Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
Скачать 1.76 Mb.
|
Марфалагічныя нормы ў сістэме прыметніка. Цяжкасці ўзнікаюць пры ўтварэнні і выкарыстанні ступеняў параўнання. Складаныя формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання ўтвараюцца практычна ад усіх якасных прыметнікаў: больш цёплы, менш моцны, найбольш чысты, самы прыгожы і г.д. Ненарматыўнымі лічацца формы тыпу больш дабрэйшы, самы цяплейшы. Не ўтвараюць ступеняў параўнання прыметнікі, што абазначаюць стан (нямы, жывы, мёртвы, жанаты, халасты), масці жывёл (гняды, вараны, русы, пярэсты, рыжы), колькасна нязменную знешнюю фізічную прымету (босы, голы, вусаты, рагаты, барадаты, кульгавы), а таксама складаныя прыметнікі (светлавалосы, цёмна-сіні, белабароды, чарнавокі) і прыметнікі, што называюць колер праз адносіны да іншых прадметаў (салатавы, фіялетавы, вішнёвы, ружовы, карычневы, бэзавы). Простую форму не ўтвараюць прыметнікі, што перайшлі з адносных у разрад якасных і маюць у структуры суфіксы -ав-/-яв-(перадавы, бялявы), -іст- (галасісты, агністы), -к- (коўкі, ліпкі), -ат- (шурпаты), -аўн- (сакаўны), -ічн- (гераічны), -ніч- (маляўнічы), -юч- (балючы), -эзн- (даўжэзны), -еньк- (дробненькі) і інш. Складаныя формы больш ужывальныя яшчэ і праз стылістычную афарбоўку: яны ўласцівы пісьмовай мове, аднак не кантрастуюць з нейтральным маўленчым фонам. Прыметнікі ў форме вышэйшай ступені параўнання ўводзяцца ў тэкст з дапамогай прыназоўніка за і назоўніка ў вінавальным склоне (ліпень цяплейшы за верасень, журавіны кіслейшыя за брусніцы) або параўнальных зваротаў са злучнікамі як, чым і назоўнікам у назоўным склоне (Антось больш моцны, чым брат; няма цікавейшых кáзак, як нашы). Недапушчальнай лічыцца структура канструкцый тыпу ліпень цяплей за верасень, Андрэй за ўсіх мудрэй (хоць у фальклоры, паэзіі, гутарковым стылі такія адзінкі ўжываюцца, што можа быць звязана з захаваннем рытму і рыфмы ў тым ліку), бо суфікс -эй/-ей характэрны для прыслоўяў. Парушэннем нормы з’яўляюцца таксама выразы са значэннем гранічнай ступені якасці тыпу цікавейшая пастаноўка, прыгажэйшыя азёры, якія ўжываюцца пад уплывам рускай мовы. Нельга забываць, што пры вышэйшай ступені параўнання могуць ужывацца часціцы яшчэ, куды, якія надаюць не толькі ўзмацняльнае значэнне (яшчэ цікавейшыя, куды хутчэйшыя), але і размоўнае адценне ўсяму выказванню. Значэнне найвышэйшай ступені параўнання можа перадавацца таксама з дапамогай слоў вельмі, надта, надзвычай, выключна (вельмі спагадлівы, надта спакойны, надзвычай моцны, выключна смелы). Выкарыстанне розных спосабаў для ўтварэння ступеняў параўнання ўзбагачае маўленне. Увагі патрабуюць поўныя, кароткія і сцягнутыя формы якасных і прыналежных прыметнікаў. У беларускай мове, у адрозненне ад рускай, вельмі абмежаванае выкарыстанне кароткіх формаў якасных прыметнікаў. Толькі наступныя адзінкі без стылістычных абмежаванняў рэгулярна ўжываюцца ў кароткай форме: гатоў, рад, повен, павінен, відзён, чуцён. Астатнія кароткія прыметнікі тыпу сыт, цёмен, дораг, свецел, багат, дуж, весел, хмур