Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
Скачать 1.76 Mb.
|
ЧЫСЦІНЯ МАЎЛЕННЯ Чысціня маўлення як камунікатыўная якасць цесна звязана са стылістычнымі і этычнымі нормамі, якія дапамагаюць берагчы мову ад засмечвання, кантралююць ўжыванне нелітаратурных моўных элементаў і некаторых літаратурных, унармаваных, якія знаходзяцца па-за межамі мовы асобных функцыянальных стыляў. У сувязі з гэтым лінгвісты прапаноўваюць размяжоўваць дзве крыніцы засмечвання. Асноўную шкоду чысціні маўлення наносяць менавіта нелітаратурныя моўныя элементы – дыялектызмы, жарганізмы, прастамоўі(сярод іх вульгарныя словы і лаянкавыя), фразеалагізмы з прастамоўнай афарбоўкай, некаторыя неалагізмы. Пералічаныя нелітаратурныя лексемы і выразы “размываюць” адну з самых важных камунікатыўных якасцяў – чысціню, абцяжарваюць працэс зносін не толькі з лінгвістычнага боку, але і з этычнага, маральнага. Мова, перасыпаная словамі з незразумелай семантыкай, са зніжанай стылістычнай афарбоўкай, блакіруе інфармацыйную і эмацыянальную яе засваяльнасць субяседнікам. Што да літаратурных моўных элементаў, то негатыўны эфект маўленню могуць надаваць кацылярызмы, іншамоўныя словы, вузкія прафесіяналізмы (часам сінонімы эквівалентных ім тэрмінаў), маўленчыя штампы. Такія словы і выразы шкодныя асабліва тады, калі выходзяць за межы тых стыляў, адметнасць якіх складаюць, і калі іх колькасць з’яўляецца празмернай. Кожны функцыянальны стыль мае адметныя нормы форма- і словаўтварэння, форма- і словаўжывання, пагэтаму чысціня маўлення залежыць ад шматлікіх стылістычных патрабаванняў, веданне якіх дазволіць засцерагчы мову ад ужо пералічаных і некаторых іншых моўных з’яў (напрыклад, слоў-паразітаў і пустаслоўя). Спынімся на кожным з пералічаных моўных элементаў, прааналізуем мэтазгоднасць іх выкарыстання ў розных стылях, у канкрэтных сітуацыях. Безумоўна, дыялектызмы – гэта шырокі пласт лексікі, які знаходзіцца па-за межамі літаратурнай мовы. Аднак ці заўсёды іх прысутнасць шкодзіць чысціні маўлення? У афіцыйна-справавым і навуковым стылях, якія характарызуюцца строгім адборам лексікі, пры апісанні навуковай і самай рознай афіцыйнай інфармацыі нельга ўжываць дадзеныя словы (выключэнне – навукова-папулярны падстыль). Публіцыстычны і мастацкі стылі ў залежнасці ад жанру і сітуацыі дапускаюць магчымасць функцыянавання гэтых і іншых слоў абмежаванага ўжытку. Аднак варта памятаць, што дыялектнае слова не павінна ствараць немілагучнасць, а яго семантыка павінна быць празрыстай (вынікаць з кантэксту, быць вытлумачанай праз агульнаўжывальнае слова-сінонім у самім тэксце або апісана ў зносцы); мэтазгоднасць выкарыстання яго павінна быць стылістычна апраўданай. Калі ўсе патрабаванні вытрымліваюцца, то дыялектнае слова можа з цягам часу ўзбагаціць мову літаратурную. Найбольш апраўданае ўжыванне такой лексікі ў маўленні персанажаў, радзей – у мове аўтара, а таксама ў мастацка-публіцыстычных жанрах і