ЭУМКД Беларуская мова (Культура маўлення). Картка дысцыпліны 18 Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы 20
Скачать 1.26 Mb.
|
5.2 Стылістычныя сродкі навуковага маўленняНавуковаму маўленню ўласцівы наступныя моўныя сродкі14[14]: 1. Нейтральныя словы (ўжываюцца ва ўсіх стылях), напрыклад, характарыстыка, паветра, рухацца, адзенне, уяўляць і інш. 2. Словы ў прамым значэнні. 3. Абстрактная лексіка (працэс, дзейнасць, памер), асабліва аддзеяслоўныя назоўнікі з суфіксамі -нн-, -енн- (-энн-), -анн-, -к: вылічэнне, аб’яднанне, дапайка, наладка. 4. Тэрміны. 5. Прыметнікі у складзе тэрміналагічных словазлучэнняў: разліковы рахунак, знешні гандаль, фізічны закон. 6. Скарачэнні і абрэвіяцыя. 7. “Нанізванне” назоўнікаў у форме роднага склону: даследаванне ядраў (р.скл.) клетак (р.скл.), вывучэнне шкалы (р.скл.) тэмператур (р.скл.), працэс ацэнкі (р.скл.) карысці (р.скл) інтэрнэт-тэхналогій (р.скл.). 8. Рэчыўныя назоўнікі ў форме множнага ліку: мінеральныя воды, белыя гліны, высокаактанавыя бензіны. 9. Прыметнікі і дзеепрыметнікі ў значэнні назоўнікаў: крывая, ламаная. 10. Паўназначныя словы ў ролі злучнікаў і прыназоўнікаў: пры дапамозе, за выключэннем, на працягу, у выпадку, у выніку, у галіне, што, калі – то. 11. Канструкцыі мадальнае слова + інфінітыў: варта разгледзець, трэба звярнуць увагу, неабходна адзначыць, нельга не заўважыць. 12. Дзеяслоўныя спалучэнні (дзеяслоў + назоўнік): аказваць уздзеянне (замест уздзейнічаць), праводзіць даследаванне (замест даследаваць). 13. Формы цяперашняга часу дзеясловаў у 3 асобе: жыве, дзейнічае, функцыянуюць. Гэта так званы “цяперашні пазачасавы”, які абазначае пастаянныя ўласцівасці рэалій, а не дзеянні, што адбываюцца ў момант гутаркі. 14 Формы дзеясловаў з няпэўна-асабовым значэннем: закон фармулюецца, правіла вызначаецца. 15. Дзеясловы незакончанага трывання (у форме 3-й асобы): вынікае, патрабуе, функцыянуе, успрымае. 16. Пасіўныя канструкцыі з творным склонам: праблема разглядаецца навукоўцамі, пытанні дакладна фармулююца даследчыкам. 17. Складаназлучаныя і складаназалежныя сказы. 18. Састаўныя падпарадкавальныя злучнікі: нягледзячы на тое што; у сувязі з тым што, па меры таго як, дзякуючы таму што, у той час як. 19. Простыя сказы, ускладненыя аднароднымі членамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, адасобленымі азначэннямі і акалічнасцямі. 20. Сказы з дзеепрыслоўнымі і дзеепрыметнымі зваротамі: даследуючы гэту праблему, разглядаючы падобныя факты, аналізуемая з’ява, гукаўзмацняльная трубка. 21. Устойлівыя спалучэнні тыпу на чале, пад знакам, краевугольны камень, актуальная тэма, цікавае пытанне, уяўляе навуковую каштоўнасць і г. д. 22. Пераважнае выкарыстанне апавядальных скаў. 6. Тэрміналагічная лексіка як вядучы складнік навуковага маўленняСярод слоў, якія выкарыстоўваюцца ў навуковым маўленні, значнае месца займаюць тэрміны – найменні для паняццяў са сферы навукі, тэхнікі і навучання. Перш чым вызначыць асаблівасці тэрмінаў, звернем увагу на саму сукупнасць слоў беларускай мовы, якая называецца лексікай. 6.1. Лексіка беларускай нацыянальнай мовы, яе структураЛексіка – слоўнае багацце пэўнай мовы. Беларуская нацыянальная мова ў колькасных адносінах (і сэнсавых) валодае багатым і развітым слоўнікавым складам. Так, у “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы зафіксавана звыш 100 тыс. слоў (1977 – 1984 гг.), а ў “Вялікім слоўніку беларускай мовы” Фёдара Піскунова – каля 223 тыс. слоў (2012 г.). Лексіка пастаянна ўзбагачаецца, слоўнікі не заўсёды паспяваюць зафіксаваць яе адзінкі. Акрамя таго, у слоўнікі звычайна не ўключаюцца дзясяткі тысяч дыялектных, устарэлых, новых слоў, тэрмінаў, якія адносяцца да вузкаспецыяльных навуковых паняццяў. Словы, якія складаюць лексіку сучаснай беларускай мовы, неаднародныя па сваім характары. Яны адрозніваюцца паводле: паходжання; ступені актыўнасці; стылістычнай прыналежнасці; сферы выкарыстання. 6.1.1. Лексіка паводле паходжанняПаводле паходжання лексіка беларускай мовы падзяляецца на спрадвечна беларускую і запазычаную. Табліца 13. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання
Спрадвечна беларуская лексіка прадстаўлена наступнымі групамі: 1) агульнаславянскія словы: - маці, сын, брат, дзед, валасы, бровы, зуб, калена, нага, нос, бор, лес, ліпа, клён, вулей, бык, ліса, гарох, пшаніца, квас, кісель, лета, зіма, ноч, год, вясёлы, добры, скупы, люты, каваць, ткаць. Як можна заўважыць з прыкладаў, гэтыя словы абазначаюць назвы найбольш значных рэалій для старажытнага чалавека: назвы роднасці і сваяцтва, органаў і частак цела чалавека, звяроў, раслін, часавых прамежкаў, некаторых дзеянняў і інш. 2) усходнеславянскія словы, якія ўзніклі ў VI – ХІІІ стст.: - пляменнік, дзядзька, бондар, знахар, селянін, галка, кошка, снягір, зоркі, цёмны, удалы, ветлівы, каромысел, вяроўка, мяшок, пасля, цяпер. 3) уласнабеларускія словы (ўтварыліся на базе мясцовых гаворак і ад каранеў агульнаславянскіх і ўсходнеславянскіх слоў): - араты, сейбіт, барацьбіт, абібок, жыхар, насельніцтва, вясёлка, спёка, дранікі, зацірка, смажанка, камы, зломак, спадчына, відавочны, апошні раскашаваць, красамоўства, адвячорак, палетак, красавік, летуценне, мроя, абставіны, гаманіць, пакутаваць, сачыць, анігадкі. Менавіта існаванне ў нацыянальнай мове ўласнабеларускіх слоў абумоўлівае яе спецыфіку, складае асноўны фонд намінатыўных і эмацыянальна-экспрэсіўных адзінак. Запазычаная беларуская лексіка – частка слоўнікавага складу мовы, якая складалася на працягу ўсяго гістарычнага перыяду яе развіцця, рознымі шляхамі пры ўзаемадзеянні з іншымі мовамі. Прычынай запазычання слоў з’яўляюцца сацыяльна-эканамічныя, дзяржаўна-палітычныя зносіны паміж народамі. Пранікненне запазычанняў адбываецца або непасрэдна з моў-крыніц, або праз пасрэдніцтва іншых моў. Для беларускай мовы мовамі-пасрэднікамі з'яўляюцца руская і польская мовы, радзей – чэшская. Запазычанні падзяляюцца на: 1) славянскія запазычанні: - прыгадаць, бадзёры, журыцца, чубаты, боршч, варэнік, доня ‘дачка’, худоба ‘жывёла’, хлебароб (з украінскай); - саюз, савет, подзвіг, ачаг, вопыт, упраўленне, раскладушка (з рускай); - слодыч, маёнтак, тлусты, пагарда, скарга, вантробы, дашчэнту, кавадла, кудлаты, нэндза, страшыдла, рыдлёўка, хлопец (з польскай); - акаянны, блаславенне, благі, воблака, вочы, глава, дзесяціна, дрэва, злак, падчарыца, продак, трэба, уладыка, храм, шлем, скрыжалі (са стараслав.). 2) неславянскія запазычанні: - ганак, гатунак, гвалт, грунт, фунт, дах, гандаль, кошт, кафля, рахунак, фурман, шалі, шпіталь, гальштук, гаўптвахта, друк, каўнер, ланцуг, цэгла (з нямецкай); - кавун, гарбуз, барсук, буран, аер, гайдамак, курган, тавар, саранча, туман, ізюм, баклажан, барабан, кінжал (з цюркскіх моў (пераважна з татарскай)); - клуня, жвір, дойлід, пуня свіран, кубел (з літоўскай); - балагол, кагал, месія, пэйсы, хаўрус, хеўра (з яўрэйскай); - аладка, агурок, камедыя, парус, карабель, граматыка, аўтаномія, клімат, бактэрыя, конус, палітыка (з грэчаскай); - алей, апарат, шкарпэткі, акуляры, аўтар, гумар, водар, воцат, келіх, гонар, колер, дэкан, капялюш, дэлегат, кангрэс, школа, каляндар (з лацінскай); - батон, бензін, басейн, метро, кафэ, марш, тарыф, аванцюра, асамблея, аташэ, дэпо, акампанемент, дырыжор (з французскай); - канцэрт, лютня (з італьянскай); - гавань, шлюпка, матрос, лоцман (з галандскай); - морж, пельмені, пурга, тундра (з фінскай); - інтэрв’ю, імпарт, лідар, джэм, кекс, пудзінг, гольф, джаз, клуб, мітынг, сквер, трамвай (з англійскай). Цікавым выпадкам запазычання з’яўляецца калькаванне, пры якім сродкамі сваёй мовы ствараюцца лексемы паводле структуры замежнага слова (адбываецца памарфемны пераклад запазычаных слоў). Напрыклад, англ. skyscraper – руск. небоскрёб – бел. хмарачос, рус. осуществление – бел. ажыццяўленне, рус. беззащитный – бел. безабаронны. Калькавацца могуць не толькі асобныя словы, але і цэлыя выразы, напрыклад: publicrelations– сувязі з грамадскасцю, rootsegment– каранёвы каталог і інш. Спецыфіка нацыянальная мовы выяўляецца таксама ў так званай безэквівалентнай лексіцы (пласт слоў беларускай мовы, нацыянальная адметнасць якіх выяўляецца ў немагчымасці знайсці ім іншамоўны аднаслоўны адпаведнік). У гэтых словах адлюстраваны асаблівасці светаўспрымання народа, працоўнай дзейнасці, а таксама асаблівасці культурна-этнаграфічных традыцый. У выпадку з такой лексікай перакладчыцкі прынцып “слова праз слова” не спрацоўвае. Нягледзячы на тое, што аднаслоўны эквівалент пры жаданні можна знайсці, нацыянальна-спецыфічныя адценні значэння, звязаныя з адметнымі ўмовамі жыцця народа, беззваротна страчваюцца. Таму значэнне такіх слоў і эмацыянальныя адценні перадаюцца не словамі, а словазлучэннямі (зваротамі) рускай мовы. У безэквівалентную лексіку ўключаюцца так званыя экзатызмы – назвы прадметаў і паняццяў, характэрных для духоўнай культуры і матэрыяльнага побыту народа, а таксама абумоўленых асаблівасцямі прыроднага, геапалітычнага становішча краіны. Яны займаюць асобае месца сярод беларускай безэксівалентнай лексікі ў тым плане, што ў рускамоўным дачыненні ўвогуле адсутнічае з’ява, названая па-беларуску. Гэта значыць, што некаторыя прадметы і з’явы рэчаіснасці ў беларускай мове характарызуюць бытавыя, сацыяльныя, культурныя, экалагічныя і іншыя ўмовы жыцця толькі аднаго беларускага народа і адсутнічаюць у другога. Адзнаку нацыянальнага, мясцовага, гістарычнага, фальклорна-міфалагічнага каларыту маюць такія беларускія назвы і звароты, як васпан, ягамосць, верашчака, ваўкалак, дакоскі, заворыны, рэзгіны, староства, дзедаўшчына, дзядзькаванне і інш. Вельмі часта пры наяўнасці агульных для беларускай і рускай моў слоў для абазначэння родавых паняццяў беларускае безэквівалентнае слова выступае як відавое (канкрэтызуе родавае найменне). Напрыклад, беларускае і рускае родавае слова арэх – орех у беларускай мове канкрэтызуецца безэквівалентным словам лузанец – “вылущившийся орех”. Агульнае для роднасных моў вугельчык – уголёк удакладняе больш канкрэтнае беларускае слова жарынка – ‘горячая зола’. Удакладненні такога тыпу адлюстраваны ў наступных беларускіх безэквівалентных словах: дыля – ‘толстая доска’, куфель – ‘бокал для пива’, зашмарга – ‘затяжная петля’, ганок – ‘небольшой плот’, кірпа – ‘курносый нос’, поплаў – ‘заливной луг’, імшара – ‘моховое болото’ [4; 54]. Значэнне безэквівалентнага слова можа ускладняцца элементам ацэначнасці. Яна ўзнікае пры называнні аб’ектаў, з’яў рэчаіснасці, якія з’яўляюцца істотнымі для грамадства, выклікаюць стэрэатыпныя ацэнкі. Так безэквівалентным словам нікчэмік, нядбалец, прадажнік, зломак, папіхач уласціва адмоўная ацэнка, а для слоў сумленне, руплівец, весялуха характэрна станоўчая ацэначнасць. Адной з прычын праяўлення лексічнай безэквівалентнасці, як адзначаюць даследчыкі, з’яўляецца адметнасць словаўтварэння ў кожнай з моў. Напрыклад, у рускай мове адсутнічае мадэль утварэння дзеясловаў са значэннем працягласці або шматкратнасці дзеяння тыпу папапрасіць, папамучыцца. Значэнне беларускай прыстаўкі папа- ў рускай мове перадаецца апісальна: папахадзіць – ‘долго ходить’, папакрычаць – ‘кричать долго, неоднократно’. Прывядзём яшчэ прыклады самабытных спосабаў словаўтварэння у беларускай мове: са значэннем празмернага праяўлення прыкметы – замалы, зашырокі, застары, завялікі, зацесны; са значэннем занятку, рамяства – разьбярства, грабарства, камінарства, кавальства, гарбарства, бандарства, староства, каморніцтва; са значэннем станаўлення