История Беларуси. Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі
Скачать 1.84 Mb.
|
Уключэнне Беларусі ў склад Расійскай імперыі. Асноўныя напрамкі палітыкі расійскага ўрада на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX стст.У канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ стагоддзя ў Еўропе інтэнсіўна ішоў працэс фарміравання індустрыяльнага грамадства – завяршаўся перыяд буржуазных рэвалюцый, у выніку якіх капіталістычная ўласнасць выцясніла феадальную, свабодная канкурэнцыя канчаткова перамагла цэхавую сістэму, а буржуазнае права – саслоўныя прывілеі. Буржуазная ідэалогія паступова пранікала і ў Расійскую імперыю, у склад якой у канцы ХVІІІ стагоддзя трапілі беларускія землі. Менавіта ўключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі з’яўляецца важнейшай падзеяй ў гісторыі беларускага народа, якая аказала велізарны ўплыў на далейшы яго гістарычны лёс. Сярод гісторыкаў да нашых дзён ідуць спрэчкі вакол ацэнкі гэтай падзеі. Адны – прыхільнікі “заходнерусізму” – разглядаюць гэту падзею як “уз’яднанне” Беларусі і Літвы з Расіяй і “выратаванне” заходнерускага народа ад канчатковага апалячвання. Другія – прадстаўнікі “польскай” плыні ў гістарыяграфіі – адназначна адмоўна ацэньваюць падзелы Рэчы Паспалітай і палітыку царызму на беларускіх землях. Трэція, пачынаючы з М.В. Доўнар-Запольскага, разглядваюць гэту падзею з беларускіх пазіцый: наколькі яна паспрыяла станаўленню беларускай нацыянальнай ідэі і беларускай нацыі. Яны, не адабраючы палітыку царызму ў Беларусі ў цэлым, віталі рэпрэсіўныя мерапрыемствы царызму ў дачыненні да польскай культуры і паланізаванай беларускай шляхты. Таму вывучэнне дадзенага перыяду гісторыі Беларусі, безумоўна, неабходна пачынаць з разгляду гісторыі падзелаў Рэчы Паспалітай, якія істотным чынам змянілі геапалітычную сітуацыю на беларускіх землях, далейшая гісторыя якіх цяпер непарыўна была звязана з гісторыяй і лёсам Расійскай імперыі. У 50-я гады ХVIII стагоддзя у Рэчы Паспалітай пачаліся прагрэсіўныя рэформы, скіраваныя на ўмацаванне дзяржавы. Яны ўзмацніліся, калі каралём стаў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пры ім робяцца спробы абмежаваць шляхецкія вольнасці і пераадолець бязладдзе ў краіне і, у першую чаргу, ліквідаваць права liberum veto. Занепакоеныя гэтым суседзі Аўстрыя, Прусія і Расія пачалі шукаць выпадак для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалитай. Яны вырашылі выкарыстаць для гэтага дысідэнцкае пытанне – абмежаванне ў палітычных правах некатолікаў (дысідэнтаў). С. Панятоўскі і яго ўрад адмовіліся выканаць патрабаванні Расіі і Прусіі аб гарантыях правоў дысідэнтаў, бо баяліся страціць падтрымку каталіцкай шляхты, якая складала апору дзяржаўнай ўлады. У адказ на гэта ў Слуцку пры падтрымцы Расіі была створана праваслаўная, а ў Торуні пры падтрымцы Прусіі пратэстанцкая канфедэрацыі, якія запатрабавалі вырашыць дысідэнцкае пытанне і пагражалі вайной каралю. У кастрычніку 1767 года пачаў працу сойм, які, насуперак процідзеянню католікаў, ураўняў дысідэнтаў у правах з католікамі. Аднак ў лютым 1768 годзе ў крэпасці Бар на Украіне каталіцкая шляхта стварыла канфедэрацыю, якая выказалася за адмену рашэння сойма аб дысідэнтах і аб’явіла вайну каралю. На дапамогу яму прыходзіць расійская армія. Доўгая грамадзянская вайна з канфедэратамі, дзякуючы расійскаму ўмяшальніцтву, завяршылася поўным разгромам канфедэратаў. Вайна істотна аслабіла Рэч Паспалітую і яе магчымасць працістаяць больш моцным суседзям. 5 жніўня 1772 года ў Санкт-Пецярбургу Аўстрыя, Прусія і Расія падпісалі канвенцыю аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Да Аўстрыі адышла Галіцыя і частка Малой Польшчы, да Прусіі – Памор’е (без Гданьска і Торуня), а Расія атрымала землі на ўсход ад Дзвіны і Дняпра – ўсяго 92 тыс. кв. км. і 1 млн. 300 тыс. жыхароў. Пасля першага падзелу рэформы ў Польшчы ўзмацніліся. Іх апагеем стала Канстытуцыя 3 мая 1791 года, прынятая на Чатырохгадовым сойме. Яна абвясціла спадчынную канстытуцыйную манархію, ліквідавала шляхецкія вольнасці і бязладдзе, ператварыла Рэч Паспалитую ва ўнітарную дзяржаву з рэгулярным наёмным войскам, стварыла магчымасці для буржуазнага развіцця краіны. Аднак у самой Польшчы аказалася шмат праціўнікаў Канстытуцыі. 27 красавіка 1792 года у Пецярбургу яны пры падтрымцы правячых колаў Расіі падпісалі акт канфедэрацыі, які быў абвешчаны ў мястэчку Таргавіцы. Удзельнікі Таргавіцкай канфедэрацыі запатрабавалі ад караля адмяніць Канстытуцыю і звярнуліся за дапамогай ў Расію. 