ЭУМКД Беларуская мова (Культура маўлення). Картка дысцыпліны 18 Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы 20
Скачать 1.26 Mb.
|
Раздел первый. О персоне нашой господарской. Артыкул 18. Не маеть нихто ни за кого терпети, только кождый сам за себе Теж уставуем, иж нихто ни за чий кольвек учинок не маеть каран и сказован быти, только тот, который в чом сам винен зостанеть, гды ж того право божое и справедливость хрестияньская учить. Яко ж так хочем мети, абы ни отец за сына, ани сын за отца, кром ображенья маестату нашого и речи посполитое здрады, яко вышей около того ест описано, ани жона за мужа, ани муж за жону, так теж брат за брата, отец и матка за дочку, дочка за матку або отца, сестра за сестру, и жадный прирожоный и слуга за пана, пан за слугу, и нихто иный ни за чый выступ и вчинок не был каран, только кождый сам за свой выступ маеть терпети и каран быти. 11. Прачытайце тэкст. Адкажыце на пытанне. Адно з пытанняў арфаграфііі як раздзела мовазнаўства – гэта гісторыя беларускай арфаграфіі. Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі новай(сучаснай) літаратурнай мовы, пісаў: «Пакінуўшы даўно парваныя і заняпаўшыя традыцыі старасвецкае беларушчыны, мова новага пісьменства адразу пачала буйна ўзрастаць з народнага карэння». Чаму новая беларуская мова, якая пачала складвацца ў другой палове ХІХ ст., не працягвала традыцый старажытнабеларускай мовы, той мовы, якой карысталіся ў пісьмовых зносінах у Вялікім Княстве Літоўскім? 12. Прачытайце верш К. Крапівы «Шчыраму латыністу» (з падзагалоўкам «На заметку ў газэце «Звезда»). Адзначце напісанні, якія не супадаюць з сучаснымі. Для даведкі: верш напісаны 11 кастрычніка 1922 г. і апублікаваны ў газеце «Савецкая Беларусь» (газета тады друкавалася на беларускай мове, а «Звязда» – на рускай). Што вы, людзі! Што вы! Што вы! Ня было таго ніколі, Каб у нашай роднай школе Беларускай нейкай мовы Шэсьць гадзін было на тыдні, -- Яна-ж дзецям аж абрыдне. Ды няма з яе карысьці – Забіваць адно галовы; Лепш ужыць латынскай мовы Ды францускай, як калісьці, Гледзячы з паднебнай вышы, Так з «Зьвязды» «Рабочы» піша. Кажуць нават, што нядаўна Ён унёс проэкт, каб далей Ў нашых школах выкладалі Пакітайску (вось забаўна!), Беларус-жа роднай мовы, Каб ня мог ужыць і слова. Трэба й мне адукавацца, Бо й “Савецкай Беларусі” Давядзецца скора, мусіць, Пакітайску друкавацца... Латыніст, заядлы, шчыры! Пралупі ты зрэнкі шырай Ды на дол спусьціся з неба, Наш таварыш безгаловы, Дык убачыш, што нам мова Беларуская тут трэба, Як вада, як кавал хлеба, Як расліне кожнай глеба. 13. Вызначыце характэрныя рысы беларускага правапісу, які існаваў да рэформы 1933 года. Няма тае хаткі, каб ня было звадкі. Адвага не зьнявага. Ад цяплосьці не баляць косьці. На сваім сьметніку і певень сьмелы. Цярпеньнем і працай горы пераносяць. За баляваньнем ходзіць галадаваньне. 14. Адзначце несупадзенні моўных нормаў у “Граматыцы...” Б.Тарашкевіча з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. 1) Шмат рэк пачынаецца ад сьнягоў, каторыя растайваюць у горах. 2) Яны цякуць у ніз гаманлівымі ручаямі й вадаспадамі. 3) Сеў гаспадар з сабакам у човен, ад’ехаў ад берагу і стаў прывязваць камень сабацы да шыі. Пасьля ўстаў і піхнуў нагой сабаку ў ваду, ды з размаху й сам туды-ж уваліўся. 4) Аднаго бацькі, аднае маткі ня роўныя бываюць дзіцяткі. 5) Мая зоранька ясная, маё сонейка пракраснае! 