Пои. Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце Беларуская літаратура для ix класа стано агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання глава 1 тлумачальная запіска
Скачать 1.71 Mb.
|
ГЛАВА 1 ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА 1. У сістэме вучэбных прадметаў агульнай сярэдняй адукацыі асваенне вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» забяспечвае атрыманне вучнямі базавай фізкультурнай адукацыі. 2. Змест вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» дыферэнцыраваны з улікам узростава-палавых асаблівасцей вучняў і прадстаўлены інварыянтным і варыятыўным кампанентамі. Інварыянтны кампанент з’яўляецца зместам вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе», абавязковым для засваення вучнямі, якія аднесены па стане здароўя да асноўнай і падрыхтоўчай медыцынскіх груп. Ён складаецца з двух раздзелаў – «Асновы фізкультурных ведаў» і «Асновы відаў спорту» – і змяшчае мінімальны аб’ём вучэбнага матэрыялу, неабходны для агульнай фізкультурнай адукацыі, агульнакультурнага, духоўнага і фізічнага развіцця, аздараўлення, маральнага ўдасканалення вучняў, фарміравання здаровага ладу жыцця, актыўнага адпачынку з выкарыстаннем сродкаў фізічнай культуры. Раздзел «Асновы фізкультурных ведаў» уключае тэарэтычны матэрыял, неабходны для фарміравання светапогляду здаровага ладу жыцця, самастойнага выкарыстання сродкаў фізічнай культуры з мэтай аздараўлення і актыўнага адпачынку, вывучэння і практычнага траўмабяспечнага асваення вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе». Як правіла, настаўнік пры распрацоўцы паўрочнага планавання вызначае вучэбныя заняткі, на якіх вылучаецца неабходная колькасць часу для вывучэння тэарэтычнага матэрыялу. Раздзел «Асновы відаў спорту» ўключае практычны і неабходны для яго засваення тэарэтычны вучэбны матэрыял, які вывучаецца на вучэбных занятках адначасова з фарміраваннем рухальных уменняў, навыкаў, спосабаў дзейнасці. Змест практычнага вучэбнага матэрыялу прадстаўлены практыкаваннямі, комплексамі і элементамі такіх відаў спорту, як лёгкая атлетыка, гімнастыка і акрабатыка, лыжныя гонкі, спартыўныя гульні (баскетбол, валейбол, гандбол, футбол), што адпавядае агульным задачам развіцця каардынацыйных і кандыцыйных здольнасцей вучняў. Варыятыўны кампанент прадстаўлены відамі спорту інварыянтнага кампанента, а таксама практыкаваннямі, комплексамі і гульнявымі элементамі плавання, аэробікі спартыўнай, тэніса настольнага, канькабежнага спорту. З агульнага аб'ёму зместу варыятыўнага кампанента настаўнік выбірае і выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе вучэбны матэрыял з улікам наяўнасці адпаведнай фізкультурна-спартыўнай базы, інтарэсаў вучняў, спартыўных традыцый установы агульнай сярэдняй адукацыі. Дапускаецца ў якасці вучэбнага матэрыялу выкарыстоўваць змест вучэбных праграм факультатыўных заняткаў, якія адпавядаюць пераліку відаў спорту варыятыўнага кампанента, а таксама электронныя сродкі навучання – вучэбна-метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў фізічнай культуры. 3. Вучэбныя заняткі праводзяцца ў форме ўрокаў фізічнай культуры і здароўя. Арганізацыя вучэбных заняткаў павінна адпавядаць агульнапедагагічным заканамернасцям, прынцыпам і патрабаванням агульнай сярэдняй адукацыі. Формы і метады правядзення ўрокаў фізічнай культуры і здароўя вызначаюцца настаўнікам пры распрацоўцы дакументаў планавання зместу вучэбнага матэрыялу. 4. Мэтай вывучэння вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» з’яўляецца фарміраванне фізічнай культуры асобы і аздараўленне вучняў з улікам іх узростава-палавых асаблівасцей. 5. Указаная мэта дасягаецца ў выніку фарміравання ў вучняў кампетэнцый у галіне фізкультурнай і спартыўнай дзейнасці, рашэння асобасна арыентаваных адукацыйных, выхаваўчых, аздараўленчых і прыкладных задач. Да адукацыйных задач вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» адносяцца засваенне і навучанне выкарыстанню на практыцы даступных на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі: фізкультурных ведаў, неабходных для бяспечных арганізаваных і самастойных заняткаў; рухальных уменняў і навыкаў, спосабаў дзейнасці, якія складаюць змест вывучаемых відаў спорту; духоўных каштоўнасцей алімпізму і алімпійскага руху як культурных гуманістычных феноменаў сучаснасці; Выхаваўчай задачай вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» з’яўляецца садзейнічанне станаўленню і развіццю: адносін да ўласнага здароўя і здароўя іншых як да каштоўнасці; станоўчых рыс характару, такіх як дысцыплінаваныя паводзіны, добразычлівае стаўленне да таварышаў, калектывізм, сумленнасць, спагадлівасць, смеласць, настойлівасць у дасягненні мэты; гарманічнага спалучэння маральных, фізічных і інтэлектуальных якасцей асобы. Аздараўленчымі задачамі вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» з’яўляюцца: прывіццё навыкаў здаровага ладу жыцця; павышэнне разумовай працаздольнасці; прафілактыка стрэсавых станаў і захворванняў сродкамі фізічнай культуры; садзейнічанне ўмацаванню здароўя вучняў, фарміраванне правільнай паставы, прафілактыка міяпіі і плоскаступнёвасці. Да прыкладных задач вучэбнага прадмета, якія забяспечваюць паспяховую сацыяльную адаптацыю і бяспеку жыццядзейнасці вучняў, адносяцца: навучанне ўменням і навыкам супрацоўніцтва з аднагодкамі ў працэсе фізкультурнай і спартыўнай дзейнасці; засваенне ведаў, уменняў і навыкаў, неабходных для бяспекі падчас самастойных фізкультурных заняткаў; фарміраванне ведаў, уменняў і навыкаў па бяспецы жыццядзейнасці ў экалагічна неспрыяльных умовах (для тых, хто пражывае на тэрыторыі радыёактыўнага забруджвання ва ўмовах уздзеяння наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС)). 6. Пры асваенні зместу вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» (далей – вучэбная праграма) вучні набываюць кампетэнцыі, якія маюць сацыяльную і асабістую значнасць. Асобасныя і прадметныя кампетэнцыі вучняў, якія заканчваюць IX клас установы агульнай сярэдняй адукацыі, канкрэтызаваны ў чатырох напрамках: вучні павінны ведаць і разумець; вучні павінны ведаць і выконваць; вучні павінны ведаць і ўмець; вучні павінны ўмець выкарыстоўваць набытыя кампетэнцыі ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці. Змест асобасных і прадметных кампетэнцый сфармуляваны ў асноўных патрабаваннях да вучняў, якія заканчваюць навучанне ў IX класе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. 7. Змест вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» неабходна дыферэнцыраваць у залежнасці ад асаблівасцей стану здароўя вучняў. Пры правядзенні ўрока фізічнай культуры і здароўя для вучняў асноўнай і падрыхтоўчай медыцынскіх груп дазіраванне фізічнай нагрузкі вызначаецца з улікам частаты сардэчных скарачэнняў (далей – ЧСС). Сярэднія ўзроставыя паказчыкі ЧСС у спакоі складаюць: для вучняў 10 гадоў – 89 уд/мін, 11–12 гадоў – 85 уд/мін, 13–14 гадоў – 87 уд/мін, 15–16 гадоў – 81 уд/мін.1 ______________________________ 1 Солодков, А. С. Физиология человека. Общая. Спортивная. Возрастная : учеб. / А. С. Солодков, Е. Б. Сологуб. – 3-е изд., испр. и доп. – М. : Советский спорт, 2008. – 620 с. Для вызначэння інтэнсіўнасці фізічнай нагрузкі па ЧСС выкарыстоўваюцца тры паказчыкі: парогавая (найменшая), сярэдняя і пікавая (найбольшая) ЧСС, адпаведна вызначаныя як 60, 70, 80 % ад максімальнай ЧСС, што адпавядае аэробнай нагрузцы.2 Максімальная ЧСС разлічваецца па формуле: ЧССмакс = 200 уд/мін – узрост. ______________________________ 2 Спортивная физиология : учеб. для ин-тов физ. культуры / под ред. Я. М. Коца. – М. : Физкультура и спорт, 1986. – 240 с. Парогавая ЧСС (60 % ад ЧССмакс) – гэта найменшая ЧСС (інтэнсіўнасць нагрузкі), ніжэй за якую не ўзнікае эфекту ад уздзеяння фізічнай нагрузкі. Сярэдняя ЧСС (70 % ад ЧССмакс) – гэта ЧСС, якая адпавядае сярэдняй інтэнсіўнасці нагрузкі асобнага ўрока. Пікавая ЧСС (80 % ад ЧССмакс) – гэта найбольшая ЧСС (інтэнсіўнасць нагрузкі), якая можа быць дасягнута, але не павінна быць перавышана падчас асобнага ўрока. Рэкамендуецца ў пачатку навучальнага года выкарыстоўваць на ўроках фізічныя нагрузкі мінімальнай і сярэдняй інтэнсіўнасці з паступовым павышэннем і пераходам да сярэдняй і максімальнай інтэнсіўнасці ў сярэдзіне і да канца навучальнага года. 8. Для эфектыўнага нарміравання фізічнай нагрузкі і кіравання ўрокам фізічнай культуры і здароўя неабходны комплексны медыка-педагагічны кантроль, на падставе якога ацэньваецца эфект нагрузкі і функцыянальны стан арганізма вучняў. Выкарыстоўваюць наступныя віды кантролю: аператыўны, бягучы і этапны. Аператыўны кантроль прызначаны для рэгістрацыі аднаго практыкавання, серыі практыкаванняў і ўрока ў цэлым, а таксама функцыянальных змяненняў арганізма. Аналіз вынікаў кантролю заснаваны на ацэньванні залежнасці тыпу «доза – эфект», дзе дозай з’яўляецца велічыня і час нагрузкі, а эфектам – ступень выяўленасці і накіраванасць функцыянальных зрухаў. Бягучы кантроль прадугледжвае рэгістрацыю фізічных нагрузак і іх уплыў на арганізм на працягу некалькіх урокаў (5–10). Этапны кантроль фізічнай нагрузкі заключаецца ў рэгістрацыі яе параметраў і іх аналізе на працягу некалькіх месяцаў і нават усяго навучальнага года. Аб’ём і інтэнсіўнасць выкананай вучнямі падрыхтоўчай медыцынскай групы фізічнай нагрузкі абмяжоўваюцца зніжаным функцыянальным станам кардыярэспіраторнай сістэмы ў параўнанні з асобамі асноўнай медыцынскай групы. Для вучняў паказанай медыцынскай групы дазіраванне фізічнай нагрузкі праводзіцца з улікам ЧСС. Пры неабходнасці дадаткова вызначаецца функцыянальны стан арганізма шляхам правядзення пробы з 20 прысяданнямі ў пачатку кожнай чвэрці і штомесячна – для карэкцыі параметраў фізічнай нагрузкі згодна дадатку 1. Для правядзення пробы рэкамендуецца выкарыстоўваць групавы метад арганізацыі ўрока. Для зніжэння аб’ёму і інтэнсіўнасці фізічнай нагрузкі на ўроках фізічнай культуры і здароўя абмяжоўваюцца трэніровачныя практыкаванні на хуткасць, максімальную вышыню выскоквання і далёкасць скачкоў, вага снарадаў для кідання. Абмежаванні па аб’ёме і інтэнсіўнасці фізічнай нагрузкі вучнямі падрыхтоўчай медыцынскай групы прадстаўлены ў змесце вучэбнага матэрыялу. 