2_Дипломная работа. Занько_Т_В (1). Краязначая дзейнасць публічнай бібліятэкі на прыкладзе бібліятэк дзяржанай установы культуры
Скачать 1.26 Mb.
|
ГЛАВА 2. АНАЛІЗ СТАНУ І РАЗВІЦЦЯ КРАЯЗНАЎЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ Ў БІБЛІЯТЭКАХ ГАНЦАВІЦКАГА РАЁНА 2.1 Формы і метады краязнаўчай дзейнасці ў бібліятэках Ганцавіцкага раёна У пошуках новых шляхоў прапаганды краязнаўчага матэрыялу масавыя бібліятэкі нярэдка выходзяць за межы чыста бібліятэчных формаў. Бібліятэкі, якія абслугоўваюць невялікія тэрыторыі, часта з'яўляюцца цэнтрамі краязнаўчага руху, якія аб'ядноўваюць яго ўдзельнікаў у арганізацыі народных музеяў, зборы матэрыялу пра свой край. Важна, каб пры гэтым бібліятэкамі не быў забыты асноўны матэрыял, з якім яны павінны працаваць – літаратура. Падрыхтоўка і правядзенне масавых мерапрыемстваў краязнаўчага характару, формы іх удзелу ў краязнаўчым руху маюць шмат агульнага з працай іншых культурна-асветніцкіх устаноў і часта праводзяцца сумесна з імі. Таму для бібліятэкараў вельмі важнымі з’яўляюцца матэрыялы з часопісаў «Культурна-асветніцкая работа», «Бібліятэка», «Клуб» і г.д. Пры ажыццяўленні краязнаўчай дзейнасці бібліятэкі ўжываюць самыя разнастайныя формы і метады працы. Можна вылучыць некаторыя з іх: фотавыставы, кніжна-ілюстрацыйныя выставы, выставы-экспазіцыі, пастаянна дзеючыя выставы, гутаркі, вечары-партрэты, урокі мужнасці, вечары адпачынку, літаратурныя гадзіны, гульні па краязнаўстве, урокі краязнаўства, картаграфічная праца са школьнікамі, экскурсіі, прэзентацыі, клубы, палявое даследаванне, экалагічны дэсант, краязнаўчая экспедыцыя, экалагічная гульня, слайд-экспедыцыя. Бібліятэкі ЦБС выкарыстоўваюць розныя формы і метады нагляднай, вуснай і пісьмовай папулярызацыі КД: • краязнаўчыя гутаркі, тыдні, месячнікі папулярызацыі краязнаўчай літаратуры; • краязнаўчыя чытанні, клубы, аб’яднанні краязнаўцаў, прэзентацыі, дыспуты, віктарыны; • сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовай улады, выдатнымі людзьмі краю, пісьменнікамі – аўтарамі краязнаўчых твораў, навукоўцамі; • конкурсы на лепшага знаўцу краю або краязнаўчай літаратуры; • гульні-вандраванні па родным краі; • удзел у арганізацыі і правядзенні масавых краязнаўчых мерапрыемстваў: дні горада, сяла, вуліцы, установы, мясцовыя радаводы. Спецыфіка бібліятэчна-бібліяграфічнага краязнаўства ў тым, што яно выходзіць за межы чыста бібліятэчных паслуг па краязнаўстве і можа ўключаць такія элементы як: арганізацыя экскурсій па знакамітых мясцінах; пошукавая, даследчая, экспедыцыйная работа; стварэнне летапісу краю; запісы ўспамінаў старажылаў, мясцовага фальклору, гаворак. Усе гэтыя формы бібліятэкі выкарыстоўваюць, калі гэта трэба дакладнаму абаненту, групе, калектыву або мясцоваму згуртаванню цалкам. Рэклама КДБ ажыццяўляецца не толькі ў бібліятэках, але і за яе межамі: праз прэсу, радыё, у школах горада і вёсак і г.д. Такім чынам, папулярызацыя краязнаўчых ведаў ажыццяўляецца: 1. праз выдачу КД, назапашаных бібліятэкай; 2. сродкамі раскрыцця КФ у сістэме каталогаў, бібліяграфічных дапаможнікаў, баз дадзеных для забеспячэння свабоднага доступу; 3. сродкамі правядзення масавых мерапрыемстваў, лекцый, кансультацый, выкананне даведак краязнаўчага характару, ажыццяўлення інфармавання насельніцтва краю аб новых КД і тых, якія знаходзяцца ў фондзе бібліятэкі і за яе межамі; 4. праз вядзенне навукова-даследчай дзейнасці; 5. сродкамі зносін карыстальнікаў і бібліятэкараў; 6. формамі павышэння інфармацыйнай культуры карыстальнікаў па краязнаўстве. Распаўсюджванне краязнаўчых ведаў адбываецца праз выставы, правядзенне рознапланавых акцый, фестываляў, літаратурных вечарын, канферэнцый, прэзентацый, урокаў памяці. Новымі перспектыўнымі відамі могуць стаць таксама іншыя формы працы: краязнаўчыя клубы, фальклорныя пасядзелкі, майстар-класы, гульні, квэсты, краязнаўчыя экскурсіі, конкурсы. Такім чынам, работа па папулярызацыі краязнаўчых фондаў бібліятэк Ганцавіцкага раёна адлюстравана ў розных мерапрыемствах і пабудавана ў цесным супрацоўніцтве з сельскімі Дамамі культуры, клубамі, школамі, сельскімі Саветамі. Бібліятэкі эфектыўна выкарыстоўваюць пералічаныя формы і метады інфармацыйнага забеспячэння і папулярызацыі ведаў. 2.2 Запатрабаванасць карыстальнікамі мерапрыемстваў краязнаўчага характару Карыстальнік бібліятэкі з’яўляецца актыўным суб’ектам краязнаўчай дзейнасці: ён выкарыстоўвае вынікі гэтай дзейнасці, непасрэдна ўдзельнічае ў правядзенні краязнаўчых мерапрыемстваў, у папулярызацыі вынікаў краязнаўчай дзейнасці бібліятэк (КДБ), у фінансавым і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні КДБ. Асаблівасць КДБ у тым, што яна разлічана на ўвесь кантынгент абанентаў, на ўсё мясцовае насельніцтва, а таксама і на аддаленых карыстальнікаў (даследчыкаў краю, ураджэнцаў, якія пражываюць за яго межамі). Разам з тым бібліятэка павінна ажыццяўляць дыферэнцыраваны падыход да абслугоўвання абанентаў, а для гэтага трэба вывучаць запатрабаванні