9 студзеня 1793 года 100-тысячная руская армія ўступіла на тэрыторыю Рэчы Паспалітай і сойм вымушаны быў адмяніць Канстытуцыю. 23 студзеня 1793 года ў Пецярбургу Прусія і Расія падпісалі канвенцыю, згодна з якой адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Да Прусіі адышлі Вялікапольшча, Мазовія, Гданьск, і Торунь, а Расія атрымала цэнтральную частку Беларусі па лініі Друя – Пінск, а таксама частку Украіны – усяго 280 тыс. км. кв. і 3 млн. жыхароў. Пасля другога падзелу тэрыторыя Рэчы Паспалітай складала ўсяго 212 тыс. кв. км. З насельніцтвам 4 млн. чалавек і фактычна аказалася пад палітычным кантролем Расіі. Праціўнікі таргавічан не змірыліся з такім становішчам. У сакавіку 1794 года яны паднялі паўстанне. Яго ўзначаліў брыгадны генерал арміі ЗША, герой вайны за незалежнасць, ураджэнец Беларусі Тадэвуш Касцюшка, які на час паўстання атрымаў дыктатарскія паўнамоцтвы. Па яго загаду лідэры Таргавіцкай канфедэрацыі былі пакараныя смерцю. Паўстанне пачалося пасля таго, як расійскі пасол загадаў польскай арміі скласці зброю і разыйсціся па дамах. Армія не выканала гэты загад і адышла ў Кракаў, дзе 24 сакавіка быў абвешчаны Паланецкі ўніверсал, які мэтай паўстання абвясціў аднаўленне Канстытуцыі 1791 года і польскай дзяржавы ў межах 1772 года. Першую значную перамогу над рускім войскам паўстанцы атрымалі пад Рацлавіцамі. Іх падтрымалі ў Варшаве і Вільні. Значная частка тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай апынулася пад поўным кантролем урада Т. Касцюшкт. Урад Т. Касцюшкі змог забяспечыць мабілізацыю ўсіх матэрыяльных сродкаў і людскіх рэсурсаў і стварыць вялікую і бояздольную армію. Каб справіцца з ёю, Расія вымушана была паскорыць заключэнне мірнага дагавора з Турцыяй, а потым сваю армію перакінуць у Польшчу. У выніку супраць атрадаў Касцюшкі былі накіраваны значные ваенныя сілы Расіі, Аўстрыі і Прусіі. 10 кастрычніка 1794 года ў бітве пад Мацяёвіцамі паўстанцы пацярпелі паражэнне, а цяжка паранены Т. Касцюшка трапіў у палон. 16 лістапада руская армія пад камандаваннем А.В. Суворава заняла Варшаву. Паўстанне было канчаткова падаўлена. Яшчэ да канчатковага падаўлення паўстання 24 кастрычніка 1795 года Аўстрыя, Прусія і Расія ажыццявілі апошні падзел Рэчы Паспалітай. У выніку яго польская дзяржава спыніла сваё існаванне. Прусія атрымала Мазовію з Варшавай і частку тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага да Нёмана, Аўстрыя – тэрыторыю паўднёвай і цэнтральнай Польшчы з гарадамі Кракавам, Сандамірам і Люблінам, Расія – Заходнюю Беларусь, Літву і Курляндыю, усяго 120 тыс. кв. км. з насельніцтвам ў 1,2 млн чалавек. У першыя гады пасля падзелаў царскі ўрад праводзіў жорсткую, але асцярожную і памяркоўную палітыку. Пасля першага падзелу на далучаных землях быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Спачатку было створана Беларускае генерал-губернатарства ў складзе Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай да яго была далучана Мінская губерня. Пасля трэцяга падзелу на далучаных землях стварылі Віленскую, Гродзенскую і Ковенскую губерні і аб’ядналі іх у Літоўскае генерал-габернатарства. Да яго ў хуткім часе далучылі і Мінскую губерню. Расійскія ўлады забаранілі магнатам мець прыватныя арміі і прымусілі іх разбурыць прыватныя крэпасці. Мясцовая шляхта была абавязана прысягнуць Кацярыне ІІ. Тым, хто не жадаў прысягаць, дазвалялася прадаць маёнткі і з’ехаць за мяжу. Тыя, хто прынёс прысягу, атрымлівалі правы расійскага дваранства. У многіх дробных шляхціцаў не было ні маёнткаў, ні прыгонных сяляні, ні дакументаў аб праве на шляхецтва. Менавіта таму праз некаторы час пасля падзелаў пачаўся “разбор шляхты”, згодна з гэтай палітыкай расійскага ўрадапераважна дробная шляхта павінна была прадаставіць у спецыяльную камісію дакументы, якія падцвярджаюць шляхецкае паходжанне. Калі такія дакументы адсутнічалі, то шляхту пераводзілі ў падатковыя саслоўі. Неабходна адначыць, што да шляхецкага паўстання 1830 – 1831 гг. гэты працэс не фарсіраваўся, часта абыходзілася чуткамі і размовамі, але пасля паўстання яго правялі надзвычай хутка, і ў падатныя саслоўі было пераведзена больш за 10 тыс. чалавек. На тэрыторыі Беларусі захоўвалася дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Ён прымяняўся ў судах пры разглядзе грамадянскіх адміністрацыйных і маёмасных спрэчак. Крымінальныя справы разглядаліся па расійскаму