Главная страница
Навигация по странице:

  • Правільнасць

  • Багацце мовы

  • Сцісласць (лаканічнасць)

  • Беларуская мова.культура маулення. Беларуская мова культура малення электронны вучэбнаметадычны дапаможнік


    Скачать 468.23 Kb.
    НазваниеБеларуская мова культура малення электронны вучэбнаметадычны дапаможнік
    АнкорБеларуская мова.культура маулення.docx
    Дата28.01.2017
    Размер468.23 Kb.
    Формат файлаdocx
    Имя файлаБеларуская мова.культура маулення.docx
    ТипДокументы
    #542
    страница22 из 24
    1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24

    9. Культура маўлення



    Уменне выразна і дакладна выказваць свае думкі, гаварыць граматна, не толькі прыцягваць увагу сваім маўленнем, але і ўздзейнічаць на слухачоў, валоданне культурай маўлення – важны складнік прафесійнай падрыхтоўкі людзей самых розных спецыяльнасцей: дыпламатаў, юрыстаў, палітыкаў, настаўнікаў і выкладчыкаў, журналістаў, менеджараў. Культурай маўлення важна валодаць усім, хто па сваёй пасадзе, роду заняткаў звязаны з людзьмі, арганізуе і накіроўвае іх працу, вядзе дзелавыя перагаворы, выхоўвае, вучыць, клапоціцца пра здароўе, аказвае людзям розныя паслугі.

    Культура маўлення – гэта сукупнасць такіх якасцей, якія дазваляюць найлепшым чынам уздзейнічаць на адрасата з улікам канкрэтнай сітуацыі маўлення і ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай.

    9.1. Якасці маўлення



    Да камунікацыйных якасцей маўлення адносяцца:

    - правільнасць,

    - дакладнасць,

    - лагічнасць,

    - чысціня,

    - багацце і разнастайнасць,

    - выразнасць,

    - дарэчнасць,

    - сцісласць (лаканічнасць).

    Правільнасць – галоўная, базавая камунікацыйная якасць маўлення, бо найперш яна забяспечвае ўзаемапаразуменне суразмоўцаў. Калі няма правільнасці, не “працуюць” іншыя камунікацыйныя якасці маўлення. Правільнасць заснавана на прытрымліванні літаратурных норм, якія выпрацаваны цягам стагоддзяў і кадыфікаваны (замацаваны афіцыйна як абавязковыя для выканання) у аўтарытэтных граматыках і слоўніках (звычайна акадэмічных выданнях).

    Літаратурная норма22 забяспечвае сацыяльнае адзінства мовы, узаемапаразуменне паміж усімі носьбітамі ўсіх разнавіднасцяў мовы (дыялекты, жаргоны). “Вызначаюцца тры падыходы да разумення моўнай нормы – 1) норма – гэта сукупнасць агульнапрызнаных моўных сродкаў, якія лічацца правільнымі і ўзорнымі; 2) норма – правілы, што кіруюць выкарыстаннем моўных сродкаў; 3) норма – узаемасувязь моўных сродкаў і правілаў іх ужывання” [2, с. 91]. Моўная норма аб’ектыўная, не ствараецца асобнымі навукоўцамі, адлюстроўвае сучасны стан беларускай літаратурнай мовы, падтрымліваючы выпрацаваныя ў ходзе працяглай маўленчай практыкі набыткі.

    Так, не захоўваецца крытэрый правільнасці ў наступных сказах: Большая палова групы запісалася ў Нацыянальную бібліятэку (парушэнне лексічнай нормы, палова не можаць большай або меншай); Прыгожая запіс з віншаваннямі вісела пры ўваходзе ў залу (парушана граматычная норма, назоўнік запіс у беларускай мове мужчынскага роду).

    Дакладнасць маўлення заключаецца ў сэнсавай адпаведнасці слоў і выказванняў знешнім рэаліям, а таксама ў выкарыстанні адзінак маўлення ў тых значэннях, што замацаваны за імі ў адпаведных слоўніках. Дакладнасць вельмі цесна звязана з правільнасцю ўсіх узроўняў, а ў сферы тэрміналогіі з’яўляецца галоўным патрабаваннем.

    Асабліва асцярожна і ўмела трэба ставіцца да выкарыстання мнагазначных слоў і паронімаў (На розе каровы вісеў званочак – На рагу вуліцы Іван сустрэў сябра. Ён бескарысна – трэба бескарысліва – заступіўся за чалавека; Дзеці яшчэ дрэнна валодаюць звязаным – трэба звязным – маўленнем), размяжоўваць выпадкі ўжывання слоў з рознымі словамі сінанімічнага рада (зачыніць дзверы – закрыць твар рукамі – загарнуць сшытак – заплюшчыць вочы; любіць сястру – кахаць дзяўчыну). Перакладчыцкім алагізмам будзе наступны сказ: Я маю паляванне з’есці пэндзаль вінаграду, у якім не размяжоўваюцца амонімы.

