Главная страница
Навигация по странице:

  • Распіска

  • Даверанасць

  • Дакладная запіска

  • Тлумачальная запіска

  • Аўтабіяграфія

  • Справавыя лісты

  • Просім прыняць удзел у правядзенні выстаўкі-ярмаркі…;

  • У цяперашні час наша арганізацыя не мае магчымасці заключыць дагавор аб…;

  • Беларуская мова.культура маулення. Беларуская мова культура малення электронны вучэбнаметадычны дапаможнік


    Скачать 468.23 Kb.
    НазваниеБеларуская мова культура малення электронны вучэбнаметадычны дапаможнік
    АнкорБеларуская мова.культура маулення.docx
    Дата28.01.2017
    Размер468.23 Kb.
    Формат файлаdocx
    Имя файлаБеларуская мова.культура маулення.docx
    ТипДокументы
    #542
    страница21 из 24
    1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24

    8.3. Віды афіцыйна-справавой дакументацыі



    Афіцыйна-справавая дакументацыя – адна з форм пісьмовых зносін паміж асобамі, установамі, дзяржавамі. Усе дакументы можна падзяліць на некалькі відаў:

    1) асабістыя дакументы (заява, даверанасць, аўтабіяграфія);

    2) адміністрацыйна-арганізацыйныя дакументы (палажэнне, правіла, статут, інструкцыя);

    3) інфармацыйна-даведачныя дакументы (даведка, тлумачальная запіска, дакладная запіска, акт, пратакол);

    4) распарадчыя дакументы (рашэнне, пастанова, загад);

    5) справавыя лісты (ліст-пытанне, ліст-просьба, ліст-зварот, ліст-прапанова, ліст-адказ, ліст-папярэджанне, ліст-запрашэнне, інфармацыйны ліст, суправаджальны ліст, камерцыйныя лісты і інш.).

    Прызначэнне любога дакумента патрабуе таго, каб ён быў выкладзены зразумелай мовай. Дакументы трэба афармляць вельмі дакладна, каб адразу можна было зразумець іх асноўную думку. Таму неабходна пісаць сцісла, проста і акуратна. Фармулёўкі дакумента павінны быць правільнымі ў юрыдычных адносінах.

    У сферы афіцыйных зносін выпрацаваліся формы многіх дакументаў, адны з іх строга захоўваюцца (заява, даверанасць, пратакол), другія з’яўляюцца ўзорам, на які можна арыентавацца (аб’ява, справаздача, афіцыйны ліст). Разгледзім некаторыя віды дакументацыі і рэкамендацыі іх афармлення.

    Заява – афіцыйны зварот у пэўную ўстанову і/ці да службовай асобы.

    Структура заявы:

    - зверху ўказваюцца рэквізіты атрымальніка заявы (назва арганізацыі, падаса, прозвішча, імя і імя па бацьку ініцыяламі). Калі адрасат – гэта арганізацыя, то выкарыстоўваецца форма вінавальнага склону: У фінансавы аддзел УА “Вышэйшы каледж сувязі”, калі адрасат уяўляе сабой службовую асобу – прымяняецца форма давальнага склону: Рэктару БДУІР прафесару Батуру М. П;

    - з правага боку на трэцюю частку радка ў слупок пішацца прозвішча, імя, імя па бацьку таго, хто падае заяву; пры неабходнасці называецца пасада і адрас аўтара заявы (хатні адрас не пішацца ў заяве, калі заяўнік адрасуе яе кіраўніку сваёй установы);

    - праз адзін-два радкі пасярэдзіне ліста пішацца слова заява і ставіцца кропка. Калі слова заява пішуць з вялікай літары, пасля яго не трэба ставіць кропку;

    - з чырвонага радка пачынаецца тэкст заявы. Змест звычайна пачынаецца канструкцыяй “Прашу + інфінітыў (дазволіць, дапусціць і інш.)”. Тэкст можа пачынацца і наступнымі выразамі: у сувязі з тым, што…, на падставе таго, што… і інш.;

    - калі да заявы прыкладаюцца дакументы (даведкі, пасведчанні, рэкамендацыі, акты і інш.), іх пералічваюць у канцы асноўнага тэксту, пачынаючы з сярэдзіны радка са слова Дадатак;

    - на заяве ўнізе павінны быць дата (злева) і асабісты подпіс (справа).

    Распіскадакумент, які пацвярджае факт атрымання важных дакументаў, матэрыяльных каштоўнасцей (грошай, рэчаў, кніг і інш.) і падпісаны атрымальнікам. Распіска з’яўляецца адным з відаў пісьмовых доказаў, складаецца ў адным экземпляры і захоўваецца як каштоўны дакумент.