прыкметы – паскупець, пазванчэць, парухавець, пазласнець, паглыбець, палагаднець. Часам узор утварэння новых слоў аднолькава характэрны для абедзвюх моў, але адрозніваецца колькасна: напрыклад, у беларускай мове пераважаюць словы са значэннем ‘дачка таго, хто названы ўтваральнай асновай’ – леснікоўна, бандароўна, ткачоўна, дзякоўна, вайтоўна, у рускай мове – гэта толькі словы поповна, королевна, царевна. Аднаслоўных эквівалентаў да пералічаных беларускіх назваў у рускай мове няма [4; 54]. Як можна ўпэўніцца, безэквівалентная лексіка беларускай мовы – з’ява арыгінальная, цікавая, “у іх закладзены значныя камунікацыйныя і выяўленчыя магчымасці. Варта спрыяць таму, каб абсяг іх ужывання не звужаўся і беларуская мова не зведвала прыкрых страт” [54, с. 7]. 6.1.2. Лексіка паводле ступеніактыўнасціЛексіка – найбольш рухомая частка моўнай сістэмы, якая знаходзіцца ў пастаянным развіцці: з’яўляюцца словы для намінацыі новых прадметаў, рэалій, і наадварот, словы, якімі называліся з’явы, што не выкарыстоўваюцца грамадствам сёння, выйшлі з ужытку. Цэнтральная частка лексічнага складу мовы, яе ядро – словы актыўнай лексікі. Гэта словы, актуальныя для сучасных носьбітаў мовы: агульнаўжывальная лексіка, зразумелая ўсім моўцам і неабходная для паўсядзённых зносін незалежна ад іх заняткаў, прафесіі, месца пражывання, узросту, статусу (чалавек, галава, рукі, твар, дзіця, школа, хлеб, вада, працаваць, піць, есці, гаварыць, глядзець, вучыць, добры, дрэнны, светлы, разумны, блізка, далёка, позна, рана, тут, там, адзін, два, мільён, ты, сябе, свой, твой і інш.). Да актыўнай лексікі адносяцца не толькі агульнаўжывальныя словы, але і тэрміны (рэнтабельны, інфляцыя, віртуальны, ген, нанатрубка), кніжныя словы (удасканальвацца, галіна дзейнасці), эмацыянальна-экспрэсіўная лексіка (сонейка, разумнічка). На фоне актыўнай лексікі вылучаецца пасіўная, у склад якой уваходзяць словы, рэдка ўжывальныя ў паўсядзённых зносінах і не заўсёды зразумелыя носьбітам мовы. Яны ўжо перасталі быць неабходнымі ў працэсе зносін (устарэлыя словы) або, наадварот, параўнальна нядаўна з'явіліся і яшчэ не сталі звыклымі, актуальнымі, канчаткова не ўвайшлі ў агульнае ўжыванне (неалагізмы). Устарэлыя словы выйшлі з актыўнага ўжытку, але захаваліся ў пасіўнай лексіцы. Яны падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы – словы, устарэлыя ў сувязі са знікненнем рэалій, якія яны абазначаюць: латы, лапці, гетман, баярын, магнат, жандар, стралец, мушкет, асьміна, камбед, нэп і інш. Гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай мове, выкарыстоўваюцца ў мастацкіх творах для стварэння гістарычнага каларыту. Важна, што пераход раней ужывальных слоў у гістарызмы назіраецца ва ўсе перыяды гісторы мовы, асабліва інтэнсіўна – у гады перабудовы або змены грамадскіх адносінаў. Напрыклад, на сучасным этапе выйшлі з ужывання цэлыя пласты лексікі, якія абазначалі рэаліі савецкай рэчаіснасці: партком, сацспаборніцтва, агітбрыгада; стандартныя клішэ савецкага часу: ударнік камуністычнай працы, вялікія будоўлі камунізму, савецкі лад жыцця, маякі пяцігодкі і інш. Многія выразы з маўлення эпохі сацыялістычнага грамадства атрымліваюць адмоўную ацэначнасць, ужываюцца ў іранічных кантэкстах: светлая будучыня, шчаслівае дзяцінства, мудры правадыр і інш. Архаізмы – устарэлыя назвы сучасных прадметаў, з’яў, у складзе актыўнай лексікі ім адпавядаюць сінонімы: выя – шыя, персі – грудзі, ланіты – шчокі, дыярыуш – дзённік і інш. Вылучаюцца наступныя тыпы архаізмаў: - фанетычныя (змянілася гукавая форма слова): філёзаф – філосаф, кроніка – хроніка; - словаўтваральныя (з устарэлай марфемай): прасвета – асвета, дзейца – дзеяч, земляздрызг – землятрус; - марфалагічныя (з устарэлай граматычнай катэгорыяй): часопісь – часопіс, сацыялісты – сацыяліст; - лексічныя (устарэлі цалкам, усім