Главная страница

Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова


Скачать 1.76 Mb.
НазваниеА. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
АнкорСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
Дата19.09.2017
Размер1.76 Mb.
Формат файлаdoc
Имя файлаСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
ТипДокументы
#8758
страница27 из 31
1   ...   23   24   25   26   27   28   29   30   31
Практыкаванне 142. Спішыце, пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку. Вусна вызначце ролю пабочных слоў у кожным са сказаў.

  1. З гістарычных крыніц вядома што пачынаючы з пятнаццатага стагоддзя ў Белавежскую пушчу ездзілі на паляванне літоўскія князі польскія каралі і нарэшце рускія цары (В. Вольскі); 2. О гэты язмін у святле месяца блакітна-белы шалёна-водарны як закружыў галаву! Відаць успаміны пра яго праз гады будуць саграваць маю душу (А. Багамолава); 3. Здаецца тут не сонца свеціць а ружы полымем сваім! (А. Бачыла); 4. Бадай кожны з іх рад быў бы вырвацца з гэтага пекла каб вярнуцца да свайго ранейшага ладу жыцця (З. Бядуля); 5. Бяроза адшумела зялёным лісцем і паслала ў свет можа мільёны новых бярозак схаваных у яе лятучым насенні (І. Навуменка); 6. Нарэшце рыжы відаць старшы з іх падняў галаву і ўставіўся ў Саўку пранізлівымі лупатымі вачыма (Я. Колас); 7. Не відаць было аднак у зале ні рабочых ні студэнтаў ні школьнай моладзі… (Я. Брыль); 8. А пойдзеш у Ліпава лясамі напэўна стрэнешся з ласямі … (Я. Колас)


Практыкаванне 143. Спішыце, дастаўляючы прапушчаныя знакі прыпынку. Напішыце замалёўку пра ўласнае стаўленне да зместу прыказак, выкарыстоўваючы пры гэтым у выглядзе цытат урыўкі з прыведзенага ніжэй верша Максіма Танка.
Кажуць

Цішэй едзеш – далей будзеш.

Мо паверыць

А за кукіш круп не купіш.

А я думаў?

Праўда люба, хоць і груба.

Ці заўсёды

Папрацуеш смак пачуеш.

Мо і праўда

Кажуць: Смерць вянчае славай.

Пачакаю? (М. Танк)
Практыкаванне 144. Прачытайце. Вусна пракаменціруйце парушэнні пунктуацыйных нормаў. Спішыце, выпраўляючы памылкі.

  1. Можа, праз гэта, а, можа, праз тое, што Косця больш, чым іншыя дзеці, любіў лес і вырашыў прысвяціць яму жыццё, – пайшоў у лясны тэхнікум (І. Шамякін); 2. Сонца мароз і вецер. Эх завірыў, разгуляўся (Я. Брыль); 3. Хто любіць і шануе красу зямлі, той абавязкова бывае і шчырым яе абаронцам, хто ж не імкнецца ўзбагаціць прыгажосць свайго краю, а наадварот, дазваляе сабе вынішчаць яго прыродныя багацці, – на таго няма надзеі ніколі, ён як адшчапенец, у любым выпадку можа здрадзіць Бацькаўшчыне; бо ён яе не любіць, не даражыць яе багаццем, яе красой (К. Кірэенка); 4. Мова продкаў нашых і нашчадкаў – Шэпт дубровы і пчаліны звон, – Нам цябе ласкава і ашчадна Спазнаваць ажно да скону дзён… піша Г. Бураўкін; 5. Калі аўтар піша беларускаю моваю, дык трэба каб ён ведаў добра народную беларускую мову, тады яго творы будуць мець беларускія нацыянальныя формы – пісаў Кузьма Чорны; 6. За дробналессем, якое ўжо высыхала ад ранішняга, але вельмі цёплага сонца, – пачалося знаёмае канюшыннае поле, дзе ласяня з маці не раз ласаваліся смачнаю травою, калі не было надта горача, то і ляжалі і адпачывалі напіўшыся вады ў блізкай рэчцы і вяртаючыся ад яе ў лес (Г. Далідовіч); 7. Глядзелі на Ганну, разважалі і за малым выключэннем прыдзір з жанок згаджаліся: нявеста, нічога не скажаш! (І. Мележ); 8. Паміж акном і плотам голы вішняк. Гоп! На галінках прыселі дзве птушкі. Не вераб’і, а сініцы, бо ў іх зялёныя спінкі, волле жоўтае, а галоўкі – чорныя з белымі шчочкамі. Ці-сік, ці-сік снуюць яны то ўверх, то ўніз па галінках, карычневых, нават, здалёк. (Я. Брыль)


Практыкаванне 145. Пастаўце вершаваныя радкі ў адпаведны кантэкст, запісаўшы спачатку цытату ў слупок, а другі раз – у радок. Пры спісванні выпраўце пунктуацыйныя памылкі ў прапанаваным урыўку.

Дык чаруй жа людзей паміж моваў другіх,

І гучы вечна ярка і нова,

Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх

Беларуская родная мова. (А. Ставер)



Практыкаванне 146. Растлумачце значэнні слоў-амографаў. Складзіце словазлучэнні з гэтымі словамі:

1) Што ні хвіля, ні гадзіна –

Лезе з скуры гадзіна.

Увесь век яму гадзіла,

А ён кажа: гадзіла. (Н. Гілевіч)
2) Барсукі ў глыб нары,

Баючыся кары,

Нацягалі шмат кары

І зрабілі нары. (Н. Гілевіч)
3) Кавалі зброю кавалі

Каб іх каралі каралі. (А. Вольскі)

Практыкаванне 147. Прачытайце пары слоў і прааналізуйце, якія лексемы і чаму мэтазгодна выкарыстоўваць у розных стылях:

1) выстаўка – выстава, сталы (‘нязменны’) – пастаянны, глава – раздзел (кнігі), факел – паходня, стул – крэсла, спонсар – фундатар, тамсама – там жа, веруючы – вернік, Скарынінскі – Скарынаўскі, аплачваемы – аплатны, асілак – волат, зарука (‘заклад’) – залог, паліва – гаручае, суправаджальнікі – суправаджаючы, ялінка (навагодняя) – ёлка, склеп – пограб, жуйка – жвачка, дзіўны – дзівосны – чароўны – здзіўляючы, недагляд – нядбайнасць – упушчэнне, дадому – на дом (заданне), спадзеў – надзея, асобнік – экзэмпляр, віна – правіна – праступак, саманавучальнік – самавучыцель, сыроватка – сываратка, значнасць – вартасць – значымасць;

