Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
Скачать 1.76 Mb.
|
А.М. БАГАМОЛАВА, Г.К. СЕМЯНЬКОВА СТЫЛІСТЫКА І КУЛЬТУРА БЕЛАРУСКАГА МАЎЛЕННЯ Вучэбны дапаможнік для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 05 01 “Беларуская філалогія (па напрамках)” Мінск 2011 УДК 808.26 ББК 81.411.4 Рэцэнзенты: кафедра сучаснай беларускай мовы УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт” (загадчык кафедры – кандыдат філалагічных навук, дацэнт З.І. Бадзевіч); кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Танка” Т.Я. Старасценка Багамолава А.М. Стылістыка і культура беларускага маўлення: вучэбны дапаможнік / А.М. Пісарэнка, Г.К. Семянькова. – Мінск: , 2011. – 316 с. У вучэбным дапаможніку даецца падрабязная характарыстыка функцыянальных стыляў (у тым ліку канфесійнага) сучаснай беларускай мовы: апісваюцца падстылі, жанры, лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя асаблівасці; разглядаюцца камунікатыўныя якасці маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня, дарэчнасць, багацце, выразнасць, вобразнасць, сцісласць) і сродкі іх рэалізацыі. У практычнай частцы прапануюцца разнастайныя па змесце і мэце практыкаванні, накіраваныя на авалоданне і замацаванне тэарэтычнага матэрыялу курса, на ўдасканаленне ўменняў выкарыстоўваць атрыманыя веды пры аналізе моўных з’яў і фактаў. Дапаможнік змяшчае тэксты розных стыляў для аналізу, прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэкстаў, узоры тэстаў, спіс літаратуры. Адрасуецца выкладчыкам, студэнтам, магістрантам і аспірантам дзённай і завочнай формаў навучання ВНУ. Можа быць выкарыстаны настаўнікамі агульнаадукацыйных і спецыяльных школ, гімназій, ліцэяў, усімі, хто цікавіцца стылістыкай і культурай беларускага маўлення. © А.М. Багамолава, Г.К. Семянькова ЗМЕСТПРАДМОВА………………………………………………..…4 УВОДЗІНЫ…………………………………………………....8 ТЭАРЭТЫЧНАЯ ЧАСТКА…………………………………18 Функцыянальныя стылі сучаснай беларускай мовы……………………………………………18 Афіцыйна-справавы стыль……………………..18 Навуковы стыль……………………………........24 Публіцыстычны стыль……………………….….31 Гутарковы стыль………………………………...39 Стыль мастацкай літаратуры…………………...45 Канфесійны стыль……………………………….57 Камунікатыўныя якасці маўлення……………..61 Правільнасць маўлення……………………..…..61 Арфаэпічныя нормы…………………….61 Акцэнтныя нормы….……………………65 Арфаграфічныя нормы….………..……..70 Словаўтваральныя нормы.……………...78 Лексічныя нормы………………………..81 Фразеалагічныя нормы…..…………..…85 Марфалагічныя нормы..………………...87 Сінтаксічныя нормы…..……………….102 Пунктуацыйныя нормы………………..108 Дакладнасць маўлення……………………..….116 Лагічнасць маўлення…………………………..121 Чысціня маўлення……………………………...126 Дарэчнасць маўлення……………………….....134 Багацце маўлення………………………….…...138 Выразнасць і вобразнасць маўлення……….....144 Сцісласць маўлення…………………………....155 ПРАКТЫЧНАЯ ЧАСТКА………………………………....162 ТЭКСТЫ ДЛЯ АНАЛІЗУ………………………………….283 ПРЫКЛАДНЫ ПАРАДАК ЛІНГВАСТЫЛІСТЫЧНАГА АНАЛІЗУ ТЭКСТУ………………………………………...306УЗОРЫ ТЭСТАЎ…………………………………………..307 СПІС ЛІТАРАТУРЫ……………………………………….311 АДКАЗЫ ДА ТЭСТАЎ…………………………………….316 ПРАДМОВАСучасная канцэпцыя моўнай адукацыі скіроўвае на актыўнае валоданне беларускай мовай у розных сферах жыцця (адукацыі, навуцы, палітыцы, афіцыйным справаводстве і інш.), павышэнне культуры маўлення як істотнага складніка агульнай культуры асобы. У сувязі з гэтым актуальным з’яўляецца ўменне ўсвядомленага практычнага прымянення моўных сродкаў у адпаведнасці з іх функцыянальна-стылістычнай прыналежнасцю і камунікатыўным прызначэннем. Курс “Cтылістыка і культура беларускага маўлення” сінтэзуе звесткі з такіх дысцыплін лінгвістычнага цыклу, як стылістыка беларускай мовы і культура маўлення, што выкладаліся раней як самастойныя. Як комплексная дысцыпліна “Стылістыка і культура беларускага маўлення” надае лінгвістычным ведам дынамічнасць, выпрацоўвае