Главная страница

История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі


Скачать 1.84 Mb.
НазваниеПрадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
АнкорИстория Беларуси.doc
Дата24.02.2018
Размер1.84 Mb.
Формат файлаdoc
Имя файлаИстория Беларуси.doc
ТипДокументы
#15888
страница22 из 36
1   ...   18   19   20   21   22   23   24   25   ...   36

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года і нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі. Першы Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) і яго рашэнні


Узброенае паўстанне, узнятае бальшавікамі 25 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе, паклала пачатак новаму этапу рэвалюцыі ў Расіі. Часовы ўрад і яго адміністрацыя на месцах пасля звяржэння царскага рэжыму ў сакавіку 1917 года аказаліся няздольнымі вырашыць наспелыя праблемы краіны. Дэмакратызацыя грамадскага жыцця паглыбіла палярызацыю палітычных сіл. Саветы рабочых, салдацкіх, сялянскіх дэпутатаў, якія ўзніклі, прэтэндавалі на ўладу. Двоеўладдзе ўскладняла палітычную сітуацыю, зводзіла часам на нішто намаганні Часовага ўрада ўстанавіць цвёрдую ўладу ў краіне. Нарастала разруха, паглыбляўся харчовы крызіс, узмацняўся антываенны рух.

У ходзе вайны руская армія несла велізарныя страты. У Беларусі нямецкія войскі, якія супрацьстаялі Заходняму фронту рускай арміі, выйшлі да лініі Дзвінск – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. Вырашэнне актуальных пытанняў (зямельнае, харчовае і інш.) адкладвалася да склікання Устаноўчага сходу.

Паўстанне ў Петраградзе прайшло пад лозунгам “Уся ўлада Саветам!” Другі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (25 – 26 кастрычніка 1917 г.) узаконіў Саветы ў якасці органаў новай дзяржаўнай улады.

Трэба адзначыць, што да пачатку рашучых падзей у сталіцы імперыі большасць Саветаў Беларусі знаходзілася пад уплывам эсэраў, меншавікоў, бундаўцаў і іншых непралетарскіх сацыялістычных партый. Аднак у Мінску Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў стаяў на бальшавіцкіх пазіцыях.

Ужо 25 кастрычніка выканкам Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў у сваім загадзе № 1 аб’явіў насельніцтву горада аб пераходзе ўлады ў Мінску і яго наваколлі да Савета. Савет звярнуўся да рэвалюцыйных арганізацый новай улады на месцах. Ён вызваліў з турмы салдат, з якіх быў сфарміраваны Першы рэвалюцыйны полк імя Мінскага Савета. Саветам былі пасланы камісары ў дзяржаўныя ўстановы і штаб фронту.

Паводле рашэння бюро абласнога Камітэта партыі бальшавікоў у Мінску 27 кастрычніка 1917 года быў створаны часовы вышэйшы орган улады для ўсяго фронту і яго тылу – Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту. Па прыкладзе Петраградскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Ваенрэўкам Заходняга фронту ўключаў прадстаўнікоў ад воінскіх часцей, Чырвонай гвардыі, Саветаў, прафсаюзаў, партыйных арганізацый.

Дзейнічаючы энергічна, Ваенрэўкам засяроджваў у сваіх руках уладу. Ён устанавіў кантроль над штабам Заходняга фронту.

Выканаўчым аператыўным органам Ваенрэўкама стала вылучанае ім бюро, у якое ўвайшлі К.І. Ландар (старшыня), А.Ф. Мяснікоў, Н.В. Рагазінскі і інш.

Услед за Мінскам Саветы ўзялі ўладу ў Віцебску, Гомелі, Оршы, Бабруйску, Слуцку, Рэчыцы, Мазыры, Полацку, іншых гарадах Беларусі. Саветы, дзе пераважалі прадстаўнікі іншых партый, як правіла, распускаліся.

У Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка Вярхоўнага камандуючага на чале з генералам Духоніным, Савецкая ўлада была ўстаноўлена пазней, чым у іншых буйных гарадскіх цэнтрах Беларусі. Туды ў сярэдзіне лістапада 1917 года Савецкі ўрад накіраваў войскі на чале з прапаршчыкам Н.В. Крыленка, прызначаным галоўнакамандуючым замест Духоніна. 20 лістапада ўзброеныя сілы, накіраваныя з Петраграда ў Магілёў, увайшлі ў горад без бою.

У цэлым, Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года ў Беларусі і на Заходнім фронце прайшла бяскроўна. Дэмаралізаваная Стаўка Вярхоўнага камандавання ў Магілёве, штаб Заходняга фронту ў Мінску і адміністрацыя Часовага ўрада ў беларускіх губернях былі не ў стане аказаць якое-небудзь сур’ёзнае супраціўленне бальшавікам, на бок якіх у сваёй большасці перайшла армія.

26 лістапада 1917 года выканаўчыя камітэты, абраныя Заходнім абласным з’ездам Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў, ІІ з’ездам сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў і ІІ з’ездам Заходняга фронту, аб’ядналіся ў адзіны Выканаўчы Камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах). Старшынёй Аблвыкамзаха быў абраны Н.В. Рагазінскі, потым яго змяніў А.Ф. Мяснікоў. Мяснікоў быў і камандуючым арміямі Заходняга фронту. Для кіравання вобласцю і фронтам у той жа дзень быў створаны Савет Народных камісараў на чале з К.І. Ландарам.

Такім чынам, значную ролю ва ўстанаўленні Савецкай улады на Беларусі адыгралі людзі, якія выпадкова апынуліся тут па ваенных абставінах.

Аб’яднанне вобласці і фронту ў адзіную дзяржаўную адзінку, як гэта адбылося ў Беларусі, не мела прэтэндэнта. Гэта было адзінае ў Расіі ваенна-грамадзянскае ўтварэнне, у склад якога ўвайшлі Мінская, Віленская, Гродзенская губерні і Заходні фронт. Органы Савецкай улады, абраныя з’ездамі Віцебскай і Магілёўскай губерняў, якія адбыліся ў снежні 1917 года, у гэта аб’яднанне не ўвайшлі і, фармальна знаходзячыся ў складзе Заходняй вобласці, з’яўляліся фактычна самастойнымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі.

