Главная страница
Навигация по странице:

  • ЛАГІЧНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ Лагічнасць

  • Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова


    Скачать 1.76 Mb.
    НазваниеА. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
    АнкорСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
    Дата19.09.2017
    Размер1.76 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
    ТипДокументы
    #8758
    страница15 из 31
    1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   31

    ДАКЛАДНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ
    Дакладнасць – такая камунікатыўная якасць маўлення, якая прадугледжвае адпаведнасць яго сэнсавага боку (плану зместу) адлюстраванай рэчаіснасці і праяўляецца ва ўменні знаходзіць адэкватнае слоўнае выражэнне паняцця. Такім чынам, дакладнасць уяўляе сабой уменне правільна адлюстроўваць рэчаіснасць і правільна выказваць думкі і афармляць іх пры дапамозе слоў [36, с. 134].

    Дакладнасць у першую чаргу залежыць ад правільнасці слова­ўжывання, ад выбару слова, якое найбольш адпавядае названаму ім прадмету ці з’яве, зместу выказвання і яго мэце. Пры выбары слова неабходна ўлічваць яго семантыку, стылістычную прыналежнасць, сферу ўжывання.

    Так, напрыклад, назоўнік рэзюмэ ў літаратурнай мове мае значэнне ‘кароткі вывад са сказанага, напісанага’, таму ўжыванне гэтага назоўніка будзе да месца ў кантэксце рэзюмэ аўтарэферата, даклада, артыкула. Часам у маўленні названая лексема выкарыстоўваецца для абазначэння вынікаў дзеянняў, мерапры­емстваў, падзей: рэзюмэ чэмпіяната, турніра, спаборніцтваў (правільна: вынікі чэмпіяната, турніра, спаборніцтваў).

    Як слушна заўважае М.В. Абабурка, рускім дзеясловам открывать і закрывать у беларускай мове адпавядаюць розныя лексемы: адчыняць – зачыняць (вароты, дзверы), расплюшчыць – заплюшчыць (вочы), адкаркоўваць – закаркоўваць (бутэльку), расканвертаваць – заканвертаваць (пісьмо), разгортвать – загортвать, згортваць (кнігу, парасон, сшытак) [1, с. 25]. Адценні значэнняў кожнага са слоў уплываюць на спалучальнасць лексем, таму веданне гэтых асаблівасцяў дазваляе зрабіць маўленне дакладным і разнастайным.

    Цяжкасці ўзнікаюць пры выбары слова з групы сінанімічных або паранімічных адзінак: Конь залыпаў губамі і пачаў чухаць старому спіну (правільна заварушыў губамі); Уранку старэйшага лейтэнанта выклікалі ў штаб брыгады (правільна старшага лейтэнанта); Я ўчора страціла ключ ад кватэры (правільна згубіла ключ).

    М.В. Абабурка таксама звяртае ўвагу на выпадкі неразмежавання значэнняў амонімаў і паронімаў людзьмі, што не клапоцяцца пра культуру свайго маўлення [1, с. 26], таму з іх вуснаў можна пачуць выразаць апендыцыт (правільна выразаць апендыкс), кампасіраваць талон (правільна кампасціраваць талон), скампраментаваць кагосьці (правільна скампраметаваць кагосьці), асабовы погляд, уклад (правільна асабісты погляд, уклад).

    Сугучнасць паронімаў выкарыстоўваецца для стварэння стылістычнага эфекту, служыць сродкам гумару і сатыры. Паранімія пакладзена ў аснову своеасаблівага стылістычнага прыёму – паранамáзіі, сутнасць якога ў наўмысным збліжэнні сугучных слоў.

    Паранамазія выкарыстоўваецца для стварэння гукавых эфектаў у паэтычных творах: Стары плытагон, веснаходам асмужаны, / Вяжаш плыты гнуткай віцінайВіцьбы, / Апошнюю дзеліш з сябрамі асьмушку – / Дымкам самакрутак да Рыгі віцца (Р. Барадулін), скорагаворках: Паўка пакаваў пакупкі пакупнікам у пакункі;Жвавы вожык жыва жуку пашыў кажух.Для большай выразнасці выказвання, стварэння каламбураў і камічных эфектаў лексічныя значэнні такіх слоў супастаўляюцца ці супрацьпастаўляюцца: Хто ўладарыць, той і ўдарыць (П. Панчанка); Людзі трымаюць ордэр так, як трымаюць ордэн (А. Вярцінскі).

