Главная страница

Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова


Скачать 1.76 Mb.
НазваниеА. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
АнкорСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
Дата19.09.2017
Размер1.76 Mb.
Формат файлаdoc
Имя файлаСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
ТипДокументы
#8758
страница5 из 31
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   31

Нарыс – дакументальны твор, які апавядае (аналізуе) аб разнастайных фактах і з’явах грамадскага жыцця з аўтарскім іх тлумачэннем, з лірычнымі адступленнямі (апісанні прыроды, разважанні аўтара), каб чытач мог адпачыць ад фактаў, лічбаў, дат;

Памфлет – злабадзённы публіцыстычны твор, мэта і пафас якога – сацыяльна-палітычнае выкрыццё, якое дасягаецца шляхам выкарыстання сродкаў сатыры;

Фельетон – жанр, які выяўляе востра-крытычныя адносіны да чалавека, з’явы, прадмета з гумарыстычнымі і сатырычнымі прыёмамі;

Эсэ – празаічна-публіцыстычны твор навукова-гістарычнага, крытычнага, філасофскага характару, напісаны ў адвольнай форме. Для яго неабавязковыя сістэматычнасць, аргументаванасць, аднак абавязковыя вобразнасць, афарыстычнасць, суб’ектыў­насць, індывідуальная інтанацыя аўтара, яго імкненне да самавыяўлення, самааналізу.

Лексічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю наступныя:

1) шырокае ўжыванне грамадска-палітычнай лексікі, у якую ўваходзяць назвы палітычных, філасофскіх, сацыяльна-эканамічных накірункаў, класавых, партыйных, ідэалагічных паняццяў, грамадска-палітычных падзей і інш.: прагрэс, дэмакратыя, рэферэндум, публічнасць, апартэід, плюралізм, тэрарызм, правакацыя, шавінізм, экстрэмізм;

2) выкарыстанне газетызмаў – слоў і выразаў, якія найчасцей сустракаюцца на старонках перыядычнага друку: пасланец, міралюбівы, пазітыўны, гарант, альтэрнатыва, перадавік, місія, форум, візіт, інцыдэнт, кансалідацыя, дапусціць пралікі ў рабоце, падрастаючае пакаленне. Як бачна, газетызмы нярэдка маюць станоўчую або адмоўную ацэначнасць;

3) стандартызаванасць, якая выражаецца ў выкарыстанні гатовых устойлівых выразаў тыпу вытрымаць экзамен на сталасць, пакет прапаноў, даць пуцёўку у жыццё, удзельнікі мелі магчымасць, далейшае ўдасканаленне і развіццё, прыняць меры па ліквідацыі.

Такія і падобныя спалучэнні дапамагаюць аўтарам напісаць публіцыстычны твор за кароткі час. Аднак залішняя “заштампаванасць” надае тэкстам адценне штучнасці, афіцыйнасці, пазбаўляе іх вобразнасці і эмацыянальнасці.

Як негатыўны факт успрымаецца ўжыванне пры словах пастаянных, традыцый­ных азначэнняў (так званых слоў-спадарожнікаў), у якія не заўсёды ўкладаецца належны сэнс: заслужаны адпачынак ‘пенсія’, гарачая падтрымка, карэнныя пераўтварэнні, радыкальныя меры, вострая крытыка, значны ўклад. “Імкненне некаторых журналістаў абавязкова, ва ўсіх выпадках, гаварыць эмацыянальна і вобразна непазбежна прыводзіць да ўзнікнення штампаў, і чытач, наглытаўшыся “вобразных” трафарэтаў накшталт чорнага або белага золата, пачынае сумаваць па звычайным, простым, канкрэтным слове” [54, с. 75];

4) наяўнасць адзінак, якія набываюць выразную публіцыстычную афарбоўку пры ўжыванні ў пераносным значэнні. Напрыклад, словы арэна, школа, платформа, людзі ў прамым значэнні не маюць функцыянальна-стылістычнай афарбоўкі (арэна цырка, базавая школа, чыгуначная платформа, шчырыя людзі), у пераносным жа значэнні яны такую афарбоўку набываюць: арэна палітычнай барацьбы, школа выжывання, палітычная платформа, людзі добрай волі. У пераносным значэнні выкарыстоўваюцца тэрміны з вобласці спорту (апошні раўнд сустрэчы), ваеннай справы (армія беспрацоўных, фронт барацьбы, увесці ў строй), навукі (атмасфера даверу, дыялог паміж краінамі), мастацтва (палітычны спектакль, закулісныя перагаворы) і інш.;

