Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
Скачать 1.76 Mb.
|
Правільнасць маўлення: лексічныя нормы Лексічныя нормы патрабуюць правільнага выкарыстання слоў у адпаведнасці з іх значэннем (рэальным зместам), спалучальнасцю, стылістычнай афарбоўкай. Безумоўна, не ўсе словы, што функцыянуюць у беларускай мове, уласцівы яе літаратурнай форме, а гэта значыць, што ўжыванне іх не заўсёды з’яўляецца нарматыўным. Так, не характэрны для літаратурнай мовы дыялектныя (картопля, гарэх, чытаець) і прастамоўныя (плявузгаць, гваздануць) словы. Сфера іх ужывання вызначаецца нарматыўнымі слоўнікамі і функцыянальна-стылістычнай нормай мастацкага стылю. Параўнаем: Каханая, зірні на месяц, Зірні, але не з поснай мінай, Бо ён у бляску столькі месціць Маіх найлепшых успамінаў; Што ты робіш, вырадак?! На святы калодзеж пляваць!.. (А. Дудараў).У першым прыкладзе аўтар неапраўдана ўжывае стылёва зніжаны выраз посная міна ў адносінах да каханай, а ў другім прастамоўнае вырадак дапамагае персанажу выказаць негатыўныя адносіны. Слова, дзякуючы свайму лексічнаму значэнню і сінтаксічным сувязям, з’яўляецца сродкам камунікацыі. Калі лексічная норма парушана, то працэс маўленчых зносінаў ускладняецца. Адпаведна ўзнікаюць розныя тыпы памылак, якія кваліфікуюцца як моўныя. Найчасцей сустракаюцца наступныя парушэнні:
Ад гэтага тыпу памылак трэба адрозніваць такі стылістычны прыём, як зеўгма (пэўнае слова паўтараецца два-тры разы, але кожны раз з новым значэннем): Тут гуло калісь маё вяселле – Падышло, каб “горка” крыкнуць мне! Палынам ківаю згодна – горка, Горка, як ніколі не было (М. Мятліцкі). Пры зеўгме двухсэнсоўнасць з’яўляецца мэтай аўтарскай задумы; двухсэнсоўнасць неабходна, каб узмацніць экспрэсію радка праз сугучча амонімаў ці праз магчымасць збліжэння ў кантэксце розных значэнняў аднаго слова;
Лексічная норма заўсёды адлюстроўвае змены ў жыцці грамадства, таму пэўнае слова, якое актыўна функцыянуе на сучасным этапе развіцця мовы, можа быць у хуткім часе ўжо незапатрабаваным. Словы, што былі ў пасіўным запасе, могуць вяртацца ў мову па розных прычынах. Напрыклад, назвы рэлігійных свят і абрадаў доўгі час падаваліся ў раздзеле “Пасіўная лексіка” і запісваліся з малой літары. Сёння ж словы Каляды, Дзяды, Вялікдзень, Купалле і інш. складаюць частку актыўнага запасу беларускай мовы. Лексічныя анахранізмы адлюстроўваюць вузкі кругагляд асобы, што праяўляе сябе і праз мову: “Хатынская аповесць” пачынаецца з таго, што франтавыя баевікі…; Францыск Скарына знайшоў сабе спонсараў (з сачыненняў). У мастацкім стылі, калі гаворка ідзе не пра стылізацыю, а пра стварэнне стылістычных эфектаў, могуць змешвацца розныя пласты лексікі, напрыклад, сучасны і ўстарэлы, і гэта будзе стылістычна апраўдана: Эх, сонечныя гурбы, калі вас намяло. Пасіверылі вусны і выцвіла чало (Н. Гілевіч). Значэнне і стылістычная афарбоўка слова патрабуюць пільнай увагі апавядальніка яшчэ і таму, што слова не існуе ў тэксце ізалявана, яно ўступае ў сувязі з шэрагам іншых лексем. Прычым блізкія па значэнні словы могуць па-рознаму кіраваць дапаўненнямі: удзяліць увагу пашырэнню – звярнуць увагу на пашырэнне, здзівіліся з факта – былі здзіўлены фактам. Парушэннем лексічнай нормы з’яўляецца ўжыванне ў маўленні блізкіх па сэнсе слоў: дзесяць чалавек студэнтаў, у чэрвені месяцы, памятны сувенір, доўгі і працяглы тэрмін, мая аўтабіяграфія. Такая памылка кваліфікуецца як плеаназм і ўзнікае яна праз неахайнае ці няўважлівае стаўленне да мовы. На жаль, яна ўласціва не толькі нязмушанаму вуснаму маўленню, але і пісьмоваму, напрыклад, мове мастацкай літаратуры: …[Мішэль] і мяне, тутэйшага абарыгена, заўважыў; Магчыма, там спасцігну глыбіню І шчырасці, і нізкага падману. Аднак варта ўлічваць, што з мэтай узмацнення экспрэсіі радка пісьменнікі могуць выкарыстоўваць так званы “ўяўны плеаназм”, які з’яўляецца стылістычным прыёмам: Хачу імчаць на быстрым скакуне, Але скажы: дзе табуны начуюць… (Р. Барадулін). Важнай умовай маўленчай культуры асобы з’яўляецца ўмелае выкарыстанне сінонімаў. Веданне блізкіх па значэнні слоў дазваляе пазбегнуць паўтораў, удакладніць змест паняцця, выказаць адносіны апавядальніка да прадмета гутаркі: – Як разам мы – бягуць-бягуць гадзіны. Нічым іх не спыніць і не суняць(А. Вярцінскі); Возера зноў зрабілася ціхім і спакойным, а вада чыстай і празрыстай(В. Вольскі); Тут жа, – выштурханая на бераг мноствам бурных прыбояў, парахнее, петрае на сонцы разбітая лодка (Я. Брыль). Аднак нанізванне (ампліфікацыя) сінонімаў часам можа быць стылістычна не апраўданым. Як правіла, гэта здараецца пры няўменні дакладна, а часам і лагічна выказаць думку, пры неразмежаванні сэнсавых нюансаў у семантычных / семантыка-стылістычных сінонімах, пры няўдалым выбары слова з сінанімічнага рада: Тое, што занадта ці празмерна, часта выглядае хлуснёю; Там жывуць дзве пары лебедзяў і цэлая зграя качак, зразумела, дзікіх (з газеты); Душа-гармонік, што ж ты сціх З няпамятных часоў? І не чуваць нідзе тваіх Басоў і галасоў; Ён быў заўсёды рыжым і крайнім (з газеты). Значэнне слова, як і стылістычная афарбоўка, вызначае яго спалучальнасць, пагэтаму варта памятаць, што нельга ўзводзіць лазню ці будаваць будынак. Для выражэння кантрасных думак і пачуццяў у маўленні могуць выкарыстоўвацца словы з супрацьлеглым значэннем – антонімы: Жыццё, як свята, адзначаем разам, А паміраем – толькі па адным (С. Законнікаў); Былі часамі святамбудні, А святы буднямі былі… (С. Грахоўскі); А Мацвей не хацеў ні ганіць, ні хваліць: быў у ім боль за ўбоства і прыгажосць свайго краю (В. Казько). Пры аналізе асаблівасцей ужывання названага пласта лексікі ў маўленні можна адзначыць розныя недакладнасці, напрыклад, адсутнасць у антанімічнай пары супрацьлеглай семантыкі, нематываваны аксюмаран: Такая плынь жыцця і вір Зямных трагедый і іроній; Пры забеспячэнні незабяспечанасці вёсак маладымі спецыялістамі паўстаюць пытанні (з газеты). Лексічныя памылкі скажаюць сэнс выказвання, робяць выклад думкі абсурдным, камічным, што ў сваю чаргу зніжае інфармацыйную і эстэтычную каштоўнасць тэксту любога стылю: Як гэта?! У адносінах да мяне была дапушчана несправядлівасць! Я хачу яе аднавіць(з газеты); Спазніўся дождж – было спачатку слова. А безгалоўе паспрыяе мне Жыццё асэнсаваць усебакова. Прачытаўшы прыведзеныя і падобныя на іх радкі, хочацца параіць аўтарам часцей звяртацца да тлумачальных слоўнікаў беларускай мовы, каб не ўзнікала жадання жыць безгалова і аднаўляць несправядлівасць у адносінах да сябе. Правільнасць маўлення: фразеалагічныя нормы Фразеалагічныя нормы рэгулююць ужыванне ўстойлівых выразаў у адпаведнасці з іх значэннем, з у лікам стылістычнай афарбоўкі, а таксама ў пэўнай, прынятай форме і, што вельмі важна, з улікам іх валентнасці. Фразеалагізмы – багаты пласт беларускай мовы, які забяспечвае яе выразнасць, багацце, дакладнасць. Выкарыстоўваючы такія выразы ў нязменным, замацаваным моўнай практыкай выглядзе, аўтары рэалізуюць іх узуальную (usus – лац. ‘норма’) функцыю: Як па зорках, па расе Твой апошні шлях праляжа. Памірай, а жыта сей. Рунь пра сейбіта раскажа (А. Сыс); Гастрыт: – Добра жыве… І дома і замужам… Ну, чаго глядзіш? Усё адно буду хадзіць да цябе… Хадзіў і буду… І што я ў цябе такі ўлюбёны? (Маладым пеўнем пахадзіў па хаце.) Васіль назірае за ім. (Спыніўся). – Васіль, хочаш з глузду з’ехаць? Васіль: Хачу. (А. Дудараў) Пісьменнікі і публіцысты часта падыходзяць творча да ўжывання ўстойлівых выразаў, пашыраючы іх кампанентны склад, выкарыстоўваючы толькі вобразную аснову выразаў, змешваючы дзве адзінкі ў адзін выраз з новай семантыкай, ствараючы незвычайны кантэкст, надаючы вядомым выразам абноўленае гучанне і г.д. І гэта, як вядома, не памылковае ўжыванне фразеалагізмаў, а выкарыстанне іх з аўтарскай (аказіянальнай) функцыяй: Не можа нацыя сысці, Нібы вада ў пясок. – Павінна след пакінуць ці Хоць там які слядок(Л. Дранько-Майсюк); Заходзіць сонца. Бусел вяртаецца з купінай у дзюбе. Век жыві – век будуйся(Я. Брыль); Цішэй едзеш – далей будзеш. Ад таго месца, куды едзеш; Кажуць, што ў людзей грошай – куры не клююць. Сапраўды, бо няма ўжо ні курэй, ні грошай; Студэнты таксама вучацца на сваіх памылках, але ўжо ў іншых ВНУ(з газеты). Аднак фразеалагічныя “эксперыменты” могуць быць няўдалымі, калі, напрыклад, разбіваючы структуру фразем, не ўлічваючы іх спалучальнасць і семантыку, аўтары пазбаўляюць тэксты эстэтычнай вартасці: І кожны ад грабляў сваіх разумнее, Чужыя памылкі – не ў лік; Сэрца ссе ўспамінаў соску, Дзе мінулагаплынь цячэ; Тут, у палескай глыбі, Ночы, хоць вока згубі.У першым прыкладзе выкарыстана вобразная аснова фраземы наступіць на граблі, у другім – фразема плынь мінулага пастаўлена ў спецыфічны неэстэтычны кантэкст, у трэцім – заменены кампанент выкалаць (вока) на згубіць. Як бачна, парушэнне адзінства вобразнай сістэмы ўстойлівых выразаў і кантэксту надае маўленню неапраўданы камізм, неадпаведную зместу твора эмацыянальную афарбоўку і зацямняе сэнс выказвання. Скажаць сэнс фраземы можа неадпаведны ёй кантэкст і тады, калі праяўляецца першаснае значэнне выраза. Узнікае памылка, якая кваліфікуецца як двухсэнсоўнасць: Алена Віктараўна з кута ў кут мерала пакой. Узнікае пытанне: жанчына хадзіла па пакоі ці вымярала яго плошчу? Прывядзём прыклад другога віду двухсэнсоўнасці: Чаравічкі Анюціны, туфелькі, боцікі… Як птушаняткі, раскрылі роцікі. Ціўкаюць у куточку, Хочацца есці. Што ж ім, бедным сіроткам, прынесці? У прыведзеных радках назіраем адваротную з’яву: аўтар выкарыстоўвае выраз з прамым значэннем, аднак праз няўдалы кантэкст “ажывае” яго пераноснае, другаснае, значэнне: кажуць, што абутак хоча есці, калі ён парваны, зношаны. Прыходзіцца задумвацца, што ж хацеў сказаць паэт. Фраземы маюць спецыфічныя арфаграфію, пунктуацыю, націск, якія могуць не адпавядаць сістэмным адносінам у мове. Пры ўвядзенні фразем у тэкст трэба памятаць пра:
Аналізуючы правільнасць выкарыстання фразеалагізмаў у функцыянальных стылях, трэба памятаць пра аб’ект фразеалогіі, якая вывучае як уласна фраземы, так і прыказкі, прымаўкі, крылатыя выслоўі, афарызмы, праклёны і інш. Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы Марфалагічныя нормы ў сістэме розных часцін мовы даволі падрабязна апісаны ў граматыках для школ і ВНУ. Аднак білінгвізм, унутрымоўная марфалагічная варыянтнасць, сэнсавыя нюансы ў словах, уплыў дыялектаў і рускай мовы абцяжарваюць засваенне гэтых нормаў. Марфалагічныя нормы ў сістэме назоўніка. Пэўныя цяжкасці выклікае катэгорыя роду назоўнікаў, што звязана з наяўнасцю варыянтаў родавых формаў. У сучаснай беларускай літаратурнай мове варыянтных родавых пар нямнога (вучоныя адзначаюць іх каля ста). Як нарматыўныя слоўнікамі дазваляюцца варыянтныя родавыя формы прастор – прастора, гармонік – гармонь, бярлога – бярлог, зала – зал, замша – замш, клавіша – клавіш, мангуста – мангуст, перыфраза – перыфраз, прычасце – прычасць, прышчэпа – прышчэп, салата – салат, таполя – топаль, шчáўе – шчáвель, каромысел – каромысла. Практыка паказвае, што ў маўленні перавага аддаецца ўсё ж формам жаночага роду. Асобныя варыянтныя родавыя формы адрозніваюцца сферай выкарыстання: санаторый (агульнаўжывальнае) – санаторыя (устарэлае), сахарын (агульнаўжывальнае) – сахарына (размоўнае). Пры вызначэнні роду нязменных запазычаных назоўнікаў улічваецца іх семантыка. Назоўнікі мужчынскага роду – назвы асоб мужчынскага полу, жывых істот (аташэ, канферансье, маэстра, янкі; фламінга, зебу, гну, какаду, шымпанзэ); назоўнікі жаночага роду – назвы асоб жаночага полу (фрау, міс, місіс, пані); назоўнікі ніякага роду – агульныя назвы неадушаўлёных прадметаў (кашнэ, паліто, жэле, жалюзі, журы). Рэдкія лексемы захоўваюць род, які маюць назоўнікі – родавыя найменні (цэцэ – муха (жаночы род), івасі – рыба (жаночы род). Род уласных нязменных назваў вызначаецца па агульным назоўніку: Дэлі (м. р.) – горад, Янцзы (ж. р.) – рака, Конга (ж. р.) – рака, дзяржава, Антарыё (н. р. або ж. р.) – возера і правінцыя. Род суб’ектыўна-ацэначных формаў назоўнікаў супадае з родам пачатковай формы: ручышча (ж. р.) – рука, галавішча (ж. р.) – галава, дамішча (м. р.), насішча (м. р.), нажышча (ж. р., калі ад нага і м. р., калі ад нож). Асноўнай прычынай адхіленняў ва ўжыванні родавых формаў з’яўляецца ўплыў рускай мовы, у якой такія назоўнікі адносяцца да іншага роду. Назавём гэтыя назоўнікі. У беларускай мове мужчынскага роду наступныя назоўнікі: гваздзік, боль, валяр’ян, дроб, жывапіс, медаль, мазоль, накіп, насып, палын, перапіс, жывапіс, роспіс, летапіс, запіс, подпіс, поступ, сабака, стэп, ту'фель, цень, шаль, шынель. У рускай мове ўсе яны жаночага роду. У беларускай мове мужчынскага роду яблык, капыт, у рускай мове