Паколькі Заходняя вобласць аб’ядноўвала ў сваіх межах тэрыторыю з пераважнай большасцю беларускага насельніцтва, яна набывала калі не юрыдычна, то фактычна характар нацыянальнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Кастрычніцкая рэвалюцыя ўнесла раскол у беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Рух, які грунтаваўся на ідэях адзінства ўсіх пластоў беларускага насельніцтва ў адстойванні агульнанацыянальных інтарэсаў, аслабляўся адрозненнямі класавых памкненняў яго ўдзельнікаў. Выразна акрэсліліся два патокі вызваленчага руху: нацыянальна-дэмакратычны, які прадстаўлялі Беларускую сацыялістычную грамаду і іншыя нацыянальныя партыі, і пралетарскі, радыкальна-сацыялістычны. Прычына расколу ў адраджэнскім руху – рознае разуменне сацыяльна-эканамічных асноў нацыянальнай дзяржаўнасці і, значыць, нацыянальнага адраджэння ўвогуле.


  1. Праблема беларускай дзяржаўнасці ў грамадска-палітычным руху Беларусі. Першы Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) і яго рашэнні

Беларускія партыі ў сваёй большасці не падтрымалі Кастрычніцкую рэвалюцыю. У “Грамаце да ўсяго беларускага народа”, надрукаванай 27 кастрычніка 1917 года ад імя Вялікай Беларускай Рады (ВБР), Часовай цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Беларускага выканаўчага камітэту Заходняга фронта, Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай партыі сацыялістаў, звяржэнне Часовага ўрада і пераход улады ў рукі Савета Народных Камісараў характарызаваліся як “найвялікшае бедства”, “віхор бязладу”, што можа “згубіць святую нацыянальную справу абароны вольнасцей і правоў Беларускага народу”, пагражае нават самому існаванню беларусаў.

Але ў Вялікай Беларускай Рады і яе прыхільнікаў не было ні палітычных, ні ваенных магчымасцей для звяржэння Савецкай улады. У той жа час абвешчаны Кастрычніцкай рэвалюцыяй лозунг вольнага самавызначэння народаў аж да дзяржаўнага аддзялення паставіў усе беларускія партыі і арганізацыі перад пытаннем нацыянальна-дзяржаўнага ўладкавання Беларусі. Паступова выспявае думка аб скліканні Усебеларускага з’езда, які павінен быў арганізаваць краёвую ўладу. Гэта тэндэнцыя знайшла адлюстраванне ў “Грамаце да ўсяго народа беларускага”, “Дэкларацыі Беларускага абласнога камітэта пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў” і ў пастановах ІІ Беларускага з’езда ў Маскве.

У звароце “Да ўсяго народа беларускага” Вялікая Беларуская Рада выразіла сваю палітычную праграму, якая змяшчала наступныя патрабаванні: абвяшчэнне Беларусі дэмакратычнай рэспублікай, злучанай з Расіяй і іншымі суседнімі рэспублікамі на аснове федэрацыі, перадача ўсёй улады ў Беларусі Краёвай Радзе, абранай на аснове ўсеагульнага, роўнага, тайнага і прапарцыянальнага галасавання. У якасці неадкладных мераў адозва вызначала заключэнне міру і аб’яднанне тэрыторыі Беларусі.

У сваёй “Грамаце” ВБР абвясціла аб скліканні ў Мінску 5 снежня 1917 года Усебеларускага з’езда.

Рэакцыя партыйных і савецкіх органаў Заходняй вобласці на рашэнне ВБР склікаць Усебеларускі з’езд у Мінску была адмоўнай. Калі ў Паўночна-Заходнім абласным камітэце РСДРП(б) і Аблвыкамзаху стала вядома аб гэтым рашэнні ВБР, А. Мяснікоў выехаў у Петраград. Ён спадзяваўся дабіцца ад Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей забароны на скліканне гэтага з’езда. Але Наркамнац не пагадзіўся з такой прапановай, паколькі яна цалкам супярэчыла абвешчанаму Савецкай уладай праву нацый на самывызначэнне. Народны камісар па справах нацыянальнасцей І. Сталін параіў Мяснікову шукаць іншае выйсце, знайсці такую арганізацыю, якая б пагадзілася выступіць супраць ВБР і склікала б свой з’езд таксама ў снежні, але ў іншым горадзе. Такой арганізацыяй з’явіўся БАК. Па-першае, БАК прадстаўляў сялянства, самы шматлікі клас насельніцтва Беларусі. Па-другое, гэты леваэсэраўскі камітэт быў лаяльна настроены да Савецкай улады і выступаў супраць падзелу Расіі на нацыянальныя дзяржавы.

Т. чын, дзве беларускія грамадскія арганізацыі – ВБР і БАК – амаль адначасова абвясцілі аб скліканні сваіх з’ездаў. Прэтэндуючы на галоўную ролю ў дзяржаўным будаўніцтве Беларусі, БАК разлічваў на моцную падтрымку сялянства, часткова інтэлігенцыі, якая выйшла з сялянства і воінаў-беларусаў. ВБР жа карысталася значным уплывам сярод нацыянальных дзеячаў Беларусі, фактычна яна аб’яднала такія буйныя арганізацыі, як Цэнтральная беларуская вайсковая рада, Беларускі выканаўчы камітэт Заходняга фронту, Беларускую сацыялістычную грамаду.

Жорсткая барацьба за кіраўніцтва беларускім нацыянальным рухам, якая ўспыхнула паміж ВБР і БАК, завяршылася пагадненнем аб сумеснай падрыхтоўцы з’езда. 10 снежня 1917 года быў падпісаны пратакол пагаджальнай камісіі. Камісія пастанавіла запрасіць з правам рашаючага голаса дэлегатаў ад наступных устаноў і арганізацый: усіх дэпутатаў Усерасійскага Устаноўчага сходу ад Беларусі, прадстаўнікоў ад губернскіх і павятовых Саветаў сялянскіх дэпутатаў, губернскіх і павятовых настаўніцкіх арганізацый, губернскіх і павятовых зямельных камітэтаў, Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў, кааператыўных аб’яднанняў, арганізацый беларускіх уцекачоў, беларускіх палітычных партый, павятовых земстваў, гарадскіх самакіраванняў, Балтыйскага і Чарнаморскага флатоў, ваенных Рад, губернскіх земстваў і губернскіх харчовых камітэтаў, а таксама членаў Выканаўчых камітэтаў ВБР, БАК, 2-га Беларускага з’езда ў Маскве. Меркавалася таксама запрасіць беларускіх культурна-палітычных дзеячаў і навукоўцаў, якія маюць працы аб Беларусі. Такім чынам, прадстаўніцтва на з’ездзе павінна было быць надзвычай шырокім, ахапіць усе пласты насельніцтва краю. Па закліку ВБР дэлегаты пачалі збірацца 5 снежня 1917 г.