заканадаўству і слухаліся ў расійскіх судах. Палякам прадстаўлялася самая шырокая культурна-нацыянальная аўтаномія. На польскай мове працаваў Віленскі ўніверсітэт і гімназіі. Польская мова выкарыстоўвалася ў некаторых дзяржаўных установах. Пасля далучэння ў 1815 г. да Расійскай імперыі герцагства Варшаўскага палякі атрымалі палітычную аўтаномію і нават “канстытуцыю”, якую дараваў ім Аляксандр І. У адпааведнасці з ёй яны маглі склікаць для вырашэння пэўнага кола пытанняў сойм. Менавіта ў гэты час беларуская шляхта падверглася наймацнейшаму апалячванню. Становішча сялян пасля падзелаў значна пагоршылася. Для іх у 1790 годзе была ўведзена рэкруцкая павінннасць, якой для сялян у Рэчы Паспалітай не існавала. Замест падымнай ўводзіўся падушны падатак, што вяло да істотнага павелічэння павіннасцей. Дзяржаўныя землі разам з сялянамі шчодра раздаваліся расійскім памешчыкам. Калі на беларускіх землях у час знаходжання іх у складзе ВКЛ налічвалася 27% дзяржаўных сялян, то пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі іх засталося толькі 9%. У 1797 годзе Павел І выдаў указ, які абмяжоўваў паншчыну трыма днямі у тыдзень, але прасачыць за яго выкананнем не было ніякай магчымасці. Гэты ўказ застаўся на паперы, а нормы паншчыны ўзрасталі. У гарадах было адменена магдэбургскае права, яго замяніла “Даравальная грамата на правы і выгады гарадоў Расійскай імперыі”, што была ўведзена ў 1785 годзе і давалася толькі губернскім і павятовым цэнтрам. Згодна з ёй гараджане выбіралі орган самакіравання - гарадскую думу. Яны дзяліліся па ўзроўню багацця на 6 разрадаў. Ад кожнага разраду выбіраўся 1 галосны. Таму дума, якая фармальна кіравала горадам, называлася шасцігалоснай. Фактычная улада ў горадзе належыла прызначанаму губернатарам гараднічаму. Пасля далучэння да Расійскай імперыі беларускія гарады на 2 гады вызваляліся ад усіх падаткаў, а потым яшчэ 10 гадоў плацілі паменшаныя напалову падаткі. На далучаных землях расійскія ўлады праводзілі асцярожную канфесійную палітыку. Да 1831 года каталіцкія касцёлы, манастыры і навучальныя ўстановы дзейнічалі свабодна. Землі, што належылі каталіцкай царкве, захоўваліся за ёй пры ўмове, што католікі не будуць абарачаць ў каталіцтва праваслаўных. Уплыў каталіцызму нават узмацніўся, што было выклікана пашырэннем пазіцый езуітаў. У 1773 годзе папа Рымскі распусціў ордэн езуітаў. Насуперак яго рашэнню Кацярына ІІ выдала ўказ, які дазволіў езуітам сяліцца і дзейнічаць ў межах Расійскай імперыі. Цэнтрам дыслакацыі ордэна стаў Полацк, дзе з 1812 па 1820 гг. дзейнічала езуіцкая акадэмія. У 1821 годзе ўказам Аляксандра І дзейнасць езуітаў ў імперыі была забаронена. У дачыненні ўніятаў вялася палітыка, скіраваная на “дабраахвотнае вяртанне” іх у лона праваслаўя, з дапамогай прымусу прыхажан і подкупу іерархаў уніяцкай царквы. Шматлікае яўрэйскае насельніцтва падверглася дыскрымінацыі. У 1894 годзе быў прыняты закон аб увядзенні мяжы яўрэйскай аседласці. Згодна з гэтым законам яўрэі маглі сяліцца толькі у межах былой Рэчы Паспалітай і толькі ў гарадах і мястэчках. Акрамя таго, яўрэям дазвалялася займацца толькі рамяством і гандлем. Шлях ў дзяржаўную службу і да афіцэрскіх пасадаў у арміі для іх быў зачынены. На яўрэяў распаўсюдзілася і рэкруцкая павіннасць. Акрамя таго, норма падаткаў для яўрэяў была фактычна амаль ў два разы вышэйшая, чым для хрысціян. Пасля паўстання 1830 – 1831 гг. царскі ўрад рэзка мяняе сваю палітыку ў Беларусі. Ён бярэ курс на аслабленне шляхты, выкараненне паланізацыі і паслядоўную русіфікацыю краю. У верасні 1831 года пры імператары быў створаны дарадчы орган “Асобны камітэт па справах заходніх губерняў”, які распрацаваў і ажыццявіў шэраг мерапрыемстваў для дасягнення гэтых мэт. Па прапанове Камітэта быў паскораны разбор шляхты. У 1831 годзе было адменена дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, а ў 1840 годзе – на астатняй частцы Літвы і Беларусі. У 1832 годзе, у сувязі з тым, што 2/3 студэнтаў прынялі ўдзел у польскім паўстанні, быў зачынены Віленскі ўніверсітэт. З 1836 года выкладанне ва ўсіх навучальных установах краю пераводзілася на рускую мову, а польскую мову забаранялася вывучаць нават як асобны школьны прадмет. У дзяржаўных установах, школах, судах мясцовыя чыноўнікі звальняліся, на іх месца ставіліся расійскія. Расійскім дваранам даваліся ільготы пры набыцці канфіскаваных маёнткаў, рабіліся захады па перасяленню сюды расійскіх сялян. Каталіцкія манастыры, у якіх не было поўнага складу манахаў, былі ліквідаваныя, а манастырскія маёнткі перададзены казне. У 1841 годзе каталіцкае духавенства было пазбаўлена права мець зямельную ўласнасць. У выніку гэтых змен колькасць дзяржаўных сялян павялічылася на 100 тыс. рэвізскіх душ. Адначасова вялося наступленне на ўніяцкую царкву. Улады перацягнулі на свой бок вярхі ўніяцкага духавенства на чале з епіскапам І. Сямашкам. Менавіта ён і яго прыхільнікі ў 1839 годзе склікалі ў Полацку царкоўны сабор. На ім было прынята рашэнне аб аб’яднанні ўніяцкай царквы з праваслаўнай. Палітыка расійскіх улад на беларускіх землях у першай палове ХIX ст. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі палітыка ўлад у цэлым была накіравана на іх зліццё з іншымі рэгіёнамі краіны і ператварэнне Беларусі ў частку Расійскай імперыі. Але першапачаткова ўлады ўлічвалі спецыфіку сацыяльна-эканамічнага і грамадскага жыцця насельніцтва гэтага рэгіёна і не пераходзілі да адкрытай русіфікатарскай палітыкі. Яна пачала пашырацца пасля паўстання 1830-1831 гг. У сацыяльна-адміністратыўнай сферы беларускія землі да пачатку ХIX стагоддзя былі падзелены згодна з унутраным расійскім адміністратыўным падзелам на 5 губерняў, якія ў сваю чаргу аб’ядноўваліся ў 2 генерал-губернатарствы: літоўскае (Віленская, Гродзенская, Мінская губерні) і Беларускае (Віцебская, Магілёўская, Смаленская губерні). Пазней тэрмін Белая Русь быў заменены паняццем – Паўночна-Заходні край. Губерні падзяляліся на паветы, паветы – на воласці. Адміністратыўны апарат у асноўным адпавядаў расійскаму, але захоўваліся некаторыя старыя назвы пасад, напрыклад, павятовы маршалак і інш. Спачатку ў беларускіх губернях прадаўжаў дзейнічаць Статут ВКЛ 1588 года, але 25 чэрвеня ён быў адменены і ў Беларусі было ўведзена расійскае законадаўства. Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі выкупляліся ўладамі і згодна з даравальнай граматай гарадам 1785 г. іх жыхары прыраўніваліся ў правах з іншым гарадскім насельніцтвам Расійскай імперыі. Магдэбургскае права скасоўвалася. Магнаты і шляхта павінны былі прынесці прысягу новым уладам, пасля чаго яны набывалі правы расійскіх дваран.Тыя ж, хто адказваўся прынесці прысягу, павінны былі за кароткі тэрмін прадаць свае маёнткі і з’ехаць за мяжу. Забараняліся канфедэрацыі, сеймы, правы шляхты былі істотна абмежаваны. Сяляне з-за іх галечнага становішча спачатку былі вызвалены на два гады ад падаткаў, у наступныя дзесяць гадоў яны браліся на ільготнай аснове, але затым яны пачаліся спаганяцца ў поўным размеры. Уводзіліся рэкруцкія наборы. Нацыянальная палітыка расійскіх ўлад спачатку была даволі памяркоўная. Справаводства, кнігадрукаванне, навучанне ў школах спачатку, як і раней, ажыццяўлялася на польскай мове. Але адначасова праводзілася палітыка пратэкцыянізма рускай мове. Т. чын., беларусы падвяргаліся двайному нацыянальнаму прыгнёту. З 30-х гг., пасля падаўлення польскага паўстання, якое закранула і беларускія землі, польскі ўплыў пачаў выцясняцца, узамен разгарнулася актыўная русіфікацыя беларускага насельніцтва. Адначасова пачаўся так званы “разбор” шляхты. Ён заключаўся ў праверцы сапраўднасці і наяўнасці дакументаў, пацвярджаючых шляхецкае званне. Не вытрымаўшых праверку шляхцічоў пераводзілі ў саслоўе аднадворцаў у сельскай мясцовасці і грамадзян у гарадах. Для яўрэяў Указам ад 23 чэрвеня 1794 г. ўстанаўлівалася мяжа яўрэйскай аседласці. Згодна з ёй яўрэі маглі сяліцца толькі на беларускіх, літоўскіх і часткова ўкраінскіх землях, пры гэтым ім забаранялася набываць маёнткі, займацца земляробствам. Падаткі ж яны павінны былі плаціць у двайным памеры. У адносінах да рэлігійных аб’яднанняў улады спачатку таксама займалі ўзважаныя пазіцыі. Каталіцызм не забараняўся, нават была адноўлена дзейнасць ордэна езуітаў. Але дзяржаўнай канфесіяй стала праваслаўе. Улады матэрыяльна падтрымлівалі праваслаўных святароў, выдзялялі сродкі для будаўніцтва праваслаўных храмаў. Але пасля паўстання каталіцкаму і ўніяцкаму духавенству было забаронена схіляць у сваю веру людзей. Пачалася секулярызацыя царкоўных ўладанняў. Уніяцкая царква была забаронена, а ўніяты пераведзены у стан праваслаўных. Гэтыя дзеянні ўлад заканадаўча былі замацаваныя 12 лютага 1839 г. на ўніяцкім саборы ў Полацку. На ім было прынята рашэнне аб далучэнні ўніяцкай царквы да рускай праваслаўнай.