2) квяцістая капуста – цвятная капуста, надыходнае свята – надыходзячае свята, жывая энцыклапедыя – хадзячая энцыклапедыя, абедны стол – абедзенны стол, друкавальная машына – пішучая машына, насамрэч – на самай справе, па справядлівасці – па праву, арганізацыя-апанент – апаніруючая арганізацыя, дастатковыя веды – здавальняючыя веды, змарнаваць час – убіць час, жывы эфір – прамы эфір, выставачны комплекс – выстаўны комплекс, задаваць тон – весці рэй, задзіраць (задзерці) нос – драць нос, па шчупаковай волі – па шчупаковаму загаду, з усяго відно, па ўсім відаць – па ўсяму відаць, назапашаны вопыт – накоплены вопыт, перадусім – найперш – перш за ўсё, уступны артыкул – уступная лекцыя – уводны артыкул – уводная лекцыя.
Практыкаванне 148. Ахарактарызуйце выдзеленыя словы і паразважайце, з якой мэтай яны выкарыстоўваюцца ў розных моўных стылях:

  1. Васіль Бусыга быў кандыдат у валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру (Я. Колас);

  2. У торбах хлеб-жытнічак, сала, сыр і нават солі жменька (П. Пестрак);

  3. Да буслоў у нас адносіліся з нейкай пяшчотнай павагай. Называлі не інакш як буськамі (С. Пархута);

  4. Людзі, вядома, лічылі, што перагінае палку старшыня-прадсядацель (У. Рубанаў);

  5. Грышка няўмелымі пальцамі растрыбушыў канверт, і тое, што прачытаў у лісце, спярша засціла ад яго сонца – пацямнела ўваччу…(У. Рубанаў);

  6. Колькі разоў [Жукоўскі] падыходзіў да мальберта, браўся за палітру і пэндзлі, а думкі ўсё пераскоквалі праз пушчанскі матыў і Старую Волю, сядзібу маленства, танулі ў іншых вёснах…(В. Карамазаў);

  7. Сярод экспанатаў нямала рэчаў, якія хочацца патрымаць у руках, дзівячыся, як па-майстэрску зроблена мастакамі інкрустацыя, і лакавая мініяцюра, і разьба па дрэве, батлейкі для лялечнага тэатра (з газеты);

  8. Значыць – хобі, а ў народзе гэта – дурыкі. Вось з гэтых самых дзівакоў сярод рамеснага люду смела можна ствараць творчы саюз "хабянутых", не меней (з газеты);

  9. Словаўтваральныя дыялектызмы – словы, якія адрозніваюцца ад літаратурных словаўтваральнымі дыялектнымі марфемамі: дамаўё (дамавіна), вудар (вудзільшчык), гарушка (горка), цяперака (цяпер), пявун (певень) і інш.[18]


Практыкаванне 149. Дапішыце дзеясловы незакончанага трывання, выбраўшы нарматыўны суфікс. Чаму ў некаторыя прыклады можна ўставіць і суфікс -ава-, і суфікс -ірава-?

Дэклам..ць, фармул..ць, груп..ць, прагназ..ць, нармаліз..ць, ідэаліз..ць, дэталіз..ць, кінафіка..ць, бальзам..ць, пламб..ць, тэлефан..ць, экспан..ць, фарм..ць, рамант..ць, аванс..ць, кантраст..ць, прэм..ць, рэпец(т)..ць (ад рэпетыцыя).
Практыкаванне 150. Да прапанаваных падбярыце (дзе магчыма) адпаведныя назоўнікі жаночага роду, запішыце. Ці ва ўсіх стылях могуць быць выкарыстаны падабраныя вамі назоўнікі? Чаму?

Аграном, акцёр, буфетчык, бухгалтар, вадавоз, верабей, вучань, выдатнік, галандзец, гарэза, малайчына, гаспадар, голуб, гусак, дакладчык, даяр, медбрат, доктар, дарадчык, дзядзечка, дзядуля, дырэктар, дацэнт, загадчык, касір, карэец, вожык, шчупак, камар, рэдактар, сакратар, бібліятэкар, кандуктар, пілот, майстар, тыгр, леў, асёл, слон, спявак, пракурор, балерына, кітаец.
Практыкаванне 151. Перакладзіце запазычаныя дзеясловы на беларускую мову, матывуйце выбар суфікса:

позировать, конструировать, инкриминировать, цитировать, функционировать, пропагандировать, санкционировать, формулировать, утрировать, фиксировать, моделировать,.
Практыкаванне 152. Утварыце як мага больш памяншаль­на-ласкальных формаў да наступных назоўнікаў, запішыце, акрэсліце сферу іх ужывання:

Алена, Галіна, Вольга, Васіль, Мікола, Павел, Глеб, Наталля, маці, бацька, дзед, баба, сын, дачка.
Практыкаванне 153. Запішыце імёны па бацьку, утвораныя ад прапанаваных імён.

Васіль – Васілій, Анатоль – Анатолій, Аркадзь – Аркадзій, Леанід, Мікалай, Юрый, Кузьма, Фама.
Практыкаванне 154. Якія вы ведаеце варыянты і формы прапанаваных імён? Акрэсліце сферу іх ужывання.

Іван, Павел, Міхаіл, Юрый, Васіль, Аляксандр, Пятро, Леанід.
Практыкаванне 155. Прачытайце ўрыўкі з мастацкіх тэкстаў; паразважайце, на ўзор якіх слоў і мадэляў сучаснай беларускай мовы ўтвораны выдзеленыя неалагізмы. Якая стылістычная роля аказіянальных слоў?

1) І гэта крынічнасць, сунічнасць, Вавёрка, і верас, і бор – Зялёная сімвалічнасць, А шчасця ў жыцці недабор (П. Панчанка); 2) На штабель выносістых сосен і тугацелых елак Лесаруб прысеў адпачыць (В. Зуёнак); 3) Шкадуйце зямлюсю ўлетку – цяжарныя хлебам палі (Я. Сіпакоў); 4) І так яна [вуліца] зрабілася Арктычнаю, А потым стала вуліцай Белвузаў, Акакія Цытатадыхавічнага, А сёння – Аблрэмбазы прамсаюзаў (М. Танк); 5) Недзе зараз у сцішанай хаце Пра мяне журбоціцца маці (С. Законнікаў); 6) Падалі, падалі сосны, Стогнам будзілі тайгу. З гулам франтоў громаносных перагукаўся той гул (С. Законнікаў); 7) Вось і зноўку прыйшла На зямлю маю восень, Над пустымі шляхамі закружыў ліставей. (М. Башлакоў)

Практыкаванне 156. Прачытайце ўрыўкі з дзіцячых твораў. Падумайце, чым абумоўлена ўжыванне вялікай колькасці неалагізмаў у іх?

  1. Не любілі прасік цацкі, нават пасміхаліся: – Прасік-гультасік, пойдзем пагуляем у футбол (У. Ліпскі); 2) А да Ланы – хоць ты плач! – Часта ходзіць Раскідач (Р. Барадулін); 3) Паглядзі на ўслон і ўслончык, ну, нібыта слон і слончык (І. Муравейка); 4) Скуль той гром неспадзяваны, Што трасе, як трасца, дом? На рацэ пачаўся рана Крыгагром, Крыгагром (К. Камейша); 5) Дожджык, дожджык-грыбасей, Не лянуйся: сей і сей, Шчодра палівай дубы, Каб спарней раслі грыбы (С. Грахоўскі); 6) Пакаёвы інструмент, А як зваць – забыўся ўшчэнт, Не магу я ўспомніць назвы… Памажыце мне хоць раз вы! Пылаед, пылахоп, Пылашук, пыланык, Пыласмок, пылахоп, Пылажор, пыл’язык, Пылашланг, пылавоз… Здагадаўся – пыласос! (А. Клышка).


