Пои. Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце Беларуская літаратура для ix класа стано агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання глава 1 тлумачальная запіска
Скачать 1.71 Mb.
|
ГЛАВА 1 ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА 1. Асноўнай мэтай вучэбнага прадмета «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца» з’яўляецца фарміраванне асноў кампетэнтнасці вучняў у розных сферах працоўнай, гаспадарча-бытавой, канструктарска-тэхналагічнай дзейнасці, тэхнічнай і мастацкай творчасці, якая спрыяе сацыялізацыі асобы ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах. 2. Рэалізацыя гэтай мэты прадугледжвае рашэнне вучэбных, развіццёвых і выхаваўчых задач: фарміраванне ведаў, уменняў і навыкаў у працэсе выканання розных відаў вучэбна-пазнавальнай і працоўнай дзейнасці (тэхналагічных аперацый) па апрацоўцы матэрыялаў, тэхнічнай і мастацкай творчасці, рамонтных работах у быце; фарміраванне асноў графічнай і тэхналагічнай пісьменнасці, уменняў эканомна выкарыстоўваць матэрыялы і выконваць правілы бяспечных паводзін; фарміраванне гатоўнасці вучняў да прафесійнага самавызначэння; развіццё пазнавальных інтарэсаў, канструктарска-тэхналагічных і творчых здольнасцей, тэхнічнага і мастацкага мыслення, камунікатыўных і арганізатарскіх уменняў у працэсе выканання розных відаў працоўнай дзейнасці; выхаванне працавітасці, культуры працы, калектывізму, ініцыятыўнасці і самастойнасці, эстэтычнага густу, культуры паводзін і адносін, павагі да майстэрства; далучэнне да культурных нацыянальных каштоўнасцей і традыцый. 3. Змест вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца» (далей – вучэбная праграма) рэалізуецца ў працэсе тэарэтычнага і практычнага навучання. Практычнае навучанне ажыццяўляецца ў працэсе выканання вучнямі практычных работ. Навучанне вучэбнаму прадмету «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца» на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі грунтуецца на наступных метадалагічных падыходах: сістэмна-дзейнасным, асяроддзевым, асобасна арыентаваным, культуралагічным, кампетэнтнасным. 4. Да асноўных відаў кампетэнцый, што фарміруюцца ў працэсе працоўнага навучання вучняў, адносяцца асобасныя, метапрадметныя і прадметныя: 4.1. асобасныя кампетэнцыі арыентаваны на гатоўнасць і здольнасць вучняў да самаразвіцця. Да асобасных кампетэнцый адносяцца: каштоўнасна-сэнсавыя – здольнасці да каштоўнаснага і эмацыянальна-валявога ажыццяўлення дзейнасці; здольнасці прымаць веды як каштоўнасці, умець гарманічна адаптавацца ў сучасным свеце, выбіраць каштоўнасныя, мэтавыя і сэнсавыя ўстаноўкі для сваіх дзеянняў, самастойна выяўляць супярэчнасці і прымаць рашэнні; рэфлексіўна-ацэначныя – здольнасці ўсведамлення ўласных індывідуальна-асобасных асаблівасцей, свайго псіхічнага стану; здольнасць ажыццяўляць самакантроль і самаацэнку, гатоўнасць да самаўдасканалення і самаразвіцця; камунікатыўныя – здольнасці да арганізацыі і прадуктыўнага супрацоўніцтва ў калектыўнай дзейнасці, здольнасці дапускаць магчымасць існавання ў людзей розных пунктаў гледжання, улічваць іх і імкнуцца да каардынацыі розных пазіцый у супрацоўніцтве, выкарыстоўваць маўленне для рэгуляцыі сваіх дзеянняў, дамаўляцца і прыходзіць да агульнага рашэння ў сумеснай дзейнасці, адэкватна выкарыстоўваць маўленчыя сродкі для вырашэння розных камунікатыўных, арганізацыйных і практычных задач; 4.2. метапрадметныя кампетэнцыі накіраваны на авалоданне вучнямі ўніверсальнымі вучэбнымі дзеяннямі (рэгулятыўнымі, інфармацыйнымі, пазнавальнымі), якія складаюць аснову ўмення вучыцца. Да метапрадметных кампетэнцый адносяцца: рэгулятыўныя – здольнасці прымаць вучэбную задачу, ставіць мэты ў вучэбна-тэхналагічнай і творчай дзейнасці, планаваць свае дзеянні ў адпаведнасці з пастаўленымі задачамі і ўмовамі іх рэалізацыі, ажыццяўляць прамежкавы і выніковы кантроль, ацэнку вучэбных дзеянняў у адпаведнасці з пастаўленымі задачамі і ўмовамі іх выканання, адэкватна ўспрымаць ацэнку настаўніка, выконваць вучэбныя дзеянні ў тэарэтычнай і практычнай дзейнасці; інфармацыйныя – здольнасці ажыццяўляць пошук, апрацоўку, захаванне і перадачу неабходнай інфармацыі ў адпаведнасці з узроўнем і складанасцю вырашэння задач, ствараць уласны інфармацыйны прадукт, прадстаўляць інфармацыю ў разнастайнай форме (таблічнай, графічнай, схематычнай і інш.) для вырашэння задач, фармуляваць адказы ў вуснай і пісьмовай форме, арыентавацца на разнастайнасць спосабаў вырашэння задач, вылучаць істотную інфармацыю з тэкстаў розных відаў; пазнавальныя – здольнасці ажыццяўляць вучэбна-пазнавальную дзейнасць, аналізаваць прадметы з вылучэннем істотных і неістотных характарыстык і элементаў, праводзіць параўнанне па зададзеных крытэрыях, будаваць разважанні пра вырабы, іх будову, уласцівасці і сувязі, падагульняць, выяўляць