Главная страница

Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова


Скачать 1.76 Mb.
НазваниеА. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
АнкорСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
Дата19.09.2017
Размер1.76 Mb.
Формат файлаdoc
Имя файлаСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
ТипДокументы
#8758
страница2 из 31
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   31

Функцыянальна-стылістычная афарбоўка адлюстроўвае прыналежнасць адзінкі да пэўнага функцыянальнага стылю. Такая афарбоўка ўласціва, напрыклад, словам пратакол, ісцец, абвінаваўца, санкцыя, бо яна ўказвае на прыналежнасць іх да афіцыйна-справавога стылю і немагчымасць ужывання ў іншых стылях мовы.

Традыцыйна функцыянальна афарбаваныя сродкі падзяляюцца на 1) кніжныя, што сустракаюцца пераважна ў пісьмовай мове публіцыстыцы, навуковай і мастацкай літаратуры, афіцыйных дакументах: катаклізм, галаграфія, прэамбула, прыярытэт, афіксацыя, абрэвіяцыя, акліматызацыя, гаймарыт, фарынгіт, трыбун ‘грамадскі дзеяч’, форум; 2) гутарковыя, якія ўжываюцца ў размоўным стылі: завочнік, дыпломнік, курсавік, касірка, галавацяпства, аблом, трыбухач, брáкнуць ‘патэлефанаваць’ (такія адзінкі могуць выкарыстоўвацца ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы з пэўнымі стылістычнымі мэтамі, напрыклад, для моўнай характарыстыкі герояў, стварэння рэалістычных малюнкаў быту, дасягнення камічнага эфекту, выражэння адносін аўтара да аб’екта апісання і інш.). У слоўніках функцыянальна афарбаваныя адзінкі маюць адпаведныя паметы: кніжн. (кніжнае), разм. (размоўнае), а таксама высок. (высокае), паэт. (паэтычнае), нар.-паэт. (народна-паэтычнае), афіц. (афіцыйнае), спец. (спецыяльнае), уст. (устарэлае), абл. (абласное), мед. (медыцынскае), лінгв. (лінгвістычнае), хім. (хімічнае), спарт. (спартыўнае) і інш.

Эмацыянальна-экспрэсіўныя словы супрацьпастаўляюцца нейтральным (параўн.: брахня – няпраўда, зоры – вочы, бельмы – вочы, зубрыць – вучыць), а стылістычна афарбаваныя – агульнаўжывальным (параўн.: дэфініцыя – азначэнне, інтэграцыя – аб’яднанне, сімптом – прымета, штандар – сцяг). Спецыяльная і тэрміналагічная лексіка нейтральная ў эмацыянальна-экспрэсіўным плане, але яна не з’яўляецца агульнаўжывальнай, а таму валодае функцыянальна-стылістычнай афарбоўкай.

Нярэдка адно слова можа мець дзве стылістычныя канатацыі, адна з якіх указвае на функцыянальную прыналежнасць, а другая – на экспрэсіўна-ацэначную:разм. трыбухаты ‘з вялікім жыватом’; разм. лаянк. дурніца; абл. груб. банкарт ’незаконнанароджанае дзіця’; разм. жарт. свінтух ‘той, хто зрабіў што-небудзь па-свінску’; разм. неадабр. ветрагон ‘легкадумны, пусты чалавек’.

Слова можа мець спецыяльныя паказчыкі таго, што яно належыць кніжным стылям. Так, адценне кніжнасці маюць:

  1. нядаўна запазычаныя словы: шэйпінг, касцінг, холдзінг, паркінг, рэйтынг, кансенсус, армрэстлінг, маркетынг, інаўгурацыя, мараторый, блокбастар, менеджар, менеджмент;

  2. словы, утвораныя шляхам складання: кругагляд, цэнаўтварэнне, вільгацеўстойлівасць, землекарыстанне, аэрафотадакумент, узаемаразлік, воданепранікальны, водаачыстка, электрадынаміка, лексіка-семантычны, хлебапячэнне, буйналісты, прыродаахоўны, глебаўтваральны;

