Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
Скачать 1.76 Mb.
|
Нярэдка словы іншамоўнага паходжання, якія яшчэ не поўнасцю асвоены беларускай мовай, не падпарадкоўваюцца яе арфаэпічным нормам: рэгуляцыя, рэактыў, рэлікт, рэцэптар, рэфлекс (не дзейнічае закон акання), герань, гербарый, фермент, некроз (не дзейнічае закон якання), орган, омуль, онікс (не ўзнікаюць прыстаўныя зычныя) і г.д. Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы Акцэнтныя нормы рэгулююць правільнасць пастаноўкі націску ў словах. Націск – гэта вылучэнне фанетычным спосабам аднаго са складоў у слове (слоўны націск). Аднак у кожнай фразе адно са слоў мае больш моцны націск, чым астатнія, што дазваляе слухачу засяродзіць на ім большую ўвагу, выдзеліць яго лагічна. Такі націск называюць лагічным – сэнсава важкае слова прамаўляецца з большай сілай і працягласцю голасу. Бывае таксама эмфатычны націск – слова вымаўляецца эмацыянальна, з самымі разнастайнымі адценнямі: іроніі, пагарды, пяшчоты, спагады і інш., чым і выяўляе адносіны апавядальніка да прадмета гутаркі або да субяседніка. Інтанацыйна-рытмічнае выдзяленне націскных складоў (слоўны націск) і асобных слоў (лагічны і эмфатычны націск) з’яўляюцца абавязковай умовай выразнасці вуснага маўлення. Асноўны націск – слоўны – гэта абавязковая прымета фанетычна самастойнага слова, якая забяспечвае яго адзінства. Самастойны націск у беларускай мове маюць таксама інфармацыйна моцныя словы: а) сцвярджальныя і адмоўныя часціцы: але, так, не і інш.; б) выклічнікі: гэй! Ох! і г.д.: О! Ляціце, журавы, ляціце! Беларускі націск мае яшчэ некалькі важных характарыстык: 1. Ён дынамічны (сілавы) і колькасны (квантытатыўны, больш працяглы) адначасова, таму яго кваліфікуюць як дынамічна-колькасны. 2. У некаторых мовах націк фіксаваны, ці аднамясцовы, – заўсёды на адным складзе любога слова (у французскай, турэцкай, армянскай – на апошнім складзе, у польскай – на перадапошнім, у чэшскай, латышскай, венгерскай – на першым). У беларускай мове націск прыпадае на розныя склады, ён свабодны, ці рознамясцовы. 3. Паводле акцэнталагічных суадносін формаў слова беларускі націск можа быць як рухомы, так і нерухомы, г.зн. пры формаўтварэнні месца націску можа змяняцца (пераходзіць на іншы склад: бéлы – бéлага – белавáты – бялéецца – бялю'сенькі; зéлень – зеляні'на) або заставацца нязменным на тым самым складзе: хáта – у хáце – хáтні – хáтнічак – хáтай – хáты; твóр – твóры – твóрамі – твóру. 4. Націск маюць толькі самастойныя словы. Службовыя словы націску, як правіла, не маюць: яны прымыкаюць у якасці ненаціскных складоў да самастойных слоў, утвараючы разам з ім адно фанетычнае слова (праклітыкі ці энклітыкі (да ці пасля самастойнага слова)): да вóкнаў, хаце'ў бы; такія з’явы адпаведна называюцца праклізы / энклізы. Трэба ведаць, што двухскладовыя часціцы, вытворныя злучнікі, прыназоўнікі маюць слабы, пабочны націск (гравіса) у адрозненне ад асноўнага, больш моцнага (акута): т`олькі адзі'н, вак`ол дóма, п`ерад ад’éздам. 