9. Вынікі вучэбнай дзейнасці вучняў і ступень засваення зместу вучэбнай праграмы ацэньваюцца па крытэрыях: узровень развіцця рухальных здольнасцей вучняў; вучэбныя нарматывы па засваенні уменняў, навыкаў, развіцці рухальных здольнасцей вучняў. Умовы выканання тэставых практыкаванняў для ацэнкі ўзроўню развіцця рухальных якасцей вучняў выкладзены згодна дадатку 2. Вучэбная праграма змяшчае вучэбны матэрыял па спартыўных гульнях (баскетбол, валейбол, гандбол, футбол), які рэкамендаваны для вывучэння ў аб’ёме 35 гадзін на вучэбных занятках «Гадзіна здароўя і спорту», згодна дадатку 3. ГЛАВА 2 ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА РАЗМЕРКАВАННЕ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛУ Прыкладнае размеркаванне вучэбнага матэрыялу па кампанентах, раздзелах і тэмах з указаннем колькасці гадзін на іх вывучэнне прадстаўлена ў табліцы 1. Вучэбныя заняткі па лёгкай атлетыцы – кросавай падрыхтоўцы ва ўмовах бясснежнай зімы праводзяцца замест лыжных гонак. Лыжныя гонкі пры адсутнасці снегу замяняюцца вучэбным матэрыялам іншых тэм. Вучэбныя заняткі па плаванні арганізуюцца пры наяўнасці ўмоў і магчымасцей для іх правядзення. Дамашнія заданні колькасцю гадзін не рэгламентуюцца. Табліца 1 Прыкладнае размеркаванне вучэбнага матэрыялу
ІНВАРЫЯНТНЫ КАМПАНЕНТ АСНОВЫ ФІЗКУЛЬТУРНЫХ ВЕДАЎ Забеспячэнне бяспекі заняткаў. Папярэджанне магчымага траўматызму ў спартыўных залах, басейнах і на адкрытых пляцоўках. Падрыхтоўка месцаў для бяспечных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі. Страхоўка, узаемадапамога пры выкананні фізічных практыкаванняў. Правілы паводзін у час масавых спартыўных і відовішчных мерапрыемстваў. Гігіенічныя веды. Уплыў актыўнага рухальнага рэжыму на дынаміку разумовай працаздольнасці вучняў. Прафілактыка прастудных захворванняў. Віды і спосабы загартоўвання. Здаровы лад жыцця. Паняцці гіпадынаміі, гіпердынаміі, аптымальнай рухальнай актыўнасці. Спосабы папярэджання і пераадолення шкодных звычак. Індывідуальны рухальны рэжым вучняў у розныя перыяды года. Правілы самастойных заняткаў, самакантроль. Дзённік самакантролю вучня. Ацэнка і аналіз узроўню фізічнай падрыхтаванасці. Алімпізм і алімпійскі рух. Асноўныя каштоўнасці алімпізму, абвешчаныя ў Алімпійскай хартыі. Уклад беларускіх алімпійцаў у прапаганду ідэалаў алімпізму і здаровага ладу жыцця падрастаючага пакалення. Умовы выдачы нагруднага значка Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. АСНОВЫ ВІДАЎ СПОРТУ ЛЁГКАЯ АТЛЕТЫКА Тэарэтычныя звесткі Правілы бяспечных паводзін на ўроках лёгкай атлетыкі. Правілы абыходжання са спартыўным інвентаром і абсталяваннем. Паняцце спартыўнай класіфікацыі Рэспублікі Беларусь. Рэкорды свету, Еўропы, Рэспублікі Беларусь, рэгіёна, школы ў відах лёгкай атлетыкі, якія ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў. Лепшыя спартсмены краіны, рэгіёна, школы і іх дасягненні. Практычны матэрыял Хадзьба. Паскораным крокам; скандынаўская хадзьба. Бег. З высокага старту 30, 60 м з максімальнай хуткасцю на вынік*; эстафетны бег; чаўночны бег 4 x 9 м; бег на час 2, 4, 6 мін з зададзенай хуткасцю. Скачкі з месца. Трайны і пяцярны скачок; уверх штуршком дзвюма нагамі; тое ж з падцягваннем каленяў на месцы і з рухам наперад; з нагі на нагу з рухам наперад. Скачкі праз кароткую скакалку. Скачкі з разбегу. У даўжыню сагнуўшы ногі*; у вышыню спосабам «пераступанне»*. Кіданне. Кіданне мяча 150 г з месца і з разбегу па калідоры 10 м на далёкасць* і на зададзеную адлегласць; тэніснага мяча з месца і з двух-трох крокаў разбегу на зададзеную і максімальную далёкасць адскоку ад сцяны, у гарызантальную і вертыкальную цэль (гімнастычны абруч) з адлегласці 15–18 м. |