  3. словы з фіналямі -нне (крэдытаванне, фінансаванне, каласаванне, абарачэнне, пазбаўленне), -ццё (выкрыццё, развіццё), -асць (абарачальнасць, дыстрыбутыўнасць, незалежнасць, рэнтабельнасць, ліквіднасць), -цыя (рэалізацыя, прэфіксацыя, дыферэнцыяцыя), -ізм (фрэйдызм, шавінізм, галіцызм, дальтанізм, дарвінізм, пацыфізм), -інг (маніторынг, рэйтынг), -ура (агентура, пракуратура), -аж (сабатаж, дрэнаж, пілатаж, сенаж, мантаж), -ант (кансанант, дыскант), -ент (пігмент, інцыдэнт), -ат (кангламерат, сульфат);

  4. словы з прыстаўкамі і прэфіксоідаміса- (саіскальнік, сааўтар, саўдзельнік), анты- (антыаргумент, антыдэтанатар, антыкаразійны, антысейсмічны), контр- (контрасігнаванне, контрнаступленне, контраргумент), архі- (архіфанема, архітэктоніка), супраць- (супрацьпраўны, супрацьстаянне, супрацьзаконны), дыс- (дыспазіцыя, дыскваліфікацыя), дэ- (дэмабілізацыя, дэактывацыя), дэз- (дэзынфармацыя, дэзынфекцыя), транс- (транслакацыя, трансплантант, транс­літа­рацыя), рэ- (рэканструкцыя, рэградацыя, рэвакцы­нацыя);

  5. наяўнасць у словах каранёвых марфем грэчаскага і лацінскага паходжання: аэра- ‘паветра’, баты- ‘глыбокі’, гала- ‘соль’, геа- ‘Зямля’, гідра- ‘вада’, дэндра- ‘дрэва’, заа- ‘жывёла’, крыя- ‘холад’, ксера- ‘сухі’, літа- ‘камень’, мега- ‘гігант’, меза- ‘сярэдні, прамежкавы’, мікра- ‘маленькі’, сапра- ‘гнілы’, тэрма- ‘цяпло’, трапа- ‘паварот’, фіта- ‘расліна’, -логія ‘вучэнне’, -планктон ‘блукаючы’, -біёнт ‘які жыве’, -трофы ‘ежа, харча­ванне’, -фагі ‘які пажырае’, -фіты ‘расліна’, -цэноз ‘агульны’ і інш. Напрыклад, аэрабіёнт, батыскаф, галажаберныя, геабатаніка, гідрафобія, дэндралогія, літасфера, біяцэноз, ксерафілія, мега­папуляцыя, мезагамія, тэрмарэгуляцыя, сапрафіт.

Гутарковую афарбоўку маюць словы, якія перадаюць адмоўную ці станоўчую характарыстыку чалавека: весялун, хапун, п’янчуга, падлюга, вярзіла, абдзірала. размазня, задзіра, задавака. На прыналежнасць слова да размоўнага стылю ўказваюць наступныя фарманты:

  1. суфіксы суб’ектыўнай ацэнкі -еньк-, -ютк-, -ават-, -юсеньк-, -эзн-, -ізн-: сіненькі, бялюткі, дурнаваты, праставаты, малюсенькі, высачэзны, вялізны;

  2. суфіксы -ух-/-юх- (свякруха, галадуха, бытавуха, весялуха), -ун-/-юн- (гаварун, пяюн, лізун), -ан-/-ян- (старыкан, балван, братан), -аг-/-яг- (бедалага, туляга, салага, бадзяга), -эч- (макрэча, халадэча, пустэча), -анк-/-янк- (гулянка, п’янка), -уг-/-юг- (свалачуга, падлюга), -к- (бытоўка, чыталка, умывалка, кладоўка), -іх- (казліха, чувіха);

  3. суфікс -к- у назвах жанчын па іх сацыяльным становішчы: кандуктарка, доктарка, сакратарка;

  4. суфіксы -іх- / -ых- пры азначэнні жанчын па мужу і -оўн-/-еўн- пры называнні жанчын па бацьку: Дзям’яніха, Сымоніха, каваліха, Бандароўна.

Стылістычныя сродкі – элементы мовы, якія валодаюць стылістычнай афарбоўкай, гэта значыць магчымасцю выражаць дадатковую семантычную і экспрэсіўную інфармацыю. Яны могуць быць экспрэсіўна афарбаванымі і функцыянальна афарбаванымі (гл. прыклады, прыведзеныя пры тлумачэнні стылістычнай афарбоўкі). Стылістычнымі сродкамі з’яўляюцца не толькі словы, але і словазлучэнні, сказы, словаформы, парадак слоў.

Стылістычныя нормы – правілы ўжывання стылістычна афарбаваных лексічных адзінак, граматычных формаў, сінтаксічных канструкцый у адпаведнасці са зместам і мэтай выказвання, умовамі кантактавання. Веданне і захаванне стылістычных нормаў з’яўляецца паказчыкам агульнай і маўленчай культуры, дапамагае пазбягаць недахопаў маўлення і цяжкасцей падчас зносін, робіць працэс камунікацыі паспяховым.

Парушэнне стылістычных нормаў вядзе да стылістычных памылак, сярод якіх найбольш можна вылучыць наступныя тыпы і віды:

І тып. Памылкі, звязаныя са слабым валоданнем моўнымі рэсурсамі:

1) беднасць слоўнікавага запасу (менавіта на лексічным і фразеалагічным узроўнях), што вядзе да нематываванага паўтору ў вузкім кантэксце аднаго і таго ж слова (тады памылкі кваліфікуюцца як паўтор) або аднакаранёвых слоў (таўталогія): Машыны робяць лягчэйшай працаёмкую працу; Мы туды ходзім два разы на год: вясною, калі ўсё расцвітае, і восенню, калі расцвітаюць апошнія кветкі (з газеты); Тут крынічка жыцця патаемная Для мяне патаемна пяе; Тут прадапошні мой прытул гасцінны Апошні хутка мне падорыць час.

Аднак варта памятаць, што і паўтор, і таўталогія могуць пры пэўных умовах у мастацкім, публіцыстычным і размоўным стылях выступаць як сродкі стварэння выразнасці мовы: Не відно на полі следу, / А я еду, еду, еду; Пачакай, маё сэрца, не трэба Караціць укарочаны шлях (С. Грахоўскі); Як ні многа ў юнацтве патрэб, з добрых спраў добры лёс прадзецца (Л. Геніюш);Наша дарога праходзіць праз нашы сэрцы (А. Разанаў).

Таўталогія і разнастайныя тыпы паўтораў ужываюцца ў мове фальклорных тэкстаў, у тым ліку ў скорагаворках: Туман, туман па даліне, Шырок лісток на каліне; Ой, рэчачка, рэчачка, чаму ты не поўная? Чаму ты не поўная, з беражком не роўная (з народнай песні);Каласы каласавалі, каласавалі, выкаласаваліся; Уцякай, цецеручыха, з цецеручанятамі.

Паўтор тэрміна ці роднасных слоў у навуковым стылі, выкліканы неабходнасцю забеспячэння дакладнасці маўлення, не лічыцца памылкай: Ад асноўнага слова як часціны мовы залежыць, якія словы ўтвараюць з ім словазлучэнне. Так, лічэбнікі могуць мець пры сабе залежным словам толькі назоўнік (ці слова, якое выступае ў яго ролі); ні прыметнік, ні прыслоўе не могуць паясняць лічэбнік;

2) ужыванне слоў-паразітаў, якія паўтараюцца без патрэбы; такія словы, пазбаўленыя сэнсу, інфармацыйна не насычаюць радок, але павялічваюць яго даўжыню: часта паўтараюцца словы (словаспалучэнні) як бы, чыста, блін, на самой справе, рэальна, значыць і інш. У мове мастацкай літаратуры з мэтай імітацыі гутарковага стылю і стварэння розных эфектаў аўтары часам выкарыстоўваюць такія словы (Янка Купала “Паўлінка”: Пранцісь паўтарае вось-цо-да; Агата – тудэма-сюдэма; Іван Мележ “Людзі на балоце”: Ігнат паўтарае нібыто і г.д.), што не з’яўляецца парушэннем стылістычнай нормы ў межах мовы мастацкага стылю;

3) ужыванне штампаваных выразаў, якія праз частую паўтаральнасць страцілі інфармацыйную напоўненасць і эмацыянальную афарбоўку: творчасць гэтага аўтара мае вялікае значэнне; чырвонай ніткай праз увесь твор праходзіць думка аб зямлі (з сачыненняў);

4) аднастайнасць пры пабудове сінтаксічных канструкцый, якая вядзе да прымітыўнага, аднатыпнага выкладу думкі: Я ведаў. Я сустрэў. Я адзначыў; Мне сказалі. Мне дапамаглі. Мяне падтрымалі.

Нельга блытаць сінтаксічны прымітывізм з наўмыснымі сінтаксічнымі паўторамі, якія ствараюць упарадкаванне мастацкага радка, забяспечваюць яго экспрэсіўнасць (напрыклад, анафара, эпіфара, кальцо страфы і інш.): Не ўсё прадаецца, не ўсе прадаюцца, Вялікае сэрца Не змусіш прагнуцца (М. Пазнякоў);Ты ведаеш мой лёс. Ты ведаеш маю будучыню. Ты хочаш папярэдзіць (У. Арлоў);

5) нематываванае ўжыванне нелітаратурнай лексікі (дыялектызмаў, жарганізмаў, прастамоўяў) або перанасычэнне ёю тэкстаў любога стылю: Галлё Белазоры ўплішчыў-угамзіў у твань; Пра вечнасць гадаюць гадкі, А ў вечнасці век кароткі, – Якжбэта [якраз што, як бы] у змайстрованай хаткі, Якжбэта ў парома ці ў лодкі.

Трэба памятаць, што ў мове тэкстаў розных стыляў ужыванне такіх слоў можа быць стылістычна апраўдана: напрыклад, у навуковым стылі яны выступаюць як ілюстрацыйны матэрыял (Словаўтваральныя дыялектызмы – словы, якія адрозніваюцца ад адпаведных літаратурных словаўтваральнымі сродкамі, напрыклад: настольніца – настольнік, вобуй – абутак, сонечка – сонейка, ховалка – хованкі, жаўранка – жаўранак), у мастацкім – індывідуалізуюць мову персанажаў: Машыну трэба даць, Кузьма Рыгоравіч, “казла” свайго (Я. Ермаловіч);

6) пустаслоўе, шматслоўе, моўны лішак – нагнятанне слоў, якое вядзе да расплывістых, недакладных фармулёвак, да спалучэння ў адным кантэксце супярэчлівых, нелагічных думак: Навальніца грымела перунамі нядоўга (з газеты); – Галадранцы, гультаі! – пляваўся ён слінаю; Дзяцел узляцеў на самы высокі сук, моцна ўчапіўшыся кіпцюрамі ў сухастоіну, і пачаў з усяе сілы лупіць дзюбаю ў ствол(з прыкладаў А. Каўруса).

Вядома, што маўленчая збыткоўнасць і маўленчая недастатковасць – загана тэксту любога стылю;

7) кантамінацыя як змешванне кампанентаў розных фразем: прысудзіць званне і прысвоіць прэмію замест прысудзіць прэмію і прысвоіць званне; прымяніць меры і прыняць санкцыі замест прымяніць санкцыі і прыняць меры.

ІІ тып. Памылкі, якія выяўляюць недастаткова развіты стылістычны густ, моўнае чуццё:

1) ужыванне стылістычных сродкаў там, дзе гэта не апраўдана кантэкстам: так, мове рэпартажаў уласціва сцісласць і дакладнасць, паколькі сам жанр вымагае аператыўнасці паведамлення матэрыялу, таму эпітэты, метафары і іншыя тропы, расцягнутыя апісанні ў рэпартажы лішнія: Сёння пачалася пасяўная. Трактары рана выехалі на палі, пакуль не чуваць было яшчэ пералівыстых галасоў птушак (рэпартаж з газеты)

2) механічнае ўжыванне пастаянных / традыцыйных азначэнняў, змест якіх не заўсёды адпавядае рэчаіснасці: уклад – вялікі, значны; меры – своечасовыя, неабходныя; крытыка – вострая, адпаведная;

