паняцце мовы. Паняцце мовы. Паняцце мовы. Мова як універсальная агульначалавечая зхява. Мова
Скачать 117.53 Kb.
|
35. Паняцце культуры мовы. Нормы маўлення Мова – гэта адбітак жыцця чалавека, асобнага народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. З дапамогай мовы чалавецтва пазнае акаляючы свет, захоўвае свае традыцыі, перадае нашчадкам уменні і вопыт. І менавіта па тым, як людзі валодаюць мовай, як адносяцца да яе, можна меркаваць аб іх культурным узроўні, інтэлекце, унутраным свеце. Саламон Рысінскі адзначаў: «На мой погляд, ніякая рыса так не выдзяляе чалавека, як вялікае і цудоўнае ўменне перадаваць звязным маўленнем успрыняцце розумам і рабіць набыткам слухачоў думкі, выражаныя ўзвышанымі словамі, злучанымі заканамерна, гарманічна ўключанымі ў правілы размера. Такі прыём адлюстроўвае прыроджаную ўласцівасць навакольнага свету. Наколькі, такім чынам, горача люблю тых, хто шануе і паважае годнасць гэтага даравання, настолькі, наадварот, тых, хто альбо не разумее, альбо пагарджае такім цудоўным праяўленнем мастацтва, я адхіляю і ўпэўнены, што яны наўрад ці варты называцца людзьмі» [1]. Культура маўлення прадугледжвае ўсебаковае, поўнае веданне рэальнай сістэмы мовы ў яе гістарычным развіцці, валоданне формамі і стылямі сучаснай літаратурнай мовы ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі зносін. Сучасны падыход да праблем маўленчай культуры ўлічвае шырокі спектр пытанняў, звязаных з функцыянаваннем і эвалюцыяй беларускай мовы і яе норм у структуры мовы нацыі, узрастаннем сацыяльнай і літаратурна-эстэтычнай ролі мовы ў сённяшнім жыцці народа. Практычныя і тэарэтычныя задачы маўленчай культуры носьбітаў беларускай мовы сталі зараз актуальнымі задачамі развіцця лінгвістычнай навукі. Тэрмін «культура маўлення» мае два значэнні: 1) сістэма камунікатыўных якасцей маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, выразнасць, багацце і разнастайнасць, дарэчнасць, чыстата і лаканічнасць); 2) вучэнне пра сістэму камунікатыўных якасцей маўлення [3]. Працэсы перадачы інфармацыі сродкамі мовы носяць назву «камунікацыі». Задача камунікацыі заключаецца ў тым, каб у свядомасці слухача (чытача) узнікла такая ж інфармацыя, якую перадае той, хто гаворыць (піша). Практычна выходзіць так, што паміж інфармацыяй перададзенай (выражанай) і інфармацыяй, якая ўзнікла ў свядомасці слухача ці чытача, усталёўваецца большае ці меншае падабенства. І чым яно большае, тым лепш ажыццяўляюцца камунікатыўныя задачы, тым большыя дасягненні нават пры элементарным камунікатыўным акце: аўтар (адрасант) – тэкст – адрасат. Пры адсутнасці любога з названых кампанентаў элементарнага акта камунікацыі не адбудзецца. У паляпшэнні камунікатыўнай якасці маўлення актыўную ролю выконваюць камунікатыўныя якасці маўлення – правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, багацце, выразнасць [1]. У сучаснай беларускай літаратурнай мове існуюць арфаэпічныя, акцэнталагічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, лексічныя, фразеалагічныя, сінтаксічныя і стылістычныя нормы. Правільнасць пісьмовага маўлення рэгулююць таксама арфаграфічныя і пунктуацыйныя нормы [3]. Арфаэпічныя нормы патрабуюць ад