    Неабходнымі рэквізітамі распіскі з’яўляюцца:

    1) назва дакумента(у цэнтры, з прапісной літары);

    2) хто атрымаў (пасля займенніка “Я”, які пачынае сказ,неабходна назваць прозвішча, імя і імя па бацьку, пасаду, месца пражывання асобы, што дае распіску);

    3) ад каго атрымаў (найменне ўстановы, прадпрыемства ці асобы, ад якой атрымана што-небудзь);

    4) што атрымаў (дакладнае найменне атрыманага з указаннем колькасці ці сумы, якія пішуцца спачатку лічбамі, затым у дужках словамі);

    5) з якой мэтай атрыманы каштоўнасці;

    6) дата складання распіскі (злева), подпіс атрымальніка (справа). Калі распіска мае асабліва важнае значэнне, то подпіс асобы, якая дала распіску, завяраецца ва ўстанове ці ў натарыуса.

    Даверанасць– дакумент, які дае пэўнай асобе права дзейнічаць ад імя асобы, што выдала гэты дакумент. Тэкст даверанасці складаецца з наступных элементаў (рэквізітаў):

    1) прозвішча, імя і імя па бацьку таго, хто давярае (пішацца пасля займенніка “Я”, які пачынае сказ), або указанне ўстановы, якая давярае;

    2) пасада, прозвішча, імя і імя па бацьку таго, каму давяраюць;

    3) што і адкуль трэба атрымаць;

    4) дата і подпіс.

    У тых выпадках, калі даверанасць выдаецца ўстановай, яна падпісваецца яе кіраўніком. Калі даверанасць афармляецца прыватнай асобай, яе подпіс павінен быць засведчаны ў натарыяльным парадку ці па месцы працы альбо вучобы (у аддзеле кадраў, канцылярыі або дэканаце).

    Дакладная запіска – афіцыйная папера з кароткім выкладам сутнасці справы, якая патрабуе разгляду. Гэты дакумент адрасуецца кіраўніку ўстановы, утрымлівае інфармацыю пра пэўны факт, сітуацыю, а таксама вывады-прапановы складальніка дакладной запіскі.

    Структура дакладной запіскі:

    - уверсе злева ставіцца дата, нумар дакладной, справа – каму прызначаны дакумент;

    - пры неабходнасці ўказвацца загаловак (напрыклад, Аб замене кандыцыянера), які пішацца з левага боку, ніжэй за дату і нумар;

    - назва дакумента з вялікай літары;

    - тэкст запіскі;

    - найменне пасады, подпіс, імя, імя па бацьку, прозвішча складальніка запіскі.

    Тлумачальная запіска – дакумент, у якім раскрываецца змест асобных палажэнняў дакумента або тлумачыцца прычына дзеянняў, учынкаў складальніка запіскі. Тэкст тлумачальнай запіскі складаецца ў адвольнай форме, як правіла, з указаннем прычын, якія прывялі да парушэнняў. Абавязковымі элементамі з’яўляюцца дата, адрасат (каму прызначаны дакумент), подпіс складальніка.

    Аўтабіяграфія – дакумент, у якім змешчаны афіцыйныя звесткі пра жыццёвы шлях, напісаныя ад першай асобы. У аўтабіяграфіі павінны быць адлюстраваны наступныя звесткі:

    1) прозвішча, імя і імя па бацьку складальніка;

    2) час і месца нараджэння;

    3) заняткі бацькоў;

    4) сацыяльнае становішча;

    5) кароткі выклад галоўных этапаў жыцця: гады вучобы (службы ў арміі), асноўнае з працоўнай і грамадскай дзейнасці;

    6) звесткі пра сваё сямейнае становішча;

    7) у канцы тэксту ставіцца дата (злева) і подпіс (справа).

    Рэзюмэ – дакумент, які ўтрымлівае кароткую інфармацыю пра аўтара. Звычайна складаецца асобай, што шукае работу, для наступнай прапановы работадаўцу. Аб’ём рэзюмэ не павінен перавышаць адной-дзвюх старонак.

    У афіцыйнай практыцы не існуе адзінага ўзору напісання рэзюмэ. Традыцыйна рэзюмэ складаецца ў наступнай паслядоўнасці:

    1. Загалоўкам дакумента з'яўляюцца прозвішча, імя, імя па бацьку, выдзеленыя адпаведным шрыфтам. Слова “Рэзюмэ” не пішацца.

    2. Указваецца дакладны дамашні адрас, тэлефон або іншы сродак хуткай сувязі.

    3. Асабістыя даныя: грамадзянства, дата і месца нараджэння, сямейнае становішча.

    4. Пасада, на якую прэтэндуе саіскальнік.