5. У складаных ці нескладаных шматскладовых словах (словы са складанай рытмічнай структурай) можа ўзнікаць пабочны націск: мо`вазнáўства, ко`лерамузы'чны; пры 3-4-х каранях у складаным слове – 3-4 націскі (першыя – пабочныя, апошні – асноўны): мо`таве`лагóнкі, пы`лаво`данепранікáльны. 6. Слоўны націск з’яўляецца дадатковым сродкам фанетычнага адрознення слоў у тых выпадках, калі словы аднолькавыя паводле колькасці складоў і паслядоўнасці размяшчэння гукаў: пáра – парá, пры'клад – прыклáд, гу'сты – густы', лю'бы – любы'. Такім чынам, націск у беларускай мове выконвае дзве функцыі: а) аб’яднанне складоў у слова; б) словаразмежаванне (буйны ‘неспакойны, свавольны, дзёрзкі, нястрыманы’ і буйны‘вялікі па памерах, па значэнні’, закáпаць – закапáць, зáраз – зарáз, кáзачка – казáчка) ці формаразмежаванне (рукі – рукі', трáвы – травы', ву'чыць – вучы'ць, вы'клікаць – выклікáць і г.д.). На ўзроўні акцэнталогіі, як і на іншых моўных узроўнях, варыянтнасць з’яўляецца непазбежным спадарожнікам развіцця мовы. Варыянты забяспечваюць менш рэзкі пераход ад старой нормы да новай, а часам набываюць стылістычную маркіраванасць, напрыклад: велізарны і вялі'зарны, вершалі'на і вяршаліна, бязвылазна і безвылазна, бесклапотна і бясклопатна, гняды і гнеды, косы і касы, нерасчасаны і нерасчэсаны, верасовы і верасавы, ветравы і ветравы, бузінавы і бузіновы, завербаваны і завярбованы, марынаваны і марынованы, ласкавы і ласкавы, віхор і ві'хар, вярэ'дзіць і верадзіць, мáці, разм. мацеркі, мацяркі'. Акрамя нарматыўных варыянтаў, якія фіксуюцца як норма ў слоўніках, граматыках, у маўленні адзначаюцца і ненарматыўныя варыянты. Іх існаванне звязана, на думку М.В. Бірылы, “з пранікненнем у літаратурную мову дыялектных акцэнталагічных варыянтаў, з уплывам акцэнталагічнай сістэмы рускай мовы, з няправільным засваеннем месца націску ў запазычаных словах, з дзеяннем аналогіі ўнутры самой беларускай мовы”. Асабліва моцны ўплыў на пашырэнне ненарматыўных варыянтаў аказваюць дыялектныя і рускія акцэнтныя варыянты. Напрыклад, дыялектныя варыянты басіць, бульбяны, вудзіць, гліняны, здваіць, крупяны, лапух, несвіжскі, пахмурны, першынства і пяршынства (правільна: першынство), рабы, садавіна, угноіць, цэрква, чайная, шматвекавы. Многія словы генетычна тоесныя ў беларускай і рускай мовах, якія цесна кантактуюць на працягу ўсёй сваёй гісторыі, што спрыяе інтэнсіўнаму пранікненню ў беларускую акцэнтную сістэму рускіх элементаў. “Але гэта якраз і ёсць тая правакацыйная блізкасць, – пісаў А.А. Рэфармацкі, – пераадольванне якой тоіць у сабе вялікія практычныя цяжкасці”. Так, уплывам рускай мовы тлумачыцца ўжыванне наступных ненарматыўных варыянтаў (русізмаў): голаву, дзяцьмі, ногу, руку, міла, самаго, абоіх, нясці, вязці, нясла, вязла, адзінаццаць, чаты'рнаццаць, барадаўка, баязь, валенак, ножніцы, вусы, дочка, драва, ікаць (трэба: ікаць), канапля (трэба: каноплі), карабель, лушчыць (трэба