На жаль, мы не маем архіўных дакументаў, якія б дакладна сведчылі аб складзе ўдзельнікаў з’езда. Вядома толькі, што з 5 па 17 снежня мандатная камісія выдала 1167 мандатаў з правам рашаючага голасу і 705 – з правам дарадчага. З іх грамадскім асобам было выдадзена 812 мандатаў з правам рашаючага голасу, 344 – з правам дарадчага, ваенным – з правам рашаючага голасу – 355 і з правам дарадчага – 361.

Па свайму палітычнаму накірунку з’езд не быў аднародным. Амаль адразу на ім вызначыліся дзве асноўныя плыні, амаль што роўныя па колькасці дэлегатаў з рашаючым голасам групы – “радаўцы” і “абласнікі”. Палітычныя фракцыі рыхтавалі канкрэтныя інструкцыі сваім членам, якія працавалі ў розных секцыях і камісіях з’езда. Усяго на з’ездзе было арганізавана 12 секцый па асобных галінах дзяржаўна-прававой, эканамічнай, культурнай і іншай дзейнасці.

З 5 па 13 снежня 1917 года работа ішла ў секцыях і фракцыях. 14 снежня, калі, нарэшце, прыбылі ўсе дэлегаты, адбылося ўрачыстае адкрыццё з’езда. Быў абвешчаны склад прэзідыума і зацверджаны Савет з’езда. Старшынёй з’езда быў абраны І. Серада. У Савет з’езда ўвайшлі ўсяго 57 чалавек, у тым ліку Я. Варонка (старшыня), Я. Карскі, Я. Канчар, А. Цвікевіч і інш.

15 снежня быў абвешчаны наступны парадак дня: 1) мэты і задачы з’езда; 2) палітычнае становішча краіны і лёс Беларусі;. 3) пытанні ўцекачоў; 4) дэмабілізацыя арміі.

16 і 17 снежня работа ішла па фракцыях, зямляцтвах і групах. Галоўнае абмяркоўваемае пытанне – аб Беларускай Народнай Рэспубліцы і форме краёвай улады.

Гэта пытанне стала каменем сутыкнення пазіцый “радаўцаў” і “абласнікоў”. Так, “радаўцы” патрабавалі неадкладна абвясціць беларускую рэспубліку (іх падтрымалі Віленскае і Гродзенскае земляцтвы). “Абласнікі” лічылі гэту прапанову нерэалізуемай ва ўмовах вайны і ў якасці альтэрнатывы вылучалі патрабаванне стварэння аўтаномнай Беларускай вобласці (іх падтрымала Магілёўская група).

Раскол, які адбыўся падчас работы з’езда, адсутнасць адзінства па прынцыповых пытаннях, сутыкненне дзвюх супрацьлеглых пазіцый рабілі амаль што немагчымым прыняцце агульнай рэзалюцыі па пытанні нацыянальнага самавызначэння Беларусі. У выніку, пасля доўгіх спрэчак быў выпрацаваны адзіны тэкст рэзалюцыі аб самавызначэнні Беларусі і аб Часовай краёвай уладзе, які быў зачытаны дэлегатам з’езда ў 1 гадзіну 15 хвілін ночы з 17 на 18 снежня 1917года.

Рэзалюцыя гэта складалася з 15 пунктаў і ўключала наступныя прынцыповыя пастановы:

-  неадкладна арганізаваць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з Цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў;

-  кампетэнцыю Савета (яго правы, абавязкі і неадкладныя задачы) павінен вызначыць Усебеларускі з’езд;

-  для вырашэння бягучых спраў кіравання Беларуссю Усебеларускі Савет склікае Другі Агульнабеларускі з’езд і, незалежна ад гэтага, з першага дня свайго існавання прымае неабходныя меры для склікання Беларускага Устаноўчага Сходу;

-  Савет канцэнтруе ў сябе ўсе функцыі адказнага кіравання краем, чым замяняе функцыі, якія дагэтуль выконваліся асобнымі арганізацыямі;

-  выканаўчы орган Часовай Краёвай Улады дэлегіруе сваіх прадстаўнікоў у органы цэнтральнай усерасійскай улады і ва ўсе іншыя рэспублікі Расійскай федэрацыі, а таксама для ўдзелу ў мірных перамовах у Брэсце;

Астатнія пункты рэзалюцыі датычыліся арганізацыі беларускага войска, вырашэння зямельнага пытання, устанаўлення народнага кантролю над вытворчасцю і гандлем і інш.

Пасля абмеркавання дэлегаты з’езда паспелі аднагалосна прыняць толькі першы пункт прапанаванай рэзалюцыі ў наступнай рэдакцыі: “Усебеларускі з’езд, які сабраўся ў Мінску-Беларускім, абмеркаваўшы цяжкае становішча краіны і Беларусі, замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, заваёванае расійскай рэвалюцыяй, усталёўваючы дэмакратычны рэспубліканскі лад у межах беларускай зямлі, у мэтах захавання цэласнасці Беларусі ў складзе Расійскай Федэратыўнай Рэспублікі, пастанавіў: вылучыць са свайго складу орган краёвай улады – Народны Савет Беларусі, якому і ўручае кіраванне Беларуссю да склікання Беларускага Устаноўчага Сходу”.

Рэзалюцыі з’езда і найперш дакумент аб неадкладным утварэнні Усебеларускага Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, які часова станавіўся на чале кіраўніцтва краем, падаліся бальшавікам як непрызнанне Савецкай улады на Беларусі, імкненне рэстаўрыраваць капіталізм. У выніку ў ноч на 18 снежня 1917 года Першы Усебеларускі з’езд быў разагнаны, прэзідыум і асобныя дэлегаты арыштаваны.

