Главная страница

История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі


Скачать 1.84 Mb.
НазваниеПрадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
АнкорИстория Беларуси.doc
Дата24.02.2018
Размер1.84 Mb.
Формат файлаdoc
Имя файлаИстория Беларуси.doc
ТипДокументы
#15888
страница13 из 36
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   36

Люблінская унія 1569 года. Утварэнне Рэчы Паспалітай і яе палітычны лад


Перыяд уваходжання беларускіх зямель у склад Рэчы Паспалітай ахоплівае больш за 200 гадоў, што складае пятую частку пісьмова вядомай гісторыі Беларусі.

Адзіная дзяржава ВКЛ і Польшчы была створана ў выніку Люблінскай уніі 1569 года. Якія ж прычыны прывялі да падпісання гэтай уніі і аб’яднання двух дзяржаў?

Па-першае, гэта барацьба за лідэрства ва Усходняй Европе паміж ВКЛ (Вялікім княствам Літоўскім) і Маскоўскай дзяржавай.

Да 15 ст. перавага была на баку ВКЛ, якое аб’яднала ў сваіх межах значную частку зямель былой Кіеўскай Русі. У 15 стагоддзі Маскоўская дзяржава вызвалілася ад татара – мангольскага іга, узмацнілася і перахапіла ініцыятыву. Яна паставіла планы па захопу і знішчэнню ВКЛ у цэнтр сваёй знешнепалітычнай дактрыны. З гэтага часу вызначылася тэндэнцыя: чым больш абвастраліся адносіны Вільні і Масквы, тым больш правячыя колы ВКЛ імкнуліся да аб’яднання з Польшчай. Кульмінацыя саперніцтва двух дзяржаў прыпадае на перыяд царствавання ў Расіі Івана IV Грознага (1533 –1584). У 1558 годзе ён распачаў так званую Лівонскую вайну супраць Лівонскага ордэна за выйсце Расіі да Балтыйскага мора, якая працягвалася да 1583 года. ВКЛ выступіла на баку Лівоніі, аднак няўдала. Рускія войскі захапілі большую частку тэрыторыі дзяржавы. У 1563 годзе яны занялі старажытны беларускі горад Полацк, знішчылі большую частку насельніцтва горада, утапілі ў Дзвіне каля 3 тыс. полацкіх яўрэяў. ВКЛ апынулася ў цяжкім ваенным становішчы. Да сталіцы ВКЛ Вільні заставалася каля 200 км. Тэрмінова патрабаваўся саюзнік. Дапамогу прапанавалі палякі. Але за гэта яны патрабавалі аб’яднання ВКЛ з Польшчай у адзіную дзяржаву. Такім чынам, экспансія з усходу была адной з галоўных прычын падпісання Люблінскай уніі. Як адзначаў віленскі ваявода Мікалай Радзівіл, “калі мы ехалі ў Люблін, на нашым хрыбце сядзеў вораг”.

Падругое, вялікае значэнне для заключэння новай уніі з Польшчай мелі супярэчнасці ў пануючым класе ВКЛ паміж магнатамі і шляхтай. У палітычным жыцці ВКЛ тон задавалі буйныя феадалы – магнаты. Яны вырашалі асноўныя пытанні жыцця дзяржавы. Шляхта ж, гэта значыць, сярэднія і дробныя феадалы, служылае саслоў’е, прысутнічала на пасяджэннях соймаў, але не мела там рашаючага ўплыву. Як казаў магнат Альбрэхт Гаштольд, “мы запрашаем шляхту на пасяджэнні соймаў, каб яны ведалі, што мы вырашаем.” У Польшчы ж шляхта мела больш шырокія правы і вольнасці. Таму шляхта ВКЛ настойліва імкнулася да аб’яднання з Польшчай, каб атрымаць рэальныя і шырокія палітычныя правы.

Пэўнае значэнне для аб’яднання мелі і эканамічныя, культурныя сувязі, якія ўжо існавалі паміж ВКЛ і Польшчай з часоў Крэўскай уніі, пазіцыя каталіцкіх іерархаў, якія хацелі пашырыць свой уплыў на ўсходзе.