    Даволі пашыраны гэты прыём у загалоўках фельетонаў і публіцыстычных артыкулаў: “У гармоніі з гармонікам”, “Ён быў паэт апальны ці апалены?..”, “Фермы і фірмы”, “Камбінатар з камбіната”, “Рэформа будзе, калі будуць рэфарматары”, “Журавіны ў Журавінцы”.

    Дакладнасць маўлення прадугледжвае пэўныя патрабаванні да спецыяльнай лексікі. Так, тэрміны павінны быць адназначнымі ў межах дадзенай тэрмінасістэмы, сціслымі, нейтральнымі з эмацыйна-экспрэсіўнага пункту погляду, мець дакладны змест. Аднак пералічаныя патрабаванні захоўваюцца не заўсёды, гэта абцяжарвае зносіны ў навуцы, тэхніцы, упраўленні. Нават у лінгвістыцы сустракаюцца тэрміны-сінонімы: мнагазначнасць – полісемія, палаталізацыя – памякчэнне, дрыжачы – вібрант. Выкарыстанне такіх тэрмінаў патрабуе асаблівай увагі. Мнагазначныя тэрміны прыходзіцца ўжываць у такім слоўным кантэксце, які дазваляе выявіць іх дакладны змест, што часам прыводзіць да слоўнага лішку, да паралельнага выкарыстання тэрмінаў-сінонімаў: палаталізаваныя (мяккія) зычныя.

    Замена тэрміна адпаведнай абрэвіятурай не павінна выклікаць цяжкасці пры ўспрыманні і расшыфроўцы яе, і тым больш – непатрэбных асацыяцый. Разгледзім вытрымку з аб’явы, змешчанай на дзвярах паліклінікі (значыць, тэкст разлічаны на масавага чытача): “19 июня 2008 года с 10.00 до 17.00 Всеобластная акция: «НОРМАЛЬНОЕ АД – ЗДОРОВЬЕ НАЦИИ». Если хотите измерить свое АД, приходите по адресу…”. Шчыра кажучы, аднаго прачытання аб’явы было недастаткова, каб зразумець, што размова ідзе пра артэрыяльны ціск, а не пра пекла. Прычына неразумення – запіс тэрміна абрэвіятурай, а назвы акцыі – вялікімі літарамі.

    Вузкаспецыяльныя тэрміны, ужытыя па-за сферай, для якой яны характэрны, абавязкова патрабуюць тлумачэння: калі тэрміны не зразумелыя адрасату, яны не выконваюць інфарматыўную функцыю і перашкаджаюць ўспрыняццю і разуменню тэксту, а значыць, пазбаўляюць тэкст даступнасці.

    Асаблівай увагі падчас выкарыстання патрабуюць інтэрферэмы словы, якія ў розных мовах часткова ці поўнасцю супадаюць па гучанні, але адрозніваюцца па значэнні: рус. диван = бел. канапа, бел. дыван = рус. ковёр; рус. мех = бел. футра, бел. мех = рус. мешок.

    Памылкі назіраем у наступных сказах з перыядычнага друку:

    Гэтыя некалькі часоў[трэба гадзін] на дарозе сталі самымі страшнымі ў яго жыцці;

    Абнадзейвае, што ўлада ўпершыню загаварыла, па сутнасці, тым жа языком [трэба мовай], якім мы гаворым. Руская лексема язык мае больш шырокае значэнне, чым беларуская: яна адпавядае беларускім язык і мова;

    Заробленыя ў дзень рэспубліканскага суботніка сродкі ў добраах­вотным парадку пералічваюцца на асобны рахунак райвыканкама, як гаворыцца, на благія [трэба добрыя, карысныя, патрэбныя] справы. У беларускай мове прыметнік благі мае наступныя значэнні: 1. які не мае станоўчых якасцей (благая зямля); 2. які не адпавядае патрабаванням маралі, дрэнны ў маральных адносінах (благая кампанія); 3. нездаровы, худы, хваравіты (благі з твару); 4. непрыемны для іншых (благія манеры); 5. які не абяцае нічога добрага (благія сны); 6. Які выклікае агіду, гадкі (благія словы). Як бачым, усе шэсць значэнняў заключаюць адмоўную характарыстыку. З кантэксту ж бачна, што словазлучэнне на благія справы мае станоўчае значэнне.