Практыкаванне 157. У артыкуле “Не воля вольная, а – дыктат нормы!” А.А. Лукашанец піша, што “…трывала ўвайшлі ў моўную практыку словы мытня, мытны, мытнік замест таможня, таможны, таможнік. Відаць, паспяхова выцясняецца назоўнік выстаўка паланізмам выстава, хаця менавіта першы натуральна ўпісваецца ў словаўтваральную сістэму беларускай мовы і адзіным яго недахопам з’яўляецца яго супадзенне з рускім адпаведнікам выставка. Якраз замацаванне грамадскай моўнай практыкай не без актыўнага садзейнічання перыядычнага друку слова выстава можа "пацягнуць" за сабой іншыя інавацыі, не зусім успрымальныя нават для прыхільнікаў кардынальных змен у сістэме беларускай мовы. Выстава можа наладжвацца толькі ў выставовай ці выстаўнай, а не выставачнай зале, як гэта было да апошняга часу”. Паразважайце аб ужыванні выдзеленых формаў слоў у сістэме беларускай мовы.

У гэтым жа артыкуле чытаем: На жаль, на старонках штотыднёвіка можна сустрэць і дыялектныя словы, і зусім недарэчныя памылкі друку. Напрыклад: Будзьма разам у чацвёртым квартале 2002 года! (правільна: будзем). Форма будзьма ўсімі нарматыўнымі дапаможнікамі і даведнікамі кваліфікуецца як дыялектная”. Прыгадайце лексічныя і граматычныя асаблівасці публіцыстычнага стылю і дайце ўласную ацэнку выдзеленай форме слова і яе месцы ў сістэме функцыянальных стыляў беларускай мовы.

Практыкаванне 158. Назавіце сродкі дасягнення дакладнасці маўлення ў наступных урыўках:

  1. І колькі яшчэ напісана малінавых інтэр’ераў! Усе яны ў самых лепшых музеях Расіі і Польшчы, у багатых салонах. Колькі мастакоў, выдатных майстроў, як Мараваў, Бялыніцкі-Біруля, Бахцін, Вінаградаў, хацелі і спрабавалі пісаць тон так, як піша ён [Жукоўскі], але ўсе пісалі, як пішуць толькі яны самі, бо пісаць так, як ён, не мог і не зможа ніхто, акрамя яго (В. Карамазаў); 2. Узяў каланок, якім ён клаў на палатно ваду, але падумаў, ці не да месца тут шчацінка, і пэндзаль змяніў на шчацінавы (В. Карамазаў); 3. Плечы сагнутыя чуюць дрыготку, Крокі няцямныя, млявасць рукі. Шляхам астатнім князя Сіротку Сціхлым Нясвіжам нясуць жабракі (М. Мятліцкі); 4. Бераг Віліі. І круча У туману паясах. Ліпень дыхае гаюча Прэллю смольнай у лясах (М. Мятліцкі); 5. Дзе ты, кураслеп лясны? Дзе ворлік? Дзе мядзвежая цыбуля – чарамша? Ходзіш, ходзіш – І пяршыць у горле… Плач, асірацелая душа. А калісь было ўсё надзіва! Як збяднеў у нас зялёны свет. Дзе знайсці сармацкае кадзіла, Сон-траву, і меч-траву, і познацвет (П. Панчанка); 6. Коней сцябалі абое – І “пан”, і “фурман” коней гналі. Глядзеў на “фурмана” з усмешкай Скарына – Усё-ткі правёз кантрабанду ён з богам! Бо гэты “фурман” – быў найлепшы друкар, Украдзены ў караля самога. Ехаў Скарына Францыск друкаваць свае кнігі дома. Цілімкалі Весела Бомы… (Я. Сіпакоў).


Практыкаванне 159. Растлумачце значэнне прапанаваных паронімаў, выкарыстаўшы іх у кантэксце. Як паранімія звязана з дакладнасцю маўлення? Ці ёсць сярод прапанаваных паронімаў адзінкі з выразнай функцыянальна-стылістычнай афарбоўкай?

Адрасат – адрасант, экспанат – экспанент, публічны – публіцыстычны, асабісты – асабовы – асаблівы, адыходлівы – адыходны, аб’ёмісты – аб’ёмны, даравальны – дараваны, даследчыцкі – даследчы, дваісты – двайны, падаўжэнне – падваенне, спецыяльнасць – спецыялізацыя, прапіска – прыпіска, чалавечы – чалавечны, частотны – часты, экскурс – экскурсія, экстэрн – экстэрнат, эфектны – эфектыўны, фактар – факт, факультатыўны – факультэцкі, уласніцкі – уласны, класавы – класічны – класны.
Практыкаванне 160. Знайдзіце ва ўрыўках з вершаваных твораў словы, якія парушаюць дакладнасць маўлення, вызначыўшы прычыны яе парушэння:

  1. Яе мукі на ўсе рукі; Даль апанована белай завесай, кружыць над полем, кружыць над лесам; Бяжыць [алень] па палях, па лясах – Аж пырскаюць знічкі ў вачах… К аленісе цёплай бяжыць З надзеяй адзінаю – быць!; 2. Так пошукі кахання прывялі Да страты неабачлівай крыві; 3. І чорны смутак сэрца дажджом пральецца золкім, ды сонца абаўецца вакол вачэй вясёлкай; 4. Шампанскае кавай прагнана. Натхненне адкуль узялося? Настолькі з бяссоннем зжылося – да ранку амаль даканала; 5. …калі жаль сэрца скалане і ў жылах пульс заб’е вавёркай; 6. Холадна ценям на змерзлым снезе. Цені – таксама дрэвы. Таксама і я, і ты; 7. Цурчыць ручэй паміж алешын. Бушуе бурная рака. Хто дзіўных песняў наразвешваў? Узлёт былога жаўрука; 8. І ў шчасці часам точыцца туга, І ў горы знойдуцца святло і асалода; 9. Чаму: у адных – шчасце без цяжкасцей, а да другіх – злыбеды лашчацца?


Практыкаванне 161. Дакажыце, што ў прыведзеных урыўках парушаецца такая камунікатыўная якасць, як дакладнасць маўлення (прыклады ўзяты з артыкула А.А. Каўруса “Разгорнем падручнік”).