Грамадска-палітычны рух у Беларусі ўпісваўся ў агульнаеўрапейскую палітычную сітуацыю і быў яе неад’емнай часткай. Гэта знаходзіла адлюстраванне як ў адзінстве ідэалаў, за якія змагаліся дзеячы рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага рухаў ў краінах Еўропы, так і ў падабенстве арганізацыйных формаў, у якіх яны праяўляліся. У першай палове ХІХ ст. галоўнай арганізацыйнай формай грамадскага руху былі тайныя і паўлегальныя таварыствы. У еўрапейскіх краінах масавы характар набыло стварэнне розных таварыстваў: навуковых, палітычных, культурна-асветніцкіх, самаўдасканалення і інш. Шмат хто з даследчыкаў бачыць у гэтым ўплыў найбольш магутнай у тую эпоху арганізацыі, масонства. Цесна звязаны з масонствам былі таксама тайныя таварыствы студэнцкай і вучнёўскай моладзі, якія дзейнічалі ў Літве і Беларусі ў першай чвэрці ХІХ ст., а таксама дзекабрысцкія арганізацыі. У Заходняй Еўропе масонства зарадзілася як рух людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў пад эгідай пошуку сапраўдных шляхоў духоўнага абнаўлення грамадства. У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. масонскія ложы выкарыстоўваліся для абмеркавання праблем развіцця асобы і грамадства ў цэлым. У перш. чвэрці ХІХ ст. і асабліва пасля 1812 г. яны ўжо дзейнічалі ў многіх гарадах Беларусі. Кіруючым цэнтрам масонства ў Беларусі быў малы Капітул “Святыня спакою”, што знаходзіўся ў Нясвіжы і быў падпарадкаваны віленскай ложы “Дасканалае адзінства”, а праз яе “Вялікаму Усходу Польшчы”. Працавалі таксама масонскія ложы “Шчаслівае вызваленне” ў Нясвіжы, “Паўночная Паходня” ў Мінску, “Сябар чалавецтва” ў Гродне і інш. Сярод мясцовых масонскіх ложаў вылучалася “Руплівы ліцвін” ў Вільні, членамі якой былі ў асноўным студэнты і выкладчыкі Віленскага універсітэта. У 1818 годзе члены гэтай ложы спрабавалі змяніць масонскі статут, адмовіцца ад таямнічасці і прысвяціць сябе адкрытаму служэнню грамадству. “Першым абавязкам ложы, – гаварылася ў новым статуце, прынятым на адным з яе паседжанняў, – з’яўляецца дапамога насельніцтву шляхам навучэння бедных рамёствам, удасканалення тэхнікі, выкаранення прычын галечы і заган, развіцця прамысловасці”. Але такая пазіцыя выклікала нездавальненне масонскага кіраўніцтва. У хуткім часе ложа “Руплівы ліцвін” была вымушана спыніць сваю дзейнасць. Адносіны царскіх ўлад да масонскіх арганізацый былі неадназначнымі. Спачатку царызм падазрона адносіўся да масонаў, але жорстка не праследаваў іх. Пасля вайны 12 г. ён нават рэкамендаваў ствараць масонскія ложы, асабліва ў войску, разлічваючы на тое, што афіцэры, трапіўшы ў палон, змогуць скарыстацца дапамогай іншаземных сяброў-масонаў. Аднак ў 1822 г. спецыяльным загадам цара ўсе масонскія ложы на тэрыторыі Расійскай імперыі былі забаронены. Амаль усе кіраўнікі або актыўныя дзеячы тайных таварыстваў ў гэты час былі масонамі. Сярод іх – А.І. Вягелін, К.Г. Ігельстром, Я. Чачот, Т. Зан і інш. Усяго ў Беларусі ў першай чвэрці ХІХ ст. налічвалася больш за 500 масонаў. Пасля вайны 1812 г. шыракае распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі атрымалі тайныя таварыствы студэнцкай і вучнёўскай моладзі і таварыствы вайскоўцаў. Сябрамі гэтых таварыстваў былі вядомыя ў далейшым таленавітыя культурныя і грамадскія дзеячы – паэты А. Міцкевіч, Т. Зан, Я. Чачот, геолаг І. Дамейка, мастак М. Кулеша і інш. У 1817 годзе ў Віленскім універсітэце па ініцыятыве студэнтаў Т. Зана, А. Міцкевіча, А. Петрашкевіча, Я. Чачота і іншых было заснавана тайнае таварыства філаматаў. Адначасова з імі і крыху пазней утварыліся тайныя і паўлегальныя арганізацыі ў Віленскім універсітэце і гімназіях: “Заране” ў беластоцкай і свіслацкай гімназіях, “Прамяністыя” ў віленскім універсітэце, тайнае таварыства гімназістаў у Крожах і інш. Усе гэтыя арганізацыі знаходзіліся пад уплывам або кіраўніцтвам філаматаў. У 1820 годзе было створана больш шырокае таварыства філарэтаў, таксама падпарадкаванае філаматам. Дзейнасць “таварыства філаматаў” праходзіла пад дэвізам “Айчына. Навука. Годнасць”. Сябры таварыства займаліся ўдасканаленнем сваіх навуковых ведаў, мастацкіх густаў, літаратурнай творчасці. Філаматы не ставілі сваёй мэтай узброенае звяржэнне існуючага ладу. Галоўным сродкам барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне яны лічылі асвету і выхаванне ў падрастаючага пакалення нацыянальнай самасвядомасці. На фарміраванне поглядаў філаматаў вялікі ўплыў аказаў Іахім Лелявель, які быў прафесарам Віленскага ўніверсітэта. Паралельна з таварыствам філаматаў і філарэтаў у Беларусі дзейнічалі гурткі тайнага польскага “Патрыятычнага таварыства”. У Літоўскі камітэт гэтага таварыства ўваходзілі М. Ромер, К. Прозар і інш. Яны ставілі мэтай адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года і тайна рыхтавалі паўстанне. У пачатку 1820-х гг. у Беларусі атрымалі распаўсюджанне ідэі рускіх дваранскіх рэвалюцыянераў – дзекабрыстаў. Гэта было звязана з перамяшчэннем з Пецярбурга у Беларусь гвардзейскага корпуса. У ім праходзілі службу многія дзеячы дзекабрысцкага руху. Кіраўнік Паўночнага таварыства М. Мураўёў у Мінску ў 1821 годзе напісаў першы варыянт расійскай канстытуцыі. Вялікая група афіцэраў-дзекабрыстаў служыла ў Бабруйскай крэпасці: С.