ўменне арыентавацца ў нарматыўных і ненарматыўных моўных варыянтах, прафесійна падыходзіць да ацэнкі, тлумачэння і выкарыстання моўных адзінак (фактаў) як элементаў моўнай сістэмы. Вывучэнне стылістыкі і культуры беларускага маўлення адбываецца ў непарыўнай сувязі з іншымі галінамі сучаснага мовазнаўства і дысцыплінамі гуманітарнага цыклу. Засваенне курса скіравана на асэнсаванне заканамернасцей ужывання моўных адзінак усіх узроўняў у тыповых сітуацыях зносін, стварэнне цэласнага ўяўлення пра функцыянальна-стылявыя разнавіднасці мовы, выпрацоўку навыкаў правільнага, дакладнага, разнастайнага, чыстага маўлення, развіццё моўнага чуцця, павышэнне культуры маўлення ўвогуле. Цэнтральнай у курсе “Стылістыка і культура беларускага маўлення” з’яўляецца праблема нормы, г.зн. узорнасці маўлення ў пісьмовай і вуснай форме, а таксама асабістая адказнасць за культуру маўлення ў грамадстве. Спецыфіка дысцыпліны праяўляецца ў неабходнасці аналізаваць як пазітыўныя, узорныя (прымальныя, правільныя), так і негатыўныя (непрымальныя, памылковыя, недасканалыя) факты. Прызначэнне гэтага выдання заключаецца ў наступным: дапамагчы студэнту ў засваенні дысцыпліны, садзейнічаць павышэнню агульнай культуры прафесійнай адукацыі. Мэта дапаможніка – сфарміраваць тэарэтычную базу стылістыкі і культуры беларускага маўлення, спрыяць засваенню тэрміналагічнага апарата дысцыпліны, азнаёміць з колам актуальных пытанняў яе праблемнага поля, падрыхтаваць да самастойнага аналізу маўленчых актаў з пункту погляду іх мэтазгоднасці, камунікатыўных якасцяў, да стварэння ўласных тэкстаў розных стыляў, павысіць маўленчую і агульную культуру студэнтаў. Задачы дапаможніка:
Вынікам засваення дысцыпліны з’яўляецца тое, што студэнт павінен ведаць:
Студэнт павінен умець:
Структура вучэбнага дапаможніка адпавядае пастаўленай мэце і задачам. Кожны з раздзелаў мае сваё прызначэнне і сваю спецыфіку. У тэарэтычнай частцы асвятляюцца найбольш значныя, складаныя, недастаткова распрацаваныя пытанні, паказваюцца розныя пункты погляду на праблему, стымулюецца вызначэнне студэнтам уласнай пазіцыі. Тут прадугледжваецца вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу, звязанага з камунікатыўнымі якасцямі маўлення, сістэмай нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы з улікам дынамікі і базы іх станаўлення, стылістычнай дыферэнцыяцыяй моўных сродкаў і заканамернасцяў іх функцыянавання ў маўленні. Практычная частка спрыяе ўдасканаленню ўменняў і навыкаў студэнта, назапашванню вопыту творчай дзейнасці, дазваляе прымяніць набытыя веды на практыцы. Практыкаванні, складзеныя па ўсіх тэмах тэарэтычнай часткі, маюць розную ступень складанасці: для выканання адных дастаткова прагледзець тэарэтычны матэрыял, другія прадугледжваюць карпатлівую працу над зместам, трэція – патрабуюць назіранняў даследчага і творчага характару, абагульненняў і вывадаў, дасканалага моўнага густу і адчування слова. Асобныя заданні звязаны з дыскусійнымі пытаннямі культуры маўлення, выкананне іх будзе спрыяць выпрацоўцы самастойнага аналізу тых ці іншых моўных з’яў, умення прымяняць іх у пэўнай маўленчай сітуацыі. Сістэма практыкаванняў накіравана на тое, каб выклікаць цікавасць студэнтаў да роднай мовы, падштурхнуць іх да разважанняў. Прычым кожнае наступнае заданне патрабуе асэнсавання папярэдняга і працягвае яго на новым, больш высокім узроўні. Практычны матэрыял, які ў пераважнай большасці ўзяты з твораў класічнай літаратуры, дэманструе прыгажосць роднай мовы, яе адметнасць і хараство, мае багаты пазнавальны і выхаваўчы патэнцыял. Паводле этычных меркаванняў асобныя прыклады не пашпартызуюцца. Тэксты для аналізу могуць быць выкарыстаны пры вывучэнні функцыянальных стыляў (поўны стылістычны ці лінгвастылістычны аналіз), камунікатыўных якасцяў маўлення (пошук і аналіз