Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
Скачать 1.76 Mb.
|
СЦІСЛАСЦЬ МАЎЛЕННЯ Сцісласць (лаканічнасць) маўлення – камунікатыўная якасць, непасрэдна звязаная з законам эканоміі моўных сродкаў. У выніку рэалізацыі гэтай маўленчай адметнасці перыяд гаварэння скарачаецца, але застаецца нязменнай інфармацыйная частка. Варта памятаць, што празмерная сцісласць можа прыводзіць да неразумення і двухсэнсоўнасці выказвання, і тады многія навукоўцы вызначаюць яе як ілжывую, памылковую. У сваю чаргу маўленчая збыткоўнасць – загана любога тэксту, аднак ёсць шэраг сітуацый, у якіх ужыванне разгорнутых апісанняў апраўдана, а яны, як вядома, немагчымыя без складаных развітых сказаў, без ускладненых сінтаксічных канструкцый. Напрыклад, навуковы стыль прадугледжвае выкарыстанне складаных сказаў, асабліва калі тэксты адрасаваны вучням старэйшых класаў, студэнцкай аўдыторыі, навукоўцам. Аднак паколькі гэтаму стылю ўласцівы дакладнасць і лагічнасць, рэалізацыя ў пісьмовай форме, то ў адным і тым жа тэксце могуць ужывацца разгорнутыя фармулёўкі і сродкі стварэння сцісласці (агульнапрынятыя ўмоўныя скарачэнні, абрэвіяцыя тэрмінаў, іх паўтор з тым, каб пазбегнуць двухсэнсоўнасці і вялікіх апісанняў, пропуск выказніка, які аднаўляецца з папярэдняга кантэксту, і інш.). Напрыклад: “Не адмаўляючы ролі граматычнай (сінтаксічнай, марфалагічнай) структуры тэкстаў, неабходна таксама звярнуць увагу на лексічную арганізацыю, лексічную структуру тэкстаў. Можна гаварыць пра пэўныя параметры лексічнай структуры тэкстаў. Да іх належыць слоўнікавы склад тэксту, колькасныя і якасныя суадносіны розных слоў і словаўжываннняў, суадносіны слоўніка дадзенага тэксту з агульным слоўнікам мовы, у тым ліку па колькасных (частотных) паказчыках, суадносіны гэтага слоўніка са слоўнікамі іншых твораў таго ж аўтара, выкарыстанне і роля ў тэксце асаблівых слоў, такіх, як уласныя імёны, дыялектызмы, экзатызмы і пад., марфемныя якасці слоў тэксту, асацыятыўныя ўласцівасці слоў, што ўтвараюць тэкст, іх уваходжанне ў фразеалагічныя адзінкі, наяўнасць у тэксце рэмінісцэнцый з іншых тэкстаў і г.д. Важнымі фактарамі лексічнай структуры тэкстаў трэба лічыць размеркаванне адабраных аўтарам слоў па тэксце, іх паўтаральнасць ці непаўтаральнасць, а пры наяўнасці лексічных паўтораў – іх функцыі, ролі ў тэксце намінацый аднаго аб’екта (сінонімаў), ужыванне ў тэксцеслоў, што называюць аднародныя з’явы, асаблівасці лексічнай спалучальнасці слоў у тэксце на фоне агульнамоўных заканамернасцей, суадносіны лексічнай і граматычнай структуртэксту і г.д.” (А. Супрун). Як відаць, у прыведзеным намі ўрыўку ўсяго толькі чатыры сказы, два з якіх (апошнія) вызначаюцца складанай структурай, шматлікімі тэрміналагічнымі паўторамі, што апраўдана самім стылем, а таксама яго пісьмовай формай. Сцісласць выкладу ў навуковым стылі ўсё ж неабходная, яна забяспечваецца, як адзначалася, абрэвіятурамі, умоўнымі скарачэннямі, а таксама напісаннем лічэбнікаў арабскімі ці рымскімі лічбамі, рубрыкацыяй, што спрыяе апраўданаму скарачэнню радка ў такіх жанрах, як энцыклапедыя ці падручнік: ВЯТРАК, млын ветраны, збудаванне для размолу зерня з дапамогай сілы ветру. На Беларусі В. пачалі будаваць пазней, чым вадзяныя млыны, аднак у 18 – 19 ст. яны былі паўсюдна. У 1840 у Мінскай губ. дзейнічала 795 вадзяных млыноў і 315 В.; у 1860-я г. у Гродзенскай губ. вадзяных млыноў было 592, конных – 157, В. – 374. У залежнасці ад спосабу павароту В. да напрамку ветру яны падзяляліся на стрыжнёвыя (слупавыя) і шатровыя (Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя). Варта памятаць, што сцісласць навуковага стылю рэалізуецца таксама праз скарачэнне, або абрэвіяцыю, тэкстаў, напрыклад, пры напісанні тэзісаў ці аўтарэфератаў, дзе лаканічнасць выкладу павінна суправаджацца максімальнай інфармацыйнай насычанасцю зместу. Гэтай якасцю навуковы стыль збліжаецца з афіцыйна-срававым. Як слушна сцвярджае А.К. Юрэвіч [60, с. 98], для ўсіх справавых папер уласціва сцісласць, эканомнасць выкладу. Менавіта пагэтаму мы маем у справаводчым стылі асаблівыя сродкі забеспячэння лаканічнасці ў дадатак да пералічаных вышэй: напрыклад, устойлівая форма напісання дакументаў, прычым ступень стандартызаванасці настолькі высокая, што для некаторых з іх ствараюцца спецыяльныя бланкі, пасведчанні (бланкі для афармлення розных заяў; пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе; заліковыя кніжкі; вадзіцельскія правы і інш.). Чым больш аб’ёмны ствараецца дакумент, тым большая верагоднасць рубрыкацыі тэксту, сістэмы нумарацыі, што ў сваю чаргу спрыяе як дакладнасці, лагічнасці, так і сцісласці выкладу матэрыялу: Г Л А В А 4. ПАРЛАМЕНТ – НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД. Артыкул 92. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года. Членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш як пяць гадоў. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў Парламенце на прафесійнай аснове, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў можа быць адначасова членам Урада. Адна і тая ж асоба не можа адначасова з’яўляцца членам дзвюх палат Парламента. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада. Недапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым заняццемпасады Прэзідэнта або суддзі. (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь) Як відаць, сцісласць афіцыйна-справавога стылю забяспечваецца таксама стандартызаванымі выразамі, або канцылярызмамі, іх шматлікімі паўторамі, што, акрамя ўсяго, не дапускае расплывістасці фармулёвак, двухсэнсоўнасці. Маўленчы перыяд можа скарачацца па розных прычынах, у тым ліку, як сцвярджае У.В. Анічэнка, па ўнутрымоўных, якія вынікаюць з саміх заканамернасцяў развіцця моўнай сістэмы [4, с. 246]. Асабліва выразна гэта праяўляецца на лексічным і фразеалагічным узроўнях: з найбольш ужывальных моўных адзінак, якія ўзніклі ў выніку дзеяння закона эканоміі моўных сродкаў, навукоўца адзначае 1) абрэвіятуры розных тыпаў (лясгас, спецкар, бомж, прафкам, райвыканкам, намдырэктара, аўтакран, ТБМ, БАЖ, СПБ); 2) словы, утвораныя з фразеалагізмаў (абібок – абіваць бакі, зубаскал – зубы скаліць, навочна – на свае вочы, праваруч – па правай руцэ); 3) аднаслоўныя найменні, што замяняюць словазлучэнні з устойлівай семантыкай (электрапіла – электрычная піла, зернясклад – склад для захавання зерня, купалаўцы – артысты тэатра імя Янкі Купалы); 4) эліпсаваныя варыянты фразеалагізмаў (параўн.:ад душы – ад усёй душы, стаяць на сваім – стаяць на сваім слове, кум каралю – кум каралю і сват міністру, божа літасцівы – божа мой літасцівы); 5) фразеалагізмы, якія ўзніклі з прыказак (крывое кола – крывое кола на сябе бруд лье; голад не цётка – голад не цётка, піражка не падасць; вузкія ў плячах – да славы прагныя, ды вузкія ў плячах). На граматычным узроўні сцісласць дасягаецца шляхам выкарыстання розных тыпаў няпоўных сказаў, слоў-сказаў, аднасастаўных сказаў, а таксама праз эліптычную субстантывацыю – ужыванне адпрыметнікавых назоўнікаў, сінанімічных словазлучэнням: пасяўная – пасяўная кампанія, уборачная – уборачная кампанія, штрафны – штрафны ўдар, філалагічны – філалагічны факультэт, каханы – каханы чалавек, Каліноўскага – вуліца Каліноўскага, ардынатарскі – ардынатарскі пакой і інш. Амаль ўсе пералічаныя сродкі скарачэння маўленчага перыяду магчыма выкарыстоўваць пры пэўных умовах у мастацкім, публіцыстычным і размоўным стылях. Паколькі сцісласць можа быць запатрабавана ў залежнасці ад сітуацыі, значыць, яна цесна звязана з дарэчнасцю. Напрыклад, пры стылізацыі мовы персанажаў пад гутарковы стыль дарэчна выкарыстоўваць простыя, неразвітыя, няпоўныя, аднасастаўныя сказы і іншыя невялікія па будове сінтаксічныя канструкцыі. Сама вусная форма зносінаў, умовы непасрэднага кантактавання дазваляюць выкарыстоўваць нямоўныя сродкі перадачы інфармацыі (жэсты, міміку, пантаміму), магчымасці інтанацыі, а гэта таксама эканоміць час субяседнікаў: Калі белыя шлейфы пены закіпелі за кармою чоўна і постаць жанчыны на беразе стала маленькай, Івар спытаў: – Жонка? – Але, – сказаў марачок. – Год як жанатыя. Як з флоту прыйшоў. – Балтыец? – Чорнае, – сказаў марачок. – Вось тут і ўладкаваўся… бліжэй да вады. – Дрыжыць яна за цябе. – Баба, – прыемна пачырванеў марачок. – А сам спаскі? – Спрадвеку. – Што гэта яна аб тваім здароўі так? – Я застужаны. Шлюпку нашу перакуліла ў лютым. Мілю праплыць аднаму лухта, а ўдвух – цяжкавата. (У. Караткевіч) Калі правесці “рэстаўрацыю” прыведзенага дыялогу і аднавіць прапушчаныя члены сказаў, то радок будзе выглядаць ненатуральна, расцягнута: – Кім яна табе даводзіцца? – Яна мне даводзіцца жонкай. – Ты служыў на Балтыйскім моры? – Не, я служыў на Чорным моры. Аўтар адчувае сітуацыю і праз сціслыя сінтаксічныя канструкцыі і адпаведныя лексемы размоўнага характару стылізуе мову персанажаў. Мова мастацкага стылю мае спецыфічныя сродкі стварэння лаканічнага радка. Напрыклад, гукапераймальныя словы і выклічнікі, што ўжываюцца замест разгорнутых апісанняў стану персанажаў, іх дзеянняў: Раман Дуля – ух ты, у новым кажушку, грудзі ўперад, сцёгны тоўстыя – шах-шалах – халявы блішчаць, бах на калені…; Кравец усё гаварыў і выходзіла гэта ў яго неяк па-бабску: ня-ня-ня…; Шурка ўстае, адступаецца і размахвае адубелымі ручкамі… –Ай-ей! – закрычаў ён і заплакаў (Я. Брыль). Аналізуючы вобразныя сродкі мовы мастацкага тэксту, мы гаворым пра лаканізм творнага параўнання (ляцець ластаўкай), назоўнікавай метафары (бубен сонца), субстантыўнай традыцыйнай перыфразы (другі хлеб), эпітэта-прыдатка (сцежка-вяртуха) і г.