Такім чынам, Усебеларускі з’езд не закончыў сваёй працы, не стварыў у Беларусі народнай улады, але пасля яго застаўся Савет з’езда, які, існуючы нелегальна, адыграў адметную ролю ў справе адраджэння беларускай дзяржаўнасці.

Увогуле, Першы Усебеларускі з’езд яскрава засведчыў, што, нягледзячы на наяўнасць розных думак і падыходаў да дзяржаўнага самавызначэння Беларусі, дамінуючай у грамадскім руху пакуль што заставалася ідэя Беларускай рэспублікі ў складзе федэратыўнай дэмакратычнай Расіі.

Першы ўсебеларускі з’езд і абвяшчэнне Беларускай народнай рэспублікі

Пасля перамогі кастрычніцкай рэвалюцыі Вялікая беларуская рада адхіліла прапанову Аблвыканкамзаха аб сумесным кіраванні Беларуссю і разам з Беларускім абласным камітэтам (БАК), які быў утвораны на Ўсерасійскім сялянскім з’ездзе, пачалі рыхтаваць з’езд для рашэння пытання аб будучым дзяржаўным будаўніцтве і органах улады. Афіцыйна ўсебеларускі кангрэс, на які былі запрошаны 1872 дэлегаты, пачаў працаваць 14 снежня 1917 г. На ім выявіліся тры плыні: незалежнікі (ў асноўным прадстаўнікі ВБР, ЦБВР) выступалі за незалежнасць Беларусі, цэнтр – галоўным чынам дэлегататы ад БАКа, члены БСГ, эсеры – выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, і так званыя асімілятары, якія лічылі найбольш мэтазгодным захаваць існуючае палажэнне Паўночна-Заходняга краю. Дэлегаты выбралі прэзідыум, утварылі раду з’езда, 15 снежня прынялі парадак дня і пасля абмеркавання яго на секцыях вечарам 16 снежня сабраліся на плянарнае паседжанне. З’езд прызнаў цэнтральную ўладу ў Расіі, выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, але не прызнаў мясцовую ўладу Аблвыканкамазаха і пастанавіў “вылучыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якому ўручыць кіраванне Беларуссю аж да склікання Беларускага ўстаноўчага сходу”.

У адказ у ноч з 17 на 18 снежня Аблвыканкамзах распусціў з’езд. На падпольным паседжанні 18 снежня рада з’езда абявіла сябе пастаянна дзейнічаючым органам мясцовай улады - Саветам з’езда, выбрала выканкам Савета і прыняла рашэнне аб скліканні П усебеларускага кангрэса. У студзені 1918 г. Ш Усерасійскі з’езд рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў ухваліў дзеянні Аблвыкакамзаха і СНК Заходняй вобласці, расцаніўшы ўсебеларускі кангрэс як з’езд буржуазных нацыяналістаў, памешчыкаў, якія хацелі рэстаўрыраваць старую ўладу. У гэты час у снежні 1917 – студзені 1918 гг. у Брэсце праходзілі перагаворы аб міры паміж Германіяй і Савецкай Расіяй. Савецкі бок не згадзіўся з цяжкімі ўмовамі міру, прапанаванымі Германіяй, і немцы 18 лютага пачалі наступленне. Дзейнічаючы сумесна з часцямі польскага корпуса Доўбар-Мусніцкага, яны хутка падыйшлі да Мінска. 19 лютага савецкія органы ўлады эвакуіраваліся ў Смаленск і ў гэтых умовах выканкам з’езда аб’явіў сябе мясцовай ўладай. 21 лютага ён прыняў першую статутную грамату і сфарміраваў урад – Народны сакратарыят, але беларускую дзяржаўнасць не абвясціў.

9 сакавіка выйшла 2-я статутная грамата, у якой абвяшчалася Беларуская народная рэспубліка ў этнаграфічных межах рассялення беларусаў. Вызначаліся заканадаўчы орган БНР – Рада і выканаўчы – Народны сакратарыят. Абвяшчалася аб скасаванні прыватнай уласнасці на зямлю, увядзенні васьмігадзіннага рабочага дня. 25 сакавіка была прынята 3-я статутная грамата, у якой дэкларыравалася незалежнасць Беларусі. Беларуская народная рэспубліка абвяшчалася ўжо пасля таго, як па ўмовах Брэсцкага міру паміж Германіяй і Расіяй ад 3 сакавіка 1918 г. 85% Беларусі адыходзілі да Германіі, другімі словамі, у умовах нямецкай акупацыі. Таму абвяшчэнне дяржаўнасці і тым больш яе незалежнасці насіла дэкларатыўны характар, паколькі рэальная ўлада належала нямецкаму камандаванню.

Афіцыйна Германія не прызнала БНР, не праявілі да яе цікавасці і краіны Антанты і США, але акупацыйныя ўлады не перашкаджалі займацца культурна –асветніцкай дзейнасцю. Калі ж кіраўніцтва БНР паспрабавала стварыць свае ўзброеныя сілы, у пачатку красавіка акупанты забаранілі яго дзейнасць. Пасля гэтага была фактычна створана новая рада, дзе пераважалі Р.Скірмунт і іншыя прадстаўнікі заможных колаў. Рада звярнулася да кайзера з тэлеграмай, у якой заявіла аб тым, што толькі пад апекай Германіі Беларусь бачыць сваю будучыню. Гэта паглыбіла палітычны крызіс. З рады выйшлі эсеры, БСГ, меншавікі. Астаўшаяся яе частка заняла адкрыта прагерманскую пазіцыю, адмяніла палажэнні 2-й Статутнай граматы БНР адносна адмены ўласнасці на зямлю і 8-гадзіннага рабочага дня, заявіла, што на тэрыторыі Беларусі не дзейнічаюць пастановы РСФСР, нават выступіла з пратэстам, калі згодна з дадатковай дамоўленасцю з Савецкай Расіяй Германія ў жніўні 1918 г. пачала частковы вывад войск з Беларусі. Улічваючы змены ў арыентацыі Рады БНР, акупацыйныя ўлады перадалі ў яе веданне гандаль, сацыяльную апеку, асвету і культуру.