яны ніякага роду: яблоко, копыто. У беларускай мове жаночага роду бронха, гусь, кафля, табака, у рускай мове яны мужчынскага роду: бронх, гусь, кафель, табак. У беларускай мове ніякага роду назоўнік брыво, у рускай мове ён жаночага роду – бровь. Да назоўнікаў ніякага роду адносяцца таксама назвы маладых істот – бусляня, ягня, кацяня, шчаня, дзіця, у рускай мове яны мужчынскага роду: аистенок, ягненок, котенок, щенок, ребёнок. Род нязменных складанаскарочаных назоўнікаў, у тым ліку абрэвіятур, трэба вызначаць па апорным слове адпаведнага словазлучэння: ДАІ (ж. р.) – дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя; ААН (ж. р.) – Арганізацыя Аб’яднаных Нацый; СПБ (м. р.) – Саюз пісьменнікаў Беларусі. У зменных аналагічных назоўніках род вызначаецца па канчатках: ЦУМ (м. р.) – ЦУМам, у ЦУМе, ЦУМу; ЛіМ (м. р.) – ЛіМа, ЛіМам, у ЛіМе. У беларускай мове часам не супадае род зменных уласных і адпаведных ім агульных назоўнікаў, якія адлюстроўваюць рода-відавую суаднесенасць назваў: горад (м. р.) Гродна (н. р.), рака (ж. р.) Нёман (м. р.), часопіс (м. р.) “Полымя” (н. р.), возера (н. р.) Нарач (ж. р.). Такія ўласныя назоўнікі скланяюцца ці не скланяюцца ў залежнасці ад наяўнасці / адсутнасці родавай назвы: на рацэ Нёман, на Нёмане; у возеры Нарач, у Нарачы. Пэўныя цяжкасці выклікае катэгорыя ліку назоўнікаў. Гэта звязана найперш тым, што ў беларускай і рускай мовах лік назоўнікаў тоеснай марфемнай будовы часам не супадае: бел. клопат (адз. л.) – рус. хлопоты (мн. л.); бел. чарніла (н. р., толькі адз. л.) – рус. чернила (толькі мн. л.); бел. дзверы, грудзі (мн. л.) – рус. дверь, грудь (адз. л. і мн. л); бел. каноплі, крупы (толькі мн. л.) – рус. конопля', крупá (толькі адз. л.); бел. суніцы, брусніцы, маліны, ажыны, клубніцы, галубіцы, чарніцы (найчасцей у мн. л.) – рус. земляника, брусника, малина, ежевика, клубника, голубка, черника (адз. л.). У выніку дзеяння ўнутрымоўнай аналогіі часам ужываюцца няправільныя формы множнага ліку назоўнікаў пяро, промень / прамень, бервяно, камень, колас, корань, палена, крыло, ліст. Правільныяформы множнага ліку ад пералічаных і падобных назоўнікаў наступныя: пёры, промні / прамені, бярвёны, камяні, каласы, карані, палены, крылы, лісты. Памылковыяформы: пер’і, праменні, бярвенні, каменні, калоссі, карэнні, паленні, крыллі, лісці. Ад тых жа самых назоўнікаў утвараюцца і адзіночналікавыя формы зборных назоўнікаў: пер’е, праменне, бярвенне, каменне, калоссе, карэнне, паленне, крылле, лісце (зборныя назоўнікі не маюць формаў множнага ліку!). Рэчыўныя і абстрактныя назоўнікі, якія ў літаратурнай мове маюць форму адзіночнага ліку, у навуковым і мастацкім маўленні могуць ужывацца ў форме множнага ліку з пэўнай мэтай: блакітныя гліны, сыпучыя пяскі, лячэбныя гразі, дасканалыя густы, маладыя таленты, шумы ў сэрцы. Скланенне назоўнікаў – адно з самых складаных пытанняў для многіх носьбітаў мовы. Пры скланенні назоўнікаў першага скланення важна памятаць, што ў давальным і месным склонах канчаткі супадаюць: канчатак -і маюць назоўнікі з мяккай асновай (зямлі, хвалі, песні); канчатак -е – назоўнікі з асновай на г, х, якія чаргуюцца з з, с (страха – страсе, нага – назе, крыга – крызе); -ы – назоўнікі з асновай на зацвярдзелы і на к, які чаргуецца з ц (гутарка – гутарцы, мяжа – мяжы, сцежка – сцежцы, сястра – сястры), але пад націскам -э (шчака – шчацэ, рука – руцэ, рака – рацэ). Назоўнікі другога скланення мужчынскага роду у родным склоне маюць у залежнасці ад семантыкі канчаткі -а/-я або -у/-ю. Канчатак -а/-я маюць назоўнікі, што называюць канкрэтныя прадметы (стала, алоўка, медаля); асоб і жывых істот (салаўя, сябра, чалавека); установы, арганізацыі, прадпрыемствы (універсітэта, ліцэя, саюза, прафкама); геаграфічныя назвы, населеныя пункты, астранамічныя паняцці (Мінска, пасёлка, Месяца, Сожа); навуковыя тэрміны, адзінкі вымярэння даўжыні, вагі і інш. (кораня, суфікса, метра, літра, сюжэта, рубля); танцы, гульні, іх часткі (тэніса, турніра, вальса, тура, балета, але: спорту); прамежкі часу (года, тыдня, жніўня, сезона, але: веку, абеду, ранку); органы, часткі цела чалавека і жывых істот (носа, рота, языка, але: твару). Канчатак -у/-ю маюць назоўнікі, што называюць зборныя прадметы, у тым ліку расліны – травы і кустовыя (калектыву, бярэзніку, бэзу, чабору, верасу); рэчывы, хімічныя злучэнні (алею, соку, рысу, шоўку, але:хлеба, аўса, жаўтка); абстрактныя паняцці, апрадмечаныя якасці, дзеянні, стан (таленту, смеху, блакіту, даходу, разліку); прасторавыя паняцці (лугу, краю, шляху, лесу); з’явы прыроды і стыхійныя бедствы (марозу, граду, ветру, грому, галалёду, урагану); грамадскія фармацыі, навуковыя плыні, тэорыі, падзеі (рамантызму, гуманізму, дарвінізму, фэсту, фестывалю); захворванні (грыпу, апендыцыту, інфаркту); стравы (гуляшу, супу). Мнагазначныя назоўнікі могуць мець абодва канчаткі: -а/-я і -у/-ю ў залежнасці ад кантэксту: час лістападу – сёмага лістапада; беларускага народа(’нацыя, насельніцтва краіны’) – на плошчы сабралася шмат народу(’сукупнасць людзей увогуле’); слухалі маладога талента (’чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі’) – яму не хапае таленту (’надзвычайныя прыродныя здольнасці’); каля пятага пад’езда – не было пад’езду да вёскі; сустрэліся каля клёна, ясеня, дуба, граба – мэбля з клёну, ясеню, дубу, грабу. Канчатак -у выкарыстоўваецца таксама пры назоўніках ва ўстойлівых выразах з году ў год, з веку ў век, ні следу ні знаку, даць маху, з’ехаць з глузду, ні роду ні племені. Пільнай увагі патрабуе месны склон назоўнікаў мужчынскага роду другога скланення, калі выбар канчатка залежыць і ад семантыкі слова, і ад тыпу асновы. Так, канчатак -е маюць назоўнікі з асновай на цвёрды (сне, стале), неасабовыя назоўнікі з асновай на г, х, якія чаргуюцца з з’, с’ (снезе, кажусе, лузе, парозе); канчатак -у/-ю – асабовыя назоўнікі з асновай на зацвярдзелы ці мяккі (Рыгору, чытачу, Багдановічу, герою), а таксама неасабовыя назоўнікі з асновай на к (у друку, пры лясочку), назоўнікі на г, х, якія не чаргуюцца з з’, с’: назвы абстрактных паняццяў (смеху, подыху, страху, пасагу), назвы некаторых рэчыўных паняццяў (тварагу, пуху), запазычаныя назоўнікі (каталогу, штрыху, маркетынгу, трэнінгу), уласныя назвы (Цюрыху, Гамбургу, Бугу); канчатак -ы маюць неасабовыя назоўнікі з асновай на зацвярдзелы (дажджы, шалашы, гушчары); -і – неасабовыя назоўнікі з асновай на мяккі (у гаі, у музеі, у цяні). У творным склоне назоўнікаў на -ін/-ын выбар канчатка можа залежыць ад семантыкі назоўніка: Нікалаевам, Гагарынам, Туравам (назвы геаграфічных аб’ектаў) – як Магілёвам, але Нікалаевым, Туравым, Гагарыным (прозвішчы людзей). Пры засваенні назоўнікаў трэцяга скланення ўзнікаюць цяжкасці менавіта з формамі творнага склону: для іх уласціва падаўжэнне зычных (ноччу, печчу, мышшу, папараццю, Беларуссю); не падаўжаюцца губныя б, п, м, в, ф і вібрант р (глыб’ю, Об’ю, верф’ю, шыр’ю); некаторыя назоўнікі маюць варыянтныя формы: кроўю – крывёю, далонню – далоняй, граззю – гразёю). Пры скланенні назоўнікаў агульнага роду з ненаціскным канчаткам -а/-я, якія называюць асоб мужчынскага ці жаночага полу, узнікаюць пэўныя цяжкасці. Трэба памятаць, што ў першым выпадку такія найменні змяняюцца, як назоўнік бацька: пры калегу, цёзку, сведку, ціхоню, Жэню, Сашу, Валеру (бацьку), у другім выпадку – як назоўнікі першага скланення з адпаведнай асновай: пры калезе (як назе), ціхоні (як песні), цёзцы, сведцы (як сцежцы), Жэні, Сашы, Валеры. У межах скланення назоўнікаў у множным ліку патрабуюць каментарыяў формы роднага і творнага склонаў. У родным склоне адзначаецца шырокая варыянтнасць канчаткаў, абумоўленая катэгорыяй роду назоўнікаў, іх скланеннем, тыпам асновы, націскам, семантыкай. Напрыклад, назоўнікі першага скланення маюць канчаткі -аў/-яў пры аснове на збег зычных (кафедраў, нормаў, формаў) і нулявы канчатак пры аснове на зычны (бяроз, краін, хат), у тым ліку на г, к, х і на губныя б, в, п, м (рук, кніг, баек; спраў, асоб). Некаторыя назоўнікі маюць варыянты канчаткаў, пры гэтым вар’іруюцца нулявыя канчаткі з матэрыяльна выражанымі: норм – нормаў, астр – астраў, сясцёр – сёстраў, вішань – вішняў. Відавочна, што мілагучнасць мовы забяспечваюць формы з матэрыяльна выражаным канчаткам: беларускай мове не ўласцівы збег зычных у канцы і ў пачатку слоў (ільвяня, аржаны, бабёр, рубель). Назоўнікі другога скланення маюць канчаткі -аў/-яў не пад націскам, -оў/-ёў пад націскам (караваяў, вокнаў; палёў, садоў), радзей ім уласцівы націскны канчатак -эй/-ей: гасцей, вушэй. Назоўнікі ніякага роду з асновай на збег зычных маюць варыянты канчаткаў: прозвішч – прозвішчаў, вёсел – вёслаў, гнёзд – гнёздаў). Назоўнікі трэцяга скланення пад націскам ужываюцца з канчаткам -эй/-ей, не пад націскам – -аў/-яў: начэй, печаў, гусей, даляў. Некаторым назоўнікам ўласціва варыянтнасць: вобласцяў – абласцей, нацыянальнасцяў – нацыянальнасцей, ніцей – ніцяў, мадэлей – мадэляў. Множналікавыя назоўнікі маюць канчаткі -аў/-яў: фінансаў, апладысментаў, вуснаў, а таксама нулявы канчатак, калі ў іх аснове суфіксы -ін, -іц (нажніц, паводзін), збег зычных, паміж якімі з’яўляецца беглы галосны (дажынак, сутак), геаграфічныя назвы на -ічы/-ычы, -аны/-яны: Баранавіч, Бараўлян (і Баранавічаў, Бараўлянаў). Радзей ужываецца канчатак -ей/-эй/-ай: дзвярэй, людзей, грошай. У творным склоне некаторым назоўнікам уласцівы варыянты канчаткаў: грудзямі – грудзьмі, санямі – саньмі; плячамі – плячыма, вачамі – вачыма, грашамі – грашыма, але: людзьмі, вушамі. |