усіх носьбітаў мовы адзінага вымаўлення гукаў, гуказлучэнняў у словах і спалучэннях слоў. Правільнае літаратурнае вымаўленне – істотная адзнака культуры маўлення і культуры чалавека ўвогуле. Парушэнне арфаэпічных нормаў тлумачыцца ўплывам дыялектных рысаў роднай гаворкі, зблытаннем асаблівасцей беларускага і рускага літаратурнага маўлення і ўплывам арфаграфіі. Арфаэпічныя нормы прадугледжваюць: правільнае вымаўленне галосных, напрыклад: злучнік і часціца [і] пасля слова на галосны вымаўляюцца як [й]; галосны [у] не пад націскам вымаўляецца выразна; галосныя [о], [э], [а] не пад націскам вымаўляюцца як гук [а] і г.д.; правільнае вымаўленне зычных, напрыклад: [р] у беларускай мове толькі цвёрды; гук [дж] – цвёрдая афрыката, адзін непадзельны гук; гук [дз’] мяккая афрыката, адзін непадзельны гук і г.д.; правільнае вымаўленне спалучэнняў зычных, напрыклад: спалучэнні [дч], [тч] вымаўляюцца як падоўжаны гук [чч] і інш.; правільнае вымаўленне асобных граматычных формаў, напрыклад: літаратурнае вымаўленне канчаткаў –ага, –ога, –яга ў родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, дзеепрыметнікаў адпавядае напісанню; канчаткі –ы, –і ў назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, займеннікаў і дзеепрыметнікаў вымаўляюцца выразна пад націскам і не пад націскам. Акцэнталагічныя нормы рэгулююць месца размяшчэння націску ў словах (напрыклад, трэба кварт'ал, нельга кв'артал). Цяжкасці ў засваенні акцэнталагічных нормаў звязаны з тым, што ў беларускай мове націск свабодны, ці разнамесны (св'етлы – святл'ейшы). Побач з літаратурнай нормай сустракаюцца акцэнтныя варыянты, якія існуюць паралельна з нарматыўнымі (над'алей – надал'ей), і тыя, якія выходзяць за рамкі нормы (ж'ыхар – жых'ар), што звязаны з пранікненнем у літаратурную мову дыялектных слоў. Націск маюць толькі паўназначныя словы, непаўназначныя ж у якасці націскнога склада прымыкаюць да папярэдняга слова (энклітыкі) або да наступнага (праклітыкі). Словаўтваральныя нормы ахоўваюць найбольш трывалыя, традыцыйныя ў беларускай літаратурнай мове словаўтваральныя тыпы – схемы пабудовы слоў пэўнай часціны мовы, якія супадаюць у словаўтваральных адносінах. Напрыклад, пры ўтварэнні аддзеяслоўных назоўнікаў, што абазначаюць асоб па дзеянні, названым утваральным словам з’ўляецца суфікс –льнік (збіраць, збіральнік), таму намінацыі тыпу збірацель, стварацель – адхіленне ад нормы. Словаўтваральныя нормы рэгулююць выбар марфем, іх размяшчэнне і спалучэнне ў складзе новага слова. Марфалагічныя нормы замацоўваюць правільнае выкарыстанне моўных сродкаў паводле іх прыналежнасці да пэўных зменных часцін мовы. Цяжкасці ў засваенні марфалагічных нормаў звязаны з наяўнасцю ў мове варыянтных формаў, многія з якіх набылі функцыянальную нагрузку, сталі важным стылістычным рэсурсам мовы. Няўстойлівасць марфалагічных нормаў тлумачыцца ўздзеяннем дыялектаў (напрыклад, выкарыстанне парнага ліку: дзве баразне), асаблівасцю мовы-крыніцы, з якой запазычваюцца словы, сітуацыяй двухмоўя. Адхіленні ад нормы назіраюцца практычна сярод усіх зменных часцін мовы. Сярод назоўнікаў – ва ўжыванні слоў з неўласцівымі формамі роду (няправільна: залатая медаль, свойскі