Главная страница
Навигация по странице:

  • Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеепрыметніка.

  • Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеепрыслоўя

  • Марфалагічныя нормы ў сістэме прыслоўя

  • Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы Сінтаксічныя

  • Для беларускай мовы характэрны наступныя спецыфічныя рысы ў будове словазлучэнняў

  • Семянькова. Стылістыка і КБМ. А. М. Багамолава, Г. К. Семянькова


    Скачать 1.76 Mb.
    НазваниеА. М. Багамолава, Г. К. Семянькова
    АнкорСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
    Дата19.09.2017
    Размер1.76 Mb.
    Формат файлаdoc
    Имя файлаСемянькова. Стылістыка і КБМ.doc
    ТипДокументы
    #8758
    страница13 из 31
    1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   31

    Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеяслова. Часціна мовы, якая валодае семантычнай разнастайнасцю, называючы дзеянне, працэс ці стан, маючы вялікую колькасць граматычных катэгорый, складаную сістэму формаў, патрабуе пэўных каментарыяў. Так, у зваротных дзеясловах замест постфікса -ся часам памылкова выкарыстоўваецца -сь, што з’яўляецца парушэннем літаратурнай нормы: правільна вучыся, купаліся, напрацаваліся і г.д.

    Умоўны лад, як вядома, выражаецца дзеясловам у форме прошлага часу і часціцай бы (б), пры гэтым дзеяслоў, які заканчваецца на зычны, патрабуе часціцы бы, на галосны – б: сказаў бы, прынеслі б, намалявала б.

    Асаблівай увагі патрабуе складаная форма прошлага часу, паколькі яна мае структурныя адрозненні ў параўнанні з адпаведнай формай рускай мовы. У беларускай мове яна ўтвараецца шляхам спалучэння дзеяслова ў прошлым часе і дапаможнага дзеяслова быць, які мае тыя самыя формы роду і ліку, што і асноўны дзеяслоў: падышоў быў, падышла была, падышлі былі, падышло было, але па-руску інакш: подошел (подошла, подошло, подошли) было.

    Катэгорыя спражэння не выклікае асаблівых цяжкасцяў пры засваенні, аднак рознаспрагальныя дзеясловы маюць спецыфічныя парадыгмы. Думаецца, іх тэба паўтарыць: есціем; ясі; есць; ядзім, ямо; ясце; ядуць; дацьдам; дасі; дасць; дадзім, дамо; дасце; дадуць; бегчыбягу; бяжыш; бяжыць; бяжым; бежыце; бягуць.

    Самай распаўсюджанай памылкай, выкліканай уплывам рускай мовы, з’яўляецца ўжыванне дзеясловаў у 2-й асобе множным ліку абвесным ладзе з націскам на першым складзе канчатка (гэта памылка!). Трэба цвёрда засвоіць правіла: у гэтай форме націск падае на аснову або на другі склад канчатка, на склад -це: гуля-еце, знойдз-еце, забіра-еце; нес-яце,прыжывяце-ся, падрасц-яце, абатр-аце, сме-яце-ся.

    Неабходна адрозніваць таксама канчаткі дзеясловаў у абвесным і загадным ладах. У загадным ладзе ў 1-й асобе множным ліку дзеясловы могуць мець спецыфічныя для беларускай мовы канчаткі -ем, -эм (пад націскам), -ма (не пад націскам):нясем, кладзем, бярэм; складваймася, працуйма, канчайма, шукáйма,не забывáймася. На дзеяслоўныя формы з канчаткам -ма звяртае ўвагу А.А. Каўрус: яны, на яго думку, “успрымаюцца і ўсведамляюцца як патрэбныя, адметныя, што вызначаюць самабытнасць роднай мовы і служаць захаванню яе сістэмы” [13, с. 98]. У абвесным ладзе ў 1-й асобе множным ліку гэтыя дзеясловы маюць канчаткі: нясём, кладзём, вяжам, стрыжомся; складваемся, канчаем. Як бачна, у загадным ладзе канчаткі -ем і-эм націскныя, а ў абвесным ладзе канчатак -ем ненаціскны.

    У 2-й асобе множным ліку ў загадным ладзе націск можа падаць на канчатак -ы/-і перад постфіксам -це: нясі'це, кладзі'це, пішы'це.

    Да ўжывання дзеяслова ў функцыянальных стылях ёсць пэўныя патрабаванні. У афіцыйна-справавым і навуковым стылях павінны выкарыстоўвацца такія часавыя формы міжстылёвых дзеясловаў, якія адлюстроўваюць рэальны час дзеяння; у навуковых тэкстах выклад інфармацыі ідзе ў цяперашнім часе: напрыклад, у даследаванні мы ставім і вырашаем наступныя задачы; як сцвярджае мовазнаўца Л.М. Шакун. Мастацкаму, часткова публіцыстычнаму, а таксама размоўнаму маўленню ўласціва ўжыванне экспрэсіўных формаў (скокнуць, бразнуць; папавыносіць, папахадзіць; пачытваць, пабольваць; плявузгаць, клыпаць, рынуцца і інш.) і ўзаемазамяняльнасць формаў часу і ладу. Так, дзеясловы цяперашняга часу могуць ужывацца са значэннем прошлага ці будучага, што дапамагае апавядальніку ажывіць мінулыя падзеі ці адлюстраваць дзеянне, якое абавязкова павінна адбыцца пасля моманту гутаркі: бывала, іду я ў грыбы (цяперашні гістарычны), заўтра абавязкова іду ў грыбы. Дзеясловы будучага часу могуць ужывацца са значэннем цяперашняга ці прошлага, гэта робіць маўленне экспрэсіўным: так падкрэсліваецца паўтаральнасць дзеяння (то паверне дарога ўлева, то роўнаю стужкаю цягнецца) або яго нечаканасць, выпадковасць (колькі ні прыеду дадому – ідзе маці насустрач).

    Формы ладу таксама могуць набываць экспрэсіўнасць пры іх ўзаемазамяняльнасці: так, дзеясловы ўмоўнага ладу могуць ужывацца са значэннем загаднага, што надае выказванню разнастайныя адценні: просьбу, параду, запрашэнне выканаць дзеянне (магчыма, з афарбоўкай нерашучасці, далікатнасці ці папроку): прачытаў бы ты кнігу, прыбрала б ты ў пакоі, прылеглі Вы б адпачыць. Загадны лад можа мець значэнне ўмоўнага, што забяспечвае непасрэднасць выкладу думкі: дапамажы мы ім – яны ўсё паспелі б выканаць. У дзеясловах маўлення, успрыняцця, думкі можа аслабляцца ці ўвогуле сцірацца інтанацыя загаду і само лексічнае значэнне: глядзі ты, які разумны!; скажыце, які добранькі!

    Форма другой асобы адзіночнага або множнага ліку можа мець абагульнена-асабовае значэнне, якое яна рэалізуе ў прыказках: сей у пару – збярэш хлеба гару; сон на заўтра адкладзі, а справу сёння давядзі; Божа памажы, але і сам падбяжы.

    Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеепрыметніка. Самымі ўжывальнымі ў беларускай літаратурнай мове з’яўляюцца дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага і незалежнага стану з суфіксамі -л-, -н-, -ан-, -ен-, -т-: выцвілы, пахарашэлы, зачараваны, устрывожаны, знесены, змолаты. Выкарыстан­не іншых формаў абмежаванае па розных прычынах. Так, дзеепрыметнікі прошлага часу незалежнага стану з суфіксамі -ўш-, -ш- у форме мужчынскага роду аманімічныя з дзеепрыслоўямі: прачытаўшы, пацярпеўшы, збегшы і г.д. Многія лінгвісты акцэнтуюць увагу на немілагучнасці гэтых формаў, што з’яўляецца правамерным.

    Дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану цяпераш­няга часу з суфіксамі -уч-/-юч-, -ач-/-яч, -ем-/-ом-/, -ім- уласцівы публіцыстычнаму і навуковаму стылям, дзе могуць уваходзіць у склад тэрмінаў або іншых устойлівых выразаў кніжнага характару: шыпячы гук, вісячы замок, неразкладаемыя элементы, рухаючыя сілы, кіруючая роля, чытаемая літаратура. Каб пазбегнуць непажаданых формаў, асабліва падчас перакладу з рускай мовы, трэба памятаць, што ў беларускай мове існуе шмат сродкаў замены такіх адзінак: 1) ужывальныя формы дзеепрыметнікаў: рус. покрывшийся инеем – бел. пакрыты інеем, выгоревший луг – выгаралы луг. Як слушна адзначае А.А. Каўрус, “на цяперашнім этапе дзеепрыметнікі з суфіксам -л- усведамляюцца як асноўныя” [13, с. 107]; 2) прыметнікі: рус. приносящий прибыль – бел. прыбытковы, дрожащая трясина – дрыготкая багна; сыпучее вещество – рэчыава; 3) даданыя сказы: рус. растущий у дома – бел. які расце ля дома; 4) дзеясловы: рус. светящиеся окна – бел. свецяцца вокны, я непьющий – я не п’ю; 5) назоўнікі: рус. комплектующий отдел – бел. аддзел камплектавання, купающийся – купальшчык; 6) дзеепрыслоўі і дзеепрыслоўныя словазлучэнні: рус. рядом шел возвращающийся из города сосед – бел. побач ішоў, вяртаючыся з горада, сусед; 7) прыдаткі: рус. вещества, стимулирующие рост – бел. рэчывы-стымулятары росту; 8) спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі: рус. умоляющим голосом – бел. з мальбой у голасе; 9) паўтор слоў: рус. возрастающий грохот – бел. усё большы і большы грукат і інш.

    Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеепрыслоўя. Дзеепрыслоўе, як і дзеепрыметнік, дапаўняе дзеяслоў сэнсава. Узнікае шэраг патрабаванняў да выкарыстання дзеепрыслоўяў у звязным маўленні. Так, утваральнік асноўнага і дадатковага дзеянняў павінен быць адзін: прачытаўшы кнігу, я абавязкова падзялюся ўражаннямі. У безасабовых сказах няма і не можа быць утваральніка дзеяння, пагэтаму сказ тыпу Хораша дыхаецца, гуляючы па летнім лесе пасля дажджу будзе пабудаваны няправільна. Месца дзеепрыслоўяў незакончанага і закончанага трыванняў у сказе заўсёды абумоўлена паслядоўнасцю дзеянняў – асноўнага і дадатковага: прыехаўшы ў вёску на канікулы, я абавязкова сустрэнуся з аднакласнікамі. У абагульнена-асабовых сказах асноўнае і дадатковае дзеянні таксама выконваюцца адной асобай, але яна ўяўляецца абагуленай і абазначае любога, кожнага: упрошваючы не намілуешся; узяўшыся за гуж, не кажы, што не дуж; згубіўшы, не тужы, знайшоўшы, нікому не кажы.

    Марфалагічныя нормы ў сістэме прыслоўя. Прыслоўю ў культурамоўным аспекце надаецца мала ўвагі, хоць рэдка які тэкст абыходзіцца без характарыстыкі акалічнасцяў дзеяння. Некаторыя лінгвісты правамерна адзначаюць, што прыналеж­насць прыслоўяў да пэўнага разраду вызначае іх ролю ў тэксце. Акалічнасныя прыслоўі стылістычна нейтральныя, яны заключаюць інфармацыю пра месца, час, прычыну, мэту дзеяння; якасныя прыслоўі не толькі перадаюць інфармацыю, але і ўтрымліваюць яе ацэнку. У сувязі з гэтым прыслоўі запатрабаваны ўсімі стылямі: Вядома больш за 20 відаў пшаніцы. Аднак найбольш шырока вырошчваецца толькі два віды – мяккая і цвёрдая; Пры пад’ёме ўверх кінутага мяча сіла цяжару запавольвае яго рух. У мастацкім стылі прыслоўі ўжываюцца і з пераносна-вобразным значэннем: Сосны гамоняць. Нібы расказваюць чароўныя казкі маленства – адну за адной, нястомна і радасна, ціха і мудра, як гэта можа добрая, пагодлівая старасць (Я. Брыль).

    Прыслоўі, утвораныя ад якасных прыметнікаў, маюць ступені параўнання. Складаная форма вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання ўтвараецца, як правіла, шляхам далучэння слоў найбольш (найменш) і адпаведна больш (болей), менш (меней) да якасных прыслоўяў, таму ўтварэнні тыпу найбольш гучней, менш цікавей будуць парушэннем нормы.

    Трэба памятаць, што прыслоўе, як і прыметнік, таксама мае элятыў – форму вышэйшай ступені параўнання, якая страчвае супастаўляльнае значэнне: раней, далей, даўней. Як відаць, першыя два словы міжстылёвыя, апошняе мае размоўную афарбоўку.

    Якасныя прыслоўі маюць формы ацэнкі і меры якасці (ціхутка, добранька, памалюсеньку, страшэнна, высачэзна, ранічкай, далекавата); праз сваю экспрэсіўнасць, размоўную афарбоўку яны найбольш запатрабаваны мастацкім і гутарковым стылямі.
    Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы
    Сінтаксічныя нормы рэгулююць правільнасць пабудовы сінтаксічных канструкцый, ужыванне прыназоўнікаў з роз­нымі склонавымі формамі назоўнікаў ці займеннікаў. У сін­таксічных канструкцыях выразна выяўляецца на­цы­янальная адметнасць мовы, таму правільная пабудова словазлучэнняў успрымаецца як паказчык культуры маўлення і культуры чалавека ўвогуле. Асабліва ва ўмовах цяперашняга білінгвізму важна ведаць спецыфіку будовы сінтаксіч­ных канструкцый у беларускай мове ў параўнанні іх з рускай. Прак­ты­ка паказвае, што парушэнні сінтаксічных нормаў – надзвы­чай пашыраныя памылкі не толькі ў мове студэнтаў, але і ў мове настаўнікаў, дыпламаваных спецыялістаў, дыкта­раў радыё і тэлебачання. Пералічым асноўныя сінтаксічныя нормы беларускай літаратурнай мовы.

    Для беларускай мовы характэрны наступныя спецыфічныя рысы ў будове словазлучэнняў:

    1. Дзеясловы ветлівасці дзякаваць, падзякаваць, аддзячыць, дараваць, прабачыць спалучаюцца з назоўнікамі або займеннікамі ў форме давальнага склону: падзякаваць брату, дараваць сябру, прабачце мне.

    У рускай мове названыя дзеясловы патрабуюць вінавальнага склону: поблагодарить брата, простить друга, извините меня.

    1. Дзеясловыруху ісці, бегчы, ехаць, плыць, ляцець, волевыяўлення паслаць, адправіць, выправіць у словазлучэннях з мэтавым значэннем кіруюць назоўнікамі або займеннікамі ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам па: ісці па ваду, з’ездзіць па бацьку, паслаць па доктара.

    Калі залежнымі назоўнікамі выступаюць назвыягад,грыбоў, кветак ці словы ягады, грыбы, кветкі, арэхі, то яны таксама ставяцца ў форму вінавальнага склону, а прыназоўнік пры іх можа быць ужыты як па, так і ў: паехаць у (па) грыбы, пайсці ў (па) суніцы, адправіць у (па) арэхі.

    У рускай мове залежныя словы пры пералічаных дзеясловах ставяцца ў форму творнага склону з прыназоўнікам за: идти за водой, съездить за отцом, послать за врачом, поехать за грибами, пойти за земляникой, отправить за орехами.