Адносныя поспехі былі дасягнуты толькі ў галіне адукацыі і навукі: адкрыты больш за 150 беларускіх школ, Мінскі педагагічны інстытут, выдавецтва “Прасвета”. Працягваўся выпуск газет “Гоман”, “Вольная Беларусь”, утвораны культурна-асветніцкіе таварыствы “Бацькаўшчына”, драмы і камедыі. Беларуская народная рэспубліка спыніла сваю існаванне на тэрыторыі Беларусі адначасова з выгнаннем акупантаў. Дзеячы БНР эмігрыравалі і частка іх увайшла ў склад Літоўскай Тарыбы.

Т. ч., утварэнне БНР было спробай рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці, але не реальнай дзяржаўнасцю. Заслуга БНР перш за ўсё ў тым, што перад грамдскасцю было заяўлена аб існаванні бел. нацыянальнага руху і неабходнасці вырашэння праблемы Беларускай дзяржавы.


  1. Абвяшчэнне і дзейнасць Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўмовах нямецкай акупацыі (сакавік-снежань 1918 г.)

Пасля таго, як Л. Троцкі сарваў мірныя перамовы ў Брэсце, Германія 18 лютага 1918 года пачала наступленне на ўсход. У выніку гэтага наступлення былі захоплены новыя раёны Беларусі і прыкладна 4/5 тэрыторыі края апынулася ў зоне нямецкай акупацыі. Заходняя вобласць працягвала існаваць толькі ў складзе Смаленскай і неакупіраваных частак Магілёўскай і Віцебскай губерняў.

Аблвыкамзах і СНК Заходняй вобласці і фронта 19 лютага 1918 года перабраліся з Мінску ў Смаленск. З турмы выйшлі дзеячы Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. Аднавіў сваю дзейнасць Выканаўчы камітэт Савета Усебеларускага з’езда.

Кіраўніцтва беларускага нацыянальнага руху вырашыла, што надыйшоў час рашучых дзеянняў. Свяціла надзея, што ў рэалізацыі сваіх планаў яно знойдзе паразуменне Германіі, якая выдавала сябе за абаронцу прыгнечаных народаў Расіі. Выканаўчы камітэт Савета з’езда абвясціў сябе вышэйшай уладай на Беларусі і заклікаў насельніцтва да спакою. З гэтай нагоды 21 лютага 1918 года ім была выдадзена Першая Устаўная грамата да народаў Беларусі.

Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі,” – такімі словамі пачынаўся тэкст Першай Устаўной граматы. Далей сцвярджалася: “Вы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен здзейсніць сваё права на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меншасці – на нацыянальна-персанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсці сваё здзяйсненне шляхам склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму”. Да Сойма, згодна з Граматай, уся ўлада на Беларусі павінна была ажыццяўляцца ад імя тых народаў, якія на ёй жывуць. Выканкам Савета з’езда, папоўнены прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей, абвясціў сябе часовай уладай на Беларусі, утварыўшы ўрад – Народны Сакратарыят.

Такім чынам, быў зроблены пачатковы крок на шляху адраджэння беларускай дзяржаўнасці, хаця фармальна беларуская рэспубліка абвешчана не была.

22 лютага 1918 года быў надрукаваны спіс членаў урада, які ўзначаліў Я. Варонка. Найбольш важныя партфелі атрымалі грамадоўцы і эсэры.

З прыходам у Мінск нямецкіх акупацыйных войскаў паміж беларускай уладай і нямецкім камандаваннем пачалася паласа вызначэння адносін. Дагэтуль Германія разглядала Беларусь толькі як частку тэрыторыі Расіі, але ў Мінску, нечакана для сябе, нямецкія войскі сутыкнуліся з палітычным органам, які называў сябе беларускім урадам і выдаваў ад свайго імя заявы і загады.

28 лютага 1918 года дэлегацыя Народнага Сакратарыята на чале з Я. Варонкам наведала рэзідэнцыю германскай ваеннай адміністрацыі ў Мінску і выказана лаяльнасць у адносінах да акупацыйных улад. Такім чынам, Сакратарыят з першых дзён сваёй працы вызначыў асноўным напрамкам паводзін пошук згоды з нямецкімі ўладамі дзеля прызнання сябе беларускім урадам у выпадку магчымага будучага дзяржаўнага ўладкавання Беларусі.

Тэндэнцыі незалежнасці ў беларускім руху ўзмацніліся пасля падпісання 3 сакавіка 1918 года Брэсцкага мірнага дагавора паміж Германияй и РСФСР. Інтарэсы беларусаў не былі прыняты пад увагу ні адным з бакоў. Беларусь, як нацыянальны рэгіён, не ўпамінаецца ні ў асноўным дагаворы, ні ў дадатках да яго.

Паводле ўмоў Брэсцкага міру, тэрыторыя Беларусі была падзелена па лініі Дзвінск – Свянцяны – Ліда – Пружаны – Брэст. Беларуская частка Віленшчыны і Гродзеншчыны з Бельскім і Беластоцкім паветамі далучалася да Літоўскай дзяржавы, абвешчанай 11 снежня 1917 года. Землі на поўдзень ад Палескай чыгункі па дамоўленасці з Цэнтральнай Украінскай радай перадаваліся Украінскай Народнай Рэспубліцы. Астатняя тэрыторыя Беларусі разглядалася як прэрагатыва Расійскай федэрацыі. Беларусь не атрымлівала нічога на аднаўленне разбуранай у час вайны гаспадаркі.

Згодна з умовамі падпісанага міру немцы занялі большую частку тэрыторыі Беларусі з Мінскам уключна. Неакупіраванымі заставаліся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў.

Адказам на заключэнне Брэсцкага міру стала прыняцце Народным Сакратарыятам 9 сакавіка 1918 года Другой Устаўной Граматы, якая абвяшчала Беларусь Народнай Рэспублікай. Выканкам Савета з’езда у выніку дэлегіравання прадстаўнікоў мясцовых рад, земстваў і гарадскога самакіравання, нацыянальных меншасцей, палітычных партый, прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацый быў колькасна павялічаны да 71 чалавека і перайменованы ў Раду БНР. Прэзідыум Рады ўзначаліў І. Серада.

Акрамя кароткай агульнапалітычнай прэамбулы, другая Устаўная грамата змяшчала 8 пунктаў наступнага зместу.

1) Беларусь у рубяжах рассялення і колькаснай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.

2) Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіць Устаноўчы сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасць, рэлігію.

3) Да часу, пакуль збярэцца Устаноўчы сойм Беларусі, заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага з’езда, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў Беларусі.

