў. У межах Дзяржаўнай праграмы па развіццю навукова-інфармацыйнай сеткі ПБ удзельнічае ў арганізацыі зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі. У ПБ укаранёны: аўтаматызаваны заказ выданняў, электронная дастаўка дакументаў, сістэма штрыхавога кадзіравання новых паступленняў і чытацкіх білетаў, ксеракапіраванне і інш. Усе інфармацыйныя рэсурсы з’яўляюцца агульнадаступнымі. Бібліятэка налічвае каля 20 тыс. рэдкіх кніг XVIІ – сярэдзіны XX ст. на беларускай, рускай, украінскай (усяго – каля 19 тыс. выданняў на гэтых трох усходнеславянскіх мовах), польскай, англійскай, нямецкай, французскай, лацінскай і іншых мовах (усяго – каля 1000 выданняў на 15 замежных мовах). Сярод самых старых выданняў – 12 кірылічных старадрукаў XVII – XVIII стст.: “Служэбнік” (Масква, 1602), “Анфалагіён” (Кіеў, 1618), “Трыадзіён” (Львоў, 1664); звыш 200 выданняў грамадзянскага друку (1725–1825). У фондах бібліятэкі знаходзяцца каштоўныя частакі кнігазбораў і асобных рарытэтаў з гістарычна вядомых бібліятэк Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, Супрасльскага, Баркулабаўскага, Талачынскага і іншых беларускіх кляштараў; Беларускага музея імя І. Луцкевіча і Беларускага навуковага таварыства ў Вільні; культурна-асветніцкіх таварыстваў “Бацькаўшчына”, “Беларуская Хата” (Рыга), Інбелкульта; А. Сапунова, Б. Эпімах-Шыпілы, Е. Раманава, К. Езавітава, М. Доўнар-Запольскага, В. Ластоўскага, М. Мялешкі, Я. Варонкі, З. Верас, А. Станкевіча; Сымона Пятлюры і Рускай Тургенеўскай ў Парыжы, расійскіх імператараў ў Пецярбургу і інш. Бібліятэка ўдзельнічае ў такіх міжнародных праектах, як праграма ЮНЕСКА “Памяць свету”, глабальны праект “Сусветная электронная бібліятэка” (Бібліятэка Кангрэса ЗША і кампанія Гугл), “Еўрапейская электронная бібліятэка “ (TEL) (Канфедэрацыя дырэктараў еўрапейскіх нацыянальных бібліятэк), “Нацыянальная электронная бібліятэка Расіі” (РДБ і РНБ), “Liber juris Albaruthanie”; праектах дзяржаўных праграм – “Спадчына”, “Мэтавай праграмы па захаванні, кансервацыі і рэстаўрацыі дакументальных помнікаў”, “Палажэння аб Нацыянальным фондзе кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь”, якія рыхтаваліся пад эгідай НББ і Міністэрства культуры, а таксама раздзела па захаванні і папулярызацыі помнікаў кірылічна-духоўнага пісьменства у “Пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой” (заключана ў 2003 г.). Сёння ПБ з’яўляецца спецыяльнай навуковай бібліятэкай з універсальным фондам, нацыянальным даведачна-інфармацыйным і цэнтрам МБА па пытаннях дзяржавы, права і эканомікі. Штомесяц выдае бібліяграфічныя спісы новых паступленняў, “Эканоміка”, “Літаратура па пытаннях мясцовага самакіравання”; штогод – паказальнік “Эканоміка Рэспублікі Беларусь”. Дзяржаўная установа “Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка” (РНТБ, у 1988–1998 гг. дырэктар – Галіна Іванаўна Пяхота, з 1999 г. – Раіса Нікандраўна Сухарукава). РНТБ з’яўляецца галаўной бібліятэкай у Беларусі па фарміраванню найбольш поўнага фонду навукова–тэхнічнай літаратуры і дакументаў, якія ўляўляюць з сябе шматвідавы і шматгаліновы комплекс: патэнтныя, нарматыўна–тэхнічныя дакументы па стандартызацыі, прамысловыя каталогі. Бібліятэка – нацыянальны дэпазітарый айчыннай і замежнай літаратуры па тэхніцы, тэхналогіі, эканоміцы, прамысловасці і сумежных галінах. Сучасны фонд РНТБ налічвае звыш 33 млн. экз., 75% навукова–тэхнічнай літаратуры і дакументаў бібліятэкі – на замежных мовах. РНТБ находзіцца ў падпарадкаванні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Фонд бібліятэкі ўключае больш за 330 тыс. экз. і каля 70 катэгорый