5) увядзенне ў тэксты нядаўна запазычаных слоў: білбард ‘рэкламны шчыт’, графіці, бігмак, брэйкер і інш.Напрыклад: Па загадзе прэзідэнта з білбардаў на цэнтральных вуліцах Мінска знялі твары і целы замежных мадэляў; Сацыяльны работнік – сапраўдная квінтэсэнцыя разнастайных пазнанняў і тэорый, уменняў і магчымасцей.

Працэс пранікнення названых адзінак у друк з кожным годам становіцца ўсё больш інтэнсіўным. Лінгвісты выказваюць думку, што без многіх запазычаных слоў, якія прыходзяць у нашу мову праз публіцыс­тыку, мы можам абысціся. Пагэтаму ўжываць іх трэба з улікам тэматыкі, сэнсавай і эстэтычнай мэтазгоднасці;

6) частотнасць складаных і складанаскарочаных слоў(мала­забяспечаныя, непаўналетнія), абрэвіятур: Незалежны інсты­тут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) правёў апытанне…; Беларускі саюз прадпрымальнікаў (БСП) і прафсаюз “Садружнасць” намераны аспрэчыць у Канстытуцыйным судзе (КС)…; супрацоўнікі АБЭЗ праверылі дакументы ў прыватных гандляроў “Стралецкага” рынка…; За апошнія дзесяць гадоў у сістэме РУП ЖКГ на ніводнай з шаснаццаці кацельняў і цепласетак [Докшыц] не было праведзена ніводнай рэканструкцыі (з газеты);

7) ужыванне эмацыянальна-ацэначнай лексікі, слоў з пераносным значэннем: Створанае ім [Максімам Багдановічам] вытрымала выпрабаванне часам і не толькі не паблякла, а, наадварот, яшчэ ярчэй зазіхацела, здзіўляючы сваім хараством увесь славянскі свет;

8) выкарыстанне нелітаратурных моўных сродкаў – дыялектызмаў, жарганізмаў, варварызмаў, экзатызмаў, размоўнай і прастамоўнай лексікі: Па ініцыятыве дырэктара саўгаса імя Ціміразева Глыбоцкага раёна Аляксандра Сясіцкага больш ураўнілаўкі ў аплаце працы ў ягонай гаспадарцы не будзе; [Падчас рэканструкцыі Камароўскага рынка] прымусова знеслі каля сотні гандлёвых кропак, угахалі на прычупырванне нямала сродкаў; Новы альбом [гурта “Глюкоза”] пастаянна дапісваецца, перарабляецца. У Макса Фадзеева фантан ідэй. Мне здаецца, альбом атрымаецца проста “зэ бэст”. Незвычайны, моцны; Як звычайна, на ростанях зімы і вясны, калі яўрэі адзначаюць сваё старадаўняе свята Пурым, у Віцебску адбыўся ўжо традыцыйны для горада Міжнародны фестываль “пурымшпляў” – тэатралізаваных прадстаўленняў, прысвечаных нацыянальнай урачыстасці еўрапейскіх яўрэяў;

9) увядзенне ў тэксты аўтарскіх неалагізмаў, якія з’яўляюцца яркім вобразным сродкам: І праўда, пахарашэла Камароўка. Толькі пасля будаўнічага еўрашухеру тавар харчовы падаражэў ці не ўдвая;

10) шырокае выкарыстанне фразеалогіі (у вузкім і шырокім сэнсе). Прыказкі, прымаўкі, крылатыя выслоўі і ўласна фразеалагізмы нярэдка становяцца загалоўкамі публіцыстычных твораў: Абвяла вакол пальца; Забіць – раз плюнуць? Новае – гэта забытае старое; Хто ў лес, а калгасы – па дровы; Саюз прайшоў агонь, ваду, але спатыкнуўся на газавых трубах; Любіш катацца – за саначкі плаці; Воўк сытаму не таварыш; Талачын – горад кантрастаў.