    5. Адукацыя: звесткі пра яе падаюцца ў адваротным храналагічным парадку. Спачатку самая высокая ступень адукацыі з указаннем даты пачатку і заканчэння навучальнай установы, потым – больш нізкая ступень адукацыі (напрыклад, школа, каледж і г.д.).

    6. Вопыт работы адлюстроўваецца інфарматыўна: указваецца месца работы (пачынаецца з апошняга і далей у адваротным парадку), пасада, стаж работы на пасадзе. Абсалютная паўната звестак у гэтай частцы не абавязковая: саіскальнік мае права вылучыць тую частку сваёй практычнай дзейнасці, якая з'яўляецца важнай для вакансіі.

    7. Дадатковыя звесткі могуць быць звязаны з атрыманнем дадатковай спецыяльнасці, вывучэннем замежнай мовы, авалоданнем камп’ютарам (спецыяльныя курсы, практыка, стажыроўкі і г. д.). Асобна можна ўказаць пералік замежных моў, якімі валодае саіскальнік, з пазначэннем узроўню ведаў (напрыклад, французская (А2), іспанская (В2), англійская (С1)).

    8. Якасці асобы (напрыклад, стрэсаўстойлівасць, здольнасць хутка вырашаць комплексныя праблемы, пунктуальнасць і інш.).

    9. Захапленні (хобі).

    Справаздача – дакумент, у якім паведамляецца, што і як выканана за адпаведны тэрмін. Гэты дакумент, як і аўтабіяграфія, і рэзюмэ, не мае строгай формы. Асноўныя звесткі, якія павінны быць указаны: як выконвалася заданне, якія цяжкасці давялося пераадолець і што дала праца. У канцы справаздачы пажадана зрабіць выснову і даць свае прапановы. Як і кожная афіцыйная папера, справаздача павінна мець подпіс і дату.

    Справавыя лісты – гэта лісты, якія накіраваны адной арганізацыяй або асобай у другую з мэтай праінфармаваць, папярэдзіць або высветліць неабходныя звесткі. Справавыя лісты павінны быць засведчаны пячаткай або мець штамп установы, якая яго дасылае.

    Справавыя лісты падзяляюцца на тыя, якія патрабуюць адказу (ліст-запытанне, ліст-просьба, ліст-зварот, ліст-прапанова і інш.) і лісты, якія не патрабуюць адказу (ліст-папярэджанне, ліст-напамін, ліст-запрашэнне, суправаджальны ліст і інш.).

    Аб’ём справавых лістоў звычайна не павінен перавышаць дзвюх старонак. Да рэквізітаў лістоў адносяцца такія, як адрас атрымання, дата адпраўкі, індэкс, тэкст (тэма, жанр або характар ліста – гарантыйны, рэкламацыйны, суправаджальны і г.д. ), адрас адпраўшчыка (адрасанта), найменне адрасанта, дата і подпіс.

    У справавых лістах звычайна выкарыстоўваюцца ўстойлівыя лагічныя і моўныя выразы, што надаюць ім афіцыйны характар, адназначнае разуменне, дакладнасць, стандартнасць. Моўныя формулы (клішэ) справавых лістоў:
    1) загалоўкі да тэксту (прыназоўнік аб + назоўнік у месным склоне: Аб усталяванні кантактаў)
    2) матывы (мэты) стварэння дакумента:

    • У мэтах выканання загаду дырэктара …

    • У пацверджанне нашай дамоўленасці…

    • У адказ на Ваш запыт паведамляем…

    • На падставе нашай тэлефоннай размовы…

    • У адпаведнасці з пісьмом заказчыка…

    • Згодна з рашэннем …

    • Спасылаючыся на ваша гарантыйнае пісьмо…;


    3) прычыны стварэння дакумента:

    • З прычыны пэўных абставін…

    • У сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам…

    • Прашу прыняць мяне на работу на пасаду…

    • У сувязі з правядзеннем сумеснага мерапрыемства…

    • Улічваючы, што… ;


    4) запрашэнні:

    • Запрашаем Вас прыняць удзел у…

    • Запрашаем Вас стаць удзельнікам…

    • Просім прыняць удзел у правядзенні выстаўкі-ярмаркі…;


    5) абяцанні, гарантыі:

    • Канфідэнцыяльнасць інфармацыі гарантуецца…

    • Адпаведныя меры будуць прынятыя…

    • Гарантуем, што…;


    6) напамінанні, папярэджванні:

    • Напамінаем Вам, што ў адпаведнасці з дамоўленасцямі…

    • Напамінаем, што Ваша завінавачанасць па аплаце складае…

    • Паведамляем Вам аб тым, што…;


    7) паведамленні:

    • Паведамляем, што…

    • Інфармуем Вас аб тым, што…

    • Лічым неабходным паведаміць Вам…

    • Даводзім да Вашага ведама…;


