История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
Скачать 1.84 Mb.
|
Фарміраванне беларускай нацыі. 1-я сусветная вайна і БеларусьУ другой палове XIX стагоддзя працягвалася фарміраванне беларускай нацыі, хаця гэты працэс ішоў даволі складана з-за этнічнай рознастайнасці насельніцтва, адрозненняў у рэлігіі. Тым не менш усё больш выразна адчувалася агульнасць эканамічнай прасторы, мовы, культуры, нягледзячы на апалячванне, а затым на русіфікацыю, расла самасвядомасць беларусаў. Так, ужо згодна з перапісам 1897 года 74% насельніцтва беларускіх губерняў лічылі сваёй роднай мовай беларускую. Вялікую ролю у складванні беларускай нацыі адыграла развіццё ў другой палове XIX стагоддзя і пачатку XX ст. пісьмовай літаратурнай мовы. Спачатку шырока прымянялася “лацініца” – запіс беларускіх слоў лацінскімі літарамі, а затым і “кірыліца” – славянскі алфавіт. У 1870 годзе І.І. Насовіч выдаў “Слоўнік беларускай мовы”, а ў 1885 г. Я. Карскі – “Агляд гукаў і форм беларускай мовы”. Узнікаюць беларуская опера і тэатр. У 1884 годзе пачала выходзіць першая недзяржаўная беларуская газета ліберальнай накіраванасці – “Минский листок”. Пад уплывам рэвалюцыі улады былі вымушаны дазволіць выкарыстанне ў друку беларускай мовы, хаця афіцыйнай лічылася руская. У верасні 1906 года пачала выходзіць беларускамоўная газета “Наша доля”, а пасля яе закрыцця – “Наша ніва”. На беларускай мове выдаваліся і часопісы: дзіцячы “Лучынка”, сельскагаспадарчы “Саха”, сатырычны “Крапіва”. Выйшлі таксама і першыя беларускамоўныя падручнікі для школ, аўтарамі якіх былі Э. Пашкевіч (Цётка) і Янка Купала. Складванне беларускай нацыі, галечнае становішча беларускіх працоўных, узмацненне іх рэвалюцыйнай актыўнасці садзейнічалі актывізацыі нацыянальна-вызваленчага руху. У 1902 годзе студэнты – беларусы ў Пецярбургу заснавалі першую беларускую партыю, атрымаўшую назву “Беларуская рэвалюцыйная грамада” (БРГ). Яна ставіла мэтай дасягненне раўнапраўя беларусаў, свабоднага карыстання беларускай мовай, развіццё беларускай літаратуры, культуры. У яе ўліліся гурткі самаадукацыі, якія існавалі ў Вільні, Мінску, Гродно, Слуцку. Пасля разгрома арганізацыі ўцалелыя члены БРГ, перш за ўсё браты Іван і Антон Луцкевічы, заснавалі “Беларускую сацыялістычную грамаду” (БСГ). Грамадоўцы пайшлі далей патрабаванняў культурна-нацыянальнай аўтаноміі і выступілі з праграмай, дзе прадугледжвалася звяржэнне самадзяржаўя, дасягненне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, стварэнне мясцовага парламента – сойма ў Вільне. У гады рэвалюцыі БСГ таксама выступіла разам з іншымі рэвалюцыйнымі сіламі, пасля яе паражэння Беларуская сацыялістычная грамада перайшла на памяркоўныя, ліберальныя пазіцыі, пачала барацьбу за рэформы ў рамках манархіі. Пад уплывам БСГ знаходзіліся газета “Наша ніва”, многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. У маі 1907 года ў Вільні прайшоў з’езд выкладчыкаў школ, які пад уплывам БСГ выступіў за навучанне дзяцей на беларускай мове і па беларускім падручнікам. Некаторыя дэлегаты з’езда былі арыштаваны паліцыяй. Фарміраванне беларускай нацыі. Адраджэнне беларускай мовы і літаратуры Супольнасці людзей, якія характарызуюцца ўстойлівымі эканамічнымі і тэрытарыяльнымі сувязямі, агульнасцю матэрыяльнай і духоўнай культуры, літаратурнай мовы, побыту, традыцый, самасвядомасцю, атрымалі назву нацый. У Еўропе нацыі пачалі ўзнікаць у перыяд пераходу ад феадалізма да капіталізму. Гэтаму садзейнічалі сацыяльныя, палітычныя, дэмаграфічныя фактары, уздым нацыянальных рухаў. У Беларусі працэс кансалідацыі нацыі пачаўся некалькі пазней, у 19-м стагоддзі. Замаруджванне працэсу ўтварэння беларускай нацыі растлумачваецца некалькімі прычынамі. Па-першае, адмоўную ролю сыгралі палітыка паланізацыі ў перыяд уваходжання Беларусі ў склад РП і русіфікацыі ў пазнейшы час. Умацаванню нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва перашкаджала, сярод іншага, і тое, што доўгі час беларускія землі называлі Літвой, а жыхароў – ліцвінамі, у 19-м стагоддзі на змену гэтай назве прыйшоў тэрмін “Паўночна-заходні край”, а жыхароў адпаведна пачалі дзяліць на рускіх і палякаў. Па-другое, замаруджвала кансалідацыю беларускай нацыі і тое, што беларусы складвалі ў асноўным вясковае насельніцтва, а гарады, дзе галоўным чынам канцэнтравалася інтэлектуальнае, культурнае, палітычнае жыццё, друк, былі