Як бачна з прыведзеных прыкладаў, устойлівыя спалучэнні нярэдка ўжываюцца ў змененым, ператвораным і абноўленым выглядзе, набываючы пры гэтым новыя сэнсава-экспрэсіўныя адценні і становячыся фразеалагічнымі неалагізмамі;

11) ужыванне тэрміналагічнай лексікі ў тэкстах, прысвечаных пытанням навукі, тэхнікі, эканомікі, культуры. Нярэдка тэрміны пераасэнсоўваюцца, набываюць нехарактэрнае значэнне, абыгрыва­юцца аўтарамі:

Восень – дзіўная пара: прыгожая, каляровая, але і каварная. Сягоння цёпла, заўтра холадна… Сезон абвастрэння розных хвароб. Людзі хварэюць на грып, прастуду – гэта хваробы часовыя. А бываюць яшчэ хваробы прафесійныя, напрыклад, “філалагічная хвароба”.

Гісторыя хваробы выглядае так: пачынаецца яна ў шаснаццаці- або сямнаццацігадовым узросце, якраз у той момант, калі чалавек рашае, што яму трэба (проста неабходна!) быць філолагам.

Прагрэсуе названая хвароба звычайна на працягу ўсяго перыяду навучання.

Сімптомы наступныя: “хворы” чытае ўсё, што бачыць, шукае граматычныя памылкі, вызначае жанравую прыналежнасць тэксту. Звычкай “хворага” становіцца лінгвістычны аналіз (часам нават на падсвядомым узроўні).

Станоўчае тое, што абвастрэнне не выклікае пабочных эфектаў і прыносіць толькі карысць. Адзінае – “хвароба” цяжка паддаецца лячэнню, нярэдка пераходзіць у хранічную форму. Часам бывае заразнай.

Словам, хварэйце на здароўе! (з газеты)

12) частотнасць вобразных сродкаў мовы (гл. урыўкі вышэй).

Марфалагічныя асаблівасці публіцыстычных тэкстаў:

1) ужыванне адзіночнага ліку назоўнікаў у значэнні множнага: Няшчодрая зямля прывучыла калісьці беларуса да разліку ў вядзенні гаспадаркі, да ашчаднасці, да таго, што “нішто не прападае”, усё ідзе ў справу, нават падабраны цвік, нават лясіна ці калода, прыплаўленая ракой, і, аднак, дужа памыліўся б той, хто назваў бы яго скупым. Беларус якраз адрозніваецца шчодрасцю, заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе (У. Караткевіч); Пунктуальнасць нарадзілася раней за немца (У. Караткевіч);

2) выкарыстанне назоўнікаў, якія не паддаюцца лічэнню, у форме множнага ліку: размовы, свабоды, настроі, пошукі. Пры гэтым некаторыя з лексем набываюць асаблівае, спецы­фічнае значэнне, напрыклад, улады ‘сукупнасць асоб, якім уласцівы найвышэйшыя паўнамоцтвы’ (гарадскія ўлады): Гарадскія ўлады звярнулі ўвагу на неабходнасць азелянення цэнтральных вуліц горада (з газеты);

3) ужыванне формаў загаднага ладу: Паважаныя чытачы! Вашы прапановы і пажаданні накіроўвайце (дасылайце) у рэдакцыю газеты! Такія формы нярэдка выкарыстоўваюцца ў загалоўках як сродак актывізацыі ўвагі чытача, напрыклад: Апраніся ў кімано, абмахніся веерам; Прападзі, грыбок вялікі і маленькі;

4) прадуктыўнасць формаў роднага склону назоўнікаў: падвядзенне вынікаў, папярэджанне наступстваў аварыі на ЧАЭС, забружванне навакольнага асяроддзя, прыняцце рашэння;

5) выкарыстанне форм цяперашняга і прошлага часу дзеясловаў;

6) вялікая колькасць адмоўных часціц не, ні, часціцы ж (жа) ва ўзмацняльнай функцыі, а таксама часціц нават, усяго толькі. Напрыклад: Здаецца, пытанне вырашаецца вельмі проста: небяспечныя атамныя станцыі – не выкарыстоўваць. Жылі ж людзі калісьці і без іх. Забруджваюць атмасферу станцыі на нафтавым паліве – адмовіцца ад іх выкарыстання. Жылі ж людзі і без электрычнасці (з газеты);

7) выкарыстанне вытворных прыназоўнікаў больш частае, чым невытворных: на шляху, на аснове, на базе, у бок, у вобласці, у якасці, у ходзе, у імя, у духу, у інтарэсах, з улікам і інш.;

8) ужыванне займенніка мы са значэннем ‘група, суполь­насць людзей, у якую ўваходзіць і сам апавядальнік’, што збліжае чытача і слухача з публіцыстам, надае выказванню адценне шчырасці і нязмушанасці: Мы прывыклі ў пагоні за “доўгім рублём” кіравацца знакамітым “авосем” (з газеты); Якая яна, мая зямля? Гэта ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але мы, дзеці Беларусі, ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі не была агрэсарам (У. Караткевіч).

Сінтаксічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю выражаюцца ў тым, што тут функцыянуюць у адпаведнасці са зместам і жанрам твора ўсе тыпы сказаў, як простых, так і складаных. Сярод іншых рыс варта адзначыць наступныя:

1) вялікая колькасць экспрэсіўных канструкцый, сярод якіх ужываюцца рытарычныя пытанні, форма “пытанне – адказ” (публіцыст задае пытанне і сам на яго адказвае), клічныя сказы, градацыя, паўторы, парцэляваныя канструкцыі і інш. Напрыклад: Пра сябе як паэта ён [Максім Багдановіч] заявіць адразу і адразу ж упэўненай хадой пойдзе наперад, пераадольваючы цяжкасці (А. Бачыла); А праз паўгода я не пазнаў Васіля. Мажны, ляніва-сыты, як кот на канапе. Праходжваўся па вуліцы Кульман. Парукаліся. Цікаўлюся пра жыццё (з газеты); Значыць, праблема не ў тым, каб адмаўляцца ад небяспечных тэхналогій. Сапраўды, ці так вінаваты “мірны атам” у тым, што адбылося ў Чарнобылі? Канешне ж, не. Віна поўнасцю кладзецца на самога чалавека; Што ж вырашыць чалавецтва? Жыць сённяшнім днём, седзячы на бомбе цывілізацыі, або застацца сапраўды цывілізаваным, вырашаючы праблемы з поглядам на перспектыву? Пытанне не патрабуе адказу – яно патрабуе дзеяння! (з газеты);

2) інверсійны парадак слоў: Хлеб – аснова жыцця. Хлеб надзённы й хлеб духоўны, ім трываліцца людства. Хлеб з зерня – з кроплі вечнасці, а зерне сведчыць пра неўміручасць жыцця. Подавы хлеб, каравай вясельны паўтараюць аблічча сонца. Хлебам вымяраецца праца, хлебам вымяраецца багацце, хлебам вымяраецца вартасць хлебароба (Р. Барадулін);

3) інфінітыў у ролі галоўных членаў сказа: Жыць – Радзіме служыць; Вучыцца – мучыцца? (з газеты);

4) адсутнасць дзеяслоўнага выказніка, што надае маўленню яркасць і экспрэсіўнасць: Цэнтр – Віцебску; За грыбы – абсталяванне; Мільёны – у фонд Чарнобыля (з газеты);

5) ужыванне састаўных іменных выказнікаў, што вядзе да вылучэння прымет, якасцей прадметаў, а не засяроджвання ўвагі на дзеянні: Пурым – свята вясёлае (з газеты); І наперакор вяліка­дзяржаўным скептыкам, якія не прызнавалі за беларускай мовай яе самастойнасці, [Максім Багдановіч] дакажа, што яна ніколькі не бяднейшая і не горшая за іншыя мовы, што ёй падуладны ўсе віды і жанры, зведаныя і асвоеныя высокаразвітымі літаратурамі, і што на ёй можна паспяхова перадаваць найтанчэйшыя адценні чалавечых пачуццяў (А. Бачыла);

6) увядзенне цытат, простай і няўласна-простай мовы: “Хлеб наш надзённы дай нам сёння”, – моліць людства Звышняга ўжо якое тысячагоддзе (Р. Барадулін).

Лінгвісты адзначаюць таксама наступныя граматычныя асаблівасці публіцыстычнага стылю: уласныя імёны з суфіксамі -чын-/-шчын-: Віцебшчына, Брэстчына, Лагойшчына; суб’ектыўна-ацэначныя фарманты ў назоўніках, прыметніках, прыслоўях: пчолка, маленькі, высачэзны, нізка-нізенька.