абанентаў. Бібліятэкі Ганцавіцкай ЦБС перш за ўсё арыентаваны на задавальненне краязнаўчых патрэб індывідуальных карыстальнікаў, якія маюць дзелавыя (прафесіянальныя) краязнаўчыя запатрабаванні, змест якіх звязаны з іх прафесіянальнай дзейнасцю. Гэта: • супрацоўнікі мясцовых органаў дзяржаўнай улады; • дэпутаты мясцовых Саветаў народных дэпутатаў; • спецыялісты профільных для краю галін і сфер дзейнасці; • настаўнікі сярэдніх школ, выкладчыкі сельскагаспадарчага ліцэя; • супрацоўнікі архіва, музея, бібліятэк; • работнікі экскурсійна-турыстычнага бюро; • супрацоўнікі раённай газеты ”Савецкае Палессе”; • творчая інтэлігенцыя (мастакі, кампазітары, музыканты, пісьменнікі); • студэнты і вучні (яны звяртаюцца да краязнаўчых дакументаў і паслуг бібліятэк з вучэбнымі мэтамі). Групавыя абаненты ЦБС – гэта грамадскія арганізацыі, удзельнікі краязнаўчых канферэнцый, семінараў, экспедыцый. Сярод іх: • члены гарадскіх, раённых і іншых краязнаўчых арганізацый; • удзельнікі аб’яднанняў і прафесійных таварыстваў, якія вядуць даследаванні і папулярызацыю гісторыі, прыроды, навукі, культуры краю; • члены аб’яднанняў па ахове помнікаў гісторыі і культуры; • члены арганізацый, якія займаюцца вывучэннем краю; • творчыя калектывы, нацыянальна-культурныя суполкі і інш. Бібліятэкі задавальняюць прафесійныя і непрафесійныя краязнаўчыя патрэбнасці групавых карыстальнікаў, дакументальна і інфармацыйна забяспечваюць мясцовыя краязнаўчыя праграмы шляхам прадастаўлення краязнаўчых фондаў і краязнаўчай бібліяграфічнай інфармацыі. Калектыўныя абаненты ЦБС: • мясцовы Савет народных дэпутатаў; • школы, гімназія, сельскагаспадары ліцэй ; • архіў, музей, рэдакцыя мясцовай газеты. Гэтыя калектыўныя спажыўцы інфармацыі выкарыстоўваюць краязнаўчыя веды ў навукова-даследчых, вучэбных, вытворчых і іншых мэтах. У працэсе абслугоўвання чытачоў бібліятэкі раёна: • выконваюць бібліяграфічныя і фактаграфічныя даведкі краязнаўчага зместу; • інфармуюць асобных абанентаў, сацыяльныя групы і калектывы аб новых паступленнях КД шляхам: а) падрыхтоўкі бюлетэняў, спісаў, аглядаў; б) арганізацыі выстаў, дзён спецыяліста-краязнаўца і інш. Для арганізацыі паспяховай краязнаўчай дзейнасці бібліятэчнай сеткі неабходна пастаянна ўлічваць магчымыя складанасці і прадбачваць іх вынікі. Адной з формаў выяўлення праблем рознага характару забеспячэння краязнаўчай працы бібліятэк 'яўляецца правядзенне даследаванняў, маніторынгаў, анкетавання. Намі была распрацавана тэматычная анкета (Дадатак 1), накіраваная на вывучэнне попыту на краязнаўчыя рэсурсы і задаволенасць чытачоў бібліятэчнай сеткі Ганцавіцкага раёна арганізацыяй абслугоўвання па краязнаўстве. Нас цікавілі пытанні наяўнасці і развіцця краязнаўчага фонду бібліятэк і іх арганізацыя, характар краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў, тэматыка і формы мерапрыемстваў краязнаўчай накіраванасці, ацэнка чытачамі працы бібліятэк па развіцці і папулярызацыі краязнаўства. У выніку анкетавання мы атрымалі 215 анкет чытачоў, якія адказалі на нашы пытанні. Анкета складаецца з 13 пытанняў рознай скіраванасці. Трэба адзначыць, што хоць і не ўсе бібліятэкі раёна змаглі прыняць удзел у даследаванні, агульнае ўражанне ад анкеціравання станоўчае. Адметна тое, што людзі ахвотна цікавіліся пытаннем, ішлі на дыялог і выказвалі свае прапановы. Графічна адлюстраваныя вынікі анкетавання змяшчаюцца ў Дадатку 2. Асноўны кантынгент анкетаваных саставілі чытачы сярэдняга і старэйшага ўзросту (ад 27 да 62 гадоў), якія адзначылі, што звярталіся да краязнаўчых рэсурсаў бібліятэкі, каб задаволіць асабістую цікавасць у гісторыі роднага краю (70%), шукалі звесткі пра сваіх родных (15%), удзельнічалі ў акцыях, якія праводзілі бібліятэкі (10%), сталі выпадковымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў (5%). Сярод апытаных не вызначылася нейкага асноўнага кірунку бібліятэчнага краязнаўства, прыкладна па 30% чытачоў аддалі перавагу кожнаму з відаў (гістарычнае, патрыятычнае, літаратурнае), а яшчэ 20% адказалі, што цікавяцца ўсімі кірункамі. Наведвальнікі адзначылі (43%), што найбольш спрыяюць развіццю бібліятэчнага краязнаўства краязнаўчыя семінары і чытанні, а таксама гурткі. 70% выбрала міні-музеі і краязнаўчыя гурткі як перспектыўную форму бібліятэчнага краязнаўства. Выставы літаратуры і літаратурныя гасцёўні выдзелілі прыкладна 60% апытаных. Стала відавочна, што большасць наведвальнікаў незнаёма з магчымасцямі краязнаўчага фонду іх бібліятэк, рэдка хто самастойна працаваў з неабходнымі дакументамі, для большасці сістэма пошуку па картатэках аказалася зразумелай, але прасцей аказалася скарыстацца паслугамі бібліятэкара. Што тычыцца краязнаўчых дакументаў на бібліятэчных сайтах і іх рэгулярнага абнаўлення, то сітуацыя ў розных бібліятэках склалася розная. Чытачы адзначылі, што з задавальненнем чыталі б больш матэрыялаў пра помнікі і памятныя месцы, а таксама больш біяграфічных матэрыялаў пра вядомых людзей краю. Усе анкетаваныя адзначылі, што хацелі б