іншаэтнічнымі. Тут пераважалі яўрэі, рускія, палякі, беларусы ж складалі ў канцы ХIX стагоддзя толькі 13,2%. Беларуская інтэлігенцыя адрознівалася слабасцю, яна была або апалячаная, або русіфіцыравана. Носьбітам беларускай ідэі стала галоўным чынам беларуская шляхта, палова якой згодна з перапісам 1897 г. лічыла сваёй роднай мовай беларускую. Захавальнікамі ж беларускай ідэі на этнічным узроўні было сялянства, якое складала 90% насельніцтва. Менавіта з гэтага стасунку згодна перапісу 1897 г. 73% насельніцтва пяці заходніх губерняў Расійскай імперыі назвалі сябе беларусамі. Тым не менш, нягледзячы на неспрыяльныя фактары, у ХIX стагоддзі ўсё выразней пачалі праяўляцца прыкметы беларускай нацыі. У гэты час, асабліва пасля адмены прыгоннага права, больш інтэнсіўна пачала развівацца таварна-рыначная гаспадарка, сяляне, памешчыкі, рамеснікі сталі больш вырабляць прадукцыі на продажу, адпаведна актывізаваліся гандлёвыя сувязі. Умацаванню эканамічных сувязей паміж рознымі рэгіёнамі Беларусі спрыяла будаўніцтва чыгунак і іншых шляхоў зносін, рост кольксці гарадоў і мястэчак, якія станавіліся цэнтрамі лакальных мясцовых рынкаў. У ХIX стагоддзі паступова стабілізіравалася этнічная тэрыторыя беларусаў, якая вызначалася агульнасцю побыта, мовы, самасвядомасці яе жыхароў. Менавіта ў канцы ХIX-пачатку ХХ стст. вучоныя-этнографы Я. Карскі і іншыя ўжо змаглі распрацаваць этнічныя карты беларусаў. Згодна з імі этнічная тэрыторыя Беларусі не агранічвалася сучаснымі дзяржаўнымі межамі, а ахоплівала таксама і частку Беласточчыны. Віленшчыны, Смаленшчыны. У гэты час пачала адраджацца беларуская літаратурная мова. Як вядома, ў 17-м стагоддзі адзінай дзяржаўнай мовай ў Рэчы Паспалітай засталася польская. Беларускія гаворкі працягвалі існаваць толькі ў вуснай і дыялектнай форме і іх ўжывала пераважна сялянства і ніжэйшыя слаі гарадскога і мястэчкавага насельніцтва. Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі ліквідавала эканамічную замкнёнасць беларускіх зямель. Пашырэнне гаспадарчых і культурных сувязяў садзейнічала нівеліроўцы шматлікіх дыялектаў, канцэнтрацыі мясцовых гаворак у адзіную нацыянальную мову. Яна складвалася ў асноўным на аснове вуснай народнай творчасці і мясцовых дыялектаў, хаця пэўны ўплыў аказала таксама і русіфікатарская палітыка ўлад. Беларуская мова развівалася галоўным чынам як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. Фарміраванне яе адбывалася павольна, у неспрыяльных умовах забароны ўрадам друкавання літаратуры на беларускай мове. Гэты працэс актывізаваўся ў пачатку ХХ стагоддзя, калі, з аднаго боку, была знята забарона на друкаваныя беларускія творы, з’явіліся беларускія выдавецтвы і друкаваныя беларускамоўныя перыядычныя выданні, з другога боку, назіраліся ўздым беларускага нацыянальна- вызваленчага руху і актывізацыя культурна-асветніцкай работы. Беларуская мова ў гэты час узбагацілася, пачалі складвацца асноўныя правапісныя і граматычныя нормы. Яна фарміравалася галоўным чынам на аснове сярэднебеларускіх гаворак. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы нацыянальнага і сацыяльнага гнёту беларускага народа, у літаратуры другой паловы ХIX – пачатку ХХ стст. таксама знайшоў адлюстраванне працэс нацыянальнага адраджэння. Мастацкія творы гэтай пары звернуты да простага чалавека, беларуса, напісаны на яго роднай мове. Яны носяць востры сацыяльны адбітак, садзейнічалі росту нацыянальнай самасвядомасці. Яркімі прыкладамі вострасацыяльнай публіцыстыкі, напісанай на высокім мастацкім узроўні і ў той жа час на мове, даступнай простым людзям, з’яляюцца 7 нумароў газеты “Мужыцкая праўда”,а таксама “Лісты з-пад шыбеніцы”, напісаныя К. Каліноўскім. Крытычны пафас уласцівы і творам В.