История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
Скачать 1.84 Mb.
|
Сацыяльна эканамічнае развіццё беларускіх зямель у першай палове XIX стагоддзяУ канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. галоўнымі ўласнікамі капіталаў у Беларусі былі памешчыкі. Яны імкнуліся пашыраць свае даходы, таму стваралі у сваіх маёнтках розныя прамысловыя прадпрыемствы. Вотчынная прамысловасць выкарыстоўвала практычна бясплатную сыравіну і дармавую рабочую сілу прыгонных сялян і ў гэтых адносінах мела вялізарныя перавагі над прадпрыемствамі, што належылі купцам і мяшчанам. Апошнія павінны былі аплачваць зямельныя ўчасткі, сыравіну і рабочую сілу. Грошай для гэтага ў іх не было. Па гэтай прычыне купцам і мяшчанам у 1860 годзе належыла некалькі мануфактур і 2 фабрыкі з 76. Купецка-мяшчанская прамысловасць у Беларусі была прадстаўлена рамеснымі майстэрнямі і дробнакапіталістычнымі прадпрыемствамі, якіх налічвалася ў сярэдзіне ХІХ ст. каля 28 000. Тым не менш, у гэтыя часы ў Беларусі пачынаецца прамысловая рэвалюцыя: на змену ручной працы пачынае прыходзіць машынная вытворчасць. У 20-х гг. ХІХ ст. у маёнтках памешчыка Пуслоўскага ў м. Хомску Кобрынскага павета і м. Косава Слонімскага павета ўзнікаюць першыя суконныя фабрыкі, на якіх побач з прымусовай працай прыгонных сялян пачала выкарыстоўвацца кваліфікаваная праца наёмных рабочых, якія абслугоўвалі машыны. Паступова пачынаюць фарміравацца два асноўныя класы капіталістычнага грамадства: буржуазія і пралетарыят. Гэтаму спрыяла і праведзенае ў 1852 годзе абмежаванне правоў цэхавых арганізацый у гарадах і мястэчках. Прадстаўнікі некаторых прафесій: цесляры, вознікі, чарнарабочыя – маглі не запісвацца ў цэхі. Адмянялася выключнае права цэхаў на вытворчасць пэўнай прадукцыі. Членам цэхаў дазвалялася наймацца на фабрыкі і заводы. Такім чынам, з бяднейшых рамеснікаў пачаў фарміравацца пралетарыят. Беларуская буржуазія была эканамічна слабай. Яна магла займацца толькі дробнакапіталістычнай, пераважна рамеснай, вытворчасцю (прадпрыемствамі, на якіх працавала ад 5 да 16 чалавек). Такім чынам, у прамысловасці Беларусі перапляталіся два сацыяльна-эканамічныя ўклады – феадальны і капіталістычны. У Беларусі ў гэты час развіваліся наступныя традыцыйныя для яе галіны прамысловасці: харчовая, тэкстыльная, дрэваапрацоўчая, металаапрацоўчая, гарбарная, шкляная. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь стала часткай агульнарасійскага рынку, што станоўча адбілася на яе гаспадарчым развіцці. Развіццю рынкавых адносін спрыяла паляпшэнне сухапутных і водных шляхоў зносін. Паскорылася будаўніцтва паштовых трактаў, агульная іх працягласць па Беларусі складала каля 4 тыс. вёрст, Былі пабудаваны ці рэканструяваны Бярэзінскі, Днепра-Бугскі, Аўгустоўскі і Агінскі каналы. Да сярэдзіны ХІХ ст. істотную ролю ў таварна-грашовым абарачэнні адыгрывалі кірмашы. У гэты час іх ў Беларусі налічвалася каля 270. Буйнейшымі сярод іх былі Асвейскі, Бешанковіцкі, Зэльвенскі, Кантрактавы, Любецкі і Траецкі. Аднак кірмашовы гандаль к сярэдзіне ХІХ ст. пачынае