Пои. Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце Беларуская літаратура для ix класа стано агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання глава 1 тлумачальная запіска
Скачать 1.71 Mb.
|
ГЛАВА 1 ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА 1. Вучэбны прадмет «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» ва ўзаемадзеянні з іншымі гуманітарнымі прадметамі ўносіць важкі ўклад у развіццё духоўна-маральных, эмацыянальных і творчых якасцей асобы; спрыяе самавызначэнню і самарэалізацыі падрастаючага пакалення ў сучасным свеце. 2. Мэта вывучэння вучэбнага прадмета «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» – фарміраванне мастацкай культуры асобы ў працэсе творчага асваення свету эстэтычных каштоўнасцей. 3. Дасягненне названай мэты прадугледжвае рашэнне наступных задач: развіццё каштоўнасных і маральна-этычных якасцей асобы; фарміраванне ведаў пра разнастайнасць з’яў у мастацкай культуры; фарміраванне ўменняў успрымання, інтэрпрэтацыі і ацэнкі мастацкіх твораў; развіццё эмацыянальна-вобразнага мыслення, творчых здольнасцей; фарміраванне мастацкага густу і патрэбнасці ў зносінах з творамі мастацтва; пашырэнне вопыту самастойнай мастацка-творчай дзейнасці. 4. У аснову вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» (далей – вучэбная праграма) пакладзены наступныя тэарэтычныя палажэнні: пра вобразную прыроду мастацтва. Мастацкі вобраз – мэта і вынік мастацка-творчай дзейнасці. Унікальнасць мастацкага вобраза выяўляецца з дапамогай розных сродкаў і матэрыялаў (слова, гук, інтанацыя, рытм, малюнак, колер, пластыка, міміка, мантаж і інш.) і раскрываецца ў працэсе ўспрымання твораў мастацтва, якія маюць яркую эмацыянальна-сэнсавую і каштоўнасную накіраванасць; пераемнасць мастацкай адукацыі. Змест вучэбнага прадмета «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» грунтуецца на сістэме ведаў, атрыманых вучнямі на ўроках вучэбных прадметаў «Выяўленчае мастацтва», «Музыка», і забяспечвае магчымасць працягваць вывучэнне мастацкай культуры на наступных узроўнях адукацыі; варыятыўнасць мастацкай адукацыі. Праяўляецца ў прадстаўленні настаўніку шырокіх магчымасцей выбару адукацыйных стратэгій і педагагічнага інструментарыю ў навучанні; актыўны ўдзел вучняў у мастацка-творчай дзейнасці. Неабходны не толькі пры засваенні сумы ведаў пра вывучаемую мастацкую з’яву, але і ў розных відах практычнай мастацка-творчай дзейнасці, якія ўмацоўваюць сацыяльна-прыкладную ролю вучэбных заняткаў па прадмеце; дыдактычную мэтазгоднасць. У працэсе пабудовы і канструявання зместу вучэбнага прадмета ўлічваліся агульнадыдактычныя прынцыпы (нагляднасці, паслядоўнасці, культураадпаведнасці, даступнасці, адпаведнасці ўзроставым асаблівасцям вучняў) і прынцыпы педагогікі мастацтва (полімастацкасці, полікультурнасці, дыялагічнай прыроды твора мастацтва). 5. Змест вучэбнай праграмы пабудаваны на аснове кампетэнтнаснага падыходу. З пазіцый кампетэнтнаснага падыходу ён адрозніваецца большай інтэграванасцю, каштоўнасна-сэнсавай і практыка-арыентаванай скіраванасцю. Веды, уменні і навыкі застаюцца ў складзе гэтых патрабаванняў, але з мэты адукацыі яны ператвараюцца ў сродак развіцця чалавека, які расце. Якасць кампетэнтнаснай падрыхтоўкі вучня забяспечваецца яго ўключэннем у актыўную мастацка-творчую дзейнасць і вызначаецца па зменах і прыросце ў сацыяльна-асобасным развіцці вучняў. Змест вучэбнай праграмы для IX класа структураваны ў адпаведнасці з гісторыка-храналагічным прынцыпам, які дазваляе сістэматызаваць ход развіцця мастацкай культуры. Пры гэтым у праграме выдзелены спецыфічныя характарыстыкі кожнай гістарычнай эпохі, а таксама каштоўнасныя асновы розных нацыянальных школ, у тым ліку і беларускай школы на ўсіх этапах яе развіцця. Мастацка-ілюстрацыйны матэрыял, прапанаваны да вывучэння ў IX класе, структураваны на аснове прынцыпу выдзялення культурных дамінант гістарычных эпох. Дадзены прынцып дазваляе пашырыць магчымасці асваення мастацкіх характарыстык твораў мастацтва, акцэнтуючы ўвагу вучняў не на колькасці помнікаў мастацкай культуры, а на эмацыянальна-вобразным складніку разглядаемых твораў мастацтва. Рэалізацыя дадзенага прынцыпу магчыма дзякуючы выкарыстанню мастацкіх твораў, адабраных у адпаведнасці: з мастацка-эстэтычнымі і каштоўнаснымі вартасцямі; сацыякультурным кантэкстам айчыннай і сусветнай мастацкай культуры; тэматыкай вучэбнай праграмы; узроставымі асаблівасцямі і магчымасцямі вучняў. 