  1. Кожны беларус будзе валодаць родным словам, каб свабодна дастасоўвацца да духоўных каштоўнасцей, набыткаў гісторыі і культуры свайго краю;

  2. Мы павінны ганарыцца і ганарымся вялікімі майстрамі роднага слова, якія агучылі яго цэламу свету… Творы іх перакладзены на мовы розных кантынентаў;

  3. [Беларуская мова] не можа быць ахвяравана на самазабыццё… Яна павінна ўладарна пашырацца…;

  4. Паўтарацца могуць як зычныя гукі (алітарацыя), так і галосныя (асананс). Часта яны спалучаюцца;

  5. Зваротак можа выражацца і былой клічнай формай: Спі, сыночку, спі, каточку, спі;

  6. У якасці дзеяслова-звязкі найбольш часта выкарыстоўваецца дзеяслоў быць. Ён пазбаўлены лексічнага значэння і выражае толькі граматычнае значэнне часу і ладу;

  7. Стыль – сукупнасць моўных сродкаў (фанетычных, лексічных, марфалагічных, сінтаксічных), ужыванне якіх залежыць ад характару, мэт і зместу выказвання;

  8. Падкрэсліце прыметнікі вышэйшай ступені параўнання. Утварыце ад іх складаныя формы;

  9. Прааналізуйце тэксты… урыўкі з рамана І. Мележа “Людзі на балоце” і вызначце, дзе парушаюцца нормы літаратурнай мовы. Растлумачце, чаму аўтар свядома ідзе на гэтыя парушэнні;

  10. Знайдзіце ў тэксце [вершы Якуба Коласа] выпадкі адхілення ад правільнага парадку слоў. Чым гэта можна растлумачыць?


Практыкаванне 162. Выпішыце са слоўніка лексічныя значэнні слоў псіхічны і псіхалагічны. Устаўце патрэбнае слова ў прапанаваны кантэкст.

  1. На маю думку, у яго [Андрэя] пачынаецца … захворванне, выкліканае нервовым узрушэннем (М. Машара); 2. Уся справа ў тым, што і другая ноч закрывае сваім змрокам яшчэ многа пытанняў, якія стаяць у звязцы з … праяўленнямі чалавечага жыцця (Я. Колас); 3. Тут патрэбен … падыход, як і ва ўсякай іншай справе (М. Лупсякоў); 4. Але настаўнік выходзіў тут з … меркавання: уласны подпіс павінен быў лепш зацікавіць яго вучня (Я. Колас); 5. Абодва маўчалі. Цяжка сказаць, ці то быў спосаб … уздзеяння на водаправодчыка, ці выгадванне часу на абдумванне, з чаго пачаць гаворку (А. Пальчэўскі); 6. Баяўся, што пад напорам … атакі і ты павесіш нос (А. Васілевіч); 7. Раскрыццё … стану людзей заменена ў карціне фіксацыяй знешняга боку дзеяння (М. Кацар); 8. Апавяданні Чорнага 20-х гадоў – гэта замалёўкі з жыцця беларускай вёскі, … эцюды, лірычныя абразкі (М. Луфераў); 9. Цікавым у гэтых адносінах з’яўляецца … эцюд Янкі Брыля "Як маленькі!" (С. Майхровіч); 10. У жывым творчым працэсе нараджаецца пачуццё … праўды (Я. Рамановіч); 11. Герой паэмы не паддаецца страху, трывозе і … прыгнечанасці. (Р. Бярозкін)


Практыкаванне 163. Параўнайце розныя рэдакцыі ўрыўкаў з твораў Янкі Брыля і прасачыце, як аўтар працуе над дакладнасцю мовы з мэтай стварэння вобразаў.


1. Крывавы пісаг мармеладу з куточка рота поўз на дрэнна паголены старэчы падбародак хама, якому ўсе, як і плануецца фюрэрам у сусветным маштабе, павінны служыць.


1. Чырвоны пісаг мармеладу з куточка рота поўз на дрэнна паголены старэчы падбародак хама, якому ўсе, як і плануецца фюрэрам у сусветным маштабе, павінны служыць.

2. Стары батрак, худы і добры, як Дон-Кіхот, сядзіць сабе з лейцамі, трохі спусціўшы старэчыя ногі над коньмі.


2. Стары батрак, худы і добры, сядзіць сабе з лейцамі, трохі спусціўшы старэчыя ногі над коньмі.

3. Спяваючы, дзядзька Барыс – і высокі, і стройны, і нават прыгожы, якім ён без песні ніколі не быў, – пагойдваўся, як тая сасна, разгайданая радасным, сонечным шумам.

3. Спяваючы, дзядзька Барыс – і высокі, і стройны, і нават прыгожы, якім ён без песні ніколі не быў, – пагойдваўся, як тая гонкая сасна, разгайданая радасным, сонечным шумам.



Практыкаванне 164. Прачытайце. Якая моўная з’ява стварае двухсэнсоўную моўную сітуацыю?
Кожны па-свойму
Калі ты, нарэшце, Алесь, выправіш сваю двойку па арыфметыцы? – запытаўся бацька ў сына.

А як я магу выправіць, калі журнал знаходзіцца ў настаўніцы.
Практыкаванне 165. Прачытайце сказы. Знайдзіце словы з пераносным значэннем, растлумачце іх значэнне, раскрыйце пераноснае значэнне:

  1. Нішчымнай паўзе не даў зацягнуцца Мішка Венік (Я. Брыль); 2. Гэта – чыстая, голая і да чорцікаў сцюдзёная праўда (Я. Брыль); 3. У крохкай таямнічай цішыні, па даўніх партызанскіх папялішчах начамі загараюцца агні (С. Грахоўскі); 4. Звініць лістапад залатымі дажджамі, лятуць журавы над палямі, лугамі (П. Панчанка); 5. Плыве мая песня-крынічанька – бярозавыя берагі (Г. Бураўкін); 6. Вятрыска варушыць азяблае лісце (А. Звонак); 7. Вы мне скажаце: будзе ізноў бэз і дзяўчаты ў лёгкіх блакітных сукенках. Для мяне ж яшчэ доўга расстрэлены лес захліпацца будзе дзіцячым енкам (П. Панчанка); 8. Злічы ахвярных юнакоў, мая праставалосая краіна (В. Жуковіч); 9. Праўда, тая шалёная радасць пасля здарэння ці сутычкі з Габрыелем Жагалам была кароткаю… (В. Адамчык); 10. Праз душу, праз восень, праз Сусвет Праплывае шчасця сілуэт, Прывідны і светлы, як анёл… (Л. Рублеўская).


Практыкаванне 166. Знайдзіце выпадкі двухсэнсоўнага ўжывання слоў; як гэтая памылка ўплывае на дакладнасць маўлення?

  1. Гусь, як і карова, увесь дзень на лузе. Маладняк, які важыць да 2-3 кілаграмаў, з’ядае за дзень 2 кг травы на адну галаву. Ім падабаецца дзьмухавец, трыпутнік (з газеты); 2. Алена Віктараўна з кута ў кут мерала пакой (У. Арлоў); 3. Побліз м.Коханава на цяперашняй Магілёўшчыне стаяў т.зв. “Рагвалодаў камень” – пліта з крыжам і надпісам, высечанымі ў 1171 г. загадам князя Рагвалода Барысавіча. (Помнікі гісторыі і культуры Беларусі)


Практыкаванне 167. Прачытайце. Вызначце, якімі сродкамі дасягаецца дакладнасць навуковага стылю (навукова-папулярны падстыль)?