саступаць месца гандлю ў крамах і магазінах. Значную ролю у гандлі адыгрывалі купцы. Яны скуплялі на кірмашах і ў памешчыцкіх маёнтках сельскагаспадарчую і прамысловую прадукцыю, лясныя тавары, дастаўлялі іх на прыстані і ў гарады, вывозілі ў іншыя краіны. Купцы арандавалі памешчыцкія прадпрыемствы, заключалі падрады на будаўніцтва дарог і каналаў, пастаўку войску прадуктаў, фуражу, сукна, дроў. Тым не менш, асноўнымі пастаўшчыкамі прадукцыі на ўнутраны і знешні рынак былі памешчыкі. У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 40 гарадоў, у іх пражывала 93 тыс. чалавек. На момант адмены прыгоннага права ў беларускіх гарадах было ўжо 320 тыс. чалавек. Хуткі рост гарадскога насельніцтва ў наступныя десяцігоддзі тлумачыцца існаваннем мяжы яўрэйскай аседласці і прымусовым ссяленнем яўрэяў з вёсак у гарады і мястэчкі, а таксама значным павялічэннем вайсковых гарнізонаў і колькасці чыноўнікаў. Эканамічнаму росту беларускіх гарадоў перашкаджала падаткавая палітыка ўрада. Агульная колькасць падаткаў і павіннасцей, якія спаганяліся з гараджан на карысць дзяржавы, дасягала 40. Гэта адмоўна адбівалася на працэсе накаплення капіталаў, неабходных дя развіцця прамысловасці і гандлю, звужала пакупныя магчымасці насельніцтва. У выніку даходы гарадоў Беларусі былі надзвычай нізкімі. Асноўныя гарадскія расходы ў першай палове ХІХ ст. былі звязаны з утрыманнем царскіх чыноўнікаў, паліцыі, вайсковых гарнізонаў. На гэтыя мэты выдзялялася ад 50 да 80% гарадскога бюджэту. На адукацыю і ахову здароўя ішло ад 1 да 5%. Акрамя гарадоў у Беларусі было шмат мястэчак. Колькасць мястэчак з канца ХVІІІ – да сярэдзіны ХІХ стст. значна павялічылася – з 287 па 383. Пераважная большасць іх належыла памешчыкам, астатнія – казне. Памешчыкі былі зацікаўлены ў пераводзе сваіх вёсак у разрад мястэчак, што давала ім магчымасць засноўваць корчмы. У вёсках гэта забаранялася. Трэба адзначыць, што беларускія мястэчкі ў гандлёва-прамысловых адносінах часта былі больш развітымі, чым гарады. Менавіта ў іх арганізоўваліся вотчынныя мануфактуры і фабрыкі, праводзіліся кірмашы. Пераважная большасць памешчыкаў Беларусі ў канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ стст. не вяла ўласнай гаспадаркі. Амаль уся ворыўная зямля знаходзілася ў карыстанні прыгонных сялян, якія плацілі памешчыкам чынш. Але рост попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю ў Заходняй Еўропе і ў гарадах Расіі выклікаў пашырэнне ўласнай памешчыцкай гаспадаркі. Калі на момант падзелаў Рэчы Паспалітай толькі 17% памешчыцкіх гаспадарак былі арганізаваны як фальваркі, то на момант адмены прыгоннага права такіх гаспадарак было звыш 75%. Памешчыкі стваралі фальваркі за кошт скарачэння сялянскіх надзелаў. Для апрацоўкі фальваркавых зямель яны пераводзілі сялян з аброка на паншчыну. Расійскі ўрад неаднаразова спрабаваў абмежаваць памеры паншчыны да трох дзён у тыдзень: першы раз – падчас рэформ Паўла І, другі раз–у час рэформ П. Д. Кісялёва ў 1844 г., але гэтыя спробы не мелі поспеху. У сярэдзіне ХІХ ст. памеры паншчыны ўжо складалі