І. Мураўёў-Апостал, М.П. Бястужаў-Румін і інш. З іх удзелам распрацоўваўся план арышту цара і яго світы ў Бабруйску ў час агляду войскаў ў 1823 годзе. З гэтым планам звязвалася абвяшчэнне Расіі рэспублікай і пачатак паўстання ў Пецярбургу. Але план ажыццявіць не ўдалося. Дзекабрысты выступалі за абмежаванне або поўную ліквідацыю самадзяржаўя, нацыяналізацыю часткі памешчыцкіх зямель, адмену прыгоннага права з надзяленнем сялян зямлёй. Яны ігнаравалі права на нацыянальнае самавызначэнне народаў Расіі. Права на незалежнасць прызнавалася толькі за Польшчай. У пачатку 1823 года у Ноўгарад-Валынску (Украіна) братамі афіцэрамі А.І. і П.І. Барысавымі было заснавана Таварыства з’яднаных славян. Яно мела сваіх прадстаўнікоў у Беларусі, выступала за ліквідацыю самадзяржаўя, увядзенне дэмакратычнага прадстаўнічага праўлення ў Расіі, аб’яднанне ўсіх славян ў адну дэмакратычную федэратыўную рэспубліку. У верасні 1825 года Таварыства аб’ядналася з Паўднёвым таварствам дзекабрыстаў. Яго 12 членаў увайшлі ў атрад царазабойцаў, створаны М.П. Бясстужавым-Руміным. У 1825 г. ў Літоўскім асобным корпусе, раскватэраваным у заходніх губернях, было створана канспіратыўнае “Таварыства ваенных сяброў”. Яго членамі былі філамат М.І. Рукевіч, капітан К.Г. Ігельстром, паручнік А.І. Вягелін і інш. У арганізацыю ўваходзілі таксама “Таварыства згоды”, якое складалася з цывільных асоб, і таварыства “Заране”, якое дзейнічала ў Беластоцкай гімназіі. У сувязі са смерцю Аляксандра І 14 снежня 1825 года дзекабрысты Паўночнага Таварыства вывелі на Сенацкую плошчу ў Пецярбургу некалькі падначаленых ім палкоў з мэтай ажыццявіць дзяржаўны пераварот. Але паўстанне было падаўлена. 24 снежня 1825 года ў Браньску каля Беластока “ваенныя сябры” адмовіліся прысягнуць новаму імператару Мікалаю І., але іншыя вайсковыя фарміраванні корпуса іх не падтрымалі і выступленне таксама было падаўлена. Арганізатары выступлення М.І. Рукевіч, А.І. Вягелін, К.Г. Ігельстром былі асуджаны на 10 год катаргі з пажыццёвым пасяленнем у Сібіры. У лютым 1826 г. С.П. Трусаў, член “Таварыства з’яднаных славян”, спрабаваў падняць на паўстанне расквартараваны ў Бабруйску Палтаўскі пяхотны полк, аднак тут жа быў арыштаваны. Паўстанне 1830 – 1831 гг. стала найважнейшай падзеяй ў грамадска-палітычным руху першай паловы ХІХ ст. Прычынай паўстання стала ўзмацненне рэакцыйнага курса царызму ў Польшчы. Урад Мікалая І пачаў груба парушаць Канстытуцыю Царства Польскага, абмяжоўваць дзейнасць сойма, арыштоўваць дэпутататаў, якія крытыкавалі дзейнасць расійскага ўрада. З 1828 года ў Варшаве дзейнічала тайная арганізацыя, асноўнай мэтай якой было аднаўленне польскай дзяржаўнасці шляхам паўстання. Яна мела шырокі ўплыў у арміі Царства Польскага. Восенню 1830 года Мікалай І планаваў накіраваць польскія фарміраванні на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі. У адказ у ноч з 29 па 30 лістапада 1830 года ў Варшаве выбухнула паўстанне. Яго пачалі курсанты школы падхарунжых, якія напалі на палац вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. Расійскія войскі вымушаны былі пакінуць Варшаву. Сярод паўстанцаў не было адзінства ні адносна мэт паўстання, ні адносна тактыкі яго правядзення.. Акрамя прыхільнікаў барацьбы за поўную незалежнасць Рэчы Паспалітай сярод паўстанцаў былі і тыя, хто патрабаваў толькі захавання Канстытуцыі Царства Польскага 1815 года. Вышэйшым кіруючым органам паўстання стаў Часовы урад, кіраўніком якога стаў А. Чартарыйскі, які ўзначальваў кансерватыўную плынь. Яго прыхільнікі ў большай ступені разлічвалі на дапамогу еўрапейскіх краін, чым на ўласныя сілы. Радыкальную плынь у паўстанні ўзначальваў І. Лелявель, які імкнуўся пераадолець шляхецкі характар паўстання і прыцягнуць да яго прадстаўнікоў усіх саслоўяў. Царскі ўрад рабіў усё магчымае, каб не дапусціць