6) Зельле заглушыла ўсё поле. 7) Чужаземныя словы, нядаўна ўвайшоўшыя ў беларускую мову, асабліва-ж навуковыя тэрміны, пераважна перадаюцца, па магчымасьці, так, як у тэй мове, скуль яны ўзятыя. 15. Колькі графічных сістэм вядома ў гісторыі беларускай мовы? 16. Пачытайце наступны ўрывак. Назавіце аўтара. Як перадаюцца спецыфічныя для беларускай мовы гукі? Bratcy miłyje, dzieci Ziamli-matki majej! Wam afiarujuczy pracy swaju, muszu z wami pahawaryc trochi ab naszaj doli-niadoli, ab naszaj backawaj zpradwiecznaj mowie, katoruju my sami, da j nie adny my, a usie ludzi ciomnyje, «muzyckaj» zawuc, a zawietca jana «biełaruskaj». Ja sam kalis dumau, szto mowa nasza — «muzyckaja» mowa i tolki taho! Ale, pazdarou Boze dobrch ludcou jak nauczyli mianie czytacpisac, z toj pary ja szmat hdzie byu, szmat czaho widzieu i czytau: i prakanausia, szto mowa naszaja josc takajaz ludzkaja i panskaja jak i francuzkaja, albo niamieckaja, albo i inszaja j jakaja. 17. Пачытайце выказванне У. Караткевіча пра асаблівасці беларускай мовы. Назавіце іх. Пракаментуйце знакі прыпынку. Наша мова вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлку ў жытах, – мякка, а за тры вярсты чуваць. “Эль” – як салодкае віно, “дзе” – як шкляной палачкай па крышталю, мяккае “с” – як соннае ціўканне сінічкі ў гняздзе. І побач “р” – як гарошына ў свістку, і доўга, пявуча, адкрыта гучаць галосныя. А “г” прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзіцяці, каб перастаў сніць дрэнны сон. 18. Прачытайце тэкст. Абгрунтуйце, чаму дж і дз не павінны ўключацца ў алфавіт. Падлічыце, колькі літар у беларускім алфавіце. У падручніках і дапаможніках падаюцца неаднатыпныя, часам супярэчлівыя сцвярджэнні пра беларускі алфавіт. У «Буквары» А.К.Клышкі (1995, с. 103) колькасць літар не называецца, але першакласнікі пры жаданні самі могуць зрабіць падлік: апрача 32 літар, тут пасля д у дужках прыводзяцца дж і дз. Тое самае знаходзім і ў падручніку для 2 класа «Беларуская мова» В.А.Бекіша і інш. (1995, с. 24). Пяцікласнікі з падручніка «Беларуская мова» В.П. Краснея і Я.М.Лаўрэля (1995, с. 141) даведваюцца, што «ў беларускім алфавіце 32 літары, а гукі [дж], [дз] абазначаюцца на пісьме дзвюма літарамі (д, ж і д, з)». Прыкладна тое самае паўтараецца і ў дапаможніку для вучняў старэйшых класаў «Беларуская мова» М.Ц.Кавалёвай (1995, с. 66-67). Аналагічныя звесткі даюцца і ў падручніку для педвучылішчаў «Беларуская мова. Ч. 1» (1982, с. 41-42). У дапаможніках жа для студэнтах-філолагаў вышэйшых навучальных устаноў сцвярджаецца, што сучасны беларускі алфавіт складаецца з 34 літар, потым даецца іх пералік: а, б, в, г, д, дж, дз і г.д. (гл., напрыклад: Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова. – Мінск, 1974. С. 89; Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова. – Мінск, 1985. С. 113-114; Рагаўцоў В.І., Юрэвіч А.Л. Уводзіны ў мовазнаўства. – Мінск, 1987. С. 147-148; Сцяцко П.