каля 12 дзён у тыд. з валокі – 6 мужчынскіх і 6 жаночых дзён. Значную частку прыбыткаў памешчыкаў, часам да 40%, складаў продаж гарэлкі, вырабленай на іх прыватных вінакурнях. У пач. ХІХ ст. у Бел. было 6 тыс. памешчыцкіх бровараў. У маёнтках, дзе быў бровар, для сялян існавала спецыфічная павіннасць. Кожны селянін павінен быў купіць пэўную норму гарэлкі, зробленай на гэтым бровары. Калі селянін быў непітушчым, яго абавязвалі сплаціць суму грошай, якую каштавала гэта гарэлка. Ад высокіх памераў паншчыны і іншых падаткаў сялянскія гаспадаркі прыходзілі ў заняпад. Разам з імі прыходзілі у заняпад і памешчыцкія гаспадаркі, якія апрацоўваліся прыладамі працы і коньмі селяніна. Прыгонныя сяляне працавалі неякасна, выкарыстоўвалі прылады працы і метады апрацоўкі глебы, якія захоўваліся яшчэ з часоў Кіеўскай Русі (двухзубая саха і трохполле). Такім чынам да 1840-х гадоў крызіс прыгонніцкай сістэмы стаў відавочным. Каб неяк змягчыць крызісныя з’явы, царскім урадам былі праведзены рэформы, якія распрацаваў міністр дзяржаўных маёмасцей граф П.Д. Кісялёў. Яны праводзіліся з 1839 па 1845 гг. Рэформы закранулі толькі дзяржаўных сялян. Іх перасталі здаваць у арэнду, ліквідавалі дзяржаўныя фальваркі, а іх землі перадалі сялянам у арэнду, беззямельных сялян надзялілі чатырма дзесяцінамі зямлі кожнага. Казённых сялян перавялі на чынш і дазволілі запісвацца ў іншыя саслоўі. У 1844 г. ўрад пачаў пашыраць рэформы П.Д. Кісялёва на памешчыцкую веску. Пачалося складанне інвентароў з мэтай упарадкавання сялянскіх павіннасцей і прывядзення іх у адпаведнасць з надзеламі, якімі карысталіся сяляне. Аднак рэформа правалілася. Ёю былі не задаволены ні сяляне, ні памешчыкі. Першыя – таму, што памеры павіннасцей практычна не зніжаліся, а другія – таму, што страчвалі магчымасці безкантрольна павышаць іх. Між тым у краіне складвалася рэвалюцыйная сітуацыя, сталі частымі масавыя ўцёкі сялян ад памешчыкаў Сяляне вялікімі групамі, да 10 000 чалавек, пакідалі панскія маёнткі і ішлі на будаўніцтва чыгункі ці на асваенне паўднёвых стэпаў, паверыўшы чуткам аб царскіх маніфестах, якія абяцалі за гэта вызваленне ад прыгону. За 1858 – 1860 гг. у беларускіх губернях былі зафіксаваны 42 сялянскіх выступленні, 11 з якіх падаўлены з дапамогай войска. Усё гэта сведчыла аб тым, што феадальна-прыгонніцкая сістэма зжыла сябе, а адмена прыгоннага права стала аб’ектыўнай неабходнасцю Пачатак індустрыяльнай цывілізацыі. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі К. ХVIII – пач.ХIX стст. адзначаны значнымі поспехамі ў навуцы і тэхніцы, зменамі ў тэхналагічным працэсе ў вытворчасці, якія затым атрымалі назву прамысловай рэвалюцыі. Яна пачалася перш за ўсё ў Англіі, Германіі, затым перамясцілася ў іншыя краіны Еўропы, ЗША, Расію і закранула ў першую чаргу лёгкую прамысловасць. Пазней, у сярэдзіне і другой палове ХIX ст., ядром прамысловага перавароту становіцца цяжкая прамысловасць і перш за ўсё машынабудаванне. Працэс вытворчасці рэзка паскорылі вынаходніцтва ў Англіі паравога рухавіка, механічнага ткацкага станка. Выкарыстанне паравога рухавіка дазволіла таксама кардынальна змяніць характар сродкаў сувязі. Сапраўдную рэвалюцыю ў гэтым плане зрабіла вынаходніцтва ў 1814 г. англійскім інжынерам Стэфенсонам паравоза, што паклала пачатак чыгуначным шляхам зносін. На змену паруснікам прыйшлі параходы. У канцы ХVIII ст.