    Дакладнасць маўлення патрабуе не толькі ведання значэння слоў, але і ўмення ўлічваць іх спалучальнасць – здольнасць уступаць у кантэкст з іншымі словамі. Несвабодная спалучаль­насць абмяжоўвае кантэкст слова, патрабуе побач з ім толькі асобных слоў: прыметнік кары дапасуецца толькі да назоўніка вочы, дзеяслоў адкаркаваць кіруе выключна словамі бутэлька, бочка, дзеяслоў расплюшчыць – назоўнікам вочы і г.д.Адной з распаўсюджаных памылак з’яўляецца парушэнне нормаў лексічнай спалучальнасці, што вядзе да недакладнасці маўлення: дасягнутыя недахопы (лексема недахопы не спалучаецца са словам дасягнутыя), паменшыць узровень (трэба знізіць узровень), заняць першынство (трэба заваяваць першынство). Частка такіх памылак дапускаецца ў выніку кантамінацыі – змешвання двух блізкіх па семантыцы словазлучэнняў (гл. пра гэта таксама ў раздзеле “Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы”).

    Стылістычная спалучальнасць звязана са стылістычнай афарбоўкай моўных сродкаў. Так, стылістычна афарбаваныя адзінкі свабодна спалучаюцца са словамі з такой жа афарбоўкай. І наадварот, стылістычна нейтральныя словы свабодна спалучаюцца толькі з нейтральнымі.У сказе Дзяржаўнай праграмай прадугледжаны дадатковы выпуск садавінава-ягадных натуральных вінаў, моцных вінаў палепшанай якасці, якія выцясняць танныя віны нізкіх гатункаў, так званае чарніла, барматуху словы маюць кніжную ці стылістычна нейтральную афарбоўку, таму лексемы чарніла і барматуха праз сваю зніжаную канатацыю выбіваюцца з кантэксту сказа; іх выкарыстанне бачыцца нам немэтазгодным, недарэчным, тым больш што ніякай новай інфармацыі яны не нясуць, а толькі з’яўляюцца стылістычнымі сінонімамі да выразу танныя віны нізкіх гатункаў.

    Такім чынам, прычынамі недакладнасці, двухсэнсоўнасці, незразумеласці выказвання з’яўляюцца: 1) ужыванне слоў у неўласцівым для літаратурнай мовы значэнні; 2) няўмелае выкарыстанне сінонімаў, паронімаў, тэрмінаў, мнагазначных слоў, амонімаў; 3) міжмоўная лексіка-семантычная інтэрферэнцыя ва ўмовах білінгвізму; 4) парушэнне нормаў лексічнай, граматычнай і стылістычнай спалучальнасці слоў; 5) слоўная збыткоўнасць; 6) слоўная недастатковасць.

    Хуткае і дакладнае ўспрыманне маўлення абцяжарваецца таксама наступнымі недахопамі ў яго структуры: 1) нанізванне склонаў (гл. “Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы”); 2) парушэнне парадку слоў у сказе: Патрабуецца на пастаянную работу супрацоўнік для аддзела, які мае вышэйшую адукацыю; 3) вялікая колькасць пабочных і аднародных членаў сказа, адасобленых канструкцый, даданых частак, што робіць сказ надзвычай цяжкім для ўспрыняцця: … Толькі ў ціхія ночы пад раніцу, калі ападала раса і туман засцілаў усё на свеце, аж не было відаць платоў за хатамі і высокага, як дастаць рукой, гарбатага, што мядзведзь, сланечніку ў гародчыку, рабілася свежа і сыра.

    У розных стылях патрабаванні да ступені праяўлення дакладнасці неаднолькавыя. З усіх стыляў найменшая даклад­насць уласціва размоўнаму стылю, асноўнай формай рэалізацыі якога з’яўляецца вусная мова. Умовы вусных зносін (найперш непадрыхтаванасць, экспромтнасць) прыводзяць да таго, што ў гэтым стылі часта дапускаюцца недакладнасці. Аднак непасрэд­ны характар зносін дазваляе іх удакладніць (суразмоўца задае ўдакладняльнае пытанне ці сам аўтар заўважае дапушчаны недахоп і выпраўляецца). Узаемаразуменню дапамагаюць такса­ма жэсты, міміка, рухі.

    Пісьмовае ж маўленне пазбаўлена такіх магчымасцей, таму яно павінна быць зразумелым і дакладным. Вось чаму да тэкстаў кніжных стыляў, якія рэалізуюцца пераважна ў пісьмовай форме, прад’яўляюцца больш жорсткія патрабаванні адносна дакладнасці.

    У афіцыйна-справавым стылі недапушчальныя двухсэнсоўнасць, суб’ектывізм і іншыя праявы недакладнасці, бо яны звязаны з парушэннем функцыі рэгулявання прававых зносін.

    У навуковым стылі асаблівыя патрабаванні прад’яўляюцца да дакладнасці паняццяў, тэрмінаў, фармулёвак, апісання эксперыментаў і іх вынікаў. Захаванне гэтых умоў і забяспечвае выніковасць навуковых зносін.

    У публіцыстычным і мастацкім стылях дакладнасць уяўляе даволі складаную з’яву, звязаную з неабходнасцю не толькі правільна выказаць думку, але і ўздзейнічаць на пачуцці адрасата. Дакладнасць тут вызначаецца найперш адпаведнасцю слова вобразнаму зместу. Таму нярэдка назіраецца пашырэнне межаў лексічнай спалучальнасці: Туды, у казку на Раство, дзе снегу шэпт і елак хараство, дзе парасон нябёсаў дакрануўся да зямлі – і зоры пакаціліся па свеце (А. Багамолава).

    Мастацкае маўленне своеасаблівае, бо ў ім прадметная і паняційная дакладнасць грунтуецца на вобразнай дакладнасці, якая часцей за ўсё будуецца на рэчыўным (рэальным), словаўтваральным і эстэтычным значэннях слова [1, с. 23].

    Парушэнне прадметнай дакладнасці ў мастацкім стылі тлумачыцца тым, што мастацкі твор не з’яўляецца люстраным адбіткам рэальнасці. Аднак кожны сапраўдны мастак слова імкнецца як мага больш дакладна паказаць рэальнасць, сведчаннем чаго з’яўляюцца розныя рэдакцыі аднаго і таго ж твора. Параўнаем, напрыклад, два варыянты сказаў з камедыі Янкі Купалы “Паўлінка”: Ён-то нічога, але тата – дык жыўцом бы яго спаліў. – Ён-то нічога, але тата – дык жыўцом бы яго з’еў.

    Такім чынам, дакладнасць мастацкага стылю ствараецца рэалізацыяй у слове задумы аўтара, а таксама адпаведнасцю слова не толькі прадмету ці з’яве, што апісваюцца, але і ідэйна-эстэтычнай ацэнцы прадмета.
    ЛАГІЧНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ
    Лагічнасць маўлення прадугледжвае паслядоўнасць, несупярэчлівасць і аргументаванасць выкладання думак. Лагічнасць характарызуе структуру маўлення, яе арганізацыю і ацэньвае сэнсавыя спляценні маўленчых адзінак з пункту гледжання законаў логікі і правільнага мыслення.

    Выдзяляюць два віды лагічнасці – прадметную і паняційную. Прадметная лагічнасць заключаецца ў адпаведнасці семантычных сувязяў і адносін адзінак маўлення сувязям і адносінам прадметаў і з’яў у рэчаіснаці. Паняційная лагічнасць – гэта адэкватнае адлюстраванне структуры думкі і яе развіцця ў сэнсавых сувязях кампанентаў маўлення.

    Для дасягнення лагічнасці мыслення і выказвання трэба, каб яны адпавядалі асноўным лагічным законам – тоеснасці, супярэчнасці, выключэння трэцяга, дастатковага абгрунтавання. Толькі пры гэтай умове маўленне будзе паслядоўным, змястоўным, несупярэчлівым і абгрунтаваным.

    Паслядоўнасць думкі, яе адназначнасць, зразумеласць дасягаюцца дзякуючы дзеянню закона тоеснасці, згодна з якім кожная думка ў працэсе аднаго абмеркавання павінна заставацца нязменнай, захоўваючы адзін і той жа змест. Сам прадмет гаворкі ці нашы веды пра яго могуць з цягам часу змяняцца. Аднак у працэсе абмеркавання адны веды аб прадмеце не павінны падмяняцца іншымі, а інакш размова стане беспрадметнай, неканкрэтнай.

    Парушэнне закона тоеснасці прыводзіць да падмены тэзіса, замены адной тэмы іншай, неадпаведнасці аргументаў, што выкарыстоўваюцца пры доказе, тэзісу. Разгледзім прыклад з сачынення абітурыента:

    Мне б хацелася расказаць пра свайго бацьку. Гэта менавіта ён дапамог мне выбраць маю будучую прафесію. Працуе ён журналістам у нашай раённай газеце. З дзяцінства я заслухоўвалася яго аповедамі пра нялёгкую журналісцкую працу, часта заходзіла ў рэдакцыю. Затым стала пісаць невялікія нататкі. Паступова я прыйшла да вываду пра тое, што журналістыка – гэта тое, чаго мне трэба дабіцца ў жыцці [36, с. 166].

    Як бачна, аўтар сачынення расказвае не пра бацьку (асноўны тэзіс), а пра сябе. Лагічная памылка заключаецца ў падмене тэзіса.

    Несупярэчлівасць мыслення дасягаецца дзякуючы дзеянню закона супярэчнасці, згодна з якім два меркаванні пра адзін і той жа прадмет, якія ўзаемавыключаюць адно другое, узятыя ў адзін і той жа час і пры адных і тых да ўмовах, не могуць быць адначасова сапраўднымі. Напрыклад, калі з дзвюх думак Залік прызначылі на заўтра і Залік прызначылі на паслязаўтра адна сапраўдная, то другая – несапраўдная.

    Нельга прыйсці да аднаго меркавання, калі прадмет разглядаецца з розных пазіцый. Напрыклад, той факт, што пачаўся дождж, адны ахаракта­рызуюць як станоўчы (калі да гэтага была суш), другія – як адмоўны (калі яны сабраліся пагуляць у футбол).

    З законам супярэчнасці звязаны закон выключэння трэцяга: з двух супярэчлівых меркаванняў адно павінна быць сапраўдным, другое – несапраўдным, а трэцяга не можа быць увогуле. Гэты закон распаўсюдж­ваецца толькі на супярэчныя меркаванні: Мы пойдзем на канцэрт – Мы не пойдзем на канцэрт. Я дачытаў раман – Я не дачытаў раман.

    Паводле закона дастатковага абгрунтавання ўсялякая правільная думка павінна быць аргументаванай. Гэты закон не дапускае галаслоўных вывадаў і сцверджанняў.

    Веданне і свядомае прымяненне законаў логікі дысцыплінуе суразмоўцу, павышае яго культуру, дазваляе зрабіць выказванне аргумен­таваным і эфектыўным, дапамагае пазбегнуць лагічных памылак.

    Уласна лінгвістычнай умовай лагічнасці маўлення з’яўляецца авалоданне логікай выкладання. Структурнай перадумовай лагічнага выкладання служыць правільная спалучальнасць моўных элементаў на лексіка-семантычным, марфалагічным і сінтаксічным узроўнях. Лагічнасць выкладання выяўляецца ў дакладнасці ўжывання слоў, у правільнай пабудове сказаў і звязнага тэксту ў цэлым. Як бачна, лагічнасць цесна звязана з дакладнасцю і правільнасцю маўлення.