    8) распараджэнні:

    • Просім накіраваць у адрас нашай арганізацыі звесткі аб…

    • Просім прыняць меры…;


    9) прапановы:

    • Прапаноўваем разгледзець магчымасць супрацоўніцтва ў галіне…

    • Па Вашай просьбе дасылаем прайс-ліст нашай кампаніі і прапаноўваем азнаёміцца з…;


    10) адмова ад прапановы:

    • Ваш праект адхілены па наступных прычынах…

    • У цяперашні час наша арганізацыя не мае магчымасці заключыць дагавор аб…;


    11) просьба:

    • Звяртаемся да вас з просьбай…

    • Спадзяёмся на працяг супрацоўніцтва…

    • Пераканальна просім Вас не затрымліваць адказ..

    • Зараней удзячныя…[17, с. 7 - 8];

    • Будзем удзячныя, калі Вы:

    - вышлеце нам каталог;

    - аплаціце тавар своечасова;

    - дашляце нам справаздачу;

    - рэалізуеце нашу прадукцыю за адзін месяц;

    - едзеце на канферэнцыю;

    - станеце нашым пакупніком... .
    Дзякуючы ўстойлівым моўным выразам, справавыя лісты адпавядаюць нормам службовага этыкету і з гэтай прычыны выглядаюць пераканаўчымі і заслугоўваюць больш даверу. Тон ліста ў любым выпадку павінен быць нейтральным, тэкст – утрымліваць дастаткова абгрунтаваныя аргументы і пэўную інфармацыю, якая дазволіць адрасату прыняць рашэнне па пытанні, што закранаецца ў лісце. У лістах не дапускаюцца суб’ектыўныя меркаванні і разважанні, збыткоўная інфармацыя.

    Да сучасных жанраў афіцыйна-справавога стылю можна аднесці і візітную картку, якая з’яўляецца адным з найважнейшых атрыбутаў дзелавога этыкету. Візітная картка шырока выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні і падтрыманні кантактаў у афіцыйнай сферы, у дыпламатычнай практыцы, дзелавых стасунках, выконвае інфармацыйную і рэкламную функцыю. Візітная картка можа быць выкарыстана і для завочнага прадстаўлення яе ўладальніка.

    Афіцыйныя стасункі, як правіла, пачынаюцца з абмену візітнымі карткамі, таму візітка павінна быць зроблена так, каб у чалавека, які яе атрымлівае, выклікаць станоўчыя эмоцыі.

    Парады да афармлення візітных картак:

    1. Візітныя карткі звычайна ўяўляюць сабой прамавугольнікі не вельмі шчыльнага картону (перавага аддаецца паперы высокага гатунку) невялікага фармату: 50 (60) Х 90 (100) мм.

    2. Як правіла, візітная картка павінна мець чорны тэкст на светлым фоне без якіх-небудзь рамак. Нормы этыкету не рэкамендуюць выкарыстоўваюць шырокую колеравую гаму.

    3. На карткі дзяржаўных чыноўнікаў, згодна з пратаколам, наносяцца герб і сцяг.

    4. Шрыфт строга не рэгламентуецца, ён павінен зручна чытацца. Імя, як правіла, вылучаецца лёгка чытаемым паўтлустым шрыфтам нязначна большага памеру.

    5. Класічны выгляд карткі наступны: уверсе па цэнтры – назва фірмы (прадпрыемства), дзе працуе ўладальнік карткі, ніжэй па цэнтры – імя, імя па бацьку, прозвішча, яшчэ ніжэй – пасада, а ў правым верхнім вугле – тэлефон, факс, адрас электроннай пошты. Калі тэлефон змяніўся, можна акуратна закрэсліць і запісаць новы. Але закрэсліваць і запісваць найменаванне новай пасады лічыцца адступленнем ад этыкету. Дзелавая візітная картка без адраса таксама не адпавядае нормам этыкету.

    Візітная картка, як і астатнія жанры афіцыйна-справавой дакументацыі, пры ўмове іх пісьменнага складання, з’яўляюцца важным элементам іміджу ўстановы і асабістага іміджу складальніка дакументаў.

    Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль сучаснай беларускай літаратурнай мовы характарызуецца высокай ступенню развітасці, унармаванасцю моўных сродкаў, распрацаванасцю жанраў. Неабходнасць авалодання нормамі справавых зносін абумоўлена тым, што афіцыйныя зносіны пранікаюць ва ўсе сферы жыцця. Уменне паспяхова весці перагаворы, працаваць з дакументамі – важнейшы элемент культуры сучаснага адукаванага чалавека, які імкнецца дасягнуць поспехаў у жыцці.

    1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24


    написать администратору сайта