    1. Дзеясловы жартаваць, смяяцца, рагатаць, насміхацца, дзівіцца, цешыцца, здзекавацца, кпіць кіруюць назоўнікамі ці займеннікамі ў родным склоне з прыназоўнікам з (са): жартаваць з дзяцей, смяяцца з недахопаў, здзекавацца з яго.

    Адпаведныя рускія дзеясловы патрабуюць формы творнага склону з прыназоўнікам над: шутить над детьми, смеяться над недостатками, издеваться над ним.

    1. Дзеясловы хварэць, захварэць і прыметнік хворы кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам на: захварэць на ангіну, хворы на грып.

    У рускай мове назоўнік ставіцца ў форму творнага склону без прыназоўніка: заболеть ангиной, болен гриппом.

    1. Дзеясловы маўлення, думкі, пачуцця гаварыць, казаць, распытваць, думаць, разважаць, клапаціцца патрабуюць ад назоўнікаў ці займеннікаў формы вінавальнага склону з прыназоўнікам пра: гаварыць пра адносіны, распытваць пра пачуцці, думаць пра яе.

    У рускай мове залежнае слова ставіцца ў форму меснага склону з прыназоўнікам о (об): говорить об отношении, расспрашивать о чувствах, думать о ней.

    Маўленчая практыка паказвае, што часта замест канструкцый з прыназоўнікам пра выкарыстоўваецца канструкцыя з прыназоўнікам аб і месным склонам назоўніка (займенніка): гаварыць аб адносінах, распытваць аб пачуццях, думаць аб ёй. Хоць абедзве канструкцыі сінанімічныя, аднак трэба ўлічваць, што яны з розных сфер ўжывання: першая (з пра) уласціва гутарковай мове і мове мастацкай літаратуры, другая (з аб) – афіцыйнаму і навуковаму стылям: паняцце аб дзеяслове, “Закон аб мовах у Беларускай ССР”,“Закон аб аўтарскіх правах”.

    Ужыванне прыназоўніка аб з’яўляецца нарма­тыўным таксама ў наступных выпадках:

    1. у выразах тыпу аб праблемах, аб прыкладах, аб прамоўцах, аб прыметніку, у якіх ужыванне прыназоўніка пра вядзе да немілагучнасці, паўтарэння адноль­кавых ці падобных складоў: пра праблемы, пра прыклады;

    2. у канструкцыях з вінавальным склонам пры абазначэнні сутык­нення з аб’ектам у выніку руху: разбіць аб камень, біцца галавой аб сцяну, кроплі дажджу стукаюць аб шыбы, ударыць кулаком аб стол;

    3. ва ўстойлівых выразах: аб малаку ног не павалаку, аб адной вадзе сыт не будзеш;

    4. калі ўказваецца на пэўны прамежак часу, у межах якога адбываецца дзеянне: вярнуўся з камандзіроўкі аб адзін дзень.

    1. Пры дзеясловах са значэннем стану ці дзеяння хадзіць, блукаць, лятаць, бачыцца, гладзіць, стукаць назоўнік ставіцца ў форму меснага склону з прыназоўнікам па: хадзіць па суседзях, блукаць па лясах, бачыцца па выхадных, гладзіць па валасах, стукаць па спіне.

    У рускай мове назоўнік ужываецца у давальным склоне з прыназоўнікам по: ходить по соседям, блуждать по лесам, видеться по выходным, гладить по волосам, стучать по спине.

    1. Пры назоўніках лекцыя, нарысы, адзнака і інш. залежнае слова ставіцца ў форму меснага склону з прыназоўнікам па: лекцыя па гісторыі, адзнака па чарчэнні, адзнака па фізічным выхаванні (але адзнака за дыктант).

    У рускай мове назоўнік ужываецца ў давальным склоне з прыназоўнікам по: лекция по горообразованию, оценка по черчению, оценка по физической культуре, оценка по диктанту.

    1. Дзеясловы ажаніць, ажаніцца і прыметнік жанаты патрабуюць ад залежнага слова формы творнага склону з прыназоўнікам з (са): ажаніць з Аленай, ажаніцца са Святланай, жанаты з аднакласніцай.

    У рускай мове залежны назоўнік ставіцца ў форму меснага склону з прыназоўнікам на: женить на Елене, женится на Светлане.

    1. Пры абазначэнні адлегласці да чаго-небудзь ужываецца канструкцыя з прыназоўнікам за і вінавальным склонам колькасна-іменнага спалучэння: за сто метраў ад школы, за трыста кіламетраў ад Віцебска, за два крокі ад перамогі.

    У рускай мове ў такіх канструкцыях выкарыстоўваецца назоўнік у месным склоне з прыназоўнікам в: в ста метрах от школы, в трёхстах километрах от Витебска, в двух шагах от победы.

    1. Лічэбнікі два, тры, чатыры дапасуюцца да назоўнікаў у форме назоўнага склону множнага ліку: два акіяны, тры студэнты, чатыры дні. Азначэнні пры такіх назоўніках таксама ставяцца ў назоўны склон множны лік: два глыбокія акіяны, тры старанныя студэнты, чатыры цёплыя дні.

    У рускай мове названыя лічэбнікі кіруюць назоўнікамі ў форме роднага склону адзіночнага ліку: два глубоких океана, три старательных студента, четыре тёплых дня.

    Лічэбнікі пяць, шэсць і вышэй у назоўным склоне кіруюць назоўнікамі ў родным склоне множным ліку як у беларускай, так і ў рускай мовах: пяць кветак, сем паверхаў.

    1. У дробавых лічэбніках частка адна, дзве, тры, чатыры ў лічніку (рус. числитель) дапасуецца да парадкавага лічэбніка ў назоўніку (рус. знаменатель): адна пятая, дзве трэція, тры дзесятыя.

    Калі ў лічніку стаяць лічэбнікі пяць, шэсць і вышэй, то яны кіруюць парадкавымі лічэбнікамі назоўніка ў форме роднага склону множнага ліку: пяць дзевятых, восем пятнаццатых.

    1. Пры ўтварэнні вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў і прыслоўяў ужываюцца наступныя канструкцыі: 1) з прыназоўнікам за + вінавальнысклон назоўнікака (займенніка): вышэйшы за сястру, тэмпература вышэйшаяза нуль, прыйшоў ранейза цябе; 2) з параўнальным злучнікам якабо чым + назоўны склон назоўніка (займенніка): брат вышэйшы,чым сястра; прыйшоў раней, чым ты.

    У рускай мове ў гэтым выпадку ўжываюцца беспрына­зоўнікавыя канструкцыі: брат выше сестры, пришёл раньше тебя, температура выше ноля.

    Асаблівай увагі пры выбары прыназоўніка і формы ўскоснага склону патрабуюць таксама наступныя канструкцыі:


    У бел. мове

    У рус. мове

    Чытаць сам сабе

    Читать про себя

    Пісаць (звярнуцца) на адрас

    Писать (обратиться) по адресу

    Загадчык кафедры (бібліятэкі)

    Заведующий кафедрой (библиотекой)

    Зайду (убачымся) днямі

    Зайду (увидимся) на днях

    Два разы на тыдзень

    Два раза в неделю

    Згодна з дамоўленасцю (з правілам)

    Согласно договорённости (правилу)

    Гаварыць на карысць каго-небудзь

    Говорить в пользу кого-нибудь

    Будынак на пяць паверхаў

    Строение в пять этажей

    Бачыць на свае вочы

    Видеть своими глазами

    Чуць на свае вушы

    Слышать своими ушами

    Смяяцца праз сон, гаварыць праз смех (слёзы)

    Смеяться сквозь сон, говорить сквозь смех (слёзы)

    Спазніцца праз яго

    Опоздать из-за него

    Глядзець сябе (‘клапаціцца пра сваё здароўе, берагчы сябе’)

    Смотреть за собой

    Спяваць на два галасы

    Петь в два голоса

    Сачыненне паводле рамана

    Сочинение по роману

    Град па гарошыне

    Град с горошину

    Што да мяне, то…; калі зайшла гаворка пра мяне, то…

    Что касается меня, то…


    Памылкі дапускаюцца пры выбары граматычнай формы выказніка пры дзейніку, выражаным колькасна-іменным спалучэннем. Таму трэба памятаць, наступнае:

    Выказнік звычайна ставіцца ў адзіночным ліку, калі дзейнік выражаны:

    1. спалучэннем колькаснага лічэбніка з назоўнікам: прайшло пяць сутак;

    2. спалучэннем зборнага лічэбніка з назоўнікам: прыехала трое братоў;

    3. спалучэннем назоўніка няпэўна-колькаснага значэння (большасць, меншасць, шэраг, мноства, большая частка, меншая частка і інш.) з назоўнікам у родным склоне множнага ліку: большасць прысутных прагаласавала;

    4. спалучэннем слоў некалькі, многа, мала, багата, шмат, столькі, колькі з назоўнікам: спявала некалькі вучняў.

    Аднак ва ўсіх пералічаных вышэй выпадках выказнік можа ставіцца ў множным ліку пры дзейніку са значэннем асобы ці калі падкрэсліваецца актыўнасць дзеяння: экзамен здалі дваццаць студэнтаў, большасць выпускнікоў паступілі ў ВНУ.

    1. словазлучэннем, у якое ўваходзіць назоўнік са значэннем пэўнай колькасці (дзясятак, сотня, тройка, пяцёрка і інш.): сотня пар вачэй глядзела на мяне;

    2. спалучэннем назоўніка (займенніка) у назоўным склоне з назоўнікам у творным склоне, калі трэба паказаць, што асоба, абазначаная творным склонам, з’яўляецца другараднай (бацька з сынам стаяў на прыпынку, Міхась з Жэнем напісаў сачыненне). Калі ж падкрэсліваецца роўнасць абедзвюх асоб, то выказнік ставіцца ў множным ліку (маці з бацькам жылі дружна, брат з сястрой паступілі ва ўніверсітэт).

    Займеннік, што ўжываецца замест зборнага назоўніка, павінен стаяць у адзіночным ліку: Аўтар праўдзіва адлюстраваў жыццё беларускага сялянства, яго мары і імкненні да лепшай долі.

    Сінтаксічнай памылкай з’яўляецца таксама неапраўданае нанізванне залежных адзін ад аднаго назоўнікаў у адным склоне (пераважна ў родным склоне), у выніку якога канструкцыі ўспрымаюцца з цяжкасцю. Д. Бугаёў прыводзіць наступны прыклад: “Рэтраспектыўны план драмы не адыграў значэння вытлумачальніка выто­каў станаўлення характараў герояў. Параўнаем яго з класічным прыкладам з Ф. Рабле: “Дзед траюраднага брата ста­рэйшай сястры цёткі зяця дзядзькі нявесткі яго цешчы пахаваны ў Маезе”.

    Сінтаксічныя памылкі часам бываюць выклі­ка­ныя змешваннем дзвюх ці больш семантычна тоесных сінтаксічных канструкцый: аплаціць за праезд (правільна: аплаціць праезд або заплаціць за праезд); заняць першынство (правільна: заняць першае месца або заваяваць першынство); дапамога над аргані­зацыяй (правільна: дапамога аргані­зацыі або шэфства над аргані­зацыяй).

    Як бачна, будова сінтаксічных канструкцый адлюстроўвае асаблівасці мыслення і з’яўляецца паказчыкам агульнай культуры маўлення таго, хто гаворыць.
    1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   31


    написать администратору сайта