3) стварэнне надуманых метафар, штучных эпітэтаў, параўнанняў у імкненні ўпрыгожыць мову. Вобразныя звароты, ужытыя не да месца, не раскрываюць аўтарскай задумы, а наадварот, скажаюць думку, ствараюць схематычны вобраз і выклікаюць непажаданы стылістычны эфект:Ты ж працягвала маўчаць. Вусны – сцятыя ліпучкі. А на мне дасюль тырчаць Невыносныя калючкі; Людзі прыходзяць у парк падыхаць чыстым паветрам, а сосны, праз адну, кадзяць над імі ўласнымі трупамі; Імжакай сутоніцца вуліца. Стаіць каля плота, сутуліцца;Нарэшце, нехта ж браў спіртныя напоі для нязведаўшых дотыку брытвеннага прыбору для галення, знешне падобных больш на дзяцей, чым на юнакоў? (з газеты); Нехта справядліва заўважыў, што водгук на тыя творы, якія табе вельмі спадабаліся, пісаць цяжка. Ніколі не здолееш перадаць у звычайных словах, у звычайных цёмных крэмзальках, што выходзяць з-пад звычайнай асадкі, сапраўднае ўражанне ад прачытанага. Нельга выліць на паперу тое, што павінна было б пісацца лёгкім ветрыкам на аксамітнай паверхні палёў за вёскай або карункавай празрыстасцю голых галінак на фоне чыстага вясновага неба(з водгука).

ІІІ тып. Памылкі, якія надаюць мове немілагучнасць у выніку:

1) неапраўданага накаплення галосных ці зычных гукаў у суседніх словах, у тым ліку гукавы адзінапачатак суседніх слоў: Ааб’ехаць далёка…; Аакцыянернае аб’яднанне “АЗОТ”…; Вывеліся ўжо жаўтаротыя птушаняткі; Шмат дзе прайшлі дажджы, а ў асобных месцах нават з градам (з газеты);

2) ужывання побач (канец папярэдняга і пачатак наступнага слова) аднолькавых у структурных / гукавых адносінах частак слоў: гаварылі абаб’яднанні, не адзін раз распаўсюджвалі. Выключэнне складаюць выпадкі алітэрацыі і асанансу, а таксама іншыя фанетычныя сродкі выразнасці мовы, мэта якіх, ствараючы вобраз, забяспечыць гукавую гармонію радка: Чаратовыя стрэхі Пад першым снегам Пахнуць ракой і луской, Адлегай, начлегам І адлегласцю. А вятры маладыя – маленствам, І зялёнымі ксцінамі і мясцінамі тымі, Якія завуцца Нашчаднай радзімай (Р. Барадулін).

ІV тып. Памылкі, звязаныя з парушэннем нормаў функцыянальных стыляў:

1) злоўжыванне канцылярызмамі, тэрмінамі ў публіцыстычных і мастацкіх тэкстах, паколькі асноўная сфера функцыянавання першых – справаводства, другіх – навука, адукацыя. Такія памылкі кваліфікуюць як змяшэнне стыляў, якое нельга блытаць са стылізацыяй: Зрэшты, хлопец не мог дазволіць сабе адарвацца ад лекцый надоўга і зноў сканцэнтраваў сваю ўвагу (замест засяродзіўся) на эканамічным развіцці заходніх краін ХІХ стагоддзя (з газеты);

2) неапраўданае кантэкстам і сітуацыяй ужыванне слоў з рознай стылістычнай афарбоўкай у мікра- ці макракантэксце: У лесе нікога, мая тут персона, Ды не, гэта – самападман. Начхала на ўсіх – гарлапаніць варона. За ёю крумкачыць груган (у гэтым чатырохрадкоўі кантрастуюць кніжныя і прастамоўныя лексемы); Пазабюджэтныя грошы становяцца палачкай-выручалачкай пры рашэнні матэрыяльных праблем (са справаздачы); Культурнае жыццё ва ўніверсітэце па-ранейшаму б’е ключом (са справаздачы);Зусім недарэчныя эканамічныя цяжкасці ляснуліся на калгас (з газеты).
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   31


написать администратору сайта