сродкаў, што спрыяюць дасягненню той ці іншай якасці), падчас правядзення пераказаў (для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцяў). Узоры тэстаў з’яўляюцца ілюстрацыяй заданняў для тэстаў, якія выкладчык можа самастойна скласці як па кожнай тэме, раздзеле, так і па ўсім курсе. Дапаможнік напісаны з улікам дасягненняў сучаснага мовазнаўства. Абапіраючыся на здабыткі лінгвістычнай навукі, выданне ў пэўнай ступені папаўняе недахоп вучэбнай літаратуры па прадмеце, адлюстроўвае асабісты вопыт аўтараў у выкладанні стылістыкі і культуры беларускага маўлення ў ВНУ. Аўтары выказваюць словы шчырай падзякі загадчыку кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдату філалагічных навук, дацэнту З.І. Бадзевіч, а таксама рэцэнзентам-экспертам: кандыдату філалагічных навук, дацэнту кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта К.П. Любецкай, кандыдату філалагічных навук, дацэнту кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Г.К. Чахоўскаму, кандыдату філалагічных навук, дацэнту кафедры беларускага мовазнаўства УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” Т.Я. Старасценцы за глыбокае і добразычлівае рэцэнзаванне рукапісу, выказаныя заўвагі, якія садзейнічалі паляпшэнню якасці дапаможніка, а таксама дацэнту кафедры беларускага мовазнаўства УА “ВДУ імя П.М. Машэрава” Я.Н. Марозавай за ілюстрацыйны матэрыял да асобных практыкаванняў і тэарэтычных палажэнняў. УВОДЗІНЫ У кожнай мове на працягу яе развіцця фарміруюцца і замацоўваюцца пэўныя нормы ўжывання моўных сродкаў у залежнасці ад сфер зносін, зместу і задач выказвання. Гэтыя нормы ляжаць у аснове вылучэння функцыянальных стыляў мовы. Функцыянальныя стылі – гэта грамадска ўсвядомленыя, унутрана аб’яднаныя разнавіднасці мовы, якія абслугоўваюць працэс камунікацыі ў пэўнай сферы і дыктуюць выбар моўных сродкаў. Пры размежаванні стыляў улічваюцца як моўныя, так і нямоўныя (экстралінгвістычныя) фактары. Да апошніх адносяцца: 1) сфера зносін (навуковая, вытворчая, культурная, палітычная, бытавая і інш.); 2) форма зносін (пісьмовая і вусная, маналагічная і дыялагічная); 3) змест інфармацыі; 4) мэта выказвання (паведамленне, канстатацыя, прапанова, загад, просьба, эстэтычнае ўздзеянне); 5) умовы зносін. Стылі мовы – прадмет вывучэння функцыянальнай стылістыкі (стылістыкі маўлення), што з’яўляецца адным з напрамкаў сучаснай стылістыкі, які даследуе заканамернасці ўжывання моўных сродкаў у розных сферах зносін. Да іншых яе адгалінаванняў належаць наступныя: апісальная стылістыка – найбольш традыцыйны накірунак, які разглядае магчымасці выкарыстання стылістычна афарбаваных сродкаў (вывучае сінанімію ў шырокім сэнсе); практычная стылістыка – выпрацоўвае нормы ўжывання слоў, словазлучэнняў і сказаў у розных функцыянальных стылях; стылістыка мастацкай літаратуры – апісвае асаблівасці функцыянавання мовы ў мастацкім кантэксце, даследуе адметнасць стыляў пісьменнікаў; індывідуальная стылістыка – накірунак стылістыкі, у якім вывучаюцца індывідуальныя стылі маўлення асобных пісьменнікаў, навукоўцаў, журналістаў, палітыкаў і інш.; супастаўляльная – стылістыка, задачай якой з’яўляецца параўнанне структур дзвюх і больш моў з мэтай знайсці агульнае і рознае; стылістыка дэкадзіравання вывучае моцныя пазіцыі (загаловак, эпіграф, пачатак і канец тэксту) у іх сувязі са зместам твора, з раскрыццём асноўнай тэмы, з сістэмай вобразаў і інш. У стылістыцы беларускай мовы традыцыйна вылучаюць пяць стыляў: чатыры кніжныя (афіцыйна-справавы, навуковы, публіцыстычны, мастацкі) і гутарковы, або размоўны. Для ўсіх кніжных стыляў уласцівы наступныя рысы: падрыхтаванасць, абдуманасць, паслядоўнасць, лагічнасць выкладу матэрыялу, ужыванне тэрміналагічнай і абстрактнай лексікі, апавядальная інтанацыя, складаны сінтаксіс. Для гутарковага стылю характэрны экспромтнасць, неафіцыйнасць, эмацыянальнасць, спрошчаны сінтаксіс, выкарыстанне нелітаратурнай лексікі, жэстаў, мімікі, рухаў. Некаторыя даследчыкі, акрамя пяці агульнапрынятых, вылучаюць шосты функцыянальны стыль – канфесійны, што звязана з павелічэннем колькасці рэлігійнай літаратуры на беларускай мове, а таксама з тым, што набажэнства ў многіх храмах вядзецца па-беларуску. Сучасны этап развіцця грамадства характарызуецца ўзаемапранікненнем стыляў, іх узаемаўплывам. Перасячэнне, сінтэз розных стылістычных пластоў выяўляецца як у пісьмовых тэкстах, так і ў асобных выказваннях. Прычына такой з’явы – павышэнне ўзроўню адукацыі, актыўнасць сродкаў масавай інфармацыі, змена сацыяльнай структуры грамадства. У межах кожнага функцыянальнага стылю можна вылучыць больш дробныя разнавіднасці мовы – падстылі. Падстыль – разнавіднасць пэўнага стылю, якая характарызуецца сукупнасцю, адборам і сістэмна-моўнай арганізацыяй сродкаў, уласцівай толькі пэўнаму тыпу тэкстаў. Так, у афіцыйна-справавым стылі ў залежнасці ад сферы выкарыстання тэкстаў вылучаюць канцылярскі, заканадаўчы і дыпламатычны падстылі, у навуковым – акадэмічны, вучэбна-навуковы і навукова-папулярны, у публіцыстычным – газетна-публіцыстычны, радыё- і тэлежурналісцкі, аратарскі. Трэба адзначыць, што пры вызначэнні падстыляў пад увагу бяруцца не асноўныя стылеўтваральныя фактары, а дадатковыя. Усе стылі і падстылі беларускай мовы рэалізуюцца ў пэўных жанрах. Жанр – від тэксту, які вылучаецца ў межах таго ці іншага стылю ці падстылю, характарызуецца своеасаблівай кампазіцыйнай арганізацыяй матэрыялу і моўных сродкаў. Так, афіцыйна-справавы стыль прадстаўлены такімі жанрамі, як заява, аб’ява, распіска, пагадненне, характарыстыка, аўтабіяграфія, справаздача, указ, пастанова і інш., навуковы – манаграфія, дысертацыя, аўтарэферат, даклад, падручнік, навучальны дапаможнік, лекцыя, курсавая і дыпломная работа, рэферат, артыкул, публіцыстычны – інтэрв’ю, інфармацыя, хроніка, агляд, эсэ, рэпартаж, нарыс, фельетон, памфлет, карэспандэнцыя і інш. Стылістычная афарбоўка (канатацыя) – дадатковае да асноўнага (намінатыўнага) значэнне слова, якое абмяжоўвае выкарыстанне дадзенай моўнай адзінкі ў пэўных сферах і ўмовах зносін і тым самым нясе стылістычную інфармацыю: дыскрымінацыя, субстантывацыя, інтэграцыя, фальсіфікацыя, дэвальвацыя, трансанімізацыя, дыялекталогія, сынок, бабулька, бальшун, прахвост, заморыш, прыхвасцень. Стылістычная афарбоўка сігналізуе аб прыналежнасці слова да пэўнага функцыянальнага стылю і абмяжоўвае магчымасці ўжыванне гэтага слова ў іншых стылях. Стылістычная афарбоўка бывае двух відаў – эмацыянальна-экспрэсіўная і функцыянальна-стылістычная. Эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка – адценні ў значэнні слова, якія выражаюць эмоцыі, адносіны да прадмета гаворкі, яго ацэнку – станоўчую або адмоўную. Пры гэтым ацэнка можа 1) насіць пастаянны характар, калі яна ўваходзіць у семантыку слова: дабрадзей, цудоўны, ахайны, пазітыўны, нядобрасумленны, пустаслоў, неслух, халупа, размазня, аферыст, лайдак, лежабок, замухрышка, злыдзень; 2) дасягацца пры ўжыванні слова ў пераносным значэнні: арол, асёл, зязюля, пчолка, пень, варона, гадзюка, мядзведзь, слон, курыца, змяя, бочка, труцень – пра чалавека; 3) заключацца ў суфіксе: браток, вятрышча, лецейка, слаўненькі, нізенькі, звяруга, п’янчуга. Экспрэсіўна афарбаваныя сродкі адзначаюцца ў лексікаграфічных працах спецыяльнымі паметамі, якія ўказваюць на адценні ў значэнні слова: адабр. (адабральнае), неадабр. (неадабральнае), ласк. (ласкальнае), іран. (іранічнае), пагард. (пагардлівае), спагад. (спагадлівае), груб. (грубае), лаянк. (лаянкавае), вульг. (вульгарнае), асудж. (асуджальнае), памянш.-ласк. (памяншальна-ласкальнае), зніж. (зніжальнае), фам. (фамільярнае), узмацн. (узмацняльнае) і інш. |