Перагаворы аб уніі пачаліся ў студзені 1569 года, яны ішлі досыць супярэчліва і працягваліся шэсць месяцаў. Кожны бок адстойваў свае інтарэсы. Палякі фактычна дамагаліся інкарпарацыі (уключэння) ВКЛ у склад Польшчы і ліквідацыі яго як самастойнай дзяржавы. Яны хацелі скарыстаць цяжкую знешнепалітычную сітуацыю, у якую трапіла ВКЛ у выніку Лівонскай вайны. Паслы ВКЛ на чале з гетманам Хадкевічам настойвалі на раўнапраўным саюзе двух дзяржаў і дамагаліся перш за ўсё ваеннай дапамогі Польшчы ў барацьбе з Масквой. У ходе перамоў дэлегацыя ВКЛ не раз пакідала залу пасяджэння, рабіла дэмаршы і зноў вярталася. Ёсць звесткі нават аб тым, што гетман Хадкевіч стаяў на каленях і са слязьмі на вачах прасіў у палякаў дапамогі.

Невядома, колькі б ішоў гэты торг, калі б кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІ Аўгуст не прыняў нечаканае і незаконнае рашэнне. Ён выдаў загад аб далучэнні да Каралеўства Польскага тэрыторыі сучаснай Украіны (Валыні, Падолля, Кіеўшчыны), а таксама Падляшша. ВКЛ, знясіленнае вайной, не мела магчымасці супраціўляцца і вымушана было зноў сесці за стол перагавораў.

1 ліпеня 1569 года акт Люблінскай уніі быў падпісаны. Згодна з ім абодва народы павінны былі аб’яднацца ў адзін народ і адзіную дзяржаву. Вышэйшым органам абвяшчаўся агульны сойм, які выбіраўся дэлегатамі ад Польшчы і ВКЛ на павятовых сойміках.

Адмянялася асобнае выбранне караля польскага і вялікага князя літоўскага. Знешняя палітыка станавілася агульнай справай. Тэрыторыя Украіны адыходзіла да Польшчы. Унія дазваляла набываць маёнткі (землі) палякам у ВКЛ, а літвінам – у Польшчы.

Такімі былі ўмовы Люблінскай уніі, зафіксіраваныя на паперы і падпісаныя бакамі, у выніку якіх была створана новая дзяржава – Рэч Паспалітая.

Што ж такое Рэч Паспалітая і якое становішча займалі ў ёй беларускія землі? Па гэтаму пытанню ў гістарыяграфіі ёсць тры пункты погляду.

Частка гісторыкаў (польскіх, расійскіх, савецкіх) лічыла і сёння лічыць, што ў выніку Люблінскай уніі ВКЛ было інкарпарыравана ў склад Польшчы і перастала існаваць як самастойныя дзяржава.

2-і пункт погляду на РП маюць гісторыкі беларускай нацыянальнай арыентацыі. Яны сцвярджаюць, што навязаныя палякамі ўмовы Люблінскай уніі на практыцы не былі ўведзены ў дзеянне і засталіся толькі на паперы. Зліцця дзвюх дзяржаў не адбылося. ВКЛ да канца XVIII стагоддзя працягвала існаваць як самастойная і незалежная дзяржава, а Люблінская унія стварыла новую канфэдерацыю для барацьбы супраць знешняй небяспекі.

3-і пункт погляду, які замацаваўся ў большасці сучасных беларускіх гістарычных выданняў, тлумачыць РП як фэдэратыўную дзяржаву, дзе былі агульныя органы кіравання і агульнае грамадзянства.

Безумоўна, умовы Люблінскай уніі былі даволі дыскрымінацыйнымі для ВКЛ, але пасля ліквідацыі пагрозы з боку Маскоўскай дзяржавы і ў выніку так званага “бескаралеўя” ВКЛ паступова здолела часткова аднавіць сваю самастойнасць.

На чале дзяржавы стаяў агульны кароль, які выбіраўся і польскай і літвінскай шляхтай і насіў тытул не толькі кароля, але і вялікага князя. Дарэчы, каралеўскі двор менавіта ў сувязі з Люблінскай уніяй быў перанесены з Кракава у Варшаву.

Вышэйшым заканадаўчым органам РП быў двухпалатны Вальны Сойм, работа якога насіла федэратыўны характар. Кожны трэці сойм РП праводзіўся на тэрыторыі ВКЛ у Гродна, і тут ужо пасяджэнні сойму веў мясцовы дэпутат (маршалак). Акрамя таго, насуперак акту Люблінскай уніі у ВКЛ, пачынаючы з 70 – 80-х гадоў XVI стагоддзя рэгулярна збіраліся самостойныя соймы, якія вырашалі пытанні ўнутранага жыцця ВКЛ.