аналогіі, ажыццяўляць праектную дзейнасць; 4.3. прадметныя кампетэнцыі фарміруюцца ў працэсе засваення вучнямі тэарэтычных ведаў, практычных уменняў і навыкаў у розных відах вучэбна-пазнавальнай, працоўнай, гаспадарча-бытавой дзейнасці, у працэсе вывучэння асноў матэрыялазнаўства, выканання тэхналагічных аперацый па апрацоўцы матэрыялаў, тэхнічнай і мастацкай творчасці, рамонтных работах у быце (рацыянальнае выкарыстанне вучэбнай і дадатковай тэхнічнай і тэхналагічнай інфармацыі для праектавання і стварэння аб’ектаў працы; ацэнка ўласцівасцей матэрыялаў і галін іх прымянення; арыентацыя ў наяўных тэхнічных сродках і тэхналогіях стварэння аб’ектаў працы; распазнаванне відаў, прызначэння матэрыялаў, інструментаў і абсталявання; планаванне тэхналагічнага працэсу; падбор матэрыялаў з улікам характару аб’екта працы і тэхналогіі; падбор інструментаў і абсталявання з улікам патрабаванняў тэхналогіі; праектаванне паслядоўнасці тэхналагічных аперацый і складанне тэхналагічнай дакументацыі; выкананне тэхналагічных аперацый з захаваннем устаноўленых норм, правіл бяспечных паводзін і інш.). 5. Змест вучэбнага прадмета «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца» прадстаўлены інварыянтным і варыятыўным кампанентамі: 5.1. інварыянтны кампанент уключае наступныя раздзелы: «Апрацоўка драўніны», «Апрацоўка металаў», «Рамонтныя работы ў быце». Змест інварыянтнага кампанента накіраваны на паслядоўнае авалоданне вучнямі асобнымі тэхналагічнымі аперацыямі па ручной і механічнай апрацоўцы драўніны і металаў, а таксама рамонтнымі работамі ў быце; 5.2. варыятыўны кампанент змяшчае тэмы, якія адлюстроўваюць розныя віды тэхнічнай і мастацкай творчасці вучняў. Настаўніку даецца магчымасць самастойна вызначыць від творчасці (адзін або некалькі) у кожным класе або выбраць скразную тэму з V па IX клас. Акрамя пералічаных у вучэбнай праграме відаў тэхнічнай і мастацкай творчасці, настаўнік можа выбраць іншы (не названы ў спісе) від творчасці, з улікам узроставых асаблівасцей і жаданняў вучняў, стану матэрыяльна-тэхнічнай базы, рэгіянальных і мясцовых умоў, асаблівасцей і традыцый. Змест вучэбнай праграмы прадугледжвае азнаямленне вучняў з абсталяваннем вучэбных майстэрняў і арганізацыяй вучэбных месцаў для ручной і механічнай апрацоўкі канструкцыйных матэрыялаў, правіламі бяспечных паводзін; вывучэнне відаў і асноўных уласцівасцей выкарыстоўваемых матэрыялаў, іх эканомнае выкарыстанне; вывучэнне відаў інструментаў і прыстасаванняў, бяспечных метадаў і прыёмаў іх выкарыстання; раскрыццё зместу, паслядоўнасці і прыёмаў выканання тэхналагічных аперацый; вывучэнне розных відаў рамонтных работ у быце і авалоданне прыёмамі іх выканання; вывучэнне відаў тэхнічнай і мастацкай творчасці; азнаямленне з тэхналагічным працэсам; чытанне і афармленне графічнай і тэхналагічнай дакументацыі. Пасля кожнага раздзела вучэбнай праграмы вызначаны асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, якія ўтрымліваюць пералік ведаў (на ўзроўні ўяўлення і разумення), уменняў і навыкаў, што падлягаюць кантролю ў працэсе навучання на занятках тэхнічнай работы. 6. У працэсе працоўнага навучання настаўніку неабходна выкарыстоўваць міжпрадметныя сувязі з такімі вучэбнымі прадметамі, як «Фізіка», «Біялогія», «Хімія», «Матэматыка», «Інфарматыка», якія актывізуюць пазнавальную дзейнасць вучняў, развіваюць іх мысленне і памяць пры пераносе і падагульненні ведаў з розных вучэбных прадметаў. Фарміраванне тэарэтычных звестак праводзіцца ў працэсе вывучэння новага матэрыялу і пры інструктаванні вучняў да выканання імі практычных заданняў. Усе віды вучэбных заняткаў па тэхнічнай працы носяць практыка-арыентаваны характар. Вучэбнай праграмай прадугледжаны практычныя работы, а таксама прыкладны пералік вырабаў як для індывідуальных, так і для групавых практычных работ. Пералік вырабаў можа змяняцца і дапаўняцца настаўнікам з улікам жаданняў і магчымасцей вучняў, стану матэрыяльна-тэхнічнай базы. Выбар вырабаў павінен забяспечваць магчымасць дынамічнага развіцця фарміруемых уменняў вучняў і забяспечваць магчымасць дасягнення ўстаноўленых вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў (кампетэнцый). Практычныя ўменні і навыкі, атрыманыя на ўроках працоўнага навучання, рэкамендуецца развіваць на факультатыўных занятках і ў гуртках па адпаведных праграмах. У вучэбнай праграме для кожнага класа настаўнік мае права змяніць паслядоўнасць вывучэння раздзелаў і тэм пры ўмове захавання цэласнасці сістэмы падрыхтоўкі вучняў, не парушаючы пры гэтым логікі вывучэння курса ў цэлым. З мэтай павышэння эфектыўнасці правядзення вучэбных заняткаў па тэхнічнай працы настаўнік можа выкарыстоўваць па сваім меркаванні да 15 % вучэбнага часу з улікам мясцовых умоў і наяўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы майстэрні. Асаблівую ўвагу ў працэсе працоўнага навучання варта звяртаць на выкананне вучнямі правіл бяспечных паводзін пры выкананні работ, правіл пажарнай бяспекі і гігіенічных умоў працы ў майстэрнях. У адпаведнасці з гігіенічнымі патрабаваннямі, з захаваннем тэхнікі бяспекі, а таксама з мэтай засцярогі адзення дзелавога стылю ад забруджвання і пашкоджання мэтазгодна прадугледзець для ўрокаў працоўнага навучання наяўнасць у вучняў і настаўніка зручнага і функцыянальнага спецыяльнага адзення (халат, куртка, кашуля, фартух, нарукаўнікі і інш.). Практычныя работы, якія прадугледжваюць выкарыстанне вучэбнага станочнага абсталявання, павінны выконвацца з абавязковым кантролем з боку настаўніка тэхнічнай працы. 