браць удзел і надалей у розных краязнаўчых мерапрыемствах. На першых па папулярнасці месцах сталі квэсты і краязнаўчыя экскурсіі (89%), сустрэчы-вечарыны (68%), майстар-классы (83%), рознапланавыя акцыі (33%). Таксама падкрэслівалі значнасць дзён інфармавання, інфармацыйных стэндаў і тэматычных выстаў. Такім чынам, анкетаванне паказала, што наведвальнікі сеткі публічных бібліятэк Ганцавіцкага раёна неабыякава ставяцца да краязнаўчай працы бібліятэк і да гісторыі роднага краю ўвогуле. Выявілася, што для большай актывізацыі мясцовага насельніцтва было б добра дапрацаваць існуючыя краязнаўчыя праекты з улікам пажаданняў анкетаваных, а таксама інтэграваць новыя формы работы. ГЛАВА 3. КРАЯЗНАЎЧЫ ПРАЕКТ «ЖЫВІ, БЕЛАРУСКАЯ РОДНАЯ КНІГА!» ДЛЯ ГАНЦАВІЦКАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАЁННАЙ БІБЛІЯТЭКІ ІМЯ В. ПРАСКУРАВА 3.1 Актуальнасць краязнаўчай праектнай дзейнасці ў бібліятэках Ганцавіцкага раёна Край наш блаславенны, песенны – калыска талентаў-самародкаў. Гэта радзіма беларускіх паэтаў і пісьменнікаў Міхася Рудкоўскага, Івана Кірэйчыка, Васіля Праскурава, Віктара Гардзея, Алеся Каско, Алеся Кажадуба, Уладзіміра Марука, якія голасна заявілі аб сабе. На гэтай жа зямлі прайшлі апрабацыю словам вядомыя на Беларусі паэты Мікола Купрэеў, Мікола Антаноўскі, Мікалай Крупеніч, Іван Лагвіновіч. На паэтычным небасхіле ўсплываюць усё новыя імёны. Адкуль жа бяруць свае вытокі таленты Ганцаўшчыны? 3 глыбінь народных. Ад выдатнага беларускага вучонага этнографа і фалькларыста мінулага стагоддзя Алеся Сержпутоўскага, які жыў на хутары Сер-жпутоўшчына паблізу Пярэвалак, ад народных казачнікаў з Чудзіна Данілы Куляша і Дудара, чые казкі «Палешукі і палевікі», «Пану навука» ўвайшлі ў залаты скарб беларускай фалькларыстыкі, сталі хрэстаматыйнымі, неад’емнай часцінкай нацыянальнай культуры. Яны, урэшце, пачынаюцца, бяруць свае вытокі ад класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, што на пачатку XX ст. жыў і працаваў на нашай зямлі, у Люсіне. Першая кніга трылогіі песняра «На ростанях» пад назвай «У палескай глушы» прысвечана Ганцаўшчыне [13, с.24]. Сённяшнія літаратары працягваюць іх слаўныя традыцыі. У сваіх творах яны ўслаўляюць родную Беларусь, яе працавітых і шчырых людзей, край, дзе нарадзіліся і выраслі. Ганцаўшчына – прыгожы, маляўнічы куток на карце Беларусі, зямля, шчодрая на літаратурныя таленты, якія ўзбагацілі сваёй творчасцю не толькі родную старонку, але і нацыянальную літаратуру ў цэлым. У Беларусі і далёка за яе межамі добра вядома імя А.К.Сержпутоўскага, знакамітага этнографа і фалькларыста. У вёсках Чудзін і Пярэвалакі ён запісваў казкі, прымхі, апавяданні ад самабытных палешукоў, каб пазней падарыць людзям “Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў”, “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета”, “Прымхі і забабоны беларусаў – палешукоў” і інш. [22 с.32]. На Ганцаўшчыне Якуб Колас пачынаў пісаць свае першыя вершы і нарысы. Тут, на мясцовым матэрыяле, была створана яго рамантычная аповесць “У палескай глушы” знакамітай трылогіі “На ростанях”. Каласуецца Ганцаўшчына сваімі ўжо “пісьменнымі пісьменнікамі”. Гонар і слава краю – жыццё і шматгранная літаратурная творчасць Васіля Праскурава, Міхася Рудкоўскага, Віктара Гардзея, Уладзіміра Марука, Алеся Каско, Алеся Кажадуба, Івана Лагвіновіча і іншых. Талент літаратараў у паэзіі, прозе вызначаецца непаўторнасцю, вялікай сілай уздзеяння на чытацкія душы і сэрцы. У кожнага з аўтараў маецца стос асобнікаў, адзін толькі Віктар Гардзей выдаў больш за 20 зборнікаў паэзіі і прозы. Тэма роднага краю, любоў да жыцця і прыроды, філасафічныя матывы гучаць у паэтычных, публіцыстычных і празаічных творах. Кнігі літаратараў-землякоў карыстаюцца папулярнасцю ў чытачоў. У школах і ліцэях, каледжах і ўніверсітэтах вывучаюцца творы ганцавіцкіх літаратараў, і гэта самае вялікае прызнанне іх талентаў [32, с.24]. На змену паэтам і пісьменнікам, якія сталі на Ганцаўшчыне класікамі, прыходзяць маладыя майстры слова: Аляксей Галаскок, Святлана Локтыш, Ніна Кавальчук, Ніна Таўтын, Ала Мірзаліева, Алена Люсько і іншыя. У кожнага з аўтараў сваё пяро, свае пошукі і сумненні, сцвярджэнні і расчараванні, а ў выніку – свой унёсак у сапраўдную літаратуру. Названыя аўтары друкуюцца не толькі на старонках рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных выданняў. Яны маюць аўтарскія паэтычныя зборнікі. У С.Локтыш “Вышыванка”, У А.Мірзаліевай “Снег, адчай і ліловыя цені”, у А.Галаскока “Беларусь мая, родная, мілая…”, у Н.Кавальчук “Летуценніца” і г.д. Апошнія тры зборнікі ўбачылі свет дзякуючы намаганням супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В.Праскурава. 2021 год – юбілейны для літаратурнай Ганцаўшчыны, 85 гадоў спонілася б востраўскаму лірыку М.Рудкоўскаму. Да свайго 90-годдзя не дажыў В.Праскураў, знакаміты публіцыст, былы рэдактар раённай газеты “Савецкае Палессе”. 75-годдзе будзе адзначаць паэт, празаік Віктар Гардзей. 