словам): атрамант – чарніла, чало – лоб, кардон – граніца/мяжа, імбрычак – чайнік; - семантычныя (устарэла адно са значэнняў мнагазначнага слова): двор ‘царскі двор, прыдворныя’, дружына ‘князева войска’. У лік ўстарэлых трапляюць не толькі ўласнабеларускія словы, але і запазычаныя: ваяж – падарожжа, віват – няхай жыве, вакацыі – канікулы, бутэрброд – сэндвіч. Пасіўная і актыўная лексіка не з’яўляюцца застылымі сістэмамі, яны пастаянна развіваюцца і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой: словы актыўнай лексікі пераходзяць у склад пасіўнай і наадварот. Напрыклад, у савецкі час у пасіўны слоўнік перайшлі словы гусар, дзяншчык, гімназія, губернія і г.д. Зараз многія з гэтых слоў вярнуліся ва ўжытак: - адміністратыўная лексіка: губернатар, дэпартамент, муніцыпальныя органы; - лексіка з галіны адукацыі: гімназія, ліцэй, кадэт; - назвы асоб паводле сацыяльнага статусу: прадпрымальнік, камерсант, акцыянер; - канфесійная лексіка: вера, грэх, запаведзь, споведзь, усяночная, літургія. Да пасіўнай лексікі адносяцца таксама неалагізмы – новыя словы або значэнні слоў, што з’явіліся ў пэўны перыяд часу. Размяжоўваюцца наступныя тыпы неалагізмаў: - лексічныя – новаствораныя сродкамі роднай мовы ці запазычаныя словы (вэб-дызайн, трафік, дыстрыб’ютар, біялагічны гадзіннік, відэафайл, айфон); - семантычныя – развіццё новага значэння ў слове (аўтамат – ‘тэлефон’, аўтаматчык – ‘спецыяліст па аўтаматыцы’; морж – ‘аматар зімовага купання’; профіль – ‘выгляд збоку’ → ‘мадэль, матэрыял’ (новы профіль з Германіі (пра вокны ПВХ). - індывідуальна-аўтарскія – адзінкавыя, як правіла, сустракаюцца толькі ў пэўных кантэкстах, дзе звычайна нясуць стылістычную нагрузку. Прызначэнне такіх неалагізмаў – застацца непаўторнымі, захаваць сваю свежасць. Напрыклад: Вершапраходцы крывіцкай мовы, іх шлях не ўсыпаны быў васількамі (Р. Барадулін). Растуць на радзіме маёй небасяжныя дрэвы (М. Танк). Існуюць неалагізмы, створаныя пісьменнікамі, якія ўвайшлі ў склад літаратурнай беларускай мовы: лганства, падлізнік (К. Крапіва), абязвечыць (К. Чорны), цемрыва (Я. Колас), адлюстраваць, ажыццяўленне, дабрабыт, мэтазгодны (У. Дубоўка). 6.1.3. Лексіка паводле стылістычнай прыналежнасціМова існуе як сістэма стыляў – г.зн. яе функцыянальных разнавіднасцей15[15], якія характарызуюцца выбарам і ўжываннем моўных сродкаў, адпаведных сферы зносін – афіцыйнай або неафіцыйнай. Адрозненні ў стылях асабліва выразна выяўляюцца ў лексіцы і дазваляюць падзяліць яе на міжстылёвую (нейтральную) і стылістычна афарбаваную. Нейтральная лексіка ўключае ў свой склад словы, якія могуць ужывацца ў любым функцыянальным стылі, не маюць дадатковых адценняў размоўнасці, пагардлівасці, зневажальнасці і г.д. (пакой, лыжка, рука, месяц, гадзі′на, выразны, чытаць, ісці, хутка). Іх найважнейшая функцыя – утвараць своеасаблівы каркас выказвання. Нейтральная лексіка колькасна пераважае над стылістычна афарбаванай лексікай. Стылістычна афарбаваная лексіка – словы, замацаваныя за пэўным функцыянальным стылем. Стылістычна афарбаваныя словы маюць нейтральныя сінонімы, дзякуючы гэтаму, усведамляецца іх стылёвая маркіраванасць, ацэначнасць. Так, адзін і той жа змест можа быць выражаны ў залежнасці ад сферы і характару зносін стылістычна рознымі сродкамі: 1) Білеты на спектакль у замку Радзівілаў вы можаце набыць у касах горада Мінска. 2) Яна купіла два білеты на спектакль. 