лідэрам у развіцці прамысловасці становіцца Англія, але затым яе хутка пачала даганяць Германія. Мануфактуры выцясняліся фабрычнай вытворчасцю. Расла колькасць гарадскога насельніцтва. Але хуткае развіццё машыннай вытворчасці суправаджалася ўзмацненнем эксплуатацыі наёмных рабочых і адпаведна абвастрэннем сацыяльнай напружанасці. Яна вылілася ў чарцісцкі рух у Англіі (масавы збор подпісаў пад харціямі), паўстанні ткачоў ў Германіі. Расія ўступіла некалькі пазней на шлях капіталістычнага развіцця. Працэс паступовага разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносін тут пачаўся ў пачатку ХIX стагоддзя. У прамысловасці гэтва праявілася ў хуткім росце мануфактурнай вытворчасці, у тым ліку з прымяненнем наёмнай працы. Да пачатку ХIX стагоддзя адносяцца і першыя спробы прымянення машыннай тэхнікі ў тэкстыльнай вытворчасці. Новыя рысы намеціліся і ў сельскай гаспадарцы. У першай палове ХIX стагоддзя пачалі пашырацца пасевы культур, маючых прамысловае значэнне: льну, цукровых буракоў. Развівалася тонкарунная авечкагадоўля. Але ў асноўным ў сельскай гаспадарцы яшчэ панавалі кансерватыўныя формы вядзення гаспадаркі і прыгонніцкія адносіны. Памешчыкі імкнуліся павялічыць даходнасць сваіх гаспадарак за лік змяншэння сялянскіх надзелаў, павялічэння дзён баршчыны, аброка. Гэта абвастрала адносіны паміж імі. Для Беларусі былі характэрнымі тыя ж рысы вядзення гаспадаркі, як і ў цэлым у Расіі. Яна была аграрнай акраінай Расійскай імперыі. Асноўную масу насельніцтва складалі сяляне, прычым каля 80% іх належылі памешчыкам, астатнія былі казённымі (дзяржаўнымі) або належылі дваранам, чыноўнікам, царкве. У Сельскай гаспадарцы пераважала буйнае памешчыцкае землеўладанне. 3,6 % абшарнікаў валодалі 50% сялян.З далучэннем да Расійскай імперыі павялічылася колькасць расійскіх землеўладальнікаў. Да пачатку ХIX ст. ім былі пажалаваны землі разам з 250 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ сялян. Жыццё патрабавала павышэння таварнасці сельскай гаспадаркі, павялічэння вытворчасці прадукцыі на прадажу. Таму памешчыкі пачалі пашыраць пасевы тэхнічных культур, перш за ўсё льну, цукровых буракоў, бульбы. У шэрагу гаспадарак пачалі выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны. У сувязі з патрабаваннямі рынку ў першай палове ХIX ст. пачала вызначацца спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці па асобных рэгіёнах: вырошчванне льну і бульбы на ўсходзе і развіццё жывёлагадоўлі на захадзе. Пашыралася памешчыцкая прадпрыймальніцкая дзейнасць, ствараліся падсобныя промыслы, перш за ўсё па вытворчасці гарэлкі. Да 50-х гадоў ХIX ст. ў Беларусі дзейнічалі каля 3 тысяч невялікіх вінакурань, якія выраблялі 6,5 млн. вёдзер гарэлкі ў год. Прыбытак ад гэтага віду промыслаў складаў да 60% усяго даходу многіх памешчыцкіх гаспадарак. У 1852 г. у Беларусі дзейнічала 12 цукровых заводаў, якія перапрацоўвалі буракі і выраблялі да 10 тыс. пудоў цукру ў год. Некаторыя памешчыкі, напрыклад, І. Храптовіч, для павышэння матэрыяльнай зацікаўленнасці сваіх прыгонных сялян уводзілі элементы частковай платы за іх працу. Але большасць землеўладальнікаў працавалі, як і раней, імкнучыся павялічыць даходнасць сваіх гаспадарак за лік узмацнення эксплуатацыі прыгонных сялян, павялічэння аброку, колькасці дзён баршчыны, увядзення так званых урокаў і інш. Гэта вяло да збяднення сялян. Яны не маглі ў поўнай меры выконваць павіннасці перад гаспадарамі і дзяржавай, пачасціліся сялянскія выступленні. Паглыбленне крызісу ў сельскай гаспадарцы прымусіла ўлады правесці рэформу, якая пачалася перш за ўсё сярод дзяржаўных сялян. Было створана міністэрства дзяржаўнай маёмасці на чале з графам Кісялёвым, таму пазней гэтыя меры пачалі называцца рэформай Кісялёва. Яна праводзілася на працягу 1839-1857 гг. ў дзяржаўных маёнтках. Для кіравання імі была ўведзена трохступенчатая сістэма: губерня – акруга- сельская ўправа. На месцах ствараліся выбарныя сялянскія органы самакіравання. Была праведзена інвентарызацыя дзяржаўных маёнткаў і ўведзена рэгламентацыя сялянскіх павіннасцей. З 1844 г. у дзяржаўных уладаннях Беларусі ліквідаваліся фальваркі, а сяляне пераводзіліся з паншчыны на аброк, прычым змяншалася грашовая рэнта. Малазямельным павялічваліся памеры надзелаў. Рэформа мела мэтай, па першае, некалькі палепшыць палажэнне сялян і тым самым зняць сацыяльную напружанасць, па другое, павысіць эфектыўнасць іх гаспадарання і такім чынам забяспечыць рэгулярнае паступленне падаткаў у казну. Гэтую рэформу ўлады спрабавалі распаўсюдзіць і на памешчыцкае землеўладанне, але не атрымалі падтрымкі сярод землеўладальнікаў. Яна абмежаваліся складаннем інвентароў памешчыцкіх маёнткаў. Працэс разлажэння феадальных адносін закрануў І прамысловасць беларускіх зямель. Павялічылася колькасць мануфактур, у тым ліку і з прымяненнем наёмнай працы. Станоўчае значэнне на развіццё прамысловасці і гандлю аказала ўключэнне Беларусі ў агульнарасійскі рынак і будаўніцтва шляхоў зносін: трактаў, а таксама каналаў, што злучылі басейны Чорнага і Балтыйскага мораў: Агінскага, Бярэзінскага, Днепра-Бугскага. У цэлым прамысловасць Беларусі першай паловы ХIX стагоддзя насіла ў асноўным дробнатаварны характар. У 1860 г. з агульнай колькасці 4020 прамысловых прадпрыемстваў 3860 уяўлялі сабой дробныя майстэрні з колькасцю рабочых да 16 чалавек, прычым пераважалі яшчэ прыгонныя мануфактуры. Але з 50-х гадоў пачаўся хуткі рост капіталістычных мануфактур, узбуйненне майстэрань і пашырэнне прымянення ў іх наёмнай працы. Менавіта ў 30-я гады ХIX стагоддзя пачалі ўзнікаць першыя фабрыкі і заводы: суконныя прадпрыемствы ў мястэчку Хомск і Косава на Гродзеншчыне, мукамольны завод у Магілёве і інш. Усяго ў Беларусі ў 1860 г. налічвалася 1641 прамысловых прадпрыемствы з пераважна наёмнай працай. Прадукцыя фабрычных прадпрыемстваў ужо пераўзыходзіла мануфактурную, хаця фабрык і рабочых было менш у 3-4 разы. У першай палове ХIX стагоддзя вызначылася і спецыялізацыя прамысловасці Беларусі: у асноўным лёгкая прамысловасць, пераважна тэкстыльная і па перапрацоўцы лесу і сельскагаспадарчай прадукцыі. З развіццём капіталістычных адносін звязаны і рост гарадоў. За паўстагоддзе колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася ў 4 разы: з 80 да 320 тыс. Адпаведна пашыраўся і гандаль.