гусь), ліку (праменні, карэнні) і інш.; сярод прыметнікаў – ва ўтварэнні ступеняў параўнання (вышэй мяне, старэй мяне) і інш.; сярод дзеясловаў – ва ўжыванні складанай формы прошлага часу (яна была пайшла). Сінтаксічныя нормы рэгулююць граматычную сувязь слоў у разнастайных прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых канструкцыях, забяспечваюць правільнасць формы кіравання і дапасавання. У сінтаксісе, як і ў марфалогіі, даволі пашырана варыянтнасць спосабаў выражэння (дапускаецца: водзыў на аўтарэферат і водзыў аб аўтарэфераце). Пры выбары формы кіравання трэба звяртаць увагу не толькі на канкрэтны і граматычны змест канструкцыі, але і на семантыку слоў і іх сінтаксічныя патэнцыі. У многіх выпадках форма кіравання залежыць ад індывідуальных асаблівасцей як граматычна галоўнага слова, так і кіруемага кампанента. Напрыклад, існуе выразная розніца паміж формамі звяртаць (накіроўваць) увагу на каго, на што і засяроджваць увагу на кім, на чым. Норма кіравання тут мяняецца ў залежнасці ад лексічнага значэння дзеяслова. Вельмі часта парушаецца кіравальная сувязь у спалучэннях з дзеясловамі жартаваць, смяяцца, здзекавацца, кпіць, дзівіцца, глуміцца (няправільна смяяцца над чалавекам, жартаваць над хлопчыкам). Гэтыя дзеясловы ў беларускай мове кіруюць родным склонам з прыназоўнікам з. Часта дапускаюцца памылкі і пры выбары граматычнай формы дапасавання (пішуць, гавораць: тры вялікіх дуба, два поўных мяшкі). Паводле нормы пры дзейніку большасць (або меншасць, некалькі і інш.) + назоўнік у родным склоне множнага ліку выказнік выкарыстоўваецца пераважна ў форме адзіночнага ліку, калі: назоўнік абазначае неадушаўлёны прадмет (некалькі станкоў стаяла); пры слове большасць ёсць азначэнне (абсалютная большасць прагаласавала); выказнік выражаны дзеясловам (ці дзеепрыметнікам) залежнага стану (большасць кніг прачытана); выказнік папярэднічае дзейніку (прагаласавала большасць дэлегатаў). У іншых выпадках дапускаецца выкарыстанне выказніка ў множным ліку. Фразеалагічныя нормы рэгулююць традыцыйнае, замацаванае вуснай і пісьмовай практыкай ужыванне фразеалагізмаў з характэрнымі для іх структурна-граматычнымі, семантычнымі і спалучальнымі асаблівасцямі. Часта сустракаюцца выпадкі нічым не апраўданага парушэння формы або семантыкі фразеалагізма. Параўнаем: Выступаў я з высокіх трыбун. Даказваў, прасіў, пераконваў, дык далі па карку: «На лёгкі хлеб захацеў?»; Мармытаў пад носам дзіцячыя песні. У першым сказе выкарыстаны фразеалагізм біць па карку, аднак яго нарматыўнае значэнне ‘набіць, пакараць; вызваліць ад пасады’з кантэксту не выяўляецца. Выраз ужыты няправільна. У другім сказе фразеалагізм выкарыстаны няправільна і недарэчна. Звычайна выслоўе пад носам ужываецца са значэннем ‘вельмі блізка, побач’; у прыведзеным кантэксце яно выяўляе зусім іншую семантыку – ‘ціха, сам сабе, нягучна’, якая характэрна для падобнага структураю фразеалагізма пад нос. Лексічныя нормы выводзяць за рамкі ўжывання тыя адзінкі, якіх не прымае літаратурнамоўная практыка. У некаторых публікацыях сцвярджаецца, што лексічныя нормы быццам бы рэгулююць выбар слова, дыктуюць носьбітам мовы «свае ўмовы». Але з гэтым пагадзіцца