3) – Гэта табе: два білеты на фэст у Нясвіжы. – Файна! Дзе ўдалося дастаць? Дзеясловы купіць, набыць, дастаць сінанімічныя па сваім змесце, але адрозныя па стылістычнай характарыстыцы і ўжыванні: купіць стылістычна нейтральнае, два наступныя словы – стылістычна афарбаваныя: набыць часцей ужываецца ў кніжным маўленні, пераважна ў сферы афіцыйна-дзелавога маўлення, дастаць (‘знайсці, здабыць’) пашырана ў размоўным маўленні. Лексіка пісьмовага маўлення У адрозненне ад нейтральнай, лексіка пісьмовага маўлення мае яркі адбітак кніжнасці. Гэтыя словы з’яўляюцца прыналежнасцю выключна або пераважна пісьмовага маўлення. Асноўныя сферы выкарыстання – навуковая і вучэбная літаратура, сродкі масавай інфармацыі, афіцыйныя дакументы і справавыя паперы. Спецыфічнымі рысамі пісьмовага (або кніжнага) маўлення з’яўляюцца: абдуманасць, падрыхтаванасць, устаноўка на афіцыйнасць зносін. Напрыклад, навуковая лексіка вызначаецца мноствам тэрмінаў, абстрактных слоў, аддзеяслоўных назоўнікаў (сінтэзаванне, абстрагаванне, фарміраванне, развіццё), асобых спалучэнняў (у сувязі з, з прычыны, такім чынам, з аднаго боку). Ужывальная ў сферы навукі, такая лексіка, як правіла, не мае ярка выражанай эмацыянальнасці, ацэначнасці. Названыя ўласцівасці шырока прадстаўлены і ў наступным пласце кніжнай лексікі: публіцыстычнай лексіцы, якая ўжываецца ў сферы публіцыстыкі і красамоўства (змагар, барацьбіт, запавет, аплот, арэол, гонар, пашана).. Кніжная лексіка складае неад’емную частку выяўленчых сродкаў мовы мастацкай літаратуры, дзе рэалізуе асобыя эстэтычныя функцыі. Такім словам уласціва ацэначнае значэнне, якое і тлумачыць іх эскпрэсіўнае ўздзеянне (хуткаплынны, марнатраўства, яскравы). Афіцыйна-справавая лексіка складае характэрную прыналежнасць мовы афіцыйных дакументаў і канцылярска-адміністратыўнага маўлення (абанент, заказчык, ісцец, адказчык, кватэранаймальнік). Яна ўжываецца для абазначэння грамадска-палітычных і прафесійных з’яў, у ёй адсутнічаюць эмацыянальна афарбаваныя словы, ужываюцца стандартныя выразы (справаздачны перыяд, даводзіць да ведама, згодна з параграфам, уключыць у склад). Такім чынам, лексіка пісьмовага маўлення мае адметныя рысы ў залежнасці ад сферы маўленчай камунікацыі (навуковае маўленне, публіцыстычнае, афіцыйна-справавое). Лексіка вуснага маўлення Як і лексіка пісьмовага маўлення, лексіка вуснага маўлення з’яўляецца стылістычна афарбаванай. Але, у адрозненне ад пісьмовай, лексіка вуснага маўлення характарызуецца нязмушанасцю зносін, непадрыхтаванасцю, сітуатыўнасцю, дыялагічнасцю (часта суправаджаецца непасрэдным кантактам). Сфера яе ўжывання – паўсядзённыя побытавыя стасункі, а таксама ў значнай ступені прафесійныя зносіны неафіцыйнага характару. У заледнасці ад ступені літаратурнасці, можна вылучыць два асноўныя пласты лексікі вуснага маўлення: размоўную (гутарковую) і прастамоўную. Размоўная лексіка – словы і выразы, якія ўжываюцца людзьмі пры неафіцыйных моўных зносінах. Размоўная лексіка з’яўляецца стылістычна афарбаваным пластом слоўнікавага складу і не выходзіць за межы лексікі літаратурнай мовы. Большасці размоўных слоў уласціва пэўная ацэначнасць: гуляка, абібок, чысцюля, зубрыла, шыбаваць, здаравяка, нештачка. Гэтыя дадатковыя адценні адлюстроўваюцца ў слоўніках пры дапамозе спецыяльных памет: сцяміць (разм., адабр.) – скеміць; зегры (разм., зневаж.) – вочы. Да размоўная лексікі адносяцца і многія словы прафесійнага і справавога характару, якія выкарыстоўваюцца ў неафіцыйных зносінах (прафесіяналізмы16[16]): кірпіч ‘знак, які забараняе праезд’; абараніцца ‘абараніць дыпломную работу, дысертацыю’; распісацца ‘зарэгістраваць шлюб’. Прастамоўная лексіка – стылістычна зніжаныя словы, якія знаходзяцца па-за межамі нармаванай літаратурнай мовы, у адрозненне ад размоўнай лексікі. Прастамоўная лексіка выкарыстоўваецца для зніжанай, грубаватай ацэнкі з’явы або падзеі. Такія словы характарызуюцца ярка выражанай адмоўнай экспрэсіяй: жмінда (пагардл.), дрыхнуць (груб.), слюнцяй (груб.). Лаянкавыя і вульгарныя словы таксама ўваходзяць ў гутарковую лексіку, аднак знаходзяцца на перыферыі беларускай мовы, іх выкарыстанне сведчыць пра адсутнасць культуры маўлення. Лексіка паводле стылістычнай прыналежнасці адрозніваецца ступенню