пашырэнне паўстання на Беларусь, Літву і Украіну. Яшчэ 1 снежня 1830 года ён абвясціў аб увядзенні ваеннага становішча, накіраваў сюды значную колькасць войскаў. У гарадах Заходняй Украіны, Беларусі і Літвы пачалася канфіскацыя зброі ў насельніцтва, з дзяржаўных устаноў пачалі звальняць чыноўнікаў-палякаў, уплывовых польскіх памешчыкаў бралі пад хатні арышт. Тым не менш, прадухіліць паўстанне ў Беларусі не ўдалася. У студзені – лютым 1831 года ў Вільні для кіраўніцтва паўстаннем ў Літве і Беларусі быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Але кіраўніцтва камітэта не змагло забяспечыць каарданацыю дзеянняў паўстанцкіх сіл. Паўстанне працякала стыхійна, ізалявана, хваляванні насілі лакальны характар. У канцы сакавіка – красавіку 1831 года асобныя выступленні ахапілі Літву і заходнія паветы Гродзенскай і Віленскай губерняў. У чатырох наўночна-заходніх паветах Беларусі колькасць ўдзельнікаў паўстання складала каля 10 тыс. чалавек. У асноўным гэта была шляхецкая моладзь. Сяляне паўстанне не падтрымалі. Гэтаму садзейнічала палітыка царызму. Згодна з Указам Мікалая І ад 22 сакавіка 1831 года сялянам дараваўся іх удзел у паўстанні, калі яны дабраахвотна пакідалі атрады і вярталіся да дому. Шляхцічы – удзельнікі паўстання падвяргаліся суду, а іх маёнткі канфіскоўваліся. У канцы мая 1831 года з Польшчы ў Літву прыбыў 12-тысячны корпус генерала А. Гелгуда і атрад генерала Д. Хлапоўскага ў 820 чалавек. Да іх далучылася каля 5 тысяч мясцовых паўстанцаў. 19 чэрвеня 1831 года каля Вільні адбыўся рашаючы бой паміж аб’яднанымі сіламі паўстанцаў і царскімі войскамі. Паўстанцы былі разгромлены. У пачатку жніўня 1831 года паўстанне было ўжо падаўлена на ўсёй тэрыторыі Беларусі, а ў верасні расійская армія авалодала Варшавай. У выніку паражэння паўстання Царства Польскае, яго канстытуцыя, асобная польская армія і сойм былі ліквідаваныя. На этнічнай тэрыторыі Польшчы быў уведзены расійскі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. На тэрыторыі Літвы, Беларусі і Заходняй Украіны пачала ажыццяўляцца палітыка русіфікацыі і вынішчэння польскага ўплыву. Пасля падаўлення паўстання 1830 – 1831 гг. польская эміграцыя прыкладала вялікія намаганні, каб зноў падняць паўстанне. З гэтай мэтай на тэрыторыю Беларусі пасылаліся эмісары. Эмісарам арганізацыі “Маладая Польшча”, якая дзейнічала ў эміграцыі пад кіраўніцтвам І. Лелявеля, быў Ш. Канарскі. Разам з братамі Залескімі ён быў накіраваны ў Польшчу, Літву і Беларусь для стварэння шырокай сеткі канспіратыўных арганізацый. Яшчэ ў 1835 годзе ў Кракаве Ш. Канарскі стварыў тайную арганізацыю “Садружнасць польскага народа”, уплыў якой у хуткім часе распаўсюдзіўся на Правабярэжную Украіну, Беларусь і Літву. Да яе пачалі далучацца тайныя таварыствы, што ўжо існавалі на гэтых землях. Найбуйнейшым з іх было “Дэмакртычнае таварыства”, якое дзейнічала ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. “Дэмакратычнае таварыства” было створана ў 1836 годзе па ініцыятыве Ф.А. Савіча. Статут гэтай арганізацыі – “Прынцыпы дэмакратызму”, прадугледжваў дасягненне сацыяльнай справядлівасці, адмену прыгоннага права, паважлівыя адносіны да усіх народаў. У 1838 годзе паліцыя раскрыла гэту арганізацыю. Ш. Канарскі быў асуджаны да смяротнага пакарання, Ф. Савіч і яго памочнікі былі адпраўлены ў ссылку на Каўказ, астатнія - аддадзены ў салдаты. У 1840-я гг. у Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах Расіі, рэвалюцыйны і грамадска-палітычны рух набыване разначынны характар. Ужо ў арганізацыі Ф. Савіча былі не толькі дваране-шляхціцы, але і прадстаўнікі мяшчанскага і сялянскага саслоўяў. У канцы 1840-х гг. склалася арганізацыя “Братні саюз літоўскай моладзі” або “Саюз свабодных братоў”. Яна была заснавана братамі Ф. і А. Данілеўскімі. Цэнтр яе знаходзіўся ў Вільні, аддзяленні існавалі ў Мінску, Гродне, Лідзе, Навагрудку, Ашмянах, Слоніме, Коўне і інш. гарадах. Арганізацыя ставіла мэтай звяржэнне самаўладдзя, ажыццяўленне дэмакратычных пераўтварэнняў ў Расіі і Польшчы, стварэнне назалежнай польскай рэспублікі. Дзейнасць “Саюза” асабліва актывізавалася ў 1848 годзе, калі пачалася рэвалюцыя ў краінах Еўропы. Удзельнікі арганізацыі распрацоўвалі планы падрыхтоўкі паўстання, узбраення “простага народу”. Вялася прапаганда сярод салдат і афіцэраў. У 1849 года, калі афіцэры Мінскага гарнізона на чале з капітанам А. Гусевым адмовіліся ехаць на падаўленне рэвалюцыі ў Венгрыю, арганізацыя была выкрыта, да суда было