Культура Беларусі першай паловы ХIX стагоддзя Да пач.ХIX ст. на беларускіх землях, далучаных да Расійскай імперыі, захоўвалася старая сістэма навучання – школы пры розных рэлігійных арганізацыях і навучальныя ўстановы былой Адукацыйнай камісіі. У выніку праведзенай ў Расіі ў 1802 г. рэформы адукацыі Беларусь увайшла ў Віленскую навучальную акругу, цэнтрам якой стаў адкрыты ў 1803 г. на базе Галоўнай Літоўскай школы Віленскі універсітэт. За кароткі час ён стаў буйнейшай у Расіі вышэйшай навучальнай установай. Дзейнічалі 4 факультэты: маральна-палітычных навук, літаратуры і вольных мастацтваў, фізіка-матэматычны і медыцынскі, а таксама медыцынская, ветэрынарная, агранамічная школы, абсерваторыя, батанічны сад, некалькі музеяў, друкарня. Сярэдняе і ніжэйшае звенні адукацыі таксама былі прыведзены ў адпаведнасць з расійскай сістэмай: сямікласныя гімназіі ў губернскіх гарадах, павятовыя чатырохкласныя для дзяцей мяшчан і купцоў і прыходскія вучылішчы для ніжэйшых саслоўяў. Езуіцкія калегіумы захавалі сваю аўтаномію і перайшлі пад кіраўніцтва Полацкай езуіцкай акадэміі, якая была заснавана на базе калегіума і праіснавала з 1812 па 1820 гг. Дзейнічалі таксама шматлікія яўрэйскія рэлігійныя навучальныя установы. Працавалі таксама 20 школ з бясплатным навучаннем (ланкастэрскія). У навучанні ў пачатку ХIX ст. прадаўжала панаваць польская мова. Некаторыя змены ў сістэме навучання адбыліся ў 30-50-я гг. ХIX ст. Пасля паўстання 1830-1831 гг. быў закрыты Віленскі універсітэт, як “расаднік вольнадумства”, замест яго ў Вільні былі створаны медыка-хірургічная і духоўная рымска-каталічная акадэміі. Навучальныя установы Беларусі былі падзелены паміж Кіеўскай і Пецярбургскай навучальнымі акругамі. Школы пачалі пераводзіцца на рускую мову навучання. Але быў зроблены крок да пашырэння пачатковай адукацыі, у гэты час адкрыліся больш за 100 школ для сялянскіх дзяцей. Пачалі дзейнічаць прыватныя навучальныя установы закрытага тыпу-пансіёны. Узмацнілася цікавасць і да прафесійнай адукацыі, пры гімназіях адкрываліся прафесійныя школы або класы. У 1840 г. на базе земляробчай школы быў адкрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які праіснаваў да 60-х г. ХIX ст. У цэлым жа, нягледзячы на пэўныя зрухі, напярэдадні 1861 г. навучаннем была ахоплена невялікая частка насельніцтва Беларусі – 16,5 % тыс. чал., або 0,5 %. У перш. пал. ХIX ст. быў пакладзены пачатак развіццю беларусазнаўства. Першымі крокамі ў гэтым напрамку сталі працы расійскіх вучоных І.