70 гадоў споўніцца чудзінскаму паэту, казачніку Алесю Каско [13, с.28]. Бібліятэкі на працягу многіх гадоў з’яўляюцца актыўнымі збіральнікамі і папулярызатарамі літаратурнай спадчыны Ганцаўшчыны. У бібліятэчных фондах ЦРБ імя В.Праскурава акумуляваны шматлікія выданні літаратараў-землякоў. Маецца бібліятэчка з аўтографамі В.Гардзея, У.Марука, І.Лагвіновіча, А.Кажадуба і інш. У 1996 годзе у бібліятэку удавой В.Ф.Праскурава была перададзена асабістая бібліятэка Васіля Фёдаравіча, кнігі з якой маюць аўтографы вядомых літаратараў Беларусі (Г.Бураўкін, У.Няклаеў, С.Алексіевіч, Н.Гілевіч, М.Танк). Таксама былі перададзены шматлікія ўзнагароды, дыпломы, рукапісы, фотаздымкі В.Праскурава, якія ўтварылі куток памяці чалавека, імя якога з гонарам носіць раённая бібліятэка [4, с.6]. Правядзенне прэм’ер і прэзентацый новых кніг, літаратурных вечарын, сустрэчы з літаратарамі-землякамі даюць магчымасць шырока папулярызаваць іх творчасць і літаратурную спадчыну. Штогод ладзяцца Праскураўскія чытанні, добрай традыцыяй стала маштабнае святкаванне юбілейных вечарын (2006 – 75-годдзе В.Праскурава, 70-годдзе М.Рудкоўскага, 2007 – 125 годдзе Я.Коласа, 2009 – 125-годдзе А.К. Сержпутоўскага, 60-годдзе А.Галаскока, 50-годдзе Н.Кавальчук, 2010 – 75-годдзе І.Кірэйчыка). Бібліятэка займаецца выдавецкай справай. У бібліятэцы былі выдадзены аўтарскія зборнікі паэтаў Ганцаўшчыны( А.Галаскока, Н. Кавальчук, Н.Таўтын, А.Мірзаліевай, калектыўны зборнік пра Ганцаўшчыну і г.д.) [8, с. 15]. Вялікую работу па прапагандзе роднага слова і творчасці ганцавіцкіх літаратараў вядзе дзіцячая бібліятэка. Тут ладзяцца літаратурныя сустрэчы (гасцямі былі У.Марук, В.Гардзей, А.Галаскок), вечары паэзіі, прэзентацыі новых зборнікаў. Доказ – з’яўленне краязнаўчага клуба “Крынічка”, членаў якога аб’ядноўвае цікавасць да гісторыі роднага краю. Дзіцячы клуб “Крынічка” створаны больш за 20 гадоў. Яго дзверы расчынены для тых, хто любіць свой край, каго цікавіць яго гісторыя, культура, таленавітыя і адораныя людзі. Асноўным накірункам дзейнасці клуба на працягу больш двух дзясяткаў гадоў з’яўляецца прапаганда спадчыны беларускага народа, прывіццё любові да роднай мовы. Акрамя клуба “Крынічка”, у бібліятэцы існуе з 2003 года краязнаўчы пакой “Хата з матчынай душой”. Сюды разам з бацькамі, з настаўнікамі ідуць дзеці, каб адкрыць для сябе таямнічы свет мінуўшчыны, каб пазнаць тую спадчыну, якую пакінулі нам нашы продкі. За гады працы клуба сабраны ўнікальныя краязнаўчыя матэрыялы, якія распавядаюць аб легендах і паданнях роднага краю, сабрана вусная народная творчасць Ганцаўшчыны, словы мясцовага дыялекту[5, с. 9-11]. Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не саромецца на ёй размаўляць. Гэта ў цяперашні час вельмі актуальна. Мерапрыемствы праводзяцца з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры. Краязнаўчая работа бібліятэк Ганцавіцкага раёна адлюстравана ў розных мерапрыемствах і пабудавана ў цесным супрацоўніцтве з сельскімі Дамамі культуры, клубамі, школамі, сельскімі Саветамі. У 2006 годзе бібліятэкары Ганцавіцкай ЦБС пачалі працу ў рамках адраснай праграмы “Памяць Ганцаўшчыны” , распрацаванай работнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава і разлічанай на тры гады. Па крупінках збіралі краязнаўчыя матэрыялы, запісвалі ўспаміны, афармлялі тэматычныя дасье. У выніку крапатлівай працы інтэр’ер бібліятэк аздобіўся змястоўнымі краязнаўчымі цэнтрамі і куткамі. Некаторыя задумкі з гэтай праграмы засталіся не рэалізаванымі бібліятэкарамі раёна, таму ў 2009 годзе было прынята рашэнне мэтавую бібліятэчную праграму “Памяць Ганцаўшчыны” дапрацаваць і даць магчымасць работнікам бібліятэк, галоўным збіральнікам гістарычнага мінулага сваёй мясцовасці, мэтанакіравана і з большай аддачай працаваць над гэтым праектам далей. Праграма складаецца з чатырох падпраграм: “Памяць” (збор гістарычных, этнаграфічных, геаграфічных матэрыялаў аб родным краі), “Хто ёсць хто?” (вывучэнне і збор матэрыялаў аб людзях, якія адыгралі значную ролю ў гісторыі і культурным развіцці краю), “Ганцаўшчына літаратурная” (збор, апрацоўка матэрыялаў аб літаратарах-земляках і іх творчасці, папулярызацыя новых літаратурных выданняў пісьменнікаў і паэтаў-землякоў) і “Падтрымка”. Апошняя падпраграма “Падтрымка” арыентавана на аказанне практычнай і тэарэтычнай дапамогі бібліятэкарам з боку супрацоўнікаў аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ [26, с.12]. Вынікам работы над праектам стала адкрыццё Малькавіцкай бібліятэкі-музея, “Галерэі знакамітых землякоў” у Дзяніскавіцкай сельскай бібліятэцы, духоўна-адукацыйнага цэнтра “Існасць” у В.