ужываюцца ў фальклоры, у паэзіі высокага стылю. Памылкай з’яўляюцца скалькаваныя з рускай мовы кароткія формы тыпу працавіт, актывен, уважліў, маральна ўстойліў, фізічна выносліў і інш. Кароткія формы якасных прыметнікаў не скланяюцца, але змяняюцца па родах і ліках (ён рад, яна рада, яно рада, яны рады); ужываюцца яны, як правіла, у мастацкім і размоўным стылях. Для прыналежных прыметнікаў кароткая форма з’яўляецца літаратурнай нормай: матчыны песні, бацькаў камп’ютар, вавёрчына дупло і г.д. Пры гэтым прыметнікі скланяюцца і набываюць поўныя формы, а пры неадушаўлёных назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў вінавальным склоне форма застаецца кароткай (параўнайце: каго? што? бацькавага сябра, бацькаў стол; матчыну песню, матчыну сяброўку; даччыно паліто, даччынога мужа). Само ўтварэнне прыналежных прыметнікаў вымагае каментарыяў, паколькі розныя фарманты замацаваныя за пэўнымі тыпамі асноў. У прыметніках, утвораных ад назваў асоб ці жывых істот мужчынскага роду, пішуцца суфіксы -еў-/-ев-, -оў-/-ов-, -аў-/-ав-, -ёў-/-ёв-, а ў прыметніках, утвораных ад назваў асоб ці жывых істот жаночага роду, выкарыстоўваецца суфікс -ін-/-ын-: Сцёпкава сачыненне, Аленчына кніга, Мурчыны кацяняты, буслава гняздо; утварэнні тыпу Віціны цацкі – грубае парушэнне нормы. Скланенне прыметнікаў, як правіла, не выклікае цяжкасцяў, патрабуюць каментарыяў толькі канчаткі ў жаночым родзе родным і творным склонах. Скарочаныя канчаткі -ой, -ай, -яй (малая радзіма) могуць выкарыстоўвацца ў прыметніках ва ўсіх стылях, а поўныя канчаткі -ое, -ае, -яе ў родным склоне (малое радзімы) і -ою, -аю, -яю ў творным склоне (малою радзімаю) уласцівыя мастацкаму і гутарковаму стылям. Формы суб’ектыўнай ацэнкі і непаўнаты якасці ўласцівы мастацкаму, гутарковаму і часам публіцыстычнаму стылям. Далучаючыся да асновы якасных прыметнікаў, яны адлюстроўваюць розную ступень праяўлення якасці: беленькі – вельмі белы; шырачэзны – надзвычай шырокі; цемнаваты – не зусім цёмны; прычым павелічальна-ўзмацняльныя і памяншальна-ласкальныя суфіксы ўтрымліваюць, акрамя ўсяго, аўтарскую ацэнку рэчаіснасці ці прадмета гутаркі (від ацэнкі – станоўчая ці негатыўная – канкрэтызуецца кантэкстам). Марфалагічныя нормы ў сістэме лічэбніка. Запатрабаванасць лічэбніка рознымі стылямі мовы зразумелая: ён забяспечвае дакладнасць маўлення. Аднак у функцыянаванні гэтай часціны мовы ёсць асаблівасці: напрыклад, выклікае цяжкасці скланенне гэтай часціны мовы. Таму важна памятаць, што ў колькасных лічэбніках ад пяці да дваццаці і лічэбніку трыццаць у творным склоне адбываецца падаўжэнне зычных: пяццю, адзінаццаццю, трыццаццю, але: шасцю, сямю, васьмю. Пры скланенні складаных лічэбнікаў (ад пяцідзесяці да васьмідзесяці і ад двухсот да дзевяцісот) змяняюцца дзве часткі: шасцідзесяці, шасцісот, васьмідзесяці, васьмісот; пяццюдзесяццю, сямюдзесяццю; пяццюстамі, сямюстамі). Лічэбнікі сто і сорак маюць дзве формы: назоўны і вінавальны – сто і сорак, а родны, давальны, творны і месны – ста, сарака. Як