1. Культ камянёў быў шырока распаўсюджаны на Беларусі. Некаторыя з іх мелі нават уласныя імёны: Кравец, Сцяпан, Змяіны камень, Чортаў ступень, Святы камень і г.д. Славіліся камяні Дзям’ян і Мар’ян ля вёскі Пярэжыр Пухавіцкага раёна. Лічылася, што ўсе яны маюць магічную сілу, лечаць хворых. У старадаўнія часы да іх неслі палатно, грошы, цялят, парасят. Дзяўчаты, просячы сабе жаніха, прыносілі пярсцёнак альбо некалькі пацерак.

Амаль паўсюдна на Гомельшчыне вядома легенда пра славуты Цітаў камень, які, па сцверджаннях мясцовых жыхароў, раней мог свабодна перамяшчацца з аднаго месца на другое і ўвесь час павялічваўся ў памерах… Людзі сцвярджалі, што гэты валун вельмі дапамагаў сялянам, асабліва бедным. Калі не было чалавеку чаго есці і апрануць, трэба было толькі звярнуцца да каменя, і ён адразу ж выручаў – карміў, паіў, апранаў, прычым усе гэтыя паслугі валун аказваў задарма. (А. Ненадавец)

2. Захаваныя з таго часу архіўныя матэрыялы ў Падуі расказваюць, як адбывалася абарона нашым земляком доктарскай ступені. У гэтых каштоўных звестках пра Скарыну побач з тым, адкуль ён родам (“з Полацка”), якой нацыянальнасці (“русін” – гэта значыць, беларус), адзначаецца, што ён – дацкі каралеўскі сакратар. Гэты цікавы штрышок, нязнаны ў нас раней, дазваляе рабіць здагадкі пра яшчэ адзін непраяснены адрэзак Скарынавага жыцця перад Падуяй.

Як вядома, улетку 1509 года польскі кароль і вялікі князь літоўскі Сігізмунд І Стары, каб падпісаць умову аб дружбе з Дацкім каралеўствам, пасылаў у Капенгаген спецыяльную дэлегацыю. Відаць, як мяркуюць гісторыкі, Скарына быў уключаны ў гэтую дэлегацыю і, магчыма, пасля знаходзіўся як высокаадукаваны чалавек, доктар філасофіі на сакратарскай пасадзе ў дацкага караля…

І вось 5 лістапада 1512 года ў царкве святога Урбана сабралася калегія “найслаўнейшых дактароў мастацтваў і медыцыны” Падуанскага універсітэта, каб вырашыць пытанне аб допуску да экзаменаў на ступень доктара медыцыны Францішка Скарыны. (А. Клышка)
Практыкаванне 168. Прачытайце. Якімі сродкамі дасягаецца дакладнасць маўлення ў публіцыстыцы?
Краіна ведаў” абзавялася ўласным гербам
Кожная дзяржава ў свеце мае свае геральдычныя сімвалы: сцяг, герб, гімн і г.д. А кожная вышэйшая навучальная ўстанова – быццам невялічкая “дзяржава ў дзяржаве”. Тым больш калі размова ідзе пра вядучую ВНУ краіны.

Вучоны савет Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта падумаў-падумаў дый зацвердзіў два гады таму ў якасці сімвала сваёй навучальнай установы міфічную папараць-кветку. Распрацаваныя герб і сцяг прайшлі нават спецыяльны разгляд у Рэспубліканскай геральдычнай камісіі. І вось учора папараць-кветка нарэшце “расцвіла” на фасадзе галоўнага корпуса БДУ. Як падкрэсліў на ўрачыстай цырымоніі з гэтай нагоды рэктар універсітэта, … “наш герб паказвае імкненне выкладчыкаў і студэнтаў да вечнага пошуку і вечнага спасціжэння навакольнага свету”.

Паводле фальклору, чалавек, які валодае папараць-кветкай, робіцца мудрым і шчаслівым, аднак не варта забывацца, што шлях да ведаў ляжыць праз церні… (з газеты).
Практыкаванне 169. Прачытайце тэксты. Назавіце сродкі рэалізацыі дакладнасці маўлення ў розных публіцыстычных жанрах:

1. Сёлета падчас святкавання Дзён беларускага пісьменства ў старажытным Полацку мяркуецца ўстанавіць памятны знак у гонар адной з літар нашага алфавіта – "ў" нескладовага. Аўтары памятнага знака лічаць, што такой літары, як наша “ў”, не мае ніводзін алфавіт свету. З гэтай нагоды прыгадалася…

У сям’і мінчан Чылікіных, Аксаны і Міколы, расце хлопчык. Завуць яго Сержык, Сяржук. Зараз яму дванаццаць гадоў. Але калі ён быў зусім маленькі, усюды і ўсім казаў: “сажаўка”, “запаўка”, “паўка” (палка), “баўкон”, “поў” (пол)…

Прыгадалася… Знаны даследчык нашага этнасу Ян Чачот калісьці пісаў, што беларусы – крывічы – вельмі не любяць гукаў “л”, “в” і пры пэўных пазіцыях скрозь іх замяняюць на “ў”: аўтар (алтар), каўтун (калтун), каўнер (калнер). І вось гэта несвядомая нелюбоў да гука “л” прабілася напрыканцы ХХ стагоддзя ў нашага сучасніка – з’ява, якую яшчэ ў ХІХ стагоддзі заўважыў Ян Чачот. (з газеты)

2. Грэцыя не хавае сваіх слёз, не ўтойвае ні вялікай, ні малой бяды.

Мы будзем прыпыняцца каля прыдарожных каплічак, глядзець на маленькія журботныя іконы, а таксама на фотаздымкі тых няшчасных вандроўнікаў, што загінулі тут, на дарозе, магчыма, не паспеўшы нават падумаць пра смерць.

Моўчкі мы раскажам ім пра свой боль і страхі.

Хай яны паслухаюць нас, выкарыстаюць святое права мёртвых – права супакоіць жывых.

У Дэльфах дахрысціянскія сцежкі прывядуць нас на бязлюдны, каменны іпадром, што ўзвышаецца над піфійскім тэатрам і адноўленым дарычным храмам Апалона.

Нашую адзіноту і шчаслівую адасобленасць будзе ахоўваць заснежаны Парнас, той самы казачны Парнас, на які ўслед за паэтамі ўзлез аднойчы й непаэт, наш кемлівы палясоўшчык. Аднак ні паэтаў, ні вясёлага палясоўшчыка Тараса мы не ўбачым. Убачым на самым версе толькі блакітна прыцьмелы снег. Супакоімся: некалі ж і Байран на гэтай святой гары бачыў тое ж . Парнас, паводле сведчання вандроўнага лорда, быў "увянчаны снегавой каронай" (радок Байрана, перакладзены Р. Бараду­ліным). (Л. Дранько-Майсюк)
Практыкаванне 170. Прачытайце і дакажыце, што мова персанажаў у дадзеным урыўку з’яўляецца сціслай?

Паліна. Надзейка! Памацай-ка ў яго галаву. Нешта ён языком лапці падплятае.