Круговіцкай сельскай бібліятэцы, адбылася прэзентаця гсторыка-краязнаўчага цэнтра ў Агарэвіцкай бібліятэцы, амаль ва ўсіх бібліятэках раёна пачалі дзейнічаць краязнаўчыя куткі [3, с. 7]. У 2012 годзе адбылася яшчэ адна значная падзея ў бібліятэчным жыцці раёна – у бібліятэцы аграгарадка Востраў адкрыўся гісторыка-краязнаўчы цэнтр “Мы – з БССР” . Назва цэнтра гаворыць сама за сябе. Маладое пакаленне ведае пра савецкія часы вельмі мала. Крыніцы ведаў – інфармацыя з падручніка гісторыі і ўспаміны родных. А вось прыйсці ў бібліятэку, зазірнуць у гісторыка-краязнаўчы пакой “Мы – з БССР”, прыадкрыць старонкі гісторыі савецкіх часоў, пачуць звон капеек, убачыць упершыню патэфонную пласцінку – усё гэта для маладых людзей нейкі цуд з другога веку. Для старэйшага пакалення завітаць у пакой савецкіх часоў – нібы адкруціць кінастужку жыцця назад і сустрэцца з маладосцю. Адкрыццё гісторыка-краязнаўчага цэнтра адбылося ў рамках праспект-праграмы “Контуры”, распрацаванай для Востраўскай бібліятэкі ў 2012 годзе. Яе мэта – навучыць беражліваму стаўленню да мінулага. Праграма была разлічана на тры гады [15, с.14]. Плённа бібліятэкары працавалі ў рамках адраснай праграмы “Памяць Ганцаўшчыны”, якая дала магчымасць мэтанакіравана займацца краязнаўчай дзейнасцю. У выніку работы над праграмай ва ўсіх бібліятэках пачалі дзейнічаць краязнаўчыя цэнтры і куткі, якія на сённяшні дзень змяшчаюць у сабе вялікую колькасць каштоўных дакументаў: шматлікія папкі, дасье, унікальныя фотаздымкі, рукапісы. Праграма прадугледжвала надаць Малькавіцкай сельскай бібліятэцы статус бібліятэкі-музея. Збіраліся экспанаты, ствараліся экспазіцыіі… і музей пачаў дзейнічаць! Пазней для бібліятэкі была распрацавана адрасная праграма “Радзімазнаўства – мудрая навука”, якая дапамагала бібліятэкару весці работу па зборы і захаванні матэрыялаў па гісторыі вёскі і іх папулярызацыі сярод насельніцтва [5, с.16]. Цікавы праект створаны для Хатыніцкай сельскай бібліятэкі, якая актыўна супрацоўнічае з мясцовымі майстрамі: арганізуе творчыя выставы і цікавыя сустрэчы, адкрывае новыя таленты. Для таго, каб праца ў гэтым кірунку вялася якасна і планамерна, быў распрацаваны праект “Любімая справа”. Яго мэта– падтрымка і развіццё традыцыйнага народнага мастацтва, узмацненне яго ўплыву на духоўнае развіццё грамадства, прапаганда творчасці народных майстроў. У рамках праекта ў бібліятэцы арганізоўваюцца творчыя выставы хатыніцкіх майстроў: “Лазовыя дзівосы” (лозапляценне, майстар Аляксандр Ваўчок), “Крыніца таленту” (вышыўка, Надзея Ярашэвіч), “Вясёлка натхнення” (вышыўка, майстар Марыя Кот), “Чарадзейства з дрэва” (разьба па дрэве, майстар Уладзімір Кот) і інш. Праводзяцца сустрэчы з майстрамі (“Грані лёсу і таленту”, “За кроснамі снуюцца думкі”, “Калейдаскоп сямейных талентаў”) і майстар-класы (“Фантазія і прыгажосць”, “Кожнай хаце свой дамавік”). Такія выставы і сустрэчы карысныя для выхавання ў маладога пакалення павагі да традыцыйнай культуры продкаў. Збіраюцца матэрыялы для стварэння тэматычнага дасье “Хатынічы – вёска майстроў” , а пазней будзе абагульненне вопыту работы па падтрымцы самадзейнага майстэрства ў сельскай бібліятэцы [7, с.9]. З мэтай фарміравання цікавасці да мінулага свайго краю і ўшанавання памяці людзей, якія ўнеслі значны ўклад у гісторыю развіцця Ганцаўшчыны, ў 2017 годзе створаны бібліятэчны праект “Вартыя памяці людской...”. На працягу года бібліятэкары на старонках раённай газеты “Савецкае Палессе” знаёмілі чытачоў з цікавымі людзьмі, якія прысвяцілі сваё жыццё любімай справе, з людзьмі, якіх ужо няма побач з намі, але яны дастойны таго, каб іх памяталі. У рамках праекта было напісана 16 артыкулаў, героі якіх – людзі розных прафесій. У 2018 годзе на аснове надрукаваных у раённай газеце матэрыялаў аддзелам бібліятэчнага маркетынгу быў выдадзены літаратурна-дакументальны зборнік з аднайменнай назвай “Вартыя памяці людской…”. Але і гэта не ўсё… Да канца года ва ўсіх бібліятэках сістэмы адбыліся прэзентацыі гэтага зборніка. Кожнае мерапрыемства было напоўнена жыццёвымі гісторыямі пра лёсы людзей мінулых дзён. Кожнаму з іх хацелася б, каб гэта праца мела працяг, каб не згасала памяць пра славутых землякоў, людзей шчырых і працавітых, якімі багата наша Ганцаўшчына. Таму было вырашана прадоўжыць творчы праект і гэта вельмі актуальна, таму што прошлы і бягучы гады прысвечаны малой радзіме. Дапрацаваны і дапоўнены праект “Вартыя памяці людской…” змяніў сваю назву – “ Незабытыя імёны…”. І па цяперашні час ён яшчэ працягвае сваю дзейнасць [27, с.13]. У 2020 годзе быў рапрацаваны праект пад назвай “Ёсць вуліцы цэнтральныя...”, які рапавядае пра гісторыю вуліц, размешчаных на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Галоўная мэта праекта – папулярызацыя культурнай спадчыны і традыцый роднага краю. Гісторыя вуліц – гэта гісторыя населеных пунктаў і лёсаў іх жыхароў [3, с. 13]. Акрамя гэтага, вялася крапатлівая праца па стварэнні віртуальнага музея “Непрачыная кніга Васіля Фёдаравіча Праскурава”. Гэта быў сумесны праект Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага і Ганцавіцкай ЦРБ імя В.Ф. Праскурава. Цяпер на сайце раённай бібліятэкі можна пазнаёміцца са шматлікімі фотаздымкамі, выданнямі і дакладнай бібяграфіяй нашага земляка [3, с.14]. Ужо больш за 20 гадоў прыярытэтным накірункам у рабоце Раздзялавіцкай бібліятэкі з’яўляецца экалагічнае выхаванне. Асабліва ўзрасла роля бібліятэкі як інфармацыйнага цэнтра і галоўнага інфарматара ў асветніцкай дзейнасці па пытаннях экалогіі. Экалагічны цэнтр установы складаецца з фонду друкаваных матэрыялаў па прыродазнаўстве і праблемах экалогіі, даведачна-бібліяграфічных матэрыялаў, наглядных матэрыялаў (тэматычныя дасье, вырабы з прыродных матэрыялаў, гербарыі) [38, с.3]. За апошнія гады ўзрасла цікавасць чытачоў да літаратуры экалагічнай тэматыкі. Камп’ютарныя тэхналогіі дазволілі кардынальна пашырыць магчымасці і павысіць аператыўнасць доступу да маючых рэсурсаў, якія складаюцца з друкаваных крыніц і электронных носьбітаў. Бібліятэка мае выхад у Інтэрнэт, што значна пашырае пошук патрэбнай інфармацыі. Але ўсё ж такі аснову экалагічна-асветніцкай работы складае фонд. Гэта кнігі і перыядычныя выданні, відэа-і-электронныя носьбіты інфармацыі аб прыродзе і экалогіі [29, с. 12]. Немалое значэнне для папулярызацыі экалагічных ведаў надаецца ў бібліятэцы наглядным сродкам. Папулярнасцю сярод чытачоў карыстаюцца гербарыі раслін Раздзялавіцкага наваколля, якія ўключаюць лекавыя травы і расліны з Чырвонай кнігі Беларусі, а таксама тэматычныя дасье з падборам рэцэптаў, прымянення лекавых траў, ужывання садавіны і гародніны ў ежу і г.д. Шырокаму колу наведвальнікаў на вечарынах, пазнавальных гадзінах “Аптэка ў лесе”, “Чай і здароўе”, “Зялёная аптэка” даюцца кансультацыі па зборы лекавых раслін, прапануецца дэгустацыя чаю з настою траў. Асноўнай задачай гэтых мерапрыемстваў з’яўляецца выхаванне пачуцця гармоніі з прыродай, фарміраванне сістэмы экалагічных ведаў [17, с. 8]. Вялікая ўвага надаецца фарміраванню даведачна-бібліяграфічнага апарату па экалогіі, створана тэматычная картатэка “Экалагічны калейдаскоп”, выпускаюцца даведачныя выданні, памяткі паводзін у лесе, беражлівых адносін да вады, збору лекавых раслін і г.д. З мэтай фарміравання экалагічнай культуры і свядомасці моладзі бібліятэка цесна супрацоўнічае з іншымі ўстановамі і арганізацыямі – мясцовым лясніцтвам і школай. Спецыялісты лясніцтва з’яўляюцца частымі гасцямі бібліятэчных мерапрыемстваў: выступаюць перад дзецьмі і моладдзю на інфармацыйна-пазнавальных гадзінах, днях інфармацыі, удзельнічаюць у гутарках-развагах, дыскусіях [21, с. 5]. На выснове цесных кантактаў бібліятэкі, школы і мясцовага лясніцтва было створана і плённа працуе на працягу больш як 15 гадоў аматарскае аб’яднанне “Мурашнік”. Асноўная мэта і накірунак работы аб’яднання – экалагічнае выхаванне дзяцей, пашырэнне іх кругагляду, ведаў аб навакольным асяроддзі, папулярызацыя літаратуры аб прыродзе, далучэнне дзяцей да чытання выданняў прыродазнаўчай тэматыкі, прывіццё любові да Радзімы і роднага краю. Удзельнікі клуба – сапраўдныя сябры і ахоўнікі прыроды: не пакрыўдзяць птушку і жывую істоту, беражліва адносяцца да раслін. На пасяджэннях не прыходзіцца рабятам сумаваць. Яны стваральнікі і ініцыятары розных акцый, актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў і дызайнеры экалагічнага кутка ў бібліятэцы. Асабліва плённым для “мурашачак” аказаўся 2016 год – яны сталі актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу “Вечна вам шумець, мае лясы!” Юных чытачоў бібліятэка запрасіла прыняць удзел у розных намінацыях: літаратурная творчасць (проза, паэзія), малюнак, мастацкі фотаздымак, фальклор (казка, легенда). Арганізатары напачатку крыху сумняваліся, што ён адбудзецца ва ўсіх намінацыях, але конкурс пацвердзіў, якія таленавітыя нашы дзеці! Прымаючы ўдзел у конкурсе, юныя натуралісты ў чарговы раз змаглі дакрануцца да найвялікшага багацця чалавецтва – Прыроды. І вось на цуда-дрэве з’явіліся першыя плады – выстава малюнкаў “Прыгожа ў лесе летам і зімою”. Цікавай для наведвальнікаў бібліятэкі аказалася выстава літаратурных работ. Упершыню некаторыя чытачы адкрылі для сябе раней невядомыя назвы ўрочышчаў, лесу, ваколіц. Легенды, сабраныя рабятамі – каштоўны краязнаўчы матэрыял [6, с. 12]. З году ў год юныя натуралісты, члены аматарскага аб’яднання “Мурашнік”, з’яўляюцца ініцыятарамі і ўдзельнікамі розных бібліятэчных акцый. Для членаў аматарскага аб’яднання “Мурашнік” неабыякава і тое, дзе яны жывуць, па якіх вуліцах роднага аграгарадка ходзяць, у якім санітарным стане знаходзяцца закінутыя дамы, вадаёмы, лясныя масівы. Таму для іх падтрымка акцыі Ганцавіцкага лясгаса “Чысты лес” была справай гонару. Дружна ўсім “Мурашнікам” выйшлі на выдзелены ляснічым участак лесу і сабралі смецце, якое няўдзячныя грыбнікі і ягаднікі пакінулі пасля сябе. “Чысты аграгарадок” – пад такой назвай прайшла яшчэ адна бібліятэчная акцыя. На працягу кастрычніка рабяты збіраліся кожную суботу ў бібліятэцы, каб затым працоўным дэсантам прайсціся па вуліцах аграгарадка і сабраць рознае смецце, бруд каля “нічыйных” сядзібных участкаў, дарог. Далі плён гутаркі з равеснікамі і аб’явы-заклікі “Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць.” Вынік атрымаўся цудоўным – папрыгажэў аграгарадок Раздзялавічы і зараз лічыцца ў раёне адным з самых чыстых і эстэтычна прывабных [7,с. 17]. Скептыкі напэўна ўсміхнуцца: ці не зашмат акцый для бібліятэкі? “Не, не зашмат, – лічыць загадчыца бібліятэкі Сцяпанава Г.