лушчыць), моладасць, малы, стары, па-стараму, рашато, сліна, сняжкі, семера, фартух, крапіва, куханны, параліч, хто-небудзь. Незасваеннем, няведаннем акцэнтных нормаў тлумачыцца памылковае вызначэнне месца націску ў словах іншамоўнага паходжання, напрыклад: алфавіт (правільна па-руску і па-беларуску алфавіт), квартал, каталаг, дакумент, кілометр, кулінарыя, процант, агент, алкагаль, анапест, сі'раты, дыяметр, медыкаменты, партэр, фарфар, феерыя, фенамен і іншыя, якія, як лакмусавая паперка, адразу выяўляюць узровень маўленчай культуры чалавека. У асобных выпадках адхіленні ад акцэнтных нормаў можна растлумачыць дзеяннем унутрымоўнай аналогіі. Напрыклад, ненарматыўныя варыянты бляхар (па аналогіі ад бляха) – правільна бляхар; вага (ад важыць) – правільна вагá; валавы (ад вал) – правільна валавы'; цяжар (ад цяжкі) – правільна цяжáр; іконапіс (ад ікóна) –правільна іканапіс; пурпурны (ад пурпур) – трэба пурпурны. Каб пазбегнуць іх, трэба дакладна ведаць нарматыўныя варыянты, для гэтага неабходна звяртацца па даведку ў слоўнікі. Як слушна сцвярджаюць мовазнаўцы, у беларускай мове на месца слоўнага націску ўплывае наяўнасць суфікса ці прэфікса. Напрыклад, калі ў назоўніках ёсць суфіксы -ыст / -іст, -ан / -ян, -ей / -эй, -ізм / -ызм, -ант, -ёр, то на іх, як правіла, прыпадае націск: журналі'ст, вакалі'ст, велікáн, багаце'й, палані'зм, дыпламáнт, кіяскё'р. Назоўнікавыя прэфіксы вы-, по-, под-, про-, поў- таксама маюць фіксаваны націск (незалежна ад колькасці складоў у слове, калі яно ўтворана ад дзеяслова): вы'лет, вы'дых, пóдых, пóдступ, прóпуск, пóўдзень і інш. У вытворных прыметніках націск фіксуецца на такіх словаўтваральных суфіксах, як -ават- / -яват-, -ат-, -арн- / -ярн-, -ічн-/-ычн-, -оў-/-ёў-: цеплавáты, рагáты, папуля'рны, рытмі'чны, Міхасё'ў. У памяншальна-ласкальных формах прыметнікаў з фармантамі -еньк- / -эньк- / -аньк- націск можа быць як на корані, так і на суфіксе: стары' – старэ'нькі, цё'плы – цё'пленькі, малы' – малéнькі, вясё'лы – вясё'ленькі (калі ў пачатковай форме націск прыпадае на канчатак, то ў вытворным слове націскным з’яўляецца суфікс; у прыметнікаў з націскным коранем націск нерухомы). Што да астатніх суб’ектыўна-ацэначных формаў прыметнікаў, то ў іх фармант, як правіла, націскны: ціху'ткі, бялю'сенькі, малюпáсенькі, высóзны, вялі'зны, велізáрны, страшэ'нны. У дзеясловах пільнай увагі патрабуюць формы 1-й асобы множнага ліку абвеснага ладу і формы 1-й асобы множнага ліку загаднага ладу. Адпаведна першыя будуць з націскным канчаткам -ём/-ом: бярóм, нясё'м, кладзё'м (абвесны лад), другія – з канчаткам -ем/-эм: бярэ'м, нясе'м, кладзе'м (загадны лад). Дзеяслоўныя формы 2-й асобы множнага ліку цяперашняга ці будучага часу маюць націск 1) на апошнім складзе канчатку, калі ў 1-й асобе множнага ліку яны мелі націскны канчатак (бярóм – бераце', глядзі'м – гледзіце', даё'м – даяце'); такія формы нельга блытаць з формамі 2-й асобы множнага ліку загаднага ладу, у якіх націск прыпадае на першы склад канчатка: крычы'це, маўчы'це, глядзі'це; 2) на