Такім чынам, для мовы публіцыстыкі характэрна спалучэнне лагічнага і вобразнага, рацыянальнага і эмацыянальнага. У гэтым стылі, як ні ў якім іншым, аўтар мае магчымасць праявіць сваю індывідуальнасць як словатворца, як чалавек і як грамадзянін. Кожны публіцыстычны твор – гэта адбітак асобы аўтара, ілюстрацыя яго светабачання і светаразумення.

ГУТАРКОВЫ СТЫЛЬ
Гутарковы (размоўны) стыль абслугоўвае патрэбы непасрэдных зносін у быце, сям’і, а таксама неафіцыйных зносін у вытворчасці, ва ўстановах і г.д. Асноўнай формай рэалізацыі размоўнага стылю з’яўляецца вусная мова, аднак ён можа праяўляцца і ў пісьмовай форме (сяброўскія лісты, запісы прыватнага зместу, асабістыя дзённікі, рэплікі персанажаў і інш.).

Асноўныя экстралінгвістычныя фактары, якія абумоўліваюць фарміраванне размоўнага стылю, – гэта неафіцыйнасць, нязмушанасць адносін паміж субяседнікамі, непадрыхтаванасць маўлення, непасрэдны кантакт удзельнікаў размовы, тэматычная разнастайнасць. Вялікую ролю набываюць інтанацыя, жэсты, міміка, рухі, рэакцыя субяседніка, абставіны маўлення, агульнасць жыццёвага вопыту і інтарэсаў суразмоўцаў. Пералічаныя элементы паляпшаюць узаемаразуменне, дапамагаюць больш дакладна і эмацыянальна данесці інфармацыю.

Асаблівасцю гутарковага стылю з’яўляецца эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць, ацэначная рэакцыя. Так, на пытанне Дапісаў рэферат? замест адказу Не, не дапісаў могуць прагучаць эмацыянальна-экспрэсіўныя выразы тыпу Дзе там дапісаў!; Зараз табе – дапісаў!; Якое там дапісаў!; Лёгка сказаць – дапісаў! і да т.п.

Размоўны стыль не вызначаецца жанравай разнастайнасцю. Асноўныя формы яго рэалізацыі – гэта розныя тыпы гутарак (па тэлефоне, непасрэдная размова) і перапіска (СМС-паведамленні, інтэрнэт-лісты, лісты і паштоўкі).

Лексічныя асаблівасці размоўнага стылю наступныя:

1) выкарыстанне стэрэатыпных выразаў, моўных клішэ ў падобных сітуацыях ці сітуацыях, якія паўтараюцца. Да такіх выразаў адносяцца формулы прывітання, развітання, прабачэння, звароту, удзячнасці і г.д., напрыклад: Добры дзень!; Добры вечар!; Да пабачэння!; Усяго найлепшага!; Бывайце здаровы!; Прабачце мне!; Даруйце мне!; Паважаныя сябры!; Паважаныя калегі!; Дазвольце выказаць шчырыя словы падзякі; Вялікі дзякуй! Вельмі ўдзячны вам;

2) багацце бытавой лексікі: сусед, брат, дачка, панчохі, спадніца, туфлі, валёнкі, кладоўка, кухня, халадзільнік, снедаць, абед, бульба, хлеб, пірагі, закурыць, падсмажыць, праспаць;

3) ужыванне гутарковых слоў, якія блізкія да нейтральных, але не роўныя ім. Такія адзінкі найчасцей характарызуюць знешнія ці ўнутраныя рысы, паводзіны чалавека і ў слоўніках адзначаюцца паметай разм. (размоўнае): слюнцяй, лабасты, бядак, атáбарыцца, завядзёнка, атрупянець, рахітык, нажытак, раўня, свінтух, бабыль, бездар, свістапляска, умакрэць, задавака, усмешлівы, скупянда, ускубнуць, хаўтуры, ацірацца, ачумець, дзедаўшчына, ачухацца, скупеча, смяльчак;

4) наяўнасць прастамоўных, лаянкавых, грубых слоў, якія маюць больш зніжаную, чым гутарковыя, эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і ў слоўніках адзначаюцца паметамі праст. (прастамоўнае), лаянк. (лаянкавае), груб. (грубае), зневаж. (зневажальнае), пагард. (пагардлівае). Напрыклад: лаянк., разм. басатá; разм., груб. жратва; разм., пагард. баб’ё; разм., груб. бельмы; разм., пагард. дурніла; разм., лаянк. дурніца; груб. банкарт ’незаконнанароджанае дзіця’;

