Главная страница
Навигация по странице:

  • Картина о любви, не знающей границ…

  • БАГАЦЦЕ МАЎЛЕННЯ Багацце

  • Вялізныя

  • Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова


    Скачать 1.76 Mb.
    НазваниеА. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
    АнкорСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
    Дата19.09.2017
    Размер1.76 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
    ТипДокументы
    #8758
    страница17 из 31
    1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   31

    ДАРЭЧНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ
    Дарэчнасць – такая камунікатыўная якасць, пры якой ўжытыя моўныя сродкі адпавядаюць месцу, часу, жанру, мэтам і ўмовам зносін. Маўленне дарэчнае, калі яно строга адпавядае задачам зносін, зместу інфармацыі, выбранаму жанру і стылю выкладання, індывідуальным асаблівасцям аўтара і адрасата.

    Захаванне дарэчнасці прадугледжвае веданне стылістычнай сістэмы мовы, заканамернасцяў ужывання моўных сродкаў у кожным функцыянальным стылі, што дазваляе знайсці найбольш мэтазгодны спосаб выражэння думкі, перадачы інфармацыі.

    Неабходная ўмова дарэчнасці – добрае веданне і асэнсаванне прадмета інфармацыі. Вялікае значэнне мае таксама агульная культура аўтара, яго адносіны да адрасата, уменне хутка арыентавацца ва ўмовах зносін.

    У лінгвістычнай літаратуры вылучаюць дарэчнасць стылёвую, кантэкстуальную, сітуатыўную і асобасна-псіхалагічную. Дарэчнасць кантэкстуальную і сітуатыўную размежаваць цяжка, таму нярэдка іх аб’ядноўваюць і гавораць пра сітуатыўна-кантэкстуальную дарэчнасць.

    Для кожнага функцыянальнага стылю ўласцівы свае заканамернасці адбору, арганізацыі і ўжывання моўных сродкаў. Пытанне пра дарэчнасць або недарэчнасць той ці іншай моўнай адзінкі ў кожным стылі рашаецца па-рознаму. Напрыклад, у афіцыйна-справавым і навуковым стылях выкарыс­тоўваюцца агульнаўжывальныя, нейтральныя і кніжныя моўныя сродкі. Недарэчным будзе ўвядзенне ў такія тэксты нелітаратурных элементаў. У публіцыстыцы ж нелітаратурныя моўныя сродкі (дыялек­тызмы, жарганізмы, варварызмы, экзатызмы, размоўная і прастамоўная лексіка) дапушчальныя, калі яны выконваюць стылістычную функцыю. Тое ж самае можна сказаць і пра мастацкі стыль, у якім ужыванне моўных сродкаў падначалена аўтарскай задуме, стварэнню мастацкага вобраза.

    Сітуатыўна-кантэкстуальная дарэчнасць дыктуе ўжыванне сродкаў у залежнасці ад сітуацыі зносін і кантэксту, у якім моўная адзінка знаходзіцца. Асноўным крытэрыем гэтай разнавіднасці дарэчнасці з’яўляюцца сітуацыя і задачы зносін. Нельга гаварыць з рознымі людзьмі (напрыклад, з дарослым і з дзіцём) аднымі і тымі ж словамі: трэба ўлічваць разумовыя магчымасці і падрыхтаванасць адрасата да ўспрымання інфармацыі. Не варта злоўжываць у тэксце мастацкага стылю спецыяльнымі і прафесійнымі словамі, значэнне якіх незразумела неспецыялісту (выключэнне – калі яны выконваюць стылістычную функцыю).

    Парушэннем дарэчнасці з’яўляецца ўжыванне стылістычна маркі­раваных адзінак без уліку іх функцыянальнай і эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі, нематываванае парушэнне адзінства стылю. Разгледзім прыклады: Пазабюджэтныя грошы становяцца палачкай-выручалачкай пры рашэнні матэрыяльных праблем; Культурнае жыццё ва ўніверсітэце па-ранейшаму б’е ключом (са справаздач). У прыведзеных сказах недарэчнымі з’яўляюцца элементы гутарковага стылю (палачка-выручалачка, біць ключом) у афіцыйна-справавых дакументах, для якіх недапушчальныя эмацыянальна-экспрэсіўныя сродкі.

    Асобасна-псіхалагічная дарэчнасць рэгулюе маўленчыя зносіны. Маўленне не толькі змяшчае інфармацыю, але і выражае адносіны гаворачага да рэчаіснасці, да людзей вакол яго. Таму аўтар выказвання павінен улічваць, як яго словы падзейнічаюць на адрасата. Асобасна-псіхалагічная дарэчнасць прадугледжвае павагу, тактоўнасць, уменне “чытаць” настрой суразмоўцы, улічваць яго індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці, майстэрства знахо­дзіць адпаведнае сітуацыі слова, інтанацыю.

    Выдзяленне розных відаў дарэчнасці з’яўляецца некалькі ўмоўным. Стылёвая дарэчнасць прасочваецца яскрава. А вось сітуатыўна-кантэкстуальная і асобасна-псіхалагічная цесна пераплятаюцца не толькі паміж сабой, але і з маўленчым этыкетам, які прадугледжвае тактоўнасць, павагу, дабрыню, шчырасць у паводзінах удзельнікаў зносін.

    Характар размовы вызначаюць не толькі ўжытыя словы, але і тон, інтанацыя, з якой яны выказаны. Адзін і той жа выраз можа ўспрымацца па-рознаму ў залежнасці ад тону. Заўсёды трэба браць пад увагу інтарэсы чалавека, з якім уступаеце ў размову, месца, дзе вы знаходзіцеся, настрой і стан людзей, што вакол вас. Недарэчна, напрыклад, гаварыць пра работу з тымі, хто ў гэты момант адпачывае, а пры абмеркаванні рабочых планаў – пра ўчарашняе свята. Не прынята абмяркоўваць свае сямейныя справы ў прысутнасці трэцяй асобы. У кампаніі пазбягаюць размоў, якія выклікаюць цяжкія ўспаміны або сумны настрой. У прысутнасці хворага не гавораць пра смерць. Недарэчна ў цягніку расказваць пра катастрофы на чыгунцы, у самалёце – пра катастрофы ў палёце, за сталом – пра рэчы, якія могуць сапсаваць апетыт і г.д. Не прынята пытацца ў жанчыны пра яе ўзрост. Адны і тыя ж учынкі ў адных выпадках могуць быць дарэчнымі, у іншых – недарэчнымі. Напрыклад, недарэчна перарываць выступоўцу да моманту, пакуль не выйшаў рэгламент, аднак калі рэгламент выйшаў, то напамін пра гэта выглядае дарэчным.

    “Дарэчнасць маўлення рэгулюе працэс выразнага, лагічнага і дакладнага выказвання думак, падпарадкоўваючы яго адпаведным інфармацыйным, выхаваўчым, эстэтычным і іншым задачам,” – так акрэслівае ролю гэтай камунікатыўнай якасці У.В. Анічэнка [4, с. 232].

    Прааналізуем мову рэкламы кінафільма “Франц і Паліна” з пункту погляду менавіта дарэчнасці: разгледзім, ці адпавядаюць словы, выразы, стыль той маўленчай сітуацыі, якая апісваецца ў тэксце (тэкст прыводзім без перакладу, каб захаваць аўтарскую манеру пісьма, танальнасць выкладу і адметнасць вобразных сродкаў):



    ПРЕМЬЕРА

    ТОЛЬКО В ДОМЕ КИНО

    13 СЕНТЯБРЯ 2006 ГОДА
    ФРАНЦ+ПОЛИНА
    Художественный фильм, снятый по повести “Немой” Алеся Адамовича. Режиссёр – Михаил Сегал. Производство студии “Югра-фильм” (Россия) при содействии киностудии “Беларусьфильм”.

    Картина о любви, не знающей границ…
    …счастливо жили люди в полесской деревне “Петухи”. А как напали вероломно фашисты на нашу Родину – так ушли партизанить почти все петуховские мужики. Ушел и колхозник Кучера, и сын его – Павел. А Кучериха с малой дочкой Полиной остались в деревне, но вести доносились до них страшные: будто в соседних деревнях всех детишек, баб да стариков в домах позапирали и сожгли заживо. Правда ли это? Узнать не у кого…

    И тут немцы пришли сами: красивые, подтянутые, вежливые. Расселились по домам, стали жить. К Кучерихе поселили бывалого офицера и молодого солдатика. Офицер – тот степенно вел себя: завтракал, обедал, ужинал да трубочку курил. А молодому не сиделось: он и автомат три раза на дню почистит, и воду в дом натаскает, и сам для себя вдоль улицы помарширует.

    Страшно вели себя эсэсовцы. Но не трогали никого, даже иногда продукты свои привозили и по хозяйству помогали. Работали эсэсовцы, как простые деревенские парни, как сыны, что в лес ушли партизанить. И Франц, молодой постоялец Кучерихи, больше всех старался…

    НА ВСТРЕЧЕ СО ЗРИТЕЛЯМИ ГОСТИ ИЗ РОССИИ – ТВОРЧЕСКАЯ ГУППА ФИЛЬМА.
    Змест прыведзенага ўрыўка, хоць і прысвечаны апісанню цікавага кінафільма, не апраўдвае той танальнасці (аўтар быццам распавядае казку), якая абрана для перадачы інфармацыі, як, дарэчы, не адпавядаюць сітуацыі тыя вобразныя сродкі, што характарызуюць персанажаў. Мы ведаем, што прынесла вайна мірным жыхарам не толькі Беларусі, ведаем пра выключныя выпадкі адваротнага характару, але параўноўваць іншаземных захопнікаў з сынамі, якія партызаняць, – верх моўнай безгустоўнасці і чалавечай бездухоўнасці. К слову, і змест самога фільма, яго музычнае афармленне не адпавядаюць танальнасці рэкламы: фільм цяжкі для прагляду, яго сюжэт далёкі ад лірычнага, падзеі – ад рамантычных.

    Такім чынам, дарэчнасць маўлення – паняцце не толькі лінгвістыкі, але і дастаткова дакладны партрэт (праз маўленчыя паводзіны) як аўтара, так і аўдыторыі.
    БАГАЦЦЕ МАЎЛЕННЯ
    Багацце маўлення – гэта адна з найбольш важных камунікатыўных якасцяў, бо дэманструе лексічныя, фразеалагічныя, словаўтваральныя, граматычныя і стылістычныя рэсурсы мовы. Багацце любой мовы можна ўявіць, калі паглядзець вакол сябе, падумаць пра тое, што прадметы, дзеянні, іх якасці і ўласцівасці, абстрактныя паняцці і інш. – усё мае назву, а часам і не адну. Значыць, наколькі разнастайны свет, наколькі развіта мысленне і жыццядзейнасць чалавека, настолькі багатая і мова.

    Маўленчае багацце кожнай канкрэтнай асобы праяўляецца індывідуальна і залежыць ад розных фактараў: ад неабыякавага стаўлення да мовы, ад прафесіі, ад начытанасці, ад пачуццёвай гамы чалавека ва ўспрыманні свету. Адны навукоўцы сцвярджаюць, што актыўны слоўнік сучаснага чалавека складае каля 8 тысяч розных слоў, іншыя называюць лічбу 12 тысяч. Лічыцца, што нават творчыя і высокаадукаваныя людзі, якія пішуць мастацкія, навуковыя, публіцыстычныя тэксты, выкарыстоўваюць толькі каля 10 працэнтаў агульнаўжывальнага лексікону. Падлічана, напрыклад, што Францыск Скарына ужыў больш за 13 тысяч розных слоў, Якуб Колас – 500 тысяч.

    Варта памятаць: поўнасцю моўнае багацце не адлюстроўвае ніводзін лексікаграфічны даведнік, паколькі тэрміны, дыялектызмы, устарэлыя словы, аўтарскія неалагізмы, складаныя лексемы, словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, жарганізмы, запазычаныя адзінкі, геаграфічныя, астранамічныя і інш. індывідуальныя назвы поўнасцю слоўнікамі не ўлічваюцца (У.В. Анічэнка).

    Тэксты, у якіх ужываецца цікавая, з густам падабраная тэматычная лексіка, заўсёды захапляюць чытача, узбагачаюць яго слоўнікавы запас. Лексічная разнастайнасць дапамагае эмацыйна і дакладна апісаць прадмет ці з’яву: Вызначаючы кароткі начны шлях бяссоннага летняга сонца, на поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Сонца, якое, здаецца, так нядаўна села амаль на паўночным захадзе, перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход і спынілася, каб пачаць памаленьку выплываць наверх. Яно было яшчэ глыбока за пушчай, таму што над грэбнем лесу яшчэ ўсё нясмела займалася зара ўсходу. А па меры таго, як яна разгаралася, рэшткі вячэрняй зары патухалі. Вось-вось павінен быў прачнуцца ў збожжы першы жаўранак і, атрасаючы свежыя кропелькі з шэрага, цёплага пер’я, узняцца над полем, абвяшчаючы захопленым шчэбетам пачатак новага дня (Я. Брыль). Слоўнае багацце, бездакорна падабраныя словы дапамагаюць нам уявіць усход сонца і адчуць хараство прыроды.

    Свет вакол нас надзвычай разнастайны, але мова намнога багацейшая, паколькі адзін і той жа прадмет можа мець некалькі назваў, адна і тая ж думка можа быць аформлена па-рознаму.

    На лексічным узроўні багацце мовы асабліва выразна праяўляецца праз ужыванне сінонімаў і шматзначных слоў. Сэнсавая насычанасць слова працуе не толькі на эканомію моўных рэсурсаў – яна яшчэ адлюстроўвае вобразнасць мыслення, што ўзбагачае змест маўлення.

    Слова ключ, напрыклад, мае некалькі значэнняў: ‘металічная прылада для адмыкання і замыкання замка’; ‘прылада для завінчвання і адвінчвання гаек, адкаркоўвання, заводкі чаго-небудзь і да т.п.’, а таксама (перан.) ‘тое, што служыць для разгадкі, разумення каго-небудзь, чаго-небудзь, для авалодання чым-небудзь’. Слова ключ мае амонімы: яно называе знак пачатку нотнага радка; чараду птушак у палёце; верхні камень, якім заканчваецца арка, скляпенне.

    Ведаючы ўсе ці некаторыя значэнні шматзначных слоў, слоў-амонімаў, чалавек вострага розуму, тонкага моўнага адчування можа дасягнуць яркай эмацыянальнасці, асаблівай маўленчай экспрэсіі: Ключ жураўліны! Гэта – ключ, якім адмыкаюць Веснія воды, Цёплыя подыхі ветру, Зялёныя руні, Птушыныя гнёзды, Вясёлкі І радасць. Таму, калі бачу яго, Мне хочацца рукі свае працягнуць Аж пад хмары асеннія, Каб ключом гэтым Зноў адамкнуць Маладосць (М. Танк).

    Часам аўтары ўжываюць словы з такімі значэннямі, якія не фіксуюцца слоўнікамі, у гэтым выпадку ўзнікаюць семантычныя неалагізмы, якія таксама ўзбагачаюць мову: Ключ – клічнік, замок – пытальнік, ключ – модус, замок – атрыбут, ключ – учынак, замок – з’ява, ключ належыць мужчыне, замок – жанчыне, ключ – неба, замок – зямля (А. Разанаў). Праз сугучча слоў, якія яднаюцца ў паэтычным кантэксце, аўтар пашырае семантычны аб’ём слоў, тым самым насычае мову экспрэсіяй, а творы – запамінальнымі і арыгінальнымі вобразамі.

    Разгледзім яшчэ адзін прыклад, прапанаваны М.В. Абабуркам. Даследчык звяртае ўвагу на тое, што мова мастацкага тэксту дэманструе багацце маўлення праз ужыванне розных лексіка-семантычных груп назоўнікаў, аб’яднаных у мікрасістэме ‘сядзіба і яе часткі’: 1) сядзіба, сяліба, селішча, аселішча, паселішча, сельбішча; забудова, двор, дворышча, падворышча, падвор’е; пасада, гаспода, седас, седала, котлішча; 2) двор, дварышча, падворак, панадворак; 3) адрына, хлеў, абора, стадола, гумно; 4) хлявух, хлевушок, свінух, свінушок, свінушнік; 5) варыўня, варывенька, стопка, стопачка, істопка; пограб, склеп, яма, прыгрэбка, прыгрэбнік; 6) асець, восець, клець, свіран, свіронак, клуня; 7) пуня, пунька, сенавал, плятнік; 8) калодзеж, калодзезь, студня, калонка; 9) журавель, асвер, коварат; пругло, страла; 10) брама, вароты, коўраты; засаўкі, спрага, прасла; 11) гумно, гумнішча, прыгуменне, прыгумень, загуменне, загумень, загумёнкі; 12) прысядзібны ўчастак, прыўсадзебны ўчастак, пысядзьбенны ўчастак, соткі, пляц [1, с. 60-61].

    Аднак трэба памятаць, што многія з прыведзеных слоў дыялектнага паходжання і што дыялекты былі і застаюцца адной з крыніц папаўнення, узбагачэння мовы літаратурнай.

    Лексічныя неалагізмы таксама з’яўляюцца сродкам узбагачэння мовы, аднак толькі ў тым выпадку, калі не парушаюць чысціні маўлення (нагадаем: яны не павінны парушаць мілагучнасць мовы, а само новае слова павінна адлюстроўваць змест паняцця): Мы ж аднадумцы ўсе і аднадомцы, Каб стаць і даўгавечней, і дужэй Дабро памножым на дабро, каб сонца Свяціла кожнаму даўжэй (С. Грахоўскі); Мае добрыя людзі, Суайчыннікі, Сузямельцы(Н. Мацяш); Прапахлы багуном, імшарамі, іду, нагрыблены, дамоў (Ю. Свірка); Каб аперазаць паўнеба маланцы дастаткова вока­мгнення, вокаміргнення(А. Разанаў).

    Моўная разнастайнасць забяспечваецца рознымі відамі сінонімаў: кожнае з блізказначных слоў адрозніваецца адценнем значэння ці стылістычнай афарбоўкай ці тым і другім адначасова; часам сінонімы адрозніваюцца толькі гучаннем. У любым выпадку гэтыя словы дазваляюць пазбегнуць паўтораў і перадаць сэнсавыя і эмацыянальныя нюансы выказвання: Возера зноў зрабілася ціхім і спакойным, а вада чыстай і празрыстай(В. Вольскі); Дык які ж гэта дыспут, калі спрачаюцца нагамі? Дык які ж гэта пяроспар, калі спрачаюцца ногі з галавою, а не сэрца з сэрцам, душа з душою (Я. Сіпакоў); Я ўсё сцярплю, я ўсё стрываю І ўсё навек благаслаўлю – Адно пачуй, як я кахаю, Адно спазнай, як я люблю(Н. Гілевіч).

    Як слушна адзначае аўтар “Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў” М. Клышка, багацце сінонімаў у мове – паказчык яе развітасці, здольнасці перадаваць найтанчэйшыя рухі думкі, выяўляць самыя складаныя адценні паняццяў, характарыстык, паўтонаў пры апісанні рэчаіснасці, перажыванняў чалавека: Ты што? Дысцыпліны не ведаеш ? Ты ж – сакратар камсамольскага камітэта. Вот вам – пахвалі яго – малайчына, удалец. А ён – дэзерцір! Лятун! Перабежчык! (А. Макаёнак).

    Маўленчае багацце выяўляецца і праз кантэкстуальныя сінонімы. Словы, не маючы семантычнай блізкасці ў агульнамоўным ужытку, у пэўным кантэксце збліжаюцца, характарызуюць адно паняцце. Раскрываючы самыя нечаканыя аўтарскія асацыяцыі, такія рады слоў дэманструюць разнастайнасць маўлення канкрэтнай асобы (у дадзеным выпадку аўтара): Будзень ідзе, свята стаіць, будзень дзеліць, свята яднае, будзень бачыць гадзіны, свята – вечнасць, будзень судзіць, свята апраўдвае, на будзень дзівяцца людзі, а на свята – свет (А. Разанаў); Я быў дзівак, значыцца, я быў паэт (Я. Брыль).

    Маўленне ўзбагачаецца таксама пры дапамозе фразеалагічных сродкаў мовы. Фраземы, ужытыя з аказіянальнай ці ўзуальнай функцыяй, заўсёды надаюць тэксту тое непаўторнае гучанне, якое выяўляе моўнае пачуццё меры аўтара, ацэнку прадмета гутаркі. Фразеалагізмы і прыказкі – гэта і народная мудрасць, і гумар, якія, акрамя ўсяго, аздабляюць маўленне спецыфічным нацыянальным каларытам: як журавін жменю глынуў; спроба – не хвароба; скупы двойчы плоціць, а дурны двойчы ходзіць; дзе камар козы пасе; вераб’ю раз дзеўбануць; вочкі глядзяць ды трасцы з’ядзяць і г.д.

    Выкарыстанне ў маўленні афарызмаў сведчыць пра адукаванасць асобы, асэнсаванасць сітуацыі. Аднак пры выкарыстанні ўстойлівых моўных адзінак нельга парушаць маўленчы этыкет, трэба ўлічваць як семантыку афарызмаў, так і іх стылістычную афарбоўку. Уласныя думкі і пачуцці можна пацвярджаць выслоўямі як айчынных, так і замежных аўтараў, але пры цытаванні запазычаных выразаў пажадана перакладаць іх на беларускую мову. Думаецца, што ў першую чаргу трэба выкарыстоўваць трапнасць, выразнасць менавіта роднага слова, тым больш што крылатых выразаў у беларускай літаратуры даволі шмат: Жыві і цэльнасці шукай, Аб шыраце духоўнай дбай; Нашто ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор? (М. Багдановіч); Аднаго баюся я прысуду, Што выносяць нашы дзеці нам (М. Танк); Жыццё, як свята, адзначаем разам, А паміраем – толькі па адным (С. Законнікаў); Як па зорках, па расе Твой апошні шлях праляжа. Памірай, а жыта сей. Рунь пра сейбіта раскажа (А. Сыс); Усіх адною меркаю не мерце, што з намі і за намі ўслед ідуць. Адны памруць адразу пасля смерці, Другія на стагоддзі ажывуць (С. Грахоўскі); У нас гордасць жыве, Але вельмі замала ў нас годнасці (П. Панчанка); Слова! Цуд найвялікшы між цудаў-дзівосаў, Што здзіўляў у вяках і здзіўляе нанова (Н. Гілевіч).

    Разнастайваюць маўленне словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі: яны адлюстроўваюць змену семантычнага аб’ёму слова (паказваюць на павелічэнне ці змяншэнне памеру прадмета, на розную ступень праяўлення якасці), дапамагаюць акрэсліць аўтарскую ацэнку зместу выказвання: … Цвітуць ліпы. Якая прахалода! Вялізныя, раскошныя, усе ў вясёлкавых россыпах рос. У чысцюткай сцюдзёнай расе, у звоне пчол (У. Караткевіч); Вось яе, госцейку [дзяўчынку], зноў ставяць на лаву, надзяваюць ёй паліто, завязваюць хустачку, потым хустку, тады накрываюць вялізнай цёплай хустай – так, каб захутаць яе ўсю (Я. Брыль).

    На сінтаксічным узроўні багацце маўлення рэалізуецца праз вялікую колькасць сінанімічных і несінанімічных канструкцый, якія дазваляюць пазбегнуць аднастайнасці, стэрэа­тып­насці выкладу матэрыялу. Для апісання аднаго і таго ж прадмета сінтаксіс мае простыя і складаныя сказы, развітыя і неразвітыя, сказы ўскладненай будовы, няпоўныя сказы, словы-сказы і інш. Можна правесці лінгвістычны эксперымент і параўнаць апісанне такой прылады працы, як каса, у мастацкім і навуковым стылях:

    Каса – косая, аднак там, дзе яна праходзіць, застаюцца чыстыя, без касмыкоў, касынкі лугоў і роўныя каснікі пакосаў.

    Каса не спакушаецца славай і не выстаўляецца напаказ: яна толькі першаю, у расу, каштуе тыя “смакосы”, якія пасля будуць каштаваць каровы і козы.

    Каса касуе ўсё, што ўзводзілі вясна і лета: яе кранае не краса званцоў, касачоў ці калоснікаў, а косінусы і катангенсы стасункаў з імі (А. Разанаў).
    Каса, прылада для скошвання травы і збожжавых культур. Да 15 ст. бытавалі паўкоскі і К. – гарбушы, якімі касілі гарох і траву каля платоў і пнёў. З 15 ст. былі пашыраны К. з доўгім металічным палатном (лязо) і доўгім драўляным кассём (касільна, касавільна, касаўё) з прымацаванай на сярэдзіне яго драўлянай ручкай. Палатно К. мацуецца да касы спецыяльным жалезным кальцом (пяткай). На Палессі, Гродзеншчыне яно наз. рэхвай, на Гомельшчыне, Магілёўшчыне, Міншчыне яно называлася банькай, дзе-нідзе напёрсткам, грывянкай … У канцы 19 – пач. 20 ст. выкарыстоўваліся ў асноўным К.-“вілейкі” (“літоўкі”), выраблялі іх на заводзе ў Вілейцы. Перад касьбою К. кляпалі на тупой бабцы вострым канцом малатка (наском), на вострай – тупым (пяткай), а ў час касьбы К. вастрылі бруском ці мянташкай (Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя).