відаць, лічэбнік сто, з’яўляючыся самастойным словам і структурным кампанентам складанага лічэбніка, змяняецца па-рознаму. Ёсць лічэбнікі, якія зусім не скланяюцца: напрыклад, паўтара (мужчынскі і ніякі род), паўтары (жаночы род), але назоўнікі пры іх змяняюцца ўсё роўна, прычым у назоўным і вінавальным склонах назоўнікі маюць форму роднага склону адзіночнага ліку (паўтара вядра, паўтары тоны), у астатніх ускосных склонах – адпаведнага склону і множнага ліку (к паўтара літрам, к паўтара тонам; паўтара літрамі, паўтары тонамі). Часам розныя маўленчыя сітуацыі патрабуюць апісання недакладнай колькасці, для чаго беларуская мова прапаноўвае шэраг варыянтаў з рознай стылістычнай афарбоўкай. Так, найбольш ужывальнымі з’яўляюцца наступны нейтральныя варыянты: 1) адваротны парадак слоў (чалавек дваццаць, тыдні тры), 2) два лічэбнікі (два-тры гады, пяць-сем дзён), 3) спалучэнне лічэбніка з назоўнікам у родным склоне з прыназоўнікамі пад, за, з, каля (гадзін пад дзесяць раніцы, вучняў з дваццаць), 4) спалучэнне больш як, больш чым, менш як, менш за і пад. (менш за восем студэнтаў, больш як адзінаццаць дрэў). Размоўнымі лічацца спалучэнні лічэбніка са словамі лішак, гак, хвосцік і прыназоўнік з для перадачы прыблізнага ўзросту (сем гадоў з хвосцікам, восемдзесят гадоў з гакам), спалучэннелічэбніка з няпэўнымі займеннікаміякіх, нейкіх: нейкіх дзесяць гадоў, якіх пяць гадоў усяго). Пэўныя цяжкасці выклікае таксама спалучальнасць лічэбнікаў з назоўнікамі. Напрыклад, назоўнікі пры дробавых лічэбніках ужываюцца ў родным склоне: адна трэцяя насельніцтва, дзве пятыя тэрыторыі. Зборныя лічэбнікі патрабуюць ужывання пры сабе толькі пэўных разрадаў назоўнікаў. Яны спалучаюцца: 1) з назвамі асоб мужчынскага полу: шасцёра чалавек, дзевяцера гімназістаў; 2) з назвамі маладых істот: трое кацянят, сямёра дзяцей, двое буслянят; 3) з множналікавымі назоўнікамі, што абазначаюць парныя і састаўныя прадметы: двое саней, пяцёра дзвярэй, чацвёра нажніц; 4) з субстантываванымі прыметнікамі, дзеепрыметнікамі і асабовымі займеннікамі: трое хворых, двое параненых, сямёра іх; 5) з асабовымі займеннікамі: трое нас, чацвёра іх; 6) са словамі гусі, людзі, коні, куры, свінні: трое коней, пяцёра гусей. Да зборных адносяцца лічэбнікі абодва (спалучаюцца з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду), абедзве (спалучаюцца з назоўнікамі жаночага роду), абое (пра асоб мужчынскага і жаночага полу): абодва хлопцы; абедзве сяброўкі; абое нічога не зрабілі, каб захаваць шлюб. Лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры спалучаюцца з назоўнікамі ў форме назоўнага склону множнага ліку: тры сталы, абодва акцёры. Усе астатнія лічэбнікі, акрамя састаўных, якія заканчваюцца пералічанымі вышэй, парабуюць ад назоўнікаў формы роднага склону множнага ліку: пяць алоўкаў, дзевяць карцін, семдзесят сем гадоў. Адпаведнай будзе форма прыметнікаў, дзеепрыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, займеннікаў прыметнікавага тыпу (мой, наш, гэты), якія дапасуюцца да назоўнікаў: два вясёлыя дні