5) выкарыстанне дыялектных слоў: бязу΄льнік ’свавольнік, гарэза’, сярні΄чкі ’запалкі’, шу΄ма ’смецце’; су΄ды ’два вядры’: Пятро, схадзі прынясі з калодзежу двое су΄даў вады!; Хацела вам кашы зварыць, ды малако прымгну΄ла [‘падкісла’];

6) ужыванне жарганізмаў і прафесіяналізмаў прадстаўнікамі розных сацыяльных груп. Напрыклад, у мове сучаснай моладзі выкарыстоўваюцца словы калбáсіцца ‘актыўна танцаваць, рухацца, быць у стане эмацыянальнага ўздыму’, трахáн ‘крыху’, трахец ‘крыху’, радакі, продкі, шнуркі ‘бацькі’, мацільда ‘маці’, аблом ‘пра дзеянні, задумы, справы, якія не ўдалося рэалізаваць’, гусь, перац ‘пра чалавека’ (з адмоўнай экспрэсіяй); у мове следчых сустракаюцца словы глухар ‘нераскрытае забойства’, адказняк ‘справа, ва ўзбуджэнні якой адмоўлена’, вісяк ‘нераскрытае злачынства’, макруха ‘злачынства з забойствам’, браслеты ‘наручнікі’; у мове маракоў – кок ‘повар на судне’, камбуз ‘кухня на судне’, задраіць (люк) ‘шчыльна закрыць’. Усе пералічаныя адзінкі знаходзяцца па-за межамі літаратурнай мовы;

7) не характэрна выкарыстанне запазычаных слоў, тэрмінаў, кніжнай лексікі. Аднак у гутарках на грамадска-палітычныя тэмы, на тэмы навукі, мастацтва, правоў названыя адзінкі шырока ўжываюцца: плюралізм, дэмакратыя, валюта, фундамент, правакацыя, перспектыва;

8) распаўсюджаны назвы з канкрэтным значэннем і абмежаваны словы абстрактныя;

9) выкарыстанне аўтарскіх неалагізмаў, утвораных на ўзор літаратурных слоў, напрыклад: Ну, што, дачушка? Ці напірожнічалася[‘наелася пірожных’] ты?; На нашай кафедры большая палова – аступененыя і акандыдачаныя[‘якія маюць навуковую ступень кандыдата навук’]; Я даўганула [‘узяла ў доўг’] у Волькі трошкі грошай (з маўлення студэнтаў і выкладчыкаў);

10) частотнасць фразеалагізмаў, прыказак, прымавак, афарызмаў, праклёнаў: Жыццё пражыла – як на свінні праехала; Ты ў гэтым пытанні разбіраешся, як свіння ў апельсінах; А каб цябе ў чыстым полі дзверы сціснулі!; А каб табе пуста было! Нярэдка фразеалагізмы ўжываюцца ў змененым, пераасэнсаваным выглядзе. Такія адзінкі з’яўляюцца надзвычай эмацыянальнымі і вобразнымі: Яму і чаркі ў рукі;

11) шырокае выкарыстанне метанімічных пераносаў: Сягоння савет –замест Сягоння адбудзецца пасяджэнне савета універсітэта (факультэта); Вазьмі ў бібліятэцы Грынблата – замест Вазьмі ў бібліятэцы артыкулы, напісаныя М.Я. Грынблатам (з маўлення студэнтаў і выкладчыкаў);

12) ужыванне слоў у пераносным значэнні, характэрным толькі для дадзенага стылю: прасвістаць, спусціць (грошы) ‘хутка расходаваць’, падкінуць (на машыне дадому) ‘падвезці’, падкінуць (грошай) ‘даць’, пасеяць (грошы, кашалёк і інш.) ‘згубіць’, паляцець (пра матор, камп’ютар і інш.) ‘сапсавацца, зламацца’, адрэзаць ‘рэзка адказаць, жадаючы спыніць размову, спрэчку і да т.п.’, накáпаць (на каго-небудзь) ‘паскардзіцца’, кураціна ‘цыгарэты’, гуляць у карткі, раскладаць пасьянс ‘працаваць з картатэкай’.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   31


написать администратору сайта