    Нягледзячы на тое, што ў абодвух прыведзеных урыўках у асноўным выкарыстоўваюцца складаныя сказы, мы назіраем розныя іх тыпы. Навуковаму маўленню ўласцівы сказы з бяззлучнікавай сувяззю, сярод простых сказаў шмат няпоўных, у якіх прапушчаны выказнікі (жанр энцыклапедыі патрабуе сцісласці). Мастацкаму маўленню ўласцівы складаныя сказы камбінаванай будовы, якія дапамагаюць аўтару праз прызму індывідуальных асацыяцый разважаць над “сэнсам існавання” прылады працы. З тэкстаў відаць, як у розных стылях праяўляецца багацце маўлення на іншых моўных узроўнях: напрыклад, мастацкі стыль дэманструе лексічную разнастайнасць (краса, званцы, касачы, каласоўнік, касмыкі, каснікі), у тым ліку ўжыванне слоў з пераносным значэннем – касынкі лугоў, косінусы і катангенсы стасункаў, каса не спакушаецца, каса каштуе, неалагізма – смакосы ад смакаваць. Менавіта мастацкі стыль дэманструе багацце маўлення: творы, напісаныя добрай літаратурнай мовай, – крыніца папаўнення індывідуальнага слоўнікавага запасу асобы. Многія лінгвісты з гэтай мэтай прапаноўваюць весці лінгвістычныя слоўнікі, у якіх запісваць новыя, невядомыя лексемы разам з тлумачэннем іх значэнняў, перыядычна перачытваць запісы, паўтараць і выкарыстоўваць словы ў залежнасці ад сітуацыі.

    Разнастайнасць, арыгінальнасць моўных фактаў дазваляюць кожнаму ўзбагаціць сваё маўленне, зрабіць яго багатым і непаўторным, прадэманстраваць пры гэтым свае найлепшыя дзелавыя і чалавечыя якасці. І наадварот: недахоп слоў, частыя паўторы выяўляюць нізкую маўленчую і агульную культуру чалавека і характарызуюць яго з негатыўнага боку. Зыходзячы з гэтых разважанняў, можна зрабіць вывад, што і размоўны стыль павінен вызначацца багаццем.

    Публіцыстычныя тэксты, разлічаныя як на зрокавае, так і на слыхавое ўспрыманне, аказваюць уплыў на эмоцыі і свядомасць чалавека, а гэта якраз і можна зрабіць дзякуючы разнастайнасці маўлення. Асобным жанрам гэтая якасць уласціва ў меншай (інфармацыйныя) ці большай (мастацка-публіцыстычныя) ступені, аднак любы тэкст толькі выйграе ад ужывання сінанімічных адзінак, умелага выкарыстання паронімаў, розных тыпаў сказаў.

    Навуковы стыль, як відаць нават з прыведзенага вышэй урыўка, павінен быць багаты на моўныя сродкі для перадачы навуковай інфармацыі, для забеспячэння дакладнасці, лагічнасці, а часам і займальнасці (навукова-папулярны падстыль, асобныя жанры вучэбнага падстылю). Думаецца, што развіццё навуковага стылю павінна ісці па шляху індывідуалізацыі мовы пры ўсёй яго структурнай і некаторай лексіка-граматычнай стандарты­заванасці.

    Стыль афіцыйна-справавы найменш рэалізуе багацце мовы, аднак вусная яго форма заўсёды больш экспрэсіўная, чым пісьмовая, а гэта значыць, што тут могуць умерана выкарыстоўвацца словы з суб’ектыўна-ацэначнымі фармантамі, семантычныя і некаторыя семантыка-стылістычныя сінонімы, спрошчаны сінтаксіс замест магчымых складаных канструкцый у пісьмовай форме, а таксама афарызмы і фразеалагізмы з нейтральнай стылістычнай афарбоўкай. Дзелавое маўленне праз багацце мовы павінна дэманстраваць развітасць асобы, яе дасведчанасць, неардынар­насць і смеласць мыслення.
    1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   31


    написать администратору сайта