і пяць вясёлых дзён, чатыры цікавыя кнігі і сем цікавых кніг. Для абазначэння адлегласці ў беларускай мове ўжываецца спалучэнне лічэбніка з назоўнікам і прыназоўніка за: задвакрокі ад мікрафона, застометраў ад дарогі; пры абазначэнні даты выкарыстоўваецца форма роднага склону: сёння сёмага студзеня – Раство. Марфалагічныя нормы ў сістэме займенніка. Лексічнае значэнне займенніка канкрэтызуецца кантэкстам, паколькі гэта часціна мовы можа замяняць і назоўнік, і прыметнік, і лічэбнік. Маючы, як правіла, нейтральную стылістычную афарбоўку, займеннік дазваляе пазбегнуць непажаданых лексічных паўтораў у тэкстах усіх стыляў, робіць маўленне больш разнастайным. Аднак менавіта займеннік пры неахайным выкарыстанні абцяжарвае ўспрыманне і засваенне інфармацыі, пазбаўляючы выказванне дакладнасці, лагічнасці. Значыць, неабходна акрэсліць патрабаванні, якія дапамогуць пазбегнуць названых і іншых маўленчых недахопаў. Асабовы займеннік можа выкарыстоўвацца пасля назоўніка для падкрэслівання асобы ці прадмета: цэлая гадзіна – яна мне яшчэ спатрэбіцца; бацька – ён прыгадваецца мне маладым. Відавочна, што сінтаксічная адзінка, пабудаваная такім чынам, мае размоўную афарбоўку, таму ў строга ўнармаваных тэкстах не ўжываецца. У вусным маўленні ўжываюцца сегментаваныя канструкцыі, у якіх частка з займеннікам стаіць перад часткай з назоўнікам: Які ён – дзень заўтрашні? Займеннік, які суадносіцца з назоўнікам, павінен адпавядаць форме назоўніка, што адсутнічае: На канферэнцыі выступіла шмат прафесуры. Яна разглядала пытанні сучаснага правапісу. Паміж займеннікам і назоўнікам не павінна быць назоўніка ў такой самай форме, а інакш можа ўзнікнуць двухсэнсоўнасць: Сонца ўзышло над полем – і яно [сонца ці поле?] заіграла ранішнімі фарбамі. Цяжкасці пры выкарыстанні выклікаюць займеннікавыя канструкцыі 1) не хто іншы, як; не што іншае, як і 2) ніхто іншы не; нішто іншае не. Першыя спалучэнні з займеннікамі хто і што ўжываюцца ў сказах, дзе няма другога адмоўя: Гэта было не што іншае, як просьба дапамагчы ( = не што іншае, а просьба дапамагчы). Тут слова што можна замяніць на штосьці або ўсё спалучэнне замяніць на часціцу менавіта ( = Гэта была менавіта просьба дапамагчы). Аналагічна: Прыйшоў не хто іншы, як мой сын ( = не хто іншы, а мой сын; не хтосьці іншы, а мой сын; Прыйшоў менавіта мой сын). Другія ж словазлучэнні (ніхто іншы не; нішто іншае не) выкарыстоўваюцца ў адмоўных сказах, дзе пры выказніку ўжо ёсць адмоўе не: Нішто іншае, акрамя гімнастыкі, Надзю не цікавіла. Слова іншае можна апусціць: Нішто, акрамя гімнастыкі, Надзю не цікавіла. Сугучнымі, але рознымі па значэнні з’яўляюцца азначальныя займеннікі сам і сáмы. Першы з іх паказвае, што дзеянне выконваецца самастойна асобай або прадметам, падкрэслівае значнасць асобы ці прадмета, азначае паважаную, знакамітую асобу (кіраўніка, вядомага акцёра і інш.), ілюструе, што хто-небудзь асабіста выконвае дзеянне або адчувае яго на сабе і да т.