ВКЛ мела свой адміністрацыйны апарат на чале з мясцовымі канцлерамі, сваё асобнае войска, кіраўніцтва якога не заўсёды лаяльна ставілася да Польшчы. Так, гетман ВКЛ Януш Радзівіл на адным з пасяджэнняў варшаўскага сойму заявіў: “Паноў-палякаў, якія лезуць у нашы дзверы, праз вокны выкідваць будзем”. Ёсць думка, што за такую пазіцыю яго палякі атруцілі.

Фактычна не былі ліквідаваны і межы паміж дзяржавамі, дзе нават спаганяліся пошліны за ўвоз і вываз купецкіх тавараў.

Прававая самастойнасць ВКЛ з цягам часу узмацнялася. У 1582 г. тут пачынае дзейнічаць Галоўны Трыбунал, у 1588 г. была прынята трэцяя рэдакцыя Статута ВКЛ, дзе, па сутнасці, скасоўваліся некаторыя палажэнні Люблінскай уніі. Напр., адзін з артыкулаў Статута забараняў “замежнікам” набываць зямельную ўласнасць і займаць у ВКЛ дзяржаўныя пасады. Па Статуту такое права мелі толькі “тубыльцы”, гэта значыць, грамадзяне ВКЛ. Акрамя таго, артыкул 1-ы IV раздела Статута замацоўваў дзяржаўнасць старабеларускай мовы, якая захоўвалася да 1696 г.

Не мела РП і агульнай дзяржаўнай сімволікі. Афіцыйная сімволіка заўсёды складвалася з дзвюх частак: побач размяшчаліся белы арол з каронай на галаве – герб Польшчы і герб ВКЛ – Пагоня.

Які ж дзяржаўны лад панаваў у РП? Чаму шляхта так імкнулася да аб’яднання з палякамі?

У вышэйшым заканадаўчым органе, Вальным Сойме, маглі засядаць толькі шляхцічы. Яны мелі права ўдзельнічаць у выбарах караля, займаць урадавыя і вышэйшыя духоўныя пасады. Толькі шляхта мела грамадзянскія правы і свабоды: недатыкальнасць асобы, памяшкання, маёмасці; шэраг эканамічных прывілеяў (вызвалялася ад мытных пошлін); мела выключнае права на вытворчасць спірту (права прапанацыі); магла мець шынкі, млыны і кузні. Нават пошліны і падаткі на карысць дзяржавы ўстанаўліваліся са згоды самой шляхты.

Правы караля ў Рэчы Паспалітай былі істотна абмежаванымі. Ён фактычна выконваў волю шляхты і не меў права прымаць самостойныя дзяржаўныя рашэнні. Без згоды шляхецкага Сената (16 чал.) ён не мог прызначаць ці здымаць асоб з дзяржаўных пасад, склікаць паспалітае рушэнне, весці міжнародныя справы, уводзіць новыя падаткі і г.д. Нават такія прыватныя справы, як жаніцьба, развод ці замежныя паездкі падлягалі кантролю з боку шляхты. Шляхецкія вольнасці былі замацаваны ў так званых Генрыхавых артыкулах, якія павінен быў падпісваць кожны прэтэндэнт на трон у час выбараў караля. У выпадку невыканання каралём сваіх абавязкаў шляхта мела права на стварэнне канфедэрацый і ўзброенае выступленне супраць каралеўскай улады (рокашы).

Але самой галоўнай, “залатой”, шляхецкай вольнасцю было так званае liberum veto, што ў перакладзе з лацінскага азначае “свабода забароны”. Гэты прынцып панаваў ў Сойме Рэчы Паспалітай і патрабаваў аднагалоснага прыняцця рашэнняў па ўсіх пытаннях. Калі хоць адзін дэпутат не згаджаўся і ставіў сваё veto (“не дазваляю”), рашэнне не праходзіла. Гэтым, як лічылася, высока цанілася, а фактычна даводзіліся да абсурду пачуццё гонару і годнасці кожнага шляхціча-дэпутата.

Прынцып ліберум вета адыграў драматычную ролю ў жыцці РП. Ён не раз зрываў работу вышэйшага дзяржаўнага органа ўлады. Па падліках гісторыкаў, з 50 апошніх соймаў РП толькі 7 адбыліся без перашкод. Абранне караля таксама павінна было адбывацца аднагалосна, што цяжка было дасягнуць у асяроддзі амбіцыйнай шляхты. Ні кароль пры сваім жыцці, ні сойм пры жыцці караля не маглі намеціць яму пераемніка. Таму пасля смерці кожнага караля пачыналася выбарнае бязладдзе. Розныя шляхецкія групоўкі імкнуліся пасадзіць на трон свайго прэтэндэнта; бескаралеўе цягнулася часам па некалькі гадоў. Шляхецкая дэмакратыя перарастала ў анархію.

Усё гэта аслабляла вышэйшую ўладу ў Рэчы Паспалітай і было галоўнай прычынай яе палітычнай слабасці. Акружанай больш моцнымі цэнтралізаванымі дзяржавамі, дзе панавалі манархічныя рэжымы, Рэчы Паспалітай было наканавана палітычнае і ваеннае паражэнне.


  1. Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай. Становішча Вялікага княства Літоўскага ў палітычнай сістэме РП

Утварэнне Рэчы Паспалітай, яе дзяржаўны лад

Пачатак Новага часу (ХVI-ХVIII стст.) характэрны значнымі зменамі ў сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці еўрапейскіх і азіяцкіх краін. У выніку вялікіх геаграфічных адкрыццяў- Амерыкі з яе вялікімі багаццямі, марскога шляху з Еўропы ў Індыю і інш., а таксама значнага павялічэння колькасці навуковых дасягненняў, якія потым атрымалі назву навуковай рэвалюцыі, пачалося хуткае развіццё прадукцыйных сіл і накапленне багацця ў вядучых краінах. На змену сярэднявечча з пераважна натуральнай гаспадаркай прыйшоў новы тып эканомікі, сацыяльнай структуры, ідэалогіі. Пачаўся працэс фарміравання буржуазіі і дваранства, з аднаго боку, і наёмных рабочых з другога і адначасова рост сацыяльнай напужанасці ў грамадстве. У палітычнай сферы праявілася тэндэнцыя да фарміравання спачатку саслоўных манархій, а затым і абсалютызма, геапалітычнай сістэмы буйных дзяржаў. Такімі абсалютыскімі рэжымамі былі Свяшчэнная Рымская імперыя, Шведскае каралеўства, Іспанія, Англія, Францыя, Асманская імперыя. У Расіі таксама дзяржаўны лад набыў рысы абсалютысцкай імперыі. Абвастрыліся супярэчнасці паміж гэтымі палітычнымі рэжымамі, пачасціліся выпадкі экспансіі з іх боку. Імкнуліся да пашырэння свайго перш за ўсё палітычнага ўплыву і бліжайшыя суседзі Беларусі – Расійская дзяржава і Польшча.

У сяр. ХVI ст. ВКЛ аказалася ў складаным палажэнні, якое прымусіла заключыць унію (саюз) з Польшчай. У 1558 годзе рускі цар Іван IV пачаў вайну з Лівонскім ордэнам за выхад да Балтыйскага мора. Лівонія звярнулася за дапамогай даВКЛ, якое згадзілася ўзяць ордэн пад свой пратэктарат. У выніку ваенные дзеянні перакінуліся на тэрыторыю Беларусі. 15 лютага 1563  г. рускія войскі захапілі г. Полацк. Стварылася пагроза захавання цэласнасці і самастойнасці ВКЛ. Не хапала сіл і рэсурсаў. Быў патрэбен саюзнік. Пагроза з боку Маскоўскай дзяржавы з’явілася адной з важнейшых прычын утварэння РП. З пункту погляду знешняй палітыкі ў такім саюзе была зацікаўлена і Польшча, якая спадзявалася такім чынам павялічыць сваю моц і тым самым засерагчыся ад магчымых нападаў туркаў.