4) Выканаўчая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які прызначаецца Радай з’езда і перад ёй трымае адказ.

5) У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца свабода слова, друку, сходаў, забастовак, бязумоўная вольнасць сумлення, незачэпнасць асобы і памяшкання.

6) У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-персанальную аўтаномію, абвяшчаецца роўнае права ўсіх моў на Беларусі.

7) У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнай уласнасці на зямлю скасоўваецца. Зямля перадаецца без выкупу тым, хто сам на ёй працуе. Лясы, азёры і нетры зямлі абвяшчаюцца ўласнасцю Беларускай Народнай Рэспублікі.

8) У рубяжах БНР ўстанаўліваецца найбольшы 8-гадзінны рабочы дзень.

Т. ч., у другой Устаўной Грамаце быў сфармуляваны ідэал бел. дзяржаўнасці. Беларусь бачылася дэмакратычнай прававой рэспублікай з шырокім спектрам правоў і свабод яе грамадзян.

Аднак, нягледзячы на ў цэлым прагрэсіўны характар, другая Устаўная Грамата была ўсё ж такі кампрамісным дакументам. Беларусь абвяшчалася Народнай Рэспублікай, але нічога не было сказана пра суверэннасць БНР, яе тэрыторыю і адносіны да суседніх дзяржаў.

18 сакавіка 1918 года ў склад Рады БНР былі кааптаваны 6 членаў Віленскай Беларускай Рады, што ўмацавала незалежніцкую плынь. Незалежніцкія настроі ўзмацніліся і тым, што Германія адмовілася прызнаць Устаўную Грамату 9 сакавіка 1918 года і па-ранейшаму разглядала Беларусь як акупіраваную частку Расіі.

У гэтых умовах 25 сакавіка 1918 года Рада БНР прымае трэцюю Устаўную Грамату, якая абвясціла Беларускую Народную Рэспубліку “незалежнаю і вольнаю дзяржаваю”, у якой “самі народы Беларусі ў асобе Устаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі”.

Рада БНР таксама аб’явіла аб сваіх намерах перагледзіць умовы Брэсцкага мірнага дагавора ў дачыненні да Беларусі.

Трэцяя Устаўная Грамата вызначыла тэрыторыю абвешчанай незалежнай БНР – усе землі, дзе “жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ” – і ўдакладніла: Магілёўшчыну, беларускія часткі Міншчыны, Гродзеншчыну, Віленшчыну, Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну і сумежныя часткі губерняў, заселеныя беларусамі.

У заключэнні трэцяй Устаўной Граматы падцвярджаліся ўсе правы і вольнасці грамадзян БНР, абвешчаныя 9 сакавіка 1918 года, і выказвалася надзея, “што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы”.

Т. ч., тры дакументы, першая, другая і трэцяя Устаўныя Граматы, развіваючы ідэю беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, нарматыўна вызначылі важнейшыя палажэнні аб дзяржаўным і грамадскім ладзе Беларусі, уласнасці на зямлю і яе нетры, тэрыторыі рэспублікі, вярхоўнай заканадаўчай і выканаўчай уладай, правах і свабодах грамадзян, статусе нацыянальных меншасцей.

У сваім спалучэнні Граматы даюць уяўленне аб палітычнай пазіцыі беларускай рэспублікі. Прыхільнікі абвяшчэння незалежнасці БНР не прызнавалі гістарычнай непазбежнасці Кастрычніцкай рэвалюцыі і дыктатуры пралетарыята. Яны прапаноўвалі, па сутнасці, традыцыйныя формы грамадскага і дзяржаўнага ладу. Беларусь бачылася ім дэмакратычнай парламенцкай прававой дзяржавай, у якой будуць гарантаваны правы ўсіх яе грамадзян і нацыянальных меншасцяў. Не прымаўся курс бальшавікоў на класавую барацьбу.

У абвяшчэнні незалежнасці БНР не было нічога дзіўнага. Поспех вызваленчага руху звычайна завяршаецца і замацоўваецца стварэннем нацыянальнай дзяржавы. Але своеасаблівасць сітуацыі, яе парадаксальнасць заключалася ў тым, што суверэнная БНР была аб’яўлена на тэрыторыі, дзе ўся ўлада належыла нямецкай акупацыйнай адміністрацыі. Магчымасць рэалізацыі абвешчаных нацыянальна-дзяржаўных ідэалаў супярэчыла палітыцы кайзераўскай Германіі ў беларускім пытанні.

Германскі ўрад разглядаў ваенныя, палітычныя і эканамічныя аспекты з пазіцыі неабходнасці ўмацавання акупацыйнага рэжыму, максімальнага выпампоўвання сыравінных і харчовых рэсурсаў з Беларусі. Прытрымліваючыся сваіх ваенна-эканамічных мэтаў, манархічная Германія не прызнавала і не збіралася прызнаваць якую-небудзь паралельную ўладу. Нацыянальна-культурная аўтаномія – вось мяжа свабоды выбару, якую акупацыйныя ўлады прадставілі беларускаму народу, зыходзячы перш за ўсё з уласных геапалітычных інтарэсаў.

Устаўныя Граматы ў агульных рысах акрэслілі ідэальную мадэль Беларускай Народнай Рэспублікі. Але гэтыя ідэі трэба было рэалізаваць на практыцы. Таму Рада і Народны Сакратарыят прыклалі нямала намаганняў, каб арганізаваць беларускія нацыянальныя інстытуты ў цэнтры і на месцах.

20 красавіка 1918 года Рада БНР прымае “Часовы наказ мясцовым беларускім радам”. У Наказе змяшчаліся асноўныя палажэнні, якія тычыліся арганізацыі “палітычных устаноў Беларускай дзяржавы” – сельскіх, валасных, павятовых, местачковых, гарадскіх і губернскіх рад. Шырыня паўнамоцтваў мясцовых рад у значнай меры залежыла ад пазіцыі акупацыйных улад.

12 чэрвеня 1918 года Язэп Варонка падпісаў дэкрэт, які аб’явіў нядзейснымі на тэрыторыі БНР “усе дэкрэты ўрада Леніна, а таксама былых народных камісараў Заходняй вобласці і фронту”.