стылістычнай зніжанасці. Адзінкай яе “вымярэння” служыць нейтральная лексіка: лексіка кніжнага маўлення ў цэлым больш высокая, чым нейтральная, размоўная – больш зніжаная ў параўнанні з нейтральнай. Табліца 14. Лексіка беларускай мовы паводле стылістычнай прыналежнасці 6.1.4. Лексіка паводле сферы выкарыстанняУ лексічнай сістэме сучаснай беларускай мовы з пункту гледжання сферы яе выкарыстання вылучаюцца дзве асноўныя часткі: агульнаўжывальныя словы і словы, абмежаваныя ў сваім выкарыстанні тэрыторыяй або сацыяльным асяроддзем. Агульнаўжывальныя словы – словы, пашыраныя на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у вусным і пісьмовым маўленні, зразумелыя ўсім людзям незалежна ад тэрыторыі пражывання або сацыяльнай прыналежнасці. Агульнаўжывальная лексіка з’яўляецца неабходным матэрыялам для выражэння паняццяў, думак і пачуццяў. Асноўная маса гэтых слоў устойлівая і ўжывальная ва ўсіх стылях маўлення (вада, зямля, кніга, вясна, краіна, аўтар, алфавіт, абяцанне, хадзіць, гаварыць, разумець, добры, прыгожы). Да слоў абмежаванага ўжывання адносяцца: а) тэрытарыяльна абмежаваныя – выкарыстоўваюцца толькі ў асобных тэрытарыяльных разнавіднасцях мовы (дыялектызмы); б) сацыяльна абмежаваныя – выкарыстоўваюцца толькі ў асобных сацыяльных разнавіднасцях мовы (спецыяльная лексіка – тэрміны, наменклатура, прафесіяналізмы; жарганізмы, аргатызмы). Дыялектная лексіка – словы, уласцівыя пэўнай гаворцы або некалькім гаворкам і абмежаваныя тэрыторыяй (сярэдне-беларускія, паўночна-ўсходнія, паўднёва-заходнія беларускія гаворкі): братачко, кеб, буў, ріба, ето, гостры; ляжацьму, чытацьму, пішыць, гавора, аўцэ, пры дарозі, пасвіць коні; па-мойску (па-мойму), вобуў (абутак), наранкі (раніцай), тамака (там), кавеня (качарга), полак (стол), жупіць (гаварыць); блінцоўка (дзежка на бліны); клешкі (мяшкі для цыбулі на зіму); лазня (дзіця, якое ўсюды лазіць), кабан (певень). Як бачна з прыкладаў, дыялектызмы могуць мець гукавыя, словаўтваральны адрозненні ад літаратурных слоў, выкарыстоўваць розныя словы для абазначэння аднаго і таго ж прадмета. Важна мець на ўвазе, што любая літаратурная мова мае дыялектную аснову. Адпаведна дыялекты больш даўняе і больш значнае ўтварэнне ў гістарычнай іерархіі. Яны падмурак літаратурнай мовы, яе карані. Найбольш актыўна беларуская мова папаўнялася з дыялектаў у пачатку ХХ ст. – у перыяд станаўлення нормаў беларускай літаратурнай мовы. Новая беларуская літаратурная мова ў поўным сэнсе вырастала з дыялектаў, якія з’явіліся яе фундаментам і асновай. Акрамя гэтага, дыялекты цікавыя яшчэ і тым, што, дзякуючы сваёй кансерватыўнасці, адносна малой пранікальнасці да чужародных элементаў, яны фактычна з’яўляюцца адлюстраваннем старажытных з’яў у мове. Жывыя народныя гаворкі – гэта галоўная крыніца, з якой здабываецца аб’ектыўны і каштоўны матэрыял для гістарычнай граматыкі. Паказчыкі дыялектаў – першакрыніца гісторыі мовы. Як археолаг рэстаўрыруе карціну мінулых часоў па археалагічных знаходках, так і філолаг праводзіць у гаворках своеасаблівыя лінгвістычныя раскопкі. Дыялектная лексіка актыўна выкарыстоўваецца беларускімі пісьменнікамі з мэтай адлюстравання нацыянальнага характару, узнаўлення мясцовага каларыту: Чым багаты, тым і рады, са ўсёй душы стараліся… Кеб усё добра було, кеб не горай, як у другіх людзей (І. Мележ). У сацыяльна абмежаваную лексіку ўключаецца жаргонная і аргатычная, для якой таксама, як і для дыялектных слоў, характэрны межы ва ўжыванні. Такая лексіка з’яўляецца сацыяльным варыянтам маўлення і выкарыстоўваецца ў пэўных умовах зносін. Жаргонная лексіка з’яўляецца прыналежнасцю сацыяльнай або ўзроставай групы людзей, якія аб’ядны агульнасцю інтарэсаў, занятку і г.