Дуніна-Марцынкевіча “Пінская шляхта”, “Залёты”, напісаным у 50-60-е гады ХIX ст. Ужо сам факт карыстання беларускай мовай у разгул русіфікатарскай прапаганды з’яўляецца грамадзянскім подзвігам. Пасля падаўлення паўстання 1863 г. і наступлення рэакцыі развіццё нацыянальнай літаратуры запаволілася, але не спынілася. У паэзіі Ф. Багушэвіча, сканцэнтраванай у зборніках “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”, упершыню ў беларускай літаратуры з поўнай сілай загучала тэма патрыятызму і нацыянальнай годнасці. У цэнтры ўвагі твораў Ф. Багушэвіча было нялёгкае жыццё беларускага селяніна. Спачуваннем і сімпатыямі да простага чалавека, нацыянальным пафасам прасякнуты амаль усе творы паслядоўнікаў Ф. Багушэвіча – А. Гурыновіча і Я. Лучыны. Зборнік вершаў Я. Лучыны “Вязанка”, выдадзены ў 1903 г., з’яўляецца адлюстраваннем лірызму беларускай паэзіі таго часу. У ім адчуваецца вера ў лепшую будучыню Бацькаўшчыны. Новым этапам у развіцці беларускай літаратуры стаў пачатак ХХ стагоддзя. Менавіта ў гэты час у 1905 г. была знята забарона на друкаваныя творы на беларускай мове, пачынаюць працаваць беларускія выдавецтвы “Загляне сонца і ў наша ваконца”, “Наша хата”, выдаюцца беларускія журналы “Саха”, “Лучынка”, пачынае выходзіць газета “Наша ніва”. Менавіта ў гэты час бліскуча праявіўся талент такіх маладых паэтаў і празаікаў, як Я. Купала, Я. Колас, Цётка (А. Пашкевіч), М. Багдановіч, А. Гарун, К. Буйло, Я. Журба. У умовах развіцця рэвалюцыйнага і нацыянальна-дэмакратычнага руху галоўнымі тэмамі ў творчасці гэтых пісьменнікаў сталі нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне, адраджэнне Бацькаўшчыны, сцвярджэнне чалавечай годнасці беларускага мужыка. Зборнікі рэвалюцыйных вершаў Цёткі “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду” сталі першымі арыгінальнымі творамі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. Заснавальнікамі новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы былі Я.Купала і Я. Колас. Зборнікі іх твораў “Шляхам жыцця”, “Песні жальбы” звернуты да простага чалавека, селяніна. У іх адчуваецца імкненне абудзіць свядомасць беларускага народа. Глыбокім філасофскім роздумам, тонкай лірыкай прасякнуты вершы М. Багдановіча, якія ўвайшлі ў зборнік “Вянок”. У цэлым у гэты час бедаруская культура, і ў прыватнасці, літаратура дасягнула значных поспехаў. Яна выходзіць за этнаграфічныя межы і становіцца поруч з культурай іншых народаў. Адукацыя, навука, друк у другой палове ХIX-пачатку ХХ стст. Патрэбы капіталістычнага развіцця, тэхналагічны пераварот і ўдасканаленне прамысловай і сельскагаспадарчай таварнай вытворчасці патрабавалі пашырэння адукацыі сярод насельніцтва. Але, з другога боку, на развіццё сеткі навучальных устаноў у Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі, значны ўплыў аказала рэпрэсіўная палітыка улад, асабліва пасля паўстання 1863-1864 гг. У гэты час былі закрыты адзіная ў Беларусі вышэйшая навучальная установа – Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, Навагрудская гімназія, Маладзечанская, Свіслацкая прагімназіі, польскія школы і амаль усе прыватныя навучальныя установы. Асноўнай формай навучання такім чынам сталі пачатковыя школы, якія згодна з “Часовымі правіламі...” 1864 г. былі пастаўлены пад кантроль улад і праваслаўнага духавенства, а выкладанне пераведзена на рускую мову. У 1868 г. у Беларусі налічвалася 1391 навучальная установа, з іх 1249 – пачатковвых школ. У гэты час для кантролю за іх дзейнасцю былі ўведзены пасады інспектараў народных вучылішч і дырэктараў народных вучылішч. Пачатковая школа прыходзілася на некалькі дзесяткаў вёсак, матэрыяльная база была вельмі слабай. З пераводам школ на рускую мову навучання абвастрылася праблема настаўніцкіх кадраў, таму ў 1864-1876 гг. у Маладзечна, Несвіжы, Полацку і Свіслачы былі адкрыты настаўніцкія семінарыі. У гады контррэформаў у 1884 г. выйшло палажэнне, згодна з якім народныя Вучылішчы пераўтвараліся ў царкоўна-прыходскія школы з адпаведнай зменай у навучальных праграмах, падпарадкоўваліся Сіноду і мясцоваму духавенству. Але іх колькасць значна павялічылася - да 5814 у 1889 г. У павятовых і губернскіх гарадах дзейнічалі няпоўныя сярэднія і сярэднія навучальныя установы – прагімназіі і гімназіі, але доступ для дзяцей простага народы быў практычна закрыты з-за высокай платы за навучанне і згодна з так званым цыркулярам “аб кухарчыных дзецях”, які быў выдадзены ў 1887 г. Усяго ж у канцы ХIX стагоддзя ў Беларусі налічваліся 6813 навучальных устаноў розных тыпаў, у якіх навучаліся 216 тысяч дзяцей. У пачатку ХХ стагоддзя ў сістэме школьнай адукацыі Беларусі адбыліся пэўныя змены. Агульная колькасць навучальных устаноў да 1914 г. павялічылася да 7682, з іх пачатковых школ – 7492. Такім чынам, пачатковая сістэма адукацыі заставалася пануючай, але ў той жа час значна паменшылася колькасць царкоўна-прыходскіх школ і адпаведна павялічылася колькасць школ, якія знаходзіліся ў веданні Міністэрства народнай асветы і мясцовых земстваў.