інтэрв’ю. Пацвердзім фактамі мастацкіх тэкстаў правамернасць выкарыстання дыялектызмаў: – Я, братко, за работай свету не бачыў. Цяпер жа самыя шчупаке пачаліся; Мая старэйшая сястра Улляна, цяпер ужо зусім бабуля, была тады дзяўчуком, а там, дзе ў нашым агародзе, у кутку ад вуліцы расце вялікі май (так у нас называюцца клёны), тады стаяла курная хатка (Я. Брыль) – у прыведзеных урыўках назіраецца стылізацыя мовы персанажаў, стварэнне каларыту пэўнай мясцовасці. Спрэчным застаецца пытанне адносна магчымасці ўзбагачэння літаратурнай мовы тымі абласнымі словамі, якія нагадваюць адаптаваныя да беларускай фанетычнай сістэмы русізмы, параўнайце: Перагінае палку старшыня-прадсядацель; Выпускаў па страказе Стрэлы з кветкамі маімі. Не вязе ды не вязе! Стрэлы праляталі міма і У гародчыку на двары з яблыні апала пачарнелае лісце, і паказаўся на свет адзін жоўты яблык з чырвоным бокам – яго перш не відзелі, не сарвалі, і цяпер ён надта ж цешыў вока. Яго нават папробавалі пакляваць ці не сарокі – збоку была ямка, – але ён дзяржаўся на суку цвёрда і неяк смела, як усё роўна збіраўся перазімаваць на дрэве (І. Пташнікаў). Думаецца, ужыванне слоў відзелі, папробавалі, дзяржаўся можна растлумачыць спробай стварэння мясцовага каларыту, у той час як лексемы прадсядацель, вязе засмечваюць мову. У размоўным стылі дыялектныя словы могуць стаць яго элементам пры ўмове падкрэслівання паходжання асобы, пры жаданні ўзбагаціць мову мілагучным абласным словам. Але ў гэтым выпадку трэба пазбягаць празмернасці, каб не збіцца на дыялектнае маўленне. Жарганізмы – словы і выразы пэўнай сацыяльнай групы людзей, яны выкарыстоўваюцца па-за межамі гэтай групы замест слоў агульнанародных. Узнікненне жаргонаў звязана з імкненнем асобных груп людзей супрацьпаставіць сябе грамадству ці іншым сацыяльным групам, адмежавацца ад іх ці, як гэта ні гучыць парадаксальна, падкрэсліць сваю індывідуальнасць. Мэта жаргону – засакрэціць мову, таму словы з літаратурнага ўжытку пераасэнсоўваюцца, метафарызуюцца; наўмысна ствараюцца новыя словы па ўжо вядомых мадэлях. Жарганізмы, як правіла, лаканічныя, экспрэсіўныя, часам ацэначныя, таму, нягледзячы на ўсю негатыўнасць гэтай моўнай з’явы, часта запатрабаваныя. Варта памятаць, што ёсць толькі асобныя прыватныя выпадкі апраўдання наяўнасці так званых сацыяльных дыялектызмаў у некаторых функцыянальных стылях. У мастацкім, публіцыстычным і размоўным маўленні з мэтай стылізацыі мовы персанажаў, стварэння каларыту пэўнага сацыяльнага асяроддзя дапускаецца ўжыванне жарганізмаў, але ў абмежаванай колькасці: Аркадзю пасля таго, як ён зрэзаўся пры паступленні ў педагагічны інстытут, нават боязна было і падумаць паступаць яшчэ куды-небудзь (Р. Сабаленка); – Бабак няма. Ды і нафіга? І не ад такога “дах” зносіць, – адказаў другі і піхнуў нагой пярэднюю лаўку (з газеты). Жарганізмы адлюстроўваюць не толькі нізкі культурамоўны ўзровень асобы, але і абмежаваны асяроддзем кругагляд, і духоўную беднасць. Аднак жарганізмы валодаюць шырокай пранікальнасцю ў штодзённыя бытавыя зносіны (узгадайце для прыкладу жаргонныя назвы грашовых адзінак – лімон, штука, зялёныя, бабкі), а затым, як сцвярджае У.