У кастрычніку 1918 года Рада зацвердзіла “Статут Беларускае Народнае Рэспублікі”. Згодна з ім урачыста абвяшчалася, што вярхоўная ўлада ў Беларусі належыць беларускаму і іншым народам, якія насяляюць тэрыторыю рэспублікі. Вярхоўная заканадаўчая ўлада здзяйснялася Соймам, абраным на аснове ўсеагульнага, роўнага, тайнага, простага і прапарцыянальнага выбарчага права. Да выбараў Сойму заканадаўчая ўлада павінна належыць Радзе БНР, а вышэйшая выканаўчая ўлада – Народнаму Сакратарыяту.

11 кастрычніка 1918 года Народны Сакратарыят быў перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. Яе ўзначаліў Антон Луцкевіч.

Увогуле, поспехі Рады БНР у галіне дзяржаўнага будаўніцтва былі нязначнымі. Таму былі аб’ектыўныя прычыны, таму што Германія падтрымлівала толькі тое, што не закранала яе ўласных інтарэсаў. Яна зрабіла ўсё для таго, каб урад БНР не стварыў нацыянальных узброеных сіл і паліцыю.

Зыходзячы з гэтага, весці гутарку аб свабодзе, дзяржаўнай самастойнасці БНР, асабліва на ўзроўні ўнутранага кіравання, выпрацоўкі і рэалізацыі законаў, кантроля за іх выкананнем, было б значным перабольшаннем.

Пэўных поспехаў БНР дасягнула толькі ў развіцці асветы і культуры. Паводле розных падлікаў, працавалі ад 150 да 350 беларускіх школ. Падрыхтоўка настаўнікаў вялася ў Свіслачскай гімназіі і Мінскім педінстытуце. У красавіку 1918 года была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, якая неўзабаве пераўтварылася ў Беларускую кансерваторыю. У красавіку 1918 года была створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага універсітэта ў Мінску, у якую ўвайшлі М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі і інш. Па ініцыятыве І. Луцкевіча ў 1918 годзе пачала дзейнічаць першая беларуская навуковая ўстанова – Беларускае навуковае таварыства. Выдаваліся беларускія кнігі, часопісы і газеты.

Трэцяя Устаўная Грамата абвясціла аб поўнай самастойнасці і незалежнасці БНР і адначасова заявіла: “Самі народы Беларусі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі”.

З кім жа меркавалася ўсталяваць такія сувязі? Адказ на гэтае пытанне не быў адназначным і нярэдка кардынальна зменьваўся ў залежнасці ад абставін.

Сама магчымасць існавання БНР у рашаючай ступені залежыла ад палітыкі Германіі. За беларуска-германскае збліжэнне выступіла так званае Менскае Беларускае прадстаўніцтва, 10 сяброў якога на чале з Р. Скірмунтам 12 красавіка 1918 года былі кааптаваны ў склад Рады БНР.

Пад іх непасрэдным уплывам 25 красавіка 1918 года на закрытым пасяджэнні Рады была падтрымана прапанова зварота да кайзера. У тэлеграме, накіраванай Вільгельму, выказвалася падзяка за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага гнёту і анархіі і змяшчалася просьба абараніць незалежнасць Беларусі і яе непадзельнасць.

Аднак гэты свядомы кампраміс, на які пайшлі беларускія дзеячы пад уціскам выключна неспрыяльных абставін, не прынёс станоўчых вынікаў. Урад Германіі не прызнаў БНР.

Акрамя таго, адкрытая прагерманская арыентацыя Рады БНР прывяла да расколу БСГ і крызісу ўрада. Раду БНР пакінулі эсэры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты. Лаяльныя адносіны Рады да германскіх улад выклікалі непаразуменне і масавы пратэст насельніцтва Беларусі.

Сярод дзеячаў БНР не было адзінай думкі наконт беларуска-расійскіх сувязяў. Агульным для іх было непрыняцце бальшавіцкай улады. Існавала перакананне ў недаўгавечнасці Савецкай Расіі, таму звязваць з ёй лёс беларускай дзяржаўнасці лічылася рызыкоўным і непатрэбным.

У той жа час адмовіцца ад усякіх сувязяў з Расіяй было немагчыма: моцнымі былі гістарычныя традыцыі, значная частка беларускага насельніцтва не ўяўляла сабе Беларусь па-за межамі Расійскай дзяржавы. З лета 1918 года, калі стаў відавочным пройгрыш Германіі ў вайне, кіраўнікі БНР прадпрымаюць шэраг спроб наладзіць сувязі з Савецкай Расіяй.

На пачатку лістапада 1918 года прэм’ер-міністр БНР Антон Луцкевіч наведаў Маскву з наступнай прапановай: урад БНР гатовы ўвесці ў Беларусі савецкую канстытуцыю і ўстанавіць федэратыўныя сувязі з РСФСР у выпадку прызнання незалежнасці БНР. Аднак спробы наладзіць канструктыўныя ўзаемаадносіны з Савецкай Расіяй закончыліся безвынікова.

Сярод стваральнікаў БНР значным уплывам карысталіся прыхільнікі беларуска-польскага збліжэння. Аднак усталяваць саюз з Польшчай Рада БНР не змагла. На думку аднаго з лідэраў БНР А. Цвікевіча, вырашэнне пытання аб беларуска-польскіх адносінах стрымліваў шэраг прычын, сярод якіх галоўнымі былі нявызначанасць беларуска-польскай этнічнай граніцы і адсутнасць поўных статыстычных дадзеных аб нац. складзе насельніцтва пагранічных раёнаў.

З абвяшчэння незалежнасці БНР пачаўся, па сутнасці, новы этап беларуска-украінскіх узаемаадносін. Украінская Народная Рэспубліка “дэ-факта” прызнала БНР. Міністэрства замежных спраў Украіны адкрыла ў Мінску сваё консульства. Консулы БНР былі ў Кіеве і Адэсе. Аднак урад Украінскай Рады хоць і выказваў сімпатыі маладому беларускаму дзяржаўнаму ўтварэнню, у той жа час хутка пачаў праяўляць захопніцкія тэндэнцыі ў дачыненні да паўднёвых частак Беларусі. Увогуле, нявысветленае пытанне аб межах паміж рэспублікамі істотна ўскладняла беларуска-украінскія ўзаемаадносіны.