6. Вучэбная праграма для IX класа ўключае наступныя раздзелы: «Мастацкая культура XIX стагоддзя: адкрыцці і супрацьстаянні», «Мастацтва мяжы XIX–ХХ стагоддзяў», «Мастацкія эксперыменты ХХ стагоддзя», «Мастацтва савецкай эпохі», «Мастацтва мяжы тысячагоддзяў: новыя формы ў новых рэаліях». Мастацкая культура беларускіх зямель разглядаецца ў неад’емнай сувязі з сусветнай мастацкай культурай. Вывучэнне вучэбнага прадмета «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» у IX класе прадугледжвае фарміраванне ў вучняў больш глыбокіх уяўленняў пра мастацкія стылі, кірункі, нацыянальныя школы; асваенне больш складаных мастацтвазнаўчых паняццяў; паглыбленне ведаў пра сродкі мастацкай выразнасці; пашырэнне дзейнасці па ўспрыманні і творчай інтэрпрэтацыі мастацкіх твораў. 7. На вывучэнне айчыннай і сусветнай мастацкай культуры ў IX класе тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі адводзіцца 17 гадзін з разліку 1 вучэбная гадзіна на тыдзень. Па змесце тэмы носяць аглядны характар. Тэмы кожнага з раздзелаў вучэбнай праграмы з’яўляюцца прыкладнымі. У адпаведнасці з логікай пабудовы вучэбнага матэрыялу настаўнік мае магчымасць самастойна вызначаць ключавыя змястоўныя лініі раздзела; выбіраць мастацкія творы, якія адпавядаюць абранай стратэгіі; вызначаць паслядоўнасць іх вывучэння. Кожная тэма вучэбнай праграмы забяспечана мастацкім матэрыялам у шырокім дыяпазоне. Рэкамендаваны спіс мастацкіх твораў з’яўляецца прыкладным. Настаўнік мае права: карэкціраваць спіс твораў мастацтва на падставе мастацкіх пераваг вучняў, тэхнічных і метадычных магчымасцей установы адукацыі; вызначаць і вар’іраваць паслядоўнасць і колькасць разглядаемых відаў мастацтва, мастацкіх твораў; выбіраць методыку навучання; вызначаць мастацка-педагагічныя акцэнты, глыбіню і шырыню спасціжэння мастацкага вобраза. Пры планаванні вучэбных заняткаў, пры выбары мастацкіх твораў і методык іх вывучэння важна ўлічваць інтарэсы вучняў, якія маюць непасрэдны вопыт наведвання розных краін свету, знаёмства з нацыянальнымі традыцыямі, культурнымі з’явамі і мастацкімі дасягненнямі іншых народаў. У вучэбнай праграме ўлічваецца жыццёвы вопыт вучняў, прадугледжваецца магчымасць разнастайных форм яго выражэння ў самастойнай мастацка-творчай дзейнасці. 8. Прапанаваныя да кожнай тэмы віды дзейнасці маюць рэкамендацыйны характар. Прыярытэтнымі формамі атэстацыі з’яўляюцца самастойныя работы і праекты вучняў, у якіх прад’яўляюцца вынікі іх дзейнасці ў працэсе ўспрымання, інтэрпрэтацыі і стварэння мастацкіх твораў. Важнае месца на вучэбных занятках айчыннай і сусветнай мастацкай культуры займае працэс эмацыянальна-вобразнага ўспрымання мастацкага твора, неабходнай умовай арганізацыі якога з’яўляецца выкарыстанне якасных рэпрадукцый, аўдыя- і відэазапісаў. Вялікае значэнне для ўспрымання вучнямі твораў мастацтва мае наведванне імі музеяў, мастацкіх галерэй, выстаў, тэатраў, палацава-паркавых комплексаў, запаведнікаў, мастацкіх майстэрань; арганізацыя экскурсій, сустрэч з яркімі прадстаўнікамі культуры: архітэктарамі, мастакамі, скульптарамі, музыкамі, пісьменнікамі, акцёрамі і інш. У працэсе навучання настаўнік мае магчымасць вар’іраваць віды ўрокаў (урокі-экскурсіі, вандроўкі, творчыя лабараторыі, турніры і інш.), выкарыстоўваць інфармацыйныя сродкі навучання, шырока прымяняць актыўныя метады навучання, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Выкарыстанне тэхналогій навучальных праектаў (даследчых, інфармацыйных, творчых, прыкладных, гульнявых) накіравана на развіццё самастойнасці, асабістай ініцыятывы вучняў. Тэхналогіі навучання ў супрацоўніцтве дазволяць сканструяваць адносіны ўзаемнай адказнасці паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу з дапамогай розных тэхнік рашэння мастацка-камунікатыўных задач. Ужыванне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення пашырыць праблемнае поле вучэбных заняткаў, створыць умовы для фарміравання ўласных крытэрыяў ацэнкі мастацкага тэксту, генерыравання і адстойвання ўласных меркаванняў у галіне культуры і антыкультуры. Апошнія ўрокі вучэбнага года прысвечаны паўтарэнню і падагульненню вывучанага матэрыялу. Падагульняльныя ўрокі могуць праводзіцца з прымяненнем гульнявых тэхналогій (віктарына, конкурс і інш.); у форме прэзентацыі і абароны праектаў (індывідуальных, групавых); у форме дэманстрацыі і абароны партфоліа індывідуальных дасягненняў. ГЛАВА 2 ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА (17 гадзін) МАСТАЦКАЯ КУЛЬТУРА XIX СТАГОДДЗЯ: АДКРЫЦЦІ І СУПРАЦЬСТАЯННІ (5 гадзін) 1. Класіцызм і рамантызм: розум і пачуцці (1 гадзіна) XIX стагоддзе – новы этап у гісторыі еўрапейскай культуры. Класіцызм як афіцыйны стыль у мастацтве XIX стагоддзя. Ідэалы класічнай прыгажосці ў мастацтве Беларусі. Рамантызм: новы погляд на свет. Палеміка рамантыкаў з класіцыстамі. Канфлікт асобы і навакольнага свету ў творах рамантызму. Рамантызм у мастацтве Беларусі. Гутарка на тэму «Твор мастацтва як адлюстраванне эпохі». Дыскусія на тэму «Сюжэты і вобразы ў мастацтве класіцыстаў і рамантыкаў». Складанне храналагічнай табліцы «Стылі і напрамкі ў заходнееўрапейскім мастацтве X–XIX стагоддзяў». Вуснае сачыненне «Мой любімы твор рамантызму». Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Архітэктура (класіцызм): Ж.-Ф. Шальгрэн і інш. Вялікая Трыумфальная арка на плошчы Шарля дэ Голя (Зоркі) ў Парыжы; К. Ф. Шынкель. Стары музей у Берліне; А. Д. Захараў. Адміралцейства ў Санкт-Пецярбургу; К. І. Росі. Будынак Галоўнага штаба ў Санкт-Пецярбургу; Я. М. Аляксееў, К. Бланк, Дж. Кларк і інш. Палац Румянцавых – Паскевічаў у Гомелі; Дж. Кларк. Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі. Жывапіс (класіцызм): Ж. А. Д. Энгр. Партрэт Напалеона на імператарскім троне; «Абяцанне Людовіка XIII»; І. Аляшкевіч. «Партрэт маладой жанчыны»; «Партрэт князя А. А. Чартарыйскага»; «Анцівох і Стратоніка»; І. Хруцкі. Партрэты і нацюрморты (на выбар). Скульптура (класіцызм): Б. Торвальдсен. «Ганімед, які корміць Зеўсавага арла»; І. П. Мартас. Помнік Мініну і Пажарскаму. Жывапіс (рамантызм): Э. Дэлакруа. «Свабода, якая вядзе народ»; «Разня на Хіясе»; «Ладдзя Дантэ»; «Паляванне на львоў у Марока»; Т. Жэрыко. «Плыт «Медузы»»; «Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі, які ідзе ў атаку»; «Скачкі ў Эпсоме»; Ф. Гоя. «Партрэт донны Ісабэль дэ Порсель», «Расстрэл паўстанцаў у ноч 3 мая 1808 года»; «Калос (Паніка)»; К. Брулоў. «Апошні дзень Пампеі»; «Вершніца»; В. Ваньковіч. Партрэт А. Міцкевіча на скале Аю-Даг; «Партрэт Караля Ліпінскага»; І. Айвазоўскі. «Дзявяты вал» (ці інш.); Я. Дамель. «Павел І вызваляе Тадэвуша Касцюшку з няволі»; Я. Сухадольскі. «Начны штурм крэпасці Ахалцых 15 жніўня 1828 года». 2. Рамантызм у музыцы: энцыклапедыя пачуццяў (1 гадзіна) Лірыка як вядучая эмацыянальная сфера ў музыцы рамантызму. Асноўныя тэмы і жанры ў музыцы рамантызму. Найбуйнейшыя прадстаўнікі музычнага рамантызму ў Еўропе. Рамансава-песенная творчасць у Расіі. Першая беларуская нацыянальная опера. Гутарка «Характэрныя рысы музыкі рамантызму». Параўнанне вобраза рамантычнага героя ў музычных і жывапісных творах. Праект-даследаванне «Музычныя мініяцюры: разнастайнасць тэм і жанраў». Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Музыка: Ф. Шуберт. Сімфонія № 8 сі мінор «Няскончаная» (1-я ч.); Серэнада са зборніка «Лебядзіная песня»; «Музычны момант» (оп. 94 № 3 фа мінор); «Ave Maria» (Трэцяя песня Элен з цыкла песень на вершы В. Скота); Р. Шуман. Цыкл «Карнавал» (п’есы на выбар); Ф. Шапэн. Прэлюдыі (№ 4 мі мінор, № 20 до мінор); Накцюрны (оп. 9 № 2 Мі бемоль мажор, оп. 48 № 1 до мінор); Паланэз (оп. 40 № 1 Ля мажор); Вальсы (оп. 69 № 1 Ля бемоль мажор, оп. 64 № 2 до дыез мінор); Балада № 1 соль мінор; Балада № 2 фа мажор; Ф. Мендэльсон. «Песні без слоў» (на выбар); А. А. Аляб’еў, А. Л. Гурылёў, А. Я. Варламаў. Рамансы (на выбар); А. І. Абрамовіч. Фартэпіянная паэма «Беларускае вяселле»; С. Манюшка. Раманс «Залатая рыбка»; Опера «Сялянка» («Ідылія») (лібрэта В. І. Дуніна-Марцінкевіча). 3. Рэалізм: чалавек у рэаліях соцыуму (1 гадзіна) Паняцце «рэалізм». Вытокі рэалізму ў мастацтве. Асноўныя тэмы і жанры ў мастацтве рэалізму. Адлюстраванне аб’ектыўнага погляду ў выяўленчым мастацтве заходнееўрапейскіх мастакоў. Шэдэўры рускага рэалізму. Рэалістычныя тэндэнцыі ў беларускім мастацтве. К. І. Русецкі і ідэалізацыя вобраза «простага чалавека». Сталы рэалізм у творчасці Н. Ю. Сілівановіча. Пейзажы А. Г. Гараўскага. Гутарка «Праявы рэалізму ў творах выяўленчага мастацтва». Параўнанне тэматыкі жывапісу XVIII і XIX стагоддзяў. Стварэнне віртуальнага музея «Мастакі-перасоўнікі» (ці інш.). Параўнанне трактоўкі вобраза чалавека ў творах рамантызму і рэалізму. Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Выяўленчае мастацтва: Г. Курбэ. «Сяляне з Флажы, якія вяртаюцца з кірмашу ў Арнане»; А. Дам’е. «Прачка»; Ж.-Ф. Міле. «Анжэлюс (Вячэрні звон)»; «Сейбіт»; Т. Русо. «Від у ваколіцах Гранвіля»; В. Лейбль. «Тры жанчыны ў царкве»; В. Р. Пяроў. «Чаяванне ў Мыцішчах, каля Масквы»; «Паляўнічыя на прывале»; «Птушкалоў»; І. Я. Рэпін. «Бурлакі на Волзе»; «Хрэсны ход у Курскай губерні»; І. І. Шышкін. «Жыта» (ці інш.); В. І. Сурыкаў. «Раніца стралецкай кары»; «Баярыня Марозава»; К. І. Русецкі. «Жняя»; «Вербная нядзеля»; Н. Ю. Сілівановіч. «Дзеці ў двары»; «Салдат з хлопчыкам»; «Пастух са Свянцяншчыны». 4. Рэалізм у музыцы: жыццё ва ўсіх праявах (1 гадзіна) Рэалізм у заходнееўрапейскай музыцы XIX стагоддзя. Прастата і даступнасць музычнай мовы, праўдзівасць музычных характараў. Рэалістычная музычная драма Дж. Вердзі. «Кармэн» Ж. Бізэ – вяршыня опернага рэалізму. Рэалізм у творчасці кампазітараў «Магутнай кучкі». Сімфанічная драма П. І. Чайкоўскага. Гутарка «Рамантызм і рэалізм у музыцы: асноўныя адрозненні». Дыскусія «Музычны псіхалагізм П. І. Чайкоўскага». Праект-даследаванне «Жанр оперы ў музыцы рэалізму». Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Музыка: Дж. Вердзі. Опера «Травіята» (застольная песня «Высока падымем усе кубак весялосці» з I дз.; арыя Віялеты «Бывайце вы навекі» з III дз.); Ж. Бізэ. Опера «Кармэн» (хабанэра Кармэн «У кахання, як у пташкі, крылы» з I дз.; сегідылья Кармэн «Там, каля Севільі» з I дз.; арыёза Хазэ з II дз.; сцэна варажбы з III дз.); М. П. Мусаргскі. Цыкл «Дзіцячая» (на выбар); «Песня пра блыху»; Опера «Барыс Гадуноў» (сцэна каля сабора Васіля Блажэннага з IV дз.); А. П. Барадзін. Сімфонія № 2 «Волатаўская» (ч. 1); Опера «Князь Ігар» (Палавецкія скокі з II дз.); А. С. Даргамыжскі. Раманс «Стары капрал»; П. І. Чайкоўскі. Сімфонія № 6 «Патэтычная» (ч. 4); Опера «Пікавая дама» (арыя Германа «Што наша жыццё? Гульня!» з III дз.). 5. Яркасць і непасрэднасць уражанняў імпрэсіяністаў (1 гадзіна) Перадумовы ўзнікнення імпрэсіянізму. Паняцце «імпрэсіянізм». Папулярныя тэмы і сюжэты ў мастацтве імпрэсіянізму. Навізна прыёмаў і сродкаў мастацкай выразнасці ў выяўленчым мастацтве. Імпрэсіянізм у музычным мастацтве. Гутарка «Асаблівасці тэхнікі мастакоў-імпрэсіяністаў». Музычнае і паэтычнае ілюстраванне твораў мастакоў-імпрэсіяністаў. Параўнанне вобразаў прыроды і чалавека ў жывапісе перасоўнікаў і імпрэсіяністаў. Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Жывапіс: Э. Манэ. «Бар у «Фалі-Бержэр»»; К. А. Манэ. Серыя «Руанскі сабор»; «Уражанне. Узыход сонца»; «Бульвар Капуцынак у Парыжы»; «Вуліца Мантаргёй, свята 30 чэрвеня 1878 г.»; «Прагулка па скалах Пурвіля»; серыя пейзажаў «Японскі масток» (на выбар); П. А. Рэнуар. «Дзве сястры (На тэрасе)»; «Партрэт актрысы Жанны Самары», «Дзяўчына з веерам»; Э. Дэга. «Блакітныя танцоўшчыцы»; «Танцоўшчыцы на рэпетыцыі»; «Зорка (Танцаўшчыца на сцэне)»; А. Сіслей. «Снег у Лувесьене»; К. Пісаро. «Бульвар Манмартр у Парыжы»; «Оперны праезд у Парыжы». Музыка: К. Дэбюсі. Цыкл «Накцюрны» (на выбар); Сімфанічны эскіз «Мора»; Прэлюдыі (на выбар); М. Равель. Фартэпіянны цыкл «Адлюстраванні» (на выбар); «Балеро». МАСТАЦТВА МЯЖЫ XIX–ХХ СТАГОДДЗЯЎ (3 гадзіны) 6. Мадэрн: пошук новага ў спазнаным (1 гадзіна) Ідэі і напрамкі мадэрну. Нацыянальныя праявы мадэрну: ар-нуво, югендштыль, сэцэсія. Асноўныя крыніцы творчасці майстроў мадэрну. Мадэрн у архітэктуры: В. Арта, Ч. Р. Макінтош, А. Гаўдзі. Праява мадэрну ў жывапісе – Г. Клімт. Мадэрн у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве: У. Морыс, Р. Лалік, Л. К. Тыфані. Развіццё часопіснай і кніжнай графікі. Мадэрн у музыцы: новая музычная мова А. Скрабіна. Гутарка «Мадэрн і прыгажосць: агульныя падыходы». Праект «Упрыгожанне ў стылі Рэнэ Лаліка», «Вітраж у стылі Тыфані» і інш. Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Архітэктура: Ё. Ольбрых. Дом Сецэсіёна ў Вене; Ж. Лавірот. Дом Лавірота ў Парыжы; А. Гаўдзі. Дом Батльё; Дом Міла; Сабор Святой Сям’і; Парк Гуэль у Барселоне; В. Арта. Дом прафесара Таселя ў Бруселі; Гасцёўня атэля ван Этвеле; Ч. Р. Макінтош. Мастацкая школа ў Глазга; Ф. Шэхтэль. Асабняк С. П. Рабушынскага ў Маскве. Жывапіс: Г. Клімт. Пано «Дрэва жыцця». Графіка: А. Муха. Серыя «Поры года»; «Мастацтва» («Танец», «Паэзія»); О. Бёрдслі. Ілюстрацыі і вокладкі да друкаваных выданняў (на выбар). Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Г. Абрыст. Пано «Удар бізуна»; Мазаіка базілікі Сакрэ-Кёр у Парыжы; У. Морыс. Дызайн габеленаў, шпалер; Ч. Р. Макінтош. Вітражы; Л. К. Тыфані. Вітражы, лямпы; Р. Лалік. Ювелірныя ўпрыгожанні. Музыка: А. М. Скрабін. «Паэма экстазу» (фрагмент); Цыкл «24 прэлюдыі для фартэпіяна» (прэлюдыі № 5 Рэ мажор, № 10 до-дыез мінор, № 14 мі бемоль мінор). 7. Сярэбраны век рускай культуры (1 гадзіна) Асноўныя ідэі мастацтва сімвалізму. Сувязь сімвалізму і мадэрну ў мастацтве. Асаблівае значэнне формы, колеру, гуку ў творах розных відаў мастацтва. Дзейнасць мастакоў творчага аб’яднання «Свет мастацтва». Міжнародны мастацкі праект «Рускія сезоны». Балет-казка «Жар-птушка» І. Стравінскага. Роля К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі ў станаўленні Маскоўскага Мастацкага тэатра. Гутарка на тэму «Асаблівасці стылю мадэрн у мастацтве Расіі». Дыскусія «Тэатральнасць музыкі Ігара Стравінскага». Выкананне эскіза касцюма казачнага персанажа (на выбар) у стылі мадэрн. Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Жывапіс: В. А. Сяроў. «Дзяўчынка з персікамі»; «Выкраданне Еўропы»; М. А. Урубель. «Дэман, які сядзіць»; «Мікула Селянінавіч»; «Шасцікрылы серафім»; «Пан»; А. М. Бенуа. «Прагулка караля»; Л. С. Бакст. «Старажытны жах»; К. А. Сомаў. «Язычок Каламбіны»; К. А. Каровін. «Кветкі і садавіна»; «Прыстань у Гурзуфе». Графіка: Я. Я. Лансерэ, І. Я. Білібін. Ілюстрацыі да друкаваных выданняў (на выбар); А. М. Бенуа. Ілюстрацыі да паэмы А. С. Пушкіна «Медны коннік». Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: М. А. Урубель. Дэкаратыўная маёліка. Сцэнаграфія: Л. С. Бакст. Эскізы касцюмаў і дэкарацый да балетаў «Спячая прыгажуня», «Жар-птушка»; А. М. Бенуа. Эскізы касцюмаў і дэкарацый да балета «Пятрушка»; А. Я. Галавін. Эскізы дэкарацый да балета «Жар-птушка». Музыка: С. В. Рахманінаў (на выбар); І. Ф. Стравінскі. Балеты «Жар-птушка», «Пятрушка» (фрагменты). 8. Мастацтва Беларусі мяжы XIX–ХХ стагоддзяў (1 гадзіна) Адраджэнне гістарычных традыцый у вобразах храмаў, сядзіб, грамадскіх будынкаў. Стыль мадэрн у архітэктуры. Рамантычнае і рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці ў жывапісе. Жанрава-тэматычная разнастайнасць жывапісу. Культурна-гістарычная спадчына ў беларускай графіцы. Напалеон Орда – мастак і кампазітар. Ігнат Буйніцкі: нараджэнне беларускага тэатра. Гутарка «Своеасаблівасць беларускай архітэктуры на мяжы XIX–XX стагоддзяў» («Тэмы і жанры ў беларускім жывапісе», «Вобраз чалавека ў мастацтве графікі»). Віртуальная экскурсія ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Падрыхтоўка прэзентацыі «Сюжэты і вобразы ў мастацтве беларускіх мастакоў». Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Архітэктура: Г. Шахт. Царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў в. Сар’я Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.; А. Гойбель. Касцёл Святога Антонія Падуанскага ў Паставах Віцебскай вобл.; П. П. Мяркулаў. Сабор Уваскрэсення Хрыстова ў Барысаве; Р. Р. Марфельд. Капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх у г. п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.; В. А. Шротэр. Дваранская сядзіба ў а. г. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.; П. Г. Камбураў. Будынак Магілёўскага драматычнага тэатра. Жывапіс: В. К. Бялыніцкі-Біруля. «Веснавыя воды»; «Квітнеючы сад»; «Сакавік»; Ф. Э. Рушчыц. «Ля касцёла»; «Старое гняздо»; К. Д. Альхімовіч. «Пахаванне Гедыміна»; «На этапе»; Ю. Пэн. «Стары кравец». Графіка: А. І. Каменскі. «Сустрэча ў пушчы»; С. С. Богуш-Сестранцэвіч. «Цыгане»; Н. Орда (на выбар). Музыка: Н. Орда. Паланэз «Паўночная зорка». МАСТАЦКІЯ ЭКСПЕРЫМЕНТЫ ХХ СТАГОДДЗЯ (4 гадзіны) 9. Кубізм і абстракцыянізм: змяшанне фарбаў і форм (1 гадзіна) Авангард: рэвалюцыя ў мастацтве. Кубізм: імкненне да «драбнення» формы. Ілюзорнасць у перадачы прадметаў рэчаіснасці. Кубістычны «калаж». Лепка формай і святлом у скульптуры. Праява кубізму ў графіцы. Асаблівасці мастацкай мовы абстракцыянізму: геаметрычныя формы, лініі, кропкі. Гутарка на тэму «Колер у мастацтве кубізму і абстракцыянізму». Выкананне плаката ў стылістыцы Пабла Пікаса. Выкананне калажу на вольную тэму (матэрыял і тэхніка на выбар) у стылістыцы кубізму. Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Жывапіс (кубізм): Р. Дэланэ. «Эйфелева вежа»; Ж. Брак. «Шкляны графін і газета»; Ф. Лежэ. «Ключы»; П. Пікаса. «Тры музыкі»; «Партрэт Амбруаза Валара»; «Скрыпка і вінаград»; «Кларнет і скрыпка». Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (кубізм): П. Пікаса. «Сава»; «Галава Фаўна». Графіка (кубізм): П. Пікаса. Плакат 1-га Сусветнага кангрэса прыхільнікаў міру ў Парыжы. Скульптура (кубізм): В. Цадкін. «Нараджэнне форм». Абстракцыянізм у жывапісе: В. В. Кандзінскі. «Кампазіцыя VIII. № 260»; «Імправізацыя. Летуценнае»; П. Мандрыян. «Кампазіцыя з чырвоным, чорным, сінім, жоўтым і шэрым»; К. С. Малевіч. «Чорны квадрат»; «Супрэматызм»; «Чорны крыж». Абстракцыянізм у скульптуры: Г. Мур. «Авал з кропкамі». 10. Экспрэсіянізм і сюррэалізм: мастацтва будучыні (1 гадзіна) Мастацтва экспрэсіянізму ў жывапісе і музыцы: трагізм успрымання свету і прадчуванне глабальных катастроф. Скажэнне і завастрэнне форм як асноўны прыём стварэння экспрэсіі. Сюррэалізм у мастацтве: сінтэз ідэй і мастацкіх прыёмаў. Творчасць Сальвадора Далі. Мікалай Селяшчук – беларускі Далі. Гутарка «Унікальныя прыёмы экспрэсіянізму ў жывапісе, музыцы, кіно». Дыскусія на тэму «Наватарства сюррэалістаў: знешнія эфекты». Праект-даследаванне «Мікалай Селяшчук – беларускі Далі». Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Экспрэсіянізм у жывапісе: Э. Л. Кірхнер. «Вуліца Берліна»; Э. Нольдэ. «Сад кветак»; Ф. Марк. «Сіні конь»; «Лёсы жывёл»; П. Клее. «Дом, які верціцца»; О. Какошка. «Салодкі сон». Экспрэсіянізм у графіцы: Э. Мунк. «Крык»; К. Кольвіц. Цыкл «Сялянская вайна» (на выбар). Экспрэсіянізм у скульптуры: Э. Барлах. Помнік загінуўшым «Злітуйцеся!». Экспрэсіянізм у музыцы (фрагменты): А. Шонберг. Монадрама «Чаканне»; Б. Бартак. Фартэпіянны цыкл «Мікракосмас» (мініяцюры на выбар); «Варварскае алегра» («Allegro barbaro»). Сюррэалізм у жывапісе: С. Далі. «Галатэя сфер»; «Нязменнасць памяці (Мяккі гадзіннік)»; «Уверцюра падманкі»; «Сланы»; М. М. Селяшчук. «Святочныя забавы»; «Калядная раніца». Сюррэалізм у скульптуры: А. Джакамеці. «Галава». Сюррэалізм у мастацтве дызайну: М. Опенгейм. Футравы чайны прыбор; С. Далі. Канапа ў форме вуснаў. 11. Парыжская школа. Геніі жывапісу з Беларусі (1 гадзіна) Парыж – эпіцэнтр мастацкіх адкрыццяў пачатку ХХ стагоддзя. Творчая атмасфера парыжскай школы. Амедэа Мадыльяні: лаканічнасць і выразнасць мовы. Эмацыянальная выразнасць работ Хаіма Суціна. Чараўнік і казачнік Марк Шагал. Гутарка «Асаблівасці мастацкай мовы Амедэа Мадыльяні». Праект «Віртуальная выстава беларускіх мастакоў парыжскай школы» (групавая работа). Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял А. Мадыльяні. «Партрэт Жанны Эбютэрн»; «Партрэт Хаіма Суціна»; «Аліса»; Х. Суцін. «Рыбы і памідоры»; «Партрэт Мадлен Кастэн»; «Дарога ў Кань-сюр-Мер»; «Аўтапартрэт»; «Чырвоныя гладыёлусы»; М. Шагал. «Я і вёска»; «Аўтапартрэт з сямю пальцамі»; «Скрыпач»; Роспіс плафона Гранд-апера ў Парыжы; П. Крэмень. «Гарадскі пейзаж»; М. Кікоін. «Ваза з кветкамі»; Ф.-Ш. Царфін. «Паўдзённы пейзаж». 12. Эксперыменты ў музыцы і кіно ХХ стагоддзя (1 гадзіна) Масавая музычная культура. Джаз як сінтэз еўрапейскіх і афраамерыканскіх музычных традыцый. Творчасць Дж. Гершвіна. Роля групы «The Beatles» у станаўленні рок-музыкі. Дакладнасць атмасферы і ўнутранага свету чалавека: італьянскі неарэалізм. Жанрава-тэматычныя эксперыменты ў французскім кінематографе. Гутарка «Джаз у сучаснай музычнай культуры», «Італьянскі неарэалізм: сродкі кінавыразнасці». Дыскусія «Рок-музыка: ад андэграўнду да канцэртаў на стадыёнах». Выкананне постара (вокладкі пласцінкі, дыска, часопіса) на тэму аднаго з кінашэдэўраў ХХ стагоддзя. Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Джаз: Л. Армстранг. Кампазіцыі (на выбар); Дж. Гершвін. «Рапсодыя ў стылі блюз» («Блакітная рапсодыя»); Опера «Поргі і Бес» (Калыханка Клары «Summertime» у выкананні Луі Армстранга і Элы Фіцджэральд). Рок-музыка: «The Beatles». Кампазіцыі «Michelle»; «Yesterday». Экранныя мастацтвы (фрагменты): В. дэ Сіка. «Выкрадальнікі веласіпедаў»; Ф. Капра. «Гэта цудоўнае жыццё»; Ж. Дэмі. «Шэрбурскія парасоны». Кінамузыка: фрагменты (на выбар). МАСТАЦТВА САВЕЦКАЙ ЭПОХІ (3 гадзіны) 13. Станаўленне мастацтва савецкай эпохі (1 гадзіна) Уплыў савецкай ідэалогіі на мастацтва. Агітацыйна-масавы характар мастацтва. Новыя тэмы і сродкі выразнасці. Новыя вехі ў развіцці авангарда: тэатралізаваныя масавыя прадстаўленні. Станаўленне сацыялістычнага рэалізму. Станоўчы вобраз героя ў мастацтве. Масавая песня як знак і прымета эпохі. «Саветызацыя» тэатра. Стварэнне савецкай кінаіндустрыі. Гутарка «Рэвалюцыя і мастак: надзеі і расчараванні». Выкананне прэзентацыі «Партрэтная галерэя скульптурных выяў дзеячаў культуры савецкай эпохі 20–30-х гадоў». Эскіз рэкламы прадмета (на выбар) у стылістыцы савецкага плаката. Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Архітэктура: У. Г. Шухаў. Вежа радыёстанцыі імя Камінтэрна; У. Я. Татлін. Вежа III Інтэрнацыянала; К. С. Мельнікаў. Дом культуры імя І. В. Русакова ў Маскве; І. У. Жалтоўскі. Жылы дом на вул. Махавой у Маскве; Бр. Весніны. Праект Палаца працы. Жывапіс: Б. М. Кустодзіеў. «Бальшавік»; М. З. Шагал. «Мір хацінам, вайна палацам»; Я. М. Чапцоў. «Пасяджэнне сельскай ячэйкі»; А. М. Родчанка (на выбар). Графіка: Плакаты (на выбар). Скульптура: В. І. Мухіна. «Сялянка»; «Рабочы і калгасніца»; «Будаўнік»; І. Д. Шадр. «Сейбіт»; «Рабочы»; «Чырвонаармеец»; «Селянін». Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Рэвалюцыйны фарфор (на выбар). Музыка (фрагменты): А. М. Аўраамаў. «Сімфонія гудкоў»; А. В. Масало́ў. Сімфанічны эпізод «Завод. Музыка машын» (з балета «Сталь»); Песні І. В. Дунаеўскага, А. В. Аляксандрава, Д. Д. Шастаковіча, М. У. Багаслоўскага і інш. (на выбар). Экранныя мастацтвы (фрагменты): Р. В. Аляксандраў. «Цырк»; «Светлы шлях»; С. М. Эйзенштэйн. «Браняносец «Пацёмкін»»; Дзіга Вертаў. «Чалавек з кінаапаратам». 14. Паміж традыцыяй і авангардам: мастацтва Беларусі 1920–1930-х гадоў (1 гадзіна) Развіццё мастацкай культуры Беларусі 1920–1930-х гадоў у кантэксце нацыянальных традыцый. Новая мастацкая мова М. М. Філіповіча: мадэліраванне колерам. Прыгажосць роднай зямлі ў творах С. Ю. Жукоўскага і У. М. Кудрэвіча. Маляваныя дываны (маляванкі) А. Кіш. Фантастычны свет Я. Н. Драздовіча. Партрэтная галерэя: З. І. Азгур. Віцебская мастацкая школа. Гутарка «Мастацтва Беларусі 1920–1930-х гадоў: традыцыі і эксперыменты». Дыскусія «Дарога ў прафесійнае мастацтва Беларусі ў 1920–1930-я гады». Творчы праект «Гістарычныя асобы ў творах мастацтва беларускіх мастакоў 1920–1930-х гадоў». Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Жывапіс: М. М. Філіповіч. «Карагод»; «Жанчына ў намітцы»; Ілюстрацыі да беларускіх народных казак; У. М. Кудрэвіч. «Беларуская вёска»; «Раніца вясны»; С. Ю. Жукоўскі. «Ручай у хвойным лесе»; Я. Н. Драздовіч. «Від пад кольцам на планеце Сатурн»; «Сустрэча вясны на Сатурне»; «Усяслаў Полацкі»; Я. М. Кругер. «Партрэт Я. Купалы»; М. В. Дабужынскі. «Віцебск»; В. М. Ермалаева. «Супрэматычная пабудова (эскіз святочнага афармлення Віцебска)»; П. А. Сергіевіч. «Шляхам жыцця», «Беларусы». Графіка: С. Юдовін. «Віцебск»; А. М. Тычына. «Стары Мінск»; «Плошча Свабоды»; А. А. Астаповіч. «Вуліца ў вёсцы». Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: А. Кіш. Маляваныя дываны (на выбар); Я. Н. Драздовіч. Маляваныя дываны (на выбар); М. М. Філіповіч. Керамічныя цацкі «Дудар», «Цымбаліст», «Сялянскі хлопчык». Скульптура: А. В. Грубэ. «Праца. Тачачнік»; А. А. Бембель. Рэльефы ў Доме ўрада ў Мінску; З. І. Азгур. Партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа. 15. Мастацтва пра вайну: музы не маўчалі (1 гадзіна) Асноўныя эмацыянальныя лініі мастацкіх твораў ваенных гадоў: нянавісць да ворага, туга па блізкіх, стойкасць і аптымізм народа, які змагаецца. Асэнсаванне ваеннага вопыту ў мастацкіх творах пасляваеннага перыяду. Гутарка «Мастацкія вобразы, народжаныя вайной». Падрыхтоўка літаратурна-музычнай кампазіцыі «Музы не маўчалі на вайне». Праект-даследаванне «Тэма вайны ў гісторыі маёй сям’і» (групавая работа). Падрыхтоўка тэматычнага вечара «Вайна: погляд з XXI стагоддзя». Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Жывапіс: А. А. Пластаў. «Фашыст праляцеў»; А. А. Дайнека. «Абарона Севастопаля»; «Ускраіна Масквы»; К. Ф. Юон. «Парад на Чырвонай плошчы 7 лістапада 1941 года»; С. В. Герасімаў. «Маці партызана»; Б. М. Няменскі. «Маці»; А. Д. Шыбнёў. «Палонных вядуць»; А. І. Лактыёнаў. «Ліст з фронту»; Ю. М. Няпрынцаў. «Адпачынак пасля бою»; Б. С. Угараў. «Ленінградка (У сорак першым)»; В. В. Волкаў. «Вызваленне Мінска. 