В. Анічэнка, могуць нейтралізавацца, станавіцца набыткам мовы літаратурнай: галасаваць, накладка, фортка (у раскладзе), двурушнік і інш. Тым не менш лексіка, абмежаваная сферай выкарыстання, патрабуе ўдумлівага абыходжання з ёй. Прыкладамі парушэння чысціні маўлення з’яўляюцца прастамоўныя словы і выразы (грубыя, лаянкавыя з адценнем знявагі, неадабральнасці, пагарды). На жаль, сучасная мастацкая літаратура і сённяшняя публіцыстыка ў празмернай колькасці выкарыстоўваюць такія словы і, на наш погляд, часам ніякая стылізацыя гэта не апраўдвае: перыяд не застойны, а адстойны; “тыраць” у дзяржавы; лавіць кайф і інш. (з газеты). Аднак пэўныя групы насельніцтва менавіта з дапамогай такіх слоў фармулююць свае думкі, гавораць пра пачуцці. І тады ўзнікае пытанне, як стварыць вобраз рэалістычны, каб чытач паверыў. Вось такім чынам прастамоўі становяцца элементам мастацкай мовы і пры ўмераным іх выкарыстанні не парушаюць стылістычнай нормы: Пусці толькі адну галячку, дак адразу наляціць цэлая гайня. І не агледзішся, як расшматаюць усё! Распетраць умэнт (І. Мележ);Жэрці і праўда хочацца. Аж у жываце баліць (М. Лупсякоў); Как смажат па рожы – ляціш да дзвярэй! А там утары вярзіла. Как саданёт па шэі – дзвер башкой адкрываеш (Я. Брыль). Нават не з адной разнавіднасцю нелітаратурных моўных элементаў маўленне персанажаў успрымаецца як натуральнае, нязмушанае; аўтар да ўсяго яшчэ ў апошнім урыўку дасягае гумарыстычнага эфекту. Аднак зусім не да смеху, калі ў часопісах для дзяцей у даволі папулярным жанры комікс-ролік мы знаходзім імёны персанажаў Дыбіліс і Бандыт, якія выкарыстоўваюць у маўленні словы чувак, ціпа не зразумеў, не тамі, клёва і інш. Да нелітаратурных моўных элементаў, якія часам шкодзяць чысціні маўлення, адносяцца неалагізмы. Словы, створаныя аўтарамі мастацкіх ці публіцыстычных тэкстаў, пры пэўнай умове могуць стаць набыткам мовы літаратурнай: яны не павінны ўспрымацца як штучныя ўтварэнні, не павінны парушаць мілагучнасць мовы, назва павінна акрэсліваць змест паняцця, з’явы, прадмета. Як вядома, шмат лексем прыйшло ў літаратурную мову ў пачатку мінулага стагоддзя, аднак не ўсе яны ўвайшлі ў актыўны слоўнік. Напрыклад, у якасці тэрмінаў прапаноўваліся словы мясажэры ‘драпежныя’, зельнік ‘гербарый’, мяшанец ‘гібрыд’, каморка ‘клетка’ пустаслоўе ‘дыялектыка’, словапіс ‘лексікаграфія’, кантаслуп ‘прызма’, аднак час вызначыў для гэтых слоў іншы лёс. Літаратурную мову ўзбагацілі іншыя лексемы, аўтарства якіх сёння ведаюць не ўсе, але гэтыя словы гучаць натуральна, яны зразумелыя і адпавядаюць словаўтваральным законам мовы: дармаеды, крыважадны (належаць Я. Купалу), навучэнец, светапогляд (Я. Колас), адлюстроўваць, мілагучны, дабрабыт (У. Дубоўка). У мове сучаснай мастацкай літаратуры прапаноўваецца шмат новых слоў: аказіяналізмы заўсёды экспрэсіўныя, але некаторыя з іх можна зразумець толькі ў кантэксце. Перад лінгвістамі якраз і стаіць задача – ацэньваць такія словы, іх семантыку і структуру, каб у далейшым вывесці найбольш цікавыя, мілагучныя за межы твораў аднаго аўтара. Напрыклад, у мове паэзіі М. Мятліцкага прапаноўваецца мадэль прыметніка з фармантам -отн-: духотнае, сумотнае; Н. Мацяш стварае гаваркія назоўнікі турботаварот, самаашука, тагасвецце, пашлюбаванне і інш.; А. Разанаў называе хлапчукоў мясцовымі крыганаўтамі, нядзеля ў яго – паслядзелак, будзень – нудзень і інш. Нягледзячы на прыведзеныя моўныя факты, многія літаратары (Н. Гілевіч, Р. Барадулін) і лінгвісты (І.Я. Лепешаў, У.В. Анічэнка) перасцерагаюць, асабліва маладых аўтараў, ад неабдуманай словатворчасці, каб тыя не засмечвалі мову ўнармаваную “гульнёй са словам”, якое ў мастацкім тэксце найперш выконвае эстэтычную функцыю. Прывядзём прыклады няўдалых аказіянальных неалагізмаў: Дзякуй богу, што міражыць Мара скрозь нязбыўнасць мары; Дарогі – як і мільённаногі спрут; А то раптоўна заадліжа, Знянацку туманок дыхне. Некаторыя неалагізмы, узятыя без кантэксту, выглядаюць незразумелымі, немілагучнымі, аднак менавіта такія лексемы неабходныя аўтарам для раскрыцця ідэйна-эмацыянальнага зместу твораў, характарыстыкі персанажаў: Былі ў дзядзькі [Алісея] і словы свае: “гамталязікі” – пра аладачкі або піражкі, “ахламенька” – пра сала ці каўбасу, “камінарнік” – пра франтавога кавалера або пра мужа наогул (Я. Брыль). Мова мастацкіх тэкстаў, асабліва драматургічных, сведчыць пра аўтарскае ўменне свараць такія гаваркія аказіяналізмы-прозвішчы і мянушкі, якія становяцца набыткам мастацкай мовы, нягледзячы нават на зніжаную стылістычную афарбоўку: Зноўзадзярыўгорухвост (Я. Сіпакоў); Такі-Сякі-Малы-Аглы (К. Крапіва). Пры адпаведных стылістычных умовах такія словы могуць стаць крыніцай антанамасіі тыпу: Вы, дрэнныя прарокі, эўкліды. Падаюць крыўды і няпраўды. Вы дрэнныя прарокі, плаўты (А. Вярцінскі). Мову мастацкага і размоўнага стыляў могуць засмечваць канцылярызмы і маўленчыя штампы. За словам штамп, як нагадвае А.К. Юрэвіч, замацавалася значэнне ‘слоўнае пустазелле,’ якое трэба выкараняць, калі гаворка не ідзе пра стыль афіцыйна-справавы і асобныя жанры публіцыстыкі, а таксама тыя сітуацыі, пры якіх выкарыстанне названых моўных адзінак неабходнае. Канцылярызмы – словы ці выразы, што механічна паўтараюцца, пазбаўляючы мову індывідуальнасці, збядняючы яе; крыніца іх існавання – афіцыйна-справавы стыль, у якім устойлівыя выразы дазваляюць пазбегнуць двухсэнсоўнасці і забяспечыць дакладнасць. У.В. Анічэнка слушна сцвярджае, што канцылярызмы і штампы аб’ядноўвае гатовая формула; натуральна, што яе заўсёды прасцей скарыстаць, чым стварыць новы выраз, арыгінальна выказаць думку. З усяго сказанага вынікае: устойлівыя выразы ў мове мастацкай ці размоўнай – вынік беднасці мыслення, неначытанасці, абыякавага стаўлення да слова і маўлення: Хлопец, які сядзеў на першай лаўцы, азірнуўся і ў выглядзе падтрымкі ўсміхнуўся дзяўчыне; Хлопец зноў сканцэнтраваў сваю ўвагу на эканамічным развіцці заходніх краін (з газеты). У мове мастацкай літаратуры штампы якраз могуць выкарыстоўвацца для стылізацыі, бо ствараюць афіцыйны каларыт: “Я, Таквіля Мондрая, наперад душу сваю пану Богу паручаючы, будучы на цела хвораю, але пры добрым розуме, усё памятаючы, з добрай волі свае і з парадаю прыяцеляў, перад сведкамі, на то запрошаных: солтысам Янам Вайтовічам і суседам сваім Браніславам Літаварам – зямлю сваю, а таксама быдла, вялікае і малое, скарб весь дамовы, з ласкі Божае набыты, гэтым тастамантам адказую і апісую нявестцы сваёй Алесі Мондрай, каб яна да самае смерці нашае мяне і нябогую дачку маю Еўку, тутака памянёную, даглядала і карміла, а па смерці цела грэшнае па-боску пахавала. Пісана ў аўторак,14 грудня 1938 року, у вёсцы Верасава” (В. Адамчык). Відавочна, што, ствараючы афіцыйную паперу ад імя персанажа, аўтар павінен быў выкарыстаць і адпаведныя моўныя штампы, і пэўную форму дакумента, каб праўдзівасць апісання не выклікала сумнення ў чытача; з гэтай жа мэтай уведзены асобныя выразы размоўнага характару. Блізкія да моўных штампаў словы-спадарожнікі, так званыя “парныя словы”, якія таксама засмечваюць мову. Яны механічна ўжываюцца ў публіцыстыцы, у справавых паперах, часам іх змест не адпавядае сітуацыі, тым большая шкода наносіцца імі маўленню, асабліва нязмушанаму: крытыка – вострая, адпачынак – заслужаны, меры – своечасовыя, задачы – канкрэтныя і г.д. Тойаўтар тэксту, які дбае пра чысціню маўлення, будзе пазбягаць такіх стэрэатыпных выразаў. Адным са спрэчных на сёння застаецца пытанне адносна ролі запазычанай лексікі ў сучаснай беларускай мове. Немагчыма адназначна адказаць, ці засмечваюць словы з іншых моў беларускую. Ёсць словы, што прыйшлі ў мову даўно і зараз не ўспрымаюцца як іншамоўныя: каляндар, капуста, бульба, язмін, газета і інш. Яшчэ адна група іншамоўных слоў уключае назвы паняццяў, якія хоць і ўспрымаюцца як запазычаныя, аднак адаптаваліся (часткова ці поўнасцю) да фанетыка-граматычнай сістэмы беларускай мовы: кафэ, жэле, журы, гальштук, дыван, тахта, сувенір, піжама, сарафан, тралейбус і інш. Без гэтых слоў цяжка абысціся, бо яны арганічна ўліліся ў моўную плынь і запатрабаваныя любым стылем. Вылучаецца яшчэ адна група слоў, якія маюць беларускія сінонімы (кантракт – дагавор, пунктуальны – дакладны, утрыраваць – перабольшваць, імпанаваць – падабацца). Узнікае пытанне: якая ступень насычанасці тэкстаў такімі словамі павінна быць? У гэтым якраз і ёсць праблема, паколькі тэкст павінен быць зразумелы слухачу і чытачу. Пры выбары слова трэба ўлічваць яго значэнне, паходжанне, ступень зразумеласці; калі сэнсавыя нюансы ўлічаны і відаць, што словы тоесныя, перавагу трэба аддаваць усё ж адзінцы беларускай, каб не перанасычаць тэкст запазычаннямі, не “зацямняць” яго. Важна таксама ўлічваць начытанасць, дасведчанасць субяседніка, каб інфармацыя не застацца за межамі яго свядомасці. На гэту праблему звяртаў увагу яшчэ Максім Танк у адным са сваіх вершаў: – Нарэшце ў адведзіны Прыехаў мой сынок. Хацела з ім пагаварыць я Пра яго жыццё-быццё, Пра ўнукаў. Але ён з нейкімі – казаў – сваімі спонсарамі І менеджарамі Спяшаўся ў нейкі кемпінг, На нейкі брыфінг, Каб дамовіцца Аб нейкім кансенсусе, А потым паехаць на уік-энд. Толькі і паспела Даць яму ў дарогу Сяго-таго з дамашняга … Так, седзячы на прызбе, Расказвае мне Старэнькая Гануля І ўздыхае: – Божачка! Хаця б там у яго Было ўсё добра! (“Адведзіны”). У сына якраз усё добра, але маці з яго аповеду, перасыпанага запазычаннямі, нічога не зразумела. У мастацкіх тэкстах іншамоўныя словы могуць выконваць не толькі намінатыўную функцыю, але і эстэтычную – ствараць каларыт пэўнай дзяржавы, калі выкарыстоўваюцца як экзатызмы ці варварызмы. Запазычаныя словы могуць быць таксама сродкам перадачы эмоцый і пачуццяў – удзячнасці, захаплення, іроніі, сатыры, гумару і інш., у такім выпадку ўжыванне запазычанняў стылістычнай апраўдана: Я апрануўся, сеў на нарты, і каюр – паганяты запрэжкі – пагнаў сабак; Жылі яны, браты Цівунчыкі, па-суседску, асобнымі гаспадаркамі. Сцяпан, старэйшы, ваяваў у пачатку стагоддзя з японцамі, у Маньджурыі, і жонку сваю называў па-кітайску – “фіма”. Маладзейшы, Алісей, быў на першай сусветнай у Румыніі, і баба яго стала ад гэтага “фумеяй” (Я. Брыль). Многія запазычаныя словы цяжкія для вымаўлення, таму аўтары з мэтай стылізацыі мовы персанажаў ужываюць іх у скажоным выглядзе, чым дасягаюць гумарыстычнага эфекту: Дзед Цыбулька: А чаму гэта урбанізацыя ўжо стала нездаровай, і на жаль? Ломцеў (здзівіўся): Ух ты! А ён – эрудзіт! Дзед Цыбулька: Зараз разбяромся, хто ерундзіт (А. Макаёнак). Спынімся на прыкладах, калі запазычаныя словы засмечваюць літаратурную мову. Як вядома, шматлікія тэрміны маюць іншамоўнае паходжанне. Але без іх не абысціся ні ў навуковым, ні ў публіцыстычным маўленні. Таму заўсёды трэба памятаць пра ўзрост адрасата, пра ўмеранае выкарыстанне гэтай групы слоў, каб не збіцца ў так званы псеўданавуковы (гелертэрскі) стыль і не застацца сам-насам “за трыбунай”. Як слушна сцвярджае У.В. Анічэнка, “у многіх выпадках запазычанні ўскладняюць успрыняцце, зацямняюць сэнс інфармацыі” [4]. Што да мастацкага стылю, то тут ў пагоні за модным словам пісьменнікі часам збіваюцца з тропу, ператвараючы свае творы ў формулы ці тэарэмы з доказам і вывадам, ствараючы штучныя, надуманыя вобразы: Ды памяць – мой банк інфармацыі – мне выдала тэкст на дысплеі; Баюся спаць, твой дух чакаю апакаліпсістычнымі начамі; Міраж трансфармуецца ў рэчаіснасць; Мне – катарсісам Вашы абдымкі ў каламуці шалёных хваляў; Ты помніш сарамлівасць хваляў – электраімпульсы між намі; Бяроза ў маністах, сасна ў дэкальтэ… Бурштынавых лісцяў нагледзеўся я там. У гэтым тэатры, лясным вар’етэ, Міжволі раблюся лірычным вар’ятам. Трэба сказаць, што прапанаваныя вобразы ў прыведзеных ўрыўках да ўсяго яшчэ і не эстэтычныя: не хочацца суперажываць аўтару, і не ўзнікае жадання наведаць лес-вар’етэ, каб звар’яцець. Некаторыя лінгвісты (К.А. Пагарэлая) адзначаюць, што чысціню маўлення могуць парушаць такія размоўныя лексемы, як прафесіяналізмы вузкаспецыяльнага характару. Гэтыя адзінкі з-за незразумеласці іх семантыкі і празмернага выкарыстання могуць шкодзіць чысціні маўлення. Аднак немагчыма, на наш погляд, стварыць пэўную прафесійную атмасферу, індывідуалізаваць мову персанажаў у мастацкім стылі, не выкарыстаўшы прафесіяналізмы: Праўда, меў спраўную рыбацкую гаспадарку: два чаўны і розныя там сеткі, мярэжы, бучы, перамёты і шмат іншага, чаму Мікола і назвы не ведаў (М. Машара); У той час хросны быў яшчэ, і праўда, дужы. Шыў і кажухі, і суконныя сярмягі, якія ў нас называлі буркамі. А порткі – колькі хочаш. Мог і клёш, і “галіфе”, і ні тое ні сёе (Я. Брыль). Як відаць, для атрымання агульнага ўражання ад мастацкага тэксту зусім не абавязкова ведаць значэнне ўсіх прафесіяналізмаў. Аднак у размоўным ці ў навуковым стылях, дзе гэтыя словы працуюць на дакладнасць маўлення, трэба абавязкова сачыць за празрыстасцю іх семантыкі. Засмечваюць маўленне словы-паразіты – словы і выразы, якія без патрэбы паўтараюцца ў маўленні асобных людзей; яны не папаўняюць тэкст ніякай інфармацыяй, выкарыстоўваюцца механічна, што прыводзіць да стварэння камічных, анекдатычных рэплік тыпу Кірыла Тураўскі нарадзіўся, між іншым… і… памёр, дарэчы… ; Я, магчыма, гэта, канечне, зраблю і інш. Думка скажаецца, “загрувашчваецца” слоўным смеццем, якое адцягвае ўвагу ад зместу выказвання. Існуе шэраг прычын, па якіх слоўнае пустазелле актыўна “прарастае” ў мове: па-першае, гэта беднасць слоўніка апавядальніка, па-другое, няўменне думаць перад аўдыторыяй (публічна), па-трэцяе, адсутнасць моўнага чуцця і раўнадушнае стаўленне да мовы. Пры індывідуалізацыі мовы дзейных асоб пісьменнікі выкарыстоўваюць такую адметнасць маўлення, і ў гэтым, думаецца, ёсць станоўчы момант. Пачуўшы, як словы-паразіты гучаць з вуснаў персанажаў, наўрад ці хто захоча выглядаць гэтаксама прымітыўна. У мове мастацкіх тэкстаў з вуснаў персанажаў мы чуем самыя розныя словы і выразы, напрыклад, вось цо да, тудэма-сюдэма, нібыто, грэц яго, чуеце, дай я гахну і інш. Некаторыя з такіх частапаўтаральных рэплік могуць станавіцца мянушкамі, якія падкрэсліваюць спецыфічныя рысы характару дзейных асоб, нагадваюць цікавыя сітуацыі з жыцця чалавека. Ужыванне слоў-паразітаў заўсёды ўспрымаецца як загана маўлення; асабліва часта паўтараюцца словы ціпа, значыць, гэта самае, як бы, на самай справе і інш. Клопат пра чысціню маўлення павышае якасць і маўленчай дзейнасці, і іншых відаў дзейнасці чалавека нават тады, калі яго праца не звязана са словам. |