7. На вучэбных занятках рэкамендуецца выкарыстоўваць разнастайныя метады навучання і выхавання: расказ, гутарка, самастойная работа, наглядныя метады, практычныя работы і інш. З мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў выкарыстоўваюцца метады праблемнага навучання, інтэрактыўныя, эўрыстычныя, гульнявыя метады, метад праектаў і інш. Мэтазгодна спалучаць франтальныя, групавыя, парныя і індывідульныя формы навучання, выкарыстоўваць такія віды ўрокаў, як урок-даследаванне, урок-практыкум, урок-экскурсія, урок-гульня, інтэграваны ўрок і інш. Выбар форм і метадаў навучання і выхавання вызначаецца настаўнікам самастойна на аснове мэт і задач вывучэння пэўнай тэмы, сфармуляваных у вучэбнай праграме патрабаванняў да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў з улікам іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей. 8. Кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў праводзіцца ў форме вуснага апытання вучняў, выканання імі самастойных практычных работ, тэставых заданняў, тэхналагічных аперацый, творчых праектаў, выканання вырабаў, распрацоўкі графічнай і тэхналагічнай дакументацыі. З улікам працэсуальнага і выніковага аспектаў дзейнасці вучняў ацэнка практычных работ павінна ажыццяўляцца па наступных крытэрыях: арганізацыя вучэбнага месца; выкананне правіл бяспечных паводзін; рацыянальнасць прымянення інструментаў, прыстасаванняў і абсталявання; правільнасць выканання тэхналагічных аперацый; узровень самастойнасці і творчы падыход у працэсе выканання практычнай работы; час, затрачаны на выкананне практычнай работы; адпаведнасць вырабу (загатоўкі) чарцяжа. ГЛАВА 2 ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН
______________________________ * Паслядоўнасць і выбар колькасці тэм на вывучэнне раздзелаў варыятыўнага кампанента ў кожным класе ажыццяўляецца настаўнікам самастойна на падставе жадання вучняў, рэгіянальных асаблівасцей і традыцый. ІНВАРЫЯНТНЫ КАМПАНЕНТ I. Апрацоўка драўніны (15 гадзін) Сучасныя віды апрацоўкі драўніны. Агульныя звесткі пра сучасныя віды апрацоўкі драўніны, тэхналагічныя машыны для апрацоўкі драўніны. Ручныя электрыфікаваныя інструменты для апрацоўкі драўніны: віды, вобласць ужывання, канструкцыя, прыёмы работы. Эканомія матэрыялаў і электраэнергіі. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з інструментамі і прыстасаваннямі. Практычныя работы. Вывучэнне канструкцыі ручных электрыфікаваных інструментаў для апрацоўкі драўніны, засваенне прыёмаў падрыхтоўкі да работы і прыёмаў работы. Сталярныя злучэнні. Агульныя звесткі пра сталярныя злучэнні (зрошчванне, збіванне, злучэнні на шкантах). Інструменты і прыстасаванні для злучэння дэталей з драўніны. Прыёмы злучэння. Якасць выканання сталярнага злучэння. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з інструментамі і прыстасаваннямі. Практычная работа. Злучэнне дэталей зрошчваннем (збіваннем). Тачэнне драўніны. Графічны рысунак дэталей канічнай і фасоннай формы. Паняцце конуснасці. Прыёмы тачэння канічных і фасонных паверхняў. Інструменты і прыстасаванні для тачэння дэталей на такарным станку. Віды тачэння (чарнавое і чыставое), асаблівасці іх выканання. Якасць выканання тачэння. Правілы бяспечных паводзін пры тачэнні. Практычная работа. Тачэнне вонкавых канічных і фасонных паверхняў. Азнаямленне з прафесіяй станочніка дрэваапрацоўчых станкоў і інш. Прыкладны пералік вырабаў: сальніцы, ключніцы, вешалкі, качалкі, ручкі для інструментаў, вырабы для кухонных набораў, масажоры, фігуры для шахмат, макеты і мадэлі, рамкі для фатаграфій, дэкаратыўныя і сувенірныя вырабы і інш. АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ Вучні павінны ведаць: на ўзроўні ўяўлення: агульныя звесткі пра сучасныя віды апрацоўкі драўніны, тэхналагічныя машыны для апрацоўкі драўніны; на ўзроўні разумення: прызначэнне ручных электрыфікаваных інструментаў для апрацоўкі драўніны; паняцце конуснасці, асаблівасці канічных і фасонных паверхняў вырабу; прыёмы тачэння. Вучні павінны ўмець: падбіраць ручны электрыфікаваны інструмент для работы; вызначаць віды паверхні вырабаў пры тачэнні; чытаць