аснове, калі ў 1-й асобе множнага ліку націск падаў на аснову: пі'шам – пі'шаце, малю'ем – малю'еце. Пастаноўку месца націску ў асобных лічэбніках трэба запомніць: адзінáццаць, адзінáццаты, чатырнáццаць, чатырнáццаты, шэ'сцьдзесят. Паводле Правілаў-2008 у складаных словах лічэбнік сто заўсёды мае форму ста (статóнны, статы'сячны, стаметрóвы), а гэта значыць, што ў такіх утварэннях адсутнічае пабочны націск. У складаных лічэбніках, што маюць некалькі каранёў, можа быць адпаведная колькасць націскаў, апошні з якіх – асноўны: трыццаці`шасці`мільё'нны, сарака`пяці`ты'сячны. У адмоўных займенніках ніхто (нішто) пры скланенні націск прыпадае на першы галосны канчатка: нікóга, нічóга (нікóму, нічóму) і г.д. (параўн. формы адносных займеннікаў: кагó, чагó, каму', чаму'). У займенніку нія'кі ва ўсіх склонах націск захоўваецца на аснове (на я): нія'кага, нія'каму, нія'кіх і г.д. (Лепш нія'кі, чым абы-які; Ядуць на свеце хлеб траякі: белы, чорны і нія'кі); параўн. адносныя займеннікі: якóга, якóму. Калі пры адмоўным займенніку ўжываецца прыназоўнік, то ён ставіцца пасля адмоўнай часціцы ні, тады націск можа прыпадаць на розныя склады займеннікаў: ні на кóга (не спадзяваліся) – ні на кагó, ні да чóга (рукі не прыстаюць) – ні да чагó, ні за я'кія (грошы) – ні за які'я. Першыя варыянты больш уласцівыя літаратурнай мове, чым апошнія. Пры скланенні займеннікаў сам, сáмы трэба памятаць наступнае: у займенніку сам ва ўскосных склонах націск прыпадае на першы галосны канчатка: самóга (-óму, -і'м, -у'ю, -і'х), а ў займенніку сáмы – на аснову: сáмага (-аму, -ым, -ай, -ым). Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы Арфаграфічныя – гэта нормы, якія дэманструюць правільнасць пісьмовай мовы, спрыяюць аднастайнасці напісання слоў і іх формаў. Веданне арфаграфічных нормаў – паказчык адукаванасці асобы, яе ўважлівага стаўлення да мовы. Як вядома, 23 ліпеня 2008 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, паводле якога замацаваліся некаторыя змены ў арфаграфічнай і пунктуацыйнай сістэмах беларускай мовы ў параўнанні з нормамі, прынятымі ў 1957 годзе. Змены закранулі правапіс галосных, зычных, а таксама правапіс вялікай літары: былі ўведзены новыя правілы, а таксама ўдакладнены ўжо існуючыя. Згодна з “Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” 2008 года (далей: Правілы-2008) [38] літара Э пішацца ў канцы запазычаных нязменных слоў пасля зычных, у тым ліку ва ўласных імёнах і геаграфічных назвах (рэзюмэ, купэ, кафэ, каратэ, кабернэ, шымпанзэ; Морзэ, Брыгвадзэ, Душанбэ, Струвэ). Выключэнне: пасля Л, К пішацца літара Е: сальта-мартале, філе, камюніке, піке. Літара Э пішацца таксама пасля губных зычных і пасля З, С, Н у сярэдзіне запазычаных слоў: экзэмпляр, капэла, сурвэтка, маянэз, тунэль, інтэрнэт, сэ'рвіс ‘абслугоўванне’ (але медаль, менеджмент, нервы, парламент, газета, серві'з ‘набор посуду’). Аканне распаўсюджваеццана ненаціскныя фінальныя спалучэнні -аль, -ар слоў іншамоўнага паходжання: шніцаль, шпáталь; камп’ютар, пэйджар, ордар, світар, менеджар, лідар, альма-матар, тэндар, фарватар і інш. Выключэнне: уласныя запазычаныя назоўнікі, якія пішуцца праз -эль, -эр, калі на іх не пáдае націск:Гендэль; Пітэр, Юпітэр, Потэр, Ландэр, Лютэр, Одэр, Гюнтэр; вытворныя ад такіх назоўнікаў словы: юпітэрны, лютэранства. Літара О пішацца і вымаўляецца толькі пад націскам незалежна ад паходжання слова: Орша, ордэн, рэкорд, рэформа. Не пад націскам заўсёды пішацца і вымаўляецца А: аршанскі, ардэнаносны, рэкардсмэн, Токіа, Бакачыа, трыа, адажыа, Ватэрлоа, імпрэсарыа і г.д. Літара Ё пішацца ў наступных выпадках: 1) пад націскам (вёска, мёд, цёплы); 2) не пад націскам у словах з коранем ёд- і ёт- (ёдапірын, ётаванне); 3) у складаных словах з першай часткай радыё- (радыёстанцыя, радыёантэна); калі першая частка складанага слова – назва хімічнага элемента радый-, то пішацца Е(яно з’яўляецца злучальнай галоснай): радыеактыў-насць, радыебіялогія, але радыяхімія, радыялогія ў першым складзе перад націскам). Дарэчы, пастаноўка кропак над літарай Ё ў беларускай мове абавязковая (!). Яканне распаўсюджваецца на 1) усе словы са славянскай лексічнай асновай: дзянё'к, медзведзяня', квяці'сты, пячóра, Пятру'сь; 2) усе простыя па структуры лічэбнікі: дзявя'ты, дзяся'ты, сямнáццаць, васямнáццаць, сямё'ра; 3) даўно запазычаныя і таму асвоеныя беларускай мовай словы: дзяжу'рны, каляндáр, мянту'з, янóт, яфрэ'йтар, сяржáнт, яхі'дны, ялéйны, яўрэ'й, у тым ліку ўласныя асабовыя імёны: Яку'б, Ягóр, Яўгéн, Яўстáх, Веньямі'н, Валяр’я'н, Валянці'н і інш.; 4) злучальныя галосныя ў складаных словах: жяццярáдасны, краяві'д, зернясхóвішча, землярóбчы. Літара Е ніколі не пераходзіць у Я ў наступных пазіцыях: 1) у большасці іншамоўных слоў: метрó, сезóн, легéнда, бензі'н, калекты'ў, сенсáцыя, апеты'т, Еўрóпа, Егі'пет, Палесці'на, Берлі'н; 2) пасля Г, К, Х: гектáр,герóй, Генáдзь, Герáсім, кефі'р, керáміка, Македóнія, Херсóн; 3) у прыназоўніку без і часціцы не: без цу'кру, без клóпату, не éў, не хóча, не бы'ў (але пры напісанні разам без і не становяцца прыстаўкай і падпарадкоўваюцца яканню: бязмéжны, бяскры'ўдны, нядóўга, няшу'мна). У невялікай групе слоў каранёвая Я пішацца незалежна ад націску: святкаваць, лямантаваць, цяжар, цягавіты, пяцярня, завязь, калядаваць, дзевяць, ядавіты, мяккаваты і інш. Правапіс такіх слоў можна праверыць, паставіўшы Я ў моцную пазіцыю: свя'та, ля'мант, ця'жкі, ця'гне, пяць, вя'жа, Каля'ды, дзявя'ты, яд, мя'ккі. Напісанне некаторых слоў трэба запомніць або правяраць па слоўніку: сённяшні, языкасты, яравы, віцязь, месяц, памяць, пояс, тысяча, Прыпяць, Свіцязь, Бесядзь, Вячаслаў. Патрабуе ўвагі правапіс галосных у складаных словах. У першай частцы складаных слоў пішацца літара Я перад пабочным націскам, калі асноўны націск падае не на першы склад другой часткі: няд`обра/зы-члі'-вы, вялі`ка/дзяр-жáў-ны, Вялі`ка/бры-тá-нія. Літара Е пішацца ў першай частцы складаных слоў славянскага паходжання, калі пад націскам знаходзіцца