нельга. Пісьменніцкая праца над словам паказвае, што замена аднаго слова другім, пошукі найбольш дакладнага і дарэчнага слова дыктуюцца не характарам нормы, а прынцыпам мэтазгоднасці. Так, у аповесці Я. Коласа «Адшчапенец» у першым варыянце было: Ён не бачыць плесені заскарузлага ў сваёй архаічнасці вясковага жыцця. Рыхтуючы тэкст да перавыдання, пісьменнік замяніў слова архаічнасць больш натуральным – старадаўнасць: яно ў кантэксце твора найбольш стылістычна апраўданае. Між тым слова архаічнасць не супярэчыла прадпісанням тлумачальнага слоўніка. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што выбар слова рэгулюецца не нормай, а мэтазгоднасцю. Лексічныя нормы ў шырокім плане – гэта правільнасць выбару слова і дарэчнасць прымянення яго ў агульнавядомым значэнні і ў агульнапрынятых спалучэннях. Стылістычныя нормы рэгулююць стылістычную арганізацыю маўлення ў плане выбару не толькі пэўных слоў і сінтаксічных канструкцый, але і марфалагічных формаў. Як вядома, кожны стыль мае свае нормы, свае, адметныя ад іншых стыляў, моўныя сродкі. Стылістычна абмежаваныя словы пазначаюцца ў слоўніках спецыяльнымі паметамі. Напрыклад, у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» паметай разм. (размоўнае) адзначаны шырокі пласт слоў або іх паасобных значэнняў, ужыванне якіх абмежавана гутарковым маўленнем. Гэта словы гарляк, гарлапан, гарладзёр, гарлапаніць, гарласты, гарлаць і інш. Але пры неабходнасці гэтыя і падобныя словы можна выкарыстоўваць у іншых стылях, калі гэта не будзе пярэчыць дарэчнасці як істотнай камунікатыўнай якасці маўлення. Развіццё літаратурнай нормы – гэта, па сутнасці, станаўленне, развіццё і ўдасканальванне яе нормаў у адпаведнасці з патрэбамі грамадства і ў сувязі з унутранымі заканамернасцямі моўнага развіцця [6]. Пунктуацыйныя нормы рэгулююць пастаноўку знакаў прыпынку ў пісьмовым тэксце ў адпаведнасці з правіламі пунктуацыі, прызначанымі для абслугоўвання патрэб пісьмовых зносін ў грамадстве. Захаванне пунктуацыйных норм садзейнічае разуменню зместу напісанага, павышае культуру пісьмовага маўлення. Арфаграфічныя нормы рэгулююць выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання формы слова ці яго часткі, які адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі. 36. Камунікатыўныя якасці маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня, дарэчнасць, вобразнасць, багацце) Словазлучэнне «культура маўлення» ўжываецца ў трох асноўных значэннях: 1. Культура маўлення — гэта раздзел мовазнаўства, які вывучае маўленчае жыццё грамадства ў вызначаную эпоху і ўсталёўвае на навуковай аснове правілы карыстання мовай як асноўным сродкам зносін людзей, прыладай фарміравання і выразу думак. Іншымі словамі, словазлучэнне «культура маўлення» ў гэтым значэнні — вучэнне аб сукупнасці і сістэме камунікатыўных якасцяў маўлення. 2. Культура маўлення — гэта нейкія яго прыметы і ўласцівасці, сукупнасць і сістэмы якіх кажуць аб маўленчай камунікатыўнай дасканаласці. 