    Ужыванне слоў не ў адпаведнасці з іх значэннем вядзе не толькі да недакладнасці маўлення, а і да алагізмаў: Летам у лясах успыхваюць пажары дзякуючы неасцярожнаму абыходжанню з агнём (з газеты). Слова дзякуючы выкарыстана недарэчна, замест яго трэба было выкарыстаць прыназоўнік з-за: Летам у лясах успыхваюць пажары з-за неасцярожнага абыходжання з агнём.

    Пры няправільным ужыванні амонімаў і мнагазначных слоў можа ўзнікнуць двухсэнсоўнасць у разуменні выказвання: Гэтую праблему мы вырашылі ў вузкім коле абмежаваных людзей (узнікае ўражанне, што размова ідзе пра людзей з фізічнымі недахопамі ці абмежаваных розумам).

    Для лагічнага выказвання ўласціва такое размяшчэнне слоў, сказаў і іх частак, якое дае магчымасць паслядоўна засвойваць выказаную думку і не дапускае неадпаведнасці, супярэчнасці: Арганізатары фестывалю разлічваюць атрымаць грошы ад продажу білетаў і спонсараў (пры такім парадку слоў атрымліваецца, што прадаваць будуць не толькі білеты, але і спонсараў). У сказе Густы туман зялёны спавівае бярозак стройных малады лясок слова зялёны з’яўляецца азначэннем да назоўніка лясок, аднак аддаленасць прыметніка ад назоўніка прыводзіць да двухсэнсоўнасці: здаецца, што размова ідзе пра зялёны туман.

    Незразумеласць і двухсэнсоўнасць часам узнікае ў выніку няправільнай пабудовы сказаў з іменнымі словазлучэннямі, у якіх родны склон можа мець значэнне як суб’екта, так і аб’екта дзеяння: абвінавачванне знаёмага, запрашэнне студэнта, падтрымка сяброўкі, дапамога маці.

    Нярэдка сустракаюцца алагізмы, абумоўленыя няўдалай пабудовай сказаў з асабовымі займеннікамі 3-й асобы: Клава была вельмі патрэбна яму ў жыцці. Якраз цётка памерла, і ён пераехаў да яе [цёткі ці Клавы?] жыць. Выйшаўшы замуж, яна [цётка ці Клава?] была таксама непрыкметная, ціха мітусілася па хаце; Калі гаварыць шчыра, дык за лубін адказвае аграном, бо ён яшчэ з восені ляжыць пад брызентам і пакрыўся цвіллю.

    Пэўныя лагічныя патрабаванні павінны захоўвацца пры пабудове сказаў з аднароднымі членамі. У якасці аднародных членаў могуць выступаць словы, што абазначаюць відавыя паняцці ў адносінах да агульнага для іх родавага: У школе працуюць секцыі па валейболе, футболе, баскетболе, настольным тэнісе (валейбол, футбол, баскетбол, настольны тэніс – гэта віды спорту). Парушэнне лагічнасці назіраем пры змешванні відавых і родавых паняццяў: За апошнія пяць гадоў у новым мікрараёне пабудавана школа, дзіцячы садок, бальніца, кінатэатр, установы для дзяцей (паняцці школа і дзіцячы садок уключаюцца ў паняцце ўстановы для дзяцей); … пры напісанні твораў, п’ес, камедый, трагікамедый або калі ў рады аднарод­ных членаў аб’ядноўваюцца несуадносныя, непадобныя па нейкай прыкмеце паняцці: Былі праведзены пазакласныя мерапрыемствы на маральна-этычныя, сямейна-бытавыя, навукова-папулярныя тэмы (маральна-этычныя і сямейна-бытавыя характарызуюць змест, тэматыку мерапрыемстваў, а навукова-папулярныя – асаблівасці выкладання).

    Лагічная арганізацыя пісьмовага тэксту прадугледжвае правільнае чляненне на абзацы, якое садзейнічае дакладнай пабудове выказвання, аб’яднанню інфармацыі ў мікратэмы, садзейнічае лёгкаму ўспрыняццю напісанага.