д. Жарганізмы адрозніваюцца ад агульнаўжывальнай лексікі перш за ўсё лексікай і фразеалогіяй і тым, што не маюць уласнай граматыкі. Напрыклад, студэнцкі жаргон: кол ‘адзінка’, ботан ‘той, хто шмат завучвае’, аўтамат ‘ залік’. Жарганізмы з’яўляюцца экспрэсіўнымі сінонімамі да агульнаўжывальных слоў і выразаў. Усім жаргонным словам уласціва яркая экспрэсіўна-стылістычная афарбоўка, таму яны лёгка могуць пераходзіць у размоўнае маўленне, у прастамоўе, прычым межы паміж жаргоннай лексікай і размоўна-бытавымі словамі могуць быць размытымі. Аргатычная лексіка (з фр. argo ‘замкнёны’) – гэта словы груп людзей, якія хочуць зрабіць сваю мову “таемнай”, незразумелай для іншых. Асноўнае прызначэнне арго – засакрэчванне зместу маўлення, імкненне ўжываць спецыяльна вынайдзеныя або штучна дэфармаваныя словы, зусім незразумелыя для іншых. Гэтая “мова” служыла адным са спосабаў аховы прафесійных інтарэсаў або сродкам самаабароны ва ўмовах вандроўнага жыцця, напрыклад, у асяроддзі вандроўных рамеснікаў і гандляроў, музыкаў-жабракоў (шывар ‘тавар’, клёва ‘добра’, баш ‘грошы’ і інш.). Прычыны ўзнікнення таемнага маўлення вынікаюць з сацыяльных умоў. У мінулыя стагоддзі адасобленыя сацыяльныя групы, хаваючы ад іншых людзей свае прафесійныя інтарэсы, стваралі спецыяльныя словы – аргатызмы. З развіццём фабрычнай прамысловасці цэхавыя межы разбураліся, і гэтыя словы паступова выходзілі з ужывання: частка іх адмірала, частка пераходзіла ў размоўна-бытавое маўленне. Аргатызмы выходзілі (або выходзяць) з ужывання там, дзе знікаюць сацыяльныя прычыны для іх існавання [7, с. 34]. Спецыяльная лексіка – словы, якія ўжываюцца прадстаўнікамі пэўнай спецыяльнасці або галіны навукі. У склад спецыяльнай лексікі ўваходзяць тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы. Тэрміны'>Тэрміны – афіцыйна ўзаконеныя словы, якія дакладна абазначаюць паняцці розных галін навукі, тэхнікі, вытворчасці, культуры, мастацтва. Наменклатурныя назвы з’яўляюцца найменнямі-канкрэтызатарамі да тэрмінаў, гэта назвы канкрэтнай прадукцыі: аперацыйная сістэма WindowsXP, пыласос Samsung, пральная машына LG. Прафесіяналізмы – словы і выразы, уласцівыя маўленню калектыва, аб’яднанага якой-небудзь прафесіяй. Калі тэрмін – гэта навуковае абазначэнне паняцця, прынятае і ўзаконенае ў навуцы, то прафесіяналізм – паўафіцыйнае слова, распаўсюджанае ў размоўным маўленні людзей пэўнай прафесіі (баранка ‘рулявое кола’, падвал ‘ніжняя частка газетнага ліста’, шапка ‘агульны загаловак для некалькіх артыкулаў’, язык ‘подыум’, венік ‘вінчэстар’, глюк ‘недакладная праца сістэмы’). Прафесіяналізмам ўласціва экспрэсіўнасць, яны стылістычна афарбаваныя. Напрыклад, у ядзейнай фізіцы паскаральнік пратонаў з арбітай пастаяннага радыуса – сінхрафазатрон, а ў вусным маўленні спецыялістаў яму адпавядаў прафесіяналізм каструля паводле падабенства па форме. Такім чынам, значэнне прафесіяналізма звычайна ўзнікае на аснове метафарычнага пераасэнсавання слова. Такім чынам, прафесіяналізмы істотна адрозніваюцца ад тэрмінаў, нягледзячы на тое, што яны ўключаны ў спецыяльную лексіку. Табліца 15. Вызначальныя рысы тэрмінаў і прафесіяналізмаў
Такім чынам, рысы непадобнасці, нацыянальнага каларыту найбольш ярка праяўляюцца на ўзроўні лексікі, таму яе ролю ў стварэнні нацыянальнага аблічча мовы цяжка пераацаніць. Дэталізацыя пэўнага паняцця, названага словам, у розных мовах можа адбывацца неаднолькава. Гэта абумоўлена рознай ступенню актуальнасці, важнасці прыкметы якога-небудзь аб’екта рэчаіснасці для носьбітаў суадносных моў. Адны і тыя ж уласцівасці прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету могуць выступаць як істотныя і другарадныя, змястоўныя і павярхоўныя ў беларускай і рускай мовах. Напрыклад, для беларуса вызначальнай прыкметай слова запалка выступае функцыянальная: ‘тое, што запальваюць’, у рускай мове яна неістотная, аснову наймення ўтварыла прыкмета знешняга падабенства: спичка – ‘маленькая спіца’. |