Цярэшка. Ну, баба, баба, баба! Хутчэй варушыся! Дзе трыножка? Я на комінку цяпельца раскладу. Ды хутчэй, вы-ы! Яны во-во ў хату ўваляцца.

Паліна. Што ета ты? Ці жартуеш так? Ці мо і праўда – захварэў?! Таго бандзіта карміць? Ён жа людзей сваіх страляў. Ён жа спаліў двор Свірыдавых і дзяцей не пашкадаваў.

Цярэшка (хмуры). А мяне старастам прызначыў.

Паліна. Каго?!

Цярэшка. Мяне.

Паліна. Што-о-о?! (Яна ўжо сумняваецца, што ён жартуе).

Надзея. Старастам?!

Цярэшка. Старастам. (Ён радуецца, як дзіця). А як вы думалі?

Паліна (з жахам). Цябе?!

Цярэшка. Мяне!

Паліна (пытаецца ў Надзеі). Ён што? Пры сваім?

Надзея. Відаць, не пры сваім.

Цярэшка. Пры сваім, пры сваім, не турбуйцеся. (А. Макаёнак)
Практыкаванне 171. Прачытайце. Адкажыце, якія віды сказаў забяспечваюць сцісласць прыведзеных радкоў:

Тут – горы, Там – раўніны. Там – хлеб, Тут – камень. Тут – цесна, Там – прасторна, Але там вораг! (Я. Сіпакоў); Канчаецца лета: лісце туліцца да галіны, галіна – да дрэва, дрэва – да каранёў. (А. Разанаў)
Практыкаванне 172. Прачытайце ўрыўкі з тэкстаў навуковага стылю (навучальны падстыль) і адзначце ў іх выпадкі парушэнне лагічнасці (Прыклады ўзяты з артыкула А.А. Каўруса “Разгорнем падручнік”).

  1. Архаізмы могуць ужывацца ў мастацкай літаратуры з мэтай стварэння рэальнай мовы той гістарычнай эпохі, пра якую гаворыць аўтар; 2. Размоўна-прастамоўнымі з’яўляюцца пабочныя словы відно, бач, маўляў, пэўна, мусіць і інш.; 3. Адценне навізны аказіянальныя словы звычайна маюць толькі ў кантэксце; 4. Напішыце замалёўку ў гутарковым стылі; 5. Дакажыце на аснове канкрэтных прыкладаў, што для гэтага ўрыўка [тэксту для БелЭн] характэрна дакладнасць, абстрактнасць, лагічнасць і аб’ектыўнасць выкладу матэрыялу; 6. Прачытайце верш У. Арлова, папярэдне склаўшы яго партытуру: абазначыўшы паўзы, лагічна выдзеленыя словы, стрэлкамі паказаўшы павышэнне і паніжэнне голасу пры чытанні паэтычных радкоў; 7. Ці ўсе словы ў левым слупку з’яўляюцца членамі сказа? Зрабіце сінтаксічны разбор сказаў гэтага слупка.


Практыкаванне 173. Паразважайце разам з аўтарам (А.А. Каўрус, артыкул «Які ён, новы “правапіс”?») над пытаннем, ці ўяўляецца лагічным той факт, што імёны Восіп, Вольга цяпер ужываюцца ў адпаведнасці з беларускай фанетыкай, а прозвішчы ад гэтых назоўнікаў чамусьці не маюць пачатковага (прыстаўнога) в, асабліва калі яны выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай сферы: Осіпаў, Ольгін.
Практыкаванне 174. Прачытайце ўрыўкі з вершаў. Паразважайце, наколькі лагічна яны пабудаваны:

  1. У мяне быў дзед Васіль

І дзед Іван.

Была бабка Агата і

Ганна,

Але яны былі маўклівыя.

Быў прадзед Марцін

І прадзед…

Як яго?

Я нават імя яго не знаю.

Не сказаў, як звалі.

Быў нямы;



2) Я не твая ўжо. Я – з другім,

бо ты, Нарцыс, стаў сябелюбцам,

хоць быў калісьці дарагім,

але часам тым не вярнуцца;



3) Пакуль жыву, я так хачу

смак шчасця зведаць.

Каб сонца зорыла ўваччу

пад светлым небам;
4) Я ведаю, чаму жанчыны

Не бываюць такімі геніяльнымі,

Як мужчыны:

Муза жанчыны старэе разам з ёй,

А муза мужчыны заўжды

маладая і прыгожая.
Практыкаванне 175. Назавіце моўныя сродкі, якія парушаюць сэнсавую несупярэчлівасць прыведзеных радкоў.
Пагляджу ў твае сумныя вочы.

Чым развеяць нямую тугу?

Я зраблю для цябе ўсё,

што хочаш,

А шчаслівай зрабіць не змагу.

Не таму, што бедны,

як вецер.

І характар мой тут ні пры чым.

А таму, што на ўсім белым

свеце

Не бывае шчаслівых жанчын.

Практыкаванне 176. Якія ўмовы лагічнасці парушаюцца ў наступных урыўках?

1. Ускочыш, запаліш лямпу, а яны [пагранічнікі] уваляцца ў хату – белыя халаты, белыя да пят кажухі, белыя ад снегу валёнкі – асвецяць ліхтарыкамі сцены, двор, варыўню, хлеў, і зноў іх, устрывожаных, цягнуць за сабой на падворак у цёмную ноч з мяцеліцай вялікія, як цяляты, аўчаркі. (І. Пташнікаў)

2. Паспрабуйце не накарміць жывёлу толькі суткі, страт за месяц не паправіце. Жэня – жанчына добрая, вядома, карова на ланцугу – відовішча сумнае, што і гаварыць, але будучыня за стойлавым утрыманнем. (М. Герчык)
Практыкаванне 177. Якія сродкі выразнасці мовы заснаваны на парушэнні ўмоў лагічнасці? Падмацуйце свой адказ прыкладамі з прыведзеных урыўкаў.

  1. Шчаслівая пасляваенная беднасць (Я.Брыль); 2. Агееў далікатна правёў рукой па яе плячы, яна праглынула слёзы і хутка супакоілася, усміхнулася яму з ціхай самотнай радасцю (В. Быкаў); 3. Нечаканая злая радасць забіла Алесі дых, што яна разлучыць, развядзе Імполя з Хрысцяй (В. Адамчык);


4. Не хаваю дні ў прыполе –

Рассяваю поўнай жменяй.

Што ні дзень – жыцця ўсё болей,

Што ні дзень – жыцця ўсё меней. (Г. Бураўкін)

5. Ваююць да знямогі

І прагнуць перамог.