3 ліпеня 1944 года»; П. А. Крываногаў. «Абаронцы Брэсцкай крэпасці»; І. В. Ахрэмчык. «Абаронцы Брэсцкай крэпасці»; Л. Д. Шчамялёў. «Маё нараджэнне»; М. А. Савіцкі. Серыя «Лічбы на сэрцы». Графіка: Плакаты (на выбар). Скульптура: Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой»; Мемарыяльны комплекс «Прарыў» ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл.; Мемарыял ахвярам гітлераўскага генацыду «Яма» ў Мінску; Ф. Д. Фівейскі. «Мацней за смерць». Музыка: Д. Д. Шастаковіч. Сімфонія № 7 «Ленінградская» (ч. 1, эпізод нашэсця); С. С. Пракоф’еў. Кантата «Аляксандр Неўскі» (ч. 4 «Уставайце, людзі рускія»); Музычныя кампазіцыі на тэму вайны ў выкананні Л. М. Гурчанка (кампазіцыя «Песні вайны»), ансамбля «Песняры» (кампазіцыя «Праз вайну»), вакальнай групы «Чысты голас» (кампазіцыя «На вайне як на вайне») і інш.; Д. Б. Кабалеўскі. Рэквіем на вершы Р. Раждзественскага (Уступ «Памятайце», «Нашы дзеці»). Экранныя мастацтвы (фрагменты): Л. Д. Лукаў. «Два байцы»; С. Ф. Бандарчук. «Лёс чалавека»; Р. Н. Чухрай. «Балада пра салдата»; А. А. Таркоўскі. «Іванава дзяцінства»; В. Ц. Тураў. «Я родам з дзяцінства»; І. М. Дабралюбаў. «Іван Макаравіч». МАСТАЦТВА МЯЖЫ ТЫСЯЧАГОДДЗЯЎ: НОВЫЯ ФОРМЫ Ў НОВЫХ РЭАЛІЯХ (2 гадзіны) 16. Сучаснае мастацтва – мастацтва будучыні (1 гадзіна) Паняцце «постмадэрнізм». Цытатнасць і іронія як асноўныя праявы постмадэрнізму. Высокатэхналагічныя магчымасці стварэння эфекту праўды і выдумкі. Відовішчны характар мастацтва: папулярнае мастацтва і аптычныя ілюзіі. Перформанс і інсталяцыя: мастацтва для ўсіх. Дыскусія на тэму «Што ў мастацтве першаснае – ідэя або форма?». Выкананне інсталяцыі на вольную тэму (матэрыял на выбар). Падрыхтоўка сцэнарыя перформанса на тэму «Я выбіраю здаровы лад жыцця», «Скажы «не» шкодным звычкам» ці інш. Прыкладны мастацка-ілюстрацыйны матэрыял Архітэктура: П. Блом. Кубічныя дамы ў Ротэрдаме; Ф. Геры. Канцэртная зала Уолта Дыснея ў Лос-Анджэлесе; К. Кума. Будынак шоу-рума М2 у Токіа; Прыклады экаархітэктуры (на выбар); Медыяфасады (на выбар) і/ці інш. Выяўленчае мастацтва: Э. Уорхал. «Мэрылін Манро»; «Бляшанка супу Кэмпбэл»; В. Вазарэлі. «Вега-200»; «Зялёная і аранжавая кампазіцыя» і/ці інш. Скульптура: Э. Грыгорску. Помнік паэту Міхаю Эмінеску ў Анешці; Б. Каталана. «Вялікі Ван Гог» з серыі «Вандроўнікі (Падарожнікі)» і/ці інш. Перформанс, інсталяцыі, арт-аб’екты: Ё. Бойс. 7000 дубоў (акцыя 1982 года); Т. Гайтан. Хайдэльбергскі праект у Дэтройце; К. Ольдэнбург. «Лыжка-мост і вішня»; Дж. Кейдж. Кампазіцыя «4´33´´» («Чатыры мінуты трыццаць тры секунды цішыні»); Ж. Плэнса. Скульптура «Дом ведаў»; Т. Янсен. Серыя «Пляжныя звяры»; С. Кнап. Светлавыя карціны і/ці інш. 17. Мастацтва Беларусі мяжы тысячагоддзяў (1 гадзіна) Нацыянальная свядомасць беларускага народа як вядучая тэма мастацтва Беларусі постсавецкага перыяду. Архітэктура: вобразы-сімвалы новай эпохі. Нацыянальны каларыт у выяўленчым мастацтве. Гістарычныя традыцыі і авангард. Новыя гукавыя светы ў музычнай культуры Беларусі. Беларускі кінематограф. Гутарка «Сімвалы беларускай культуры ў мастацтве мяжы тысячагоддзяў». Выкананне фатаграфіі на тэму «Прыгажосць звычайнага». Выкананне прэзентацыі на тэму «Мастацтва Беларусі ў асобах». Мастацка-ілюстрацыйны матэрыял на выбар настаўніка. ГЛАВА 3 АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ У выніку засваення зместу вучні павінны: мець уяўленне: пра асаблівасці развіцця мастацтва XIX – пачатку XXI стагоддзя; асаблівасці развіцця нацыянальнай культуры XIX – пачатку XXI стагоддзя; ведаць: змест паняццяў «рамантызм», «рэалізм», «імпрэсіянізм», «мадэрн», «постмадэрнізм»; асноўныя сродкі мастацкай выразнасці ў розных відах мастацтва і асаблівасці іх увасаблення ў рамках вывучаемага часавага перыяду; асноўныя творы мастацтва ў рамках вывучаемага часавага перыяду; умець: суадносіць мастацкія творы з вывучаемым гістарычным перыядам; параўноўваць мастацкія творы розных відаў (стыляў, напрамкаў) мастацтва; выказваць і абгрунтоўваць свае адносіны да твора мастацтва; выяўляць асацыятыўныя сувязі мастацкага твора з жыццядзейнасцю чалавека, навакольным светам; увасабляць мастацкі вобраз у розных відах мастацка-творчай дзейнасці; валодаць: навыкамі пошуку і крытычнага адбору мастацтвазнаўчай інфармацыі ў крыніцах рознага тыпу; мінімальнымі навыкамі аналізу і інтэрпрэтацыі твора мастацтва: для арыентацыі ў культурнай спадчыне мінулага і сучаснасці; арганізацыі свайго вольнага часу; самастойнай мастацкай творчасці.
Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца» для IX класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання |