Шпора ИГПБ. 1. Прадмет і задачы гісторыі дзяржавы і права Беларусі
Скачать 0.66 Mb.
|
45. Канстытуцыя БССР 1927г.Новая Канстытуцыя БССР, якая складалася з 13 глаў і 76 артыкулаў, была прынята VIII Усебеларускім з'ездам Саветаў толькі 11 красавіка 1927 г. У ёй БССР абвяшчалася дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, уся ўлада ў якой належала Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, і аб'яўлялася, што ў яе аснове ляжаць палажэнні Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа, прынятай III Усерасійскім з'ездам Саветаў, Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада БССР ад 1 студзеня 1919 г., асноў Канстытуцыі БССР 1919 г. і Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР ад 31 ліпеня 1920 г. У адпаведнасці з Канстытуцыяй правам выбіраць і быць выбраным у Саветы, якія з'яўляліся палітычнай асновай дзяржавы, карысталіся ўсе грамадзяне рэспублікі незалежна ад расы, полу, нацыянальнасці і адукацыі, якім да дня выбараў споўнілася 18 гадоў, за выключэннем так званых кулакоў, гандляроў, асоб, якія жылі на непрацоўныя даходы, служыцеляў рэлігійных культаў і манахаў, былых служачых і агентаў паліцыі, псіхічна хворых і асуджаных за карыслівыя і іншыя злачынствы. Выбары ў органы ўлады праводзіліся на аснове ўсеагульнага для працоўных, не зусім роўнага для рабочых і сялян выбарчага права пры адкрытым галасаванні. Выбары на з'езды былі шматступеньчатымі. Канстытуцыя замацавала за выбаршчыкамі права адклікання дэпутатаў і абавязак апошніх рабіць справаздачу аб сваёй рабоце. Канстытуцыя замацавала факт уваходжання БССР у склад Саюза ССР з правам свабоднага выхаду, вызначыла суверэнныя правы рэспублікі самастойна прымаць сваю канстытуцыю, уносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання, вызначаць адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне і інш. У новай Канстытуцыі былі паўтораны палажэнні папярэдняй Канстытуцыі рэспублікі аб правах і абавязках грамадзян, гаварылася, што ўсе грамадзяне БССР маюць права свабодна карыстацца роднай мовай. Была замацавана роўнасць беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай моў, аднак прызнавалася перавага беларускай у зносінах з дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі арганізацыямі і ўстановамі. Асноўным Законам рэгламентавалася дзейнасць вышэйшых органаў улады і кіравання, пабудаваных у адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнем (акруга, раён, горад, мястэчка, сельсавет). Спецыяльны раздзел Канстытуцыі прысвячаўся гербу, сцягу і сталіцы БССР. Носьбітам вярхоўнай улады ў Беларускай ССР, паводле Канстытуцыі 1927 г., абвяшчаўся Усебеларускі з'езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, а ў перыяд паміж з'ездамі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саветаў БCCP. Згодна з артыкуламі 24, 27, 30 Канстытуцыі да выключнай кампетэнцыі Усебеларускага з'езда Саветаў адносіліся пытанні дапаўнення і змянення асноўных палажэнняў Канстытуцыі, а таксама канчатковае зацвярджэнне частковых змен Канстытуцыі, якія прымаліся ЦВК рэспублікі ў перыяд паміж з'ездамі, змяненне межаў рэспублікі, выбары ЦВК Беларусі і прадстаўнікоў ад БССР у Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР. ЦВК БССР лічыўся вярхоўным органам улады ў перыяд паміж Усебеларускімі з'ездамі Саветаў. Ен быў заканадаўчым, распарадчым і кантралюючым органам улады, склікаў з'езды, утвараў Савет Народных Камісараў рэспублікі і Прэзідыум ЦВК БССР (арт. 31, 33, 34, 38). Асноўную арганізацыйную работу ў перыяд паміж сесіямі ЦВК выконвалі Прэзідыум ЦВК і яго пастаянныя ўстановы: сакратарыят, арганізацыйны аддзел і некаторыя камісіі. У склад Прэзідыума ўваходзілі старшыня, сакратар і да 20 членаў. Прэзідыум ЦВК у перыяд паміж сесіямі ЦВК быў вышэйшым заканадаўчым, распарадчым і кантралюючым органам улады. Ён меў права склікаць сесіі ЦВК БССР, як правіла, адзін раз у месяц, але ў Канстытуцыі БССР 1927 г. гэты тэрмін не вызначаўся, а дзейнічала норма права, якая была запісана ў дапаўненнях да Канстытуцыі, прынятых II Усебеларускім з'ездам Саветаў у 1920 г. Акрамя таго, Прэзідыум меў права прымаць дэкрэты і пастановы па розных пытаннях гаспадарчага і культурнага будаўніцтва ў рэспубліцы, забяспечваў правядзенне з'ездаў Саветаў. Штодзённую выканаўча-распарадчую работу ў рэспубліцы выконваў Савет Народных Камісараў (арт. 53). У яго склад уваходзілі старшыня СНК і яго намеснікі, народныя камісары, якія ўзначальвалі асобыя галіны дзяржаўнага кіравання, а таксама ўпаўнаважаныя народных камісараў СССР: па замежных, ваенных і марскіх справах, па шляхах зносін, пошты і тэлеграфа. Паводле Канстытуцыі 1927 г. Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі, а таксама наркаматы фінансаў, працы, гандлю і рабоча-сялянскай інспекцыі БССР апрача падпарадкавання вышэйшым органам рэспублікі павінны былі выконваць дырэктывы адпаведных народных камісараў Саюза ССР. Структура мясцовых органаў дзяржаўнай улады адпавядала адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу рэспублікі, што быў замацаваны Канстытуцыяй 1927 г. (арт. 54). Вышэйшым органам улады на тэрыторыі акругі або раёна быў адпаведна акруговы ці раённы з'езд Саветаў, a іх выканаўчымі органамі - акруговыя або раённыя выканаўчыя камітэты, якія ў перыяд паміж з'ездамі Саветаў мелі найвышэйшую ўладу на адпаведнай тэрыторыі. Для кіраўніцтва бягучымі справамі і ажыццяўлення пастаноў і дэкрэтаў вышэйшых органаў акруговыя і раённыя выканаўчыя камітэты ўтваралі свае прэзідыумы, якія дзейнічалі ў перыяд паміж пасяджэннямі выканаўчых камітэтаў і карысталіся іх паўнамоцтвамі. У артыкуле 2 Канстытуцыі Беларусі 1927 г. замацавана палажэнне аб тым, што БССР з'яўляецца сацыялістычнай дзяржавай дыктатуры пралетарыяту і ажыццяўляе свае задачы на аснове саюза рабочых і сялян. Але ў рэальнасці склалася так, што ад імя пралетарыяту дыктатуру ажыццяўляла Камуністычная партыя бальшавікоў. Менавіта па гэтай прычыне ўсе дзяржаўныя органы былі падпарадкаваны партыйным установам і павінны былі выконваць дырэктывы і пастановы партийных з'ездаў, канферэнцый і іх выканаўчых органаў. Усе важнейшыя пасады ў дзяржаўным апараце займалі толькі камуністы, якія зацвярджаліся ў партыйных камітэтах. Такая сістэма назна-чэння кіруючых кадраў атрымала назву "наменклатура". Адначасова адбылося зліццё партыйнага і дзяржаўнага апарату. Дзяржаўныя кіраўнікі ўваходзілі ў склад партыйных органаў, а партыйныя - дзяржаўных савецкіх устаноў. Такі парадак доўжыўся да таго часу, пакуль Кампартыя ў канстытуцыйным парадку заставалася "кіруючай і накіроўваючай сілай у грамадстве" (да 1991 г.). |