Гэта азначала значны шаг уперад, але ў цэлым узровень адукацыі заставаўся нізкім, навучанню падлягалі толькі 20-25% хлопчыкаў і дзяўчынак. Новым у сістэме навучання ў канцы ХIX-пачатку ХХ стст. Стала пашырэнне сеткі прафесійных навучальных устаноў: прамысловых, камерцыйных вучылішчаў, сельскагаспадарчых, ветэрынарна-фельчарскіх школ, настаўніцкіх семінарый. Навука другой паловы ХIX-пачатку ХХ стст. была прадстаўлена галоўным чынам этнаграфічнымі даследаваннямі Беларусі. Значную ролю ў гэтым, за адсутнасцю ВНУ, сыгралі навуковыя таварыствы: Паўночна-Заходняе аддзяленне Рускага геаграфічнага таварыства ў Вільні, таварыства па вывучэнню Беларускага краю ў Магілёве, таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі ў Мінску. Вялікі ўклад ў вывучэнне свайго края ўняслі члены гэтых таварыстваў, мясцовыя краеведы, якія затым сталі буйнымі вучонымі-этнографамі, І. Насовіч, Е. Раманаў, М. Нікіфароўскі, П. Шэйн, Я. Карскі і іншыя. І. Насовіч падрыхтаваў і апублікаваў “Словарь белорусского наречия”, некалькі зборнікаў беларускіх прымавак і загадак. Больш за 200 работ, прысвечаных розным бакам жыцця народа, напісаў Е. Раманаў. М. Нікіфароўскі вядомы перш за ўсё сваімі працамі, прысвечанымі Віцебскай губерні. Я. Карскі апублікаваў фундаментальнае даследаванне – трохтомнік (7 кніг) “Беларусы”. Даследаванні ў галіне іншых навук праводзілі таксама створаныя ў другой палове ХIX ст. навуковыя таварыствы ўрачоў, губернскія таварыствы сельскай гаспадаркі. Яны займаліся таксама выдавецкай, асветніцкай дзейнасцю, Спрыялі папулярызацыі навуковых дасягненняў сярод шырокіх колаў насельніцтва. Афіцыйны друк быў прадстаўлены Ў другой палове ХIX стагоддзя “Губернскими ведомостями”, якія выдаваліся ва ўсіх губернскіх гарадах. У апошняй чвэрці ХIX стагоддзя сталі выдавацца “Минский листок”, “Виленский листок”– літаратурна палітычная газеты, у якіх друкавалі свае артыкулы многія беларускія краязнаўцы. У пачатку ХХ стагоддзя перыядычны друк стаў больш разнабаковым. У 1906 г. у Беларусі ўжо выдавалася звыш 60 газет і часопісаў, у асноўным рускамоўных. Але пасля зняцця забароны кнігадрукавання на беларускай мове ў беларускім выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца” было выдадзена 77 найменаванняў беларускіх кніг. У гэты час пачала выходзіць першая беларуская грамадска-палітычная газета “Наша доля”, якая затым была перайменавана ў “Нашу ніву”. Яна аставіла глыбокі след у гісторыі нацыянальнага і культурнага адраджэння беларускага народа. Але гэтае ажыўленне беларускай перыёдыкі было спынена з пачаткам сусветнай вайны. Архітэктура, выяўленчае мастацтва, тэатр і музыка Беларусі ў др. пал. ХIX – пач. ХХ стст. У другой палове ХIX стагоддзя назіраецца распад стылявога адзінства і на змену класіцызму прыходзіць стыль эклектыкі. Ён вызначаўся спалучэннем рознастылявых форм. Пры гэтым касцёлы будаваліся з перавагай элементаў неаготыкі або неараманскага стылю (касцёл св. Сімяёна і Елены ў Мінску), праваслаўныя храмы ў неарускім стылю (цэрквы ў Барысаве і іншых гарадах), для тэатраў было характэрным барока (цяперашні тэатр імя Я. Купалы ў Мінску), банкі, установы, чыгуначныя вакзалы мелі элементы рэнесанса. У гэты час шырокае распаўсюджванне атрымалі палацава-паркавыя ансамлі, дзе таксама спалучаліся розныя стылі. Упор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, манументальнасць пабудоў. У канцы ХIX-пачатку ХХ стст. у збудаваннях вытворчага прызначэння і ў жылых дамах пачалі праяўляцца рысы новага архітэктурнага стылю – мадэрна. Яго адрозненнем было выкарыстанне сучасных канструкцый і метала, шкла, іншых разнастайных матэрыялаў, асіметрычнасць кампазіцыі. Аднак мадэрн шырокага распаўсюджвання не атрымаў. Беларускі жывапіс другой паловы ХIX стагоддзя развіваўся ў рэчышчы дэмакратычнага рэалізму, блізкім да крытычнага рэалізму рускіх мастакоў-перасоўнікаў. Мастак К. Альхімовіч унёс нямалы ўклад у дальнейшае развіццё гістарычнага жанру. Вядомы яго карціны “Пахаванне Гедыміна”, “Смерць Міхаіла Глінскага ў турме” і іншыя. У гэтым жанры працаваў і другі мастак – Ф. Дмахоўскі. Выдатным прадстаўніком пейзажнага жанру быў А. Гараўскі. Найбольш значныя карціны “Бераг ракі Свіслач”, “На бацькаўшчыне”, “Вечар у Мінскай губерні” і інш. былі ім створаны менавіта ў Беларусі. Вядучым жа жанрам у беларускім выяўленчым мастацтве стаў бытавы, перш за ўсё партрэтны жывапіс. Вострасацыяльную афарбоўку набыла карціна “Пастух” Н. Сілівановіча і іншыя яго работы.