Так вечна з Чарнабогам

Ваюе Белабог. (Я. Сіпакоў)

Практыкаванне 178. Як вядома, на лагічнасць маўлення ўплывае сэнсавая несупярэчлівасць слоў у адным выказванні і выразнасць усведамлення гэтага выказвання тым, хто гаворыць ці піша. Прааналізуйце з боку лагічнасці прыведзеныя сказы і ўрыўкі:

  1. Ды хаджу невясёлы, Жаль у сэрцы пячэ. – Божа, хоць бы анёлам Дай палётаць яшчэ!; 2. Жанчына – у трынаццаць, Дзяўчо – і ў дваццаць сем. Па свеце лёс у танцы Цябе, як ліст, нясе. То кіне ў рукі тому, То гэтаму шпурне. Не жалішся нікому. Мяняешся ў цане (А. Бадак); 3. Цела ценю – не я, То асфальт ці зямля. Ён прырос да дарог, Да дрыготкіх спляценняў Іншых вулічных ценяў Пад ударамі ног І пад цяжарам колаў На асфальтавым муры. У святле ліхтароў З ценю сочыцца кроў (Т.Будовіч); 4. Смерць шалёна волатаў касіла. Ды ўставаў світальна маладняк… Веснавейна дыхаюць з магілаў, узыходзяць жывадзейнай сілай продкі нашы – прадчуванне дня; 5. Снег на косы, на плечы мне белым вэлюмам лёг… Зерне белага вечара сніць вясну на палёх (А. Хатэнка); 6. Чаму хусцінку рве вятрыска, Чаму мяне збівае з ног?.. Адчула раптам, Як ён блізка – Старэнькі стоптаны парог. Стаю ў здранцвенні, а матуля Ужо дачку да сэрца туліць…; 7. Дарэмна крыўдзішся, мой бераг, Я не адбілася ад рук. Ты шчырасці маёй не верыш, Не чуеш сэрца перастук. (А. Кавалюк)


Практыкаванне 179. Аўтар артыкула “Мне імя тваё дасталося…” С. Богуш піша, што “…імя жанчыны – гэта ўжо назоў кахання (адсюль і жанчына – само каханне). Такім чынам, у адным Слове і выказваецца пачуццё, і называецца тая, на каго яно накіраванае, і перадаецца яе прыгажосць. Тут імя сапраўды наглядна выступае як “арэна сустрэчы таго, хто ўспрымае, з тым, што ўспрымаецца”, і, несучы ў сабе самае-самае ад успрынятага, яно здольнае моцна ўздзейнічаць на ўспрымальніка, як, напрыклад, у гэтым урыўку верша Алеся Наўроцкага “Мне імя тваё дасталося…”

Абледзяніў мароз заснежаныя кусты,

вылятае з рота белаю грываю.

Нічога не трэба мне – толькі ты,

вясёлая і брыклівая.
Ля інтэрната на вадасцёкавай трубе

павіс мароз срэбным калоссем.

Трэба ты мне! Ды замест цябе

мне імя тваё дасталося.
Усяго імя. І я ад шчасця дурны.

Што з імем рабіць, скажыце?

Як соль, сыпануць яго ў суп грыбны?

Ці на хлеб наляпаць гарчыцай?
Ура! Я прыдумаў. Я на прыдумкі зух.

Мароз не на жарты звярэе.

Надзену імя тваё, нібы кажух,

бо нешта пальцішка не грэе.
Такім чынам, цікавая тэма ўласнага імя – яго глыбіннага і патаемнага сэнсу, містычнага значэння, псіхалагічнай сувязі паміж носьбітамі і самім імем – яшчэ чакае сваіх даследчыкаў”.

Прааналізуйце, ці дарэчна аўтар навуковага артыкула выкарыстоўвае ўрывак з верша А. Наўроцкага і чаму? Прааналізуйце мову верша.
Практыкаванне 180. Ці заўсёды дарэчным з’яўляецца ўжыванне дыялектызмаў у мастацкім стылі? Падмацуйце свой адказ прыкладамі з наступных сказаў:

  1. Міша пачынае боўтацца – валэхацца ў сажалцы; 2. Нездарма нажарыў – набагліў Грышка лазню, аж каменне ды бёрны трашчалі; 3. Галлё Белазоры ўплішчыў – угамзіў у твань; 4. Дождж нарабіў ужо шкоды – спляжыў – скулёмчыў жыта, авёс; 5. Людзі, вядома, лічылі, што перагінае палку старшыня – прадсядацель. (У. Рубанаў)


Практыкаванне 181. Прачытайце. Ці дарэчнымі ўяўляюцца вам выказванні аўтараў у пэўных сітуацыях:


  1. Я да цябе прыйшла здалёк…

Ты рады, брат мой? Я таксама…

(пад уражаннем наведвання братавай магілы напісала Е. Лось)


  1. І патыхае шчасцем,

Цяплом ад тых слядоў,

Гатоў да іх прыпасці,

Іх цалаваць гатоў.

(Я. Нечапаловіч піша пра абходчыка, які гатовы цалаваць сляды аўтамашын)
Практыкаванне 182. Пракаменціруйце ўжыванне слоў іншамоўнага паходжання. Растлумачце адрозненне паміж варварызмамі і экзатызмамі.

Мікіта (паклаўшы на стол некалькі тоўстых слоўнікаў): Между протчым, я гатоў, мусье профэсар.

Спічыні: Можам прыступіць, мусье рэгістратар. Учора мы збольшага прайшлі аддзел прывітанняў, сягоння павінны паўтарыць болей стала. Як вы прывітаеце, спаткаўшы немца?

Мікіта. Гута моргэн, гэр гэрманіш!

Спічыні: Добра! А цяпер, як вы прывітаеце, спаткаўшы немку?

Мікіта: Гута тах, балабоста прусічі!

Спічыні: І зусім не балабоста, а фрау… Паўтарыце: фрау, фрау, фрау!

Мікіта: Фраву, фраву, фру, фруву… Фраву-ву

Спічыні: Добра! А як вы прывітаеце, спаткаўшы вось такое… (паказвае) малое неманё?

Мікіта: Шабас гут, гэр кіндар фатэрлянд, между протчым.
Практыкаванне 183. Прачытайце. На аснове лінгвістычнага аналізу прыведзеных прыкладаў зрабіце вывад аб галоўных крытэрыях дарэчнасці ў мастацкім маўленні:

1. Буслай. Дай мне апахмяліцца, я яшчэ не такое загну… Я іншым разам такім разумным бываю, аж страх бярэ… Твой пісьменнік, мабыць, з-за гэтага і прыцягнуў мяне да сябе на хату… Як жывы персанаж. З мяне нашарашыць раман – раз плюнуць… Паднясі толькі чарку ды салёненькі агурочак, я такое магу ўляляшчыць – ніводзін вучоны не разбярэ. Во ўчора, мабыць, калі з ім паддавалі…

Аліна. Ды не мог ён з табой піць…

Буслай. Адкуль ты ведаеш?

Аліна. Ён не п’е…

Буслай. Саўсім?

Аліна. Зусім. Гарэлка супраць прыроды.

Буслай. Не зразумеў…

Аліна. Гэта зелле вынайшла чалавецтва… У натуральным стане спірт не сустракаецца… гэта вынік распаду, гніення… Ніводная жывёліна спірт ужываць не будзе.

Буслай. Чалавек не жывёліна, дарагуша… У яго ў гэтым кацялку (паляпаў па галаве) думкі розныя. Калі сабаку навучыць думаць, і сабака піць пачне… І не курыць?

Аліна. Не. Гэта таксама супраць прыроды…

Буслай. Ну, а астатняе па прыродзе… Добра ён цябе тут лечыць?

Аліна падыходзіць і з усяго размаху б’е Буслая па шчацэ.

Аліна (вельмі спакойна). Я табе сказала, хамула, ён святы чалавек! А калі ты яшчэ раз якую-небудзь пашляціну ляпнеш пра яго, я магу цябе забіць, ты чуеш?

Буслай. Дзе там чую?! У мяне ад тваёй аплявухі ў вушах звініць. Ну й ручка. Адбойны малаток… Дай што-небудзь выпіць! Мне жыць не хочацца.

Аліна. Ідзі ў ванну і пі з-пад крана…

Буслай. Ваду не выпіваюць, а п’юць… А мне выпіць трэба… (А. Дудараў)

  1. Мова сталічнага навучэнца цяпер была перанасычана элегантнымі "чиво", "как-то такто", "опридилённо". Да мясцовых дзяўчатак ён звяртаўся не інакш, як "мамзэлі", а да былых сяброў і ўвогуле незразумела-вытанчана: "Мон амі".

Опридилённо, мон амі, – казаў Данілка ўважлівым слухачам, – ёсць у мяне там добрыя перспектывы. Дзядзька ўладкаваў каля сябе, как-то так-то і яго месца займу…

Што то за месца, чым займаецца Данілка ў горадзе, ніхто дакладна не ведаў, нават бацькі. Сам юнак адказваў няпэўна: "Мы па гандлёва-эканамічнай частцы". Але ж горад Б не быў ізаляваны ад гэтага "вялікага свету". Вось і дырэктар мужчынскай гімназіі пан Вярэдзіч, што некалі не спакусіўся зместам тоўстага партманента карчмара, наведаў Маскву… "А можа, Данілку там сустрэне?" – марыў Бурыга і ўяўляў, як у нейкай важнай канторы спаткае ганарлівы дырэктар шыкоўнага Данілку, і сумеецца, і як з роўным прывітаецца...

Між тым прыехаў "на пабыўку" і сам Данілка, які ў свае васемнаццаць выглядаў на добрых дваццаць пяць.

Вы, папа, зусім пагарыце, – ракатаў малады басок сына. – Што гэта за музыкі, вобче говоря, нейкія полечкі… Вы б заказалі сабе музычную машыну. Ручку пакруціў – і грае вальсу ці раманс. Вы, папа, ведаеце, што такое вальса? (Л. Рублеўская)
3. – Вам толькі моладзь не па густу,

А ў тым не бачыце бяды,

Што ў блуд, у гулі, у распусту

Ідуць бабулі і дзяды.
Павыдаюць або пажэняць

Дарослых дочак і сыноў,

Старыя мошчы паджэньшэняць

І самі жэняцца наноў.
Калісь, ад нэндзы ўсохлы – дохлы,

У пяцьдзесят гадоў мужык

Старым лічыўся і, нямоглы,

Не браўся бабамі ў разлік.
Цяпер і ў шэсцьдзесят не годзе!

А што? Здаровыя, быкі!

На кірмашы вунь так і водзяць

Блудлівым зіркам у бакі…

Другі праз "грыб" не пераплюне,

Сліняк цячэ па барадзе,

А ўсё адно падчэпіць плюндру

І ў рэстаран паіць вядзе.
Дзядусь, а толькі і цікуе,

Як за здабычаю каршун,

Каб дзеўку злэпаць дзе якую;

І каб прытым не ўзняўся шум!.. (Н. Гілевіч)

Практыкаванне 184. Прачытайце. Знайдзіце перыфразу, акрэсліце яе змест і стылістычную афарбоўку, паразважайце пра дарэчнасць яе ўжывання як у публіцыстычным (у прыведзеным кантэксце), так і ў іншых стылях.

Беларускія "сілавікі" апошнім часам актыўна "штурмуюць" віртуальную прастору. Днямі свой афіцыйны сайт у Інтэрнэце адкрыла Міністэрства ўнутраных спраў. А следам за міліцыянерамі ў сусветнай павуціне займелі свой "куточак" і беларускія вайскоўцы. Начальнік аналітычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Сяргей Шматок адзначыў, што ідэя "пакарыць" віртуальную прастору ў беларускіх вайскоўцаў узнікла амаль год таму назад. З 2 лютага сайт Міністэрства абароны "прапісаўся" ў віртуальнай прасторы. У ім – 7 частак: навіны, кіраўніцкі склад, структура, заканадаўчая база, гісторыя, геральдыка і вайсковая палітыка. Ёсць магчымасць для зваротнай сувязі. Усе электронныя паведамленні, як запэўніў начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Ваенна-навуковага ўпраў­лення Узброеных Сіл Ігар Ігнашчанка, будуць самым сур’ёзным чынам вывучацца, а крытычныя "сігналы" абавязкова будуць правярацца. Адрас сайта: www.mod.mil.by. (з газеты)
Практыкаванне 185. Прачытайце ўрыўкі з беларускіх народных казак, назавіце выпадкі ненарматыўнага слова- і формаўжывання і паразважайце, чым выклікана іх функцыянаванне ў фальклоры. Вусна выпраўце "памылкі".

Раніца мудрэй за вечар; агонь развёў у печы; дзякаваў хлопец гаспадыні; не ведаю нават, як аддзякаваць цябе; качка ўздымала ў неба; птушка апусцілася прама на край гнязда; патухалі яны на раны, і тыя адразу зажылі; з асілкам жартаваць нельга, можна галавы не знасіць; хадзіў у горад за прысмакамі; хацела было распытаць пра майстра; зайшла ў пакой і… пазнала свайго суджанага; з кожным крокам сцяжынка ўсё вузей і вузей; "Зараз павячэраю", – сказаў пра сябе хлопец; дзяўчат навокал многа, толькі ні адна з іх не прыглянулася хлопцу; прыехалі браты дадому і тут жа вяселле згулялі; праведаў воўк, што лісіца атрымала ў падарунак; "Калі конь – дахадзяга высек іскры, то з-пад маіх лап полымя шугане", – падумаў леў; калі не павязе раніцай, то і вечарам не чакай радасці; зрабіў Піліпка з гэтых пер'яў толькі паўкрыла; галіны выкалвалі вочы; бацьку нечага рабіць; хворыя людзі будуць звяртацца да цябе за дапамогай; "Ну што, чыя праўда?" – насміхаюцца над ведзьмай муж і сын; усю работу па дому выконвала падчарыца; гэта была маці таго дзіцяці, народжанага незаконна; "У чым справа? Хто парушае мой царскі сон?" – пытае Няптун у слуг; дайшла справа да гасцей прыгаць у ваду; а лес усё гусцей і гусцей; каля аднае крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі – пакупнікоў заклікаюць.

.
1   ...   23   24   25   26   27   28   29   30   31


написать администратору сайта