Да ўнутраных прычын можна аднесці зацікаўленасць у уніі сярэдняй і дробнай шляхты ВКЛ, якая адчувала засілле буйных магнатаў і была не супраць атрымаць тыя ж правы, як і ў шляхты Кароны. З другога боку, шляхта Польшчы хацела пашырыць за лік тэрыторыі ВКЛ свае зямельныя ўладанні. У уніі была зацікаўлена і каталіцкая царква, якая спадзявалася за лік гэтага пашырыць свой ўплыў на Ўсходзе. Заключэнню уніі садзейнічалі і папярэдняе эканамічнае і культурнае збліжэнне ВКЛ і Кароны, якое адбывалася на працягу стагоддзяў, пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 года. У 1563 г. шляхта ВКЛ на палявым сейма каля г. Віцебска ўнесла прапанову аб заключэнні уніі з Польшчай.Палякі ў гэтым жа годзе на Варшаўскім сейме таксама падтрымалі гэтую ідэю, але пры ўмове інкарпарацыі ВКЛ у склад Польшчы. Перамовы былі цяжкімі і працяглымі і толькі ў студзені 1569 года пачаў сваю працу супольны сейм ў г. Любліне. Польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы, захапіўшы Падляшша і Падолле, Валынь і Кіеўшчыну. Дэлегацыя ВКЛ вымушана была 1 ліпеня 1569 г. падпісаць унію аб аб’яднанні з Польшчай у адну дзяржаву - РП. Вышэйшым органам аб’яўляўся вальны сейм, які збіраўся ў Польшчы. Узначальваў дзяржаву выбарны кароль, ён жа захоўваў тытул князя ВКЛ. Знешняя палітыка знаходзілася ў кампетэнцыі Польшчы. Палякі атрымалі права набываць маёнткі ў ВКЛ, а ліцвіны – ў Польшчы. У ВКЛ захоўваліся былы адміністратыўны апрарат, асобнае ад Польшчы заканадаўства, судовая арганізацыя, войска. Рашэнні Люблінскага сейма насілі дыскрымінацыйны характар у адносінах да ВКЛ. Але за гады так званага “бескаралеўя”, якое цягнулася некалькі гадоў, цэнтральная улада аслабла і гэта выкарыстала ВКЛ для дэнансацыі рада палажэнняў Люблінскай уніі.

Так, напрыклад, у прынятай у 1588 г. трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ забаранялася палякам набываць землі ў ВКЛ. Там жа юрыдычна замацоўвалася ў якасці мовы справаводства старабеларуская мова. Насуперак уніі у ВКЛ сталі збірацца асобныя сеймы, а ў 1673 г. Ужо афіцыйна было прынята рашэнне кожны трэці сейм праводзіць у княстве. У 1592 г. пачаў дзейнічаць асобны вышэйшы судовы орган – Галоўны трыбунал княства.

З уваходжаннем ВКЛ у склад РП мясцоваясістэма кіравання засталася ранейшай, але дзяржаўны лад некалькі змяніўся. На чале дзяржавы стаяў выбарны манарх-кароль. Але яго паўнамоцтвы былі абмежаваны сеймам. Яшчэ з часу праўлення ў пач. 80-х-гг. ХVI ст. Генрыха Валуа была ўведзена практыка прыняцця ад караля у час выбараў на каранацыйным сейме пэўных абавязацельств перад магнатамі і шляхтай (“пакта-канвента”), а таксама пацвярджэнне раней прынятых папярэднікамі. Хаця фармальна ён яшчэ тытулаваўся вялікім князем, але ў вярх. кіраванні землі ВКЛ не дыферэнцыраваліся. Адпаведна і страціла сваё значэнне паны-рада.

Заканадаўчую ўладу меў сейм, але паслы ад ВКЛ мелі на ім толькі трэцюю частку месц. Па абразцу Польшчы сейм стаў падзяляцца на дзве палаты: сената, які складаўся з прадстаўнікоў адміністрацыі, магнатаў, вышэйшага духавенства і пасольскай ізбы. У гэтую ніжнюю палату дэпутаты выбіраліся на павятовых сейміках.

Усе важныя рашэнні кароль павінен быў прымаць са згоды сейма, у іншым выпадку шляхце давалася права адмовіцца ад паслушэнства каралю і ствараць узброеныя аб’яднанні – канфедэрацыі і арганізоўваць рокашы – узброеныя выступленні. Акрамя таго, дзейнасць караля кантралявалі сенатары-рэзідэнты. Але і работа сеймаў была фактычна паралізавана з прычыны ўвядзення з 1652 г. права “ліберум вета”, гэта значыць, аднагалоснага прыняцця рашэнняў. Аслабленне цэнтральнай улады вяло да феадальнай анархіі.

З другой паловы XVII ст. польскі ўплыў у ВКЛ павялічваўся, пачалася паланізацыя і акаталічванне, што прывяло да дэзінтэграцыі грамадства па сацыяльна-рэлігійнай прыналежнасці. Магнаты і шляхта усё больш апалячваліся.У 1696 г. насуперак Статуту ВКЛ 1588г. адзінай дзяржаўнай мовай стала польская, у выніку беларуская мова захавалася толькі ў гаворках простага народа. У гэтым жа годзе шляхта ВКЛ, якая ўжо цалкам асіміліравался, была канчаткова ўраўнена ў правах з польскай у адносінах кантроля за дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. Гэта быў значны крок у сацыяльнай і палітычнай кансалідацыі прывілеяваных саслоўяў.


  1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   36


написать администратору сайта