Ляпёхіна і В. Севяргіна, якія ў пачатку стагоддзя зрабілі навуковыя экспедыцыі на далучаныя да Расіі землі. Этнаграфічныя і гістарычныя даследванні заходніх губерняў Расіі рабілі прафесары Віленскага ўніверсітэта І. Даніловіч, М. Баброўскі. Да сярэдзіны ХIX ст. актывізавалася краязнаўчая дзейнасць мясцовых даследчыкаў. Менавіта ў гэты час выходзіць рад этнаграфічных прац Я. Чачота, Я. Тышкевіча, П. Шпілеўскага, І. Насовіча і інш. Па ініцыятыве Яўстафія Тышкевіча ў Вільні ў 1855 г. быў заснаваны першы музей старажытнасцей. Беларусазнаўства развівалася ў неспрыяльных умовах паланізацыі і русіфікацыі, але тым не менш унесла значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай самасвядомасці і фарміраванне беларускай нацыі. Найбагацейшы фальклор, які знайшоў сваё адлюстраванне і ў першых працах беларускіх этнографаў, з’явіўся асновай духоўнага нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў, якое пачалося ў першай трэці ХIX ст. Менавіта з ім звязана і адраджэнне літаратурнай беларускай мовы. Прыкрываясь лацініцай ці кірыліцай, беларуская мова загучала ў такіх выдатных народных творах, як “Гутаркі”, і асабліва ў паэмах “Тарас на Парнасе” і “Энеіда навыварат”. У першай палове ХIX ст. пачала адраджацца беларуская літаратура. Ля яе вытокаў стаяць Ян Чачот ( “Вясковыя песні з-над Нёмана і Дзвіны”), Ян Баршчэўскі ( “Шляхціч Завальня або Беларусь ў фантастычных апавяданнях”), В. Дунін-Марцынкевіч ( “Сялянка”, “Вечарніцы”, “Пінская шляхта”). З іменем Дуніна –Марцынкевіча звязана і стварэнне першай нацыянальнай тэатральнай трупы. 9 лютага 1852 г. у час прэм’еры камічнай оперы “Сялянка”(аўтар лібрэтта В. Дунін-Марцынкевіч, кампазітары С. Манюшка, К. Кжыжаноўскі) са сцэны Мінскага тэатра упершыню загучалі беларускія песні, гаворкі, прымаўкі. Значную ролю ў развіцці беларускага выяўленчага мастацтва адыграў Віленскі ўніверсітэт, дзе было аддзяленне жывапісу. Менавіта там атрымалі адукацыю выдатныя беларускія мастакі В. Ваньковіч, І. Хруцкі і іншыя. У цэлым для выяўленчага мастацтва першай паловы ХIX ст. характэрны рысы класіцызму, рамантызму і паступовы пераход да рэалізму. З сюжэтнага пункту погляду характэрны аперажальнае развіццё партрэтнага жанру і пейзажа. Выдатным мастаком быў В. Ваньковіч, які працаваў пераважна ў партрэтным жанры. У стылі рамантызма выкананы вядомы партрэт паэта А. Міцкевіча на гары Аю-Даг. І. Хруцкі на беларускай глебе развіў лепшыя традыцыі рускага партрэтнага жанру. Але ён найбольш вядомы як майстар нацюрморта. Я. Дамель спалучаў у сваёй творчасці элементы класіцызму, рамантызму і рэалізму. Гэта знайшло адлюстраванне ў шэрагу гістарычных палотнаў “Смерць Глінскага ў няволі”, “Вызваленне Касцюшкі з цямніцы”, “Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.” і інш. Заснавальнікам беларускага рэалістычнага пейзажа лічыцца В. Дмахоўскі. Вядомасць яму прынеслі палотны “Радзіма”, “Возера Свіцязь”, “Заход сонца” і інш. У архітэктуры першай паловы ХIX стагоддзя таксама галоўным накірункам стаў класіцызм. У цэлым жа ў гэты перыяд адчуваўся ўплыў еўрапейскай, рускай культур, але ў той жа час усё больш рэльефна вызначаюцца асаблівасці беларускай нацыянальнай культуры.
|