п.: Самога яшчэ не сустрэлі; Мы самі вызначым мэту; Сам загадчык бярэ на сябе адказнасць. Займеннік самы ў спалучэнні з якаснымі прыметнікамі ўтварае форму найвышэйшай ступені параўнання; пры ўжыванні з назоўнікамі ўказвае не гранічную ступень колькасці або якасці; выкарыстоўваецца для ўдакладнення месца і часу (мае значэнне ‘прама, якраз, непасрэдна’), пры асабовых займенніках – значэнне ‘менавіта’, а пры ўказальных (той, гэты) – для ўдакладнення: самы прыгожы дзень; самыя сцюжы пачаліся; самы час у суніцы ісці; гэта тая самая кніга; дом ля самага возера. Займеннік самы ўваходзіць у склад устойлівых выразаў з рознай стылістычнай афарбоўкай: на самай справе (сапраўды; нейтр.), самы раз, у самы раз (у патрэбны момант, разм.), самы той! (не на таго напалі, іран.). Нагадаем, што націск у гэтых займенніках пры іх формазмянненні фіксаваны: ва ўскосных склонах у займенніку сам (само, сама, самі) націск падае на канчатак, а ў займенніку самы (самае, самая, самыя) – на аснову: Н. сам, само, сама, самі; Р. самога (м. і н. р.), самой, саміх; Д. самому (м. і н. р.), самой, самім; В. сам (самога), само, саму, саміх; Т. самім (м. і н. р.), самой, самімі; М. (у) самім, (у) самой, (у) саміх; Як бачна, у займенніку сам націск падае менавіта на першы галосны канчатка, а не на апошні; гутарковыя формы самаго, самаму – адхіленні ад нормаў, іх трэба пазбягаць. Н. самы, самае, самая, самыя Р. самага (м. і н. р.), самай, самых Д. самаму (м. і н. р.), самай, самым В. самы (самага), самае, самую, самыя (самых) Т. самым (м. і н. р.), самай, самымі М. (па) самым, (па) самай, (па) самых У адмоўных займенніках ніхто, нішто пры скланенні націск прыпадае на першы галосны канчатка: нікога, нічога; нікому, нічому (параўнайце з адпаведнымі адноснымі займеннікамі, ад якіх яны ўтварыліся: каго, чаго, каму, чаму). Па адным тыпе скланяюцца займеннікі ты і сябе:
Займеннікі прыметнікавага тыпу ў форме жаночага роду мая, свая, твая, наша, ваша, гэтая, тая, такая, сама, самая, кожная, ніякая ў родным склоне маюць варыянтныя канчаткі: больш ужывальныя няпоўныя канчаткі -ой/-ай/-ёй, аднак у мастацкім і публіцыстычным стылях усё часцей выкарыстоўваецца поўны канчатак -ае: такое бяды, ніякае радасці. У творным склоне названым займеннікам таксама ўласцівы варыянты канчаткаў: побач з нейтральнымі няпоўнымі качаткамі ўжываюцца поўныя: -ой і -ою, -ёй і -ёю, -ай і -аю (такой і такою, тваёй і тваёю, самай і самаю), апошнія запатрабаваны мастацкім стылем (найперш паэзіяй). У вінавальным склоне ёсць стылістычна нейтральныя варыянты ў наступных займеннікаў: нашу – нашую, вашу – вашую, гэту – гэтую, саму – самую. Пры выкарыстанні займеннікаў назіраецца ўзаемазамяняльнасць формаў: каб пазбегнуць падкрэслівання ўласнай асобы замест займенніка я ўжываецца займеннік мы, так званае “аўтарскае мы” (“мы сціпласці”); каб выказаць паважлівыя адносіны да субяседніка, магчыма, старэйшага па ўзросце, замест займенніка ты ўжываецца займеннік Вы; для падкрэслівання агульных інтарэсаў замест вы можна выкарыстаць займеннік мы: дазвольце Вас запрасіць, мы вырашаем задачы ў курсавой рабоце, як мы сябе адчуваем сёння? |