Гэтая тэма атрымала дальнейшае развіццё ў працах мастакоў пачатку ХХ стагоддзя Ю. Пэна (серыя партрэтаў рамеснікаў), Ф. Рушчыца “Зямля”, “У касцёла”. Але ў гэты час ў жывапісу таксама пачалі праяўляцца новыя рысы мадэрна. Гэта было характэрным для творчасці М. Шагала, В. Бялыніцкага-Бірулі. Рэпрэсіі пасля паўстання 1863-1864 гг. адмоўна адбіліся на развіцці нацыянальнага тэатральнага мастацтва. У гэты час у асноўным развіваўся аматарскі тэатр, які меў выразна дэмакратычны напрамак, а ў гарадах гастралявалі акцёры рускіх і іншых тэатраў. У 1890 г. у Мінску было створана Таварыства аматараў мастацтва і адначасова быў адкрыты пастаянны тэатр. У пачатку ХХ стагоддзя прадаўжалі дзейнічаць шматлікія музычна-драматычныя гурткі і арганізацыі так званых беларускіх вечарынак. На іх аснове і ўзнікла першая прафесійная беларуская трупа – тэатр Ігната Буйніцкага.. І. Буйніцкі і яго акцёры актыўна гастралявалі, ў тым ліку і ў Пецярбургу, Варшаве. Дзейнасць Першай беларускай трупы, аматарскіх драматычных гурткоў адыгралі пэўную ролю ў паглыбленні свядомасці беларусаў, развіцці нацыянальнай культуры. Другая палова ХIX стагоддзя стала важным этапам развіцця беларускай музыкі. Гэтаму саддзейнічала актывізацыя этнаграфічнай працы, у выніку якой у канцы ХIX стагоддзя выйшлі з друку песенные фальклорныя зборнікі “Песни белорусские”, аўтар А. Чэрня, і “Белорусские песни Минской губернии” (аўтар М. Янчук), “Беларускія песні з нотамі” А. Грыневіча, “Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хораў” Л. Рагоўскага. Музычны фальклор беларускага народа выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці вядомыя рускія кампазітары М. Рымскі-Корсакаў, М. Мусаргскі, А. Глазуноў і іншыя. Прыкметную ролю ў развіцці музычнага мастацтва адыгралі літаратурна-музычныя гурткі і таварыствы аматараў прыгожых мастацтваў, якія пачалі стварацца ў канцы ХIX –пачатку ХХ стст. У пачатку ХХ стагоддзя пачалі дзейнічаць і першыя музычныя навучальныя установы. Такім чынам, у пачатку ХХ тагоддзя быў закладзены фундамент прафесійнага музычнага мастацтва Беларусі.
Развіццё малочна-мясной жывёлагадоўлі паўплывала на структуру пасяўных плошчаў. У 7,7 разоў пашырыліся пасевы кармавых траў, галоўным чынам, у памешчыцкіх гаспадарках. У пачатку ХХ ст. заходні рэгіён стаў трэцім пасля Польшчы і Прыбалтыкі па ўдзельнай вазе кармавых траў у агульнай пасяўной плошчы. Акрамя мяса-малочнай накіраванасці, у Беларусі вызначылася спецыялізацыя рэгіёнаў па вырошчванню тэхнічных культур, у першую чаргу бульбы. Па яе вытворчасці заходнія рэгіёны разам з Прыбалтыкай займалі першае месца ў Еўрапейскай Расіі. Рост гандлёвага бульбаводства быў звязаны не толькі з вытворчасцю кармоў для жывёлы, але галоўным чынам з развіццём вінакураннай вытворчасці ў памешчыцкіх маёнтках. У канцы ХIX стагоддзя сярэдняя штогадовая вытворчасць 40-градуснага разбаўленага спірту ў пяці заходніх губернях складала больш за 8 млн. вёдзер. Значная колькасць бульбы накіроўвалася на прадажу ў іншыя рэгіёны. У паўночнай Беларусі асноўным накірункам стала льноводства. Гэтая працаёмкая культура патрабавала вялікай колькасці наёмнай рабочай сілы. Рост вінакурэння, развіццё масларобчых, сыраварных, алейных, суконных і іншых сельскагаспадарчых падсобных прадпрыемствў адыгрывалі важную ролю ва ўсталяванні капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы. Гэтыя напрамкі спецыялізацыі захаваліся і ў пачатку ХХ стагоддзя. Як і раней, павялічваліся пасевы тэхнічных і кармавых культур, у першую чаргу бульбы, у паўночных рэгіёнах – льну і канапель. Важнай галіной сельскагаспадарчай вытворчасці заставалася жывёлагадоўля. Значна палепшылася тэхнічная аснашчанасць сельскагаспадарчай вытворчасці, пашыраліся рыначныя сувязі. Разам з тым у другой палове ХIX стагоддзя і пачатку ХХ стагоддзя развіццё капіталістычных адносін у беларускай вёсцы спалучалася з рэшткамі феадалізму. Найбуйнейшым перажыткам прыгонніцтва заставалася панская зямельная ўласнасць У канцы ХIX стагоддзя памешчыкам належала 50,5% дзесяцін прыдатнай зямлі, сяляне валодалі 33,4% надзельнай зямлі, астатняя была ва ўласнасці дзяржавы, манастыроў, царквы. Пры гэтым для Беларусі было характэрным менавіта буйнае памешчыцкае землеўладанне. Адпаведна захоўвалася малазямелле асноўнай часткі сялян, адпрацовачныя