У. Пачатковы курс мовазнаўства. – Гродна, 1993. С. 53; Сучасная беларуская мова: Лексікалогія. Фаналогія. Арфаграфія. – Мінск, 1976. С. 168). Праўда, у апошняй з пералічаных кніг, у 2 і 3-м дапрацаваных выданнях (1984, с. 160-161; 1993, с. 177-178), сказана, што ў нашым алфавіце 32 літары, а дж і дз утвораны са спалучэння літар і называюцца дыграфамі. Няпэўнасць адносна колькасці літар у алфавіце адчуваецца і пры чытанні энцыклапедыі «Беларуская мова» (1994, с. 29). Тут спачатку гаворыцца, што алфавіт складаецца з 32 літар, а затым дадаецца, што «некаторыя даследчыкі асобнымі літарамі лічаць дыграфы дж, дз». Тут слова «даследчыкі» ўжыта, відаць, не зусім дакладна (замест «аўтары падручнікаў»), бо спецыяльнымі даследаваннямі пра названыя дыграфы ніхто ў беларускім мовазнаўстве не займаўся, ды ў гэтым і няма патрэбы, бо існуе адпаведная агульнапрынятая сусветная практыка. Паводле прынятай агульнасусветнай практыкі, кожная літара алфавіта як асобны графічны знак для перадачы на пісьме пэўнага асноўнага, тыповага гука (фанемы) мае свой, толькі яму ўласцівы малюнак (абрыс), непадобны ні да адной іншай літары. Так, фанема [д] абазначаецца літарай д, фанема [ж] – літарай ж, фанема [з] – літарай з. Ідэальным мог бы лічыцца алфавіт, калі б у ім для кожнай фанемы была свая літара. Але такіх алфавітаў няма. Яны б былі занадта шматлітарныя. У нашай графіцы, як і ў некаторых іншых, многія літары маюць два асноўныя гукавыя значэнні (напрыклад, літары б, в у словах быць – біць, воз – вёз). Няма ў беларускай графіцы асобных знакаў-літар для фанем [дж] і [дз]. Яны абазначаюцца на пісьме спалучэннем дзвюх літар (д, ж і д, з), кожная з якіх ужо заняла ў алфавіце сваю нішу. Такія спалучэнні дзвюх літар называюцца дыграфамі. І, зразумела, яны не павінны ўключацца ў алфавіт – ні ў дужках пасля д, ні без дужак. Аналагічнае можна бачыць і ў шмат якіх іншамоўных алфавітах. Напрыклад, і ва ўкраінскай мове гукі [дж] і [дз] перадаюцца на пісьме дыграфамі: бджола, дзвін. Тое самае і ў польскай мове, дзе алфавіт складаецца з 33 літар, а па-за алфавітам ёсць яшчэ аж 7 дыграфаў, у тым ліку dz, dz для абазначэння афрыкатаў [дз], [дж]. Дыграфы ці паліграфы характэрныя і для англійскай, французскай, нямецкай моў. У нямецкай мове фанема [ш] абазначаецца спалучэннем трох літар – sch, а для перадачы на пісьме фанемы [ч] выкарыстоўваецца спалучэнне з чатырох літар – tsch. І, канешне, такія спалучэнні (паліграфы) у алфавіт не ўключаюцца. «Вынікам непаразумення» называе вядомы даследчык тэорыі пісьма Л.Р.Зіндэр выпадкі, калі ў алфавіт уключаюць спалучэнні дзвюх і больш літар, і ў якасці прыкладаў прыводзіць кабардзіна-чэркескі алфавіт, у якім ёсць чатырохлітарнае спалучэнне кжьу, а таксама беларускі «са спалучэннямі дз і дж для абазначэння афрыкатаў». Характэрна, што ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя не было праблемы адносна таго, уключаць ці не ўключаць у алфавіт дыграфы дз, дж. Б.Тарашкевіч у «Беларускай граматыцы для школ. Выданне 5-е» (Вільня, 1929. С. 47) пісаў: «У беларускай азбуцы 32 літары. Для гукаў дз, дж няма асобных літараў, а таму для кожнага ўжываецца па дзве літары. Але трэба ведаць, што вымаўляюцца дз і дж як адзін гук». Я.Лёсік у «Граматыцы беларускае мовы: Фонэтыка» (Мінск, 1926. С. 43, 38) піша: «Для абазначэння гукаў дз і дж пішацца дзве літары, але чытаюцца яны не паасобку, а разам, злітна: дзед, дзень». У азбуцы, паводле Я.Лёсіка, 33 літары, сярод іх дзве (аднолькавага малюнку) літары г: адна абазначае фрыкатыўны гук [г], а другая – выбухны гук [г] (І.Я.Лепешаў «Сучасная беларуская літаратурная мова: Спрэчныя пытанні» – Мн., 2002, с. 146 – 147). 