А., – дзяцей захапляюць такія мерапрыемствы, накладваюць пэўны адбітак на паводзіны і адносіны да навакольнага асяроддзя, да роднага краю. У рабоце клуба выкарыстоўваюцца наступныя формы работы: кніжна-часопісныя выставы, агляды, гутаркі, гучныя чытанні, віктарыны, конкурсы, інфармацыйна-пазнавальныя гадзіны, ранішнікі, святы, завочныя падарожжы, экалагічныя суды, прагляды відэафільмаў, СД-дыскаў аб прыродзе. Дзейнасць бібліятэкі па экалагічнай асвеце звязана з краязнаўствам. Найбольш цікавыя праграмы і мерапрыемствы бібліятэка прысвячае экалагічным праблемам сваёй малой радзімы. З гэтай мэтай сабраны ўнікальны матэрыял пра “чырвонакніжны” раслінны і жывёльны свет раёна і запаведнікі Ганцаўшчыны. Выдадзены даведачныя зборнікі “Чырвоная кніга Ганцаўшчыны” і “Места заповедные”. У дапаўненне да выданняў былі створаны электронныя прэзентацыі. Затым прайшлі мерапрыемствы – прэзентацыя зборніка “Места заповедные” і завочнае падарожжа “Адкрываем Чырвоную кнігу Ганцаўшчыны”, якія пазнаёмілі рабят з экалагічнымі праблемамі роднага краю [18, с.24]. Дапамагаюць прыслухацца да таямнічых галасоў звяроў і птушак, разгадаць мову дрэў і кветак, слухаць і разумець планету прыроды душою і сэрцам мерапрыемствы: завочнае падарожжа па кнізе літаратара-земляка В. Гардзея “Малая дзіцячая Чырвоная кніга”, экалагічная гульня “Таямніцы і загадкі прыроды”, гадзіна-развага “Боль матулі-зямлі”, урок-знаёмства “Дзень добры, ціхая рачулка!”, час экалагічнай культуры “Каб жыць у суладдзі з прыродай”, літаратурна-экалагічная гадзіна “Край мой блакітны…”, якія дапаўняюць СД-дыскі і відэаматэрыялы. У рамках клуба праходзяць не толькі мерапрыемствы экалагічнага накірунку, але цікавымі застаюцца для рабят пасяджэнні рознай тэматыкі. Запамінальным стаў літаратурны вечар па творчасці Міхася Рудкоўскага “Вяртаюся я ў край свой дарагі…”, на якім прысутнічалі паэты з суседняй вёскі Хатынічы Ніна Кавальчук і Ніна Таўтын, сястра паэта Ірына Рудкоўская. Цішыня панавала ў зале, калі гучалі вершы паэта пра маці, родны край, пра рачулку Начу [24, с. 19]. Кожны год бібліятэка вядзе планамерную работу па распаўсюджванні экалагічных ведаў і фарміраванні экалагічнай свядомасці падрастаючага пакалення. Сумесная карпатлівая праца бібліятэкараў і юных чытачоў бібліятэкі аграгарадка Раздзялавічы дае свае плады і стварае трывалы падмурак на будучыню. У памяшканні бібліятэкі, дзе сонца трапляе толькі праз вокны, зелянее дрэва, на якім адна выстава змяняецца другою. Квітнеючаму дрэву хапае святла ад творчай энергіі маленькіх чытачоў, дзіцячай радасці і ўсмешак. Бібліятэка, царква, духоўнасць. Сёння яны – асяродак культуры, цэнтр, які задавальняе самыя розныя запыты чытачоў, у тым ліку і духоўныя патрэбы [33, с.10]. Бібліятэкі Ганцавіцкай РЦБС з 2010 года актыўна працуюць у рамках мэтавай бібліятэчнай праграмы па духоўным выхаванні і адукацыі насельніцтва “Духоўнасць”. У кожнай установе ўжо на працягу некалькіх гадоў пастаянна дзейнічаюць кніжныя выставы, дзе прадстаўлена праваслаўная літаратура, разнастайныя тэматычныя дасье, выданні прэсы, электронныя дыскі. Трэба адзначыць, што цікавасць чытачоў да дадзенай літаратуры ўзрастае з кожным годам і попыт на яе задавальняецца, дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з Выдавецтвам Беларускага Экзархата. Толькі ў мінулым годзе ў бібліятэчныя фонды паступіла 879 экзэмпляраў, з якіх электронных дакументаў – 78. У жніўні мінулага года адбылося ўрачыстае ўручэнне цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В. Праскурава факсімільнага выдання “Слуцкага Евангелія” на Нядзелі Праваслаўнай Кнігі, якая праходзіла ў рамках духоўна-асветніцкай праграмы Выдавецтва Беларускага Экзэрхата ў г. Ганцавічы [39, с. 18]. Якаснае і планамернае папаўненне кніжнага фонду праваслаўнай літаратурай дазваляе работнікам бібліятэк больш эфектыўна весці работу з чытачамі ў дадзеным накірунку. З гэтай мэтай ва ўстановах дзейнічаюць выставы, створаны куткі праваслаўнай літаратуры: “Свет праваслаўнай кнігі”, “Каб жыць па духоўных законах”, “Мудрасць нябесная і зямная”, “Святло веры і духоўнасці”, “Духоўнасць. Вера. Вечнасць.” і інш. На кніжных паліцах, дзе размешчаны фонд праваслаўнай літаратуры, кожны чытач мае магчымасць пазнаёміцца з выданнямі, якія падкажуць, як правільна паводзіць сябе ў царкве, падтрымліваць пасты, пазнаць значнасць крыжа і іконы ў жыцці і інш. Адным словам, тут можна знайсці адказы на самыя актуальныя пытанні чалавечага быцця і духоўнага жыцця [41, с. 16]. Для В. Круговіцкай сельскай бібліятэкі аддзелам бібліятэчнага маркетынгу была створана адрасная міні-праграма “На шляху да веры”. Такі праект для гэтай бібліятэкі быў створаны невыпадкова. На тэрыторыі вёскі знаходзіцца адна са старэйшых цэркваў раёна – Свята-Георгіеўская царква – помнік народнага драўлянага