першы склад другой часткі (пабочны націск не ўзнікае): бела/вéж-скі, света/пó-гляд, свежа/вы'-мы-ты, сена/жáць, веліка/све'ц-кі, веліка/ду'ш-ны, веліка/му'-ча-нік (такое напісанне адпавядае правапісу літары Е ў простых па структуры словах). У складаных словах, утвораных ад колькасных лічэбнікаў ва ўскосным склоне, першая частка пішацца так, як ва ўскосным склоне лічэбніка (незалежна ад націску ў другой частцы): пяціметровы (як пяці), сямітонны, сямімільённы (як сямі), дзевяцікласкнік, дзевяцірублёвы (як дзевяці), сямнаццацітонны, сямнаццацімільярдны (як сямнаццаці). Літара О ў першай частцы складаных слоў пішацца ў наступных выпадках: 1) калі пад націскам знаходзіцца не першы (а другі, трэці або іншы) склад другой часткі: высо`ка/і-дэ'й-ны, каро`тка/ме-трáж-ны, зо`а/ге-а-грá-фі-я, кро`ва/зва-рóт; 2) калі другая частка пачынаецца з ў (нескладовага): вогне/ўстойлівы, мароза/ўстойлівы, дробна/ўласнік, поўна/ўладны; 3) незалежна ад націску, калі другая частка -вед-, -знав-/-знаў-: японавед, мовавед, усходазнавец. манголазнаўства; 4) незалежна ад націску, калі першая частка аснова-, азона-, азотна-, вока-, грос-, збожжа-, іголка-, колера-, контр-, матора-, моцна-, множна-, мова-, мота-, попела-, проці-, ружова-, свабода-, слова-, фонда-, фота-, што-: асноватворны, азонастойкі, азотнакіслы, вокамгненны, гросмайстар, збожжасховішча, іголкападобны, колерамузыка, контратака, маторазборка, моцнапорысты, множналікавы, моватворчасць, мотаролер (выключэнні матавоз, матацыклі вытворныя ад іх: матацыкліст і інш.), моцнатокавы, попелапад, проціатамны, ружовашчокі, свабодамысны, словатворчасць, фондасховішча, фотаздымак (выключэнне фатаграфіяі вытворныя ад яго: фатаграфаваць, фатаграфаванне і інш.), штомесяц. Літара А пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі пад націскам знаходзіцца першы склад другой часткі: даўга/вéч-ны, чарна/брó-вы, каратка/хвá-ле-вы, заа/пáрк. Першая частка ста-заўсёды пішацца праз А: стагоддзе, стаметровы, старублёвы. Літара Э пішацца ў першай частцы складаных слоў нязменна (незалежна ад націску ў другой частцы): рэдкапасаджаны, рэдкалессе, мэтанакіраваны, арэхападобны, крэдытаздольны, шэравокі, шэразём. У складаных словах, што пішуцца праз злучок, кожная частка захоўвае свой націск і пішацца як самастойнае слова: шоу-бізнес, рок-спявак, грот-мачта, чорна-сіні. Лічэбнікі шэсцьсот, семсот, восемсот утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова: Н. шэсцьсóт, семсóт, восемсóт Р. шасцісóт, сямісóт, васьмісóт Д. шасцістáм, сямістáм, васьмістáм В. шэсцьсóт, семсóт, восемсóт Т. шасцюстáмі, сямюстáмі, васьмюстáмі М. (у, пры, на) шасцістáх, сямістáх, васьмістáх Нескладовае Й пішацца ў сярэдзіне іншамоўных слоў (у тым ліку і ва ўласных назвах) толькі перад зычнымі: дызайнер, лайнер; Драйзер, Айні. Гукавое спалучэнне гука Й з галоснымі ў запазычаных словах перадаецца ётаванымі галоснымі (як і ў словах ўласнабеларускіх): у пачатку слова – ёд, ёгурт, Ёфе, Нью-Ёрк, пасля галоснага ў