чарцяжы (эскізы) дэталей канічнай і фасоннай формы; распрацоўваць тэхналагічныя карты (вучэбныя) на выкананне вырабаў пры тачэнні; падрыхтоўваць такарны станок да работы, устанаўліваць і замацоўваць загатоўку; выконваць чарнавое і чыставое тачэнне вонкавых канічных і фасонных паверхняў, сталярнае злучэнне дэталей (зрошчванне, збіванне); кантраляваць якасць выканання тэхналагічных аперацый; карыстацца абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі пры выкананні тэхналагічных аперацый. Вучні павінны валодаць: прыёмамі арганізацыі вучэбнага месца; бяспечнымі прыёмамі работы з абсталяваннем, інструментамі, прыстасаваннямі і матэрыяламі пры выкананні тэхналагічных аперацый; прыёмамі выканання тачэння канічных і фасонных паверхняў. II. Апрацоўка металаў (9 гадзін) Сучасныя віды апрацоўкі металаў. Агульныя звесткі пра сучасныя віды апрацоўкі металаў, тэхналагічныя машыны для апрацоўкі металаў. Ручныя электрыфікаваныя інструменты для апрацоўкі металаў: віды, вобласць ужывання, канструкцыя, прыёмы работы. Эканомія матэрыялаў і электраэнергіі. Агульныя звесткі пра сучасныя кампазіцыйныя матэрыялы (палімерныя кампазіцыйныя матэрыялы (шклопластык, вугляпластык і інш.)), парашковую металургію; ужыванне ў прамысловасці. Практычныя работы. Вывучэнне канструкцыі электрыфікаваных інструментаў для апрацоўкі металаў, засваенне прыёмаў падрыхтоўкі да работы і прыёмаў работы. Вывучэнне ўласцівасцей кампазіцыйных матэрыялаў. Тачэнне металаў. Падрыхтоўка такарна-вінтарэзнага станка да работы: устаноўка разцоў, устаноўка і замацаванне загатоўкі, устаноўка глыбіні рэзання па лімбе. Інструменты і прыстасаванні. Тачэнне вонкавай цыліндрычнай паверхні. Падразанне тарцоў і ўступаў, свідраванне адтулін. Адразанне загатоўкі. Правілы бяспечных паводзін пры тачэнні. Практычныя работы. Тачэнне вонкавай цыліндрычнай паверхні. Падразанне тарцоў і ўступаў. Свідраванне адтулін. Адразанне загатоўкі. Разьбовыя злучэнні. Агульныя звесткі пра разьбовыя злучэнні, віды разьбы, іх прызначэнне. Паняцце пра метрычную разьбу і яе элементы. Графічны рысунак разьбы і разьбовых злучэнняў. Практычная работа. Вывучэнне відаў разьбы і элементаў метрычнай разьбы. Наразанне вонкавай і ўнутранай разьбы. Наразанне вонкавай і ўнутранай разьбы ўручную. Інструменты і прыстасаванні для наразання вонкавай і ўнутранай разьбы. Вызначэнне дыяметра свердла для адтуліны і дыяметра стрыжня пад разьбу. Прыёмы наразання вонкавай разьбы. Прыёмы наразання ўнутранай разьбы. Дэфекты разьбы. Папярэджанне самаразвінчвання разьбовага злучэння. Якасць выканання разьбы. Правілы бяспечных паводзін пры наразанні разьбы. Практычныя работы. Наразанне вонкавай разьбы ўручную. Наразанне ўнутранай разьбы ўручную. Зборка дэталей з металаў з дапамогай разьбовага злучэння. Азнаямленне з прафесіяй станочніка спецыяльных металаапрацоўчых станкоў і інш. Прыкладны пералік вырабаў: падсвечнікі, шрубцынгі, вінтавыя заціскі, вешалкі і інш. АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ Вучні павінны ведаць: на ўзроўні ўяўлення: агульныя звесткі пра сучасныя віды апрацоўкі металаў, тэхналагічныя машыны для апрацоўкі металаў, кампазіцыйныя матэрыялы; пра разьбовыя злучэнні, віды разьбы; на ўзроўні разумення: прызначэнне ручных электрыфікаваных інструментаў для апрацоўкі металаў; паняцце пра метрычную разьбу, яе элементы, графічны рысунак; прыёмы і правілы наразання вонкавай і ўнутранай разьбы; дэфекты разьбы, меры папярэджання самаразвінчвання разьбовага злучэння; прыёмы і правілы наладкі такарна-вінтарэзнага станка да работы, тачэння вонкавай цыліндрычнай паверхні, падразання тарцоў і ўступаў, свідравання на станку, адразання загатоўкі. Вучні павінны ўмець: падбіраць ручны электрыфікаваны інструмент для работы; адрозніваць віды разьбы; вызначаць дыяметр свердла для адтуліны і дыяметр стрыжня пад разьбу, дэфекты разьбы; наразаць вонкавую і ўнутраную разьбу ўручную; падрыхтоўваць такарна-вінтарэзны станок да работы (устанаўліваць разцы, замацоўваць загатоўку, устанаўліваць глыбіню рэзання); выконваць тачэнне вонкавай цыліндрычнай паверхні. Вучні павінны валодаць: прыёмамі арганізацыі вучэбнага месца; бяспечнымі прыёмамі работы з абсталяваннем, інструментамі, прыстасаваннямі і матэрыяламі пры выкананні тэхналагічных аперацый; прыёмамі тачэння вонкавай цыліндрычнай паверхні, наразання разьбы ўручную, зборкі дэталей з металаў на разьбе. III. Рамонтныя работы ў быце (4 гадзіны) Бытавыя электраўстановачныя і электратэхнічныя вырабы. Агульныя звесткі пра бытавыя электраўстановачныя і электратэхнічныя вырабы (падаўжальнікі электрычныя, штэпсельныя вілкі, выключальнікі, разеткі, аўтаматычны выключальнік і інш.), іх віды, прызначэнне і магчымыя няспраўнасці. Матэрыялы і інструменты для выканання найпрасцейшых электрамантажных работ (зачыстка, аканцоўванне і спосабы злучэння электрычных правадоў, найпрасцейшы рамонт бытавых электраўстановачных і электратэхнічных вырабаў). Электрычныя лямпы бытавога прызначэння: агульныя тэхнічныя характарыстыкі лямп (тыпы лямп, станоўчыя якасці і недахопы, асаблівасці эксплуатацыі і замены). Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Практычная работа. Найпрасцейшы рамонт электраўстановачных вырабаў у быце. Азнаямленне з прафесіямі электрыка, электрамантажніка і інш. АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ Вучні павінны ведаць: на ўзроўні ўяўлення: агульныя звесткі пра электраўстановачныя і электратэхнічныя вырабы ў быце, іх від, прызначэнне і магчымыя няспраўнасці; на ўзроўні разумення: спосабы злучэння электрычных правадоў; агульныя тэхнічныя характарыстыкі электрычных лямп, іх станоўчыя якасці і недахопы, асаблівасці эксплуатацыі; матэрыялы, інструменты, прыстасаванні, абсталяванне для выканання электрамантажных работ у быце; правілы бяспечных паводзін. Вучні павінны ўмець: выконваць найпрасцейшы рамонт электраўстановачных вырабаў у быце (падаўжальнікі электрычныя, штэпсельныя вілкі і інш.); выбіраць электрычныя лямпы для асвятлення ў адпаведнасці з іх характарыстыкамі, выконваць іх замену; выконваць зачыстку, аканцоўванне і злучэнне электрычных правадоў. Вучні павінны валодаць: бяспечнымі прыёмамі работы з абсталяваннем, інструментамі, прыстасаваннямі і матэрыяламі пры выкананні рамонту электраўстановачных вырабаў; найпрасцейшымі спосабамі рамонту электраўстановачных вырабаў у быце. ВАРЫЯТЫЎНЫ КАМПАНЕНТ (6 гадзін) ТЭХНІЧНАЯ ТВОРЧАСЦЬ 1. Пачатковае мадэліраванне Мадэліраванне. Мадэль. Віды мадэлей. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выраб простых мадэлей з плоскіх дэталей, дэталей канструктараў. Чытанне чарцяжоў і тэхнічных рысункаў простых мадэлей з плоскіх дэталей, дэталей канструктараў. Эканомае выкарыстанне матэрыялаў. Вучэбнае месца для пачатковага мадэліравання. Тэхналогія пачатковага мадэліравання з плоскіх дэталей (папера, кардон, піламатэрыялы таўшчынёй да 30 мм, фанера таўшчынёй да 5 мм; мяккі дрот), дэталей канструктараў. Зборка мадэлей па ўзоры, тэхнічным рысунку, чарцяжы, слоўным апісанні і ўласнай задуме. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для пачатковага мадэліравання. Якасць мадэлей. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з мадэліраваннем. Практычныя работы. Арганізацыя вучэбнага месца для пачатковага мадэліравання. Пачатковае мадэліраванне простых вырабаў з плоскіх дэталей, дэталей канструктараў. Прыкладны пералік вырабаў: простыя вырабы з плоскіх дэталей, з дэталей канструктараў; мадэлі-цацкі, мадэлі-сувеніры, мадэлі парашутаў, планёраў, самалётаў; плоскія паветраныя змеі; контурныя макеты і мадэлі аўтамабіляў; дэкаратыўныя і сувенірныя вырабы і інш. 2. Аўтамадэліраванне Аўтамадэліраванне. Віды і агульнае ўстройства аўтамадэлей. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выраб мадэлей. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Вучэбнае месца для аўтамадэліравання. Тэхналогія вырабу асноўных дэталей і зборачных адзінак мадэлей: кузава і хадавой часткі. Аддзелка мадэлей. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для аўтамадэліравання. Якасць мадэлей. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з аўтамадэліраваннем. Практычныя работы. Выраб кузава мадэлі легкавога аўтамабіля. Выраб хадавой часткі мадэлі легкавога аўтамабіля. Прыкладны пералік вырабаў: нескладаныя дзеючыя або нядзеючыя аўтамадэлі; мадэлі-копіі легкавых або грузавых аўтамабіляў, мадэлі-сувеніры; дэкаратыўныя і сувенірныя вырабы і інш. 3. Авіямадэліраванне Агульныя звесткі пра лятальныя апараты. Класіфікацыя лятальных апаратаў. Авіямадэліраванне. Віды і агульнае ўстройства авіямадэлей. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выраб авіямадэлей. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Вучэбнае месца для авіямадэліравання. Тэхналогія вырабу асноўных дэталей і зборачных адзінак авіямадэлей: фюзеляжа, крыла, кіля, стабілізатара; вінтаматорнай устаноўкі. Аддзелка авіямадэлей. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для авіямадэліравання. Якасць мадэлей. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з авіямадэліраваннем. Практычныя работы. Выраб найпрасцейшай мадэлі планёра з паперы. Выраб загатовак асноўных дэталей мадэлі планёра. Выраб асноўных дэталей мадэлі планёра. Выраб паветранага вінта. Выраб вінтаматорнай устаноўкі мадэлі самалёта з гумавым рухавіком. Прыкладны пералік вырабаў: нескладаныя мадэлі планёраў; мадэлі самалётаў свабоднага палёту; настольныя мадэлі-копіі самалётаў; авіямадэлі свабоднай канструкцыі, мадэлі-сувеніры; дэкаратыўныя і сувенірныя вырабы і інш. 4. Суднамадэліраванне Агульныя звесткі пра судны і караблі. Класіфікацыя суднаў і караблёў. Суднамадэліраванне. Віды і агульнае ўстройства суднамадэлей. Асноўныя ўласцівасці суднамадэлей. Галоўныя памеры мадэлі судна. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выраб суднамадэлей. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Вучэбнае месца для суднамадэліравання. Тэхналогія вырабу асноўных дэталей і зборачных адзінак суднамадэлей: корпуса, вінтаматорнай устаноўкі, рулявога ўстройства, палубнай надбудовы. Спосабы вырабу корпусаў з паперы, пенапласту, пап’е-машэ, драўніны. Аддзелка, выпрабаванне і рэгуляванне суднамадэлей. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для суднамадэліравання. Якасць мадэлей. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з суднамадэліраваннем. Практычныя работы. Выраб корпуса мадэлі лодкі з паперы. Выраб корпуса мадэлі судна з драўніны. Выраб рубкі суднамадэлі з драўніны. Выраб корпуса мадэлі судна з пап’е-машэ. Выраб гумавага рухавіка для суднамадэлі. Выраб і рэгуляванне найпрасцейшага грабнога вінта. Выраб простага руля. Выраб рубкі з тонкаліставога металу. Аддзелка корпуса суднамадэлі. Прыкладны пералік вырабаў: простыя сілуэтныя суднамадэлі (яхта, катар, падводная лодка і інш.); мадэлі суднаў і караблёў; настольныя мадэлі-копіі суднаў і караблёў; мадэлі паруснікаў, мадэлі суднаў і караблёў з гумавымі рухавікамі; настольныя мадэлі-копіі суднаў і караблёў; суднамадэлі свабоднай канструкцыі з электрарухавікамі; дэкаратыўныя і сувенірныя вырабы і інш. 5. Канструяванне Канструяванне. Тэхнічнае канструяванне. Канструкцыя вырабу (устройства вырабу, віды злучэнняў дэталей вырабу і г. д.). Канструкцыйныя матэрыялы і іх віды. Паняцце пра тыпавыя дэталі. Віды тыпавых дэталей. Злучэнні дэталей. Паняцце пра механізм. Віды механізмаў. Паняцце пра машыну. Віды машын. Прынцыпы канструявання. Спосабы канструявання. Паняцце пра тэхніку і транспарт. Віды транспарту. Мастацкае канструяванне. Кампазіцыя вырабу (форма вырабу, віды аддзелкі дэталей вырабу і г. д.). Уласцівасці кампазіцыі вырабу: сіметрычнасць і асіметрычнасць (сіметрыя і асіметрыя); статычнасць і дынамічнасць (статыка і дынаміка), прапарцыянальнасць (прапорцыі) і маштабнасць (маштаб), кантраснасць (кантраст) і нюанснасць (нюанс), метрычнасць (метр, метрычны паўтор) і рытмічнасць (рытм, рытмічны паўтор), колернасць (колер). Графічная і тэхналагічная дакументацыя для канструявання вырабаў. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Вучэбнае месца для канструявання вырабаў. Тэхналогія канструявання і выканання вырабаў. Зборка вырабаў па ўзоры, тэхнічным рысунку, чарцяжы, слоўным апісанні і ўласнай задуме. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для канструявання вырабаў. Якасць вырабаў. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з канструяваннем. Практычныя работы. Чытанне і выкананне эскізаў канструкцый і кампазіцый вырабаў. Чытанне і выкананне чарцяжоў і тэхнічных рысункаў вырабаў. Канструяванне вырабаў з плоскіх і аб’ёмных дэталей. Прыкладны пералік вырабаў: вырабы з плоскіх і аб’ёмных дэталей (матэрыял: папера, кардон, драўніна, метал); дэкаратыўныя і сувенірныя вырабы і інш. МАСТАЦКАЯ АПРАЦОЎКА МАТЭРЫЯЛАЎ 6. Выпальванне па драўніне Агульныя звесткі пра мастацкую апрацоўку матэрыялаў. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Паняцце пра выпальванне па драўніне. Віды відарысаў: контурны, святлоценявы, сілуэтны. Паняцці: «фон», «контур», «сілуэт». Спосабы выпальвання: плоскае, глыбокае. Віды штрыхоўкі пры выпальванні: паралельнымі лініямі, перасякальнымі лініямі, неперасякальнымі адрэзкамі, пунктамі. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выкананне вырабаў з піламатэрыялаў і фанеры з элементамі выпальвання. Чытанне простых эскізаў для выпальвання па драўніне. Вучэбнае месца для выпальвання па драўніне. Тэхналогія выпальвання па драўніне: падрыхтоўка паверхні загатоўкі да нанясення малюнка, перавод малюнка на загатоўку, выпальванне па драўніне, шліфаванне і аддзелка паверхні загатоўкі. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для выпальвання па драўніне. Прыбор для выпальвання, устройства і прынцып дзеяння. Якасць вырабаў. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з мастацкай апрацоўкай матэрыялаў. Практычныя работы. Чытанне простых эскізаў для выпальвання па драўніне. Выпальванне па драўніне. Прыкладны пералік вырабаў: вырабы з элементамі выпальвання па драўніне і выявамі кветак, птушак, звяроў, паруснікаў; мастацка аформленыя наборы апрацоўчых дошак для кухні; дэкаратыўныя і сувенірныя вырабы і інш. 7. Аплікацыя з саломкі Агульныя звесткі пра мастацкую апрацоўку прыродных матэрыялаў. Прыродныя матэрыялы і іх віды. Саломка як прыродны матэрыял. Нарыхтоўка саломы культурных і дзікарослых раслін. Паняцце пра аплікацыю з саломкі. Віды аплікацыі з саломкі. Падрыхтоўка саламяных стужак. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выкананне простых вырабаў з саломкі. Чытанне простых эскізаў для аплікацыі з саломкі. Вучэбнае месца для аплікацыі з саломкі. Тэхналогія аплікацыі з саломкі: выбар і падрыхтоўка фону, перавод малюнка на фон, перавод малюнка на паперу, падрыхтоўка саламяных стужак, наклейванне саламяных стужак на паперу, сушка саламяных стужак, выразанне дэталей малюнка з саламяных стужак, наклейванне дэталей малюнка на фон, сушка, аздабленне. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для аплікацыі з саломкі. Якасць вырабаў. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з мастацкай апрацоўкай матэрыялаў. Практычныя работы. Чытанне простых эскізаў для аплікацыі з саломкі. Выбар загатовак з саломы з прыпускам на апрацоўку. Падрыхтоўка саламяных стужак і палатна. Аздабленне саламяных стужак. Выкананне аплікацыі з саломкі. Прыкладны пералік вырабаў: вырабы з элементамі аплікацыі з саломкі і выявамі раслін, жывёл або птушак; пано, шкатулкі; дэкаратыўныя і сувенірныя вырабы і інш. 8. Пляценне з саломкі Паняцце пра пляценне з саломкі. Падрыхтоўка саламяных стужак. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выкананне вырабаў з саломкі. Чытанне і выкананне простых эскізаў вырабаў з элементамі пляцення з саломкі. Вучэбнае месца для пляцення з саломкі. Тэхналогія пляцення з саломкі: падрыхтоўка саломкі да пляцення, пляценне саламяных «павукоў»; выраб плоскіх пляцёнак; сушка, аздабленне. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для пляцення з саломкі. Якасць вырабаў. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з мастацкай апрацоўкай матэрыялаў. Практычныя работы. Падрыхтоўка саломкі і саламяных стужак да пляцення. Пляценне плоскай пляцёнкі «коска». Пляценне плоскай пляцёнкі «зубатка». Выраб саламяных «павукоў». Прыкладны пералік вырабаў: вырабы з элементамі пляцення з саломкі: саламяныя «павукі»; сурвэткі, вееры, шкатулкі, кошыкі, вазы, рамкі для фатаграфій; дэкаратыўныя і сувенірныя вырабы і інш. 9. Аплікацыя і пляценне з бяросты Агульныя звесткі пра мастацкую апрацоўку бяросты. Бяроста як прыродны матэрыял. Нарыхтоўка бяросты. Паняцце пра аплікацыю з бяросты. Падрыхтоўка бяросты. Паняцце пра пляценне з бяросты. Падрыхтоўка берасцяных стужак. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выкананне вырабаў з бяросты. Вучэбнае месца для аплікацыі з бяросты. Тэхналогія аплікацыі з бяросты: выбар і падрыхтоўка фону, перавод малюнка на фон, перавод малюнка на паперу, падрыхтоўка бяросты, наклейванне бяросты на паперу, сушка бяросты, выразанне дэталей малюнка з бяросты, наклейванне дэталей малюнка на фон, сушка, аздабленне. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для аплікацыі з бяросты. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Вучэбнае месца для пляцення з бяросты. Тэхналогія пляцення з бяросты: падрыхтоўка бяросты да пляцення, выраб берасцяных стужак, пляценне з берасцяных стужак. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для пляцення з бяросты. Якасць вырабаў. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з мастацкай апрацоўкай матэрыялаў. Практычныя работы. Падрыхтоўка бяросты да аплікацыі. Аплікацыя з бяросты. Падрыхтоўка бяросты да пляцення. Пляценне з берасцяных стужак палатна. Прыкладны пералік вырабаў: вырабы з элементамі аплікацыі і пляцення з бяросты: дэкаратыўныя пано розных кампазіцый, дэкаратыўныя вырабы з элементамі пляцення з берасцяных стужак, берасцянкі для захоўвання сыпучых прадуктаў, кошыкі і вазачкі, сувеніры і інш. 10. Прапільная разьба па драўніне Паняцце аб прапільнай разьбе па драўніне лобзікам. Віды контураў: замкнёны і незамкнёны, знешні і ўнутраны. Плоскія і аб’ёмныя вырабы. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Графічная дакументацыя на выкананне вырабаў з піламатэрыялаў і фанеры з элементамі прапільнай разьбы. Чытанне і выкананне простых эскізаў для прапільнай разьбы па драўніне. Тэхналагічная дакументацыя на выкананне вырабаў з піламатэрыялаў і фанеры з элементамі прапільнай разьбы. Вучэбнае месца для прапільнай разьбы па драўніне лобзікам. Тэхналогія прапільнай разьбы па драўніне для выканання плоскіх і аб’ёмных вырабаў: падрыхтоўка паверхні загатоўкі да нанясення малюнка, перавод малюнка на загатоўку, выпілоўванне лобзікам па знешнім і ўнутраным контурах прамых і хвалістых ліній, тупых і вострых вуглоў, шліфаванне, аддзелка. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для прапільнай разьбы па драўніне. Ручны і электрычны лобзікі, устройства і прынцып дзеяння. Якасць вырабаў. Правілы бяспечных паводзін падчас работы з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з мастацкай апрацоўкай матэрыялаў. Практычныя работы. Нанясенне малюнка на загатоўку з фанеры. Выпілоўванне ручным (электрычным) лобзікам. Прыкладны пералік вырабаў: вырабы з элементамі прапільнай разьбы па драўніне: паліцы, падстаўкі, рамкі для фатаграфій; паліцы для кніг, упрыгожанняў, дыскаў, касет; сувеніры і інш. 11. Контурная разьба па драўніне Разьба па драўніне (нож, стамеска). Матэрыял для разьбы па драўніне. Асноўныя прыёмы разьбы па драўніне. Паняцце пра контурную разьбу па драўніне. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выкананне вырабаў з піламатэрыялаў і фанеры з элементамі контурнай разьбы. Вучэбнае месца для контурнай разьбы па драўніне. Тэхналогія контурнай разьбы па драўніне з простым узорам: падрыхтоўка паверхні загатоўкі да нанясення малюнка, перавод малюнка на загатоўку, разьба па драўніне нажом-касяком, вугалковай і паўкруглай стамескамі, шліфаванне і аддзелка паверхні загатоўкі. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для контурнай разьбы па драўніне. Якасць вырабаў. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з мастацкай апрацоўкай матэрыялаў. Практычныя работы. Падрыхтоўка паверхні загатоўкі з драўніны да нанясення малюнка. Выкананне контурнай разьбы па драўніне. Прыкладны пералік вырабаў: вырабы з элементамі контурнай разьбы па драўніне: пано, наборы апрацоўчых дошак, дэкаратыўныя вырабы, сувеніры і інш. 12. Геаметрычная разьба па драўніне Паняцце пра геаметрычную разьбу па драўніне. Элементы геаметрычнай разьбы: прамалінейныя (двухгранныя, трохгранныя, чатырохгранныя) выемкі; крывалінейныя (двухгранныя, трохгранныя, дужкавыя) выемкі. Узоры геаметрычнай разьбы: трохвугольнікі, змейкі, зорачкі, разеткі з прамымі і выгнутымі прамянямі і інш. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выкананне вырабаў з піламатэрыялаў з элементамі геаметрычнай разьбы. Вучэбнае месца для геаметрычнай разьбы па драўніне. Тэхналогія геаметрычнай разьбы па драўніне (прамалінейныя, крывалінейныя выемкі): падрыхтоўка паверхні загатоўкі да нанясення малюнка, перавод малюнка на загатоўку, разьба па драўніне: прамалінейныя (двухгранныя, трохгранныя, чатырохгранныя), крывалінейныя (двухгранныя, трохгранныя, дужкавыя) выемкі; трохвугольнікі, змейкі, зорачкі, разеткі з прамымі і выгнутымі прамянямі і іншае; шліфаванне і аздабленне паверхні загатоўкі. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для геаметрычнай разьбы па драўніне. Якасць вырабаў. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з мастацкай апрацоўкай матэрыялаў. Практычныя работы. Падрыхтоўка паверхні загатоўкі да нанясення малюнка. Выкананне геаметрычнай разьбы па драўніне (прамалінейныя выемкі). Выкананне геаметрычнай разьбы па драўніне (крывалінейныя выемкі). Прыкладны пералік вырабаў: вырабы з элементамі геаметрычнай разьбы: апрацоўчыя дошкі, аздабленне мэблі, шкатулкі, сальніцы, сухарніцы, вазы, сувеніры і інш. 13. Драўляная мазаіка (інтарсія) Паняцце пра драўляную мазаіку (інтарсію). Віды інтарсіі. Выбар і падрыхтоўка матэрыялаў. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выкананне простых і складаных вырабаў з піламатэрыялаў, ліставых драўняных матэрыялаў з элементамі драўлянай мазаікі (інтарсіі). Вучэбнае месца для выканання драўлянай мазаікі (інтарсіі). Тэхналогія выканання драўлянай мазаікі для простых і складаных вырабаў: падрыхтоўка паверхні загатоўкі да нанясення малюнка, перавод малюнка на загатоўку, выпілоўванне лобзікам, шліфаванне і аддзелка. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для драўлянай мазаікі. Якасць вырабаў. Правілы бяспечных паводзін пры рабоце з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з мастацкай апрацоўкай матэрыялаў. Практычныя работы. Падрыхтоўка паверхні загатоўкі з драўніны да нанясення малюнка. Выкананне драўлянай мазаікі (інтарсіі) для выканання простых вырабаў. Прыкладны пералік вырабаў: простыя і складаныя (шмат дэталей, розных па памерах, форме і аддзелцы) сувенірныя вырабы з элементамі драўлянай мазаікі (інтарсіі) і з выявамі раслін, жывёл і інш. 14. Лясная скульптура Паняцці пра лясную скульптуру і лясную знаходку. Нарыхтоўка і падрыхтоўка да апрацоўкі лясных знаходак. Эканомнае выкарыстанне матэрыялаў. Графічная і тэхналагічная дакументацыя на выраб лясной скульптуры. Вучэбнае месца для вырабу лясной скульптуры. Тэхналогія вырабу лясной скульптуры. Інструменты, прыстасаванні і вучэбнае абсталяванне для вырабу лясной скульптуры. Якасць вырабаў. Правілы бяспечных паводзін падчас работы з абсталяваннем, інструментамі і прыстасаваннямі. Азнаямленне з прафесіямі, якія звязаны з мастацкай апрацоўкай матэрыялаў. Практычныя работы. Выбар і падрыхтоўка матэрыялу (загатовак) для выканання лясных знаходак і скульптур. Выраб простых лясных скульптур. Прыкладны пералік вырабаў: простыя лясныя знаходкі і скульптуры; сувенірныя вырабы з элементамі лясной скульптуры і інш.
Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне. Абслуговая праца» для IX класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання |