Беларуская мова.культура маулення. Беларуская мова культура малення электронны вучэбнаметадычны дапаможнік
Скачать 468.23 Kb.
|
9.2. Спецыфіка рэдагаванняНезвычайнае багацце лексікі беларускай мовы, шырокі спектр канструкцый граматычнага ладу ствараюць спрыяльныя ўмовы для варыянтнага выбару моўных сродкаў ў залежнасці ад зместу тэксту, яго агульнай стылістычнай скіраванасці, жанру і формы выказвання. Таму не заўсёды варта “абмяжоўвацца” строгімі акадэмічнымі правіламі, якія могуць у пэўнай ступені стрымліваць творчы патэнцыял жывога слова. У гэтым выпадку трэба кіравацца моўным густам, разуменнем тонкіх сэнсава-стылістычных адценняў канкрэтнага тэксту, улічваць агульныя тэндэнцыі развіцця беларускай літаратурнай мовы. Лепшы крытэрый нормы – літаратурная практыка айчынных класікаў, вядомых публіцыстаў, дзеячаў навукі і культуры. Трэба адрозніваць памылкі ўласнастылістычныя і маўленчыя (парушэнне правільнасці як асноўнай якасці маўлення). Уласнастылістычныя памылкі: 1) беспадстаўнае ўжыванне сродкаў іншага стылю (калі гэта не робіцца знарок, для стварэння камічнага эфекту): Сяляне былі ўжо гатовыя стаць у першыя шарэнгі адважных барацьбітоў з паншчынай (з сачынення); 2) злоўжыванне моўнымі клішэ, спецыфічнымі словамі і тэрмінамі (Студэнты ў большасці выпадкаў самі дабіваюцца выпраўлення недахопаў; Ці не было эксцэсаў у класе? ); 3) слабое валоданне рэсурсамі мовы (плеаназм, таўталогія, беднасць слоўніка, “заштампаванасць” мовы, словы-паразіты ў маўленні, моўная аднастайнасць: На сяброўскай сустрэчы сустрэліся дзве футбольныя каманды; Гэта мой калега па рабоце; Сяляне, нягледзячы на неспрыяльныя кліматычныя ўмовы вясны, на высокім агратэхнічным узроўні правялі сяўбу; Мы прыйшлі у лес. Было добрае надвор’е. Нам было весела). Адзначым, што плеаназмы і таўталогія ў фразеалагічных выразах памылкай не лічыцца: ведаць не ведаю, бегма бечы, бачыць на свае вочы, у рэшце рэшт. Як ужо адзначалася вышэй, мова навукі, дакументаў і справаводства мае свае стылістычныя адметнасці, у ёй сустракаецца шмат спецыфічных слоў і фармулёвак: займацца рашэннем праблемы, праводзіць даследаванне, згодна з пастановай, вывесці са складу, прысвоіць званне, давесці да ведама і інш. Канцылярскі каларыт надаюць тэкстам складаныя прыназоўнікі: у сілу, па лініі, з боку, у справе, у разрэзе, у мэтах; аддзеяслоўныя назоўнікі: стварэнне, атрыманне, уяўленне, паляпшэнне, накіраванне. Аднак моўныя стандартныя выразы, тэрміны, ужытыя ў неадпаведным кантэксце, пазбаўляюць маўленне вобразнасці, звычайна маскіруюць банальныя або алагічныя думкі (З пункту гледжання банальнай эрудыцыі не кожны лакальна селектыўны ідывідуум здольны свабодна элацыраваць тэндыцыі парадаксальных эмоцыі; Дуалістычны прынцып выкарыстання сельскагаспадарчых прылад на гідрапаверхні (віламі па вадзе пісана); Антытэзісныя ўласцівасці разумова абмежаваных суб’ектаў у кантэксце выканання дзяржаўных нарматыўных актаў (дурням закон не пісаны)). 4) недастаткова развітая моўная чуйнасць (квяцістасць, немілагучнасць, уяўная прыгажосць выкладу, гучныя словы, пустаслоўе – так званае “фразёрства”): Веру, што мая вялікая, свабодная, неабсяжная краіна будзе шчаслівай, магутнай і квітнеючай. Тыпы маўленчых памылак Парушэнне правільнасці як асноўнай камунікацыйнай якасці маўлення можа праяўляцца на любым узроўні мовы 24. Такім чынам, маўленчыя памылкі – гэта парушэнне фанетычных, словаўтваральных, граматычных, лексічных і фразеалагічных нормаў. Паколькі парушэнні правільнасці разгледжаны намі вышэй, праілюструем самыя распаўсюджаныя памылкі: 1) ужыванне слова не ў тым кантэксце: Ён без хістання накіраваўся на работу (трэба вагання); Іван Пятровіч па-гаспадарску трымае руль сваёй машыны (па-гаспадарску можна весці справу, а трымаць руль - упэўнена); Пры абмеркаванні даклада людзі былі досыць жвавымі (актыўнымі); 2) парушэнне спалучальнасці слоў. Пераважная колькасць памылак выклікана недакладным ужываннем сінанімічных слоў: Дыхне невялічкі вецер (правільна лёгкі або слабы); Характар у хлопца павольны (павольнымі могуць быць рухі, жэсты, хада, а характар – добры, мяккі, цвёрды, цяжкі); Пералік прыкладаў быў вялікі (трэба доўгі); Мне трэба праверыць гурт сшыткаў (правільна стос); 3) памылкі могуць быць выкліканы неапраўданым спалучэннем канкрэтных і абстрактных паняццяў: Беспрацоўе знізілася да 300 тыс. чалавек. (Беспрацоўе – адцягненае паняцце, яно не вымяраецца пэўнай колькасцю. Трэба: Колькасць беспрацоўных знізілася да 300 тыс чалавек). Упершыню мы пабачылі Івана Пятровіча не ў лабараторыі, а на дошцы гонару (натуральна, што гэта быў не сам Іван Пятровіч, а яго партрэт, фотаздымак); 4) няправільная арганізацыя выказвання парушае лагічныя сувязі, што значна ўскладняе яго ўспрыняцце: Гледзячы на залацістае поле пшаніцы, сэрца напаўняецца радасцю (трэба: Калі глядзіш на залацістае поле пшаніцы, сэрца напаўняецца радасцю). Калі ўказальны займеннік гэты можна суаднесці з некалькімі назоўнікамі папярэдняга выказвання, узнікае незразумеласць: Некаторыя студэнты прапускаюць заняткі, у выніку чаго група не можа выйсці ў пераможцы спаборніцтва i паехаць на фестываль. Аб гэтым нельга маўчаць. Трэба: Нельга маўчаць аб тым, што некаторыя студэнты прапускаюць заняткі, у выніку чаго група не можа выйсці ў пераможцы спаборніцтва i паехаць на фестываль; 5) спалучэнне рознастылёвай лексікі. Як правіла, ва ўсіх стылях мовы словы аб’ядноваюцца па прынцыпу стылістычнай аднароднасці: трэба ўжываць толькі словы пэўнага стылю і нейтральную лексіку. Такім чынам, функцыянальна-стылістычныя тыпы лексікі проціпастаўлены: спецыяльныя словы не апраўданы ў любым неспецыяльным тэксце, размоўныя – ў пісьмовым маўленні, кніжныя – у размоўна-бытавым. Але такая процілегласць можа выкарыстоўвацца пісьменнікамі і журналістамі для стварэння пэўнага экспрэсіўна-стылістычнага эфекту. Асабліва часта спалучэнне рознастылёвай лексікі выкрыстоўваецца як сродак гумару, іроніі, сатыры: Ён арудуе ў нашай установе; І калі ўжо выльецца гэты працэнт вільгаці? Зара дае заяўку на світанне; Полацку стукнула тысячу сто; Даклады трубіў, на нарадах савеў. Ва ўсіх іншых выпадках ужыванне ў адным кантэксце рознастылёвай лексікі – грубая памылка: Вялікі ўклад у дасягненне поспехаў унеслі мае сябры; Сёлета мы натхнёна змагаліся за паспяховае правядзенне вяпускнога балю; Гаспадыня займаецца гатаваннем снядання [падрабязней гл. Міхневіч 2006]. Кожны, хто жадае палепшыць уласную культуру маўлення, павінен: - разумець, што такое нацыянальная беларуская мова; у якіх формах яна існуе; чым кніжнае маўленне адрозніваецца ад гутарковага; што сабой уяўляюць функцыянальныя стылі маўлення; што такое моўная норма і варыянты; - засвоіць і развіць навыкі адбору і ўжывання моўных сродкаў падчас маўленчай дзейнасці; - авалодаць нормамі літаратурнай мовы, яе багаццем. Трэба памятаць, што культура маўлення – звязана не толькі з уменнем правільна, прыгожа, пераканаўча гаварыць, але і з агульнай культурай чалавека, яго знешнім выглядам, манерамі, з уменнем лагічна і дакладна мысліць і аптымальна прэзентаваць асабістыя разважанні і гатовыя думкі, адэкватна апісваць моўнымі сродкамі любыя жыццёвыя сітуацыі, правільна складаць і афармляць разнастайныя пісьмовыя дакументы, дарэчна выкарыстоўваць усе стылістычныя рэсурсы мовы. |