    Лагічнасць маўлення цесна звязана з інтанацыяй і парадкам слоў. Логіка развіцця думкі патрабуе руху ад вядомага да невядомага, новага. У маўленні названая заканамернасць праяўляецца ў сэнсавым чляненні выказвання на два кампаненты – тэму (вядомае з папярэдняга кантэксту або сітуацыі) і рэму (новае, невядомае). Звычайна тэма размешчана ў пачатку сказа, а рэма – у канцы і выдзяляецца пры дапамозе лагічнага націску. Лагічны націск можа перамяшчацца з аднаго слова на другое, надаючы выказванню родны сэнс: Я люблю вясну. – Я люблю вясну. – Я люблю вясну.

    Лагічнасць як камунікатыўная якасць маўлення характарызуе кожны функцыянальны стыль. Навуковаму выкладанню ўласціва падкрэсленая лагічнасць, якая абумоўлівае адбор і арганізацыю ўсіх моўных сродкаў. Змест навуковых тэкстаў павінен быць ёмкім, недвухсэнсоўным, абгрунтаваным. У навуковым стылі не дапускаецца падтэкст. Сэнс навуковага паведамлення павінен аднолькава ўспрымацца ўсімі адрасатамі.

    У мастацкім стылі выказаныя думкі могуць па-рознаму ўспрымацца чытачамі, крытыкамі, аўтарам. У мастацкіх творах за прамым зместам схаваны другі план – падтэкст. Часам падтэкст бывае больш значны, чым прымы змест (узгадайце, напрыклад, персанажы баек Кандрата Крапівы). У мастацкіх тэкстах парушэнні лагічнасці могуць быць абумоўлены задумай аўтара паказаць асаблівасці мыслення і свядомасці асобных персанажаў. Алагізмы як стылістычны прыём выкарыстоўваюцца для стварэння камізму, іроніі. Акрамя гэтага так званыя “знешнія” алагізмы (яны толькі на першы погляд супярэчаць логіцы, аднак за знешняй алагічнасцю схавана свая, асаблівая логіка выражэння ўнутранага стану, суб’ектыўных пачуццяў, надання маўленню вобразнасці і эмацыянальнасці) могуць сустракацца ў мастацкім, размоўным і публіцыстычным стылях: звонкая цішыня; гарачы снег; выйсці сухім з вады; як мокрае гарыць; – Ты куды сабраўся? – Зараз прыйду.

    Схаваная логіка, уласцівая мастацкаму, размоўнаму і публіцыстычнаму стылям, з’яўляецца недапушчальнай у навуковых тэкстах. Лагічныя парушэнні, нязначныя для бытавых зносін, у навуковым маўленні могуць прывесці да сур’ёзных памылак, скажэнняў ісціны.

    Дакладнасць і лагічнасць маўлення парушаюцца праз такую маўленчую загану, як пустаслоўе, якое ў лінгвістычнай літаратуры прынята называць яшчэ шматслоўем. Як сцвярджае У.В. Анічэнка, пры гэтым “адсутнасць думкі прыкрываецца фармальна правільна арганізаваным, але беззмястоўным актыўным наборам слоў” [4, с. 245]. Мяркуем, гэты недахоп – загана любога стылю. У навуковым і афіцыйна-справавым маўленні асабліва важна арганізаваць выклад інфармацыі з улікам сцісласці, лаканічнасці, калі перыяд маўлення скарачаецца ў выніку дзеяння закона эканоміі моўных сродкаў, а інфармацыйная частка застаецца нязменнай. У чалавека неначытанага, які мае бедны слоўнікавы запас, на перадачу самай кароткай думкі патрэбна вялікая колькасць слоў. І тады ўжо ў выніку слоўнага загрувашчвання радка ўзнікаюць самыя розныя тыпы лексічных памылак – паўторы, таўталогія, плеаназм, а гэта ў рэшце рэшт прыводзіць да таго, што тэкст згубіць і фармальную правільнасць.
    1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   31


    написать администратору сайта