д. Гэта азначае, што сцісласць як камунікатыўная якасць цесна звязана з маўленчай выразнасцю. Такая стылістычная фігура, як эліпсіс, надзвычай выразна гэта дэманструе: Ля кветкі – кветка. Ля шчакі – шчака. Цячэ, цячэ Купальская рака… (Г. Бураўкін); Голас незнаёмага можа здзівіць, Голас друга – на хвіліну спыніць, Голас любай – сагрэць сонцам лета, Голас маці – вярнуць з таго свету (М. Танк). Наўмысны пропуск члена сказа, які лёгка аднаўляецца з кантэксту, надае маўленню дынамізм і экспрэсію. Ад названага вышэй сінтаксічнага прыёму трэба адрозніваць умоўчанне, або недаказ, які таксама спрыяе эканомнасці выкладу праз нечаканы перапынак у маўленні. Аўтар свядома недаказвае думку, каб чытач уявіў яго [аўтара] настрой, сам дадумаў словы, “дамаляваў” вобразы: Перажыву – і сны, і дзеі, і шчасце (вышай галаву!..), і здрады ўдар, і час надзеі, і сэрца плач… Перажыву (А. Разанаў). Мове публіцыстыкі, як і мове мастацкага стылю, лаканічнасць уласціва ў залежнасці ад сітуацыі. Такія жанры, як агляд, рэпартаж, інфармацыя, інтэрв’ю (у ім мова журналіста, у прыватнасці фармулёўка пытанняў) і іншыя, павінны мець сціслую форму, лагічны выклад інфармацыі і дакладны змест. У мастацка-публіцыстычных жанрах “эканомнасць” сказа можа стаць сродкам стварэння экспрэсіі: Маці адна, маці незаменная. Другая ўжо – мачыха. Зірніце на краску маці-і-мачыха – і заўважце, што розныя пялёсткі не толькі па колеры, – па цеплыні, па шчырасці. Маці адна, як і Радзіма. Радзіма таксама жаночага роду. І таксама, калі б волю меў, увёў бы ў абавязковае правіла граматык усяго свету пісаць гэтыя два словы толькі з вялікай, з прапісной літары і толькі ў пачатку сказа (Р. Барадулін); Спатрэбілася дзве роты салдат, каб схапіць аднаго чалавека. Была цёмная і снежная ноч 29 студзеня 1864 года. Салдаты абкружылі квартал Святаянскіх муроў і распачалі планамерны вобыск. Чалавек жыў адзін. Аб яго месцазнаходжанні ведалі два-тры бліжэйшыя сябры. Каб не здрада – яго нельга было б знайсці. Ён [К. Каліноўскі] лічыў за лепшае рызыкаваць толькі сваёй галавой (У. Караткевіч). Эмоцыі, напружанасць аўтарскага стану асабліва выразна праяўляюцца праз радок сціслы: аўтарам нібы цяжка вымавіць адразу ўсё тое, што іх хвалюе, кожнаму выдзеленаму намі выразу яны надаюць асаблівы сэнс. Як слушна сцвярджае К.А. Пагарэлая: “Пісаць сцісла – значыць, свядома выбіраць эканомныя моўныя формы выкладання думак, падпарадкоўваючы працэс стварэння тэксту строгім законам логікі і граматыкі, але дасягаць пры гэтым патрэбных эстэтычных мэт і адпаведнага эмацыянальна-псіхалагічнага ўздзеяння на чытача” [37, с. 116]. На думку навукоўцы, класічным узорам сцісласці з’яўляюцца афарызмы, прыказкі, прытчы. Сапраўды, у невялікіх па аб’ёме сказах, тэкстах, як правіла, арыгінальны змест, глыбокі падтэкст: у іх сабраны веды многіх пакаленняў, асобных таленавітых людзей, якія дзеляцца ўласным вопытам, вучаць жыццёвай мудрасці. Самы галоўны крылаты выраз у кантэксце тэмы – Сцісласць – сястра таленту (А.П. Чэхаў), але новае пакаленне стварыла афарызму сучасны іранічны кантэкст, сказаўшы, што не ва ўсялякай сястры ёсць брат, чым яшчэ раз пацвердзілася актуальнасць зместу выслоўя, створанага вядомым рускім пісьменнікам. Імкненне чалавека да гармоніі ва ўсім (і ў маўленні таксама) з’яўляецца натуральным, але толькі тая сцісласць апраўданая, якая адпавядае сітуацыі і якая не парушае агульнай культуры асобы: нельга эканоміць час і радок праз компікі, фоцікі, днюхі, гаварыць замест прывітання “ку” або “хай”, замест добра – “ок”, “о’кей”, “кк” і г.д. Скараціўшы радок такім чынам, мы рызыкуем “скараціць” у сабе пэўныя чалавечыя якасці – выхаванасць, уважлівасць. Выкарыстоўваючы прыведзеныя і падобныя да такіх кароценькія слоўцы, чалавек дэманструе зняважлівае стаўленне да суразмоўцы, бо карыстаецца прастамоўнай разнавіднасцю маўлення. Многія лінгвісты звяртаюць увагу на тое, што ў назве тэксту (твора) у сціслай форме заўсёды змяшчаецца асноўная думка, а ў некаторых стылях (напрыклад, у публіцыстычным, мастацкім, у пэўнай ступені навуковым) назва, акрамя ўсяго, заключае ў сабе элемент рэкламнасці. Калі назва зацікавіць чытача, твор будзе прачытаны. Таму стварэнне назвы – гэта асаблівы від творчасці, які прадугледжвае ўменне ў лаканічнай форме сказаць дакладна і пры неабходнасці экспрэсіўна аб прадмеце гутаркі, якому можа быць прысвечаны невялікі абзац ці шматтомнае выданне. Для прыкладу можна прывесці некалькі назваў артыкулаў з часопіса “Роднае слова”: “Жонка люба для савету, а цешча – для заезду”: назвы цесця і цешчы ў беларускай дыялектнай мове” (П. Міхайлаў); “Роднае слова ў кантэксце дабрыні: паэтычны пошук Ніны Мацяш” (М. Новік); “Словы без прапіскі: пазаслоўнікавая лексіка беларускай мовы” (А. Каўрус); «“Гэтых матчыных песень дзівоснае прадзіва…”: лінгвістычны аналіз стылеўтваральных сродкаў паэтычнай мовы Ніла Гілевіча» (А. Багамолава); “Слова – таксама справа: старонкі з гісторыі айчыннай журналістыкі” (Т. Падаляк); “Пачуй тую музыку..: мастацтва дойлідства” (Т. Габрусь). Кожная назва, як нам бачыцца, вызначае адметнае, цікавае, непаўторнае ў прадмеце апісання і тым самым зацікаўлівае чытача: якая музыка чуецца аўтару ў скульптуры?, як жа цешча і цесць “славіліся” словам народным?, а ці варта прапісваць у літаратурнай мове словы пазаслоўнікавыя? і г.д. Такая сцісласць у назвах бачыцца нам узорнай, вартай пераймання. ПРАКТЫЧНАЯ ЧАСТКА Практыкаванне 1. Складзіце па два сказы са словамі вецер, рыбка, жук, ліса, пчолка, сунічка, ліст, слон, арол так, каб у адным сказе яны былі ўжыты ў прамым, у другім – у пераносным значэнні. Акрэсліце функцыю гэтых слоў ва ўсіх кантэкстах. У тэкстах якіх стыляў могуць быць выкарыстаны складзеныя сказы? Практыкаванне 2. Раскрыйце значэнне запазычаных слоў шляхам падбору беларускіх адпаведнікаў, запішыце. У якім стылі (стылях) ужываюцца словы запазычаныя? Беларускія? Складзіце і запішыце два звязныя тэксты: адзін са словамі запазычанымі, другі – з беларускімі. Да якіх стыляў і жанраў належаць складзеныя тэксты? Абгрунтуйце свой адказ.
|