    Дакладнасць з’яўляецца абавязковым кампанентам лагічнасці, з дапамогай якой устанаўліваюцца несупярэчлівыя, паслядоўныя, адпаведныя рэчаіснасці сэнсавыя сувязі паміж часткамі выказвання. Такім чынам, лагічнасць выходзіць за межы слова і праяўляецца ў сказе, у галіне сінтаксіса (Мы сядзелі наўскос насупраць адзін аднаго – адначасова сядзець наўскос і насупраць немагчыма). Менавіта факт адсутнасці логікі спрыяе з’яўленню такіх жартаўлівых выказванняў: Ішоў дождж і два студэнты – адзін у паліто, другі ва ўніверсітэт.

    Лагічныя сувязі рэалізуюцца адпаведнымі сінтаксічнымі канструкцыямі, у якіх значную ролю адыгрываюць складаныя злучнікі (таму...што, калі...то, раз...так, як толькі...дык), парадак слоў (параўн.: Дзень змяняе ноч, Маці любіць дзіця – звычайна на першым месцы знаходзіцца суб’ект дзеяння).

    У аснове лагічнасці ляжыць сувязь мыслення і маўлення, якая адлюстравана ў наступных правілах: 1) кожная думка мусіць мець адзіны ўстойлівы змест; 2) дзве супрацьлеглыя думкі пра адзін і той прадмет не могуць адначасова ісціннымі; 3) з двух супрацьлеглых выказванняў толькі адно ісціннае, трэцяга быць не можа; 4) кожная думка павінна быць абгрунтавана чалавечай практыкай [2, с. 164].

    Лагічнасць павінна прымяняецца для выступлення, дакладаў, артыкулаў, якія будуюцца па пэўнай лагічнай схеме, маюць устойлівую кампазіцыю: уводзіны (уступ) – асноўная частка – заключэнне. Кожны падраздзел такой работы павінен арганічна і лагічна звязвацца з іншымі. Аднак лагічнасць навуковага твора і мастацкага – з’явы розныя. Стылістычную функцыю выконваюць аксюмараны (паняцці, што складаюцца з дзвюх супрацьлеглых адзінак – воўчая пакора, адзінота ўдваіх) і алагічныя параўнанні, якія ствараюць камічны эфект (Прыстаў пабел да гнілых сцен, Як да старой бабулі пудра; Патрэбен, ён, братцы, Як прус у аладцы, Як у мосце дзірка, Як з гразі зацірка – Я. Колас).

    Дарэчнасць маўлення арганічна звязана з дакладнасцю і лагічнасцю. Сутнасць дарэчнасці заключаецца ў выкарыстанні моўных сродкаў з поўнай адпаведнасцю тэме гаворкі, сітуацыі маўлення, мэце выказвання, колькаснаму і якаснаму складу аўдыторыі, выбранаму стылю маўлення і ўмовам зносін. Кожны функцыянальны стыль мае свае стылістычныя нормы. Прыдатнае і неабходнае ў адным стылі можа быць недарэчным, памылковым у другім, напрыклад: На рэспубліканскім конкурсе асілкаў перамаглі бугаі з Гродзенскай вобласці. Парушэннем стылявой дарэчнасці лічыцца захапленне тэрміналогіяй, моўнымі клішэ (Ён завёў трактар, каб нанесці візіт цешчы ў суседнюю вёску), ненатуральна гучыць сказ: Гаспадыня займалася гатаваннем снедання. Неабумоўленае суседства рознастылявых моўных сродкаў непрымальнае і ў мове мастацкай літаратуры, аднак можа выкарыстоўвацца з разліку на гумарыстычны эфект: Кабыла не разумела бацькавай крыўды і здзіўлена пазірала на слабакаардынаваныя рухі свайго гаспадара і яго палітычна нявытрыманую тактыку (А. Мрый).

    Чысціня маўлення забяспечваецца найперш адсутнасцю чужародных літаратурнай мове элементаў. Разбураюць чысціню маўлення такія беспадстаўна ўжытыя сродкі, як:

    1) дыялектызмы і прастамоўі (змэнчаны конь, гарэхавае вудзільна; перці пехадралам);

    2) запазычаныя словы і варварызмы (іншамоўныя словы, не да канца засвоеныя мовай), у тым ліку русізмы (так званая макаранічная мова: Даю вам чэснае слова; вучыцель, сражэнне, зачэм, вужас, тусклыя вочы, хадзем на хауз, пафарбаваць хайр);

    3) канцылярызмы і штампы (як абстаіць справа, улічваючы абставіны);

    4) гукі і словы-паразіты (ну, як гэта, так сказаць, значыцца);

    5) жарганізмы (тралік – тралейбус, бабосы – грошы);

    6) плеаназмы (празмерная, збыткоўная інфармацыя) і таўталогія (паўтарэнне аднакарэнных слоў): у верасні месяцы, шэсць штук сталоў, пяць чалавек студэнтаў; поўнасцю запоўнены, свая аўтабіяграфія, патрыёт сваёй радзімы.

    Выразнасць маўлення звязана з вобразнасцю афармлення моўных сродкаў і забяспечваецца дарэчным выкарыстаннем такіх стылістычных сродкаў, як:

    1) эпітэты (К. Чорны: каструбаватая рука зямлі; І. Мележ: пацяплелыя халодна-шэрыя вочы);

    2) метафары (К.Чорны: чабор хаваецца ў іржэўнік, восень сядзіць і бродзіць доўга);

    3) параўнанні (Я. Колас: Зажыць па-людску, а не гэтак, Як у пячуры таракан; І прапаў, бы ў гноі сліва; Ішоў, глядзеў, бы кот за прусам; Чалавечая думка як ручай);

    4) фразеалагізмы (на сёмым небе , брацца за розум, ад відна да відна, як вол да карэты, вялікая шышка на голым месцы);

    5) парэміі23 (Гаруе ён, гаруе – з адной карчмы ў другую! Як дбаем, так і маем. І шыла, і мыла, і прала, і ткала, і ўсё языком. Ён пра ўвесь лес, а пра яго ніякі бес);

    6) перыфразы (Я. Колас: прафесар велькіх букваў – настаўнік, сутокі неба і зямлі - сусвет);

    7) крылатыя выразы (К. Крапіва: Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах; Я. Колас: Забілі зайца не забілі, але ж, брат, гуку нарабілі; Я. Купала: На беларускую дзяўчыну ніхто шчэ каменем не кінуў);

    8) антонімы (І. Шамякін: Як усё пераплялося – старое і новае, вялікае і малое, гераічнае і буднічнае!);

    9) амонімы (Н. Гілевіч: Каб быў тонус вас высокі – Піце, дзетачкі, вы сокі; С. Грахоўскі: А суніцы ледзь паспелі, Іх дразды скляваць паспелі);

    10) паронімы (С. Шушкевіч: Полем, лесам, пералескамі, Па зямлі, вясной абуджанай, Красавік ідзе з пралескамі Па праталінах і лужынах);

    11) сінонімы (Я. Колас: Усход гарыць, жыве, палае, слупы-праменні падымае).

    Выразнасць маўлення мае на мэце прыцягнуць увагу, выклікаць зацікаўленасць суразмоўцы або слухача, дапамагае аптымальна цікава аформіць думку.

    Неабходна адрозніваць багацце мовы і багацце (разнастайнасць) маўлення. Багацце мовы – гэта лексіка-фразеалагічны фонд, семантыка стылістычныя і сінтаксічныя рэсурсы, усё сродкі, што ёсць у мове. Багацце маўлення – уменне носьбіта мовы карыстацца скарбамі ўсіх яе ўзроўняў. Гэта камунікацыйная якасць характарызуецца разнастайнасцю ўжытых моўных сродкаў і як мага радзейшым паўтарэннем адных слоў і выразаў, асабліва нематываваным. Заўважым, што абмежаванасць арсеналу моўных сродкаў і частая іх паўтаральнасць сведчыць пра беднасць не толькі маўленчых здольнасцей аўтара, але і пра невялікі запас думак, слабы інтэлект прамоўцы.

    Беларуская мова багатая на сінонімы, прыказкі і прымаўкі, фразеалагізмы, аднак гэта не значыць, што пэўная асоба можа выкарыстаць усё багацце мовы, бо нават у майстроў слова адзначаецца прыкладна 15% агульнаўжывальнай літаратурнай лексікі (Я.Колас выкрыстоўваў 37000 слоў, а Элачка Людаедка “паспяхова” карысталася 30) [34, с. 111-112].

    Сцісласць (лаканічнасць) маўлення падпарадкавана закону эканоміі моўных сродкаў, які вымагае адбіраць найбольш рацыянальныя, зручныя для камунікацыі элементы. У навуковай літаратуры надзвычай прадуктыўны сродак эканоміі – абрэвіяцыя. Увогуле, сцісласць на ўсіх узроўнях – істотная рыса афіцыйна-справавога маўлення. Унутры моўнай сістэмы ў цэлым сродкамі лаканізацыі з’яўляюцца слова- і асноваскладанне, замена словазлучэння аднаслоўным кампанентам (у адзін голас – адзінагалосна), скарачэнне фразеалагізма да аднаго кампанента (біцца як рыба аб лёд – біцца), ужыванне гукапераймальных слоў, выкарыстанне няпоўных і эліптычных сінтаксічных канструкцый (тады важную ролю адыгрываюць пазамоўныя сродкі – інтанацыя, жэсты, міміка).

    Сцісласць робіць маўленне больш зразумелым і прыемным. Дасягнуць гэтага можна ўменнем:

    - вылучаць галоўнае, канцэнтравацца на ім;

    - пазбягаць другасных падрабязнасцей;

    - не перагружаць маўленне складанымі сінтаксічнымі канструкцыямі;

    - прытрымлівацца рэгламенту выступлення.

    1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24


    написать администратору сайта