3. Культура маўлення — гэта сукупнасць навыкаў і ведаў чалавека, якія забяспечваюць мэтазгоднае і лёгкае ўжыванне мовы ў любых мэтах зносін, валоданне нормамі вуснай і пісьмовай літаратурнай мовы (правіламі вымаўлення, націску, словаўжывання, граматыкі, стылістыкі), а таксама ўменне выкарыстаць выразныя сродкі мовы ў розных умовах зносін у адпаведнасці з мэтамі і зместам маўлення. Культура маўлення — гэта не толькі уменне правільна, прыгожа, пераканаўча гаварыць, але і агульная культура чалавека, яго знешні выгляд, адзенне, манеры, уменне лагічна і дакладна мысліць і аптымальна выражаць думкі, адэкватна апісваць моўнымі сродкамі любыя жыццёвыя і вытворчыя сітуацыі, правільна, без памылак складаць і афармляць разнастайныя пісьмовыя дакументы, дарэчна і ўмела выкарыстоўваць усе стылістычныя рэсурсы мовы. Галоўныя кампаненты культуры маўлення — правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чыстата, багацце, або разнастайнасць, выразнасць, дарэчнасць і сцісласць [3, с. 72—73; 76—79]. Правільнасцьмаўлення заснавана на прытрымліванні літаратурных норм пры ўжыванні мовы, якія выпрацаваны грамадствам і кадыфікаваны (замацаваны афіцыйна як абавязковыя для выканання) у граматыках і слоўніках (звычайна акадэмічных выданняў). Літаратурная норма забяспечвае сацыяльнае адзінства мовы, узаемаразуменне паміж усімі носьбітамі ўсіх разнавіднасцяў (дыялекты, жаргоны і інш.) мовы. Важнасць, істотнасць, аўтарытэтнасць літаратурных норм і правіл у змененым выглядзе падмацоўваецца ўрадавымі пастановамі, якім папярэднічаюць разнастайныя абмеркаванні неабходнасці такіх змен моўных правіл з улікам думак спецыялістаў, усіх, хто мае дачыненне да працы са словам. Толькі ў ХХ ст. прыняты дзве ўрадавыя пастановы (1933, 1957), у якіх афіцыйна зацверджаны пэўныя змены ў літаратурных нормах беларускай мовы. Дакладнасць маўлення заключаецца ў сэнсавай адпаведнасці яе асобных слоў, выказванняў знешнім рэаліям, сітуацыям або паняццям аб іх, а таксама ў выкарыстанні адзінак маўлення ў тых значэннях, што замацаваны за імі моўнай практыкай і прадстаўлены ў адпаведных кадыфікаваных лінгвістычных даведніках. Дакладнасць служыць абавязковым кампанентам лагічнасці, з дапамогай якой устанаўліваюцца несупярэчлівыя, паслядоўныя, адпаведныя рэчаіснасці сэнсавыя сувязі паміж часткамі выказвання. Такім чынам, лагічнасць выходзіць за межы слова і праяўляецца ў сказе, у галіне сінтаксіса. Лагічныя сувязі рэалізуюцца адпаведнымі сінтаксічнымі канструкцыямі, у якіх значную ролю адыгрываюць складаныя злучнікі тыпу,таму …, што,калі …, то, раз …, так, як толькі …, дык і інш., парадкам слоў. Лагічнасць праяўляецца таксама ў адпаведнасці выказвання тым або іншым падзеям, з’явам, фактам знешняй рэчаіснасці, у адэкватнасці думкам, паняццям, суджэнням. Лагічнасць павінна прымяняцца і па-за межамі сказа да выступленняў, дакладаў, артыкулаў і г. д., якія звычайна будуюцца па лагічнай схеме, маюць устойлівую кампазіцыю: уводзіны (уступ) — асноўная частка — заключэнне. Да таго ж асноўныя палажэнні кожнай такой часткі павінны арганічна і лагічна звязвацца паміж сабой. Дарэчнасць маўлення звязана з дакладнасцю і лагічнасцю і яе сутнасць заключаецца ў выкарыстанні моўных сродкаў з поўнай адпаведнасцю тэме гаворкі, сітуацыі, або кантэксту, мэце выказвання, колькаснаму і якаснаму складу аўдыторыі (слухачоў, чытачоў, іх узросту, прафесіі, адукаванасці, полу, настрою, месцу жыхарства і іншым асаблівасцям), выбранаму стылю маўлення, часу і ўмовам зносін. Недарэчна ўжываць у сяброўскай размове кніжныя, афіцыйна-дзелавыя выразы, і наадварот, у афіцыйна-дзелавым, навуковым сты-лях — гутарковыя ці прастамоўныя словы, бо гэта можа сведчыць не толькі пра нізкую культуру маўлення, але і выклікаць недавер у слухача (слухачоў) да выказанай інфармацыі. Адной з якасцяў добрага маўлення з’яўляецца яго чысціня. Чысціня мае на ўвазе адсутнасць у маўленні элементаў, якія з’яўляюцца чужымі літаратурнай мове. Вылучаюцца наступныя адзінкі, якія парушаюць чысціню маўлення чалавека: Дыялектызмы парушаюць чысціню літаратурнага маўлення, асабліва афіцыйнага, аднак варта памятаць, што дыялектызмы — словы, уласцівыя пэўнай сістэме. Гэта азначае, што ў народнай мове вузкай тэрыторыі яны не з’яўляюцца няправільнымі. Засмечваюць маўленне і так званыя словы-паразіты. Гэта словы, якія ў ізаляваным выглядзе не выклікаюць ніякага асуджэння. Ужытыя без неабходнасці, па звычцы, для запаўнення паўзаў, яны з’яўляюцца «смеццем» у маўленні. Часта такімі словамі становяцца: значыць, вось, ці бачыце, уласна кажучы, так сказаць і г. д. У літаратурнай прамове не дапушчаюцца прастамоўныя словы. Звычайна гэта грубаватыя словы адмоўнага зместу, уласцівыя простаму, нязмушанаму або нават грубаватаму вусноваму маўленню. Да прастамоўных блізкія словы вульгарныя, якія не павінны ўжывацца ў літаратурным маўленні. Засмечваюць літаратурнае маўленне жаргонныя словы, г. зн. словы, характэрныя для пэўнай групы людзей (сацыяльнай, прафесійнай і інш.). Гэта звычайна скажоныя, няправільныя словы. Варта пазбягаць ужыванне так званых канцылярызмаў— слоў, словазлучэнняў і нават цэлых выказванняў, якія ўжываюцца ў справавых («канцылярскіх») дакументах як устойлівы штамп, шаблон. У справавых паперах такія штампы неабходныя, бо дакументы патрабуюць устойлівай формы. У штамп рызыкуе ператварыцца любое слова, нават вельмі каштоўнае, калі яго стануць ужываць вельмі часта, механічна. Гэта адбылося, напрыклад, са словамі спыніцца, пытанне і інш. (напрыклад, спынюся на пытанні, спынюся на недахопах, на паспяховасці; прадумаць пытанне, падняць пытанне, паставіць пытанне). Варта пазбягаць празмернага ўжывання пазычаных слоў. Багацце маўлення залежыць ад разнастайнасці ўжытых моўных сродкаў. Выказванне адной і той жа думкі рознымі і разнастайнымі моўнымі сродкамі, як правіла, з‘яўляецца вынікам яе многааспектнай і глыбокай асэнсаванасці, добрай засвоенасці, служыць надзейнай падставай для таго, каб вытлумачыць яе ясна, зразумела. +Выразнасць маўлення звязана з нагляднасцю, вобразнасцю, малюнкавасцю вербальнага афармлення думак і забяспечваецца дарэчным, умелым ужываннем такіх стылістычных сродкаў, як эпітэты, метафары, параўнанні, фразеалагізмы, парэміі (прыказкі, прымаўкі), перыфразы і інш., каб аптымальна і яскрава данесці да адрасатаў неабходную думку. Фанетычныя і сінтаксічныя сродкі выразнасці вызначаюцца выкарыстаннем усіх інтанацыйных характарыстык маўлення, адпаведнай яснай дыкцыі, рэкамендаваных літаратурных норм вымаўлення і асобных гукаў, і іх спалучэнняў, ужываннем правільных канструкцый спалучэння слоў і канструкцый сказаў. |