канспект лекцый. Змест
Скачать 0.78 Mb.
|
Знакі прыпынку пры параўнальных зваротах1. Параўнальныя звароты, якія пачынаюцца злучнікамі як, бы, як бы, нібы, нібыта, быццам, як быццам, што, як і, чым, выдзяляюцца коскамі. Напрыклад: Па небе хмары, як палотны, паўночны вецер рассцілае. Дзяўчаты, нібы русалкі, карагоды водзяць. 2. Выдзяляюцца коскамі спалучэнні слоў як адзін, як правіла, як звычайна, як знарок, як цяпер, як заўсёды і інш. Напрыклад: Мы па сігналу ваеннай трывогі ўсе, як адзін, уставалі на бой. 3. Пры параўнальных зваротах са злучнікамі як, як быццам, чым і іншых у шэрагу выпадкаў коска не ставіцца. Коска не ставіцца перад злучнікамі як і чым у спалучэннях больш як (не больш як), больш чым (не больш чым), менш як (не менш як), менш чым (не менш чым), не бліжэй як, не далей як, не часцей як, не радзей як, не іначай як, усё роўна як і інш., якія выражаюць абмежаванне ў прасторы, часе, колькасці. Напрыклад: Менш чым праз хвіліну Несцяровіч вярнуўся ў хату. У такіх спалучэннях коска перад як і чым ставіцца тады, калі яны сэнсава і інтанацыйна выдзяляюцца. Напрыклад: Лес патрэбен людзям не меней, чым хлеб. Людзей у лесе было больш, як грыбоў. 4. Не выдзяляюцца коскамі: устойлівыя выразы са злучнікам як: як мага, як след, як мае быць, як належыць, як не ў сябе і інш. Напрыклад: Трэба як належыць рыхтавацца ў дарогу. Устойлівыя параўнанні з як: відна як днём, гол як сакол, галодны як воўк, злы як сабака, белы як палатно, белы як снег, пабляднеў як палатно, моцны як дуб, здаровы як бык, лёгкі як пярынка, няўклюдны як мядзведзь, патрэбны як паветра, чорны як сажа, цвёрды як камень, чырвоны як рак, цёмна як ноччу, хітры як ліса, палахлівы як заяц, халодны як лёд, баяцца як агню, берагчы (глядзець) як вока, ведаць як свае пяць пальцаў, маўчаць як рыба, біцца як рыба аб лёд, не бачыць як сваіх вушэй, як рукой зняло, як рукой падаць, як кот наплакаў, растаў як снег, лопнуў як мыльны пузыр, прыстаў як смала, стаіць як укопаны, спаў як забіты, расце як на дражджах, адчуваць сябе як дома, усе як на падбор, як на далоні, як на іголках і інш. 5. Не выдзяляюцца коскамі параўнальныя звароты, якія з’яўляюцца іменнай часткай выказніка. Напрыклад: Ты як песня тая. Ліпа нібы цёмная хмара за акном. 6. Коска не ставіцца перад параўнальным зваротам, калі перад ім ёсць часціца не або прыслоўі зусім, амаль. Напрыклад: Міхась трымаўся не як сталы чалавек. 7. Не выдзяляюцца коскамі звароты з як, калі яны ўжываюцца са значэннем «у якасці» або са значэннем тоеснасці. Напрыклад: Чмаруцьку ведаюць усе як чалавека з фантазіяй. Ён славіўся ў брыгадзе як выдатны падрыўнік. Гэта кніга выдадзена як дапаможнік для студэнтаў. Быў дзень як дзень. Алесь быў хлопец як хлопец. Сказы з адасобленымі членамі сказа Адасабленне – сэнсавае і інтанацыйнае выдзяленне даданых членаў сказа з мэтай узмацніць іх значэнне, надаць пэўную самастойнасць і стылістычную выразнасць. Знакі прыпынку пры адасобленых азначальных зваротах і словах1. Коскамі выдзяляюцца: дапасаваныя азначэнні, выражаныя дзеепрыметнікавымі і прыметнікавымі словазлучэннямі, што стаяць пасля назоўніка, які паясняюць. Напрыклад: Між імён, праслаўленых на свет, былі імёны нашых блізкіх і знаёмых. Вядома, няма ўжо таго пярэстага дывана, калі бела-сінім полымем палае дол, зарослы пралескамі. Дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі без паясняльных слоў, калі яны стаяць пасля назоўніка, з якім звязаны, і звычайна маюць падкрэсленую сэнсавую нагрузку. Напрыклад: А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі. Хата, вымытая і прыбраная, чакала гасцей. Лабановіч, зацікаўлены, глянуў яшчэ раз на пасаду; дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі (з паясняльнымі словамі і без іх), калі яны стаяць перад назоўнікам і маюць дадатковае акалічнаснае адценне (прычыны, уступкі). Напрыклад: Захоплены гэтаю новаю думкаю, Пракоп доўга не можа заснуць. Падахвочаныя, дужыя, хлопцы адразу ўзяліся за працу; дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі з паясняльнымі словамі і без іх, якія адносяцца да назоўніка (пераважна да дзейніка) і стаяць перад ім, радзей – пасля яго, але аддзеленыя ад гэтага назоўніка выказнікам ці іншымі членамі сказа. Напрыклад: Мокрая і прыціснутая асеннім холадам, цяпер гэта расліннасць усё яшчэ гусцілася і ўпарта зелянелася. Ігнась вярнуўся дадому праз два тыдні, схуднелы, абарваны; дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, адзіночныя і з паясняльнымі словамі, якія адносяцца да асабовых займеннікаў. Напрыклад: Пранікніцеся любоўю да маёй Беларусі, людзі. Велічная і гордая, яна таго вартая. Радасная здагадка азарае мяне, і, здзіўлены, я паволі ўстаю ў акопе. Калі ў склад адасобленага азначальнага звароту ўключана іншая ўдакладняльная канструкцыя, то яна выдзяляецца коскамі: Навокал быў густы травяністы луг, усыпаны, нібы пацеркамі, расою... Калі дапасаваныя азначэнні не маюць выражанага акалічнаснага значэння, коска можа не ставіцца: Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамі дзеда Талаша і грамознага Мартына Рыля. 2. Дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, адзіночныя і з паясняльнымі словамі, адасабляюцца і выдзяляюцца коскамі і ў тым выпадку, калі пры іх займеннік адсутнічае, але падразумяваецца: Заняты думкамі, [я] і не заўважыў, як надышоў вечар. 3. Калі да аднаго назоўніка або займенніка ў сказе адносяцца некалькі адасобленых азначэнняў, выражаных дзеепрыметнікавымі і прыметнікавымі словазлучэннямі або адзіночнымі азначальнымі словамі, то яны раздзяляюцца коскамі як аднародныя члены сказа. Напрыклад: Ён [дзік], натапыраны, раз’юшаны, раз’ятраны, стаяў непадалёку ад толькі што вырытай ямкі і цяжка дыхаў – бакі яго хадзілі ходырам. 4. Не адасабляюцца і не выдзяляюцца коскамі дапасаваныя азначэнні, выражаныя адзіночнымі прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, што стаяць пасля назоўніка, які паясняюць і з якім утвараюць адно сэнсавае цэлае. Напрыклад: Плыве, гудзе шум гулкі, будаўнічы... 5. Не выдзяляюцца коскамі дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі (з паясняльнымі словамі або без іх), якія пры цеснай сувязі з дзеясловам становяцца іменнай часткай выказніка. Напрыклад: А лес, як добры той знаёмы, стаіць збялелы, нерухомы. 6. Адасабляюцца і выдзяляюцца коскамі: недапасаваныя азначэнні, выражаныя назоўнікамі ва ўскосных склонах (з паясняльнымі словамі і без іх), з прыназоўнікамі і, радзей, без прыназоўнікаў. Напрыклад: Хутчэй бы прыйшла зіма, белая і маладая, з малінавымі маразамі, са звонам канькоў на лёдзе і навагодняй ёлкай. На гарадок паўзла цёмна-шызая хмара, з ружова-серабрыстымі беражкамі; прыдаткі, якія адносяцца да асабовых займеннікаў і звычайна стаяць пасля іх, зрэдку – перад займеннікам. Напрыклад: І толькі ён, мароз заўзяты, мароз занадта зухаваты, адзін па лесе пахаджае... Вунь яны цягнуцца, варожыя акопы; прыдаткі, якія адносяцца да назоўнікаў, стаяць пасля іх і не ўтвараюць з імі цеснага сэнсавага адзінства, у тым ліку і тыя, што далучаюцца пры дапамозе злучніка як (з адценнем прычыны). Напрыклад: І мядзведзь, даўні ўладар пушчаў, таксама прабівае сабе сцежку, прыходзячы з далёкіх нязведаных сховаў; прыдаткі, якія з’яўляюцца ўласнымі імёнамі, стаяць пасля агульнага назоўніка і маюць удакладняльнае значэнне (перад імі можна без змены сэнсу ўставіць словы гэта значыць, а іменна). Напрыклад: Часцей заходзіць туды і старшыня, Захар Лемеш; прыдаткі, якія адносяцца да ўласнага імя, стаяць пасля яго і маюць удакладняльнае значэнне. Напрыклад: Ганна, маці Лабановіча, была жанчына добрая, працавітая, руплівая... Перад уласным імем і агульным назоўнікам прыдатак адасабляецца толькі тады, калі мае дадатковае акалічнаснае значэнне: Пісьменнік-псіхолаг, Колас вельмі добра разумеў чалавечыя характары. Два прыдаткі, якія стаяць перад уласным імем, коскамі не аддзяляюцца, тры і болей – аддзяляюцца: доктар тэхнічных навук прафесар Сідарчук І.М.; начальнік штаба капітан Дзянісаў; доктар тэхнічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мацкевіч Ю.Ф.; дэкан, доктар хімічных навук, прафесар Васільеў А.А. і інш. Пасля ўласнага імя прыдаткі такога тыпу аддзяляюцца коскамі: М.І. Смяян, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. 7. Выдзяляецца коскамі прыдатак да назоўніка або асабовага займенніка, які ёсць або падразумяваецца ў папярэднім сказе ці ў частцы складанага сказа: Дзе ж падзеўся той Сымон? Ці дзе ходзіць спазарання, непаседа-ветрагон? |