павіннасці за карыстанне сялянамі панскай зямлёй. Перажыткамі феадалізму ў парэформенных пазямельных адносінах ў Беларусі з’яўлялася церазпалосіца, якая спалучалася з дробнапалоскасцю сялянскіх угоддзяў, далёказямеллем, а таксама паўфеадальныя падаткі, натуральныя павіннасці, абмежаванне грамадзянскіх правоў сялянства. Усё гэта было характэрным і для пачатку ХХ стагоддзя. Памешчыцкая сістэма гаспадарання паказала сваю няздольнасць адаптавацца да новых капіталістычных адносін. У выніку да 1914 г. у банках было закладзена дзве трэціх памешчыцкіх зямель. Прамысловасць Беларусі ў 60-70-я гады развівалася марудна, пазней рост значна паскорыўся. Гэта было перш за ўсё звязана з агульным прамысловым уздымам у свеце. Развіваліся тры асноўныя формы арганізацыі вытворчасці: дробнатаварная, мануфактурная і фабрычна завадская.Колькасць рамесных майстэрань за 40 гадоў павялічылася ў 8 разоў і дасягнула у 1900 г. 84 тысячы з 144 тысячамі рабочых. Колькасць мануфактур таксама за гэты час павялічылася ў пяць разоў. Але вызначальнай рысай прамысловасці стала бурнае развіццё фабрык і заводаў, асабліва ў канцы ХIX стагоддзя. Гэты перыяд можна лічыць пачаткам індустрыялізацыі. На працягу 80-90-х гадоў ХIX стагоддзя ў Беларусі было пабудавана ў чатыры разы больш прадпрыемстваў, чым у двух папярэдніх дзесяцігоддзях. Да ліку найбольш буйных і найбольш тэхнічна дасканалых прадпрыемстваў належалі Добрушская папяровая фабрыка, суконныя фабрыкі ў Альбярціне (Гродзенская губерня) і Парэччы (Мінская губерня). Фабрыкі і заводы давалі амаль палову ўсёй прамысловай прадукцыі. Разам з тым, нягледзячы на будаўніцтва фабрык і заводаў, па колькасці пераважалі дробныя прадпрыемствы. Пры гэтым трэба адзначыць як асаблівасць Беларусі тое, што большасць прадпрыемстваў, у тым ліку фабрык і заводаў, знаходзіліся не ў гарадах, а ў сельскай мясцовасці. Гэта было абумоўлена структурай прамысловай вытворчасці: пераважалі прадпрыемствы па перапрацоўцы лесу і сельскагаспадарчай сыравіны, а таксама таннай рабочай сілай у вёсках. Другараднае значэнне мелі іншыя прамысловыя галіны: тэкстыльная, гарбарная, шкляная і іншыя. К пачатку ХХ ст. ў Беларусі быў завершаны прамыслова- тэхнічны пераварот, у асноўных галінах прамысловасці і транспарту канчаткова зацвердзілася перавага фабрычна-заводскай вытворчасці. Пры захаванні ў асноўным той галіновай структуры вытворчасці, якая склалася ў ХIX стагоддзі, у ХХ стагоддзі назіраліся пэўныя змены. У выніку крызіса 1900-1903 гг. узмацнілася канцэнтрацыя вытворчасці, узрасла ўдзельная вага буйных прадпрыемстваў, павялічылася колькасць рабочых на іх. Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла ўтварэнне акцыянерных кампаній. У канцы ХIX стагоддзя ў Беларусі дзейнічалі 10 акцыянерных таварыстваў. У пачатку ХХ ст. іх колькасць павялічылася да 34, прычым частка з іх была з удзелам нвестыцый замежнага капітала. Сведчаннем канцэнтрацыі і манапалізацыі вытворчасці стала з’яўленне сіндыкатаў і манапалістычных аб’яднанняў: сіндыкат кафельных заводчыкаў у Копысі, сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўночна-заходняга краю ў Оршы, камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю ў Мінску. З канца ХIX стагоддзя ў эканамічным жыцці Беларусі значную ролю пачалі адыгрываць банкі: Мінскі камерцыйны банк і філіялы акцыянерных банкаў небеларускага паходжання. Развіццё капіталістычных адносін на вёсцы, індустрыялізацыя не прывялі да паляпшэння жыцця асноўнай масы насельніцтва. У сельскай мясцовасці ўзмацнілася сацыяльная дыферэнцыяцыя грамадства. У пачатку ХХ стагоддзя больш заможны слой сялянства складаў каля 8%. У той жа час з 1877 па 1905 гг. Колькасць малазямельных гаспадарак (з надзелам да 15 дзесяцін) узрасла ў 2 разы і склала 84,5 % усіх гаспадарак. Беззямельныя і малазямельныя сяляне з’яўляліся базай для фарміравання сельскага і гарадскога пралетарыята – наёмнай рабочай сілы. У канцы ХIX стагоддзя на памешчыкаў і сельскую буржуазію працавалі 182 тыс. парабкаў і ў гэтых адносінах Беларусь займала адно з першых месц у Расійскай імперыі. Колькасць прамысловых рабочых, з улікам рамеснікаў і чыгуначнікаў, у пачатку ХХ стагоддзя дасягнула 350 тыс. Узровень жыцця іх быў таксама нізкім. Пры фактычна ненарміраваным рабочым дні заробкі беларускіх рабочых былі на 20% ніжэйшымі, чым у Расіі, дзве трэціх яго ішло на харчаванне і наём кватэры. Нізкі ўзровень жыцця сялян і рабочых прывялі да новай з’явы канца ХIX- пачатку ХХ стст. – масавага эміграцыйнага руху. Даследчыкі лічаць, што ў гэты час па эканамічных прычынах за мяжу выехала ад 200 да 500 тыс. беларусаў. Такім чынам, эканамічнае развіццё Беларусі сведчыць аб развіцці капіталізму і яго вышэйшай стадыі – імперыялізму, але ён не паспеў набыць класічныя формы і ў 1913 г. Беларусь працягвала заставацца аграрным прыдаткам Расійскай імперыі. Наступным значным крокам у развіцці капіталізма ў сельскай гаспадарцы была аграрная рэформа, якая была праведзена ў 1906 – 14 гг. прэм’ер-міністрам царскага ўрада П.