разнастайных нарматыўна–тэхнічных дакументаў па стандартызацыі. РНТБ з’яўляецца ўтрымальнікам рэспубліканскага фонду прамысловых каталогаў, якія налічваюць каля 500 тыс. экз. дакументаў: галіновых і наменклатурных каталогаў, бізнес–даведнікаў, праспектаў замежных фірм, прыстэндавых матэрыялаў міжнародных выстаў і інш. РНТБ з’яўляецца рэспубліканскім і міжнародным цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, рэспубліканскім цэнтрам міжнароднага абмена выданнямі і дакументамі, а таксама цэнтрам інфармацыі па тэхніцы і прамысловай тэхналогіі. Бібліятэка служыць рэспубліканскім навукова–метадычным цэнтрам для сеткі навукова–тэхнічных бібліятэк, служб стандартызацыі, інфармацыйных і патэнтных служб прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад іх ведасманай падпарадкаванасці па пытаннях арганізацыі работы з фондамі навукова–тэхнічнай літаратуры і інфармацыйна–бібліятэчнага абслугоўвання. Паспяхова развіваецца і рэгіянальная структура бібліятэкі. У 1994 г. па рашэнню урада ў кожным абласным цэнтры краіны створаны абласныя навукова–тэхнічныя бібліятэкі на правах філіялаў РНТБ у гарадах Брэсце, Гомелі, Гродна, Магілёве і Віцебску. Сёння больш за 160 тыс. чытачоў і звыш 2 тыс. прадпрыемстваў і ўстаноў рэспублікі карыстаюцца фондамі і паслугамі буйнейшага цэнтра навукова–тэхнічнай інфармацыі, якім з’яўляецца РНТБ, атрымліваючы каля 3 млн. дакументаў і іх копій. Прыярытэтная задача бібліятэкі – забеспячэнне аператыўнага доступу карыстальнікаў як да інфармацыйных рэсурсаў Беларусі, так і да сусветных. Асноўным інструментом вырашэння гэтай задачы з’яўляецца прымяненне новых камп’ютэрных тэхналогій, у тым ліку Інтэрнет. Для сваіх чытачоў РНТБ прадастаўляе бясплатны доступ да Інтэрнета ў многіх чытальных залах, праводзіць семінары і трэнігі для работнікаў бібліятэк, інфармацыйных служб у Інтэрнет-цэнтры. Фарміраванне фонду электронных дакументаў ажыццяўляецца бібліятэкай з 1996 г. У 1999 г. быў створаны Інтэрнет-цэнтр. У РНТБ і яе абласных філіялах да паслуг карыстальнікаў прадастаўлена 8,4 млн. поўных тэкстаў электронных дакументаў. РНТБ удзельнічае ў стварэнні Зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі, а замежныя перыядычныя выданні з фондаў бібліятэкі прадстаўлены і ў Расійскім Зводным каталогу па навукова–тэхнічнай літаратуры. Электронныя рэсурсы РНТБ налічаюць больш 90 разнастайных баз данных: паўнатэкставых, рэфератыўных, бібліяграфчных і фактаграфічных. Бібліятэка генерыруе бібліяграфічныя БД, якія ўключаюць больш 75 тыс. запісаў. Сярод іх такія праблемна–арыентаваныя БД, як “Инновационная деятельность”, “Энергосбережение”, “Экономика производства”, “История развития изобретательсвта в Беларуси”, “Экологически чистые и безопасные технологии в промышленности”, “Переработка и использование промышленных и бытовых отходов”, “Машины и оборудование для санитарной очистки города”, “Устойчивое развитие” і інш. Акрамя традыцыйных інструктыўна-метадычных пісем (рэкамендацый), з 1996 г. бібліятэка выдае свой інфармацыйны бюлетэнь для навукова-тэхнічных бібліятэк рэспублікі. Бібліятэка стаяла ў вытокаў стварэння ББА, першага прафесійнага часопіса “Бібліятэчны свет”, не адзін раз выступала арганізатарам міжнародных бібліятэчных каняерэнцый. Яе спецыялісты ўваходзяць у скад Міжведамасных рэспубліканскага і гарадскога бібліятэчных сваетаў, рэдкалегіі беларускага часопіса “Вынаходнік” (Изобретатель), Рэспубліканскага савета беларускага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў. РНТБ сёння служыць сучаснай інфармацыйнай базай для інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі. |