сярэдзіне слова – маёр, маянэз, раённы, пасля галоснага на канцы слова – фае, секвоя, папая, Мая. Літара І пасля прыставак на галосны чаргуецца з Й у наступных выпадках: 1) у словах з коранем іс-ці, ігр-аць, ім-я, інач-ай:зайсці, выйсці, выйграць, перайграць, займеннік, пайменны, перайначыць, няйначай; 2) у словах займаць, наймаць, пераймаць, перайманне, праймаць. Пачатковы каранёвы І пасля прыставак на галосны захоўваецца ў наступных выпадках: 1) калі ўтварае склад: заіскрыцца, заіканне, праілюстраваць, праіснаваць, неістотны, Прыіртышша, заінтрыгаваць, у тым ліку калі на І пáдае націск: заі'грываць, заі'нелы, заі'клівы, заі'нелы і інш.; 2) пасля звыш-, між-, гіпер-, контр-, пан-, пост-, супер-, транс-, фор-: звышідэйны, міжінстытуцкі, гіперінфляцыя, контрігра, панісламізм, постіндустрыяльны, суперінтэлект, трансіндыйскі, форінжэктар і прыставак, якія пішуцца праз злучок: па-іспанску, па-італьянску. Пасля прыставак на зычны (у тым ліку іншамоўных дэз-, суб-) літара І чаргуецца з Ы: перадынфарктны, абышоў, падыграў, зымправізаваць, дэзынфекцыя, дэзынтэграцыя, дэзынфармацыя, субынспектар. Прэфіксоід экс- пішацца праз злучок, пасля яго І не пераходзіць у Ы: экс-інжынер, экс-імпарцёр. Чаргаванне адсутнічае ў складанаскарочаных словах, першая частка якіх заканчваецца на зычны: бортінжынер, санінструктар, педінстытут, гарінспекцыя, палітінфармацыя, дзяржінспектар. Літара Ў (нескладовае) пішацца ў пачатку слова пасля галоснай незалежна ад паходжання лексемы: моцны ўдар, крыкі “ўра”, жанчына-ўрач, ва ўніверсітэце, няма ўрану, прыёмка ўтылю, у сярэдзіне слова перад зычнымі: ноўтбук, фаўна, саўна, аўдыякасета, аўра, аўдыторыя, аўдыенцыя, паўза, Браўн, Заўралле, але траур. У канцы запазычаных слоў ненаціскное У не скарачаецца: фрау, ток-шоу, Ландау, Цеміртау і інш. Націскны гук У не чаргуецца з Ў: Брэсцкая у'нія, ау'л, за у'рнай, купіла у'нты, сказала “у'х ты!”, ау'л, бау'л, ау'каць, Іу'да. Не адбываецца чаргавання ў запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус (прэзідыум, калёквіум, вакуум, кансіліум, радыус, страус, анчоусі інш.) і вытворных ад іх (прэзідыумны, страусаў, радыусны, калёквіумы). Вялікая літара У складовая заўсёды пішацца без надрадковага значка (незалежна ад вымаўлення): да Усяслава, за Уралам, Таццяна Уладзіміраўна, ва Украіне,але ехаць па ўральскіх дарогах, за ўкраінцам. Напісанне каранёвых спалучэнняў зн, рц, нц, сл, якія ўтварыліся ў выніку выпадзення д, т, л, заснавана на фанетычным прынцыпе: позна, баразна, сэрца, сонца, разаслаць. У канцавых спалучэннях каранёвых зд, зг, ст (ц), ск, рд перад суфіксальнымі н, л адбылося выпадзенне сярэдняга зычнага незалежна ад паходжання слова: праязны (праезд), бразнуць (бразгатаць), посны (пасціцца), абласны (вобласць), кантрасны (кантраст), кампосны (кампост), кантэксны (кантэкст),баласны (баласт), шчаслівы (шчасце), бліснуць (бляск), міласэрны (сардэчны). Спалучэнне дт на канцы іншамоўных слоў перадаецца праз т: Рэмбрант, Брант, Шміт, Кранштат. |