А. Сталыпіным і яго прыхільнікамі. Яна ставіла мэтай, па-першае, ліквідацыю абшчыннага сялянскага землеўладання. Спачатку ўказам цара ад 9 лістапада 1906 г. быў вызначаны добраахвотны выхад сялян з зямлёй з абшчыны, а затым з чэрвеня 1910 года ён стаў абавязковым. Сяляне маглі пасля выхаду з абшчыны звесці належаўшую ім зямлю ў адзін масіў, перанесці туды гаспадарчыя і жылыя пабудовы і заснаваць такім чынам хутары. Можна было таксама былую абшчынную зямлю, якая перайшла ў поўную прыватную ўласнасць, атрымаць у адным месцы, на вотрубе, без пераносу пабудоў. Другімі напрамкамі сталыпінскай аграрнай рэформы былі перасяленне малазямельных і беззямельных сялян на землі ў Сібіры, Далёкім Усходе, Паўночным Каўказе і Сярэдняй Азіі, а таксама меры дапамогі сялянам у набыцці палепшаных парод жывёлы, сельскагаспадарчых машын, распаўсюджванні агранамічных ведаў і г. д. За час правядзення рэформы ў Магілёўскай губерні з абшчын выйшлі больш паловы сялянскіх гаспадарак, у Віцебскай – трэцяя частка. У Гродзенскай, Мінскай, Віленскай губернях на пачатак рэформы абшчын увогуле не існавала. Але рассяленне на хутары ішло марудна. Было створана каля 128 тысяч хутароў і вотрубаў, што складала толькі 12% ад колькасці сялянскіх двароў. Сяляне-беднякі, не маючы сродкаў на перасяленне і вядзенне хутарскіх гаспадарак, пачалі прадаваць сваю зямлю заможным сялянам. З 1907 па 1914 гг. у 5 беларускіх губернях 40800 сялян прадалі 187800 дзесяцін зямлі, атрыманай ва ўласнаць. У выніку колькасць так званых кулакоў павялічылася з 8% да 12%. Узмацніўся перасяленчаскі рух, з 1907 па 1914 гг. на новыя землі выехалі больш за 335 тысяч гаспадарак, пераважна бядняцкіх. Прыкладна 10% з выехаўшых не змаглі прыстасавацца на новым месцы жыхарства і вярнуліся дадому, але ўжо страціўшы зямлю. Павялічылася і “адходніцтва”, на заробкі накіраваліся каля 450 тысяч чалавек супраць 300 тысяч у канцы XIX ст. Рэформа садзейнічала распаду сельскай абшчыны, развіццю капіталістычных адносін ў сельскай мясцовасці, павялічыла праслойку заможных гаспадарак і адначасова сельскага пралетарыята. Але яна не змагла карэнным чынам змяніць паўфеадальны характар беларускай вёскі, як і сельскай гаспадаркі Расіі ў цэлым, ліквідаваць буйнае памешчыцкае землеўладанне. Больш хуткімі тэмпамі капіталізм развіваўся ў прамысловасці, чаму садзейнічала павелічэнне колькасці таннай рабочай сілы. Пасля 1861 года прамысловасць Беларусі пачала ўваходзіць у трэцюю стадыю развіцця – фабрычна-заводскую вытворчасць, хаця адначасова развіваліся рамесніцкія і мануфактурныя прадпрыемствы, характэрныя для папярэдніх стадый. Рамесніцкія майстэрні пераважалі ў харчовай, тэкстыльнай вытворчасці. Іх колькасць у Беларусі павялічылася з 10 тысяч у пачатку 60-х гадоў XIX стагоддзя, на якіх працавалі 35 тысяч рабочых, да 84 тысяч майстэрань з 144 тысячамі працуючх у іх на пачатку XX стагоддзя. Яны давалі ў гэты час каля паловы прамысловай прадукцыі. Колькасць мануфактурных прадпрыемстваў павялічылася з 127 у пачатку 60-х гадоў да 760 у канцы XIX стагоддзя, а колькасць працуючых у іх – больш чым у 8 разоў. Мануфактуры ствараліся галоўным чынам на базе сялянскіх промыслаў і гарадскіх рамёсел і пераважалі ў лёгкай прамысловасці. Прамысловы пераварот у Беларусі, ўлічваючы аграрны характар яе эканомікі, адсутнасць карысных выкапняў, завяршыўся толькі ў канцы 90-х гадоў, на 10 гадоў пазней, чым у Расіі. Асноўную частку заводаў і фабрык складалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы, да 1900 года іх колькасць дасягнула 800 з лікам рабочых 31 тысяча чалавек і давалі яны 47,8% усёй прамысловай прадукцыі ў рэгіёне. Прадпрыемствы з лікам рабочых больш за 500 чалавек складалі ў Беларусі толькі 1% (у цэлым па Расіі – 3,5%). Капіталаў для пабудовы буйных прадпрыемстваў у асобных прдпрыймальнікаў не хапала, таму яны пачалі аб’ядноўвацца ў акцыянерныя таварыствы. У Беларусі ў 1900 годзе дзейнічала 10 акцыянерных кампаній, у 1913 годзе – 34. Развівалася банкаўская сістэма, акрамя філіялаў расійскіх, найбольш уплывовымі ўстановамі гэтага тыпа ў рэгіёне былі Мінскі, Віленскі, Беластоцкі камерцыйныя банкі. Сярэднегадавыя тэмпы развіцця прамысловасці былі даволі значнымі – 8,2%, удзельная вага беларускай прамысловасці ў прамысловасці ўсёй Расіі складала 5%, колькасць рабочых – 10%. Склаліся два асноўных класы капіталістычнага грамадства – буржуазія і пралетарыят. Буржуазія фарміравалася з дваран, заможных мяшчан-гандляроў, купцоў, багатых рамеснікаў і ў асобных выпадках – сялян (яны валодалі 16 мануфактурамі і фабрыкамі). Пралетарыят фарміраваўся са збяднелых сялян, рабочых. Згодна з перапісам 1897 года ў пяці заходніх губернях да дробнай буржуазіі адносіліся 103 тысячы чалавек, да сярэдняй – 47 тысяч, буйнай – 33 тысячы. Буржуазія ў асноўным была не беларускай нацыянальнасці: яўрэі складалі 60%, беларусы 17%, рускія 10%, палякі 10%. Такім чынам, менавіта беларуская буржуазія была слабай, нешматлікай, палітычна інертнай, шукала дапамогі і абароны як у царызма, так і ў больш моцнай рускай буржуазіі, што наклала свой адбітак на ход далейшых гістарычных падзей у Беларусі. Пралетарыят у Беларусі быў нешматлікім, беларусы пераважалі сярод вясковага насельніцтва. Усяго к пачатку XX стагоддзя ў Беларусі налічвалася 178,8 тысяч рабочых, занятых ў прамысловасці, разам жа з наёмнымі сельскагаспадарчымі рабочымі – 400 тысяч, да 1913 г. іх колькасць павялічылася да 514 тысяч. Значны ўплыў на развіццё прамысловасці, пашырэнне гандлю, паскарэнне спецыялізацыі рэгіёнаў, фарміраванне адзінага беларускага рынку аказвалі будаўніцтва і эксплуатацыя чыгунак. У 1862 годзе пачала працаваць Пецярбургска-Варшаўская чыгунка, у 1866 годзе адкрыты Дзвінска-Полацка-Віцебскі участак Рыжска-Арлоўскай чыгункі. Агульная працягласць чыгунак на тэрыторыі Беларусі ў пачатку XX стагоддзя склала каля 3 тысяч вёрст. Развіваўся і водны транспарт. Па Прыпяці, Беразіне, Сожы ў 1900 годзе хадзілі 310 парусных і 23 паравых судны. У Пінску працаваў суднабудаўнічы завод. У пачатку XX стагоддзя расійскі капіталізм уступіў у імперыялістычную стадыю развіцця. Яна характарызавался высокай ступенню канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытворчасці і капітала, узнікненнем манапалістычных аб’яднанняў. У Беларусі таксама былі заснаваны такія аб’яднанні: камітэт запалкавых фабрыкантаў Паўночна-Заходняга краю, сіндыкат уладальнікаў цагляных заводаў, сіндыкат фабрыкантаў-півавараў Паўночна-Заходняга краю, саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю. Да 53 тысяч у 1913 годзе павялічылася колькасць рабочых на буйных прадпрыемствах. Уся прамысловасць у 1913 годзе давала 20,4% нацыянальнага прыбытку або на 5,4% больш, чым у 1900 годзе Але Беларусь у прамысловым развіцці адставала ад Расіі, тут выпускалася прадукцыі на душу насельніцтва ў 2 разы меньш, а сярэдні узровень зарплаты рабочых быў на 30% ніжэйшы, чым у сярэднім па Расійскай імперыі. Становішча рабочых было цяжкім, рабочы дзень цягнуўся 12 – 13 гадзін, а ў майстэрнях і на мануфактурах – да 16 гадзін, не выплочваліся пенсіі па старасці, страхаванне ад беспрацоўя, прафсаюзы былі забаронены, поўнасцю адсутнічала ахова працы. Шырока выкарыстоўвалася жаночая і дзіцячая праца пры больш нізкай у параўнанні з мужчынскай яе аплатай. У пачатку XX стагоддзя на большасці прадпрыемстваў зарплата мужчын не пераважала 50 – 60 капеек у дзень, жанчын – 30, падлеткаў – 10 – 15. Напрыклад, на тытунёвай фабрыцы ў Гродна з 1350 рабочых 1025 складалі жанчыны і дзеці. Мізэрныя заробкі яшчэ больш змяншаліся з-за розных штрафаў: у 1901 годзе ўладальнікі прадпрыемстваў аштрафавалі амаль палову ўсіх рабочых Беларусі. Царызм, баючыся нарастаючай эканамічнай барацьбы рабочых, быў вымушаны пайсці на некаторыя абмежаванні эксплуатацыі з боку буржуазіі. Да 11,5 гадзін быў абмежаваны працоўны дзень, у 1903 годзе прыняты закон аб дапамозе рабочым, ахвярам няшчасных выпадкаў на вытворчасці, у 1912 г. – закон аб страхаванні рабочых ад хваробы і беспрацоўя, некалькі павышана зарплата. Але ў цэлым палажэнне рабочых заставалася цяжкім, бяспраўе і звышэксплуатацыя іх працы заставаліся.
|