19. Вызначце колькасць гукаў і літар у словах. Размясціце па трох калонках прапанаваныя словы: гукаў больш, чым літар гукаў менш, чым літар колькасць гукаў і літар супадае Кніга, яе, дзеці, дзед, краіна, дом, паехаць, тваю, рака, аб’інець, салаўіны, людзі, дажджы, здароўе, праходчык, Радзіма, фельчар, дзяжурны, ракетчык, усур’ёз, паджынаць, подзвіг, сашчапіць, аб’езд, расшпіліць, сонны, зжыцца, дзверы, апранаешся, любоўю, самаадданы, схільны, маладзенькі, дошка, разводдзе. 20. Вызначце розныя спосабы абазначэння мяккасці зычных гукаў. У якіх з прыведзеных слоў мяккасць зычных гукаў не абазначаецца на пісьме? Смех, люблю, снег, канькі, пісьмо, пальцы, раз’езд, конь, алень, раз’едзены, бацька, пакатасць, паляпшэнне, паспешліва, пачарсцвець, сальны, салявы, самалюб, сем’янін, сямюстамі, сеньярыта, скіпець, скальпель, сліва, слізь, страсць, суаднесціся, схільны, сцверджанне, сыценькі, сядзельца, тыльда, уменне, чацвёра, яблынька. 21. Дапішыце наступныя сказы. 1. Валоданне і папераменнае карыстанне дзвюма мовамі -- … . 2. На тэрыторыі Беларусі двухмоўе ўзнікла … . 3. У раёнах сумежнага пражывання беларусаў з іншымі народамі ўзнікла … . 4. Білінгвізм даследуецца ў такіх аспектах, як … . 5. Інтэрферэнцыя прыводзіць да … . 6. Разыходжанні ў граматычным афармленні рускіх і беларускіх лексем – гэта … . 7. Сінтаксічная інтэрферэнцыя выклікаецца … . 8. Пранікненне фанетычных рысаў з адной мовы ў другую – гэта … . 9. Лексічная інтэрферэнцыя звязана з … . 10. Прычынай існавання словаўтваральнай інтэрферэнцыі з’яўляецца … . 11. Акцэнтная інтэрферэнцыя звязана з … . 12. Прамежкавая форма змешанага маўлення – гэта… 13. Трасянка ўзнікае ў выніку … . 14. Моўная сітуацыя ў будучым на тэрыторыі Беларусі залежыць ад … . 22. Уважліва пачытайце. Адзначце асаблівасці маўлення Мікіты Зміцеравіча. Як называецца такое маўленне? З якога твора ўзяты ўрывак? Тут дзядзька Лёкса па пасудзе Ударыў зноў: Прашу наліць! Мікіта Зміцеравіч будзе У гонар маці гаварыць! Мікіта вычакаў хвіліну, Пакуль заціх-улёгся шум, Устаў паважна, нос закінуў, Як перад люстрам харашун. - Што ж, еслі просіць прадсядацель, Ці, ізвіняюсь, тамада, Каб я сказаў што к гэтай даце, То я далжон адвеціць: да! Дык вот у нашай юбіляркі Есь многа качастваў такіх, Што быў бы грэх не выпіць чаркі, Не ўшанаваць пачотам іх. А першым качаствам законна Шчытаю я без лішніх слоў, Што, хоць і ў возрасце прыклонным, Ана не знаець дактароў. Другое качаства па праву Адмецім такжа мы спаўна, Што патрудзілася на славу За жызь працоўную ана. А трэцім качаствам гардзіцца Найболей нада, што ўдава Зрасціла нас, как гаварыцца, І ў жызь пуцёўку нам дала. У ту вужасную разруху, Благадара і вапракі, Ана не пала сілай духу: Пускала нас - как пціц,з рукі!.. Тут выйшла пауза малая, І д'ябал Вінька не стрываў: - А што бабуся залатая І ўнукаў любіць - не сказаў! Мікіта згроб сурвэтку ў пальцы, Махнуў рукою, як ластом: - А вы мяне не папраўляйце! - Раўнуў на Віньку цераз стол. - Я лучча знаю, што бабуся! І ўсё я знаю, што к чаму! А еслі ў чом і абшыбуся - Мяне паправіць есь каму! Наліўся чырванню, засопся І сеў, забыўшыся на тост. - Іш, папраўляць мяне знайшоўся! Схадзі папраў цяляці хвост!.. Застолле зразу анямела, Уткнула ў скацерку насы, А потым ціха і нясмела Сям-там узніклі галасы: - Яно, падумаўшы, канешна, Перабіваць другіх не варт... - Хацеў - пацешна, выйшла - грэшна... - Дык ён жа, мабыць, гэта ў жарт?.. Сцяпан глядзеў на край кілішка, Было ад сораму - хоць плач: «Ну, і Мікішка! Ну й Мікішка! Хоць маму ўважыў бы, таўкач!..» Няёмкасць зняў пляменнік Зосін - Нібыта ў бочку, грымнуў бас: - Мікіта Зміцеравіч, просім Не сердаваць і кончыць сказ! Тады й Тамаш ускінуў вочы, Адчуў сябе гаспадаром: - Ты трэцім качаствам закончыў, Кажы далей, ды і кульнём! - А просім, просім! - раптам госці Сыпнулі хорам, дружна ў лад. Мікіта й сам уцяміў штосьці І адарваў ад крэсла зад. Устаў, узяў у пальцы чарку, Хвіліну важна памаўчаў І ў тым жа тоне, так жа ярка Сказ прапановай увянчаў: - І так, за здравіе мамашы І за дальнейшы, значыць, рост Праізвадзіцельнасці нашай Я прыдлагаю выпіць тост!.. 23. Уважліва пачытайце словы, сфармулюйце правіла, паводле якога яны пішуцца, і назавіце адпаведную асаблівасць беларускай мовы. 1.1.Дом – дамы, горад – гарады, цэгла – цагляны, сэрца – сардэчны, цэны – цана, жэмчуг – жамчужына, арэнда – арандатар. 1.2 кроў – крыві, дровы – дрывотня, бровы – брыво, глотка – глытаць, гром – грымоты. 24. Прачытайце словы і пракаментуйце заканамернасць напісання галосных у першай частцы складаных слоў. дабрадзей, галаваломка, вадасховішча, раўнапраўе, высокаідэйны, паліклініка, політэхнічны, стогадовы, рознакаляровы 25. Устаўце прапушчаныя літары. п...ўгода, выс...каідэйны, св...еасаблівы, ст...годдзе, шт...раніцы, шт...лета, шыр...катвары, р...знагалосы, д...ўгавечны, мн...гаструнны, руж...вашчокі, ст...тысячны, х...ладаўстойлівы, п...ўнаўладна, ш...равокі, м...танакіраваны, м...тазгодна, кр...дытаздольнасць, м...вазнаўства, сл...ватворчасць, н...ўтбук, ф...таапарат, ф...таграфаваць 26. Прачытайце ўважліва, назавіце асаблівасць беларускай мовы мёд – мядок, лёд – лядовы, землі – зямля, дзевяць – дзявяты, сем – сямнаццаць, цецерукоў – цецярук 27. Пачытайце з захаваннем правільнага вымаўлення, назавіце асаблівасць беларускай мовы павага, пагарда, дарога, трывога, дапамога, багаты, магутны, згодны, загадны, густ, гумар, гузік, гаспадар, галава, мазгі, гутарка, ганак, вага, смага, нягеглы 28. Устаўце прапушчаныя літары здаро...е, жыла – жы..., дапамага..., асно...ны, сонца ...зімку, дзяржаўны ...ніверсітэт, джо..ль, а...тамат, з’ява ...нікальная, радаснае “...ра”, кры...да, дыназа...р, выпукла-...вагнуты, на ...краіне (за ўкраінцаў), со...с, рады...с, ля ...нівермага, шлагба...м, Брэсцкая ...нія, а...каць, ток-шо..., но...-ха... , адсвяткавалі меды…м. 29. Пачытайце ўважліва і назавіце зацвярдзедыя зычныя ў беларускай мове. Шчупак шчупачыху шчыпле за шчочку. Цудоўны цацацны палац стварылі з цукру і цукатаў. Хаджу ў джынсах пад дажджом і слухаю джаз. Тры краты, тры браты трушчаць моркву ў тры раты. 30. Перакладзіце на беларускую мову. шоссе, роскошь, шиповник, шершавый, подлец, вкусный, сказочный, север, слушатель, площадь, щётка, щека, поцелуй, дворец, жёлтый, жетон, журавль, жираф, обижаю, джем, джип, дрожжи 31. Прывядзіце прыклады слоў з падоўжанымі зычнымі, пераклаўшы прапанаваныя лексемы. путешествие, зерновые, здороваться за руку, ночью, обличье, возвышенность, тишиной, питаться, встречаться, возвращаться, заграница 32. Пачытайце ўважліва, параўнайце з рускай мовай і назавіце асаблівасць беларускай. вучань, навука, вус, вузел, чарнавусы, восень, вобземлю, водгук, увогуле, вокны – акно, вобласць – абласны, наваколле, ніводны імгненна, імхі, амшары, ільготная чарга – па льготнай чарзе, аржаны хлеб – луста ржанога хлеба напішыце правільна: на...огул патлумачце напісанне: ордэн, урна, унікальны, універсітэт, Орша; удвух, унук, учора, улада, урач |