У лістападзе 1918 года па даручэнню Антона Луцкевіча Рада БНР правяла перагаворы з Літоўскай Тарыбай. У выніку дасягнутых пагадненняў беларусам было прадстаўлена 25 працэнтаў агульнай колькасці месцаў у Тарыбе і адно месца ў Кабінеце міністраў. Беларуская тэрыторыя набывала статус аўтаномнай адзінкі з беларускай мовай у якасці дзяржаўнай. 1 снежня 1918 года ў літоўскім урадзе было створана Міністэрства беларускіх спраў на чале з Язэпам Варонкам. Пад яго кантроль перайшлі тыя беларускія тэрыторыі, якія Германія па ўмовах Брэсцкага міру перадавала Літве.

28 лістапада 1918 года адбылося апошняе ў тым годзе пасяджэнне Рады БНР у Мінску. На ім была прынята Грамата з заклікам да грамадзян Беларусі гуртавацца вакол БНР і Беларускага ўрада і ствараць па ўсёй Беларусі мясцовыя рады сялянскіх і рабочых дэпутатаў.

Адыход германскіх войск паставіў кіраўніцтва БНР у нялёгкія абставіны. Не маючы ўласных узброеных сіл, Рада не магла замацаваць за сабой уладу. Неаднаразовыя звароты да буйных дзяржаў не мелі станоўчых вынікаў і 3 снежня 1918 года па дамоўленасці з Літоўскай Тарыбай Рада і Урад БНР пераехалі ў Вільню.

Т. ч., спроба нацыянальна-дэмакратычных сіл дасягнуць незалежнасці Беларусі закончылася паражэннем. БНР, як рэальнае дзяржаўнае ўтварэнне, не склалася. Нацыянальнае самавызначэнне патрабуе не толькі дэкларацый, але і мэтанакіраванай дзейнасці па арганізацыі апарата вярхоўнай і мясцовай улады на вызначанай тэрыторыі, канстытуіраванню дзяржавы, выпрацоўцы, прыняццю і рэалізацыі законаў у жыццё, выкананні кантрольных функцый, гарантыі правоў і свабод грамадзян і г. д. Галоўнае, неабходна падтрымка насельніцтвам акта самавызначэння.

БНР жа абвяшчалася ў межах этнаграфічнага рассялення беларусаў, але сваю юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыі яна не ажыццяўляла. Не было арміі, паліцыі, адсутнічала фінансавая сістэма, не сфармавалася ўлада на месцах, функцыі вярхоўнага ўрада абмяжоўваліся, у асноўным, прадстаўніцтвам пры акупацыйных уладах, а таксама вырашэннем шэрагу задач у культурна-асветніцкай сферы, мясцовай прамысловасці і гандлі. Весці ж гутарку аб гарантыі правоў і вольнасцей беларускага насельніцтва ва ўмовах акупацыі было наогул немагчыма.

Не ўсё зразумела і ў пытанні міжнароднага прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі. Называюць некалькі дзяржаў, якія прызналі БНР: Украіну, Літву, Латвію, Чэхаславакію, Фінляндыю, Балгарыю. Але, як слушна заўважыў вядомы беларускі даследчык-правазанўца В. Круталевіч, ніхто не падае ў пацвярджэнне якую-небудзь крыніцу, не ўказваецца форма юрыдычнага прызнання – прызнанне ўрада ці прызнанне дзяржавы.

Ідэя незалежнасці не змагла рэалізавацца ў рамках БНР. Шэраг абставін знешнепалітычнага і ўнутранага характару прывёў да такога непазбежнага фіналу.

Па-першае, фатальны зыход задум нацыянальных дэмакратаў быў прадвызначаны неспрыяльным геапалітычным фактарам. Грамадская думка Еўропы яшчэ была недастаткова падрыхтавана да ўспрымання самога факта самавызначэння беларускага народа ў незалежную дзяржаву. Фактычна з’яўленне БНР на арэне вайсковых дзеянняў аніяк не ўпісвалася ў планы ўрадаў тых краін, якія тры гады вялі згубную вайну, тым больш, што набліжалася развязка і надыходзіў час для падвядзення вынікаў вайны – падзелу тэрыторый. Інтарэсы асобных народаў улічваліся пры гэтым менш за ўсё, панавалі інтарэсы ўрадавых колаў дзяржаў - пераможцаў. Беларусі ж пры гэтым падзеле была наканавана роля разменнай карты.

Па-другое, не меншую ролю ў прычынах нерэалізаванасці канцэпцыі БНР адыгралі абставіны ўнутранага характару. Ідэя незалежнасці не атрымала ўсеагульнай падтрымкі. Самасвядомасць беларускага народа на згаданым этапе толькі яшчэ фарміравалася. Аб’яўляючы разрыў з Расіяй, Рада БНР не ўлічыла рэальных настрояў мас. Акцыя ажыццяўлялася толькі палітычнымі партыямі, якія не паспелі пераўтварыцца ў масавыя арганізацыі і аб’ядноўвалі пераважна інтэлігентаў. Сацыяльны прагрэс інтэлігенцыя спалучала з нацыянальна-дзяржаўным самавызначэннем, вышэйшым праяўленнем якога павінна было стаць дасягненне незалежнасці. Такое разуменне галоўнай мэты развіцця беларускай нацыі не падтрымлівалася большасцю насельніцтва краю, для якога галоўнымі заставаліся сацыяльныя пытанні. Патрэбны былі мір, зямля, хлеб, а ўжо потым – нацыянальная дзяржава.

Прагерманская арыентацыя Рады не знайшла падтрымкі ў беларускага насельніцтва, якое выступіла з пратэстам супраць акупантаў, не спыняючыся нават перад узброенай барацьбой. Ён асабліва ўзмацніўся пасля адпраўкі Радай сумнавядомай тэлеграмы Вільгельму. Акрамя таго, Рада БНР, якая спрабавала правесці ідэю незалежнасці беларускай дзяржавы ў жыццё, не змагла выпрацаваць адзінай стратэгіі і тактыкі паводзін. Як вынік – частая змена курсу, істотнае “паправенне”, змена лідэраў і кабінетаў.

Такім чынам, з прычыны неспрыяльных для БНР знешніх і ўнутраных абставін ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці не знайшла рэалізацыі ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі.


  1. Утварэнне ССРБ і Літоўска-Беларускай ССР
1   ...   18   19   20   21   22   23   24   25   ...   36


написать администратору сайта