прыцягнута каля 200 чалавек. Капітан А. Гусеў і яго паплечнікі былі пакараныя смерцю. Такім чынам, грамадска-палітычны рух у Беларусі ў дадзены перыяд развіваўся ў рэчышчы расійскага і польскага рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху. У ім знайшлі адбітак усе важнейшыя падзеі грамадска-палітычнага жыцця Расіі першай паловы ХІХ ст. Вынікі Венскага кангрэса, наданне аўтаноміі Каралеўству Польскаму, а таксама абяцанне Аляксандра 1 на Варшаўскім сейме аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. вызвалі рост польскіх патрыятычных настрояў сярод значнай часткі шляхецкай інтэлігенцыі і вучнёўскай моладзі. У 1817 г. сярод студэнтаў Віленскага ўніверсітэта ўзнікла тайнае таварыства філаматаў (аматараў навук). Яно мела філіалы ў іншых навучальных установах Беларусі. У 1820 г. на аснове Віленскага таварыства філаматаў было створана другое таварыства - філарэтаў, прыхільнікаў дабрачыннасці. Члены Таварыстваў выказваліся за неабходнасць набываць веды, за свабоду і роўнасць людзей і народаў. Але яны крытыкавалі царскі ўрад і таемна выказваліся за аднаўленне Рэчы Паспалітай. У 1923 г. Гэтыя таварыствы былі выкрыты і распушчаны, а найбольш актыўныя члены – высланы. У 1923 г. пад уплывам будучых дзекабрыстаў М.М. Мураў’ёва, А.А. Бястужава, К.Г. Ігельстрома, якія адбывалі службу ў войсках, расквартараваных у Беларусі, было створана таварыства “Ваенныя сябры” з ліку афіцэраў Літоўскага корпуса, мясцовай шляхты, чыноўнікаў, вучнёўскай моладзі. Члены таварыства зрабілі спробу падняць паўстанне ў Літоўскім корпусе ў час прыняцця прысягі на вернаць імператару Мікалаю 1 24 снежня 1825 года. У сярэдзіне 20-х гадоў тайныя таварыствы на Беларусі былі разгромлены, але антыўрадавыя настроі сярод пэўных пластоў насельніцтва захоўваліся. Ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай былі папулярнымі сярод нацыянальна настроеных людзей польскай арыентацыі, асабліва ў Каралеўстве Польскім. Рэвалюцыя ў Францыі, нацыянальна-вызваленчыя рухі ў Бельгіі, Італіі далі штуршок для паўстання ў Варшаве, якое пачалося 29 лістапада 1830 г. Мэтай яго было аднаўленне Рэчы Паспалітай ў межах 1772 г. Яно ахапіла ўс Польшу, на бок паўстаўшых перайшла польская армія. Хутка ў кіраўніцтве выявіліся два накірункі: кансерватыўны на чале з князем А. Чартарыйскім, які ставіў адну мэту – аднаўленне РП; і левы на чале з І. Лялевелем, які выступаў таксама і за буржуазна-дэмакратычныя свабоды, надзяленне сялян зямлёй з адначасовай грашовай кампенсацыяй памешчыкам. У Варшаве быў утвораны. Часовы ўрад, пазней ён быў перайменаваны ў Нацыянальны ўрад, скліканы сейм, які прыняў “Маніфест польскага народа”. У 1831 г. паўстанне перакінулася на беларускія землі, пераважна паўночна-заходнія паветы Мінскай губерні і Віленскую губерню.Тут дзеяннямі паўстанцаў кіраваў утвораны ў студзені 1831 г. Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. На месцах таксама ствараліся павятовыя ўрады, якія пачалі праводзіць рэкруцкія наборы. Усяго ў паўстанні на беларускіх землях прынялі ўдзел каля 10 тыс. чалавек, але дзейнічалі паўстанцкія атрады стыхійна. У канцы мая на дапамогу паўстанцам з Польшчы быў накіраваны атрад пад камандаваннем генерала Д. Хлапоўскага у колькасці 700 чалавек, пазней – яшчэ 12-тысячны корпус генералаў А. Гелгуда і Г. Дэмбінскага. 19 чэрвеня 1831 г. пад Вільняй расійскае войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў і да канца ліпеня паўстанне ў Беларусі і Літве было падаўлена. Многія яго ўдзельнікі былі асуджаны, маёнткі канфіскоўваліся. Была скасавана аўтаномія Польшчы. Пачаўся “разбор” шляхты, адменены Статут ВКЛ. Пачалася актыўна праводзіцца палітыка русіфікацыі. Тым не менш, нягледзячы на рэпрэсіі і русіфікацыю, грамадскі рух у 30-50-е гады не спыніўся. У 1836 г. ў Вільні пад кіраўніцтвам Франца Савіча пачало дзейнічаць “Дэмакратычнае таварыства”, якое выступала за адзінства ў барацьбе супраць самадзяржаўя, за вызваленне сялян і надзяленне іх зямлёй. Пазней, на працягу 1846 - 1849 гг. у Вільні, Мінску і іншых беларускіх гарадах існавала тайная арганізацыя “Саюз свабодных братоў”, якая налічвала больш за 200 членаў. Саюз таксама ставіў мэтай звяржэнне самадзяржаўя і ажыццяўленне дэмакратычных пераўтварэнняў. Гэтыя арганізацыя былі выкрыты і разгромлены. Але і ўлады былі вымушаны некалькі лібералізаваць сваю палітыку ў заходніх губернях. У сярэдзіне ХIX стагоддзя палітычная сітуацыя ў Беларусі прадаўжала заставацца напружанай
|