дойлідства. В. Круговіцкая бібліятэка як інфармацыйны, адукацыйны і асветніцкі цэнтр вёскі, маючы ў сваіх фондах багацейшыя матэрыялы па гісторыі царквы, традыцыях праваслаўнай веры і святарах, была зацікаўлена ў стварэнні гісторыка-дакументальнай прасторы. Бібліятэкар Наталля Фядосава падняла архівы, звязалася з роднымі свяшчэннаслужыцеля Аляксея Хмарука, па крупіцах сабрала ўнікальны матэрыял пра айца Аляксея, на долю якога выпаў нялёгкі час савецкага атэізму. У выніку накаплення матэрыялу і планамернай працы ў рамках міні-праграмы ў бібліятэцы быў адкрыты духоўна-асветніцкі цэнтр “Існасць”. Адзін з яго раздзелаў – “За веру і царкву Хрыстову жывучы” – прысвечаны святару, куды былі сабраны фотаздымкі і дакументальныя матэрыялы, асабістыя рэчы святара. Матэрыял быў сістэматызаваны ў тэматычныя дасье “Айцец Аляксей: жыццё з верай”, “Праваслаўныя календары мінулага”, “Малітвы, пропаведзь, псалмы… у запісках і выразках” і інш [40, с. 3]. За год існавання цэнтра бібліятэкарам былі арганізаваны разнастайныя мерапрыемствы духоўнай тэматыкі, удзельнікамі якіх з’яўляюцца не толькі дзеці, але і чытачы рознага ўзросту. Выставачныя кампазіцыі цэнтра змяняюцца час ад часу. Спачатку гэта была выстава ікон, падораных чытачамі бібліятэцы, затым – выстава фотаздымкаў храмаў Ганцаўшчыны, плануецца выстава вышытай іконы. У рамках цэнтра праходзяць урокі, Нядзелі духоўнасці – напярэдадні гадавых царкоўных свят (Троіца, Ражаство, Вялікдзень) арганізоўваюцца экскурсіі-знаёмствы з цэнтрам. Падчас правядзення бібліятэчнай акцыі “Падары бібліятэцы праваслаўную кнігу” кніжны фонд папоўніўся на 57 экзэмпляраў кніг. Міні-праграма “На шляху да веры” прадугледжвала цеснае супрацоўніцтва з настаяцелем Свята-Георгіеўскай царквы з мэтай папулярызацыі праваслаўных ведаў. Так яно і атрымалася. Айцец Іаан – часты госць і ўдзельнік бібліятэчных мерапрыемстваў. Стварэнне такога куточка духоўнасці дазваляе цікава і змястоўна наладжваць работу па духоўным выхаванні і асвеце жыхароў вёскі [37, с. 11]. У рамках бібліятэчнай мэтавай праграмы “Духоўнасць” актыўна працуе і раённая дзіцячая бібліятэка. Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей, вывучэнне матэрыялаў духоўнай спадчыны – галоўныя мэты, якія ўвасобіліся ў сумесныя праекты з нядзельнай школай Свята-Ціханаўскага храма, сустрэчы са святарамі. У гасцях у чытачоў бібліятэкі неаднаразова быў настаяцель Свята-Ціханаўскай царквы, благачынны цэркваў Ганцавіцкай акругі пратаіерэй Пётр Піліпчук і кіраўнік нядзельнай школы пры гэтым храме Марыя Орса. Жывое слова служыцеляў праваслаўнай царквы выклікае вялікую цікавасць у дзяцей, фарміруе правільныя жыццёвыя пазіцыі. Цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы прайшлі каля куточка праваслаўнай літаратуры “Духоўнасць. Вера. Вечнасць.” – гутарка-дыялог “Святло іконы”, пазнавальная гадзіна “Вялікдзень, Вялікадне, Светлае Вялічка.”, духоўна-гістарычная гадзіна “Святыя дочкі праваслаўя” і інш. [21, с.13]. І вось з мэтай папулярызацыі духоўнай кнігі, развіцця цікавасці да гісторыі праваслаўнай культуры ў гэтым годзе сярод бібліятэк Ганцавіцкай РЦБС быў аб’яўлены конкурс на лепшы праваслаўны куток з абавязковым яго прадстаўленнем. Перад бібліятэкарамі была пастаўлена задача не толькі змястоўна і прыгожа аформіць праваслаўныя куточкі, але і правесці цікавае па змесце мерапрыемства. Творчы, інавацыйны падыход да працы заўсёды вылучае прафесію бібліятэкара сярод іншых. Таму ў бібліятэках з’явіліся выставы з цікавымі, маляўніча аформленымі назвамі і раздзеламі, дапоўненымі разнастайнымі кампазіцыямі і творчымі выставамі, на якіх былі прадстаўлены работы чытачоў [34, с. 24]. Розныя па змесце і форме мерапрыемствы прайшлі ў рамках конкурсу – гадзіны духоўнасці, літаратурна-музычныя кампазіцыі, гутаркі-развагі і інш. Кожны стараўся прадставіць праваслаўны куток прафесійна і насычана. На мерапрыемствы запрашаліся святары, пеўчыя царкоўнага хору, выхаванцы Нядзельнай школы, праваслаўныя вернікі. Былі задзейнічаны мультымедыйныя тэхналогіі [24, с. 18]. З году ў год у бібліятэках Ганцавіцкай РЦБС ствараюцца бібліятэчныя праграмы і праваслаўныя куточкі, праходзяць семінары, розныя акцыі, конкурсы, арганізоўваюцца разнастайныя мерапрыемствы духоўнай тэматыкі. Работнікам бібліятэк добра вядома, якую пазітыўную ролю адыгрывае духоўнасць у маральным выхаванні людзей, таму ўпэўненыя крокі ў гэтым накірунку ўжо зроблены і наладжаная работа будзе мець працяг. Напрыканцы хачацца дадаць, што падведзены вынікі XXVIII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. У 2020 годзе Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В.Ф. Праскурава прысуджана II месца ў намінацыі “ За пошукавую і даследчую працу.” А ў мінулым годзе бібліятэка была прызнана пераможцам абласнога тура сярод гарадскіх бібліятэк, дзе атрымала I месца за плённую пошукавую і даследчую працу па захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны раёна праз рэалізацыю праекта “Вартыя памяці людской…” [3, с. 5]. |